Ніл Гілевіч
Год дзве тысячы першы. Выбраныя старонкі з дзённіка
12-га студзеня. У першыя дні Новага года (3-га? 4-га?) я пагадзіўся весці ў “ЛіМе” публіцыстычную рубрыку — персанальную, сваю. Пытанне ўзнікла ў звязку з тым, што мне была прысуджана “ЛіМ”аўская прэмія па гэтай намінацыі за мінулы год. Пагадзіўшыся, прыдумаў назву: “Сам-насам з Радзімай і з часам”. І вось — першы кавалак, казаў бы той, “выскачыў”. Наперад ведаю: ніхто добрага слова не скажа. Ніхто!..
20-га студзеня. Учора быў ў “ЛіМе” другі кавалак. І гэты прамоўчыцца, як і той. Па зразумелай прычыне: мы жывём у Беларусі. Мы — беларусы. Г. зн. самаеды.
Ездзіў у Лагойск, на юбілей “раёнкі”. Па запрашэнні рэдактара Т. Ігн. Біран. Баявітая жанчына! Родам з Мядзельшчыны, з Мікольцаў на Нарачы, праз якія я праязджаў сотні разоў. Юбілей — тыповы, і юбілейная вячэра — тыповая. Тосты, затым танцулькі каля сталоў; не выходзілі ў круг толькі двое: Сасноўскі і я. А мой аднакурснік В.Н. ого як “тупаў на гарачай блясе” (“Кот на гарачай блясе” — любімая прымаўка Ніны). Праз увесь час у застоллі Сасноўскі бурчэў (уголас), што газета выходзіць на дзвюх мовах, што раней ніколі гэтага не было (да баявой жанчыны, якая сама перадавіцы піша па-руску). А вазіў мяне ў Лагойск на службовай машыне Ул. Глушакоў, таксама госць юбіляркі. Усю дарогу маўчаў — і туды, і назад.
23-га студзеня. У Чырвоным касцёле — прэзентацыя новых кніг Л. Рублеўскай і В. Шніпа. Кніг гэтых я не бачыў і не чытаў, таму ў сваім слове гаварыў пра ранейшыя. Добра гаварыў, бо яны гэтага заслугоўваюць. Нават прачытаў 2–3 вершы Шніпа — з ранейшых, якія ён сам не чытаў гасцям імпрэзы. Усё абышлося вельмі хораша. Скобла вёў вечарыну дасканала, — цягне на Заслужанага Тамаду Рэспублікі.
24-га студзеня. Ездзіў у “Юнацтва” па ганарар за нейкі калектыўны зборнік. Затым быў на Радзе СП — прымалі ў Саюз маладых, у тым ліку 88-гадовага Анішчыка з Вільні. Па яго кандыдатуры браў слова і я, — мы даўно знаёмыя (пазнаёміў нас М. Танк у Вязынцы, на свяце паэзіі, — купалаўскім).
26-га студзеня. Трэці кавалак у “ЛіМе”. Пра П. Глебку. Паспрабаваў паказаць, што ён выдатны лірык. Напэўна, гэта не ўсім спадабаецца, бо многія выкінулі яго з гісторыі нашай літаратуры наогул. Але ж менавіта таму я і прысвяціў яму сваё чарговае слова.
30-га студзеня. Учора ў шэсць вечара аддаў А. Казловічу публіцыстыку — а сёння ў шэсць вечара ўжо трымаў у руках нумар газеты з ёю. Такая аператыўнасць! Хоць, зрэшты, усё зразумела: лыжка дорага к абеду! А вялікі ганебны “абед” пачынаецца заўтра.
31-га студзеня. За ўвесь дзень наконт маёй учарашняй публіцыстыкі пазванілі: прафесар Савіцкі, Стасевіч, Мацкевіч (Радашковічы), Ярашук (Мінск).
1-га лютага. Прайшла нарада па пытаннях культуры. Ганебнае шоу ў мэтах падкупіць інтэлігенцыю. Сорамна было глядзець. Сорамна было слухаць нашых дзеячаў культуры. Да чаго дакаціўся М.К.! Паабяцаў Вялікаму Меламану выканаць у яго гонар сімфонію Чайкоўскага! Усякае чуў я на сваім вяку — але такое? І ў кашмарным сне не магло прысніцца. Усе выступілі як халуі і папрасімцы — усе! За выняткам адной Вольгі Іпатавай. Адзіны мужчына на 500 чалавек у зале!..
2-га лютага. Чарговы кавалак у “ЛіМе”. Пра культ маральных пачвараў — на прыкладзе Гітлера. Занёс У. Лапцёнку тры сатырычныя паэмы (Ведзьмака-Лысагорскага, Дамавіка-Крывіцкага, Раскапэнды-Бабэцкага) — для зборніка, які будзе пачынацца класікай ХІХ ст. (“Элаіда навыварат” і “Тарас на Парнасе”).
Вечарам быў У. Конан. Ён даў згоду напісаць артыкул пра Н.Г. для 4-га тома Гісторыі беларускай літаратуры ХХ ст. Хто яго ўгаварыў на гэта — я так і не спытаў. Бо Каваленка быў знайшоў нейкага постмадэрніста, і той навурволіў. Пачаў чытаць — валасы сталі дыбам. Якая пайшла навука аб літаратуры! О, Божа!..
5-га лютага. 50 гадоў Я. Мальцу. Сціплая вечарына ў бібліятэцы ДЛ. Сказаў некалькі слоў і я, прачытаў яго лірычныя вершы, вельмі хораша прынятыя аўдыторыяй. Сімпатычны дзяцюк!
9-га лютага. У “ЛіМе” — пра А. Чобата: адкрываю яго як выдатнага паэта, аўтара “Тутэйшай сагі”. Ніхто яшчэ такой ацэнкі (заслужанай!) ягонай паэзіі не даваў. А ў “Н.В.” — новы кусок публіцыстыкі. Усё аб тым жа!.. Усё аб тым жа!.. Наколькі яшчэ мяне хопіць — не ведаю. Адчуваю, што на нядоўга.
12-га лютага. Сустрэча з І. Драчом у амбасадзе Украіны. Былі: Бураўкін, Зуёнак, Законнікаў. (Двух апошніх запрасіў я, бо раніцой Драч званіў мне з Кіева, каб я, апрача Б-на, прывёў яшчэ каго-небудзь з хлопцаў. А ў Амбасадзе на такую “кучу” не разлічвалі — як выяснілася ў застоллі.) Іван падарыў аж тры новыя кніжкі — свой зборнік паэзіі (выдатны, толькі “прабег”) і дзве кнігі, да якіх меў дачыненне: Алеся Ганчара і Дз. Гнацюка.
“Н.В.” заўтра дае яшчэ адзін мой публіцыстычны кавалак. Усё аб тым жа!.. Усё аб тым жа!..
13-га лютага. Схадзіў на Кірмаш, на які і прыязджаў І. Драч. На адкрыцці І.Ф. вазьмі дый скажы: “Горка, што не бачу самых выдатных беларускіх пісьменнікаў, і кніг іх не бачу. Ніл Сымонавіч Гілевіч, на шчасце, тут, а Васіля Быкава не бачу, няма…” Вось такі зрабіў утык правадырам Беларусі.
