Тумаш Вiтаўт
Яўхім Карскі
Уводзіны
1 студзеня сёлета мінулі 100-я ўгодкі ад нараджэньня заснавальніка беларускае моваведы Яўхіма Карскага. Сёлета-ж, 29 красавіка, мінула й 30 гадоў ад ягонай сьмерці. 30 гадоў — часу ня мала, каб пробваць з гістарычнае ўжо пэрспэктывы зірнуць на вельмі плодную навуковую дзейнасьць Карскага, на ягоную багатую навуковую спадчыну дый усьведаміць сабе яе актуальнае навуковае значэньне.
Заданьне гэтае, аднак-жа, ня простае й ня лёгкае дзеля колькі прычынаў. Калі ходзіць аб жыцьцяпіс Яўхіма Карскага — дадзеныя да яго ўсё яшчэ вельмі скупыя. За галоўную крыніцу вестак і па сяньня застаецца нэкралёг, кароткі нарыс жыцьця й навуковае дзейнасьці Карскага, напісаны на аснове аўтабіяграфічных зацемак акадэмікам Б. М. Ляпуновым. Нэкралёг гэты памешчаны ў «Известия АН СССР, Отделение Общественных Наук», № 3, 1932 г.
Блізу нічога новага да біяграфіі Карскага ня прыносяць артыкулы аб ім, памешчаныя ў перавыдадзеным у 1955-56 гадох АН БССР 2-м томе Карскага «Беларусаў», а напісаныя В.І. Баркоўскім. Няшмат новага й у кароценькіх успамінах таго-ж Баркоўскага, дый ягонай жонкі, а Карскага дачкі, Н. Баркоўскай, што былі друкаваныя ў № 1 менскага часапісу «Полымя» 1961 году.
Калі-ж ходзе аб агляд навуковае спадчыны Яўхіма Карскага — тут паяўляюцца іншыя цяжкасьці. Найперш Карскі быў вучоным і надзвычайна працавітым, і пладавітым. Бібліяграфія ягоных працаў, артыкулаў, зацемак, рэцэнзыяў абыймае больш 800 пазыцыяў. А між імі ёсьць і больш дзесятка кнігаў, каля поўтысячы, ці нават і больш, бачынаў друку. Дык самыя вялікія памеры навуковае спадчыны Карскага заданьне яе агляду робяць ня лёгкім.
З другога боку, Яўхім Карскі па сваёй натуры й зацікаўленьнях быў вучоным, што не зачыняўся ў сваей спэцыяльнасьці, моваведзе, а выходзіў і за межы мовы ў сумежныя галіны фальклёру, этнаграфіі, літаратуры, палеаграфіі, а нават — і палітыкі. Пры тым, хоць праз усё жыцьцё галоўнае навуковае зацікаўленьне Карскага было накіраванае на беларусаведныя пытаньні, даў ён, усё-ж, і колькі важных дый арыгінальных працаў і ў галіне расейскае моваведы, літаратуры дый палеаграфіі, дый крануў і падобныя пытаньні польскія, украінскія дый паўдзённаславянскія.
Гэткая шматкірунковасьць зацікаўленьняў дзейнасьці Карскага накідала-б патрэбу падыходзіць да агляду ягонае навуковае працы з розных гледзішчаў: і як моваведа, і як этнографафальклёрысты, і як палеаграфа дый гісторыка літаратуры. Гэтак і пробвалі падыйсьці да агляду дзейнасьці Карскага беларускія аўтары ў Менску ў 1951 г., калі адзначалася 20-годзьдзе ад сьмерці Карскага. Тады паказаліся ў друку адпаведныя артыкулы М. Жыдовіча, Ю. Мацкевіча, В. Вольскага, М. Грынблята, В. Баркоўскага. Гэтыя артыкулы, публікаваныя ў Менску яшчэ ў пару строгае Сталінскае ізаляцыі нацыянальных культураў і навукі народаў Савецкае імпэрыі ня то што ад сувязяў, але й ад самога вока Захаду, засталіся ня ведамымі на Захадзе й па сяньня. Дзеля гэтага немагчыма нешта сказаць пра іх зьмест ды навуковую вартасьць.
Трэцяя перашкода ў дасьледаваньні навуковае спадчыны Карскага, гэта тое, што некаторыя вельмі важныя працы Карскага знайсьці на Захадзе або вельмі цяжка, або й наагул немагчыма, бо іх зусім нямашака.
Вось у выніку гэтых прычынаў, а таксама дзеля самое велічыні навуковае спадчыны Карскага дый яе размаітасьці, у рамах аднаго рэфэрату даводзіцца рабіць агляд яе толькі вельмі агульны, што заўсёды ёсьць адзіным выхадам, у выпадках, калі ў кароткім нарысе даводзіцца ахапіць гэткае шырокае й багатае поле навуковае дзейнасьці, як маем у выпадку Яўхіма Карскага, працаваць навукова якому жыцьцё выдзеліла ледзь не паўстагодзьдзя часу, бо цэлых 48 гадоў.
Жыцьцяпіс
Радзіўся Яўхім Карскі ў сям'і настаўніка пачатковае школы вёскі Лаша, Горадзенскага павету. Год ягонага нараджэньня ў біяграфічных даведках даецца як 1860 або 1861. Два розныя гады паўстаюць у залежнасьці ад каляндарнага стылю, паводле якога азначаецца дзень нараджэнытя Карскага. Па старым юльянскім каляндары радзіўся ён у 1860 годзе, 20 сьнежня. Па новым-жа дата нараджэньня прыпадае на 1 студзеня 1861 году.
Па нацыянальнасьці бацькі былі беларусамі, што відаць з пазьнейшай зацемкі самога Карскага пра тое, што ён «прыродны беларус». Гадаваўся Яўхім Карскі ў вельмі вялікай сям'і, у якой самых дзяцей было васьмёра. Пачатковую навуку атрымаў у Ятранскай народнай школе ў Наваградзкім павеце. Сярэднюю асьвету здабываў у Менскай духоўнай сэмінарыі, дзе вучыўся 10 гадоў, аж да яе сканчэньня ў 1881 годзе.
У тым-жа 1881 годзе Яўхім Карскі паступае на Нежынскі гістарычна-філялягічны Інстытут у Чарнігаўшчыне. Студыюе тамка філялёгію пад кіраўніцтвам славісты-моваведа прафэсара Р. Ф. Брандта. Канчае Інстытут вясною 1885 году й на 8 гадоў пераяжджае ў Вільно на пасаду настаўніка царкоўнаславянскае й расейскае мовы ў тамашняй гімназіі.
Першую крытычную зацемку Карскі друкаваў яшчэ ў 1889 г. будучы студэнтам. Першыя фальклёрныя запісы «Белорусские песни села Берёзовца Новогрудского уезда Минской губернии» публікуе ён у наступным годзе. А яшчэ за год, у 1885 годзе, друкуецца й ягоная першая арыгінальная навуковая праца «Обзор звуков и форм белорусской речи». Гэта кніжка значнага памеру, 170 бачынаў друку. У ей у завязцы тая тэма, над якою Карскі праз усё сваё жыцьцё працаваў, дый зь якое пазьней вырасьлі ягоныя манумэнтальныя «Беларусы». Зьвярнуць трэба ўвагу на факт, што ў часе публікацыі першае навуковае працы Карскаму было ўсяго 24 гады дый ён толькі канчаў свае вышэйшыя студыі. Сьветчыць гэта аб не малых здольнасьцях маладога вучонага, ягонай працавітасьці, дый таксама добрай філялягічнай школе прафэсара Брандта.
Пачатае навуковае працы Карскі не спыняе й у гады настаўніцтва ў віленскай гімназіі. У 1890 г. у «Русском филологическом вестнике» пачынае друкавацца праца Карскага «К истории звуков и форм белорусской речи». 17.9.1891 г. пры гістарычна-філялягічным факультэце Варшаўскага ўнівэрсытэту ён складае магістэрскі экзамін. На Варшаўскім унівэрсытэце тады былі лекці прафэсараў А.І. Сьмірнова (рэдактара РФВ), ПК. Ульянава, А. С. Будзіловіча (у Будзіловіча Карскі складаў экзаміны па сваёй спэцыяльнасьці), К. Я. Грота й І. Первольфа. Праз два гады 24.10.1893 г. на магістэрскім дыспуце абараняе свае дзьве вышэй успомненыя працы аб беларускай мове дый дастае навуковую ступень магістра ў галіне расейскай мовы й літаратуры.
У тым-жа годзе Карскі пераносіцца ў Варшаву для працы пры тамашнім унівэрсытэце, спачатку ў характары лектара, а ад 26.6.1894 г. экстраардынарным прафэсарам расейскай дый царкоўнаславянскай моваў і расейскай літаратуры, ад 1897 ардынарны прафэсар (пасьля дактарату).
Зразу-ж ён рыхтуе й сваю дакторскую дысэртацыю, таксама ў галіне беларускае мовы. Гэта праца значных памераў — 444 бачынаў друку — пад назовам «Западнорусские переводы псалтыри XV–XVI веков», Варшава 1896 г. Дактарат ён робіць пры Маскоўскім унівэрсытэце, на якім 9.11.1896 г. адбываецца дакторскі дыспут Карскага, у выніку якога 14.12.1896 г. яму прызнаецца навуковая ступень доктара.
І па закругленьні дактаратам свае вышэйшае асьветы Карскі ўвесь час працуе шмат навукова й пераважна ў галіне беларусаведы. Зімою, у часе ўнівэрсытэцкіх заняткаў, ён працуе над рукапісамі й старадрукамі па бібліятэках, або вывучае беларускія этнаграфічныя зборнікі й матар'ялы, летам жа звычайна выяжджае ў паасобныя мясцовасьці Беларусі для беспасярэдняга знаямленьня зь беларускаю народнаю мовай дый для запісваньня беларускай народнай творчасьці, звычаяў, абрадаў.
У гадох 1899–1900 яму даюцца навуковыя камандыроўкі ў Горадзенскую, Віленскую дый Менскую губэрніі для вывучэньня дыялектаў. У тым-жа годзе Карскага пасылаюць у Сэрбію, Баўгарыю, Турцыю для студыяў над рукапісамі й старадрукамі ў тамашніх бібліятэках. У 1903 г. з даручэньня Расейскага Імпэратарскага Геаграфічнага Таварыства, а на матар'яльную дапамогу віленскага генэрал-губэрнатара князя Сьвятаполк-Мірскага ў вышыні 500 рублёў, Карскі робе аб'езд усяе беларускае этнаграфічнае тэрыторыі для ўстанаўленьня велічыні дый межаў беларускага моўнага прастору й зьбіраньня моўнага й фальклёрнага матар'ялу. У гэтым-жа годзе выходзіць з друку першы том ягонай капітальнай працы «Беларусы» з этнаграфічнаю дый дыялектычнаю картамі Беларусі. Дваццаць гадоў часу Карскаму займае напісаньне й друкаваньне далейшых 6 кнігаў гэтае манумэнтальнае беларусаведнае манаграфіі, апошняя кніга якое выйшла з друку ў 1922 годзе.
З пачаткам 1905 году Карскі абыймае рэдактарства варшаўскага «Русского филологического вестника», часапісу, што сыграў важную ролю ў разьвіцьці расейскае моваведы, а адначасна не малую й у галіне моваведы беларускай. У гэтым часопісе Карскі друкуе шмат сваіх працаў аб беларускай мове, памяшчае ў ім дасланыя моваведныя беларускія матар'ялы, вядзе ў ім багаты аддзел рэцэнзыяў. «Русский филологический вестник» Карскі рэдагуе аж да часу спыненьня яго выхаду ў 1917 годзе. У 1905 годзе Карскага выбіраюць рэктарам Варшаўскага ўнівэрсытэту. На гэтым становішчы ён застаецца да 1910 году, калі сам рэктарства зракаецца.
У сувязі з ходам падзеяў I Сусьветнай Вайны ў 1915 годзе Карскі разам з Варшаўскім унівэрсытэтам эвакууецца з Варшавы да Растова на Доне, дзе чытае яшчэ ўнівэрсытэцкія лекцыі да вясны наступнага году. 8.X. 1916 г. у выніку рэкамэндацыяў Шахматава, Сабалеўскага, Перэца й Катлярэўскага Карскі быў выбраны ў акадэмікі Расейскае Імпэратарскае Акадэміі Навук. У сваей рэкамэндацыйнай запісцы Шахматаў называе Карскага «заснавальнікам беларускае моваведы й беларускае філялёгіі».
Навуковая дзейнасьць Карскага ў далейшых гадох, аж да ягонай сьмерці, даволі цесна зьвязаная з працаю ў Расейскай Акадэміі, перайменаваную пазьней на АН СССР, у якой ён працуе як сябра ўправы прэзыдыюму, дырэктарам музэю этнаграфіі й антрапалёгіі, старшынёю слоўнікавае камісіі дый камісіі па расейскай мове, рэдактарам «Известий Отделения Русского языка и Словесности АН СССР». Стае ён адначасна й прафэсарам Ленінградзкага ўнівэрсытэту, на якім выкладае да 1928 году.
У гадох 1917–1921 Карскі часта бывае ў Менску, а нават Вільні, дый мае беспасярэдні сутык зь беларускім культурна-нацыянальным жыцьцём і беларускімі палітычнымі правадырамі. З заломам царскага рэжыму ў 1917 годзе дый ажыўленьнем беларускае палітычна-нацыянальнае дзейнасьці ў сувязі з рыхтаваньнем да Ўсебеларускага Кангрэсу ў Менску, Карскі перапрацоўвае нанава сваю «Этнаграфічную карту беларускага племені». Быў Карскі ўдзельнікам і Ўсебеларускага Кангрэсу ў сьнежні 1917 году, на якім чытаў свае лекцыі пра этнаграфічна-моўны прастор Беларусі, яго межы, пра беларускую мову й літаратуру. Дэлегаты Ўсебеларускага Кангрэсу прызналі й ушанавалі навуковы беларусаведны аўтарытэт Яўхіма Карскага выбарам яго ў ганаровыя старшыні прэзыдыюму Кангрэсу. Палітычна на Кангрэсе ён хінуўся ў бок г. зв. абласьнікоў.
У гадох 1919–1920 Карскі друкуе ў беларускім перакладзе колькі дзесяткоў артыкулаў, пераважна з гісторыі беларускае літаратуры старое й новае, у менскіх беларускіх часапісах і газэтах «Беларусь», «Звон», «Рунь», «Вольны сьцяг». У верасьні 1919 году ў Вільні ён чытае слухачом беларускіх настаўніцкіх курсаў лекцыю пра беларускую мову, падчас якое трактуе яе як раўнапраўную іншым мовам, а не як дыялект, «нарэчча», у адваротнасьць таму, як пісаў ён звычайна ў сваіх публікацыях.
Выяўляе гэтым-жа часам Карскі й значную актыўнасьць у справе арганізаваньня ў Менску ўнівэрсытэту. Пра патрэбу ўнівэрсытэту ў Беларусі, якую царскі ўрад трымаў без аніводнае вышэйшае навуковае ўстановы ад паловы XIX ст., Карскі пісаў яшчэ ў маі 1916 году, калі быў у Растове на Доне, значыцца ў пару, калі сам апынуўся бяз катэдры Варшаўскага ўнівэрсытэту. Пра патрэбу ўнівэрсытэту тады ў прадмове да 1-ае кнігі III тому «Беларусаў» Карскі пісаў гэткімі словамі:
Выпускаючы ў сьвет гэты твор, аўтар у меру сваіх сілаў хацеў выявіць сваю пашану да шматпакутнай «Западной Русі», што заўсёды ў першую чаргу церпяліва пераносіць усе нягоды, што выпадалі на долю «русскага народу», але да гэтай пары па злой гіроніі лёсу, а магчыма ў выніку беднасьці й скромнасьці аснаўнога свайго жыхарства, не дастаўшай ніводнае вышэйшае культурна-прасьветнае ўстановы, якая магла-б заняцца ўсебаковым вывучэньнем гэтага забытага й закінутага краю. Якое багатае жніва знайшла-б гэта сабе ўнівэрсытэцкая навука!
Характэрна для тагачаснага палітычнага сьветапогляду Карскага, што ў гэтай заўвазе, хоць Карскі трактуе беларускі народ як частку «русскага народа» дый нават называе яе «Западной Русьсю», аднак-жа адказнымі за неіснаваньне ў Беларусі ніводнае «вышэйшае культурна-прасьветнае ўстановы» ўважае ён не знарочную волю расейскае царскае ўлады дый пануры «русскі народ», як было ў запраўднасьці, а нейкую містычную «злую гіронію лёсу» дый «беднасьць» жыхарства.
У 1918 годзе Карскі да справы ўнівэрсытэту вяртаецца ізноў. З даручэньня ўраду Беларускае Народнее Рэспублікі ён тады апрацоўвае праект статуту беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, які тады-ж быў апублікаваны ў «Вольнай Беларусі» разам з другім праектам унівэрсытэту, складзеным прафэсарам Мітрафанам Даўнар-Запольскім. Дый палітычныя падзеі не далі магчымасьцяў ані часу ўраду БНР праектаваны ўнівэрсытэт тады закласьці. На працягу пару год у Менску мяняюцца адна за другою ваенныя акупацыі. Летам 1918 г. Карскі ізноў у Петраградзе. 25.8.1918 г. у часапісе «Чырвоны Шлях» № 3–4 друкуецца ягоны артыкул «Беларусь. Берасьцейская мірная ўмова». Артыкул пачынаецца прыпіскаю «Запіскі старшыні Таварыства Абароны Беларусі». У спакайнейшыя месяцы Карскі чытае свой прыватны курс беларусаведы зацікаўленым. Апрацоўвае і публікуе «Што трэба зрабіць у галіне беларускае мовы й літаратуры». Гэтак было й у 1921 г., калі на пачатку ліпеня Беларускі Дзяржаўны Ўнівэрсытэт адкрываюць у канцы бальшавіцкія ўлады, што тымчасам патрапілі замацавацца на тых беларускіх землях, што пасьля Рыскае ўгоды адыйшлі да Савецкага Саюзу, а з часткі якіх чырвоная Масква выразала колькіпаветавую Беларускую CCR
Агульна было ведама ў Менску, што Карскі, як адзін з выдатнейшых тады навукоўцаў-беларусаведаў, уважаў, што пры закладзінах унівэрсытэту становішча рэктара будзе перададзена яму. Аднак-жа склалася гэтак, што Карскі не знайшоўся й сярод прафэсараў гэтага ўнівэрсытэту, не гаворачы аб рэктарстве. Рэктарам быў назначаны прафэсар Ул. Пічэта. Праўдападобна, галоўнай прычынай непакліканьня на рэктара новаарганізаванага Беларускага Дзяржаўнага Унівэрсытэту было тое, што вырашальныя партыйныя камуністычныя дзейнікі ўважалі Карскага палітычна непажаданым за ягоныя былыя правыя пагляды, хоць чарнасоценцам Карскі ніколі й ня быў. Карскі-ж сам за галоўных віноўнікаў свае няўдачы з рэктарствам палічыў той беларускі палітычна-нацыянальны актыў, які тады згуртаваўся ў Менску, а які Карскага ўважаў не без падставаў хоць і за беларуса, але чалавека «общерусской» ідэалёгіі, «западноруса».
Няўдача з рэктарствам моцна закранула амбіцыю Карскага як аднаго з выдатнейшых тагачасных беларусаведаў. Паколькі за віноўнікаў гэтага палічыў ён беларускіх незалежнікаў, мсьціўся ён посьля за гэта ў свой спосаб. Калі ў наступным годзе выданьнем Расейскае Акадэміі Навук у Петраградзе выходзіць з друку апошняя кніга ягоных «Беларусаў», у ей, а асабліва ў пасьляслове да кнігі, Карскі вельмі востра атакуе беларускіх палітычных дзеячоў дый беларускі адраджэнча-палітычны рух наагул. Пасьляслова пісанае ў вострым палемічным тоне, адменным ад таго, акадэмічнага, якім былі пісаныя ўсе папярэднія кнігі «Беларусаў».
Карскі зразу-ж летам 1921 году пакідае ўжо назусім Менск і Беларусь дый пераяжджае на сталае жыцьцё ў Петраград, дзе працуе пры Расейскай Акадэміі Навук дый прафэсарам унівэрсытэту. Сваю багатую аднак-жа бібліятэку яшчэ за свайго жыцьця Карскі адказвае ўсё-ж Беларускаму Дзяржаўнаму Унівэрсытэту.
Не зьявіўся Карскі й на Акадэмічную Канфэрэнцыю ў справе рэформы беларускага правапісу дый азбукі, што была арганізаваная ў Менску ў 1926 годзе, хоць запрошаны на яе хіба-ж ён быў. Ня прыслаў на канфэрэнцыю нават і сваіх заўвагаў да праектаваных зьменаў, ані звычайнага прывітаньня. Толькі два гады пазьней, у праскім часапісе «Славія» ён высказвае свае пагляды ў пытаньнях, закранутых на канфэрэнцыі, а пры гэтай нагодзе й лагодзіць значна сваё настаўленьне да беларускае нацыянальнае культуры. Ад гэтага часу
Карскі толькі пачынае тарнаваць азначэньне «язык» да беларускае мовы, заміж папярэдняга сталага «нарэчча».
Пасьля пераезду ў Петраград далейшае жыцьцё й навуковая дзейнасьць Карскага зьвязаныя перадусім з Расейскаю Акадэміяй Навук, што пазьней была перайменаваная на Акадэмію Навук СССР. У Акадэміі ён працуе як сябра ўправы прэзыдыюму, дырэктарам музэю этнаграфіі й антрапалёгіі, старшынёю слоўнікавае камісіі ды камісіі па расейскай мове, рэдактарам «Известий Отделения Русского языка и Словесности АН СССР». Дастае ён і становішча прафэсара на Ленінградзкім унівэрсытэце, на якім выкладае аж да 1928 году.
Як выдатнага ведамага вучонага славянаведа Расейская Акадэмія Навук высылае яго двойчы за межы СССР для навязаньня кантактаў з акадэміямі й унівэрсытэтамі славянскіх народаў. У 1924 годзе Карскі дэлегуецца ў Чэхаславаччыну, на зьезд славянскіх геаграфаў і этнаграфаў у Празе. Запрошаны беларускай студэнцкай моладзяй у Празе ён чытае тады-ж рэфэрат зь беларусаведнае галіны. У часе рэфэрату займае ізноўка становішча прыхільнае беларускаму нацыянальнаму адраджэньню — пазыцыя, адменная занятай у апошняй кнізе «Беларусаў». У 1926 годзе Карскі высылаецца з навуковымі заданьнямі ў Югаславію.
У студзені 1929 году Чэская Акадэмія Навук выбірае Карскага ў свае сябры. Сябраю Беларускае Акадэміі Навук, ані Інстытуту Беларускае Культуры Карскі, выдатны беларусавед і найвыдатнейшы мовавед у галіне беларускае мовы, ніколі ня быў.
Паводле сьветчаньня ягонае дачкі, з выгляду Яўхім Карскі быў «вельмі вялікага росту, шыракаплечы, цёмны бляндын з блакітнымі вачыма». Па характеры — «заўсёды сьціплы, сардэчны, просты». Падобную характарыстыку Карскаму дае й акадэмік Ляпуноў, сьцьвярджаючы, што «як чалавек… Карскі… адзначаўся стойкасыцяй, стрыманасьцяй і разам з гэтым мякчынёй і паблажлівасьцяй да людзей і іх працаў. Прымаючы да друку працы розных навуковых кірункаў, ён стараўся знайсьці добрыя бакі рэцэнзаваных ім кнігаў…»
Апошняя друкаваная праца Карскага з галіны беларускае моваведы — гэта артыкул «Червенский говор», друкаваны ў рэдагаваных ім «Известиях по русскому языку и словесности АН СССР» у 1930 г. Гэта быў моваведны разгляд «Краёвага слоўніка Чэрвеншчыны», складзенага Шатэрнікам, а апублікаванага Інстытутам Беларускае Культуры ў Менску.
