Валерый Гапееў
Націснуць "энтэр"
Лістападаўскі пятнічны вечар — які час можа абяцаць больш спакою, няспешнай работы за камп'ютарам, цішыні? Жонка не нагадвае пра гадзіннік, не ўздыхае, калі бачыць, што пасля васьмі гадзін я гатую сабе кубак кавы — заўтра выхадны, можна пасядзець да позняга. Адзінае, што я не вельмі люблю ў такія вечары, — тэлефанаванні. Заўсёды напружваюць: у гэтых званках прадбачыш пагрозу заўтрашняму дню, а значыць, і сённяшняму вечару.
Была якраз пятніца, апошні тыдзень лістапада, калі золкая сырасць вуліцы робіць цёплы і сухі пакой невыказна ўтульным і родным. Мінула гадзіны дзве, як вярнуўся з працы, жонка сама прыгатавала мне кавы. Вольны час, калі займаешся тым, што табе любасна, ляціць ластаўкай, ужо блізка да поўначы… І тут — званок на хатні тэлефон.
— Цябе, — жонка са здзіўленнем на твары прынесла мне трубку. — Нейкі мужчына, выбачаецца вельмі…
Напружаны, усхваляваны голас я не пазнаў адразу, давялося суразмоўцу называцца.
— Гэта я, Аркадзь. Помніш?
— Помню, — і сапраўды ўспомніў я: у мяне быў толькі адзін знаёмы з такім нячастым для майго асяродку імем.
Мы пазнаёміліся ў Сеціве, на спецыялізаваным форуме вэб-майстроў. Я шукаў там адказы на свае тысячу і адно пытанне, калі сабраўся стварыць асабісты сайт. Тады Аркадзь мне дапамог, прычым не толькі парадамі — нешта ён за мяне і сам зрабіў. Аркадзь у стварэнні сайтаў — дока, ведае некалькі моў праграмавання. Сеціва для яго — месца работы і заробку. У рэале мы з ім сустрэліся гады два таму, на дні нараджэння форума. Трыццаць тры гады, хударлявы, бялявы, з вялікімі залысінамі. У параўнанні з форумам, дзе яго ведалі як вострага на язык, цікавага і дасціпнага суразмоўцу, да таго ж — прафесіянала-"кодара", у рэале ён быў не проста сціплы — па-дзіцячаму бездапаможны, губляўся ад простага звароту да яго якой жанчыны.
Званок выклікаў больш чым здзіўленне — неўразуменне. І адначасова, чаго тут таіцца, раздражненне. З Аркадзем у Сеціве мы перасякаліся тры разы на тыдзень, што за патрэба такая гарачая — званіць? І калі ўжо звоніць, ды яшчэ з такім усхваляваным голасам — значыць, у чалавека праблемы. А ў цябе запланаваны ціхі і спакойны вечар. Ну, каму хочацца ў сваё адгароджанае ад чужых вачэй і праблем жытло пускаць нечыя ліпучыя турботы? Але ж выхаванасць патрабуе ахвяр…
— Разумееш, стары… — пачаў вінавата Аркадзь, — пісаць гэта доўга. А я развучыўся нармальныя літары пісаць. Мне гэта трэба расказаць. Каб ты пачуў. Каб зразумеў. І каб падказаў.
— Слухай, — адказаў я, — ты ж сам некалі казаў, што парада збоку ў асабістым жыцці — нулёвая. Форум успомні — колькі падобных тэм было і якія там парады гучаць. Не можа чалавек нічога параіць, калі сам не апынецца ў такой скуры.
— Я ведаю, — уздыхнуў Аркадзь. — Ты выбачай… Разумею, каму трэба на ноч чужыя праблемы? Але паслухай толькі… ну, звары каву ці выйдзі там папаліць — і паслухай. Толькі не перабівай, добра? А то я саб'юся… згублю думку. У мяне ў галаве… не ведаю, што такое. Мяцеліца. З усіх бакоў. Холадна ў галаве. Пуста. Толькі мяце… Ёсць такі эфект… Калі расказваеш падрабязна пра сваю невырашальную задачку іншаму, то… можна нечакана самому знайсці рашэнне. Паслухай, га?
