Простая жанчына з аповесці «Гандлярка i паэт», якая да вайны толькі i ведала гандляваць на базары, пабачыўшы жахі фашысцкае акупацыі, актыўна ўключаецца ў падпольную работу…

Іван Шамякін

Гандлярка і паэт

I

Бацька Вользін быў гарбар, з сям’і патомных мінскіх гарбароў, якія ў далёкія часы выраблялі скуры саматужна, а пры савецкай уладзе працавалі на заводзе.

Вольга з маленства не надта любіла бацьку, можа, праз тое, што пасля работы ад яго непрыемна пахла, хоць баялася яна бацькі менш, чым маці, бо ён ніколі не біў і рэдка лаяў нават, увогуле чалавек быў мяккі, добры, не піў, як іншыя гарбары, хіба на свята ці калі збіраліся госці, мог узяць чарку, але заўсёды ведаў меру, п’янюг ненавідзеў, сына старэйшага неўзлюбіў, калі той прыахвоціўся да праклятага зелля.

Міхала Ляновіча на Камароўцы паважалі, але лічылі, што дабрабыт сям’і, нават значная па тым часе заможнасць, якой суседзі зайздросцілі, трымаецца не на заробку гарбара, хоць майстар ён і добры, а на працы і гандлі Ляновічыхі, вядомай цёткі Хрысці, нявыбранай, але прызнанай старасціхі ўсіх камароўскіх гандлярак; яе нават міліцыянеры баяліся, бо тых, хто з ёй сябраваў, яна шчодра частавала, а тых, хто хацеў перашкодзіць ёй ці ўсёй «гандлёвай карпарацыі», магла зняславіць не на адзін рынак — на ўвесь горад.

Дом Ляновічаў у ціхім завулку, вельмі гразным вясной і ўвосень, знешне не выглядаў лепшым за іншыя дамы раёна даўняй прыватнай забудовы — звычайны камароўскі драўляны дом яшчэ бадай вясковага стылю. Але ў доме было поўна: найлепшая для таго часу мэбля, дываны на сценах, адзенне ў трох вялікіх, як кантэйнеры, шафах, розны посуд, швейная машына, ажно два веласіпеды, два самавары, не кажучы ўжо пра тое, што хавалася ў двух вялікіх паграбах і на гарышчы. I ўсё гэта набыта Ляновічыхай, яе працай, яе камерцыйнай увішнасцю. «Па заробку майго старога з галадоўкі пухлі б», — хвалілася Хрысця, падвыпіўшы, суседкам, а выпівала яна часцей за мужа: то камусьці трэба было «падмазаць», то крышку пагрэцца ў зімовы і асенні час, калі ад холаду пальцы рабіліся драўляныя і не маглі пакупніку адлічыць рэшту — медзякі. Але ж і працавала яна, як нявольніца, рабыня. Ад цямна да цямна. Пры доме быў добры гарод, сотак дваццаць. Камароўскія гароды ўвогуле славіліся не толькі да вайны, але доўгі час і пасля вайны ўжо, пакуль замест драўляных хацін не пачалі вырастаць шматпавярховыя камяніцы — новы горад.

Гаспадарку цётка Хрысця вяла на ўзроўні вышэйшых агранамічных дасягненняў. Мала хто ў той час меў цяпліцы, а ў яе былі. Самыя раннія радыска і салата на рынку з’яўляліся на пастаянным прылаўку Ляновічыхі, і пакупнікі ў яе былі пастаянныя, сам Якуб Колас купляў, чым яна часта хвалілася. Пасля ішлі самыя раннія гуркі, бульба, памідоры, хіба толькі аднаго не ўмела — каб яблыкі паспявалі раней, чым у іншых. Але не толькі на гародзе яна рабіла і на рынку гадзінамі прастойвала, заклікаючы пакупнікоў і расхвальваючы свой тавар больш дасціпна, чым хто: на яе звонкі голас, жарты, вясёлы смех сапраўды ішлі ахвотна. Дома яе чакала іншая гаспадарка — жывая. У хляве ў катухах заўсёды рохкалі два вепрукі, большы і меншы, аднаго калолі — на яго месца тут жа куп-ляўся падсвінак, бесперапынны канвеер; кудахталі куры, бамкалі індзюкі, а пазней, калі па радыё пачалі агітаваць калгасы заняцца трусагадоўляй, Ляновічыха завяла трусоў і хутка пераканалася, што гэта сапраўды-такі выгадная жывёліна — хутка плодзяцца і хутка растуць, хоць, праўда, мяса трусінае куплялі неахвотна. «Некультурныя вы людзі», — гаварыла яна тым, што часам выскаляліся: «А не каты гэта, цётка?» Некаторых яна не проста абвінавачвала ў адсталасці — секла ў вочы: «А такога дурня толькі кацяцінай і трэба карміць!»