У тым-жа годзе Карскага, семдзесяцілетняга хворага старэчу, арыштоўвае дый садзіць у вязьніцу ГПУ, закідаючы яму прыналежнасьць да антысавецкіх арганізацыяў. Колькі месяцаў пазьней, 29 красавіка 1931 году, Карскі памірае.
Пастановай ураду БССР імя Я. Карскага прысвоена Гродзенскай абласной бібліятэцы і Лашанскай сямігодняй школе. Адна з вуліц Гродна названа імем Карскага. 15.1.1961 г. адбылася сэсія аддзяленьня грамадзкіх навук АН БССР у Менску. Даклады чыталі Суднік, Жураўскі, Бырыла, Цімашэнка, Мартынец.
Апрача моваў славянскіх Карскі знаў добра мовы грэцкую дый лацінскую, ведаў і санскрыт, але, што ў беларускай моваведзе асабліва важна, ня знаў балцкіх моваў.
Навуковая спадчына
Карскі пакінуў па сабе больш 800 працаў, артыкулаў, зацемак, рэцэнзыяў. Бальшыня ягоных працаў арыгінальных прысьвечаная беларусаведным пытаньням. З тэматычнага гледзішча працы Карскага можна падзяліць на:
1. Працы моваведныя
2. Працы ў галіне беларускае этнаграфіі й фальклёру
3. Працы з гісторыі беларускае літаратуры
4. Працы зь беларускае палеаграфіі
5. Манаграфію «Беларусы»
6. Працы ў небеларусаведных галінах
1. Працы моваведныя
Да гэтае трупы належыць найбольшы лік беларусаведных працаў Карскага. Яны зьяўляюцца й найважнейшымі з навуковага гледзішча спасярод усяе навуковае спадчыны Карскага. У выдадзеным у мінулым годзе ў Менску Беларускім Дзяржаўным Унівэрсытэтам «Бібліяграфічным указальніку літаратуры па беларускаму мовазнаўству», складзеным М. А. Жыдовічам, Я. М. Рамановічам і А. К. Юрэвічам, які прэтэндуе на паўніню і падае 1864 пазыцыі, працы Карскага абыймаюць больш 100 пазыцыяў, што дае — яшчэ й 30 гадоў пасьля сьмерці Карскага — больш 5 % усіх працаў.
Сваю павуковую працу над беларускаю моваю Карскі распачаў яшчэ на Нежынскім Інстытуце й вынікі яе даў у публікаванай у 1885 г., годзе сканчэньня гэтага Інстытуту, кнізе «Обзор звуков и форм белорусской речи». Праца гэтая спачатку друкавалася ў «Известиях Историко-филологического Института в Нежине». Пазьней выйшла яна ў Маскве й асобнаю адбіткаю-кніжкаю памеру 170 бачынаў. У працы гэтай Карскі намагаецца зарэгістраваць, апісаць ды склясыфікаваць галоўныя фанэтычныя й марфалягічныя прыкметы беларускае мовы. У ей распрацаваньне навуковае граматыкі беларускае мовы — тое, што ў практычна-навучальнай форме падручніка беларускае граматыкі было, на аснове працаў таго-ж Карскага, пазьней складзена й выдадзена Тарашкевічам толькі ў 1918 г. у ягонай «Беларускай граматыцы для школ».
Паява гэтае працы Карскага была важнаю падзеяй у галіне беларускае моваведы, што зразумеем, калі будзем мець на ўвеце, што да яе паявы, калі ня лічыць дробных выказваньняў і зацемак, існавалі толькі дзьве невялікія навуковыя працы ў гэтай галіне — заўвагі К. Аппеля «О белорусском наречии» з 1880 г. і крыху большая праца І. Недзяшова «Исторический обзор важнейших звуковых и морфологических особенностей белорусских говоров», што выйшла ў 1884 г., усяго на год раней перад працаю Карскага. Рэцэнзыю на гэтую працу пісаў расейскі мовавед Сабалеўскі, была яна прыхільная аўтару, але Сабалеўскі зьвярнуў увагу й на адну нястачу гэтае працы: яна давала толькі статычнае апісаньне тагачаснае народнае беларускае мовы, яе «гукаў і формаў», а амаль зусім не кранала эвалюцыйнага гістарычнага разьвіцьця гэтых «гукаў і формаў». У працы сваей Карскі амаль зусім ня браў пад увагу пісьменных памятак старое беларускае мовы; апіраўся ён вылучна на сучасныя яму фальклёрныя запісы ды сваю собскую веду беларускае народнае мовы.
Карскі зразу-ж прыступае да пастараненьня гэтай заганы. Будучы яшчэ настаўнікам гімназіі ў Вільні, ён бярэцца за вывучаньне старое беларускае літаратурнае мовы на аснове рукапісных ды друкаваных памятак, галоўна Віленскае Публічнае Бібліятэкі. У выніку ўжо з 1890 г. у РФВ пачынае друкавацца ягоная другая грунтоўная праца ў галіне беларускае моваведы — праца пад назовам «К истории звуков и форм белорусской речи». Друк гэтае працы быў закончены толькі ў 1893 г. Тадыж яна выйшла й асобнаю адбіткаю, але ўсяго ў 50 экзэмплярах, дзеля гэтага ў сваім кніжным выданьні яна сяньня вялікая бібліяграфічная рэдкасьць. Як сам загаловак паказвае ў працы — гэта гістарычнае апісаньне разьвіцьця беларускіх фанэтычных і марфалягічных зьяваў. Абедзьве гэтыя працы былі прынятыя як дысэртацыі падчас ягонага магістэрскага экзаміну на Варшаўскім унівэрсытэце ў тым-жа 1893 г.
Карскі аднак-жа не здавольваецца й гэтым «гістарычным» пашырэньнем вывучэньня беларускае мовы. Ён далей паглыбляе сваю веду ў гэтай галіне, працавіта рэгіструючы ўсе моўныя факты і зь беларускіх этнаграфічных зборнікаў, якія ў тым акурат часе адзін за другім паказваюцца, і адначасна ды паралельна з усё новых пісьменных памятак старое беларускае мовы. Не давяраючы перадрукам, у сваей дасьледнай працы ён заўсёды намагаецца апірацца на арыгіналы, і, асабліва, — на рукапісы. Вывучаньне рукапісаў і нашых старадрукаў ён праводзіць у бібліятэках Вільні, Масквы, Пецярбургу, Варшавы, Кіева, Слуцку.
Вынікам гэтае працы яшчэ ў 1893 г. ў «Журнале Министерства Народного просвещения» друкуецца «Два памятника старого западнорусского наречия», дзе разгледжаныя Лютэранскі катэхізыс Сымона Буднага з 1562 году і Каталіцкі катэхізыс з 1585 году. За год, у 1894 г., у «Варшавские Университетские Известия», а посьле і асобнаю адбіткаю, друкуецца новая праца «О языке так называемых литовских летописей», дзе разглядаецца падрабязна мова трох літоўскіх летапісаў, паводле прынятае ў моваведных досьледах Карскага сыстэмы: перш даецца палеаграфічнае апісаньне памятніка, посьле ідзе яго аналіза з фанэтычнага, марфалягічнага, сынтаксычнага ды лексычнага гледзішча.
Яшчэ ў 1893 г., адразу пасьля здабыцьця магістэрскае ступені, Карскі пачынае грамаджэньне матар'ялаў і да вялікае працы «Западнорусские псалтыри в XV–XVI вв.». У ей разгледжаная мова 8-мі старабеларускіх рукапісных і 10-ці друкаваных псалтыроў. Праца гэтая была ягонаю дакторскаю дысэртацыяй і друкам паказалася ў 1896 г. велічынёю 444 бач. друку. Адначасна, у тым-жа годзе публікуе ён і свае разгляды двох старабеларускіх рукапісных зборнікаў з XV і XVI ст.
Калі пералічаць важнейшыя меншыя працы Карскага ў галіне беларускае моваведы, адцеміць гэта трэба «Особенности письма и языка рукописного сборника XV в. именуемого Летописью Авраамки» з 1899 г.; «Западнорусские сказания о Сивилл-пророчице по рукописи XVI в.» (з 1898 г.). З пазьнейшых працаў у галіне вывучэньня старабеларускай літаратурнай мовы трэба адцеміць «Западнорусский ярлык хана Золотой Орды Тахтамыша к польскому королю Ягайлу 1392–1393 г.» РФВ 1916 ды «К истории белорусского языка в XVI ст.», публікаваная ў «Известия Отделения Русского языка и Словесности АН СССР», т. III, кн. 1, 1930 г., у якім разгледжаная мова «Триоди цветной» XVII ст. паходжаньня з Чарнігаўскага Палесься.
Даў Карскі працы й у галіне беларускае дыялекталёгіі. Гэтак у 1895 г. друкуе працу «Белорусское оў на месте ал — ав» (казоў, доў). У наступным 1896 г. працу «Некоторые редкие особенности белорусского наречия в Сокольском уезде Гродненской губернии».
У 1897 г. з даручэньня Отделения Русского языка и Словесности Расейскай Акадэміі Навук Карскім была складзеная «Программа мя собирания особенностей говоров белорусского наречия». Праграма гэтая была перапрацаваная й нанава выдадзеная ў 1916 г. Колькі дзесяткоў прысланых адказаў на гэтую праграму былі пазьней друкаваныя ў выданьнях Расейскай АН і розных іншых публікацыях дый далі значную колькасьць важнага фактычнага матар'ялу для вывучэньня беларускае мовы й яе гаворак. На аснове часткова іх Карскі ў 1901 г. у РФВ публікуе свае «Заметки по белорусским говорам».
Разам з далейшым вывучэньнем беларускае мовы перад Карскім паўстае заданьне азначэньня прастору ды межаў беларускае мовы, да чаго першы раз ён падыходзіць у сваім артыкуле з 1902 г. «К вопросу об этнографической карте белорусского племени». А ў наступным годзе, пасьля аб'езду беларускае тэрыторыі ды галоўна яе памежных прастораў, у першым томе сваіх «Беларусаў» публікуе дзьве карты: «Этнографическая карта белорусского племени» і карту дыялектаў беларускае мовы. Ягоная этнаграфічная карта «белорусского племени» з дробнымі зьменамі перавыдаецца ў гадох 1917, 1919 і 1920-х (пры «Курсе Белорусоведения», зборніку лекцыяў, выдадзеных пад рэдакцыяй Карскага).
Зь іншых працаў Карскага аб беларускай мове трэба адзначыць «Белорусская речь. Очерк народного языка с историческим освещением» з 1918 г. У 1920 г. гэтая праца перавыдадзеная ў беларускім у Менску. У выніку ягоных курсаў па «рускай» дыялекталёгіі, што Карскі чытаў праз 25 гадоў на ўнівэрсытэце, паўстала пазьней праца, друкаваная ў 1924 г. «Русская диалектология», у якой належнае месца адводзіцца й беларускай мове ды яе дыялектам. У нарысе гэтым падаюцца жаролы й літаратура да вывучэньня беларускае мовы, даецца кароткі нарыс яе паходжаньня й гісторыі, абрысаваны яе прастор, дадзеная характарыстыка беларускае мовы ды прыводзяцца галоўныя прыкметы беларускіх гаворак.
Зь міжваеннае пары трэба адцеміць з важнейшых працаў з галіны беларускае моваведы яшчэ працу з 1924 г. «Культурные завоевания русского языка в старину на западной окраине его области». Тутка даецца агляд уплываў беларускае мовы на мовы суседніх балтаў — летувісаў ды латышоў — ды на мовы пражываючых на прасторы Беларусі — жыдоў ды татараў. Праца мала арыгінальная, у форме рэфэратнай перадае вынікі досьледаў у гэтай галіне іншых аўтараў. Друкавалася яна ў «Известия ОРЯС» РАН, т. XXIX, 1924.
І апошняю яго працаю, што кранала галіну беларускае дыялекталёгіі, быў нарыс «Червенский говор», друкаваны ў «Известия по Русскому языку и Словесности АН СССР», III, кн. 1, 1930. У ей разгляд кнігі Шатэрніка «Краёвы слоўнік Чэрвеншчыны», што выйшаў у 1929 г. у Менску.
Сумуючы ды абагульняючы характер мелі тры кнігі II-га тому ягоных «Беларусаў», прысьвечаныя апісаньню мовы беларускага народу. Ды пра «Беларусаў» будзе гаварыцца далей асобна.
Адзначыць трэба, што ўсе працы друкаваліся парасейску, за выняткам аднае, якая выйшла і пабеларуску ў Менску — «Беларуская мова», перакладзеная, здаецца, Лёсікам.
2. Працы ў галіне беларускага фальклёру й этнаграфіі
Яшчэ будучы студэнтам Нежынскага Інстытуту, Карскі ў 1884 г. у РФВ надрукаваў беларускі фальклёрны матар'ял свайго запісу пад назваю «Белорусские песни села Берёзовца Новогрудского уезда Минской губернии». Тутка 59 народных песьняў у поўфанэтычным запісе, з адзначэньнем акцэнтаў словаў, з разглядам зьместу песьняў, ды з шматлікімі заўвагамі аб фанэтыцы, марфалёги, сынтаксысе й лексыцы беларускіх гаворак Наваградзкага павету.
У падобны спосаб, з асабліваю ўвагаю зьвернутаю да мовы, былі пяць гадоў пазьней апублікаваныя ім «Белорусские песни деревни Новосёлок-Затрокских Виленской губернии Трокского уезда», друкаваныя таксама ў РФВ з 1889 г. У іх, як Карскі сам зазначае, ён «рупіўся найперш пра дакладную передачу самое гаворкі дадзенае мясцовасьці». Пазьней Карскі яшчэ ня раз публікаваў свае драбнейшыя запісы беларускага фальклёру, якія ён рабіў пераважна падчас сваіх летніх выездаў у паасобныя мясцовасьці Беларусі, а пабываў ён у многіх паветах пераважна заходняе й цэнтральнае Беларусі.
У 1903 годзе, з даручэньня Расейскага Геаграфічнага Таварыства, а на грошы дадзеныя віленскім генэрал-губэрнатарам князем СьвятаполкМірскім, Карскі аб'яжджае, пачынаючы з паўночнага ўсходу, усе памежныя палосы беларускага моўнага прастору з мэтаю дакладней азначыць этнаграфічныя межы беларускага народу й ягонай мовы ды ўстанавіць граніцы беларускіх гаворак, а адначасна парабіць ізноў-жа назіраньні над народным бытам ды сабраць і праверыць новыя й старыя матар'ялы ў галіне беларускага фальклёру. Сваю справаздачу з гэтага аб'езду беларускае тэрыторыі ён надрукаваў у тым-жа 1903 годзе ў «Известиях Русского Географического Общества». Вынікам гэтага аб'езду паўсталі ягоныя дзьве карты: «Этнографическая карта белорусского племени» і карта дыялектаў беларускае мовы.
Побач друкаваньня з абшырнымі разглядамі сваіх собскіх запісаў, Карскі ўвесь час уважна сачыў за публікаванымі ў тую акурат пару большымі й драбнейшымі зборнікамі беларускага фальклёру. Зацемкі, рэцэнзыі і абшырныя падрабязныя разгляды піша Карскі аб зборніках беларускага фальклёру Шэйна, Раманава, Фэдароўскага, Сяржпутоўскага ды іншых. З гэтых зборнікаў чэрпае ён вялізарную колькасьць этнаграфічных ды моўных фактаў для сваіх працаў аб беларускай народнай творчасьці, а галоўна — аб беларускай мове.
З свайго боку ягоныя разгляды-рэцэнзыі публікаваных этнаграфічных зборнікаў спрычыняюцца значна да ўдасканаленьня мэтадаў запісваньня ды публікаваньня сабранага фальклёрнага матар'ялу. У прыгатове да друку апошняга тому Шэйнавага зборніка Карскі браў беспасярэдні ўдзел.
За грунтоўны навуковы разгляд Шэйнавых «Материалов для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края», разгляд, што быў апублікаваны ў «Записках АН по Историческо-филологическому отделению за 1899 г.», т. IV, № I, Расейская Імпэратарская Акадэмія Навук прызнала Карскаму залаты мэдаль. У 1902 г. Карскі дастае мэдаль і за разгляд беларускіх зборнікаў Раманава.
У сваім собскім запісе Карскі апублікаваў больш ста беларускіх народных песьняў, значны лік замоваў, абрадаў, казак. Шмат беларускага фальклёрнага й этнаграфічнага матар'ялу было сабрана й пазьней апублікавана й дзякуючы апрацаванай Карскім з даручэньня Акадэміі Навук «Программы для собирания особенностей белорусских говоров», што была выдадзеная ў 1897 г., а перавыдадзена ў 1916 годзе. Хоць апытаньнік гэты меў служыць галопа выяўленьню ды збору беларускіх моўных асаблівасьцяў, аднак-жа ў публікаваных колькі дзесяткоў прысланых адказаў ёсьць і шмат запісаных песьняў, казак, прыказак, прымавак, замоваў і абрадаў. Шырокае апісаньне беларускае абраднасьці й народнай творчасьці Карскі даў пазьней у 1-ай кнізе III тому «Беларусаў».
3. Працы з гісторыі беларускае літаратуры
У галіне гісторыі беларускае літаратуры Карскім было апублікавана пара дзесяткоў асобных працаў і артыкулаў. Бальшыня іх друкавалася ў беларускім перакладзе ў беларускіх пэрыядычных выданьнях 1919–1920 гадоў у Менску, галоўна ў часапісах «Беларусь» дый «Звон». Гэта найчасьцей нарысы з паасобных разьдзелаў другой і трэцяй кнігаў III тому «Беларусаў», што Карскім былі ўжо напісаныя, але яшчэ чакалі на магчымасьці друку.
Іншых паважнейшых працаў, друкаваных раней з гісторыі беларускае літаратуры, у Карскага было няшмат. Адцеміць тутка трэба працы аб паэмах «Энэіда навыварат» дый «Тарас на Парнасе», нарыс аб сказаньні аб Сывільлі-прарочыцы дый яшчэ колькі. У галіне старое беларускае літаратуры свае апісаньні памятак пісьменнасьці гэтае пары Карскі звычайна даваў пры разглядзе іхнае мовы, паколькі з моўнага гледзішча ён найперш імі і цікавіўся. Такія апісаньні літаратурна-гістарычнага характеру знойдзем у працах Карскага аб літоўскіх летапісах, перакладных аповесьцях, псалтырох, царкоўна-рэлігійнай літаратуры і г.д.
Свае закончаныя поўныя нарысы гісторыі старое і новае беларускае літаратуры Карскі даў у 2-ой і 3-яй кнігах III тому «Беларусаў». Пры разглядзе гэтага тому пра іх будзе тутка і гутарка.
4. Працы зь беларускае палеаграфіі
І ў гэтай галіне беларусаведы праца Карскага вельмі важная, бо была яна першаю, піянерскаю. Паколькі ягоныя зацікаўленьні беларускімі рукапісамі ды старадрукамі былі спрычыненыя галоўна вывучаньнем старое беларускае мовы, дык і ўсе ягоныя палеаграфічныя апісаньні памятак беларускае старое пісьменнасьці знаходзяцца звычайна разам у працы пры апісаньні мовы дадзенага памятніка. У сваей дасьледчай схеме Карскі заўсёды пачынаў з палеаграфічнага апісаньня дадзенага рукапісу ці старадруку, а толькі пазьней пераходзіў да ягонага тэксту ды мовы. У выніку гэтага працаў прысьвечаных беларускай палеаграфн асобна Карскі не друкаваў.
Але Карскі напісаў цэлы адмысловы нарыс беларускае палеаграфіі, ды друкаваў яго не асобным выданьнем, а памясьціў на пачатку 1-ае кнігі II тому «Беларусаў». Тамка ёсьць адмысловы разьдзел «Особенности письма западнорусских произведений, начиная с древнейших времен (Палеографический очерк)». Нарыс гэты абыймае каля 50 бачынаў друку, ды ілюстраваны ён каля 20-мі палеаграфічнымі адбіткамі з рукапісаў беларускае старое пісьменнасьці ды нашых старадрукаў. Гэта і па сяньня той нарыс беларускае палеаграфіі, карыстацца якім неабходна кажнаму дасьледніку старое беларускае пісьменнасьці.
У нарысе гэтым Карскі падае галоўныя рысы характару беларускага пісьма ў гістарычным яго разьвіцьці, прасочвае зьмены формы паасобна, дае галоўныя адрознасьці яго ад пісьма маскоўскага. Ён зьвяртае ўвагу на тое, што, напр., беларускі поўустаў бліжэйшы югаславянскаму, чым маскоўскаму, а беларускі скорапіс «рэзка адрозьніваецца ад скорапісу паўночна-ўсходняе Русі», г. зн. Маскоўшчыны. У нарысе прысьвячаецца ўвага й правапісным асаблівасьцям беларускіх рукапісаў і старадрукаў ды іх знакам прыпынку.
Шмат матар'ялу прыкладаў, ілюстрацыяў да беларускае палеаграфіі знаходзім і ў кнізе Карскага «Славянская кирилловская палеография», 1928, якая была концавым плодам ягоных унівэрсытэцкіх лекцыяў у гэтым прадмеце ды мела колькі ранейшых карацейшых выданьняў. Як бачым з назову кнігі, абыймае яна палеаграфію кірылічную ня толькі славянаў усходніх, але й паўдзённых. Праца гэтая й па сяньня лічыцца адною з найлепшых падручных кнігаў у галіне кірылічнае палеаграфіі.
5. «Беларусы»
«Беларусы» — гэта абшырная трытомная манаграфічная праца Карскага пра беларускі народ, у якой ён намежыў падсумаваць і абагульніць усё сабранае і сказанае й ім самым, і іншымі ў галіне беларускае мовы, народнага творства й літаратуры. Манумэнтальная гэтая праца падзеленая на тры тамы, II і III зь якіх мае яшчэ па 3 кнігі. Разам уся манаграфія складаецца з 7-мі вялікіх кнігаў, што разам абыймаюць 3000 бачынаў друку. Першы том задуманы як агульны, уводны. Другі том адведзены апісаньню беларускай мовы. У трэцім нарыс беларускае народнае творчасьці ды гісторыі старое й новае беларускае літаратуры.
«Беларусаў» сваіх Карскі пісаў і выдаваў на працягу 20-ці гадоў. Першы том паявіўся ў 1903 г., апошняя кніга трэцяга тому выйшла ў 1922 годзе. Паколькі гэта найважнейшы і найбольш цэнны твор з усяе навуковае спадчыны Карскага, галоўная мэта й плод прац усяго ягонага жыцьця, дык разгледзім паасобныя яго тамы й кнігі.
«Белоруссия», т. I. Введение в изучение языка и народной словесности. Варшава, 1903, бач. 466
Год пазьней гэты том быў яшчэ раз перавыдадзены ў Вільні. Том гэты, — гэта геаграфічна-гістарычныя ўводзіны да вывучэньня беларускае мовы й літаратуры. У томе даволі абшырнае апісаньне Беларусі, тэрыторыі, народу, а часткова й гісторыі ды асабліва дагісторыі. Кніга складаецца з IX разьдзелаў, у якіх разглядаюцца: I. Тэрыторыя, межы, паверхня, прырода, клімат. II. Прагісторыя ды пачаткі гісторыі. III. Язык плямёнаў беларускае тэрыторыі, зараджэньне беларускіх моўных асаблівасьцяў, моўныя пазыкі ад фінаў ды іранцаў. IV. Пара ВКЛ ды фарміраваньне беларускае народнасьці, беларускае літаратурнае мовы, моўныя пазыкі ад балтаў. V. Беларусь пад уплывамі Польшчы, польскія моўныя ўплывы. VI. Далучэньне Беларусі да Расеі, лік беларусоў, гаворкі. VII. Нарыс вывучэньня жывое беларускае мовы ды народнае паэзіі. VIII. Нарыс вывучэньня старабеларускае мовы. IX. Ненародныя творы на сучаснай беларускай мове. Пры томе дзьве карты Беларусі — этнаграфічная й дыялектычная.