— Ну, давай, расказвай, — уздыхнуў непрыхавана я. — Аркадзь усё разумее, чаго тут прыкідвацца ватоўкай, гатовай для чужых сопляў? — Запаліў, слухаю…
— Ну, дзякуй… Я паспрабую хутка. Дык вось… у мінулую нядзелю на форуме счапіліся ў тэме пра веру, нешта апошнім часам зацікавіла мяне гісторыя рэлігіі. Давялося пісаць вялікія адказы, устаўляць безліч цытат… А тут жонка стаіць над душой: сабака на дачы галодны, навошта было заводзіць скаціну, каб пакутавала… І пастрыгчыся даўно трэба, зарос зусім. Ну, я адказаў на форуме, пераапрануўся хутка, пакет з сабачай ежай у рукі, зірнуў на мабільнік: 14.10, цырульня да 15.00, хопіць часу якраз.
Дача наша блізка зусім, два прыпынкі пад'ехаць. Не дача, стары дом цесця.
На вуліцы было добра — нечакана сонечна, крышку марозна. Нават паліць не вельмі хацелася, паветра такое чыстае, нібы праз фільтр прапушчанае.
Але звычка паліць на хаду пераадолела. Запаліў. Ішоў і думаў… Пра што думаў? Ды пра рознае. Больш пра тое, што я адказаў апаненту. Прыкідваў, чым ён можа запярэчыць.
У цырульні чакаў толькі адзін хлопец. На маё пытанне, ці апошні, ён згодна кіўнуў.
Прысеў, паставіў ля ног пакет. І здрыгануўся. Зірнуў унутр пакета. Сцяўся увесь, аж сэрца, здалося, прыпынілася.
Вось я пра што… Ведаю, такое было ў халасцяцкім вопыце. На раніцу пасля п'янкі ты прачынаешся і пакутліва ўспамінаеш… асцярожна аглядаеш незнаёмую столь… чужыя сцены… нюхаеш коўдру. Гэты пах высвятляе нейкі эпізод ва ўчарашнім. Апускаеш погляд на падлогу. Атрутны жоўта-зялёны кілім выцягвае з памяці яшчэ адзін эпізод. За гэтымі двума, як пазлы, успыхваюць у прытомнасці іншыя моманты.
Але гэта калі прачнуўся. Гэта калі ўчора піў як не ў сябе. Але я ўчора не піў. Сёння — не піў. Чаму ж тады я не разумею: што робіць у мяне ў руках гэты пакет з сабачай ежай?
Мая свядомасць адчайна перабірала па хвілінах падзеі сённяшняга дня, спрабуючы хоць неяк звязаць гэты пакет са мной — і не знаходзіла.
Папярэдзіў хлопца, што я іду паліць, выйшаў. Цыгарэтны дым супакоіў, як укол у вену баралгіна здымаў калісьці боль у нырках, калі ў мяне там пачаў быў варушыцца каменьчык.
Павер: успомніў усю раніцу, да кожнай хвіліны. І ні ў адной хвіліне не было гэтага чортавага пакета. Ты зразумеў? Я прыйшоў у цырульню з пакетам, які, не магу успомніць, як патрапіў у мае рукі і, галоўнае, — навошта ён мне?!
Падняўся наверх. Пачакаў. Вызваліўся майстар. Я пайшоў, пакінуў сіне-чырвоны пакет побач з крэслам.
Мяне пастрыглі, я расплаціўся.
— Ну вось, якраз і зачыняемся. Вы ў нас апошні кліент сёння, — з палёгкай уздыхнула майстар і зірнула на гадзіннік на сцяне.