Пасля Кірмаша зайшлі з С.З. да мяне, доўга гутарылі. Пра тое, што ў “Полымі” ляжыць — ужо даўно — урывак з майго “Паланеза”, — прамаўчаў.
16-га лютага. Пазваніла Н. Семашкевіч: прынеслі сігнальны экзэмпляр майго Трэцяга Тома. З’ездзіў — каб пераканацца: ці праўда, — настолькі ўжо не верылася, што выйдзе. Ад Ганада Чарказяна даведаўся, чаму Том быў перанесены на 2001 год: далі каманду зверху — усе рэсурсы паперы і грошай пусціць на непланавае выданне двух тамоў Шамякіна, — паводле пастановы Урада аб яго юбілеі. Вось так і на гэты раз І.П. падставіў мне падножку. Мой том да друку быў падпісаны 8 лістапада, і да канца года абавязкова выйшаў бы, каб не пісьмо І.П.
17-га лютага. Ездзіў на юбілей Ліны. 75 адгрукала. Дакладней — заўтра, 18-га, але збіраліся і адзначылі сёння. Вельмі аслабела сястрыца, вельмі! Ад інсульту яшчэ не зусім адышла, рука яшчэ амярцвелая.
20-га лютага. Дзве сустрэчы з чытачамі за дзень: у 14.00 — ДЛУ імя Танка (арганізаваў М.У. Грудзінскі), а ў 19.00 — у філармоніі: “Зніч”, з М. Лявончыкам.
21-га лютага. Занёс у “Юнацтва” том — запланаваны да майго 70-годдзя. На 8 аркушаў. Рэдактар — У. Мазго, сімпатычны хлопец і таленавіты паэт, мой колішні студэнт. Дырэктар А. Камароўскі абяцае да юбілею выдаць. Хочацца верыць.
22-га лютага. Быў на канцэрце “Свята”. Люблю гэты калектыў — і з прыемнасцю паглядзеў і паслухаў. Перакінуўся парай слоў з В. Купрыяненкам і з яго дзяўкамі. Божа! Яны атрымліваюць па дваццаць з гакам тысяч у месяц! Так працуючы, так выкладаючыся!..
23-га лютага. Быў, па запрашэнні У. Коласа, на спектаклі ліцэістаў у ТЮГ. Таленавітая моладзь! З некаторых, напэўна, будуць артысты. Можа, і з Іллі Паплёўкі, сына настаўніка з Гайны. Даў бы Бог! Вельмі духавіты хлапчук. Першакурснік.
У “ЛіМе” — кавалак пра Архіў БНР, выдадзены С. Шупам. Лічыў сваім абавязкам сказаць у друку пра гэту яго капітальную навуковую працу.
28-га лютага. Нейкі паскуднік з дэмакратаў (Ю. Свірко) у “НН” абліў мяне брудам. Пачуў, што я ў краме сказаў “ізюм” (замест “разынкі”) — і прысуд: народны паэт не гаворыць па-беларуску. І пра гэта — вельмі смярдзюча. І адкуль толькі гэтыя паскуднікі бяруцца?! Колькі ў іх пад сэрцам дзярма месціцца!..
2-га сакавіка. Прачытаў інтэрв’ю Ул. Някляева. Не ўсцешыўся. Нібыта смела, ваяўніча, але… смеласць якаясьці франдзёрская. А наконт лёсу СП — і зусім кепска. Лічыць, што і яшчэ цэлы год будзе кіраваць ім з-за мяжы. На маё разуменне — гэта проста безадказнасць.
У Доме ветэранаў глядзеў пастаўлены В. Мазынскім спектакль “Вечар” — па п’есе Дударава (запрасіў сам Аляксей, якога ўжо даўно не бачыў). Спектакль — выдатны! Без агаворак. Калісьці гэту п’есу бачыў на сцэне Віцебскага — запомнілася. Потым — у Купалаўскім. І вось — на Вольнай сцэне. Адно магу сказаць: здорава!.. Лёс беларускай вёскі, а па сутнасці — лёс Беларусі пададзены як горкая, балючая, страшная трагедыя.
6-га сакавіка. Спектакль па “Родных дзецях” у Чырвоным касцёле. З нястомным Лявончыкам і пры маім удзеле. Усё яшчэ слухаюць, і нават з непрытворнай увагай. Радасна, што ў зале была амаль адна моладзь.
14-га сакавіка. Ездзіў у Навапольскі с/г тэхнікум на сустрэчу — па запрашэнні былой маёй студэнткі, выкладчыцы тэхнікума Н.І. Чарнавусавай. Роўна дзве гадзіны слухалі так, што аж сама выкладчыца здзівілася. У каторы раз думаю, як шмат добрага для роднай мовы робяць такія сціплыя беларускія жанчынкі, настаўніцы. У тэхнікуме да мяне было ўжо багата паэтаў.
15-га сакавіка. Юбілейная вечарына П. Місько. У бібліятэцы СП, г. зн. звышсціпла, пры жменьцы людзей. Давялося ўзяць слова і мне. Гаварыў толькі пра яго лірыку, пра новую кнігу, прачытаў некалькі вершаў, якія сапраўды сведчаць пра добрыя паэтычныя здольнасці. А сам ён, дзівак, у канцы вечарыны, доўга чытаў нецікавыя, нясмешныя пародыі і эпіграмы на паэтаў, чым амаль не разбурыў агульнае прыемнае ўражанне ад яго юбілейнай сходкі. І што іх цягне на гэтыя пародыі, нашых многіх і вершатворцаў і празаікаў? Талент парадыста — вельмі рэдкі.
16-га сакавіка. На Радзе СП прынялі рашэнне правесці ў канцы траўня чарговы, ХІІІ З’езд пісьменнікаў — з тым, каб выбраць новае кіраўніцтва і нарэшце развязаць завязаны Някляевым вузел. Напэўна, яму такое рашэнне не спадабаецца, але — іншага выйсця няма.
20-га сакавіка. “Чырвонка” змясціла мае адказы на пытанні В. Целяшук (студэнтка), у тым ліку і на пытанне аб мове. Трохі здзівіўся, што Карлюкевіч цалкам усё прапусціў наконт асіміляцыі і вынішчэння беларушчыны. Дзе тут “зарыты сабака”? Трохі дазволена? Каб мець факты: маўляў, калі ласка, друкуем, не баімся, свабода слова!?.
24-га сакавіка. Рада ТБМ, прысвечаная 500-у нумару “Нашага Слова”. У нумары — мой Зварот да настаўнікаў. Усё аб тым жа!.. А У. Содаль апублікаваў успаміны, як ён прыдумаў назву бюлетэню ТБМ “Наша Слова”. Ну, гэта ўжо чорт ведае што! Назву прыдумаў я, яшчэ вечарам напярэдадні, і ведаў, што ніякай іншай, якія будуць прапаноўвацца, не ўступлю. І калі я абвясціў і пачаў абгрунтоўваць — Содаль падтрымаў, і тут жа намаляваў на лістку, — і ўсе, у тым ліку Брыль, пагадзіліся з назвай “НС”. Так было ў сапраўднасці.
