Янка Купала
За што?
I
Ой, мае вы песьні,
Песьні-весялушкі!
Будзьце мне слухмяны
Вы, мае пяюшкі.
Ці я сам у полі,
Ці я дзе зь людзямі:
Цяжка мне, нялёгка,
Калі я ня з вамі.
Мусіць, я памёр бы,
Каб мне вас ня стала;
Мусіць, паваліўся б,
Як бярно-павала.
Дык жа будзем жыці
Разам днём ці ночай,
Пакуль сэрца б'ецца,
Пакуль плачуць вочы!
Гаварыце, думкі,
Пакуль сонца ходзе,
Аб маёй старонцы,
Аб маім народзе.
Хай нясецца жальба
Там, гэй, на прывольле
Аб той нашай крыўдзе,
Аб той горкай долі!
Можа, хто пачуе
Розгалас прастачы,
Ўстане і прагляне,
Ўсю няпраўду ўбача.
II
У адным куточку
Беларусі нашай
Пры узгорку лесу,
Пры лагчынцы пашы,
Між кустоў, спрадлетаў
На пустым дзірване,
Пасяліўся Юрка,
Дзягель па празваньню.
Туга йдзе спачатку
На такім загоне:
Ані тых будынкаў,
Ні ўзараных гоняў.
I наш Дзягель часта
Са сваёй сям'ёю
Зьліўся, як за грошы,
Потам ды сьлязою.
Год за годам сходзіць.
Бачаць гаспадары:
Юрка арэ, сее,
Цярэбіць гушчары;
Чынш двару заплаціць
Талакой, грашыма
I жыве так, як бы
Ў Бога за плячыма.
Зацьвілі загоны
Усялякім збожжам;
Як палацам, хатай
Пахваліцца можа.
Эй, бо што мужыцка
Праца не падоле?
Дзірваны ў сад зьменіць,
А горы — на поле!
III
Сорак год так Дзягель
Жыў ня ў кепскім стане,
Пакуль пан стары жыў
I старая пані.
Але, як той кажа,
Ўсё у нас ня вечна:
Годзе Юрку жыці
З хлебам ды бясьпечна!
Новы пан прыехаў
I зьмяніў парадкі:
Прыказалі Юрку
Выбірацца з хаткі.
А ці ж лёгка гэта?
Дый хто з вас ня знае,
Як наш брат к зямельцы
Быццам прырастае.
Зь дзеда і на ўнука
Гэта пераходзіць,
Хаця тое поле
Родзіць ці ня родзіць.
Бедны Юрка, бедны!
Зьвяў, як бы націна.
Шкода столькі працы,
Страшна цяганіна!
I пайшоў ён рады
Па судах шукаці;
I прапаў спакой зь ёй,
Прапала багацьце.
IV
Год, другі праходзіць,
Суд ідзе па судзе;
Юрка ўсё бяднее,
Багацеюць людзі.
Дзе той спрыт падзеўся,
Дзе тое здароўе?
Ў хаце непарадкі,
Проста безгалоўе.
Тут жа суд апошні
I пастанаўленьне:
Заплаціць расходы —
I на высяленьне!
А было ўжо лета
На зямлі шырокай;
Сёмуха мінула,
Пётра недалека;
Дабрыцо красуе,
Траўка зелянее.
Юрка кіне вокам —
Так і абамлее:
Ўся яго работа
Каля маткі-нівы
Пойдзе, як у процьму,
Марна, нешчасьліва.
Дарма ён і к пану,
I к усякім членам —
Б'е паклон нізенькі
І гэтым, і гэным.
Станавы прыехаў
Выкідаць астаткі
Зь яго роднай ніўкі,
Зь яго роднай хаткі…
V
Спета Юркі песьня,
Ўсё пайшло па сьвеце.
Жонка у пясочку,
Людзям служаць дзеці.
Сам ужо да працы
Стар і слабаваты,
З торбамі папхнуўся
Ад хаты да хаты.
Пусткаю зірнула
У яго прысельлі:
Ні плужок, ні збожжа
Вока не вяселяць.
Зноў зрастаюць гоні
Лазіною дзікай,
Зайцаў там ды соваў
Толькі чутны клікі.
Так зьвярцелась прахам
Доля чалавека,
Так усё ідзе ў нас
Ад века да века.
Можа, хто ня верыць
Гэтай песьні сьлёзаў?
Дык паслухай толькі
Гоману бярозаў;
Што крыжы гавораць
Пры пуціне кажнай,
Ды званы на вежы,
Што гудзяць так важна;
А яны раскажуць
Аб маёй старонцы,
На якую глянуць
Страшна нават сонцу…