Я механічна зірнуў услед. Было 15.01.
Накінуў куртку. І падумаў, што бедны сабака дагэтуль застаецца галодным. Гэта не было ні выбліскам азарэння, ні пробліскам памяці ці яшчэ чымсьці выбухным. Проста і спакойна ў маю памяць зайшлі, заехалі, уплылі дача і сабака. Я павінен быў патрапіць на дачу і пакарміць сабаку. Нашага Марсіка.
Чаму я не зрабіў гэтага па дарозе ў цырульню? Я не помніў.
Без аніякіх больш правалаў памяці я пакарміў сабаку, прыйшоў дадому, сеў за камп'ютар.
Тое, з-за чаго я паўгадзіны назад атрымаў сапраўдны шок, амаль уляглося. З кім не бывае… Старэю?
Ці перапрацаваўся за тыдзень?
Адкрыў форум — ёсць адказ на той мой даўжэзны пост: "Хачу Вам заўважыць, што Ваша адсылка мяне да Іова (14.10), не зусім карэктная…".
Нешта насцярожыла мяне. Менавіта тут.
Раздзел 14 верш 10 Кнігі Іова і ў мяне, і майго апанента былі запісаны як… час.
Шэрыя лічбы —14.10 — былі на маім мабільніку, калі я зірнуў на яго, выходзячы з кватэры.
Жывот непрыемна сцягнуўся, як быццам там, унутры, утварыўся вакуум.
Я перачытаў сваё паведамленне, зрэшты, ужо ўпэўнены, што там у самым канцы стаіць яшчэ адна лічба: "Спадзяюся, мой адказ не быў абразлівы для Вас, бо "кароткі адказ адводзіць гнеў" (Прытчы, 15.01)".
У цырульні ў гэты час — у 15.01 — я ўспомніў пра сабаку.
Падняўся, пайшоў на кухню, сыпануў у кававарку дзве лыжкі кавы, заліў кубак вады. Шмаргануў раму акна, адчыніў і запаліў прама тут, дзе мне паліць было забаронена даўно…
Жонка з'явілася імгненна, з парога гатовая раскрычацца, але нешта на маім твары яе спыніла.
— Не палі доўга, з акна цягне ў спіну, — толькі і сказала яна.
Потым я сеў за стол, напісаў на лістку, што ў мяне ёсць сабака на дачы. Сабаку клічуць Марсік. Паклаў лісток перад сабою. Скапіраваў свой адказ з набору лічбаў і літар на форуме і ўставіў яго ў новую форму адказу.
Было 16.29. Змяніў лічбы: 14.10 на 16.29, а 15.10 на 16.31.
Адправіў адказ. Калі на маніторы стала 16.30, пачытаў той лісток, дзе сам напісаў пра сабаку і дачу.
Сказ: "У мяне ёсць дача, і сабака Марсік яе вартуе" гучаў амаль гэтак жа, калі б было напісана: "У мяне ёсць віла на Чорным моры, якую вартуе дыназаўр".
Я дапісаў унізе на гэтым жа лістку: "16.30. Фраза гучыць недарэчна. У мяне няма дачы".
Мінула яшчэ хвіліна. Перачытаў запісы на лістку. І зразумеў, што гэта ўсё на самай справе. Гэта не здаецца. І неяк супакоіўся адразу, таму што стала цікава. Ну, трохі ўзбуджала, але дамінуючым пачуццём было адно: жаданне разабрацца, у чым тут справа, паэксперыментаваць яшчэ.
Пра што я падумаў? Вядома ж, любы набраны тэкст на экране пры націсканні "энтэр" ператвараецца ў набор імпульсаў. Які бяжыць па правадах — далей, у тэлефонную разетку. Супала, што менавіта такая паслядоўнасць выключае, блакіруе, зацямняе частку маёй памяці. Што там з лічбамі часу? Напэўна, іх фіксацыя адбываецца на падсвядомым узроўні…
Ты ж ведаеш, я праграміст. А для праграміста разабрацца ў кодзе — што дзіцяці новую машынку разабраць і даведацца: чаму яна едзе?