Хоць сяньня шмат што з пададзенага Карскім ужо й перастарэлае, аднак-жа там шмат і важнага і карыснага матар'ялу. Асабліва важныя апісальныя бібліяграфіі жаролаў ды літаратуры прадмету.
«Белоруссы», т. II. Язык белорусского племени
1. Исторический очерк звуков белорусского наречия. Варшава, 1908, бач. 607.
Тутка Карскі грунтоўна апісвае ўсе існуючыя ў беларускай мове гукі — галосныя і зычныя — ды сустраканыя іх адменнасьці ізьмены. Апісаньне кажнага іуку ілюстраванае сотнямі прыкладаўцытатаў, храналягічна пададзеных з старое беларускае літаратурнае мовы ды ў канцы мовы народнае сучаснае. На пачатку кнігі памешчаны яшчэ вышэй успомнены нарыс палеаграфіі. У канцы — нарыс беларускае акцэнталёгіі.
2. Исторический очерк словообразования и словоизменения в белорусском наречии. Варшава, 1911, бач. 423.
У часьці дадзены Карскім агляд спосабаў беларускага словатварэньня ды перамены словаў пры іх кланеньні, спражэньні, ці г. зв. марфалягічныя зьявы беларускае мовы. І гэтта кажная важнейшая зьява ілюстраваная сотнямі прыкладаў і з старое, і з сучаснае беларускае мовы.
3. Очерки синтаксиса белорусского наречия. Варшава, 1912, бач. 300.
У кнізе гістарычны нарыс сынтаксысу беларускае мовы, ілюстраваны, як і папярэднія часткі, вялікім лікам адпаведных прыкладаў з старое або сучаснае беларускае мовы. Трэба адцеміць тутка, што гэты том — таксама цалком піянерская праца Карскага, бо паколькі ў галіне беларускай фанэтыкі ды марфалёгіі былі яшчэ некаторыя працы й ня Карскага, і нават да Карскага, то сынтаксыс беларускае мовы першы раз апрацаваны Карскім — не апіраючыся ні аб якую адпаведную навуковую літаратуру, бо яе проста ня было тады.
Дык як бачым з вышэйшага зьместу, трэці том «Беларусаў» Карскага даваў шырокае й даволі грунтоўнае апісаньне зьяваў беларускае фанэтыкі, марфалёгіі й сынтаксысу, апісаньне й статычнае іх тэрытар'яльнага стану ў сучаснай народнай мове ды яе дыялектах, і эваліоцыйнае гістарычнае, у памятках беларускае пісьменнасьці на працягу мінулых сямі стагодзьдзяў, пачынаючы ад стагодзьдзя XIII.
Гаворачы пра II том «Беларусаў», трэба яшчэ дадаць, што Карскі выпусьціўшы ў сьвет гэты том не пакідаў працы над далейшым вывучэньнем беларускай мовы ды зьбіраньнем адпаведных матар'ялаў ды думаў пра другое выданьне папраўленае, дапоўненае, пашыранае. Для гэтае мэты Карскі на сваім экзэмпляры кнігаў «Беларусы» заносіў свае дапіскі, зьмены й папраўкі. Апрача гэтага ён колькі дапаўценьняў апублікаваў пазьней і друкам.
Вось на аснове зробленых самым Карскім зьменаў ды дапаўненьняў на ягоным экзэмпляры ды друкаваных асобна, доктар В. Баркоўскі, зяць Каркага, з даручэньня АН БССР, у гадох 1955–1956 і перавыдаў увесь II том «Беларусаў» — усе тры часткі ў двох кнігах. Апрача гэтага Баркоўскі да гэтага тому далучыў, узяўшы іх з тому першага, сьпіс усіх жаролаў, зь якіх Карскі бярэ свае прыклады-цытаты ў томе другім, даючы ў гэткі спосаб поўную самастойнасьць гэтаму неравыдадзенаму II тому, бо пры першым выданьні, каб даведацца скуль дакладна цытаты-прыклады былі ўзятыя, трэба было мець ды заглядаць у том І-шы. Апрача Баркоўскі дадаў яшчэ біяграфію Карскага, бібліяграфію важнейшых ягоных працаў з галіны беларусаведы ды бібліяграфію артыкулаў аб ім. Гэтак атрымалася новае выданьне тому другога, якое, як робленае на аснове сваяручных зьменаў і паправак аўтара, трэба ўважаць За апошнюю аўтарытэтную рэдакцыю Карскага, за ягоную апошнюю думку й слова ў галіне беларускай моваведы.
Том перавыдадзеиы над назовам: «Белорусы. Язык белорусского народа» (пазн. В.Т.). Прырыхтаваны том да перавыданьня ў рамах працы Інстытуту Мовазнаўства АН БССР, а выдадзеныя АН СССР у Маскве ў 1955 г. тры часткі тому ў новым выданьні абыймаюць разам блізу 1000 бачынаў друку.
Зьвяртае ўвагу і яшчэ адзін факт, што ў перавыдадзеным томе Баркоўскі і ў самым загалоўку, і ў тэксьце кнігі падмяніў словы «белорусское племя, белорусское наречие» словамі «белорусский народ, белорусский язык». Замену гэтую ў сваей прадмове да тому Баркоўскі матывуе гэтак:
Карскі у сваіх шматлікіх працах ужываў, побач з тэрмінамі белорусский народ, белорусский язык, западнорусский язык, тэрміны, якія ў умовах царскага рэжыму былі вымушанай уступкай афіцыялыіым кругом, строгай цэнзуры: белорусское племя, белорусское наречие, западнорусское наречие. У новым выданыіі «Беларусаў» захоўваюцца толькі тыя назови, каторыя адбіваюць запраўдны нагляд самога аўтара, што горача любіў свой народ — беларусаў, што лятуцеў аб часе, калі Беларусь будзе свабоднай і шчасьлівай. Гэтымі назовамі будуць: белорусский народ, белорусский язык, западнорусский язык.
Ці цьверджаньне Баркоўскага згоднае з праўдаю пра «запраўдны» пагляд самога Карскага, і ці зьмена запраўды адбівае думкі аўтара?
Аб тым, што афіцыяльныя навуковыя й урадавыя дзейнікі расейскага царскага рэжыму клалі моцны націск на тое, каб усе мовы імпэрыі, апрача расейскай, сьпіхаць да катэгорыі «нарэчча», а самыя народы да «племя», ня можа быць ніякіх сумніваў. Падам тутка адзін канкрэтны прыклад, зьвязаны акурат зь беларускаю моваю.
Расейскі літаратуравед Владзіміраў наважыўся ў канцы мінулага стагодзьзя зрабіць сабе дактарат дакторскаю працаю аб нашым доктары Францішку Скарыне. Для гэтага ён прыгатаваў і ў 1888 г. выдаў няблага напісаную а раскошна выдадзеную працу пад назовам «Доктор Франциск Скорина, его переводы, печатные издания, язык». Здабыў за яе Владзіміраў ня толькі дактарат, але дастаў і прафэсарскую катэдру на Кіеўскім унівэрсытэце. Да гэтага дастаў яшчэ і нагароду графа Ўварава, дый пры гэтым зайшла некаторая асечка. Прафэсар Будзіловіч, між іншым экзамінатар і Карскага, які рэфэраваў працу Владзімірава для гэтае нагароды, у сваей рэцэнзыі, між іншым, ускінуў Владзіміраву гэта: «К часто повторяющимся стилистическим неточностям сочинения я отношу термины… „белорусский язык“, вместо наречие, диалект…» Дзеля гэтых, выткнутых Будзіловічам, «стилистических неточностей», ці не, але Владзіміраў прэмію атрымаў, ды меншую — 500 рублёў серабром, а ня большую — 1000 рублёў золатам!
Што да Карскага, дык той, хоць, праўда, і ўжываў часта ў сваіх «Беларусах» і тэрмінаў «беларуская мова, беларускі народ» побач «племя ды нарэчча», дык, трэба сказаць тут праўду таксама, што назовы й «племя», і асабліва «нарэчча» да беларускага народу й мовы ён тарнаваў доўгія гады і пасьля таго, як царскі рэжым даўно ня толькі заламаўся, але й шчэз. Ужываў іх ён, прыкладам, яшчэ ў выдадзенай у 1924 г. працы «Русская диалектология». І толькі каля 1928 г., тры гады перад сьмерцяй, перайшоў ён наканец да тэрмінаў «народ» ды «мова».
«Белоруссы», т. ІІІ. Очерки словесности белорусского племени
1. Народная поэзия. Москва, 1916, бач. 572.
У кнізе Карскі дае агляд ня толькі беларускае народнае паэзіі, як выглядала-б з назову, але й чысьцейшую прозу. Абняты ў аглядзе замовы, песьні абрадавыя жыцьцёвага ды гадавога кругу, песьні неабрадавыя, прыказкі й прымаўкі, загадкі, казкі, багатырскі эпас, духоўныя песьні. Агляд гэты папярэджаны вялікім уступам пра элемэнты культурнее спадчыны з супольнае індаэўрапейскае ды агульнаславянскае пары, перахаваныя й па сяньня беларускім народам, а закончаны ён нарысам пра будову верша ў беларускіх народных песьнях.
У сваей прадмове да гэтае кнігі «Беларусаў» Карскі, між іншым, піша:
аўтар… найперш намагаўся зьвярнуць увагу вучонага сьвету, а таксама й інтэлігентных чытачоў наагул, на тыя каштоўныя з рознага гледзішча залежы старых матар'ялаў, якія награмаджаныя ў друку, галоўна за XIX ст., у галіне беларускага фальклёру й чакаюць працавітых дасьледнікаў.
Пра багацьці беларускае народнае творчасьці, ведама, пісалі розныя аўтары шмат і да Карскага, і пасьля Карскага. Але Карскага нарыс і па сяньня найабшырнейшы з існуючых апісаньняў беларускае народнасьці ды абрадавасьці. Гэтая кніга «Беларусаў», зь некаторымі скарачэньнямі ды ператасоўкамі, была перавыдадзеная ў перакладзе прафэсара М. Фасмэра ў 1926 годзе.
2. Старая западно-русская письменность. Петроград, 1921, бач. 254.
Кніга пачынаецца разьдзелам з нарысам пра выступленьні беларускае народнае мовы ў ролі літаратурнага органа ў старую пару беларускае гісторыі ды пра разьвіцьцё самастойнае свае пісьменнасьці.
Далей ідзе агляд памятак старое беларускае пісьменнасьці паводле жанраў — літаратура перакладная, рэлігійная і сьвецкая, літаратура сваяродная, летапісы, запісы тагачасьнікаў, памятнікі юрыдычнае літаратуры, вершы, палемічная рэлігійная літаратура, беларуская пісьменнасьць лацініцай, сатыра, спробы драматычнага жанру, беларуская пісьменнасьць арабскімі літарамі.
У кнізе Карскі апрача апісаньня паасобных твораў, пераказваньня іх зьместу ды ідэйнага накіраваньня, заўсёды асаблівую ўвагу прысьвячае мове дадзенага твору ці дадзенага аўтара, зьвяртае ўвагу на яе характэрныя асаблівасьці й яе чысьціню ды на ступень уплываў на яе моваў царкоўнаславянскай ці польскай.
Асабліва важна, што тут, як і ў сваіх паасобных папярэдніх працах, Карскі дэтальна разгледзеў і абаснаваў беларускасьць старое літаратурнае мовы ВКЛ і яе такіх помнікаў як летапісы, Статут ВКА, выданьні Скарыны, рэлігійнай літаратуры.
Мову Скарыны Карскі характарызуе, напрыклад, гэтак:
Ён не адважваецца яшчэ перайсьці на чыста народную мову: у яго ня рэдкія яшчэ аорысты, імпэрфэкты, часта твораныя няправільна, і іншыя царкоўнаславянскія асаблівасьці ў мове; побач з гэтым даволі частыя чэхізмы, як дань арыгіналу, зь якога ён рабіў свае пераклады, — ды ўсё-ж аснова мовы народная беларуская, з тымі асаблівасьцямі, якія характарызуюць старую яе рэдакцыю ў Літоўскім гаспадарстве.
Кніга пісаная на багатым фактычным матар'яле, перавернутым гадамі аўтарам і, мінаючы свомую Карскаму тэрміналёгію — «западнорусский язык», свае навуковае вартасьці ня губляе ў вялікай меры й па сяньня, хоць падыход у ей да паасобных твораў пісьменнасьці больш моваведны, чым гістарычны літаратурны.
3. Художественная литература на наролном языке. Петроград, 1922, бач. 472.
У гэтай, апошняй частцы, трэцяга тому «Беларусаў» Карскі дае нарыс новае беларускае літаратуры — стагодзьдзя XIX ды пачатку XX, даведзенага аж да году выхаду кнігі, 1922. Карскі ў гэтай частцы манаграфіі намагаецца спачатку даць гістарычны фон ды склаўшыеся прычыны, якія выклікалі наяву новае беларускае літаратуры, а пазьней і адраджэнчага нацыянальнага беларускага руху. Далей ён адцемлівае ў сабе кажны паявіўшыся твор ці нават і друк пабеларуску, дае характарыстыку кажнага паважнейшага аўтара і ягоных твораў, ягонае мовы.
Кніга мае перадусім цану, і па сяньня, як крыніца вялікага ліку зарэгістраваных фактаў важных для вывучаючых гісторыю беларускае літаратуры абнятае пары. Значна слабейшая яна зь літаратурнага строга гледзішча. Калі і выказваюцца аўтарам крытычныя заўвагі аб творчасьці паасобнага пісьменьніка, заўвагі аб мастацкім боку ягоных твораў, яны часта прымітыўныя, маюць малую цікавасьць, сьветчаць аб нелітаратурным падыходзе да літаратурнага матар'ялу.
У канцы кнігі Карскі дае й слоўнічак меншых беларускіх пісьменьнікаў, які сяньня асаблівую мае вартасьць для дасьледчыка беларускае літаратуры нашаніўскае галоўна пары. У слоўніку падаецца каля паўтары сотні прозьвішчаў, псэўдонімаў, ініцыялаў і крыптонімаў тагачасных беларускіх пісьменьнікаў, з частаю расшыфроўкаю іх запраўднага прозьвішча, з інфармацыяй, дзе і якія ягоныя вершы друкаваліся, часта з кароткаю тэлеграфічнаю ацэнаю. Слоўнікам абнятыя перадусім паэты, менш дакладна тыя, што пісалі прозаю.
Апошняя кніга «Беларусаў» азначаецца яшчэ тым, што ў ёй Карскі, у адваротнасьць папярэднім кнігам манаграфіі, адыходзіць часам ад свайго акадэмічнага навуковага стылю ды пераходзіць у звычайную палітычную палеміку зь дзеячамі беларускага адраджэнскага руху. Творыцца ўражаньне, што дзеля нейкіх паважных сабе прычынаў, акадэмік выбіўся з раўнавагі ды ў навуковы твор дачэплівае ня сутучным яму тонам і зьместам публіцыстыку. Пагляды Карскага, зразумела, ясна бачны з папярэдніх тамоў «Беларусаў», але яны там нідзе ня высказаны ў гэткім ваяўнічым, дасадным тоне. Якія былі праўдападобныя прычыны гэтага — будзе мова ў разьдзеле аб паглядах Карскага.
«Белоруссы», т. IV
Тры тамы «Беларусаў» разам больш 3000 бач. друку (канкрэтна 3164 бачыны) — праца па сваей велічыні ў навуцы зьява ня частая. Але ў задуме Карскага быў яшчэ і том IV. Як відаць зь ягонага пляну «Беларусаў», накінутага рукою Карскага на вокладцы аўтарскага экзэмпляра 1-ай часткі II тому, што выйшла друкам у 1908, Карскі тады ўжо марыў
і канкрэтна плянаваў сваіх «Беларусаў» у IV тамох. Паводле гэтага пляну IV том меў называцца «Словарь белорусского наречия» і складацца ён меўся з
1 частак: 1. Словарь современного белорусского языка і 2. Словарь старого западнорусского языка.
Выдаючы, аднак-жа трэцюю кнігу трэцяга тому «Беларусаў», калі ён меў ужо 60 гадоў, Карскі ўсьведамляў сабе, што выканаць гэтую працу яму самому ўжо не давядзецца, і, наагул, гэткае вялікае заданьне выканаць аднаму чалавеку — проста не пад сілу. Ды каб справа аднак-жа не загінула, ды каб працу паднялі мо іншыя, у прадмове да апошняе часткі трэцяга тому Карскі падае цэлы плян працы для ўкладаньня «поўнага» беларускага слоўніка. Плян гэты ў невялікім скарачэньні й падам, і ня толькі таму, што Карскі марыў аб ім як аб завяршэньні сваіх «Беларусаў», але і таму, што праца гэтая й па сяньня, 40 гадоў пазьней, ня выкананая, і мець перад ачыма яе беларускім навукоўцам трэба. Пра слоўнік Карскі піша вось што:
…скласьці поўны беларускі слоўнік неабходна. Трэба зарэгістраваць тыя багацьці, якімі валодае беларуская мова. Пры кажным слове трэба адцеміць, сваё гэтае слова ці пазычанае адкуль-небудзь. Ды ўкладаньне слоўніка — справа дужа складаная, якую павінны папярэдзіць розныя падрыхтоўчыя працы, за іх трэба ўзяцца ўсім знаўцам і аматарам беларускага слова. Для гэтага трэба: 1) выбраць на картачкі ўсе словы з розных зборнікаў народнае творчасьці… пры тым пры кажным слове зусім дакладна, паводле правапісу арыгіналу павінна быць зацытавана (з пакліканьнсм на том, частку, бачыну) тая фраза, дзе дадзенае слова сустракаецца… Пэўне-ж… адной асобе прарабіць усё гэта немагчыма… Найлепш для гэтае працы паклікаць цэлыя камісіі; 2) тое-ж трэба прарабіць і з творамі беларускіх пісьменынкаў…; 3)…і існуючыя слоўнікі павінны быць праглынутыя поўным беларускім слоўнікам; 4)…у розных навуковых установах ёсьць ужо сабраныя матар'ялы па беларускім слоўніку… у Акадэміі Навук у Петраградзе ёсьць слоўнік Раманава, ёсьць матар'ялы ў «Обществе Любителей Русской Словесности» пры Маскоўскім Унівэрсытэце ў Інстытуце Беларускае Культуры ў Менску ляжыць рукапісны слоўнік Ціхінскага… ёсьць слоўнікі й у асобаў прыватных (Дыбоўскі, Фэдароўскі)…; 5) народныя назовы расьлінаў…; 6)…улучыць «навуковую беларускую тэрміналёгію», што выпрацоўваецца ў Менску…
Калі падрыхтоўчая праца будзе скончаная… можна будзе прыступіцьца рэдакцыйнага злучэньня ўсяго сабранага. Створанае для гэтае мэты таварыства ці гурток установіць правілы выданьня такога слоўніка. У гэты спосаб мы атрымалі-б слоўнік жывое беларускае мовы.
Што-ж тычыцца старое беларускае мовы… справа выглядае значна горш… Пакуль што мы ня маем і спробаў выданьня гэткіх слоўнікаў… Некалі, на пачатку XIX ст., І. Грыгаровіч пачаў друкаваць гэткі слоўнік, ды пасьля аддрукаваньня 10 аркушоў памёр, і далей друк не праводзіўся, а надрукаваная частка ляжыць у Акадэміі Навук. Улучыць сюды трэба слоўнікі Зызанія, Бярынды… Навіцкага… Гарбачэўскага… Неабходна заняцца выбарам слоўнікавага матар'ялу хоць-бы з важнейших рукапісных і друкаваных памятнікаў, пачынаючы з XIII ст. і да канца XVII стагодзьдзя…
Гэткі Карскага плян працы на ўкладаньне поўнага слоўніка беларускае мовы. Ня вылучана, што працу над укладаньнем гэтага слоўніка Карскі раней плянаваў праводзіць сам на Беларускім Дзяржаўным Унівэрсытэце ў Менску, быць на якім у ступені прафэсара, ці нават і рэктара, Карскі быццам надзеяўся. Аднак-жа ў часе выхаду апошняе кнігі «Беларусаў» ён ужо ведаў, што ў Менску ён не застанецца. Дзеля гэтага свой плян працы ды заахвочваньне да яе пакідаў іншым пад развагу ды для выкананьня. Адцеміць гэтта аднак-жа трэба, што справа злажэньня поўнага слоўніка беларускае мовы, адказаная Карскім да выкананьня «ўсім знаўцам і аматарам беларускага слова», засталася ня выкананая й па сяньня, хоць у сваю пару праца над ім была разгорнутая шырака Аддзелам Мовы й Літаратуры Інстытуту Беларускае Культуры ў Менску. Паводле справаздачы, друкаванай у кнізе «Працы Акадэмічнае Канфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу й абэцэды ў Менску ў 1926 г.», натады было ўжо вынесена на карткі 140 000 словаў, выбраных з твораў беларускіх пісьменьнікаў, ды адначасна было сабрана ў Менску й па краёвых цэнтрах рэспублікі каля 120 000 словаў-картак жывое народнае мовы, што разам давала больш чвэрці мільёна словаў. Ды, як ведама, далейшая праца над складаньнем гэтага слоўніка была цалком спыненая ўжо колькі гадоў пазьней падчас разгрому ўсяе беларускае культурна-навуковае працы ў БССР, у часе прасьледу ды нішчэньня і самых навуковых працаўнікоў. У выніку гэтага руйнаваньня Масквою ўсякае навуковае й культурнее беларусаведнае працы ды зьнішчальнага дзеяньня пазьнейшае II Сусьветнае Вайны, сяньня тутка цяжка сказаць, ці наагул нешта засталося й з таго сабранага ўжо. Слоўнік, у кажным выпадку, не паказаўся й па сёньння.
Гэтак праектаваны Карскім IV том «Беларусаў», пакінугы складаць далейшым пакаленьням беларусаведаў, ня існуе й сяньня — 30 гадоў пасьля сьмерці, ды амаль 40 гадоў пасьля выхаду апошняе кнігі трэцяга тому ягонае манаграфіі. Факт гэты — бяручы нават на ўвагу ўсе гістарычна абумоўленыя вялікія перашкоды й катастрофы, якія за гэтыя гады пераняла беларуская культура й навука, — сьветчыць яскрава аб тым, што могуць зрабіць упорыстыя натугі аднаго ахвярнага, аддадзенага свайму задуму й тэме навуковага працаўніка, і, як часта ён, сам адзін, нават адзінокі, сваею працаю можа аперадзіць сучасныя сабе ды й будучыя пакаленьні.
Чым «Беларусы» былі, чым засталіся
Ды й у сваім незакончаным выглядзе, без IV тому, бяз слоўніка беларускае мовы, толькі ў сваіх трох тамох ды сямі выдадзеных кнігах, Карскага «Беларусы» сваім вялічэзным дыяпазонам ахопленых ды зарэгістраваных фактаў з колькі беларусаведных галінаў, і сваею навуковай вартасьцяй ды значэньнем, як плод працы аднаго чалавека, зьява ўражаючая й унікальная, ды блізу без аналёгіі ўва ўсей славянскай языкаведзе. Наибольшую навуковую вартасьць і вагу й сяньня мае галоўна II том, прысьвечаны беларускай мове, хоць шмат важнага матар'ялу, асабліва Аппаратуру жаролаў і прадмету, маем і ў томе І-м, ды таксама ўсіх трох частках тому III-га.