Пасля яна дамовілася і здавала трусоў у сталоўку на Пушкінскай вуліцы, адкуль брала памыі для свіней; у сталоўцы студэнты ўсё з’ядуць, у тыя перадваенныя гады не дужа было.

Дзяцей Ляновічыха любіла і шкадавала па-свойму — тым, што жыла, працавала дзеля іх, не дзеля сябе, сама толькі на святы дазваляла сабе ўбрацца так, каб суседкі лопалі ад зайздрасці, а ў будні нічым не вылучалася сярод іншых камароўскіх баб. Для іх, дзяцей, старалася набыць як можна больш дабра. Ва ўсім іншым была бязлітасная: працаваць дзяцей прымушала, як толькі яны пачыналі хадзіць і бегаць. Адным словам — з самага ранняга дзяцінства.

Першае, што Вольга помніла ў жыцці, гэта як певень збіў яе з ног, калі яна карміла курэй. Колькі ж ёй было гадоў, што певень мог паваліць? Можа, тры годзікі, не больш.

Дзяцей мелі не многа для такой сям’і — усяго трое. Старэйшая дачка памерла ад адзёру, засталіся два хлопцы і Вольга, самая малодшая. Натуральна, што старая Ляновічыха больш любіла адзіную дачку. Але не песціла, наадварот, Вользе пападала, можа, больш, чым хлопцам, бо тыя раней вылецелі з роднага гнязда, а Вольга заставалася; нават калі замуж выйшла, то яе не павезлі ў «чужую старонку», а зяць прыйшоў у дом прымаком. Па Вользе да самага замужжа яе Ляновічыха не саромелася «пагуляць» і дзягай, і фартухом, і сцяблом сланечніка, ды і слоў не выбірала, такія часам ужывала, што коні на рынку чырванелі. Суседзі слухалі і смяяліся: «Хрысця сваіх хрысце». А Міхал ушчуваў жонку: «Людзей пасаромейся». Але тут жа пасля сваркі Хрысціна магла з гонарам пахваляцца дачкой: «Уся ж у мяне, зараза». Для яе не дачка — сыны аказаліся адрэзанымі кавалкамі. Так яна марыла, каб яны засталіся на гаспадарцы і па-свойму, па-мужчынску прадоўжылі яе справу, памнажалі тое, што яна набыла для іх сваёй катаржнай працай. Не, не прывабіла іх гэта. Праўда, старэйшы, Казімір, пацягнуў сваю долю з набытага ды яшчэ і незадаволены застаўся. Але Ляновічыха не магла дараваць яму, што ажаніўся з развядзёнкай, у прымакі да яе пайшоў на Старажоўку. А малодшы, Павел, дык той увогуле пасля сёмага класа падаўся ў ваеннае вучылішча, ажно ў Саратаў некуды заехаў. Бацьку гэта падабалася, ды з думкай гарбара мала хто лічыўся, а яна, маці, назвала Паўла дурнем, на дарогу грошай не дала, бацька ўпотай ад яе сабраў сына, правёў на вакзал. Але калі Павел праз тры гады вярнуўся лейтэнантам, Ляновічыха, убраўшыся ў лепшае, з вялікім гонарам абышла з сынам бадай жа ўвесь горад — няхай глядзяць людзі! Нават у оперу пайшла, дзе ніколі не была. Па Камароўскім рынку ў дні гасцявання сына хадзіла, як багатая пакупніца, ловячы то насмешлівыя, то зайздросна-ліслівыя ўсмешкі сябровак і рыначнай прыслугі.

Вучылася Вольга да сёмага класа нішто сабе, а ў восьмым класе, калі ўжо хлопцы былі ў галаве, двойкі пачала прыносіць. Цяпер Ляновічысе хацелася, каб дачка пайшла ў навуку, стала культурнай: час змяніўся, дзеці многіх камароўскіх старажылаў канчалі інстытуты. Чым жа яе дзеці горшыя? Спрабавала прымусіць Вольгу вучыцца — усё той жа дзягай, бацькавай папругай. Нічога не памагло, Вольга сапраўды-такі ўпартасцю ўдалася ў маці і пасля восьмага класа школу кінула. Год гандлявала разам з маці, пасля пайшла працаваць у трамвайнае дэпо.