Праседзеў рэшту дня і вечара, жонка мяне не чапала. Доўга мучыўся, ужо хацеў было кінуць. Як я толькі не запісваў той свой адказ, заціснуты ў лічбы часу! І ў дваічным кодзе, і ў васьмірычным, і ў розных кадзіроўках…
І ў панядзелак, калі надаралася вольная хвіліна, усё вывучаў бясконцы радок лічбаў, і ў аўторак…
Гэта толькі кажуць, што выпадак дапамагае. На самой жа справе, у хвіліны адчайных пошукаў ты звяртаеш увагу на ўсё, што можа хоць нечым падказаць, падштурхнуць. Шукаеш аналогіі. Або проста ўключаеш Гугль.
Узяў вось такія лічбы са знакамі: 52.711118, паставіў у пошук. І раптам бачу падказку: "Паказаць на Картах Gооglе".
Знайшоў яшчэ лічбы, падобныя. Уставіў. Паглядзеў карту. Гэта былі каардынаты маёй дачы.
Карацей, атрымалася, што нічога складанага няма. Усё элементарна. Набор знакаў. Незразумелы яшчэ цалкам, але цалкам яго і не зразумець. Галоўнае: тут ёсць дакладны час і каардынаты месца. Калі гэты набор пераўтвараецца ў імпульсы, адбываецца блакіроўка ў памяці таго месца, якое пазначана ў каардынатах на пэўны тэрмін. Кажу ж, усё проста.
А ў сераду здарылася сварка з жонкай. Істэрычная сварка. І з-за чаго? Я ўсяго толькі здзіўлена пацікавіўся, чаму на юбілей школы, які будзе ў суботу, яна едзе ўжо заўтра… Я за ўсе дзесяць гадоў сумеснага жыцця не чуў пра сябе такога. І не падазраваў аб некаторых сваіх здольнасцях… Увогуле я даведаўся, што я зламаў ёй жыццё. Чалавек мог бы быць шчаслівым, калі б не сустрэча са мной. Мы і раней сварыліся, але тут… Я зразумеў, што жонка кажа праўду. Што кахання няма і не было ніколі. Што і папраўдзе яна тады сустрэлася са мной толькі таму, што пасварылася са сваім сапраўды каханым. Якога не забывала ўсе гэтыя гады. І ён яе помніў. І яны сустракаліся штогод, гэта дакладна — на сустрэчы аднакласнікаў. Можа, і часцей… ды гэта няважна цяпер.
Пра развод яна нічога не казала. У нас расце Насцечка. І жонка разумее, бачыць, як у свае дзесяць гадоў Насцечка мяне любіць. Як і я яе…
Ты не думай, я не скарджуся. Неяк і болю няма. Неўразуменне… Чаму я зламаў ёй жыццё? Я жыў дзеля яе. Потым — дзеля яе і Насцечкі. І праграмаваннем заняўся, каб дома працаваць і атрымліваць, як на двух работах не зараблю. Маленькі куточак у пакоі — маё рабочае месца дома. А калі я дома, то Валюшка пяць апошніх гадоў і посуд не мыла. Рабіў рухавічок для сайта рэстарана, дык зацікавіўся рэцэптамі… Я такія вячэры навучыўся гатаваць… А дробязі кшталту закідвання бялізны ў пральную машыну, дык гэта іду паліць — кіну ды пайшоў… Маўчу пра пыласос і прас. І вось, аказваецца, калі хочаш зламаць жыццё жанчыны — жыві дзеля яе.