З усіх славянскіх моваў, толькі ў чэхаў працу аб мове падобнага задуму й пляну праводзіў Ян Гэбаўэр, які яшчэ ў 1894 годзе, значыцца на 14 гадоў раней за Карскага, апублікаваў у Празе-Вене першую частку першага тому свае вялікае манаграфіі пра чэскую мову «Historicka Mluvnice Jazyka Ceskeho».
Праца гэтая Гэбаўэра ёсьцека тутка ў Ню Ёрскай Бібліятэцы, яе я пераглядаў. Выглядае, што па сваіх памерах задуманая нават шырэй за Карскага «Беларусаў». Ды, на жаль, закончыць яе ці давясьці хоць-бы працу над ею да такога завяршэньня, якое асягнуў Карскі ў «Беларусах», яму не давялося. Памінаючы слоўнік, задуманая ім манаграфія мела складацца з IV тамоў, зь якіх выйшлі друкам у гадох 1894–1898 голькі 3 часткі, што мелі ўваходзіць у склад тамоў першага ды трэцяга, а што абыймалі пытаньні фанэтыкі ды марфалёгіі чэскае мовы. Далей Гэбаўэр, выглядае, зрабіў памылку, якое не дапусьціў Карскі — ён працу над сваей «Млувніцай» перарваў ды ўзяўся за ўкладаньне слоўніка старой чэскай літаратурнай мовы і, зразумела, у гэтай працы ўвяз. У выніку, пасьпеў працу й над гэтым слоўнікам выканаць толькі часткова для колькі першых стагодзьдзяў старое чэскае мовы, бо ўжо ў 1907 г. памёр. Толькі ў 1929 г., на аснове пакінутых ім матар'ялаў, быў зрэдагаваны ды выдадзены IV том Гэбаўэравай «Млувніцы» пра сынтаксыс чэскае мовы, том 2-гі (Кмэнословы) наагул астаўся не напісаным. Пры тым, у прыраўнаньні да «Беларусаў» Карскага, Гэбаўэра «Млувніца» мела й той слабы бок, што ён у сваей працы ня браў на ўвагу матар'ялаў жывое чэскае мовы ды яе дыялектаў, а займаўся толькі літаратурнаю чэскаю моваю.
Па-за Чэхамі, ні мова расейская, ні польская, не гаворачы аб мовах меншых славянскіх народаў, працы падобнага характару й абсягу ня маюць і па сяньня, хоць зразумела, гэта ў языкаведзе гэтых моваў раўнаважыцца непараўнальна большым лікам існуючых меншых памерамі моваведных публікацыяў ды манаграфіяў.
Гэтак, дзякуючы Карскаму й ягоным «Беларусам», беларускі народ ужо на самым пачатку гэтага стагодзьдзя, яшчэ ў першыя гады нашага «нашаніўскага» нацыянальна-адраджэнскага ўзрыву, у галіне навуковага вывучэньня свае мовы неспадзеўкі апынаецца на самым перадзе сярод іншых славянскіх народаў, хоць на гэткае «перадавое» месца гістарычна тады ня меў аніякіх спрыяльных умоваў. Сталася гэта толькі дзякуючы ахвярнай працавітасьці аднаго чалавека — Яўхіма Карскага.
Бяручы на ўвету й тое, што нямала паглядаў Карскага і некаторыя прынцыповыя моваведныя канцэпцыі, зь якімі ён падыходзіў да вывучэньня беларускае мовы, былі памылковыя, а шмат што згубіла ў сваей вартасьці й з часам, ды аднак-жа па зборы вялізарнага фактычнага матар'ялу і гістарычнага, і сучаснага нечага большага й лепшага беларуская моваведа ня мае й па сяньня. Чаму, сам Карскі найлепш гэта азначыў у сваей прадмове да 2-ое кнігі II тому «Беларусаў» словамі:
Гіпотэзы, будаваныя тэарэтычна, што апіраюцца на невялікі лік фактаў, часта прыпадковых, з часам могуць аказацца без гістарычнае акурат над сабой базы, і, у выніку, бязвартасныя, тады як факты мовы ніколі ня згубяць значэньня.
Калі гэтае цьверджаньне самога Карскага сяньня можна аднесьці й да ўсяе ягонай навуковай спадчыны, дык найперш аднак-жа да II тому ягоных «Беларусаў» пра беларускую мову.
Ды ня згубленая ў вялікай меры навуковая вартасьць і двох іншых тамоў «Беларусаў». Пра першы, уводны агульны нарыс пра беларускі народ, ягоную тэрыторыю, прагісторыю і гісторыю, мову, жаролы й літаратуру да яе вывучаньня ўспаміналася ўжо раней. Не малую вагу маюць і паасобныя разьдзелы ці матар'ялы і 1-ае кнігі тому III пра беларускую народную паэзію, які й па сяньня застаецца найбольш абшырным агульным аглядам вуснае народнае творчасьці. Цэнная пераважна й па сяньня частка другая — агляд гістарычны старое беларускае літаратуры. Вельмі шмат скарыстае і дасьледнік новае беларускае літаратуры з часткі трэцяе, пра новую беларускую літаратуру, а практычна, безь яе наагул не абыйдзецца, дзеля вялізарнага ліку абнятага тамка літаратурна-інфармацыйнага матар'ялу ды бібліяграфіі прадмету.
Трэба помніць, што ў галіне нашае мовы Карскі, галоўна сваімі «Обзором звуков и форм белорусской речи» ды II томам «Беларусаў» паклаў аснову й гэтым даў пачатак усім першьм практычным ім граматыкам беларускае мовы — і Тарашкевіча, і Лёсіка, і іншым. Ягоны-ж нарыс гісторыі беларускае літаратуры паслужыў за вельмі важнае жарало пры ўкладаньні нашых першых нарысаў беларускае літаратуры ды першых хрэстаматыяў. Прыпомнім таксама раней сказанае, што ягоны нарыс беларускае палеаграфіі, памешчаны ў 1-ай кнізе ІІ-га тому «Беларусаў», застаўся й па сяньня адзіным, хай сабе й няпоўным ды кароткім, падручнікам беларускае палеаграфіі. Нават і ягоная «этнографічная карта белорусскага племені», твор найменш дасканалы, з грубымі памылкамі, у сваю пару сыграў сваю ня толькі навуковую, але й палітычную ролю, на жаль, не заўсёды нам карысную.
Калі жыцьцё ды поступ навукі й парабілі свае немалыя карэктуры ў навуковай спадчыне Карскага, а шмат з гэтага сяньня й наагул вычыркнулі, дык трэба помніць, што гэткая доля навуковай спадчыны ўсіх працаўнікоў навукі — час заўсёды робіць свае зьмены ды папраўкі — бяз гэтага ня было-б поступу.
Бесстаронна трэба аднак-жа зьвярнуць увагу й на тое, што калі вартасьць навуковае спадчыны Карскага значная й сяньня, дык, як-бы парадаксальна гэта ні гучэла, але ў гэтым ёсьць доля й ня толькі ягонай заслугі. Часткава гэта вынік і тых гістарычна склаўшыхся абставінаў, пры якіх дзесяцігодзьдзі ўжо буйнае разьвіцьцё беларускае культуры, навукі, моваведы было брутальна спыненае, яе духовыя вартасьці, навуковыя ўстановы ды і самыя творцы прасьледваныя ды нішчаныя. У выніку ня было гістарычных магчымасьцяў паднятую Карскім працу разьвіваць далей, каб стварыць нешта больш абшырнае, грунтоўнейшае ды больш поўнае. Змарнаваныя гэтак для беларускай навукі ворныя гады сіламоц фактаў значна павышаюць нам сяньня вартасьць працаў Карскага беларусаведнае галіны.
6. Важнейшыя небеларусаведныя працы Карскага
Пакінутая навуковая спадчына Карскага ў іншых, небеларусаведных, галінах, значна меншая, але й там Карскі даў паважны ўклад. Пра ягоныя працы ў галіне палеаграфіі, асабліва пра падручную вялікую кнігу «Славянская кирилловская палеография», было ўспомнена ўжо раней, паколькі гэтая праца па сваім зарысаваным загалоўкам кнігі пляне абыймала й беларускую палеаграфію ды ў шмат чым аснована й на прыкладах з старое беларускае пісьменнасьці.
У выніку выкладаньня Карскім царкоўнаславянскае мовы, спачатку ў гімназіі ў Вільні, а посьле на ўнівэрсытэце, паўстала ягоная «Граматыка царкоўнаславянскае мовы», якая пачынаючы ад свайго першага віленскага выданьня 1888 году мела аж 19 усіх выданьняў, апошняе ў 1917 годзе.
У галіне расейскае літаратуры й моваведы мае Карскі побач шмат драбнейшых працаў, і гэткія большыя ды важнейшыя: працы пра «Архангельскае эвангельле», «Лісткі» Ундольскага, Лаўрэнцеўскі летапіс, праца «Русская диалектология» (1924, дзе абыймаецца і беларуская дыялекталёгія), важная праца «Очерк научной разработки русского языка в пределах СССР» (1926, дзе ізноўж ахопліваецца і беларуская мова). Апошняе і вельмі цэннае выданьне, гэга апублікаваная ў СССР у 1930 г. «Русская Правда по древнейшему списку», выданьне вельмі грунтоўнае ды на вышыні з навуковага гледзішча, у якім маем Карскага ўводзіны. Тэкст, поўную рэпрадукцыю, паясьненьні, паказальнікі аўтараў і лексыкі. Гэтая праца ў савецкай літаратуры залічаецца заўсёды ў «рускія працы Карскага», хоць «Руская праўда» памятка перадусім украінскае пісьменнасьці.
Існуюць драбнейшыя працы Карскага, што кранаюць і моваведныя пытаньні моваў украінскай, польскай ды нават паўдзённых славянаў дый кашубаў.
Сьветагляд Яўхіма Карскага
1. Пагляды моваведныя
Духова, як чалавек-грамадзянін і як вучоны, Яўхім Карскі складаўся й усталёўваўся ў апошняй траціне XIX ст. Пара гэтая й наклала сваё гістарычнае таўро на ягонай мэнтальнасьці, яго навуковых дый палітычных паглядах.
На полі моваведнае працы Карскі зьяўляецца ў часе, калі ў эўрапейскай філялёгіі ападала ўжо празьмернае захапленьне тэарэтычнымі рэканструкцыямі дагістарычных моўных працэсаў і формаў дый гіпатэтычных прамоваў-архетыпаў, што мелі існаваць тысячы гадоў таму — захапленьне, выкліканае паяваю «Прыраўнальнае граматыкі індагерманскіх моваў» Франца Боппа ў 1833 годзе. Моваведы тады ўсьведамілі ўжо сабе, што на тое, каб рабіць трапныя дапушчэньні аб дагістарычных працэсах дый формах мовы, найперш трэба пазнаць і добра вывучыць факты мовы гістарычныя, і, асабліва, мову сучасную ўва ўсім яе жывым багацьці дый усей дыялектнай разнароднасьці. На гэта асаблівы націск клала новае пакаленьне эўрапейскіх моваведаў канца XIX ст., г. зв. маладаграматыкі.
Вось у гэтым кірунку вялася тады ўжо сыстэматычная праца й на полі славянскае моваведы, асновы якой паклалі яшчэ на пачатку стагодзьдзя «патрыярхі» славянаведы — чэх Язэп Даброўскі дый ягоны вучань славенец Баўтрамей Капітар, а на мадэрныя навуковыя прынцыпы паставілі славенец Францішак Міклошыц дый харват Ватрослаў Ягіч, ягоны вучань, які выдаваў у Бэрліне чаcanic «Archiv fur slavische Philologie», дый стварыў там вядучы асяродак славянаведы.
Аўстрыйская Вена, цэнтар імпэрыі, у склад якой уваходзілі народы ўсіх трох славянскіх групаў — паўдзённай, заходняй і ўсходняй, — дый у якой тады панавала даволі лібэральная атмасфэра для навуковае працы, была блізу ідэальным месцам для разьвіцьця славянскае моваведы й славя наведы наагул. На славістычны моваведны аўтарытэт Міклошыца дый Вены арыентавалася моцна на пачатках свайго разьвіцьця й расейская моваведа, здольным гадунцом і выдатным працаўніком якое Карскі быў.
Настаўнік Карскага ў галіне філялёгіі, прафэсар Нежынскага Інстытуту Р. Брандт, сам выдатны ў сваю пару мовавед дый аўтар навукова важнага «Нарысу славянскае акцэнталёгіі» (1880), патрапіў прышчапіць свайму вучню новаўсьвядомленае зразуменьне навуковае вагі шырокае грунтоўнае фіксацыі, сыстэматызацыі й вывучэньня зьяваў паасобных моўных сыстэмаў, дый даў Карскаму дасканальнае навуковае падрыхтаваньне да выконваньня гэткага заданьня.
Гэга было вельмі важным для пазьнейшае моваведнае працы Карскага. Дзякуючы перанятаму ад прафэсара Брандта навыку да грунтоўнае й сыстэматычнае рэгістрацыі зьяваў мовы, Карскі пазьней і змог даць манумэнтальную манаграфію беларускае мовы ў сваіх «Беларусах». За наглядны прыклад-узор пры пісаньні гэтай манаграфіі напэўна паслужыла Карскаму колькітомная Міклошыцава «Прыраўнальная граматыка славянскіх моваў».
Свае агульныя пагляды на мову й сузалежнасьць яе разьвіцьця ад ходу гістарычных падзеяў дый ад характеру тэрыторыі дадзенага народу й прыроды краю, сам Карскі дае ў уводным абзацы ўводнага разьдзелу першага тому сваіх «Беларусаў» гэткімі словамі:
…мова разьвіваецца разам з пародам дый надлягае розным зьменам, зьвязаным зь пераменамі ў жыцьці самога народу. Гэтыя зьмены ў мовс залежаць ад расьсяленьня народу па розных краінах пры ягоным разрастаньні, дый ад тых вонкавых уплываў, над якія даводзіцца яму падпадаць у часе свайго самастойнага жыцьця. Ужо ў першую пару існаваньня таго ці іншага племені, фізычныя асаблівасьці занятае ім краіны так ці інакш адбіваюцца на выйрацаваныіі ягонага характару, які, у сваю чараду, накладае свой пэўны адбітак і на самую мову. Гэтая лучнасьць між моваю й прыродаю краю трывае нясупынна праз увесь час існаваньня народу. Прырода пакладае свой пэўны адбітак на народнае творства, змушаючы яго знаходзіць адпаведныя формы для выяўленьпя свае красы, свайго багацьця, ці — свае беднасьці. Напасьледак, і сам вонкавы ўплыў аднаго народу на іншы (спародиены ён ці далёк!), на ягоны быт, сьветаадчуваньне дый мову, знаходзіцца таксама ў цеснай залежнасьці ад прыроды краю: ад характару ягоных межаў, даступнасьці й спраўнасьці шляхоў спалучэньня; народ з адкрытымі натуральнымі межамі лягчэй падлягае вонкавым уплывам за той, у якога межы няпрыступныя. Словам, прырода мае вялікі ўплыў на ход жыцьця народу, на яго гісторыю, а разам з гэтым, і на разьвіцьцё мовы дый на зьмены ў ей; стуль само сабой стае зразумелым, што вывучэньне мовы неабходна папярэдзіць агульным нарысам аб фізычнай будове краю, занятага народам дый аб яго межах, з аднаго боку, а з другога — разгляд розных напластаваньняў у мове дый зьменаў у ей неабходна дапаўняць паказаньнем на тыя падзеі ў гістарычным жыцьці народу, якія давалі новы кірунак разьвіцьцю апошняга, ці, найменш, прысьпяшалі або тармазілі ягоны натуральны ход. Падобных спосабаў дасьледаваньня будзем трымацца й пры вывучэньні беларускага нарэчча (Б., I, 3–4).
З словаў вышэй прыведзеных бачна, што характер мовы народу Карскі моцна ўзалежніваў ад тэрыторыі й прыроды краю, дык меў падыход да мовы найперш «геаграфічны». На справу значэньня й вагі для філялёгіі вывучэньня беларускае мовы Карскі глядзеў гэтак:
…беларуская народная мова, якая доўгі час разьвівалася ў забытым і забітым народзе безь літаратурнага апрацаваньня, дый перахоўвала гэтак у сабе, як народныя гаворкі наагул, шмат старызны, важнай для разуменьня дзеючых у мове законаў лінгвістычных і псыхалягічных, зьяўляецца адным з важнейшых фактараў у вывучэньні рускай філялёгіі. У гэтым выпадку роля беларускага нарэчча ў гісторыі рускае мовы наагул, аналягічная ролі летувіскае мовы (што таксама доўгі час заставалася безь літаратурнага апрацаваньня) у індаэўрапейскай філялегіі наагул… (Б., III, 3, 181).
Аб мэце, якую Карскі стаўляў сабе пры вывучаньні беларускае мовы, ён у 1911 г. у прадмове да 2-ое кнігі II тому «Беларусаў» пісаў гэтак:
…мэтаю аўтара было найперш сабраць па магчымасьці ў паўніні факты старога заходнярускага языка й сучасных беларускіх гаворак, раскласьці іх на адпаведных разьдзелах й параграфах дый у меру магчымасьці даць ім выясьненьне, адиаведнае ўсталяваўшымся ў навуцы рускае моваведы паглядам. Шырокія абагульненьні, канчатковае выясьненьне гістарычных працэсаў у жыцьці рускіх моваў, як і дакладнае дый станаўкое ўстанаўленьне дачыненьняў беларускае мовы да расейскае й украінскае, па думцы аўтара, у гэтую пару яшчэ немагчымае, наколькі неабходна закопчыць дэтальнае распрацаваньне беларускае мовы й, апрача гэтага, трэба вычакаць паявы працаў, што ўсебакова разгледзяць моўны матар'ял расейскае й асабліва ўкраінскае мовы. Гіпатэзы, пабудаваныя тэарэтычна, дый апертыя па невялікі лік фактаў, часта прыпадковых, з часам могуць аказацца без гістарычнае пад сабою базы, і дзеля гэтага бязвартаснымі, тады як факты мовы ніколі ня згубяць свайго значэньня (Б., II, 2, 7).
Вось з вышэй прыведзенымі паглядамі дый мэтамі Карскі й прыступіў у канцы XIX ст. да вывучэньня беларускае мовы. На выніках гэтага вывучаньня заважыў моцна й той факт, што Карскі па сваім характеры як вучоны быў найперш руплівым зьбіральнікам і клясыфікатарам моўных зьяваў, а значна слабейшым навукоўцам-тэарэтыкам. Нейкіх важнейшых абагульненьняў-выснаваў Карскі не рабіў, ніякіх творчых гіпатэзаў ці тэорыяў не разбудоўваў. У паважнейшых моваведных пытаньнях ён наагул ішоў за аўтарытэтамі іншых, пры тым не за адным, а за колькімі. Гэтак галоўным аўтарытэтам Карскага ў пытаньнях фанэтыкі дый гісторыі мовы быў Шахматаў, у пытаньнях марфалёгіі — Сабалеўскі, у галіне сынтаксысу — Патэбня.
Гэтая малая самастойнасьць Карскага ў навуковай яго дзейнасьці была прычынаю таго, што расейская навуковая школа побач неблагое прыгатовы да навуковае працы, патрапіла навязаць Карскаму й некаторыя пагляды, гіпатэзы, канцэпцыі, якія ў ей тады акурат разбудоўваліся, а якія былі твораныя ня столькі на аснове навуковага асэнсаваньня пазнаных моваведных фактаў, колькі з практычных меркаваньняў і патрабаваньняў расейскае вялікадзяржаўнае ідэалёгіі.
Гэтак было з пашыраным афіцыяльным расейскім паглядам, што бёларуская мова наагул ня мова, а дыялект, «нарэчча», пры тым і як нарэчча яно не самастойнае, а адно зь вялікарускіх. Гэтак было й з творанаю гіпатэзай г. зв. «прарускага моўнага адзінства» трох усходнеславянскіх моваў яшчэ ў гістарычнуто пару дый іх паўстаньня пазьней шляхам расшчапленьня на тры асобныя галіны «прарускае мовы». Гэтак было й з называньнем усходнеславянскіх моваў мовамі «рускімі» дый тарнаваньня да беларускага народу азначэньня «племя».
Пэўне-ж, гіпатэтычная пара «прарускага» ці «общерускага» моўнага адзінства яшчэ ў гістарычныя часы была расейскім афіцыяльным кіруючым кругом імпэрыі так-жа пажаданая, палітычна выгадная й патрэбная, як і Карамзінаўская гістарычная канцэпцыя Кіеўска-Маскоўскае дзяржаўнае спадкаемнасьці й іх нацыянальнага адзінства. Вось гэтую «прарускую» гіпатэзу Карскі ня толькі прыняў за сваю, але намагаўся яе пашырыць на гістарычную пару разьвіцьця беларускае мовы.
Трэба прызнаць, што ў пару паявы Карскага як дасьледніка беларускае мовы, у другой палове XIX ст., і самыя пагляды расейскіх моваведаў на беларускую мову, на яе месца сярод іншых славянскіх моваў, на яе паходжаньне дый межы займанае ею прасторы былі вельмі няясныя, блытаныя, супярэчныя. Гэга часткова вынікала й з таго, што й у справе падзелу ўсходнеславянскіх моваў дый іхных дыялектаў, а таксама іх паходжаньня, сярод тагачасных славістых-моваведаў ня было аніякое аднадумнасьці.
Гэтак, у часе пісаньня Карскім ягонае першае працы «Обзора звуков и форм белорусской речи», г. зн. у сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя, у пытаньні пра месца беларускае мовы сярод іншых усходнеславянскіх моваў дый дыялектаў, Карскі быў пастаўлены перад гэткімі трыма рознымі дый супярэчнымі альтэрнатывамі:
1. Беларуская мова — гэта падмова гутаркі вялікарускай. Пагляд, якога трымаліся галоўна І.І. Сразьнеўскі й А. А. Патэбня. Канкрэтна ўважалася, што беларуская мова была падмоваю паўдзённага вялікарускага дыялекту, дыялекту, які мае значны лік супольных асаблівасьцяў зь беларускаю мовай.
2. Беларуская мова — гэта падмова гутаркі маларускай (украінскай). Пагляд Міклошыца дый Аганоўскага.
3. Беларуская мова — такая-ж самастойная, як і вялікаруская дый маларуская. Становішча М. Надзеждзіна дый М. Максімовіча. Надзеждзін уважаў, што спачатку наагул былі толькі дзьве ўсходнеславянскія мовы: беларуская, ці балтыйская, і маларуская, ці пантыйская. Мова-ж расейская — вялікаруская — гэта ўжо навейшы твор, што паўстаў зь дзьвёх напярэдніх шляхам скрыжаваньня на новакалянізаваных прасторах. Пры тым, паўдзённавялікарускі дыялект паўстаў галоўна на аснове беларускай, а паўночнавялікарускі на аснове маларускай. Гэтая г. зв. пантыйска-балтыйская тэорыя нядаўнага паўстаньня вялікарускіх дыялектаў, апублікаваная Надзеждзіным у пачатку 40-х гадоў мінулага стагодзьдзя, у сваю пару сярод расейскіх моваведаў выклікала жывую дыскусію. (Nadezdin М. Mundarten der russischen Sprache // Jahrbucher der Literatur. Wien, 1841).
Пастаўлены перад гэткім моўным разнабоем на самых пачатках свае навуковае кар'еры Карскі ў «Обзоре звуков и форм белорусской речи» заяўляе, што ён ня прыхіляецца да ніводнага з гэтых паглядаў. За сваё становішча ён затое прыймае чацьвертую канцэпцыю, высказаную П. Жыцецкім, якая кажа, што беларуская мова — вялікарускі дыялект, але дыялект незалежны, раўнаважны. Як бачым, становішча гэтае — гэта толькі мадыфікацыя першага пагляду. У ім толькі націск кладзецца на самастойнасьць дый раўнапраўнасьць беларускае гутаркі сярод вялікарускіх дыялектаў.