У 16.00 прыехалі з Брылём у НАЦ — на падпісанне прынятага на ІІІ з’ездзе Акта незалежнасці Беларусі. Ён быў прыняты як пацвярджэнне актаў 1918, 1990, 1991, 1994 гадоў, але хітрыя хлопчыкі абставілі ўсё так, нібыта пачалося вось цяпер, з іх, з гэтага Акта. Калі рыхтаваўся ІІІ з’езд — у сустаршыні аргкамітэта (хто і дзе, чаму без майго ўдзелу?) выбралі Б. і Б. — ад літаратуры. Але за апошнія 10 гадоў я выступіў публічна (у друку і з трыбуны) у сто разоў больш, чым яны разам узятыя (гэта лёгка праверыць). Чаму ж у сустаршыні не выбраны Ніл Гілевіч? Сотні тры артыкулаў (прамоў, зваротаў, інтэрв’ю) і столькі ж публіцыстычных вершаў у абарону свабоды, незалежнасці, мовы! А колькі ў Р.І.? Тры-чатыры артыкулы ды тры-чатыры інтэрв’ю. Чыімі ж гэта рукамі ўсё рабілася? Што — у іх больш правоў на гэту ролю было — кіраваць З’ездам, быць сустаршынёй і цяпер падпісваць Акт? Здорава атрымліваецца! Як у класіка марксізма: “пакуль пралетарыят змагаецца, буржуазія рвецца да ўлады”. Дарэчы, пасля З’езда прайшло 8 месяцаў: 8 месяцаў рыхтавалі Акт да падпісання! Але ж і варушыліся! 8 месяцаў здабывалі паўкіло паперы высокага гатунку! Не маглі гэта зрабіць адразу ж! Ды падпісаць галоўны першы экзэмпляр (на любой паперы!) трэба было на З’ездзе, у прысутнасці ўсіх дэлегатаў! А пасля ўжо тыя копіі-экземпляры, якія трэба рассылаць! Як жа да гэтага не дадумаліся шаноўныя сустаршыні?
25-га сакавіка. На маніфестацыю пайсці не змог: залажыла ў грудзях, відаць, зноў ВРЗ, дзярэцца і перацінае ў горле. Ды і куды і з кім ісці? Частка БНФ сабралася на пл. Незалежнасці, другая палова пайшла на Юбілейную плошчу. Што гэта? Што гэта такое? Нават Свята Волі не аб’яднала! Што з намі робіцца? Нават тут — не разам! Дык чаго ж мы даб’емся, братцы? Ай, як горка, як балюча на ўсё гэта глядзець! Якая трагедыя!..
На плошчу Незалежнасці не пусцілі, дык Ю. Беленькі скамандаваў: разыходзіцца і святкаваць дома, у сем’ях. А тыя з Юбілейнай плошчы пайшлі да Стэлы Мінска, дзе іх пабілі і чалавек 15 схапілі, будуць судзіць (так перадала “Свабода”).
26-га сакавіка. Сустракаліся з Брылём, але толькі для абмену прэсай, дык не пагутарылі. Ды і не здаровіцца мне. Прыходзіў Алесь Хмыз з вершамі. Расце хлопец. Можа быць, што-небудзь добрае і выйдзе. Павінна. Адчуваецца характар і тэмперамент.
27-га сакавіка. У “НВ” — здымак “герояў нацыі”, з якіх я вітаю і прызнаю толькі двух. Ды Бог з імі! Было б толькі ўсё гэта справай, а не гульнёй!..
Хадзіў у “Нёман”, на вячэру да А. Кудраўца. 65 адгрукала ўчора (не па пашпарту, а па памяці маці). Назад ішлі з У. Гніламёдавым, ад якога і пачуў: “Вам у свой час вельмі нашкодзіў трацкіст Р.Б. Ён задаў тон несправядлівых адносін да Вас, якія і цяпер працягваюцца”. І далей: “Ён быў разумны, галавасты, але нацыянальнае ў нашай літаратуры было для яго чужое”.
28-га сакавіка. Заходзіў У. Паплёўка з сынам, забраў кнігі, плакаты і іншыя дакументы і здымкі для музея ў школе.
29-га сакавіка. Заходзіў самадзейны кампазітар з Магілеўшчыны Яцкоў М. Ад. з жонкай Ал. Міх. Падарыў касету са сваімі песнямі, чатыры з іх на мае вершы. Прыемна слухаць, ёсць мелодыя, ёсць лірычны настрой.
30-га сакавіка. Быў у СП, на прэзентацыі балгарскай анталогіі і зборніка перакладаў Н. Вылчава. Вёў Вярцінскі. Найдаўжэй гаварыў я — свайго роду даклад зрабіў. Усё гэта — зусім у духу старых часоў, бо разгляду перакладаў не было; хоць я і зачытваў некаторыя, а што толку: хто ведае балгарскую мову? Адна М.Абрагімовіч ды трохі Ул. Анісковіч. Таму — гаворка на ўзроўні: трэба, дзякуем, трэба, дзякуем. Трэба, вядома!.. К. Цвірка пачынае новую серыю “Хрэстаматый замежных літаратур”. Прасіў, каб балгарскую ўзяўся рыхтаваць я.
У кабінеце Вярцінскага доўга гутарылі з А. Яскевічам. Падпісаў мне сваю кнігу “Библия: переводы, язык”. Цікавы ўсё-такі чалавек у нашай літаратурнай навуцы, у мовазнаўстве, ды і ў філасофіі. “Арыгінал”. А з Конанам — не ладзяць.
31-га сакавіка. Купіў “Крыніцу”. Пагартаў усё, што пра маю міласць. Не ведаю, чаму, але — не расхваляваўся, не ўзрадаваўся амаль ні трохі. Больш таго, — апанавала сумненне: а ці трэба было ўсё гэта? Два гады адбіваўся ад Галубовіча, ад Разанава, а летась вясной здаўся. І вось — маю. Ну, вядома, прысутнасць Конана ў гутарцы — вагу надала. Як і раней, ён і тут узяў глыбока. Цікава, як зрэагуюць “чытачы” на інтэрв’ю са мной і на артыкул Стасевіча пра “Лысую гару”.
Днём быў у М. Тонкавіча. Вельмі хораша пасядзелі, пагутарылі. Узяў дадому рукапіс яго зборніка. Трэба неяк дапамагчы яму выдацца (у якасці рэдактара і аўтара прадмоўкі). Можа, у «Бібліятэцы “Маладосці”»? Ці ёсць там узровень для такога выдання? Пабачым. Чалавек-то здольны.
4-га красавіка. Хадзіў на сарачыны па І. Цішчанку. Надта прасіла ўдава. Апантаны ў арганізацыі і падрыхтоўцы фальклорных выданняў, паспеў нямала і напісаць (часам крыху неахайна і мнагаслоўна). Меў і літаратурныя задаткі. А яшчэ… А яшчэ помню, як выказаў мне ў пісьме крыўду М.І. Забэйда, што Ц. выграб у яго палавіну архіва — нібыта для публікацыі, для папулярызацыі Спевака. І ні слова! І помню, як ён з М. Паўленка у годзе 64–65 прыходзілі да мяне слухаць песні Забэйды і заводзілі размовы. З Паўленкам! Знайшоў аматара беларускіх песень!..