У васемнаццаць гадоў Вольга выйшла замуж за вагонаважатага Адама Аўсюка. Зяць падабаўся старой Ляновічысе, хоць і быў галадранец — прыйшоў у дом з адным маленькім чамаданчыкам.

Але — вясёлы, не цураўся ніякай работы, нават не саромеўся прадаваць на рынку абсмаленых курэй, капусту, свініну. Было ў яго нешта ад характару самой Ляновічыхі, таму і паразумеліся яны. Толькі п’яны Адась рабіўся дурным — лез біцца, неаднойчы вяртаўся з «ліхтарамі». Старому Ляновічу вельмі не падабалася, што важаты трамвая напіваецца да шаленства. «Як ты заўтра людзей будзеш вазіць? Яшчэ зарэжаш каго! Каб я быў вашым начальнікам, то такіх блізка не падпускаў бы да вагона».

I бываюць жа такія недарэчныя, проста-такі нейкія фатальныя супадзенні! У цёмную лістападаўскую раніцу, калі выпаў першы мокры снег, стары гарбар не ўціснуўся ў перапоўнены трамвай, павіс на падножцы, сарваўся ці, можа, незнарок спіхнуў хто, трапіў пад колы — і яму адрэзала ногі: на другі дзень ён сканаў у бальніцы.

Вагон вёў не Адась, але ўсё адно сярод камароўскіх абывацеляў, як кругі па вадзе, пайшлі самыя неверагодныя, дзікія плёткі, дайшлі да Вольгі, да яе мужа, да старой Ляновічыхі, усіх балюча ранілі.

Здаецца, без асаблівай любові і прыхільнасці адзін да аднаго жылі Ляновічы. Хрысця гаварыла пра свайго Міхала са скептычнай паблажлівасцю, рэдка калі раілася з ім у сваіх камерцыйных справах. Дзеці прызнавалі больш матчын аўтарытэт, бацька заўсёды знаходзіўся як бы ў цяні. А не стала яго — асірацела хата, і сама Ляновічыха адразу змарнела, сцішылася, страціла цікавасць да багацця, пабляклі неяк адразу для яе ўсе набытыя нікеляваныя ложкі, паліраваныя шафы, густа абсыпаныя нафталінам футры. Адно хіба яна яшчэ з цікавасцю чакала — будучага ўнука ці ўнучку, Вользіну: Казіміравага сына ад развядзёнкі не любіла, чамусьці чужым унук здаваўся ёй.

Але тое, што пасля смерці мужа страчвала пастарэлая маці, з малой сілай і энергіяй нараджалася, ажывала ў Вользе. Працу ў дэпо яна кінула і амаль цалкам узяла на сябе матчыны абавязкі па гандлі ўсім тым, што вырасла на гародзе і ў хлявах. Розніца хіба адна была: працавала яна не з такой апантанасцю, як маці, умела ўсю самую цяжкую, чорную работу на Адася ўзваліць. Але на рынку паводзіла сябе, бадай, больш умела, спрытна і ў той жа час асцярожна, з улікам кан’юнктуры, якая змянілася: халодная і галаднаватая зіма трыццаць дзевятага — саракавога гадоў, калі ішла фінская вайна, — гэта не дваццатыя нэпаўскія гады, у якія разгортвала сваю камерцыю яе маладая, тады яшчэ поўная сілы маці. Аднак і ў такіх нялёгкіх умовах камароўскія гандляркі хутка прызналі маладую Ляновічыху за сваю завадатарку. Ад маці і імя засталося ёй — Ляновічыха, хоць і была яна Аўсюк. Маладая Ляновічыха. А старая як бы страціла гэтае вядомае на ўсю Камароўку імя, цяпер для суседзяў яна была просга Хрысця ці Крыся, некаторыя так скарачалі яе імя — на польскі лад, бо Ляновіч лічыўся католікам, хоць у касцёл ніколі не хадзіў і вянчаўся ў царкве — Хрысціна была з праваслаўнай набожнай сям’і.

Унучкі Хрысціна не дачакалася. Па вясне, калі пачаліся работы на гародзе, выйшла капаць пад грады — цяжарнай Вользе нельга было — ды так і асела ў разору. Суседка праз плот убачыла ненатуральнасць яе паставы, узняла трывогу. Выбегла з хаты Вольга — а маці ўжо мёртвая. «Лёгкая смерць, — казалі суседкі і сяброўкі, выціраючы скупыя слёзы. — Дзе ўсё жыццё прарабіла, там і памерла — на зямеяьцы нашай камароўскай».