Свае становішча ў гэтым пытаньні Карскі 8 гадоў пазьней паўтарыў яшчэ раз у тэзах да свайго магістэрскага диспуту на Варшаўскім унівэрсытэце 24 кастрычніка 1893 г. Пяць тэзаў гэтага дыспуту, што тычыліся беларускае мовы, з усіх 9-ці, мелі гэткую фармулёўку (Б., I, 424):
4. Беларуская мова, гэта адно зь вялікарускіх нарэччаў, раўнасільнае паўмочнавялікарускаму й паўдзённавялікарускаму.
6. Паасобныя асаблівасьці сучаснага беларускага нарэчча часта паяўляюцца з XIII ст., наогул-жа яны не маладзейшыя за XV ст.
7. Літаратурная мова старых заходнярускіх памятак апрача стыхіі беларускай мае ў сабе яшчэ элемэнты царкоўпаславянскае й польскае мовы, а таксама маларускага нарэчча.
8…можна сказаць, што чужыя ўплывы ў заходнярускай мове выявіліся галоўна па лексычным складзе, і толькі ў вельмі нязначнай ступені на гуках і формах.
9. Асаблівасьці жывое беларускае мовы разьвіліся, праўдападобна, самастойна, без пасярэдніцтва суседзяў.
Хоць Карскі сваё цьверджаньне аб тым, што «беларуская мова гэта адно зь вялікарускіх нарэччаў», паўтарыў у пачатках свае навуковае дзейнасьці найменш двойчы, у «Обзоре звуков и форм белорусской речи» падчас магістэрскага экзаміну, дык, як адмеціў гэта ў 1916 г. Шахматаў, «цьверджаньне гэтае не знайшло сабе разьвіцьця ў далейшых працах аўтара». І запраўды, тэзы гэтае Карскі ў сваей пазьнейшай навуковай працы над беларускаю мовай ніколі не абгрунтоўваў, не разьвіваў, не даводзіў.
Зусім наадварот. З паасобных выказваньняў Карскага відавочна, што эвалюцыя ягоных паглядаў на месца беларускае мовы сярод моваў усходнеславянскіх, ішло ў іншым кірунку. Ужо ў «Обзоре звуков и форм белорусской речи» з 1885 году, атакуючы пагляд, што мова беларуская — падмова іншых, Карскі з усім свомым маладому філялёгу імпэтам накідаецца на цьверджаньне, што беларуская гутарка — падмова паўдзённавялікарускай. Між іншым, ён кажа: «…падобнасьць беларускага нарэчча з паўдзённавялікарускім… давядзецца тлумачыць перайманьнем, толькі пераймалі не беларусы ў паўдзённых вялікарусаў, а якраз наадварот. Так што лепш было-б казаць — не беларусы галіна паўдзённавялікарусаў, а наадварот…» (156). І на гэта Карскі дае далей пераконваючыя довады. А дзеля гэтага (158): «…беларускае нарэчча павінна ўважацца за самастойнае: спалучэньне яго характэрных асаблівасьцяў не паўтараецца ані ў воднай славянскай мове…»
Гэтае цьверджаньне Карскага, хоць яно й мела служыць абароне тэзы пра самастойнасьць беларускае мовы ўсяго як дыялекту, аднак-жа ў сваей фармулёўцы «спалучэньне характэрных асаблівасьцяў» беларускае гутаркі «не паўтараецца ані ў воднай славянскай мове», гучыць яно скарэй як маніфэст поўнае самастойнасьці й раўнавартасьці беларускае мовы ў сям'і іншых славянскіх. Гэта напэўна было й аднэй з прычынаў таго, што, як сам Карскі сьветчыць у «Беларусах», ягоная «дысэртацыя была вельмі прыхільна сустрэтая беларускімі навукоўцамі й студыюючай моладзяй» (Б., III, 3, 153).
Існавала ў першай навуковай працы Карскага й другая, кардынальнай вагі, нутраная супярэчнасьць. Хоць, адваяваўшы ў «Обзоре звуков и форм белорусской речи» беларускай мове «раўнасільную» пазыцыю, Карскі фармальна пакідаў яе ўсё-ж яшчэ ў рамках вялікарускіх дыялектаў, дык фактычна, сьведама ці не, але сваей аргумэнтацыяй ён разбураў самую лягічную базу для лучэньня беларускае мовы зь вялікарускаю наагул. Каб аб гэтым пераканацца, трэба зьвярнуць увагу на тое, што ўсе цьверджаньні аб прыналежнасьці беларускае мовы да вялікарускіх дыялектаў aпіраліся на ведамым факце існаваньня значнага ліку супольных асаблівасьцяў у гутарках беларускіх і паўдзённавялікарускіх. Аб супольнасьці беларускае мовы з паўночнавялікарускім окаючым дыялектам ніхто звычайна й ня думаў. Карскі, разьбіваючы сваімі аргумэнтамі ўсякую залежнасьць і паходжаньне беларускае мовы ад паўдзённавялікарускага дыялекту ніштожыў гэтым і адзіную падставу для цьверджаньня аб прыналежнасьці беларускае мовы да сям'і вялікарускіх гаворак наагул, і гэтым самым фактычна падмуроўваў пагляд Надзеждзіна дый Максімовіча аб поўнай самастойнасьці беларускае мовы.
Хоць у сваей далейшай навуковай дзейнасьці Карскі не разьвівае, ані фармальна не адклікае свае магістэрскае тэзы: беларуская гутарка — адзін з раўнасільных дыялектаў гутаркі вялікарускай, аднак-жа практычна пазьней ён пачынае трактаваць яе як мову цалкам роўную вялікарускай і ўкраінскай гутаркам, хоць — не расейскай літаратурнай мове, якую ён уважаў за супольны здабытак усіх трох усходнеславянскіх моваў, якая дзеля гэтага, паводле Карскага, й павінна заставацца ў ролі супольнае «вышэйшае» літаратурнай мовы для ўсіх трох славянскіх народаў.
Выглядае, што Карскі найперш, і даволі рана, заўважыў, што ў ягоную схему: беларуская мова — вялікарускае нарэчча, — ніяк не даецца ўкласьці старую беларускуто літаратурную мову, як мову высака ў сваю пару разьвітую, мову шырокага дзяржаўнага ўжытку ў ВКЛ, і ні ў якім выпадку не «нарэчча» наогул. Ужо ў сваім рэфэраце да Віленскага Археалягічнага Зьезду 1893 г. аб старой беларускай літаратурнай мове Карскі пісаў:
Старое заходнярускае нарэчча, будучи моваю вуснага карыстаньня адукаванага тагачаснага грамадзянства, увесь час апіралася на мову простата народу мясцовага беларускага племені. У выніку гэтага, дзеля наяўнасьці ў ім элемэнтаў беларускае мовы, і называць яго трэба беларускім языком, дадаючы хіба для адрозьненьня ад сучаснага беларускага нарэчча назву старога.
Аднак-жа 25 гадоў пазьней, у кніжцы «Белорусская речь» з 1918 г., беларускую сучасную мову Карскі, прынамсі ў яе паходжаньні, лучыць яшчэ з дыялектамі вялікарускімі. На гэта зарэагаваў тады востра Язэп Лёсік у «Вольнай Беларусі» (№ 29, 1918 г.) словамі: «…чытаючы глядзіць на беларускую мову, як падмову маскоўскага языка… Ён яшчэ да гэтага часу разглядае беларускую мову, як некага блуднага сына, адшчапенца, каторы доўгі час бадзяўся па чужыне й папсаваў сваю мову».
Словы гэтыя моцна задзелі Карскага. У апошняй кнізе сваіх «Беларусаў» ён пагляды Я. Лёсіка й падобныя ўважае за «ня вытрымваючыя ніякую філялягічную крытыку». Аб самой-жа заўвазе Лёсіка ён адзываецца: «Слова „русскій язык“ у яго раўнасільна з „московскій“; у беларускім нарэччы яму хацелась-бы бачыць ледзь не раданачальніка ўсіх рускіх языкоў».
Пад уплывам крытыкі Лёсіка ці не, але калі праз год Карскі чытаў у Вільні рэфэрат аб беларускай мове для слухачоў беларускіх настаўніцкіх курсаў, выказваў ён аб беларускай мове ў іншы ўжо спосаб, як у сваіх публікацыях. Пра гэты рэфэрат віленская беларуская «Крыніца» з 7 верасьня 1919 г. № 3 памясьціла гэткую зацемку:
2 верасьня, у беларускай гімназіі, прафэсар Карскі прачытаў лекцыю аб беларускай мове. Лекцыю закончыў вывадамі, што мова наша — ня гутарка якая, але мова так як і ўсе іншыя, што дзеля гэтага яна мае зусім роўнае права між суседнімі й далёкімі мовамі. Лекцыя была прадусім назначана для беларускіх вучыцялёў-курсантаў, апрача гэтых, было многа гасьцей.
Пяць гадоў пазьней, у 1924 г., выходзіць кніжка Карскага «Русская диалектология». У ей (на бачыне 83) Карскі падчырквае ўжо арыгінальнасьць «гістарычна ўжо даўно склаўшагася» арганізму беларускае мовы. Зь вялікарускімі дыялектамі ён яе ўжо зусім, і па паходжаньні, ня лучыць. Але азначэньне «нарэчча» да беларускае мовы й далей захоўвае, у адваротнасьць сказанаму перад беларускімі настаўнікамі на рэфэраце ў Вільні. «Нарэччам» называе беларускую мову Карскі й раней, у 1922 годзе, у апошняй кнізе «Беларусаў». Толькі на колькі гадоў перад сваей сьмерцяй, прыблізна ад 1928 году, Карскі пераходзіць у канцы ад «нарэчча» дый «племя» да тэрміналёгіі «беларуская мова», «беларускі народ».
Дык толькі тады завяршылася вельмі павольная, як бачым, эвалюцыя паглядаў Карскага ў справе самастойнасьці беларускае мовы.
Дый у канцы XIX ст. расейскія моваведы ня толькі намагаліся ахапіць у абсяг мовы расейскую сучасную беларускую мову. Ішла праца й над тым, каб давесьці адзінства беларускае й украінскае мовы з расейскаю й у даўнейшую гістарычную й дагістарычную пару. Для гэтай мэты творыцца адмысловая гіпатэза пра існаваньне супольнае некалі г. зв. «прарускае» мовы, зь якое пазьней мелі паўстаць, шляхам яе расшчапленьня, тры сяньняшнія ўсходнеславянскія мовы.
Карскі, калі ў 1885 г. пісаў свой «Обзор звуков и форм белорусской речи», беларускія моўныя асаблівасьці выводзіў ён яшчэ толькі з праславянскае мовы. Гіпатэза аб прарускай мове тады расейскімі моваведамі яшчэ ня была сканструяваная. Але пазьней гіпатэтычную «прарускую» моўную супольнасьць Карскі прымае за навуковы канон і, апісваючы зьявы беларускае мовы ў сваіх «Беларусах», ён ужо намагаецца выводзіць іх з гіпатэтычных «прарускіх» гукаў і формаў. (РФВ, № 2, 1914, бач. 638). Гэтае «прарускае» гіпотэзы Карскі трымаецца бадай да канца свайго жыцьця, арыентуючы на яе свае працы. Ведамая рэч, што падобныя гіпатэтычныя моўныя супольнасьці ў дагістарычную пару дапускаліся спачатку моваведамі для заходніх дый паўдзённых славянскіх моваў. Дый хутка яны тамка былі адкінутыя, паколькі ім супярэчылі існуючыя факты мовы.
Карскі, прыняўшы гіпатэзу даўнейшай «общерусской» моўнай супольнасьці для трох усходнеславянскіх моваў, разам стаў і на становішчы, што супольнасьць гэтая мусіла існаваць яшчэ ў гістарычную пару. Паводле яго, толькі ад нейкага XIII стагодзьдзя пачалося выдзяленьне паасобных усходнеславянскіх моваў. З гэтага быў роблены й выснаў, што й зараджэньне беларускіх моўных асаблівасьцяў дый паўстаньне беларускае мовы трэба аднесьці на час ранейшы XIII ст.
Выдатны расейскі мовавед і сучасьнік Карскага, Шахматаў, які й сам трымаўся прарускае гіпатэзы, аднак-жа ўжо ў 1894 годзе пісаў: «Гісторык застае рускае племя жывучае ўжо далека ня супольным жыцьцём на ўсім ім занятым прасторы: „общерусская“ эпоха гэткім чынам гісторыку недаступная». З гэтых словаў бачым, што Шахматаў усьведамляў сабе добра, што месца для «прарускай» гіпатэтычнай мовы ў гістарычную пару няма. Калі яна наагул існавала, дык магла існаваць толькі ў часы дагістарычныя. Гісторыя-ж на прасторах усходняе Эўропы застае ўжо жывыя гаворкі трох усходнеславянскіх моваў з разьвітымі ў іх у сваей аснове галоўнымі характэрнымі асаблівасьцямі. Праруская-ж супольнасьць — чыста тэарэтычная канцэпцыя, на пацьвярджэньне якое гісторыя нам фактаў не дае.
І хоць гэтыя сьцьверджаньні Шахматава, друкаваныя ў РФВ, Карскі напэўна чытаў, у сваей працы над беларускаю мовай ён выходзіў спачатку аднакжа зь іншага пагляду, а пайменна, што «праруская» пара — зьява даволі позная, што гэта факт гіcmaрычны. Сваей «прарускай пары» Карскі намагаўся рабіць месца й у гісторыі беларускае мовы. Дзеля гэтага пару зараджэньня й сфармаваньня беларускіх моўных асаблівасьцяў Карскі стараўся адсоўваць як мага на пазьнейшую пару — на XIII ст., а нават i на XIV. У выніку тэндэнцыі даводзіць на прыкладзе беларускае мовы гістарычнае яшчэ існаваньне «прарускага адзінства», Карскі пападае ня раз у яўную супярэчнасьць з моўнымі фактамі.
З факту, прыкладам, што памятак пісьменнасьці ў Беларусі з XI–XII ст. вельмі мала, а дзеля гэтага аб беларускіх асаблівасьцях мовы гэтае пары маем ня шмат вестак, Карскі адразу робе выснаў, што беларускіх асаблівасьцяў моўных тады й ня было, або што яны былі яшчэ толькі ў зачатках, дый што гэта й была «общерусская» пара. У дадзеным выпадку Карскі нейк забываецца пра тое, што беларускія моўныя асаблівасьці ў памятках пісаных традыцыйным, перанятым з царкоўнаславянскае мовы, правапісам маглі толькі з трудам адбівацца ў іх наагул, асабліва ў добра адукаванага пісца.
Сам Карскі прызнае, што аканьне ці дзеканьне ў кнігах Скарыны, або ў Статуце ВКА, цяжка знайсьці дзеля той простай прычыны, што гэтыя друкі праходзілі праз рукі высокаадукаваных выдаўцоў. Дый ён пра гэта адразу забываецца, калі падыходзіць да разгляду памятак беларускае пісьменнасьці, прыкладам, з XII ст.
З рэдкага выступаньня аканьня ці іншых беларускіх моўных асаблівасьцяў у той ці іншай старой беларускай памятцы пісьменнасьці цьвердзіць, што іх тады й зусім ня было, ці былі яны яшчэ толькі ў зачатках — дапушчэньне вельмі памылковае. Пры гэткім падыходзе лёгка можна было б даводзіць, што аканьня, прыкладам, ня мае й сучасная літаратурная расейская мова, паколькі ў расейскім друку, дзеля прынятага правапісу, аканьня гэтага ня відаць. Ведамы таксама факт, што зьбіральнікі беларускага фальклёру канца XIX ст., якія запісы рабілі расейскім правапісам, у сваіх запісах зусім не перадавалі ні беларускага аканьня-яканьня, ні дзеканьня-цеканьня, ні шмат іншых фанэтычных асаблівасьцяў. Гэтак быў выдадзены ў 1780 г. й ведамы Насовічаў слоўнік. Абапіраючыся на гэткія, вось, запісы можна было-б цьвердзіць, што беларусы й у канцы XIX ст. ня акалі, ня дзекалі, а перажывалі яшчэ шчасьлівую «общерусскую» эпоху расейскіх моваведаў.
Факт сяньня бясспрэчна ўстаноўлены, што калі ў Статуце ВКЛ, у Скарынавых друках, ці і значна ранейшых пісьменных беларускіх памятках веку XIV, XIII дый і даўнейшых, сустракаем словы напісаныя 'вода', 'день', дык беларускія прашчуры іх і тады чыталі 'вада', 'дзень', бо нашыя прадзеды ў тую пару акалі хіба ня горш за нас. На гэта існуюць тысячы дый пэўных довадаў хоць-бы й у памятках пісаных менш у пісьме навытаранымі асобамі, як Скарына ці выдаўцы Статуту. Хоць дакладная беларуская вымова гэнай пары нам сяньня ў сваіх драбніцах й ня ведамая, але, як правіла, можна прыняць, што сяньняшняя беларуская вымова куды бліжэйшая тагачаснай, чым сучасны беларускі правапіс правапісу старое беларускае літаратурнае мовы.
Вось, хоць усе гэтыя факты Карскі як мовавед, што дакладна вывучаў старую беларускую мову, ведаў, дык усё-ж пад уплывам прынятае згары канцэпцыі паяву беларускіх моўных асаблівасьцяў ён намагаўся абмежыць у часе, каб і ў гісторыі беларускае мовы даць месца дыхнуць і сваей «прарускай супольнасьці». Цьвердзіць ён, прыкладам, што «сучаснае беларускае аканьне разьвілося каля XIV ст.», хоць яно выразна выступае ў надпісе на крыжы сьв. Афрасіні Полацкае з 1161 г., г. зн. у сярэдзіне XII ст., не гаворачы ўжо аб недатаваным Супрасьльскім рукапісе з XII ст. У супярэчнасьць сваімжа цьверджаньням Карскі ў I томе «Беларусаў» мусіў прызнаць факт існаваньня ў беларускай мове гуку [h] найпазьней ужо ў X ст., хоць быў ен у ёй напэўна і яшчэ значна раней.
Летувіскі мовавед К. Буга ў 1924 г. апублікаваў працу «Летувіска-беларускія дачыненьні й іхні час» (Die litauisch-weissrussischen Beziehungen und ihr Alter // Zeitschritt fur Slavische Philologie. Leipzig, 1924, бач. 26–55). У гэтай працы дадзена шмат прыкладаў аб перайманьні беларускіх фанэтычных і марфалягічных асаблівасьцяў у летувіскую мову разам з запазычанымі беларускімі словамі яшчэ з дагістарычнае пары. У сваей рэцэнзыі на гэту працу Карскі піша: «Праца вельмі цікавая… Дарма толькі беларуская эпоха пачынаецца ледзь не з праславянскай. Запраўдныя беларускія асаблівасьці наўрад ці можна бачыць раней XIII ст.» (ИОРЯС, Т. XXIX. Культурные завоевания русского языка в старину на западной окраине его области, бач. 5). На гэтых сваіх сумлівах Карскі аднак-жа й затрымліваецца. Ніякіх канкрэтных довадаў няправільнасьці пададзеных Бугаю прыкладаў, фактаў і ягоных выснаваў, апертых на іх, Карскі не падае.
Карскі сударагава трымаўся прарускае гіпатэзы дый намагаўся даводзіць, што беларуская мова была ў ей яшчэ й у XII ст., і ў сярэдзіне дваццатых гадоў, тады, калі іншыя расейскія моваведы яе ўжо пакідалі, адкідалі, а найменш час яе адсоўвалі ў дагістарычную пару. Шахматаў тымчасам пасьпеў ужо дайсьці да выснаваў, што сучасныя ўсходнеславянскія мовы паўсталі зусім ня шляхам расшчапленьня на тры гіпатэтычнае прарускія мовы, а наадварот, шляхам аб'яднаньня ў паасобныя групы тых дыялектычных гаворак, што існавалі на прасторах усходняе Эўропы яшчэ з дагістарычнае пары.
Пад уплывам, відаць, такіх паглядаў Шахматава позна, але пераглянуў наканец у гэтым пытаньні свае пагляды й Карскі. У працы з 1924 г. «Русская диалектология» ён ужо не гавора, што беларуская мова адшчапілася ад прарускае, але кажа, што беларуская гутарка склалася паступова з мовы тых даўных плямёнаў, якія ляглі ў аснову беларускае народнасьці, пайменна: «дрыгавічы, радзімічы, полацкія і смаленскія крывічы, якія ізноў-жа асымілявалі сабе мясцамі севяранаў вяцічаў і нават некаторыя балцкія плямёны» (бач. 81).
Але й зрабіўшы такое сьцьверджаньне дый падчыркнуўшы ў той-жа сваёй «Русской диалектологии» арыгінальнасьць «гістарычна ўжо даўно склаўшагася» арганізму беларускае мовы, Карскі ў той-жа працы мову гэтую ўсё яшчэ мянуе тэрмінам «нарэчча», а ня мовы. Толькі яшчэ чатыры гады пазьней Карскі пераходзіць у канцы да тэрміналёгіі «мова» заміж «нарэчча».
Чаму ён трымаўся доўга «нарэчча», з гэтага тлумачыўся Карскі ў 1928 г. у праскай «Славіі», калі рэцэнзаваў апублікаваныя тымчасам Інбелкульт у Менску «Працы Акадэмічнае канфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу й азбукі». Адпаведныя заўвагі Карскага ў рэцэнзыі былі выкліканыя памешчаным у «Працах» рэфэратам Некрашэвіча «Сучасны стан вывучэньня беларускае мовы», што быў чытаны на Акадэмічнай канфэрэнцыі. У рэфэраце гаварылася:
Карскі сваімі грунтоўнымі й усебаковымі працамі па дасьледаваныно беларускае мовы робіць цэлую эпоху ў справе вывучэньня беларускае мовы. Дзякуючы яго капітальным працам, беларуская мова высьвятляецца як мова самасгойнага значэньня, што жыве па сваіх асобных моўных законах і па свайму значэньню роўна вялікарускай і ўкраінскай мовам. Праўда, у сваіх нрацах акад. Е. Карскі яшчэ не перастае называць беларускую мову «нарэччам русскаго языка»… (Бач. 48).
На гэта Карскі, відавочна крануты пахвалою Некрашэвіча ня менш, як ягоным дакорам, піша ў «Славіі»:
Даклад Некрашэвіча заўвагаў ня выклікае. Хіба толькі належыць успакоіць дакладчыка, што «нарэчча» тарнаванае да беларускае мовы мае такое-ж значэньне, як і ў сваім тарнаваньні да вялікарускае, г. зн. яно абазначае, што гэтыя абодва нарэччы патомкі аднаго (хоць бы і фікцыйнага) прарускага языка, як гэты апошні разам з другімі славянскімі мовамі быў нарэччам праславянскае мовы. Палітычнага значэньня гэты тэрмін мець ня можа, наколькі цяпер, як і ўдалёкім мінулым, беларуская мова зьяўляецца літаратурньім языком, здольным выражаць разумовыя, духовыя й палітычныя патрэбы народу.
Гэтае тлумачэньне Карскага цікавае з колькі гледзішчаў: і сваім мала пераконваючым паясьненьнем, чаму беларуская мова ў яго «нарэчча», і прызнаньнем усяе фікцыйнасьці гіпатэтычнага «прарускага языка», і пагадненьнем з пазыцыяй беларускае мовы як раўнапраўнага літаратурнага языка, «здольнага выражаць… патрэбы народу» цяпер і ў мінулым, што Карскі яшчэ ў апошняй кнізе сваіх «Беларусаў» у 1922 г. сучаснай беларускай мове адмаўляў. У сваей істоце гэтае «ўспакаеньне» Некрашэвіча Карскім — яўнае прызнаньне памылковасьці ўсіх сваіх аснаўных папярэдніх навуковых канцэпцыяў, дый грунтоўная пераарыентацыя ў ключавых сваіх паглядах аб беларускай мове.