6-га красавіка. Два гады, як не стала Карпенкі. Былі каля магілы. Там гутарыў з П.П. Казлоўскім, дамовіліся аб сустрэчы; ён будзе вылучацца кандыдатам на прэзідэнта. А 16-й сабраліся ў “Батлейцы” на памінкі. Бралі слова: Людміла Піліпаўна, У. Глод, С. Багданкевіч і я. Там пагутарыў з М. Шлындзікавым і Багданкевічам. Яны ўсур’ёз думаюць: ці не “раскруціць” кандыдатуру А. Дабравольскага. Вельмі здзіўлены такім іх думаннем. І засмучаны. Значыць, справы нашы кепскія, калі і такі варыянт узнікае. У сваім слове я заклікаў не паўтарыць памылку 1994-га, калі дэпутаты-дэмакраты правалілі вылучэнне Карпенкі (адазвалі свае подпісы; подлую падножку падставілі).
16-га красавіка. Заходзіў П.П. Казлоўскі. Гутарылі не менш трох гадзін. Зразумеў, што сітуацыя досыць складаная. Утвараецца кааліцыя (Ганчарык, Казлоўскі, Чыгір — і плюс Домаш, Калякін, можа, яшчэ хто). Ствараецца арганізацыйны камітэт, арганізуецца збор подпісаў вядомых людзей пад Зваротам да народа (ад Кааліцыі). Прасіў майго ўдзелу і дапамогі. Ініцыятарам арганізацыйнага камітэту — В.С. Лявонаў. Гэта я ўспрыняў з радасцю, гэта чалавек ва ўсіх адносінах надзейны. Моцны беларус! Вельмі моцны! Казлоўскаму я даў згоду, хоць разумею свае фізічныя магчымасці.
17-га красавіка. Каля 4-х гадзін прабыў у Чырвоным касцёле — на сустрэчы з настаўнікамі Мінскага раёна. Незвычайна цёплая, сардэчная сустрэча! Шмат чытаў ім, адказваў на пытанні. У канцы выступалі і яны, нагаварылі мне ўсякіх празмерна высокіх слоў, падарылі дужа пекны букет руж. Але галоўнае — гэта іх настрой. Які баявіты, патрыятычны настрой! “Пераможам і змяцём! А Беларусь будзе жыць!” — так і сказалі. Амаль адны жанчыны.
Сёння развіталіся з суседам І.М. Кучкоўскім, мужам сястры Караткевіча. Вельмі шкада: добры, чулы быў чалавек.
18-га красавіка. Учора пазваніў І. Сярэдзіч, запрасіў на “важную сустрэчу” — на сёння, на 14.30. Як і чакаў — гэта пачатак вялікай работы па стварэнні Кааліцыі. Для пачатку — аргкамітэт. Сёння былі Лявонаў, Бураўкін, Оргіш, Сярдзіч, Асташкевіч і Гуляеў. Б., О. і мне — даручылі напісаць Зварот да народа, дакладней — давесці яго да “кандыцыі”, бо аснова ўжо ёсць. Дамовіліся сабрацца ў сераду — дзеля Зварота, а ў пятніцу (27) — аргкамітэт. Сядзелі каля трох гадзін, шмат спрачаліся (асабліва неўгамонны быў Сярэдзіч). Боязна мне, што ў спрэчках, у раздраі можа ўсё і патануць.
27-га красавіка. Быў у Лапцёнка. Занёс яму ідэю (з абгрунтаваннем) — выдаць кнігу анкет “Вядомыя людзі Беларусі: кароткія споведзі”. Л. зразумеў, якая гэта выйгрышная ініцыятыва, і ўхапіўся абедзвюма рукамі. Будзе рабіць.
4-га траўня. Хадзіў у “Крыніцу” па заробак, доўга чакалі касірку, дык нагаварыўся з А. Бельскім, які сказаў мне шмат цікавага, у прыватнасці, пра “Родных дзяцей”, якіх яны з жонкай чыталі ў дарозе, у электрычцы.
10-га траўня. Збіраліся ў Інстытуце гісторыі, у Л.М. Лыча, наконт ВБА. Былі: Конан, Крукоўскі, Ліс, Лыч і я. Яшчэ раз пераканаўся: добрая задума, але ажыццявіць надта цяжка — няма каму. Сам я выдыхся так, што нічога не міла; астатнія “дзяды” — занадта “беларусы”. Патрэбен “жыдок”, каб варушыцца, бегаць, дзейнічаць… Ці знойдзецца гэтакі?
Званіў з Самары сябра ваеннага дзяцінства Л. Кулакоўскі — гадоў сорак не бачыліся. “Дык што, пытае, незалежнасць?” — “Толькі незалежнасць!” — “Правільна, я таксама “за”. Вось адно кепска: у Самары 40 тысяч беларусаў, і ўсе лічаць сябе рускімі”.
20-га траўня. Адбыўся Сёмы з’езд ТБМ. Трусаў арганізаваў яго бліскуча — за паўдня “ўсё зрабілі”. Мая прысутнасць была “ганаровай”, упершыню без ніякага слова.
Заявіўся Някляеў, прыехаў на З’езд пісьменнікаў. Іпатава вельмі захалеравала.
21-га траўня. Адбыўся сход ініцыятыўнай групы народнага руху “За новую Беларусь”. Сабралася чалавек сто. Гонар адкрыць Сход дастаўся мне — як самаму “маладому”. Былі ўсе эвентуальныя кандыдаты на прэзідэнта, шмат кіраўнікоў партый, шмат журналістаў. Зварот да народа быў прыняты. Быў выбраны Выканкам Руху на чале з В.С. Лявонавым. Увайшоў у ВК і я. Задума разумная, канструктыўная, памажы, Божа, ажыццявіць!..
22-га траўня. Быў на Радзе СБП, апошняй перад З’ездам. Іпатава — як напятая струна, ад прысутнасці Някляева. На абмеркаванні пытання — хто будзе балатавацца на старшыню? — самаадвод узялі: Іпатава, Далідовіч, Бураўкін. Г. у які ўжо раз сказаў: “Трэба было гэта рабіць 10–15 гадоў назад — тады я быў гатоў і згадзіўся б, але тады вы мяне не бачылі!..”
Пазняк апублікаваў у “Нашай Ніве” артыкул, у якім сцвярджае, што В. Ганчар жывы, “яго трымаюць у якасці “чорта з табакеркі”, каб пры неабходнасці выставіць яго “героем-пакутнікам” і яшчэ раз ашукаць Беларусь”. Вось такая заява лідара БНФ. Чытай, беларус, і думай, што хочаш. І вер, каму хочаш. Чорт ведае, што робіцца!..
23-га траўня. У “Нашым Слове” Вал. Гракун дала бліскучую водпаведзь пісьменніцы Бондар, якая апошнім часам проста азвярэла ў сваёй нянавісці да “народных” — задушыла б іх тут жа, каб можна было!.. (“Якія яны народныя! — крычала па радыё. — Яны ідуць супроць народа! Ганьба ім!”)