У ліпені Вольга нарадзіла дзяўчынку і назвала яе Святланай, яшчэ да нараджэння назвала, модным тады было гэтае імя. Пасля з’яўлення дзіцяці зрабілася Вольга яшчэ больш падобная на маці сваёй апантанасцю ў працы, энергіяй ва ўсім, настырнасцю, якая часта межавала з нахабнасцю, асабліва там, дзе трэба было адстаяць сваё. О, за сваё, за адно каліва цыбулі яна магла горла перагрызці! Аўсюку, партрэт якога вісеў у трамвайным парку на Дошцы стаханаўцаў, часта было няёмка за жонку, ён спрабаваў ушчуваць яе: «Воля, нядобра гэта. Цяпер людзі гэтым не жывуць, не той час. Са мной вунь Зенчык, сакратар наш партыйны, гаварыў, каб я ў партыю рыхтаваўся…»

Але і ў гэтым — у адносінах да мужа — яна зрабілася падобная да маці. Там, на працы, у трамвайным парку, ён, можа, нават абавязаны працаваць па-стаханаўску, уступаць у прафсаюз, у партыю — куды хоча, каб не адставаў ад людзей. а тут, дома, — паўнаўладная гаспадыня яна, і рабіць будзе — што ёй падабаецца. што яна лічыць неабходным для дабрабыту сям’і, для дачкі сваёй і дзяцей, якія народзяцца, таму лепш няхай ён не замінае ёй, калі хоча, каб у хаце быў лад. Так і сказала мужу, праўда, не так груба, як казала некалі бацьку маці, больш далікатна, ласкава. але з цвёрдасцю не меншай. А ў Адама такой цвёрдасці не ставала. П’яны, ён мог даць жонцы кухталя, тыцнуць у твар кулаком і паставіць пад вокам «ліхтар», але потым, цвярозы, прасіў прабачэння, часта на каленях, дарэчы, гэта яна, Вольга, прымусіла яго яшчэ пры жыцці маці ўпасці на калені і паклясціся, што пальцам яе ніколі не кране. Клятву сваю ён хутка парушыў, але ведаў ужо, як замаліць свой грэх, як улагодзіць жонку — стаць на калені і зноў клясціся. Вользе такі «шпіктакль» падабаўся.

Месяца за паўтара да пачатку вайны Адама ўзялі на ваенныя зборы, і Вольга засталася адна з малой, не вельмі бядуючы: на гародзе ўжо ўсё пасеяна, пасаджана, ёй заставалася толькі вынасіць на рынак радыску, салату і цыбулю. Праца не цяжкая, і час цёплы — дзесяцімесячную Святланку можна было браць з сабою; так часта і прывозіла ў адной калясцы малую і радыску і пераконвалася, што дзіця нядрэнна памагае ў гандлі: інтэлігенты не праходзяць міма, каб не зацікавіцца добранькай ружовашчокай дзяўчынкай і не менш прывабнай маці, і абавязкова тады купляюць і не таргуюцца, плацяць, колькі скажаш, ды яшчэ іншы раз і рэшту не хочуць браць. Вольга ніколі не ашуквала пакупнікоў, такі быў запавет маці, але калі хто сам, загледзеўшыся на яе вочы, рабіўся шчодры — ад капеек яго не адмаўлялася, лічыла, што інтэлігенты грошы зарабляюць лёгка: іншы, акрамя пяра, цяжэйшага нічога ў рукі не бярэ ці языком перад студэнтамі паменціць — і яму сотні адвальваюць, а яна ўсю вясну лапату ды матыку з рук не выпускала, з дзіцем вымушана на рынак хадзіць, то за такую працу не грэх і лішнюю капейку ўзяць. Увогуле, самыя прыемныя для яе пакупнікі былі інтэлігентныя мужчыны, кожны з іх распальваў яе цікаўнасць: што гэта за чалавек? дзе ён робіць? З імі яна была вясёлая, тактоўная. А вось жанчын, убраных па-інтэлігенцку, не любіла, лічыла ўсіх такімі ж бабамі, як яна сама, і злавалася на іх ашчаднасць і скупасць — іншая за капейку паўгадзіны будзе таргавацца, адказвала ім груба, усім на «ты», а часам не саромелася іншую паслаць так, што суседкі па прылаўку хапаліся за жываты: «Во Ляновічыха сячэ! Уся ж у матку!»