У тым-жа артыкуле Карскі падае свае думкі й у справе прапанаваных на канфэрэнцыі зьменаў правапісу дый абэцэды, дый наогул у справах тамка закранутых. Як ня раз раней, Карскі і цяпер выказаўся супроць лацініцы ў беларускім пісьме, супроць назоваў 'крывіч', 'крывіцкі', супроць мяккага 'ль' у правапісным перадаваньні чужых словаў (філалогія, а не філялёгія).
Пры гэтай нагодзе Карскі паўтарыў яшчэ раз і свой пагляд, што «ўмеркаваная акаючая мова… больш мэлядыйная за моцна акаючую», хоць побач, на дзіва, ён за поўнае аканьне ў правапісе чужых словаў, гэта значыць за пісаньне 'геаграфія', 'этнаграфія', 'канфэрэнцыя', а не 'географія', 'этнографія', 'конфэрэнцыя'.
Толькі ад гэтае пары, у колькі сваіх апошніх друкаваных працах, Карскі закідае ўжо ўжываньне ранейшае свае тэрміналёгіі 'беларускае нарэчча', 'беларускае племя', 'рускія мовы', 'заходняруская мова', дый пераходзіць да тарнаваньня тэрміналёгіі 'беларуская мова', 'беларускі народ', 'усходнеславянскія мовы'.
Трэба адмеціць, у характеры Карскага было ўжо, што прызнавацца да памылковасьці сваіх ранейшых паглядаў ён ня любіў, з гэтым ён ніколі не сьпяшаўся. Фармальна ён часта трымаўся сваіх старых дапушчэньняў гадамі й пасьля таго, як поступ навуковага дасьледаваньня іх даўно і яўна ўжо адкінуў. Падобна было, між іншым, і з зарысаванымі Карскім межамі беларускага этнаграфічнага, а дакладней — моўнага прастору.
Першы раз Карскі апублікаваў сваю «Этнаграфічную карту беларускага племені» ў 1903 г. Уражвае ў ей тое, што хоць яна была апрацаваная й моваведам, аднак-жа можныя межы на ей дзіўна моцна супадалі з падобнымі-ж межамі, вытычанымі гадоў 30 перад тым зусім ня моваведам, афіцэрам расейскага генэральнага штабу Рыттыхам. Карта Карскага ад карты Рыттыха, апублікаванай у 1875 г., розьніцца паважней толькі тым, што Карскі ў беларускі этнаграфічны прастор ня ўлучае Сувальшчыны, хоць у Рыттыха яна беларускімі межамі ахопленая, творачы гэтак памост зь Беларусі ў Усходнюю Прусію. Усе-ж іншыя межы, праведзеныя Карскім, блізу цалком супадаюць зь межамі Рыттыха. Заходняе Палесьсе-Берасьцейшчына дый Піншчына — на абедзьвюх картах застаюцца па-за межамі беларускага этнаграфічнага прастору. З факту гэтага трэба зрабіць дапушчэньне, што пры праводжаньні сваіх межаў
Карскі апіраўся моцна на гатовую ўжо існуючую карту Рыттыха.
Дзівіцца мо гэтаму шмат і ня трэба. Прастор беларускае мовы ня гэткі малы й вызначыць надежна яго межы аднаму чалавеку, нават і моваведу, заданьне нялёгкае. Тым больш, што межы гэтыя на паўдні, усходзе дый наўночным усходзе вельмі нявыразныя дзеля існаваньня г. зв. переходных моўных палосаў між гаворкамі беларускімі дый расейскімі й украінскімі. А ў пару ўкладаньня карты Карскім дыялекталёгія дый лінгвістычная геаграфія на прасторах усходняе Эўропы былі яшчэ толькі ў зачатках свайго разьвіцьця.
Калі гадоў дзесяць пазьней Маскоўская Дыялекталягічная Камісія ў складзе М. М. Дурнаво, М. М. Сакалова і Д. М. Ушакова правяла дакладнейшае дыялекталягічнае вывучэньне памежных беларуска-расейскіх прастораў, дык яна й выявіла шырокія палосы г. зв. переходных беларуска-расейскіх гаворак, якія ў існасьці былі прасторамі беларускае моўнае асновы з пазьнейшымі расейскімі наслаеньнямі. Маскоўская Дыялекталягічная Камісія пераходныя прасторы на ўсходзе й поўначы адзначыла, дый межы беларускае мовы, у прыраўнаньні да межаў Карскага, значна тамка пашырыла. Хоць падобных дасьледваньняў на паўдні, на беларуска-ўкраінскім моўным памежжы МДК й не праводзіла, але зь яе працаў на ўсходзе й поўначы, па аналёгіі, вынікала, што падобнае палажэньне маем і на паўдні; у першую чаргу на абшарах заходняга Палесься, якое Карскі таксама не абыймеў у беларускія моўныя межы.
Вынікі свае працы з адпаведнаю картаю МДК апублікавала ў 1915 г. Яна Карскаму была ведамая, ён яе рэцэнзаваў у сваім РФВ. І ўсё-ж, выдаючы сваю «Этнаграфічную карту беларускага племені» колькі разоў нанава ў гадох 1917–1920, вынікі дыялектаграфічных досьледаў МДК Карскі ігнаруе, межы на сваей карце зьмяняе толькі ў драбніцах. Пры тым трэба адцеміць, што сам Карскі беларускасьць этнічную, калі ня моўную, «пераходных» прастораў добра сабе ўсьведамляў Яшчэ ў 1902 г. у сваім артыкуле «К вопросу об этнографической карте белорусского племени» ён пісаў:
тыя жыхары калускага й арлоўскага Палесься, каторыя гавораць паўдзённавялікарускаю гаворкаю, аднесеныя да паўдзённавялікарусаў, хоць іхныя продкі бяз сумліву былі беларусамі. («К вопросу об этнографической карте белорусского племени». ИОРЯС. 1902. Т. VII. Кн. 3. Бач. 219).
Дык межы Карскага на ягонай «Этнаграфічнай карце беларускага племені» не адказвалі ў запраўднасьці ані «этнаграфічнаму», г. зн. этнічнаму, ані моўнаму стану. Падобна было й з дыялектычнаю картаю Карскага, што была памешчаная ў І-м томе «Беларусаў». Азначыць дакладней беларускія дыялекты дый іхнія межы Карскаму таксама не ўдалося. Абумоўлена гэта было ў вялікай меры фактам слабога разьвіцьця гады беларускае дыялектаграфіі.
Цікава адцеміць, што папярэднік Карскага ў навуковай працы над беларускаю мапаю, Недзяшоў, у сваей працы «Исторический обзор важнейших звуковых и морфологических особенностей белорусских говоров» з 1884 г. мову Пскоўшчыны залічаў да беларускіх гаворак, значыцца, як паказалі пазьнейшыя досьледы МДК дый іншых расейскіх моваведаў, азначаў моўны беларускі прастор на поўначы правільней за Карскага. БНР карты Карскага ня прызнала за правільныя.
На заканчэньне трэба адцеміць слабы бок Карскага як моваведа й дзеля нязнаньня ім балцкіх моваў. Сярод моваведаў існуе пагаворка, што калі хочаш грунтоўна вывучыць мову дадзенага народу, дык найперш пазнай добра мову яго суседзяў, бо суседнія мовы заўсёды ўзьдзейнічаюць адна на другую, і, ведаючы іх, можна выкрыць уплывы суседняе мовы й гэтак выясьніць некаторыя моўныя зьявы, якія інакш заставаліся-б незразумелымі.
Суседнія беларускай славянскія мовы Карскі, ведама, знаў, але моваў балцкіх, як і ўсе нашыя дасюлешнія моваведы, на жаль ня ведаў. У выніку ягоныя публікацыі аб беларуска-балцкіх моўных дачыненьнях і ўзаемнаўплывах з навуковага гледзішча не даюць нічога свайго арыгінальнага. Гэта ссумаваньне толькі й паўтарэньне фактаў падцемленых дый пададзеных іншымі моваведамі — Брукнэрам, Карловічам, Развадоўскім, Герулісам, Бугаю. Дзеля гэтага й важнейшыя адкрыцьці ў галіне беларуска-балцкіх моўных сузалежнасьцяў парабілі іншыя, той-жа Развадоўскі, Буга, а нават — француз Вайлян, які даў важнае навуковае выясьненьне, якое робе няістотным штучна канструяваную Шахматавым тэорыю, якая намагалася давесьці расейскае паходжаньне беларускага аканьня.
2. Пагляды Карскага ў галіне літаратуры
Беларускаю літаратураю Карскі мусіў цікавіцца ў тракце свайго вывучэньня беларускае мовы, паколькі ў памятніках пісьменнасьці, літаратурных творах дый народным творстве найлепш і адбіваецца мова дадзенага народу. У выніку паўстаў III том «Беларусаў», адведзены нарысу гісторыі беларускае літаратуры, нарыс, які па сваей апісовай дэтальнасьці, па шырыні прыцягнутай літаратуры, дый самымі ўжо сваімі памерамі, і сяньня ня мае сабе роўных. Тры кнігі III тому «Беларусаў» складаюць разам каля 1300 бачынаў друку, з чаго на агляд народнага творства прыпадае 500 бачынаў, а больш 700 прыдзелена гісторыі старой і новай літаратуры. Усе існуючыя сяньня нарысы гісторыі беларускае літаратуры іншых аўтараў маюць значна сьціплейшыя памеры, ня гэтак шырока абапертыя на літаратуру прадмету, пісаныя наагул больш школьна, менш акадэмічна. Але нягледзячы на свае памеры і нават некоторую акадэмічнасьць, гісторыя беларускай літаратуры Карскага мае абмежаваную навуковую вартасьць. Хоць і акадэмічна, але бібліяграфічная.
Сам Карскі аб мэтах свайго нарысу гісторыі навейшае беларускае літаратуры выказаўся гэтак:
У працы меў на ўвеце найперш зарэгістраваць паэтычны матар'ял з мэтаю зазнаямленьня зь ім чытача… крытычная-ж ацэна… з мастацкага боку, умовы творства… якасьці таленту… адбіцьцё запраўднасьці й лягуценыіі аб будучыні… Усё гэта павінны зрабіць далейшыя гісторыкі беларускай літаратуры й культуры (Б., III, 3, VIII).
З словаў гэтых бачна, што сам Карскі свой нарыс новае беларускае літаратуры за дасканальны не ўважаў, а лічыў больш за «рэгістрацыю паэтычнага матар'ялу». Пры тым Карскі быў усё-ж найперш моваведам, дзеля гэтага й пры разглядзе твораў пісьменнасьці ён заўсёды значную ўвагу зьвяртае на іх мову. Літаратурны-ж разгляд Карскага даволі павярхоўны, шаблённы. Складаецца ён звычайна зь пераданьня зьместу твору, яго ідэйнае ці дыдактычнае накіраванасьці. Часам дадаецца колькі заўвагаў пра спосаб вершаваньня ці мастацкія прыкметы твору. Пры тым крытэры літаратурнае ацэны ў Карскага й на сваю пару часта даволі прымітыўныя, а ня раз і наагул не літаратурныя.
Гэтак, аб Чаротавай паэме «Босыя на вогнішчы» Карскі робе такую заўвагу: «А дзе-ж выяўленьне ідэальнага жыцьця, неабходнай прыналежнасьці ўсякае паэзіі?…» — з чаго выглядае, што бяз гэтага «выяўленьня» паэзія для Карскага не паэзія. Подобных выказваньняў сустракаем у Карскага і больш. Карскі таксама бадай да канца свайго жыцьця не пазнаў і не прызнаў мастацкае функцыі асонансаў у рыфмаваньні вершаў. Рыфмаваньне асонансамі ён уважаў за хіб вершаваньня. Гэтак, аб Купале ён піша: «Ёсьць выпадкі, у якіх у запраўднасьці няма рыфмаў, а ёсьцека толькі асонансы, прыём, які ў нашым вершаваньні наўрад ці можа быць тарнаваны». Тоеж упікае ён і Коласу: «верш наогул правільны, хоць часам і з асонансамі». Ускідае тое самае Карскі й Бядулі: «трэба пашкадаваць, што ў яго часта заміж рыфмаў асонансы».
Тую самую думку Карскі паўтарае і ў сваім лісьце з 16 студзеня 1922 году да Купалы, калі, хвалячы ягоны «прекрасный» перасьпеў «Слова аб палку Ігаравым», ён усё-ж ня вытрываў, каб не зачапіць Купалавыя тамка асонансы: «Мне здаецца толькі, што дарма Вы высьцерагаецеся нерыфмаваных вершаў. Калі-б Вы іх не баяліся, не давялося-б зьвяртацца Вам да асонансаў (сугуччаў)». З гэтае заўвагі бачна, што для Карскага мастацка лепшым быў ужо верш белы, чым верш рыфмаваны асонансамі. Ім ён катэгарычна адмаўляў месца ў рыфмаваньні, уважаючы, што тарнаваньне іх — азнака таго, што паэта ня здолеў знайсьці адпаведнай рыфмы, а значыцца — слабы паэта.
Падае Карскі й прыклады неадпаведнага, паводле яго, рыфмаваньня асонансамі. Вось прыклады:
У Купалы: | |
---|---|
са стужамі — я дужаю | ня хітра — мітрай |
рана — гляну | асіле — крыльля |
зоры — гавора | прынука — зарукай |
атласаў — красай | меры — дзьвераў |
У Бядулі: | |
бору — орам | шчырыя — вырай я |
высокія — вокам я | волаты — молад ты |
Асонансы, якія Карскаму не падабаліся, як бачым, усе блізкія ў сваей сугучнасьці, музыкальна багатыя, асонансы, якіх сяньня пазайздросьціў бы кажны прызваіты паэта.
Карскі працівіўся новаму ня толькі ў галіне формы. Ён быў супроць ужываньня пісьменьнікамі дый заводжаньне праз гэта ў беларускую літаратурную мову й моўных новатвораў дый правінцыялізмаў. Ён падазраваў, што некаторыя пісьменьнікі чыняць гэта знарок «зласьліва», каб аддаліць беларускую мову ад расейскае. Цікава адцеміць на колькі прыкладах, якія гэта правінцыялізмы Карскі ня радзіў пускаць у літаратурную мову: Ядвігіну Ш. ён, між іншым, дакарае за словы шоран, смоўж, глюгі, прагавітая… Аб мове Аляхновіча ён кажа:
непажадама пры выпрацаваньні літаратурмае мовы без патрэбы зьвяртацца да правінцыялізмаў, або да тварэньня новых словаў, калі ёсьць добрае старое. Пэўне-ж, добрае слова небасхіл = для абазначэньня гарызонта, можа быць дапушчанае й здань = привидение… но к чему настольнік при существующем абрус (Б., III, 3, 369).
Якою добрая, ідэальная беларуская літаратурная мова, паводле Карскага павінна быць, можна ўявіць сабе зь ягоных заўвагаў аб мове Максіма Багдановіча.
Багдановіч, як ведама, гадаваўся, вучыўся й жыў не ў Беларусі, а ў Расеі. Бываў ён у Беларусі толькі кароткімі наездамі. Дзеля гэтага мову беларускую ён ведаў бадай найслабей за ўсіх пісьменьнікаў нашаніўцаў. Яна ў яго й па лексыцы, і па міталёгіі, і па складзе ў вялікай меры расейская абеларушчаная мова. І вось пра мову гэтага паэты, які праз усё сваё кароткае жыцьцё змагаўся зь вялікімі цяжкасьцямі, каб наагул пісаць пабеларуску дый які толькі дзякуючы свайму вялікаму патрыятызму дый таленту гэтую перашкоду пераасіліў, ня толькі што выдатным беларускім паэтаю стаў, — пра беларускую мову Максіма Багдановіча вось што піша Карскі:
Што тычыцца мовы беларускай, дык у яго «чистый белорусский разговорный язык». У гэтым ягоная запраўдная краса. Няма ў ей прыдуманых хітрых словаў толькі для таго, каб адрозьніць беларускую гутарку ад расейскага літаратурнага языка, няма ў ей рэдкіх выражэньняў. Паэтычнае вычуцьцё зазначаецца й у высьцераганьні празьмернага аканьня, якое робе гугарку цягучаю й «утомительно однообразной» (Б. III, 3, 321).
З гэтае заўвагі пра Багдановічаву беларускую мову дый неспадзяваную пахвалуяе «чысьціні» трэба зрабіць выснаў, што хоць Карскі й вывучаў навукова беларускую мову, дый усё-ж ведаў яе ў яго была ў існасьці габінэтная. Пазнаваў ён яе гадамі з этнаграфічных, часта вельмі недасканалых запісаў, з старых памятак пісьменнасьці, а значна менш кароткатрывалымі выездамі ў паасобныя беларускія мясцовасьці. Яму яўна не ставала штодзённага беспасярэдняга сутыку й глыбейшага знаёмства з жывою вуснаю беларускаю гутаркай. Дзеля гэтага ў яго й не магло быць таго адчуваньня ўсіх адценьняў мовы, якое разьвіваецца ў чалавека, які гэтаю моваю карыстаецца штодзённа сам, які яе мэлёдыю чуе ад маленства ад свайго навакольнага асяродзьдзя. Інакш гэткае пахвалы чысьціні беларускае мовы Багдановіча, мовы вельмі далёкае ад гэтае чысьціні, Карскі хіба-ж напісаць-бы ня мог.
Пацьвярджаюць гэтыя дапушчэньні й сьветчаньні тых, што чулі лекцыі Карскага пра беларускую літаратуру. Лекцыі гэтыя Карскі заўсёды чытаў толькі парасейску. Калі-ж падчас іх даводзілася яму цытаваць патрэбныя прыклады зь беларускіх твораў пабеларуску, дык пры гэтым чытаньні выяўлялася, што ягоная беларуская вымова мела яскравы расейскі «акцэнт». Беларускае [ў] вымавіць ён ня мог, вымаўляў яго на расейскі лад як [в]. Меў ня меншыя цяжкасьці Карскі й з вымоваю беларускага дзеканьня дый цеканьня.
У сваей навуковай працы, у пісьме, Карскі ўжываў толькі мову расейскую. Тыя яго артыкулаў трынаццаць, што ў гадох 1919–1920 друкаваліся пабеларуску ў менскіх пэрыядычных выданьнях, рэдакцыі перакладалі для друку зь пісаных парасейску арыгіналаў.
Дык на слых Карскі чуў беларускую мову хіба мала часьцей за Багдановіча, бо й ён ад 1893 г. працаваў і жыў блізу ўвесь час па-за беларускім этнаграфічным прасторам. Гэта й было прычынаю таго, што Карскі меў клопаты зь беларускаю вымоваю. Дзеля гэтага й Багдановіча мова, мова зь вялікаю доляй расейшчыны ў слоўніку, у ладзе й складзе мовы, выдавалася яму, зусім натуральна, ідэальна чыстаю беларускаю моваю. Ня вылучана, што ў пахвале мовы Багдановіча дзеіць і сьведамая тэндэнцыя Карскага набліжэньня беларускае мовы да расейскае. Ён-жа гэтак заўсёды баяўся яе аддаленьня!
Габінэтная ў аснове веда беларускае мовы была прычынаю й таго, што Карскі шмат радзей ужываных беларускіх словаў ня знаў і іх проста не разумеў, калі на іх ён раней не натрапіў у вывучаных ім этнаграфічных зборніках ці беларускіх слоўніках. Пра гэта ён сам гавора ў «Беларусах». Прыкладам, як не зразумелыя сабе словы ён адцемлівае: дылёўка, назалісты, лунаў, задума, вейка, калматы, без патолі, ветраць носам («верцяць» — пробвае дагадвацца Карскі).
Не падабалася яму таксама ніколі ім ня чутае «какое-то рэха, вместо эхо». Безь беспасярэдняе веды жывое народнае мовы Карскі ніяк ня мог дагадацца й значэньня слова 'ашанцуе', у якім яго ўжыў Дунін-Марцінкевіч, перакладаючы Міцкевічавага «Пана Тадэўша»:
Літва! родная зямелька!
Ты, маўляў, здароўе,
Той Цябе ашанцуе, каму безгалоўе,
— Хто жыў калісьці на ніўцы
Тваёй, як у раі,
І вось крывавы роніць сьлёзкі ў чужым краі!
Значэньне гэтага слова Карскі пробуе дагадацца гэтак: «Ашанцуе? пашануе? „Ашанцуе“ могло бы значить „осчастливит“» (Б., III, 3, 60).
У выніку габінэтнае ў асноўным сутычнасьці зь беларускаю моваю дый жыцьцёвага практычнага навыку да мовы расейскае, у Карскага склалася й ягоная асаблівая ацэна мілагучнасьці беларускае мовы. Ня раз, а колькі разоў у «Беларусах» дый іншых сваіх публікацыях Карскі паўтарае сваё стэрэатыпнае цьверджаньне, што «празьмернае аканьне чыніць беларускую мову цягучай і „утомительно однообразной“». Дзеля гэтага ў беларускай літаратурнай мове ён радзіць трымацца слабейшага аканьня, аканьня падобнага да аканьня ў расейскай літаратурнай мове.
Такое цьверджаньне Карскі робіць яўна з пазыцыі асобы, якая сама моваю, якую ацэньвае, у штодзённым жыцьці не карыстаецца. Бо-ж ведамая рэч, што ў чалавека, які нейкую мову ўжывае ад маленства, нармальна не паўстае й думка аб яе немілагучнасьці. Гэта таксама значыць, што да беларускае мовы ён падыходзіў больш як да аб'екту свае навуковае працы, назіраў яе больш збоку, крытычна, дый пры тым у ацэне яе мілагучнасьці выходзіў з мэлёдыі іншае гукавое моўнае сыстэмы, з сыстэмы мовы, да якое быў прывыклы праз штодзённае яе карыстаньне, з мовы расейскае зь яе менш моцным аканьнем. Да расейскае мовы Карскі ад свайго найменш школьнага ўжо веку зжыўся, ён ею карыстаўся ў сваім хатнім і сваім навучальным дый навуковым абыходзе. Зусім натуральна дый зразумела, што для вуха прывыклага да расейскага аканьня куды мацнейшае аканьне беларускае літаратурнае мовы адчувалася чужа й няпрыемна. Вось у гэтым, а ня чым іншым, і ляжыць прычына адмоўнае ацэны Карскім моцна акаючага гучаньня беларускае літаратурнае мовы.
Да справы мілаіучнасьці расейскае мовы ў Карскага, як тыповага «западноруса», быў наогул падыход бяскрытычны. Бачым гэта, прыкладам, з таго, што адцемліваючы значны ўплыў беларускае мовы на маскоўскую гутарку празь беларускіх эмігрантаў у Маскве ў XVII ст., Карскі адразу-ж зазначае, што з другога боку яны «однако не могли противостоять сильному благозвучному московскому языку» (Б., I, 343). Што можна гаварыць аб красе маскоўскае, літаратурна яшчэ неразьвітае гутаркі XVII ст., каб цьвердзіць аб яе «благозвучии», гэта застаецца «западнорускім» сакрэтам Карскага.
Як-жа-ж ёсьць у запраўднасьці зь беларускім аканьнем, яго мілагучнасьцяй дый наагул з музыкальнымі якасьцямі гуку [а]? Ці беларуская мова дзеля аканьня запраўды «цягучая» і «манатонная», як цьвердзіў Карскі? Каб адказаць на гэтае пытаньне, найперш трэба зьвярнуць увагу на тое, што сам Карскі ў сваіх «Беларусах» кажа, што ў беларускай мове гук [а] не адзін і не аднолькавы — «у беларускай мове адценьняў а шмат». Я но бывае больш і менш яўнае, выразнае, націсьненае і ненацісьненае, доўгае й кароткае. Часта гэта гук толькі збліжаны да (а), [а] пераходны да нейкага іншага гуку. Моцнае, поўнае [а] ў выклічніку 'га!' Крыху вузейшае, калі за гэтым гукам ідзе мяккі зычны, прыкладам у слове 'гадзіна', таксама ў словах 'жар', 'вар', 'гар'.