29-га траўня. Адбыўся З’езд пісьменнікаў. Адкрыць яго Рада даручыла мне. Слова пісаў доўга і цяжка, разумныя думкі падказала Ніна. Калі верыць сябрам у зале — слова ўдалося (Адамчык з трыбуны сказаў “святое слова Гілевіча”). Многія-многія падыходзілі, дзякавалі, віншавалі… Апрача некаторых самых блізкіх сяброў. (Не хапіла мужнасці. Ці ўпершыню?) Моцна выступілі В. Адамчык, С. Законнікаў, А. Баршчэўскі (уласна — гэта і былі ўсе, каму сёння можна верыць), больш занялі часу прыхлябаі і чыноўнікі. Прыхлябаі пелі ва ўнісон адну песню: не трэба палітыкі, не трэба змагання, аб’яднаемся і палюбімся ў імя… ну-ну, у імя чаго? У імя аб’яднання з рускім народам у адзін народ, Беларусі з Расіяй — у адну дзяржаву.
Калі Л. Гуляка зачытаў прывітанне ад Начальніка Дзяржавы — у зале, без энтузіязму пляснулі ў ладкі 6–7 чалавек — на фоне авацый Нілу Гілевічу. І каму ж гэта спадабаецца?
Старшынёй СБП выбралі В. Іпатаву. У канцы з’езда я зразумеў, што яна аж памірала, як хацела гэтай пасады, толькі — каб гэтай яе жарсці ніхто не заўважыў, каб бачылі, што яна “не хоча”. Адсюль і самаадвод на Радзе. Ой, жанчынкі, жанчынкі! То ж дай Бог, каб наш давер усё-такі апраўдаўся. Зрэшты, выбар быў невялікі. На З’ездзе зноў адмовіліся Далідовіч, Законнікаў і… — бедны-бедны Бураўкін, які — і тут, як на Радзе, — сказаў: “а дзе ж вы былі 10–15 гадоў назад, калі я быў гатоў і г.д.”. На старшыню не прайшоў М. Мятліцкі, хоць яго вылучаў і вельмі хваліў І. Шамякін. Думаю, што галоўная прычына — яго імя ў спісе 63-х. З кулуарных размоў зразумеў, што амаль усе жанчыны залы прагаласуюць супроць Іпатавай. Тут ужо і літаратура і палітыка ні пры чым, тут ужо чыстая псіхалогія.
На З’ездзе М. Дзямчук вельмі прасіў мяне прыняць удзел у Свяце паэзіі і песні ў Маладзечне 8–9 чэрвеня. Пабачым.
На выбарах Рады я зняў сваю кандыдатуру — не хачу! Не хачу! Не хачу! Калі ўсё даехала да такога ўзроўню — не хачу. Хай Бог мне даруе. І хай паможа мне мабілізаваць усе астаткі сіл душы і сэрца, каб не саступіць у галоўным і не апусціцца!..
9-га чэрвеня. Учора вечарам у Маладзечне адкрыўся Фестываль беларускай паэзіі і песні. Той, які быў заснаваны Карпенкам пры маёй падтрымцы (вітаў ад ВС РБ першы ў 1993 годзе — я). Сёння я павінен быў быць там — на сустрэчы з чытачамі ў бібліятэцы, спецыяльна для мяне арганізаванай. І аднак жа паехаць не змог, пабачыўшы па тэле адкрыццё. Вітаў удзельнікаў і гасцей Фестывалю Гэны. Прыехаў і ўзяў слова на Фестываль імя Карпенкі! Які цынізм! Хто працягвае яго святую справу!? А імя Ген. Дзм. на адкрыцці нават і не прагучала, ніхто і не ўспомніў. Гэта — абраза яго памяці. Як жа я мог паехаць і святкаваць гэта свята? Выступаць у рамках аднаго свята разам з Гэным? Каб так і было запісана ў паперках, і адзначана ў друку? Як шкада, што я непрадбачліва даў маладзечанцам згоду на прыезд!..
Прачытаў карэктуру “Шчаслівых хвілін”. Яшчэ раз пераканаўся: якая выдатная балгарская дзіцячая паэзія! Асабліва класічная. Але здаецца, што чытача ў яе менш і менш. Яна трымаецца на матывах вечных, у гэтым яе моц-сіла і хараство, а сённяшні чытач ужо жыве пераважна надзённым, ужо — маленькі прагматык, асабліва дзіця горада. Гэта паэзія — вясковая і для дзяцей вёскі, ад зямлі…
Праслухаў вечарам касету з песнямі А. Рашчынскага, якую ён мне падарыў, на канцэрце выпускнікоў у музвучылішчы. Усе песні ў выкананні студэнтаў. Як нябесная ласка на душу сышла! Асабліва хораша гучыць хор “Паклон табе, мой родны краю!”. Адна з лепшых песень на мае вершы. Як бы гэта скантактавацца з ім і зрабіць том песень з нотамі — з тых запісаў (стужак і касет), якія ў мяне ўжо колькі гадоў ляжаць “мёртвым капіталам”? Якія ёсць там шэдэўры народнай лірыкі!..
19-га чэрвеня. Сустрэча і размова з В. Лявонавым (па яго просьбе). Прапануе напісаць зварот да народа Расіі — ад імя беларускай інтэлігенцыі. Сказаў: магу толькі ад сябе і не да народа (хто я такі — каб да ўсяго народа Расіі?), а да рускіх пісьменнікаў і дзеячаў навукі і мастацтва. На тым і пагадзіліся. Буду пісаць.
22-га чэрвеня. “День” апублікавала мае адказы на пытанні Аксаны Яноўскай. Усё яшчэ змагаюся, усё яшчэ на барыкадах. Сёе-тое ўдалося сказаць істотнае — і пра паэзію, і пра стаўленне паэтаў да ўлады, і пра мову, і пра Гэнага. Нават Ніна сказала: “густа замясіў” — гэта яе вышэйшая ацэнка.
На выканкаме Руху “За Н.Б.” адмовіўся пісаць Ліст да Пуціна ад імя беларускай інтэлігенцыі. Адказаў: занадта моцна не прымаю гэтага чалавека, каб звяртацца да яго з нейкімі просьбамі. І пацвердзіў сваю згоду напісаць слова да рускай інтэлігенцыі (творчай і навуковай).
4-га ліпеня. Сёння павінен быў паехаць на прыём да пасла ЗША — у Раўбічы, але чалавек, які паабяцаў узяць мяне ў сваю “каляску”, забыўся, відаць, — так і астаўся мой прыём дома. Можа, гэтак і лепш: няўтульна чуюся ў тых тусоўках, нейкая не мая п’яная публіка, і сам раблюся на іх падобным.
Пачалася мая “юбілейная кампанія” — першыя просьбы даць што-небудзь у вераснёўскі нумар (ад “Алесі”, “Вожыка”, “Пачатковай школы”, “Маладосці, “Беларусі” і інш.).
24-га ліпеня. Званіла з Лагойска Л-ва — ці атрымаў запрашэнне на яе 60-годдзе, — і каб абавязкова прыехаў! “Ой, божа ж мой, божа!” — усё, што сказаў, каб не сказаць мацней. Мадаме і ў галаву не прыходзіць, чым я жыву і ў якім стане. Ах, гэтыя мадамы ад паэзіі!..