Учора Валянціна паехала. Мы ні аб чым не размаўлялі больш. А што тут казаць? Усё высветлена…
Сёння Насцечка спампавала сабе на ноўт дапаможнік па маляванні і старанна засвойвала першыя ўрокі — простым алоўкам спрабавала маляваць тулавы людзей у розных позах. Язычок высоўвала ад напружання і старання…
Я адкрыў формулу, ужо звыкла "выключыў" дачу на 15 хвілін, зрабіў запіс на лістку. І тут падумаў, што няблага не проста самому пачытаць, а яшчэ пачуць збоку пра існуючы факт, які часова "вылецеў з галавы". Раптам абудзіцца памяць?
— Насцечка, як клічуць нашага сабаку на дачы? — зайшоў я ў пакой да дачкі.
— Тата, вы будзеце купляць дачу? Ура! — падскочыла Насцечка. — Мы завядзём там сабаку! А можна, я сама назаву яго… назаву яго Марсам!?
— Марсікам… — разгублена прамармытаў я. — Так, у нас будзе дача… хутка.
Потым прыцягнуў з шафы нашы фотаальбомы. Не было ў іх фатаграфій Насцечкі, маленькай Насцечкі, якая сядзела пад яблынямі ў зялёнай траве, аздобленай жоўтымі зоркамі дзьмухаўцоў. Не з маёй памяці "выключылася" дача. Дача "выключылася" з жыцця. Цалкам. З рэальнасці. Потым яна "ўключылася". І Насцечка ўспомніла пра сабаку. І фотакарткі знайшліся.
Я пераправерыў гэта разоў пяць — як знікалі адны здымкі і з'яўляліся новыя… Я разлічыў каардынаты і "выключыў" на адну хвіліну адзін дзень з нашага адпачынку на моры — і зніклі фотакарткі Насцечкі і Валюшкі на фоне Ластаўчынага гнязда ў Крыме…
Цяпер позні вечар. Насцечка спіць.
Я знайшоў на карце Гугла то самае месца, дзе мы сустрэліся з жонкай дзесяць гадоў таму. Рэдкі выпадак, калі я запомніў дату і дакладна помню час — да пачатку сеанса ў кінатэатры заставалася восем хвілін.
Код ужо набраны, засталося толькі націснуць "энтэр".
Выпраўлю памылку. Усяго толькі ў той далёкі дзень у маім жыцці не будзе гэтага кінатэатра — і мы не сустрэнемся.
І адным шчаслівым чалавекам на зямлі стане больш. Не, нават двума. Калі мы не сустрэнемся з Валюшкай, значыць, яна памірыцца са сваім…
Мусіць, я таксама буду шчаслівым, ва ўсякім разе, не буду ведаць, што дзесяць гадоў труціў жыццё жанчыне, якую лічыў сваёй каханай. Ці, можа, і кахаў, хто ведае…
Кававарка даўно зварыла мне каву, я палю ўжо пятую ці шостую цыгарэту на кухні.
Ты думаеш, я нечага баюся? Так, я ведаю, што націсну — і маё жыццё незваротна зменіцца. Я магу апынуцца зусім у іншым месцы, стаць іншым чалавекам, у мяне з'явіцца іншае мінулае. І я не ўспомню гэтага сучаснага. Бо я "выключаю" той вечар з дзесяцігадовай даўніны не на пяць хвілін — я "выключаю" яго ўвогуле. Проста не стаўлю лічбу часу ў канцы. Не, сябра, я не баюся. Я во цяпер падумаў… Калі я ўсё ж адважуся, раптам ты сустрэнеш мяне дзе-небудзь у заўтрашнім… ці знайдзі мяне спецыяльна — і раскажы…
Такі просты рух застаўся — усяго толькі пстрыкнуць адной кнопкай клавіятуры — "Еntеr". Не баюся я. Разумееш… Проста… Я зараз падняўся, пайшоў паглядзець, ці не спаўзла коўдра.
Там, у сваім пакоі, спіць, падклаўшы далоньку пад шчочку, мая Насцечка…