Іншае [а], калі яно стаіць між двума мяккімі зычнымі, прыкладам, у слове 'зяць'. Ізноў-жа няяснасьцяй дый нявыразнасьцяй адзначаецца гук [а] ў складох перад націскам дый у канцавой пазыцыі, пасьля націску. Прыкладам, цэлую нізку менш і больш яўных [а] маем у слове 'наварачваць'. Дык гук [а] ў беларускай мове не аднолькавы й дзеля гэтага не манатонны. З другога боку, [а] ніхто ня лічыць за гук музыкальна бедны. Наадварот. Агульна азначаецца ён за гук незвычайнае сілы й вялікага музыкальнага багацьця. Гук [а] мае быць адным зь першых і самых важных гукаў людзкое мовы. Ім першабытны чалавек навучыўся карыстацца пры самых пачатках разьвіцьця свае мовы, бо вымова гэтага гуку вельмі простая. [А] яўнае, поўнае вымаўляецца пры нэўтральным палажэньні языка дый губ, пры поўна раскрытым роце. Ніводзін іншы галосны гук беларускае мовы не вымагае такое паўніні адчыненага рагу пры сваей вымове — ні гук [о], ні [у], ні [э], ні [i],
Аўтары вялікага 16-томнага нямецкага слоўніка, браты Якуб і Вільгельм Грыммы, у палове XIX ст. гэтак славілі якасьці гуку [а]:
«А, der edelste, ursprunglichste aller Laute, aus Brust und Kehle voll erschallend, den das Kind zuerst und am leichtesten hervor bringen lernt, den mit Recht die Alphabete der meisten Sprachen an ihre Spitze stellen».
Што ў перакладзе прыблізна будзе:
«А, найбольш шляхотны, найбольш старавечны з усіх гукаў, гук, што з усяе паўніні грудзей і горла зьвініць, гук, які дзіцё найперш дый найлягчэй вучыцца вымаўляць, які дзеля гэтага абэцэды бальшыні моваў з поўным правам на сваім пачатку ставяць…»
Па сваім характеры, пры яўным шырокім вымаўленьні гук [а] асабліва добра надаецца для гукавое перадачы пачуцьця прасторавае шырыні, размаху, прасторавае ці духовае велічы. Для прыкладу гэтага можна зьвярнуць увагу на гэткія словы, як КАНАДА, або САХАРА. Дзякуючы гуку [а] словы гэтыя й гукова перадаюць нам пачуцьцё шырыні дый велічы прасторы гэтых краінаў. А што гэта чыніць акурат гук [а], аб гэтым легка пераканацца, калі на месца яго ў гэтых словах спрабуем падставіць нейкі іншы галосны гук: і — э — у — о.
Веліч дый шырокае рэха даўнае царскае славы як трапна празь вякі гісторыі перадае нам і гукова, дзякуючы гуку [а], імя грузінскае царыцы ТАМАРА. Падстаўце ў гэтым імені заміж [а] ўсюды нейкі іншы галосны гук, прыкладам [i], і ўся сіла гукавога эфэкту будзе зьнішчаная.
Падобны элемэнт вялічыні й беспасярэдне гукова, а ня толькі па сваім умоўным значэньні, адчуваецца ў гэткім беларускім слове як 'навала', дзе разам і элемэнт грознасьці. Велічыню, спалучаную зь некаторай няўклюднасьцяй дый нястачай суладнасьці складовых частак чуем у слове гаргара. Велічыню, спалучаную з агідаю, ня толькі разумеем, але й фізычна адчуваем, дзякуючы гуку [а] ў слове пачвара.
З гэтых прыкладаў дастаткова бачна, што гук [а] — гук вялікае сілы, а разам яскравага пачуцьцёвага выразу дый калярытнасьці. У вялікай-жа размаітасьці сваіх адценьняў у гукавой сыстэме беларускае мовы, тэта гук вялікага музыкальнага багацьця, і саромецца яго, ці абмежаваць шырыню дый паўсюднасьць ягонага ўжываньня ў беларускай мове, што радзіў Карскі, зусім няма аніякое падставы, а дзеля гэтага й аніякое патрэбы. Беларускія пісьменьнікі ў сваю пару за радаю Карскага й не пайшлі, аканьня ў сваей мове не агранічвалі й у беларускай літаратурнай мове замацавалі якраз аканьне моцнае.
Дадаць да ўсяго вышэйсказанага варта, што гукам [а] моцна насычаная мова старавечных індаў, санскрыт, а таксама мовы балцкія, дый, як спадчына балцкага яе субстрату — мова беларуская.
3. Нацыянальная сьведамасьць і палітычныя пагляды Карскага
Падыходзячы да азначэньня існасьці нацыянальнага пачуцьця й самасьведамасьці Яўхіма Карскага, важна мець на ўвеце, што духова ён сфармаваўся яшчэ ў данашаніўскую пару беларускага нацыянальнага самастанаўленьня. А для ўсёй беларускай інтэлігенцыі данашаніўскай, інтэлігенцыі XIX ст., характэрна, што ў яе моцна выпіраюць элемэнты й культурных, і палітычных уплываў аднаго ці другога з тых нашых двух большых суседзяў — заходняга або ўсходняга — у заглушаючым цяні якіх беларускі народ тады бытавау
Усе беларускія пісьменьнікі, культурна-навуковыя й нават палітычныя дзеячы XIX ст. у большей ці меншай меры на сваей асабовасьці маюць адбіткі гэтых дзьвюх нацыяў і іх культураў. Працэс фармаваньня свае запраўды беларускае дый духова запраўды незалежнае інтэлігенцыі, гэта ўжо зьява стагодзьдзя XX. Карскі й носіць на сабе ўсе прыкметы беларускага навуковага дзеяча яшчэ тыпу XIX ст., дзеяча, пры тым, нахілу ўсходняга, культуры расейскае, прадстаўніка тае мэнтальнасьці, што ў беларускай гістарыяграфіі атрымала азначэньне г. зв. «западнарусізму».
Хоць дакладнейшых вестак пра бацькоў Карскага біяграфіі й не даюць, дый аб беларускасьці яго паходжаньня няма ніякіх сумліваў. Пра гэта сам Карскі ў 1885 г., у прадмове да свайго «Обзора звуков и форм белорусской речи», піша гэтак:
Будучы прыродным беларусам, узгадаваны дый адукаваны сярод беларусоў, і дзеля гэтага з самога маленства аж да апошняга часу перабываючы блізу толькі ў беларускім асяродзьдзі, аўтар здабыў некаторую дазнанасьць у беларускіх гаворках, якую пазьней падмацаваў знаёмствам з запісанымі творамі беларускае мовы (Обзор звуков и форм белорусской речи. Б. 3).
Дый Карскі ня толькі ўсьведамляў разумова свае беларускае этнічнае паходжаньне. З родным сабе краем і народам быў ён зьвязаны й пачуцьцёва, што выяўлялася ў бясспрэчным, хоць і своеасаблівым беларускім патрыятызьме. Ужо з самых вялізных памераў ягонае навуковае працы, укладзенай у дасьледаваньне, ё апісаньне беларускае мовы, можна дапускаць, што гэта маем справу ня толька з чыста навуковым зацікаўленьнем аўтара выбранаю сабе тэмаю дый паўсталым пазьней, у часе заглыбленьня ў студыі, захапленьнем вывучаным прадметам, — што ў вучоных ня раз здараецца.
Была, бясспрэчна, і патрыятычна-пачуцьцёвая лучнасьць з тэмаю, якая дадавала Карскаму вытрываласьці ў працы, дый абумовіла тое, што ўкладаў ён у яе блізу ўсе сілы ўсяго свайго жыцьця, ідучы наважана й сыстэматычна да завяршэньня ўзводжанае рупліва, а заплянаванае яшчэ ў юнацтве, вялікае навуковае будыніны аб мове роднага краю.
Патрыятычныя матывы свае навуковае працы над вывучэньнем беларускае мовы Карскі й сам ня раз падчыркваў. Гэтак, у 1903 г. як мотто да першага тому сваіх «Беларусаў» ён ставіць зваротку зь вершу Янкі Лучыны:
Сонца навукі скрозь хмары цёмныя
Загляне ясна над натаю ніваю.
І будуць жыці дзеткі патомныя
Добраю доляй, доляй шчасьліваю.
За мотто да 1-е кнігі II тому «Беларусаў», што выйшла пяць гадоў пазьней, узятыя ізноўка словы Сымона Буднага зь ягонага прысьвячэньня нясьвіскага «Катэхізысу» 1562 году князём Радзівілам: «Слушная рэч ест, абы вашы княжацкія міласьці таго народу язык мілаваці рачылі, у каторым даўныя прэдкі і іх княжацкія міласьці панове атцы Вашых княжацкіх міласьці прэднейшыя прэлажэнства нясуць».
У прадмове да 3-е кнігі таго-ж II тому «Беларусаў», кнігі, якая што выйшла ў 1912 г., патрыятычны сантымэнт да прадмету студыяў высказаны Карскім яшчэ яскравей словамі: «…(аўтар)… адно пра сябе можа сказаць, што працаваў з захапленьнем і любовяй да таго… народу, мову якога стараўся прадставіць: найболей з тае прычыны іжэ мя міласьцівы Бог з таго языка на сьвет пусьціў — скажам словам і Ф. Скарыны, выдатнага беларускага дзеяча пачатку XIV ст.». Цытату гэтую з Скарынавае прадмовы да праскага Псалтыра 1517 году Карскі ставіць і за мотто да гэтае кнігі «Беларусаў».
Падобных, вось, выказваньняў у Карскага знойдзем і болей. Усе яны сьветчаньні самога Карскага аб тым, што навуковую працу над беларускаю моваю ён уважаў і за свой беларускі патрыятычны абавязак. Дый памылкаю было б рабіць ужо выснаў, што патрыятызм Карскага быў адэкватным, раўназначным зь цяперачы агульна принятым паймом беларускага патрыятызму.
Беларускі патрыятызм Карскага меў іншы, больш правінцыяльны харакгар, ён быў абмежаны дый быў падпарадкаваны ідэалёгіі й палітычным канцэпцыям тагачаснага расейскага вялікадзяржаўя, ці, калі ўжыць тэрмін, якім сам Карскі ў сваіх навуковых працах ня раз карыстаўся, канцэпцыі «общерусской». Дык, хоць Карскі пачуцьцёва бясспрэчна быў моцна зьвязаны з сваёй роднай зямлёю, яе прыродаю, беларускім народам, яго моваю, бытам і народнай культурай, — дый разумова ўсё гэта ён падпарадкоўваў навязанай яму расейскаю школаю й адукацыяй маскоўскай імпэрскай ідэалёгіі, і, у выніку, культуру, інтарэсы й будучыню беларускага народу ён падпарадкоўваў інтарэсам і будучыні народу расейскага.
Істоту гэтага тыпу беларускага патрыятызму, падпарадкаванага патрыятызму й інтарэсам народу іншага, пашыранага ў Беларусі асабліва ў XIX ст., а ня рэдка сустраканага яшчэ й сяньня, дужа трапна азначыў расейскі вучоны й беларусавед А. Пыпін, які яшчэ ў апошняй чвэрці XIX ст. такі патрыятызм сфармуляваў гэткімі словамі (цытуецца з парафразай — аб чым ніжэй):
…у мясцовым патрыятызьме адбылося даволі дзіўнае спалучэньне вельмі разнародных элемэнтаў: патрыятызм гэты быў беларускі, дый істота яго была расейская. Ён быў беларускі па каханыіі да тэрытарыяльнае бацькаўшчыпы дый яе пэйзажнага й бытавога навакольля, але ўсё жыцьцё самога беларускага народу разумелася з чыста расейскага гледзішча, народ гэты іграў ролю толькі служэбную; ягоны бытавы склад, ягоная паэзія, не маглі чакаць якогаколечы свайго самастойнага разьвіцьця й павінны былі служыць толькі да ўзбагачэньня расейскае літаратуры й паэзіі, як сам народ павінен быў адчуваць у сабе расейскую нацыянальнасьць, у складзе якой ён уважаўся (Белорусская этнография // Вестник Европы. Июнь 1887 г. Бач. 296).
У арыгінальнай фармулёўцы Пыпіна ў гэтай цытаце ўсюды на месцы словаў «расейскі» стаіць слова «польскі», бо гаварыў Пыпін гэта пра беларускую інтэлігенцыю XIX ст. польскае культуры й арыентацыі. Тым ня менш яна вельмі трапна ўхоплівае й істоту беларускага патрыятызму інтэлігенцыі арыентацыі й культуры расейскае, г. зв. западнарускай, да якое належаў Карскі.
Што ў выпадку Карскага маем справу з гэткага тыпу беларускім патрыятызмам, патрыятызмам, падпарадкаваным інтарэсам расейскага народу, пра гэта жыцьцяпіс Карскага дае нам даволі пацьвярджальных фактаў. Асабліва яскрава пагляды Карскага на нацыянальныя справы беларускага народу выявіліся ў пазьнейшыя гады ягонага жыцьця, калі гістарычныя падзеі сканфрантавалі яго, і ня раз, зь беларускім патрыятызмам шырэйшага разуменьня, патрыятызмам сувэрэнным, патрыятызмам не абмежаным інтарэсамі народу іншага.
Што да агульнае ідэалёгіі дый сьветапагляду Яўхіма Карскага, дый трэба сказаць, што хоць ён і быў «обшчэрусам» зь перакананьня, але па сваім палітычным настаўленьні да чарнасоценцаў ня прымыкаў. Быў ён затое заўсёды вельмі ляяльным да ўладаў царскага рэжыму й дзеля гэтага меў у гэтай улады давер, аб чым добра сьветчаць тыя высокія адказныя становішчы, якія ён ад яе даставаў, як, для прыкладу, рэктарства Варшаўскага ўнівэрсытэту, як камандыроўкі за межы імпэрыі, а разам і тыя матар'яльныя дабрадзействы дый ласкі, якімі яго гэтая ўлада шчодра асыпала.
Што й казаць — Карскі, этнічны беларус, што добра сабе ўсвоіў афіцыяльную «обшчэрускую» ідэалёгію, і пры тым быў здольным рэпрэзэнтацыйным навукоўцам, — быў асобаю вельмі карыснаю царскай уладзе, як добры ўзор такога ідэальнага ўслужлівага падданага з інародцаў, якімі Масква жадала сабе бачыць і ўсіх іншых.
Разгляды Карскага беларускіх этнаграфічных зборнікаў і старых моўных памятак, разгляды й на адпаведнай навуковай вышыні, і, адначасна, і з сталаю арыентацыяй на «обшчэрускія» канцэпцыі дый з сталымі намаганьнямі як найцясьней увязаць беларускую мову з моваю расейскаю ў сучасным, мінулым і на будучыню, выклікалі, зразумела, толькі задавальненьне навуковых органаў рэжыму, якія за гэта й не шкадавалі яму нагародаў, ганаровых адзначэньняў, залатых мэдалёў. Справа іншая, што, як паказала гісторыя, у канцавым выніку навуковая праца Карскага прычынілася куды больш да выяўленьня арыгінальнае самабьггнасьці беларускае мовы, чым да збліжэньня яе з моваю расейскаю.
За аснову сьветапагляду Карскага, побач ягонага «западнарусізму» ў нацыянальнай плошчы, трэба ўважаць сьветагляд пашыраны сярод інтэлігенцыі Расейскае імпэрыі канца XIX ст., сьветагляд тыпу лібэральна-дэмакратычнага, дый з пачуцьцёва-сэнтымэнтальным народніцкім падыходам да народу, да яго жыцьця, быту, культуры й сацыяльнае долі. У сьветаглядзе Карскага ў пачатковую пару ягонага жыцьця й навуковае дзейнасьці гэтая народніцкая пачуцьцёвая афарбоўка выразна выступае.
Пераходзячы да справы стаўленьня Карскага да беларускага нацыянальнага адраджэньня, характэрная вельмі ўжо ягоная заўвага аб Багушэвічавай прадмове да «Беларускай дудкі». Сам
Карскі адзначае, што прадмова гэтая мела вельмі важнае значэньне ў беларускім нацыянальным адраджэньні, бо яна была тым штуршком, які надаў палітычны імпэт нарастаючым ужо й так сілам беларускага руху. Пра гэтую прадмову Карскі вось што кажа: «„Pradmova“ написана довольно ловко… несомненно з целью вызвать смуту в русском семействе…» (Б., I, 451). Пад прыведзенымі словамі Бурачка-Багушэвіча мог-бы падпісацца кажны беларус. Дый у выпушчаных мною мясцох яўна вызіраюць сэпаратыстычныя імкненьні аўтара: «…імкненьне аддзяліць беларусоў ад вялікарусаў, разьвіць палітычную эманцыпацыю, з чым далёка ня ўсе згодны спаміж беларусоў…» (Б., III, 3, 153).
Сэпаратызм з гэтае прадмовы, пэўне-ж, вызірае запраўды, і моцна, дый зь беларускага гледзішча гэта быў аніякі грэх. Затое жаданьне пасяліць нацыянальную варажнечу ў прадмове аніяк ня відаць. У гэтым Карскі чамусьці недакладны. Затое ўражвае, што Карскаму не падабаецца й тое, што Багушэвіч, паводле яго, хоча «разьвіць палітычную эманцыпацыю» беларускага народу. Карскі-ж, хоць сябе называў беларусом, гэтага аднак-жа свайму беларускаму народу не жадае, бо словы «з чым далёка ня ўсе згодны спаміж беларусоў…» яўна найперш датычаць самога Карскага.
Паяву «Нашае Нівы», яе дзейнасьць дый ідэалёгію Карскі, выглядае, сустрэў наогул даволі прыхільна, хоць і не безь некаторай асьцярожнасьці дый засьцярогаў. «Нашу Ніву» ён характарызуе гэтак (Б., III, 3, 163):
«Наша Ніва» паставіла сабе за мэту будзіць сьвядомасьць беларусоў, і з гэтага гледзішча зроблена ёю ня мала. Яна без замінкі кажа беларусом-каталіком, што яны не палякі, дый адначасна недастаткова ясна падчырквае, што яны такая-ж галіна рускага народу, як і вялікарусы й маларусы: калі ўжо пашыраць у народзе сьвятло навукі, дык у паўніні, а не аднабакова. Добры бок «Нашае Нівы» і той, што яна высьцерагаецца пад'юджываньня аднае народнасьці супроць другое… падыходзячы да іх зусім бесстаронна. У гэтым выпадку яна правільна падцеміла аснаўную рысу беларускага характеру — згоднае сужыцьцё з усімі. Адна рэч, здаецца, не гарманізуе з прынятым газэтаю тонам, гэта — крыху халоднае стаўленьне да галоўнае народнасьці ў дзяржаве… (Таксама) без патрэбы лішне шмат месца адводзіцца ў газэце для народу паведамленьням пра адмоўныя бакі расейскага жыцьця…
Дык «Нашай Ніве» Карскі выказвае й словы пахвалы, і свае дакоры. Дакоры за яе «холад» да пануючага расейскага народу дый што яна «недастаткова ясна падчырквае», што беларусы «такая-ж галіна рускага народу, як і вялікарусы й маларусы». У гэтых дакорах дастаткова выяўляецца й галоўная ідэалягічна розьніца «западнорусское» пазыцыі Карскага ад нацыянальна-незалежніцкае пазыцыі рэдакцыі «Нашае Нівы». Нягледзячы на сваё адмоўнае становішча да — як гэта Карскі вельмі акадэмічна назваў — «палітычнае эманцыпацыі» беларускага народу, на Ўсебеларускі Кангрэс у Менску ў сьнежні 1917 году ён усё-ж зьявіўся. У часе Кангрэсу Карскі чытае цэлы чарод лекцыяў пра прастор дый межы Беларусі, пра беларускую мову дый літаратуру, і прэзэнтуе сваю нанава перагледжаную «Эгнаграфічную карту беларускага племені». Аб мэтах перапрацаваньня дый перавыданьня гэтае карты ў гэтым акурат часе, сам Карскі пазьней, у 1925 годзе, у артыкуле «Беларуская філялёгія за апошніх дзесяць гадоў» (друкаваны ў «Zeitschrift fur Slavische Philologie») пісаў:
Каб падтрымаць нацыянальныя імкненьні, каб азначыць заходнія межы рускага племені, каб прычыніцца да нацыянальнае сьведамасьці, Я. Карскі… уклаў «Этнаграфічную карту беларускага племені», выдадзеную Расейскаю Акадэміяй Навук, Пецярбург, 1917 г.
Удзельнікі Ўсебеларускага Кангрэсу, незалежна ад сваіх партыйна-палітычных паглядаў, прызнавалі навуковы беларусаведны аўтарытэт Карскага. Сьветчыць аб гэтым факт, што Карскі быў выбраны ганаровым старшынёю прэзыдыюму Кангрэсу. Палітычна ў часе Кангрэсу Карскі хінуўся да групы г. зв. абласьнікоў.
Летам 1918 году Карскі знаходзіцца ў Петраградзе дый там праяўляе дзейнасьць у ролі старшыні Таварыства Абароны Беларусі, арганізацыі, створанай для змаганьня з падзелам Беларусі, паўсталым у выніку Берасьцейскай угоды між Нямеччынаю дый савецкаю Расеяй. У восені наступнага году ён паяўляецца ў Вільні, дзе чытае рэфэрат аб беларускай мове на беларускіх настаўніцкіх курсах. Вільня тады была пад польскаю акупацыяй. Беларускім слухачом у часе рэфэрату ён гавора аб мове беларускай не як аб «нарэччы», як звычайна пісаў ён у сваіх навуковых публікацыях, а даводзіць, што яна роўная зь іншымі мовамі сьвету.
Калі у 1921 г., пасьля адкрыцьця Беларускага Дзяржаўнага Унівэрсытэту ў Менску, Карскі становішча рэктара гэтага ўнівэрсытэту, на якое ён, як адзін з найвыдатнейшых тады ў Менску беларусаведаў, разьлічаў, не атрымлівае, ягоная пазыцыя да беларускага палітычна-адраджэнчага руху яўна завастраецца, стае нават ваяўніча варожаю. Калі праз год паяўляецца апошняя кніга III тому «Беларусаў», прысьвечаная «мастацкай літаратуры на роднай мове», яна значна розьніцца ад 6-ці папярэдніх кнігаў гэтае манаграфіі. У папярэдніх кнігах хоць і вызірае яўна аўтаравы «общерусский» сьвётагляд, аднак-жа агульна бяручы яны былі ўтрыманыя ў спакойным акадэмічным гоне. Тымчасам у апошняй кнізе, побач навукова-апісальнага матар'ялу, знаходзім і ў тэксьце, і асабліва ў дапісаным у канцы «Пасьляслове», вострыя палітычныя нападкі на кіраўнікоў беларускага палітычнага руху, на самы рух, нападкі часта публіцыстычнага характеру. У іх Карскі ставіць над запытаньне патрэбу й пэрспэктывы беларускага культурна-нацыянальнага адраджэньня, не гаворачы ўжо аб адраджэньні палітычным. З кнігі відавочна, што няўдача з рэктарствам моцна зраніла Карскага амбіцыю, як аднаго з найвыдатнейшых беларусаведаў. У выніку акадэмік яўна губляе раўнавагу, рэагуе востра.