Званіў Лаўшук — наконт артыкула пра Н.Г. у том ІV “Гісторыі беларуская літаратуры”. Напісаў Ул. Конан, я ўжо ведаю гэта, ён скарыстаў свой уступны да 6-томніка. Цяжка пісаць такі артыкул пра “шматстаночніка”: пра паэзію (лірыку, паэмы, сатыру) памясцілася, а пра навуковыя працы — пункцірна, а пра публіцыстыку — ніяк, і пра пераклады — адным радком, і пра п’есы і аповесць — гэтак жа, і пра творы для дзяцей ніяк… Н.Г. — без публіцыстыкі? Які ж гэта Н.Г.! Вярцінскі назваў у “Звяздзе” маю “Любоў прасветлую! “Евангеллем ад Ніла”, — дык жа евангеллем! — галоўная кнігай душы і для душы, для людзей!.. Хіба ў маім жыцці, у маёй працы публіцыстыка нешта другараднае?
17-га жніўня. Чытаў карэктуру зборніка “малюткі” — “Лесам песня ішла”, — здаецца, выбраў строга, нічога лішняга не трапіла, павінна быць файная кніжачка. Набіраў — малы Лапцёнак, Андрэй. Талковы хлапец. Калі пашанцуе — да юбілею ў “Кнізе” выйдуць два зборнікі. Так што будзе і радасць.
29-га жніўня. Быў на прыёме ў амбасадара Украіны. Падарыў мне шыкоўнае выданне “Кабзара”.
11-га верасня. Сустрэча ў Бібкалектары, па пробе У. Лапцёнка. Расказаў пра выдавецтва “Кніга”, пра яго першыя выданні і планы, прачытаў некалькі вершаў. Быў там ад “Мастацкай літаратуры” і Марчук, сказаў: можа, і 5-ы том Н.Г. выдадзім (не пры ўсіх, а мне на вушка). Значыць, ведае кошка, чыё сала з’ела. А мне ўжо не верыцца нават у тое, што і 4-ы выйдзе. Здаецца, што на гэтых трох і кропка. Бібліятэкарам я расказаў, якую камедыю ўтварылі выдаўцы, перарабіўшы “на пераправе” 6-томнік у 4-томнік. Не ведалі прысутныя гэтага і былі здзіўленыя.
25-га верасня. Быў у нямецкага пасла на развітанні — ён ад’язджае, будзе паслом у Нарвегіі. Не ведаю чаму, з чыёй ласкі я запрошаны на гэтую вячэру ў вузкім коле (былі Роўда, Сёмуха, Садоўскі, Трусаў, Арлоў — з маіх знаёмых). Свабодна мог бы не пайсці. Нічога цікавага, усё тое ж, віно і закусь. І балбатня — абы пра што і абы з кім.
Ад майго вечара ў ДЛ адмовіўся — катэгарычна, калі даведаўся пра некаторыя абставіны. Аказваецца, нягледзячы на тое, што я сказаў Іпатавай на пахаванні Адамчыка (па дарозе з могілак), яна наважылася рабіць маю юбілейную вечарыну ў ДЛ (2.Х.) па ўсіх канонах мінулых часоў, з запрашэннем афіцыйных асоб. Больш таго, паслала ў СМ, Ярмошыну, ліст наступнага зместу (перапісаў з камп’ютара ў Ір. Львоўны): “Творчы і працоўны шлях Н.С.Г. заслугоўвае быць адзначаным уладай Рэспублікі Беларусь, на карысць і дабрабыт якой ён шчыра працуе з 1946 года”. Вось так, значыць. Па-першае, гэты ліст ёсць просьба, у завуаляванай форме, дазволіць Саюзу такое святочнае “мерапрыемства” — юбілей Н.Г.; па-другое, гэта падказка начальству, каб яно адшкадавала юбіляру які медалёк ці хоць грамату. Выдатна! Шчыра ўдзячны за клопат, толькі трэба было ўсё ж пацікавіцца, што я сам думаю наконт гэтага. Можна было б і ведаць, што я думаю і як я ўспрыму знакі ўвагі ад начальства. Напісаў заяву прыкладна такога зместу: паколькі кожны з нас жыве адзін раз на зямлі, я, зразумела, быў бы рад падараваны мне Богам дзень завяршэння вялікага этапу жыцця адзначыць сярод сяброў менавіта ў былым Доме літаратара — у адабранай у нас, пісьменнікаў, роднай хаце. Але, узважыўшы ўсе абставіны і акалічнасці, лічу гэта немагчымым. Рашэнне маё канчатковае, і на гэтым кропка.
Заяву аддаў Ір. Л-не. Нават не пазванілі начальнікі. Значыць, зразумелі.
26-га верасня. Ужо два тыдні чытаю ў друку, слухаю па “Свабодзе” каментары да вынікаў “выбараў” прэзідэнта. На душы — усё больш цяжка, сумна і прыкра. Іншых вынікаў нельга было і чакаць. Можна толькі пашкадаваць, што ўключыліся ў гэту непрыстойную гульню — пасля таго, як чатыры ўмовы апазіцыі не былі прыняты. Загадзя ж было вядома, якія будуць вынікі! — хоць 100 тысяч назіральнікаў пастаў, — гэта нічога не дасць, калі выбары адбудуцца па савецка-сталінскім сцэнары?! Так і сталася. Асабіста я іншага і не чакаў. І шкадую, што не заявіў публічна аб марнасці ўсіх намаганняў апазіцыі (як у свой час заявіў у ВС аб інстытуце прэзідэнцтва — у сакавіку 1994). Вельмі шкадую.
27-га верасня. Амерыка рыхтуецца да вайны з Афганістанам, з талібамі. Рашуча настроілася адпомсціць за жахлівы ўдар тэрарыста Усамы бен Ладэна. Настрой амерыканцаў можна зразумець, але — чым гэта кончыцца? Няўжо Белы Дом сур’ёзна думае, што тэрарысты спалохаюцца, прыціхнуць, пашкадуюць аб учыненым зверстве і “больш не будуць”? Ды ні ў якім разе! Адной ваеннай помстай праблему не здымеш. А што рабіць? Не ведаю. Вось пра гэта і трэба думаць. Усім. Усім, усім! І тым, хто сёння думае, як задушыць незалежную Беларусь.
29-га верасня. Заўтра мне 70. Прыйшлі першыя тэлеграмы, паштоўкі, надрукаваны ў суботніх нумарах артыкулы, вершы (старыя). Заўтра збярэцца на абед радня, на 1-га на вячэру запрошаны бліжэйшыя сябры (з жонкамі). 4-га будзе вечарына ў Чырвоным касцёле, ТБМ ладзіць. Ніна выбіваецца з апошніх сіл — у забеспячэнні закуссю, цягае торбы і з крам, і з рынку. Гэта — пры яе здароўі. Трохі памагае Сяргей. А больш няма каму.
1-га кастрычніка. Учора балявала радня, — як і заўсёды, у добрым настроі. Быў і Я. Ст. з жонкай, прыхапіў і гармонік і праспяваў для гасцей “песні прапашчага”; уразілі песні надзвычай (асабліва “Студэнтачка” і “Не для мяне”). Коля крычаў: гэта геніяльна! (Добра, што ён, непітушчы, значыць — не пасля чаркі). Геніяльнага там нічога няма, але гучаць песні здорава, сам да слёз кранаюся.
Ну, а сёння былі сябры: Бураўкіны, Кудраўцы, Казькі, Жукі, Дударавы, Лісы, Вярцінскія, Пісьмянковы, Конан, Далідовіч, В. Блакіт, Зуёнак. А Законнікаў не прыйшоў — прыхварнуў якраз. Нагаварылі мне сябры столькі, што да смерці хопіць. Пілі, дзякаваць Богу, добра, і было весела.
Учора раніцой пазваніў з Франкфурта Быкаў, пасля трубку ўзяла І.М. Спытаў у яго: як маешся? Як здароўе? Адказаў: дрэнна, на самым краёчку. Кажу: дык, можа, вяртайся, можа, дома лепш будзе? Адказаў: ды, мабыць, скора вярнуся. Кажу: вечарам заўтра ў мяне будуць хлопцы… — Ну перадай ім прывітанне…
5-га кастрычніка. Учора адбылося нешта незвычайнае. Вечарына ў Чырвоным касцёле планавалася ў дольнай зале — на 250 чалавек. А прыйшло на сустрэчу з юбілярам 1500, а можа і больш. Катастрофа! І тады пробашч Ул. Завальнюк прыняў рэвалюцыйнае рашэнне: перавёў гэтую грамаду людзей у вялікую, галоўную залу (670 месц на лаўках, і столькі ж чалавек могуць стаяць на праходах, на абочынах і ў канцы залы). Юбіляр сядзеў на алтары, туды ж падымаліся віншаваць; вершы, па просьбе Завальнюка, чытаў з амбона. Як гаварылі прамоўцы: гэта — гістарычны вечар! Такога гісторыя беларускай літаратуры не ведала і наўрад ці яшчэ калі-небудзь зведае. Гэта — як па волі самога Госпада Бога. Такое не паўтараецца, такое не заплануеш. Гэта была найвышэйшая паэту ўзнагарода, — якая толькі можа быць. І паэт нарэшце зведаў, што такое шчасце, і глытаў спазмы, і выціраў вочы. Ён быў шчаслівы бачыць сапраўдную пашану і любоў тых, дзеля каго жыў і працаваў, — пашану і любоў беларускага народа.
26-га кастрычніка. Юбілейныя сустрэчы працягваюцца — насуперак маім планам праседзець гэту паласу ціхенька.
5-га — у Нацыянальнай бібліятэцы, дзе (малайцы, дзяўчаты!) адкрыта і выстава кніг і фатаграфій юбіляра.
12-га — у Нясвіжы, у РДК. Вялікая зала была поўненькая, пераважна — моладзь.
17-га — у Азярыцкай Слабадзе, у школе, дзве сустрэчы ўзапар — з малымі (4–6 класы) і старшакласнікамі. Дзеці гавораць па-руску. А ўчора, 25-га — у Маладзечне. Паўтарыўся касцёльны варыянт, толькі ў меншых маштабах. Планавалася сустрэча ў зале на 200 чалавек, унізе. А прыйшло — каля 500. Давялося пераходзіць у вялікую залу-чытальню наверх, дзе сяк-так патоўпіліся. У касцёле вечарына доўжылася тры гадзіны, і тут амаль столькі ж. І шчырасці, і цеплыні, і пашаны-любові было таксама, бадай, не меней.
24-га быў на выставе А. Марачкіна “Разам з Пагоняй”. Прачытаў верш “Мастак”, прысвечаны А.А., які давядзецца дашліфоўваць (пакуль — гэта чарнавік, але па задуме варты таго, каб над ім яшчэ пашчыраваць).
29-га кастрычніка. На прыёме ў турэцкага пасла пані Сойсал Шуле пагутарылі з М. Казінцом — першы раз за апошнія чатыры гады. Забыў спытаць, ці чытаў ён прысвечаны яму верш, — так і не ведаю, не абазваўся тады. Загарэўся, калі я сказаў, што магу перадаць ягонай Акадэміі пяць тамоў балгарскіх песень з нотамі — звыш 10 тысяч нотных запісаў. Толькі ці магу — ці не рана? Яшчэ мне патрэбны тэксты.
30-га кастрычніка. Дзень пайшоў на Гомель — выехалі ў 6.30, вярнуліся каля гадзіны ночы. У 12.00 — сустрэча ў ГДУ, у 16.00 — у абласной бібліятэцы. І там і там сустрэлі найлепшым чынам, было народу “бітком” і было безліч пытанняў, у тым ліку шмат такіх, якіх я чакаў — аб нашым набалелым. Вельмі прыемнае ўражанне засталося ад фальклорнага кабінета філфака — ва ўсю выдаюць народную творчасць Гомельшчыны! Кнігу за кнігай. І даследуюць. І адчуваецца, што ўсё з патрыятычным запалам. Кіруе кафедрай праф. Штэйнер, І.Ф., мой былы студэнт, талковы, таленавіты, сімпатычны, — паздароў яго, Божа!
31-га кастрычніка. Традыцыйная сустрэча на філфаку педуніверсітэта, як і заўсёды — надзвычай цёплая, сардэчная, і, як заўсёды, цягнулася не менш дзвюх гадзін. Вельмі мілы малады беларускі народ! Вялікую справу робяць Рагуля і Васілевіч.
1-га лістапада. У бібліятэцы СП была прэзентацыя чыквінскіх “Тэрмапілаў”. Быў і сам пан Ян з жонкай Галінай. Я чытаў не ўсе нумары, таму і слова маё было абмежаванае. Хваліў за дэмакратычнасць зместу, за “подых” сапраўднай беларушчыны і… Еўропы, за высокую паліграфічную культуру выдання. А выдаюць (робяць часопіс) удваіх — сямейкай. Здорава!..
14-га лістапада. Яшчэ адна сустрэча ў Маладзечне — на гэты раз у школе Бароўскага Б.В. (для дзяцей, хворых на скрыўленне пазваночніка) і ў музвучылішчы імя Агінскага, — у Р.С. Сарокі. Зноў — надзвычайная цеплыня і сардэчнасць, зноў пытанні, пытанні, пытанні… Паглядзіш вось так, паслухаеш — і так не хочацца верыць, што ў нас Роднае Слова ў загоне і што ўсё ідзе на заняпад.
16-га лістапада. Нарэшце мой юбілей дакаціўся і да землякоў, цэлы дзень прабыў у роднай школе, у Гайне. Чатыры гадзіны (з перапынкам) цягнулася сустрэча, пераважна — канцэрт вучняў і настаўнікаў у мой гонар, віншаванні, успаміны (у тым ліку майго школьнага настаўніка У.А. Рыбчыка, аднакурсніка В.Несцяровіча, маіх былых студэнтак, мясцовых паэтаў і празаікаў і інш.). Заскочыў на некалькі хвілін да Ліны — толькі каб пабачыць і павітацца. Хворая-хворая, ледзьве ходзіць. Божа літасцівы, калі прабегла жыццё?!.