У «Пасьляслове» Карскі, між іншым, піша:
Беларускі рух… з самога свайго зараджэньня… меў сэпаратыстычныя тэндэнцыі. Для таго, каб адхіліць увагу сваіх недалёказорых чытачоў ад галоўнае мэты сваіх імкненьняў, разумнейшыя важакі руху хапаліся за імпануючыя спосабы, што магло падабацца мясцоваму патрыятызму: намагаліся стварыць зь беларусоў асобную славянскую, адменную ад расейскай, нацыю, стараліся падчыркваць «слаўнае прошлае» беларускага народу; клалі націск на арыгінальныя асаблівасьці беларускае мовы, высьцерагаючыся й перасьледуючы называньне яе нарэччам, і таксама бачылі ў ей ня рускую разнавіднасьць… (Б., III, 3, 440?).
Вось у гэтым стылі й тоне ў «Пасьляслове» праводзяцца вострыя нападкі на беларускіх палітычных дзеячоў за іхныя патугі пры арганізаваньні незалежнага ад Масквы дзяржаўна-палітычнага жыцьця беларускага народу ў форме БНР. У адваротнасьць сказанаму падчас рэфэрату ў Вільні пару гадоў перад тым, беларуская мова ў яго тутка ізноў толькі нарэчча, якое ня мае перад сабою ніякое будучыні. Падобна й зь беларускаю літаратураю.
Аб літаратуры ў «Пасьляслове» Карскі кажа: «Беларуская літаратура, якая адзначаецца жыцьцёвасьцяй, як правінцыянальная, будзе існаваць і разьвівацца…» Аб мове ў тэксьце «Беларусаў»:
Трымаючыся строга пэдагагічных мэтадаў, у самых захалусных мясцох з гэтай мовы можна было-б пачаць і пачатковае навучаньне… Нястача навуковае тэрміналёгіі й назоваў абстрактных поймаў, і наагул бедны лексычны склад народнага языка, абумоўлены першабытнасьцяй і нескладанасьцяй сьветагляду жыхарства, што жыве між беднай прыроды й навакольля, не дае магчымасьці завесьці навучаньне ў школе ў гэтай мове.
Чытаючы вышэйпрыведзеныя радкі Карскага аб «беднасьці» беларускае мовы дый народнага «сьветагляду», трэба прыпомніць сабе, што ў іншых кнігах «Беларусаў», а нават і на пачатку тае-ж апошняе кнігі, Карскі піша, і ня раз, зусім адваротнае. Ён часта ўсхваляе багацьце й беларускае мовы, і фальклёру. Пра багацьці-ж старое беларускае літаратурнае мовы ён сам у 1-м томе «Беларусаў» (1903) кажа вось што:
…Па багацьці старога лінгвістычнага матар'ялу заходнярускае нарэчча займае першае месца заразжа за вялікарускім, у галіне-ж кнігаў старога друку яно нават перавышае апошняе…
Дык у справе багацьця беларускае мовы ацэна яго ў апошнім томе «Беларусаў» якрава супярэчная з шматлікімі заўвагамі таго-ж Карскага ў тамах папярэдніх.
А што да адведзенага беларускай мове месца толькі ў «захалусьці», дык трэба сказадь, што нават 80 гадоў перад гэтым, калі ў абліччы паявы «Мужыцкае праўды» Каліноўскага дый яе моцнага рэха сярод масаў прыгоннага сялянства Беларусі расейская прэса дыскутавала пытаньне завядзеньня беларускае мовы ў школы, дык маскоўскі славянафільскі часапіс «День» Аксакава (1862–1865, тыднёвік) прызнаваў патрэбу куды шырэйшага карыстаньня беларускаю моваю ў школьніцтве, як гэта дазваляў у 1922 г. Карскі. «День» у 1863 г. пісаў:
…трэба, каб селянін разумеў гасудараў указ і «ўнушэньні» расейскае ўлады дакладна, безь непаразуменьняў… Мы ўважаем… што было-б нязвычайна карысным выкладаць першапачатковыя пазнаньні й сэнс урадавых загадаў беларускаму селяніну на беларускай мове, навучаць чытаць і пісаць яго пабеларуску, а посьле, бясспрэчна парасейску й царкоўнаславянску («День», № 25, 1863).
У канцы «Пасьляслова» Карскі да справы беларускае мовы й яе будучыні яшчэ раз вяртаецца, каб сказаць наступнае:
Што да беларускае мовы, якою гавора просты народ, дык жадаючы ей усякага красаваньня ў будучыні нават да сьветавога азначэньня, я ў пытаньні аб увядзеньні яе цяпер у навуку, як мовы вышэйшае й нават сярэдняе адукацыі, трымаюся прыблізна такога-ж пагляду, які апошнім часам быў выказаны й адным аб'ектыўным паляком Бодуэнам-дэ-Куртэно, а пайменна, «што беларускі язык гэтак блізкі да языка вялікарускага, што яму наўрад ці ўдасца ўтрымацца побач з гэтым апошнім. Для патрэбаў мастацкае літаратуры й для патрэбаў навукі, беларусы будуць праўдападобна карыстацца ў будучыні „общерусским“ языком, штo вырас на вялікарускай аснове» — дададзім ад сябе — не бяз удзелу іншых рускіх нарэччаў, у гэтым ліку й беларускага, асабліва ў мінулым. Трэба-ж хутчэй прыхінуць народ да культуры, што апіраецца на жывыя народныя карані, што корміцца «общерусскими» сокамі, а не на чужыя (хоць і шматгоднія) налёты (Б., III, 3, 442).
Цытата пагляду І.А. Бодуэн-дэ-Куртэно (узятая з «Варшаўскага слова», № 93, 1920 г.) зь ягоным сумнівам аб тым, ці беларуская літаратурная мова вытрымае канкурэнцыю з моваю расейскаю, прыведзеная Карскім для паказаньня, што тое-ж гавораць і палякі, не зацікаўленыя ў прывіцьці беларусом мовы расейскае. Трэба аднак-жа да гэтага дадаць, што зацытаваныя словы былі папярэджаныя ягоным-жа дэкляратыўнага характару асьветчаньнем Бодуэн-дэ-Куртэно, што «беларускай літаратурнай мове прызнаю ўсе правы для існаваньня й разьвіцьця, як і ўсякай іншай літаратурнай мове», Гэтыя словы Карскі не паўтарыў, у сваей цытаце ня прывёў. Карскі яшчэ й у 1922 годзе не прызнаваў, у запраўднасьці, існаваньня беларускае літаратурнае мовы наагул. Каб пераканацца аб гэтым, хогіе зьвярнуць увагу на сам загаловак, які Карскі даў апошняй кнізе «Беларусаў», прысьвечанай нарысу гісторыі новай беларускай літаратуры: «Художественная литература на народном языке».
Дык у дадзеную пару у 1922 г. для ўсходнеславянскіх моваў Карскі меў гэткую схему: існуюць тры раўнасільныя гутаркі — вялікаруская, маларуская й беларуская, літаратурная-ж мова шырэйшага культурнага ўжытку ёсьць і павінна заставацца для ўсіх толькі адна — расейская.
Дык на беларускую мову, літаратуру, нацыянальную культуру й іх будучыню Карскі й у 1922 годзе глядзеў яўна з пазыцыяў «обшчэрускіх». Месца на самастойнае існаваньне й разьвіцьцё для іх у Карскага не адводзілася. Маглі яны найвышэй таптацца ў вузкой выгарадцы правінцыяльнае адменнасьці культуры расейскай.
Наперакор гэтым безнадзейным пэрспэктывам Карскага, як гісторыя паказала, беларуская мова ў хуткім часе ахапіла ня толькі пачатковае й сярэдняе школьніцтва, але й вышэйшае. А ў Беларускай ССР стала яна адначасна й моваю дзяржаўнаю.
Беларуская-ж літаратура зусім ня думала зачыняцца ў наканаваных ей Карскім правінцыяльных межах, а наважвалася сягаць і па сусьветныя ўзроўні. І толькі сілаю заведзенага ад 1930-х гадоў чырвонаю Масквою тэрору, гэты буйны «нацдэмаўскі» разгон у разьвіцьці беларускае культуры быў, як ведама, затарможаны, а кірунак самога разьвіцьця сілком накіраваны ў бок тых-жа «обшчэрускіх» канцэнцыяў Карскага й царскага вялікадзяржаўя.
Ня дзіва, што посьле гэткай адкрытай вайны, абвешчанай Карскім беларускай мове, литературы, нацыянальнаму адраджэньню наогул, — усякія дачыненьні, усякія масты кантактаў між Карскім і беларускім Менскам нацдэмаўскае пары былі збураныя. Пры дзяржаўным Беларускім Унівэрсытэце Карскі не застаўся й у характары прафэсара. Хоць быў ён сябраю Расейскае Акадэміі Навук, а пазьней і Акадэміі Навук Чэскае, але ніколі ня быў сябраю Інстытуту Беларускае Культуры ў Менску, ані пазьнейшае Беларускае Акадэміі Навук. Не паказаўся ён і на шырока, міжнародна арганізаванай у 1926 годзе ў Менску Акадэмічнай Канфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу й азбукі, прысьвечанай пытаньням якраз цесна зьвязаным з моваю, хоць запрошаны на яе хіба-ж быў.
Толькі ў 1928 годзе, раней цытаваным асьветчаньні ў праскай «Славіі» Карскі прызнае наканец існаваньне беларускае мовы й як літаратурнае, і як дзяржаўнае, за факт дакананы й гістарычны. Практычнага паважнейшага значэньня для ягонай навуковай дзейнасьці гэтая пераацэнка паглядаў аднак-жа мець ужо не магла. Для павароту да шырэйшае навуковае працы над беларускаю моваю ў канцы дваццатых гадоў спрыяльных палітычных умоваў ані ў Менску, ані нават у Ленінградзе ўжо ня было. Тады пачынаўся акурат разгром культуры й навукі нацыянальных рэспублікаў Савецкае імпэрыі. Дый і жыцьцёвы круг найболынага дасьледніка беларускае мовы хінуўся ўжо да свайго натуральнага канца. Тры гады пазьней, у красавіку 1931 г., Яўхім Карскі памёр.
4. Савецкая партыйная ацэна Карскага
Для паўніні вобразу выдатнага беларусаведа варта яшчэ прывясьці пагляды на Карскага афіцыяльных савецкіх партыйных дзейнікаў дый на зьмены «партыйнае лініі» ў гэтых паглядах. Для гэтага ніжэй падаюцца выпіскі з даведак аб Карскім, зьмешчаных у двух чародных выданьнях «Большой советской энциклопедии».
Гэтак, у томе 31-м з 1937 г., БСЭ, бач. 623, аб Карскім чытаем:
Карскі… філялёг… Разглядаючы ў сваіх дарэвалюцыйных працах беларускую мову як адзін з расейскіх дыялектаў, Карскі ўпорыста захоўвае гэтую шавіністычную ўстаноўку й у працах пасьля Кастрычніка 1917 («Русская диалектология», 1924), дзеля гэтага ягоныя працы могуць быць выкарыстаныя цяпер толькі як збор матар'ялаў…
У томе-ж 20-м другога выданьня «Большой советской энциклопедии» з 1953 г., бач. 256, чытаем ужо вось што:
Карскі… расейскі языкавед і філялёг. Заснавальнік беларускае моваведы й беларускае філялёгіі…
З параўнаньня гэтых даведак у вочы кідаюцца дзьве зьмены. Найперш — у апошнім выданьні выпушчаны зусім сказ пра ягоную расейскую «шавіністычную ўстаноўку». Чаму? — зразумела: на пазыцыі гэтай-жа шавіністычнай устаноўкі чырвоная Масква сяньня адкрыта сама ня толькі стала, але з усіх сілаў абедзьвюма нагамі ў яе ўперлася. Вялікадзяржаўны шавінізм у сучаснай падсавецкай моваведзе ўважаецца зусім не за грэх, а за абавязуючы партыйны канон.
Дзеля гэтага-ж Масква цяпер ужо не стыдаецца прызнаць Карскага за свайго, за расейскага языкаведа й філялёга. І на гэта мае яна шмат асноваў. Карскі быў бясспрэчным беларусом па паходжаньні, па самапачуваньні, і, нават, па сваім правінцыяльнага тыпу патрыятызьме. Быў ён і бясспрэчным заснавальнікам беларускае моваведы й беларускае філялёгіі, як сьцьвердзіў гэта ўжо ў 1916 годзе Шахматаў. Заслуга гэтая яму належыцца без засьцярогаў і дзеля піянерскага характару ягонае працы ў гэтай галіне навукі, і дзеля грунтоўнасьці гэтае працы дый яе навуковага значэньня.
Дый хоць беларусаведам выдатным Карскі й быў, але вучоным найперш ён быў расейскім, і гэта ня дзеля таго толькі, што расейская навука прышчапіла яму сваю школу навуковае працы, дала яму навуковыя тытулы дый становішчы, асыпала шчодра прэміямі, нагародамі дый мэдалямі. Куды важнейшим было тое, што яна навязала яму адначасна й свой «обшчэрускі» сьветагляд дый ідэалёгію, а праз гэта ўціснула яго ў вузкія сьцены казённае, прыдворнае расейскага вялікадзяржаўя, навукі. А гэта, ізноўкі, моцна звузіла дый абмежавала ягоныя навуковыя гарызонты, падрэзала яму крылы да самастойных творчых натугаў, да шырэйшых навуковых палётаў. Гэта было адной з важных прычынаў таго, што паважнейшага свайго, нейкае свае арыгінальнае гіпатэзы ці тэорыі, Карскі так і не стварыў, не пакінуў. Пераймаў іх гатовыя ад іншых расейскіх моваведных аўтарытэтаў.
Гэтак, самастойным беларускім вучоным у дадзеных гістарычных абставінах Карскі стаць так і ня здолеў, у навуцы арыгінальным ня выявіўся, беларускае навуковае школы так і не стварыў. З навязанага расейскаю царскаю навуковаю школаю сьветагляду выламацца не патрапіў, дый нават і ня пробваў, Карскі ня толькі гаварыў, пісаў, але-й думаў парасейску. На вернай службе расейскае, царскарэжымнага тыпу, навуцы застаўся ён бадай да канца свайго жыцьця.
У абліччы гэтага ня дзіва, што вялікадзяржаўная Масква чырвоная сяньня гэта ўзважыла, ацаніла, дый знайшла, што мае дастаткова асноваў на тое, каб залічыць яго ў свае, у расейскія, вучоныя.
Жыцьцё й навуковая дзейнасьць Яўхіма Карскага пераплеценыя чарадою парадаксальных супярэчнасьцяў. Прыступаў ён да вывучэньня беларускае мовы з намерамі склясыфікаваць дый выясбніць яе факты з гледзішча пануючых у ягоную пару ў расейскай моваведзе «обшчэрускіх» паглядаў. Награмаджаны, аднак-жа, праз працавітае жыцьцё імжа вялізны моваведны матар'ял старое літаратурнае й сучаснае беларускае мовы ў гіпатэзы й канцэпцыі расейскае моваведы ня толькі не ўкладаўся, але ім пярэчыў, іх падважваў, адкідаў.
Прыкладам, тэзу яшчэ магістэрскага дыспуту Карскага, што беларуская мова — дыялект вялікарускай, запярэчылі вынікі ягоных-жа моваведных дасьледаваньняў, якія раскрылі й нязвычайнае багацьце дый размаітасьць і арыгінальную самабытнасьць беларускае моўнае сыстэмы. Намагаўся Карскі навязаць дый замацаваць у моваведзе для беларускай мовы азначэньне яе як дыялекту, «нарэчча», але, сваімі-ж працамі, дый асабліва манумэнтальнымі «Беларусамі», ён практычна падмураваў дый умацаваў яе становішча як самастойнае славянскае мовы. Ягонаму-ж дапушчэньню аб аддзяленьні ў гістарычную, быццам, яшчэ пару беларускае мовы ад гіпатэтычнае мовы «прарускае», пярэчылі ізноўка адцемленыя ім-жа факты з гісторыі беларускае мовы, якія паказвалі, што яна мусіла паўстаць не праз «адлучэньне» ад іншай, а шляхам аб'яднаньня ў дагістарычную яшчэ пару колькі існуючых старых беларускіх пляменных дыялектаў.
Дык пагляды, гіпатэзы, канцэпцыі, якія Карскі ў моваведзе намагаўся начапіць беларускай мове, да яе ня прысталі, пры ей не засталіся. Эвалюцыя моваведных паглядаў у галіне беларускае мовы паступова перачырквала канцэпцыі Карскага дый адкідала іх, як не сумесныя з фактамі навукі й жыцьця. У выніку, Карскі, хоць і вельмі неахвотна дый асьцерагаючыся, але з часам мусіў аднакжа пераглянуць свае пазыцыі. Таксама сваю тэрміналёгію «беларускае нарэчча», «заходнярускае нарэчча», «беларускае племя», «рускія мовы» — у значэньні «ўсходнеславянскія мовы» — тэрміналёгію, зь якою Карскі не пераставаў вазіцца яшчэ і ў сярэдзіне дваццатых гадоў, калі ад яе ўжо моцна аддавала старарэжымнаю старызною, давялося яму ў канцы закінуць, як яўна не адказуючую рэальнай запраўднасьці.
Выходзячы з расейскіх палітычна-навуковых канцэпцыяў, Карскі пралічыўся моцна й у сваім недаверы да будучыні беларускае мовы, літаратуры, дый наагул беларускага нацыянальна-палітычнага руху. Гісторыя яшчэ за жыцьця Карскага паказала, што разьвіцьцё ішло ў кірунку адваротным таму, якога ён спадзяваўся й ждаў. Беларуская мова не засталася толькі па «захалусьцях», але, як-ніяк, стала нават і дзяржаўнаю. Літаратура, таксама, аніяк ня думала зачыняцца ў рамкі правінцыяльнае. Палітычна-ж, працэс «эманцыпацыі» беларускага народу пасунуўся настолькі, што нават Маскве давялося прызнаць Беларусі дзяржаўныя, хай сабе й фікцыйныя, формы, дый нават даць ім і нейкі ход у міжнародным палітычным жыцьці.
Дзеля гэтых самых прычынаў і ў разьвіцьці новай беларускай літаратурнай мовы Карскі адыграў практычна значна сьціплейшую ролю, як можна было-б спадзявацца. Хоць дысэртацыяй «Обзор звуков и форм белорусской речи» яшчэ ў 1885 годзе ён склаў навуковую граматыку сучаснае беларускае мовы, аднак-жа першыя практычныя граматыкі, адпаведную тэрміналёгію дый правапіс распрацавалі, апіраючыся на ягоных-жа ирацах, для новай літаратурнай мовы Тарашкевіч дый Лёсік.
Ведаючы «обшчэрускія» тэндэнцыі Карскага, ня прызналі яго аўтарытэту дый не паслухалі ягоных радаў у справе нэалягізмаў, правінцыялізмаў, аканьня, правапісу й беларускія пісьменьнікі. Эвалюцыя разьвіцьця беларускае літаратурнае мовы ішла на шляху, наканаваным ей гісторыяй беларускага нацыянальнага адраджэньня, а не ў кірунку жаданьняў, інструкцыяў дый прадбачваньняў Карскага.
Гэтак беларуская мова тысячаю сваіх самабытных зьяваў, зарэгістраваных і склясыфікаваных Карскім, дый ходам далейшага свайго натуральнага разьвіцьця, сама запярэчыла дый адкінула ўсе важнейшыя тэзы Карскага, зь якімі да яе вывучэньня ён прыступаў, а, гэтым самым, разбурыла тыя штучныя ўзводжаныя дыялектныя дый «обшчэрускія» загарадкі, у якія Карскі намагаўся яе замкнуць. Hi Карскі, ні іншыя падобнага настаўленьня моваведы, улучыць, ані ўтрымаць беларускую мову ў межы «нарэчча» расейскае ня здолелі. У моваведзе мае яна сяньня сваё бясспрэчнае месца, месца самастойнае, месца раўнапраўнае іншым славянам мовам.
Дык у гістарычнай канфрантацыі «обшчэрускіх» канцэпцыяў Карскага аб беларускай мове з масаю сабраных ім-жа моўных фактаў, перамога засталася на баку фактаў. Пераможцаю аказаўся сам аб'ект дасьледаваньня, беларуская мова, а ня выдатны, найбольш на сяньня, яе дасьледнік. У выніку, і трывалую навуковую вартасьць моваведнай спадчыне Яўхіма Карскага надалі зафіксаваныя й усыстэматызаваныя ім факты беларускае мовы, а не гіпатэзы й канцэпцыі, да якіх ён намагаўся гэтыя факты падтасоўваць.
Гэткі вынік тэарэтычна прадбачыў, хоць і думаў пры тым, пэўне-ж, не аб сабе, і сам Карскі, калі ў прадмове да 2-ое кнігі II тому «Беларусаў» пісаў:
Гіпатэзы, пабудаваныя тэарэтычна… з часам могуць аказацца без гістарычнае над сабою базы, і дзеля гэтага бязвартаснымі, тады як факты мовы ніколі ня згубяць свайго значэньня.
Вось у гэтых словах маем ключ ня толькі да ацэны сучаснае вартасьці навуковае спадчыны Карскага, але й да зразуменьня істоты, і слабасьці і велічы Карскага як вучонага.
Дый заслужены гонар і славу трэба аддаць ня толькі пераможцы, беларускай мове, але й яе вялікаму дасьледніку, бо Карскі агромнаю рупліваю працаю ўсяго свайго жыцьця над зборам і сыстэматызацыяй гістарычнага й сучаснага беларускага моваведнага матар'ялу да гэтае яе перамогі — хацеў ён гэтага ці не — але істотна спрычыніўся. Карскі першы — і шырака, як ніхто — апісаў і раскрыў сваяродную сыстэму нутраных фанэтычных, марфалягічных дый сынтаксычных законаў, якім падпарадкуецца беларуская мова ў працэсе свайго гістарычнага разьвіцьця дый у багацьці сваіх сучасных дыялектных адхіленьняў. Карскі навукова й усебакова абгрунтаваў беларускую існасьць старое беларускае літаратурнае мовы, дзяржаўнае мовы Вялікага Княства Літоўскага. Карскі сваімі «Беларусамі» беларускую моваведу яшчэ на пачатку гэтага стагодзьдзя высунуў на адно зь першых месцаў сярод іншых славянскіх.
Дзеля гэтага беларусаведная навуковая спадчына Карскага, нягледзячы на ўсе яе заганы, дый нават насуперак намерам яе тварца, стала й сама паважным стымулюючым у працэсе фактарам і культурнага, і палітычна-нацыянальнага адраджэньня беларускага народу. Вось таму, у 100-я ўгодкі нараджэньня й 30-я сьмерці Яўхіма Карскага, заслужаная пашана й памяць яму належыцца і ад сучаснага пакаленьня таго народу, навуковаму пазнаньню якога ён усе свае сілы аддаў, хоць гістарычных імкненьняў яго так і не зразумеў, за свае іх ня прызнаў.
Разглядаючы асобу Карскага як вучонага на фоне яго гістарычнае пары, трэба ў канцы адцеміць і яшчэ адзін, і, найбольшы парадокс: тое вартаснае, што ён у беларусаведзе пакінуў, даў ён у вялікай меры дзякуючы акурат таму, што быў беларусом тыпу «обшчэрускага», а не беларускім незалежнікам. Калі-б ён далучыўся да паўгалоднае ахвярнае жменькі патрыятычных пісьменьнікаў-публіцыстых «Нашае Нівы», такіх шырокіх умоваў да сыстэматычнае навуковае працы, якую даваў яму расейскі афіцыяльны імпэрыяльны навуковы апарат, напэўна ён-бы ня меў. Напісаў-бы тады, хіба, нямала патрыятычных артыкулаў, а мо на'т і вершаў, якія тады былі ў асаблівай модзе, але ў галіне мовы праўдападобна ня здолеў-бы даць і столькі, колькі далі Тарашкевіч ці Лёсік, бо ў папярэдніках яму не ставала-б моваведа фармату й аўтарытэту Карскага. Пісаць «Беларусаў», у кажным выпадку, ня было-б тады каму.