18-га лістапада. У 11.00 быў у Федэрацыі Прафсаюзаў, па просьбе Лявонава. Блаславілі (канчаткова) Статут грамадскага аб’яднання “За абнаўленне” — для рэгістрацыі ў Мінюсце. Маглі б ужо такога дзеда і не цягнуць, абышліся б і без мяне. Амаль палавіны выканкама не было, а я хаджу на кожнае пасяджэнне…
19-га лістапада. Юбілейная вячэра ў Вярцінскага, шмат пілі і елі, як зазвычай — скалілі зубы, ну і гаварылі віншавальныя тосты. Пайшоў раней, першы, бо быў не ў гуморы і баяўся сапсаваць свята зайздросна маладому Ільічу. “Саўсім не тое, што было!..” У застоллі былі: Бураўкіны, Законнікавы, Зуёнкі, Сіпакоў, Шабалін, Каршукоў, Іпатава, Пісьмянковы…
20-га лістапада. Вечарына ў Музеі Купалы — апошняя ў маёй юбілейнай эпапеі, якая расцягнулася аж занадта — амаль на два месяцы. Прайшла выдатна. Упрыгожыў урачыстасць хор студэнтаў музвучылішча пад кіраўніцтвам майго земляка Алеся Рашчынскага. Ах, як жа хораша яны спявалі — на вершы Купалы і юбіляра! Таленавіты кампазітар — Алесь, належнае яму, на жаль, не аддадзена. А пстрыкунам… Як для мяне — дык радасна-сімвалічна, што кропка на святкаванні юбілею пастаўлена менавіта ў хаце Купалы.
Цудоўна гаварыла пра юбіляра Л.С. Давідоўская, — гэта ў яе атрымліваецца, малайчына. З сяброў уважылі прысутнасцю Бураўкін, Блакіт, Конан. Чытаў шмат вершаў.
23-га лістапада. Апублікаваў у “НВ” адкрыты ліст Зносаку — Нікіцію — каб даў адказ, хто ж забараніў ставіць “Тутэйшых” у тэатры Купалы. Злосна паіранізаваў. Зачапіў і старшынь двух творчых саюзаў — Іпатаву і Дударава. Ніна, разумеючы маё абурэнне, усё ж сказала: “Страціў яшчэ двух сяброў, і табе гэта адрыгнецца”. Напэўна, так. Бо Купала нікому непатрэбны, а патрэбна мыш пад памялом…
30-га лістапада. Горкая, сумная навіна — памёр Віктар Астаф’еў. Напісаў для “НВ” развітальнае слова, у заўтрашні нумар. Непапраўная страта. Цяпер паскудства ў рускай літаратуры разгуляецца з яшчэ большай сілай.
5-га снежня. Учора хадзіў на адкрыццё выставы рукапісных кніг беларускіх татар, у бібліятэцы НАН. І. Канапацкі папрасіў, каб і сказаў некалькі слоў. А сказаць ёсць што — і не крывячы душою. Успомніў і Сц. Александровіча.
На ўрачыстасці была і брала слова пасол Турцыі Ф. Сойсал Шуле, з якою мы даўно знаёмы.
“НВ” апублікавала сёння мой вялікі артыкул “Крызіс ці трагедыя”. Адразу ж пайшлі званкі, нават ад каго не чакаў.
7-га снежня. Як і трэба было чакаць, прыйшоў ліст ад Іпатавай. Не ліст, а абвінаваўчы акт. Страшны. А ж не магу паверыць, што гэта не фальсіфікацыя. Тры машынапісныя старонкі паклёпаў і бруду! Жах! Я чакаў, што будзе крыўда за папрок наконт “Тутэйшых”, — гэта я зразумеў бы. Аказалася, што яна доўгія гады збірала на мяне дасье і цяпер усё вываліла. І што я некалі славіў КПСС, і што выгнаў БНФ з ДЛ, і што атрымліваў вялікую зарплату ў СП (250 — пасля 400 ў БДУ), і што я ў адной кампаніі з Бондар і Пашковым, і што мне важна не праўда, а падхалімства, і што прысвоіў грошы за прададзеныя Каралішчавічы, і што прынізіў В. Тараса, і што ўеў на ўсё жыццё Г. Булыку, і што таплю яе цяжарам сваіх бронзавых бюстаў і г.д., і г.д. І як цяпер быць? Абвяргаць усю гэту гнюсь не збіраюся, але ж і проста так “праглынуць” не атрымаецца. Ну і падчапіў Ніл Сымонавіч!..
14-га снежня. Хадзіў на вечарыну ў гонар 80-х угодкаў Сц. Х. Александровіча. Народу было мала (у музеі Коласа), але паслухаць было каго. Успаміналі Сц. Х. і Брыль, і Лыч, і Клышка, і Чамярыцкі, і Канапацкі, і Р. Александровіч. Далі і мне слова.
Начальніца з Капыля прывезла музыкаў. Сказалі пра гэта — я ўзрадаваўся: ну, думаю, парадуюць! Выйшлі два гітарысты і спелі тры бяздарныя сучасныя песенькі на рускай мове. Называецца — прыехалі з беларускай глыбінкі, з народа. І ведалі ж — куды ехалі, у Хату Коласа. І ведалі — на чые ўгодкі, якога патрыёта Беларушчыны.
А Янка зрабіў выгляд, што маіх апошніх публікацый не чытаў. “Цэнтральная газета” апублікавала размову са мною, якую вяла з месяц назад Алена Кліменка. Упершыню ў жыцці сказаў у друку добрае слова пра Ніну, пра яе самаахвярнасць як у дачыненні да сям’і наогул, так — і асабліва — да мяне, да маёй працы. Не толькі самаахвярная памочніца, але і самаахвярная заступніца-абаронца.
15-га снежня. Фотамайстар Г.Л. Ліхтаровіч, па дзеду мой зямляк, з Жыліч, прынёс цудоўны альбом краявідаў і помнікаў Беларусі — ягонай работы, з ягонымі ж вершамі, зусім не благімі, упэўненай рукой напісанымі.
Па абедзе заходзіў Анд. Лапцёнак, абмяркоўвалі вокладку да “Споведзяў”. Рашылі — трэба рабіць новую, гэта — зусім не адпавядае зместу.
16-га снежня. Быў на радзе ТБМ, выказаўся наконт “Стратэгіі развіцця беларускай мовы”. Прапанаваў назваць: “Стратэгія выратавання беларускай мовы”, або “Стратэгія барацьбы за беларускую мову”. Абгрунтоўваў так, што наша мова ў такім жахлівым становішчы, што яе трэба ратаваць, трэба змагацца за ўмовы, у якіх мова будзе развівацца — без ніякай стратэгіі, сама па сабе, натуральна, як развіваецца ў нармальных умовах жывы арганізм, як расце дрэва, калі да яго даходзіць святло, сонца (а калі спрэс у засені — чэзне і гіне).
17-га снежня. Напісаў два лісты — Белакозу і Чобату.
26-га снежня. Стасевіч прывалок партрэт, выкупіў у мастака М. А. Моўчана за 200 дол. Канечне ж, лепшы з усіх маіх партрэтаў.