Вайна Вольгу не вельмі спалохала, нават пра мужа і брата яна падумала не адразу. Перш-наперш прыгадала матчыны расказы, што ў вайну вельмі даражэюць прадукты. Прыкідвала, якую цану назначыць, каб не прагадаць, калі праз тыдзень, у наступную нядзелю, вынесе першыя, з цяпліцы, гурочкі, упэўнена была, што яе гуркі сапраўды-такі будуць першымі на Камароўцы, бо толькі ля Чэрвеньскага рынку жыве дзед, які мае такую ж цяпліцу, нябожчыца маці канкурыравала з тым дзедам, але і вучылася ў яго.

Праўда, на другі дзень вайны, калі суседкі праводзілі ў ваенкамат мужоў і сыноў, Вольга зусім шчыра пагаласіла разам з імі: Адась яе і брат Павел, лейтэнант, у арміі і, можа, ужо на фронце.

Моцна спалохалася, калі Мінск пачалі бамбіць, — за дачку спалохалася: куды хавацца з ёй? Але, паназіраўшы, дзе падаюць бомбы — бамбяць чыгунку ў першую чаргу, штаб акругі, цэнтр горада, дзе вышэйшыя ўстановы, — разважыла, што і бомбы не такія ўжо страшныя: у двары меўся добры цэментаваны склеп, дзе на зіму хавалі бульбу, бочкі з квашанымі гуркамі, капустай — для сябе і на продаж, у склепе можна прасядзець бамбёжку, не будзе ж вайна цягнуцца паўгода, калі захаладае.

А праз дзень-два яна траха не лезла сама пад бомбы з-за сквапнасці сваёй. Пачалося з таго, што хлапчукі крыкнулі на ўсю вуліцу:

— На Камароўцы лаўкі грабяць! — і пабеглі туды, на рынак, за імі сыпанулі дарослыя.

Безумоўна, пасля такога паведамлення Вольга не магла ўседзець дома. Занесла малую да суседкі, кульгавай цёткі Марылі, і кінулася туды ж, на рыначную плошчу, якую абкружылі розныя крамкі, ларкі, латкі — «торговые точки», як іх называлі. Але да таго, як яна прыбегла, усё ўжо разрабавалі, давяршаўся разгром крамы жалезных тавараў. Чырванатвары, з брыдкім аблупленым носам мужчына, з якім Вольга не была знаёмая, але неаднойчы бачыла на рынку п’янага, выцягнуў цэлую гару чыгункоў, каструляў, штук дзесяць сякер, пілы, клямкі, лапаты, завесы — і вартаваў гэтае дабро, некага чакаючы, хто, пэўна, памог бы занесці. У самой краме можна было падабраць хіба якую драбязу, недабітыя лямпы ды талеркі. Угневаная на сябе, што спазнілася, прамаргала больш каштоўны здабытак, і на ўсіх, хто цягнуў адгэтуль — зладзюганы, грабіцелі! — Вольга кінулася да мужчыны, які вывалак паўкрамы. Урэшце, у гэтым яна знаходзіла і пэўнае маральнае апраўданне сабе, бо выхаваная была так, што ніколі чужога не брала: маўляў, не сама крала дзяржаўную маёмасць, а забрала ў рабаўніка.

— Ану, морда, падзяліся з людзьмі, — сказала яна мужчыну і тут жа пачала адкладваць убок сваю частку.

— Пайшла ты!.. Не чапай!

Але яна паслала яго яшчэ далей.

— Ты са мной, морда, не заядайся. Ты мяне ведаеш. У мяне тут уся міліцыя — свая, а цябе бачыла, як міліцыя пад ручкі вадзіла…

— Скончылася твая міліцыя. Пяткі падмазала. Даганяй пад Масквой.

Ашаламіла гэта Вольгу і спалохала больш, чым бомбы. На нейкі момант яна сумелася і на рэчы забылася, гатовая ўжо адступіцца. Але тут жа падумала: раз сапраўды і міліцыі ўжо няма, улады, то ў дурнях яна застанецца, калі ў той час, як другія нажываюцца, яна з-за нейкай сваёй сумленнасці будзе варон лавіць. Са школьнай парты ёй паўтаралі, што ўсё дабро — народнае. А калі народнае, разважала яна, то, значыцца, і яе. Хіба яна не народ? Хіба мала папрацавалі на дзяржаву бацька яе, муж, браты, ды і сама яна не паняй па Мінску хадзіла! Не аддаваць жа вось такому гультаю і п’янюгу, як гэты чырванаморды. Алкаш той, мабыць, такі добра ведаў маладую Ляновічыху, бо хоць і мацюкаўся страшэнна і пагражаў перабіць ёй ногі, але мусіў уступіць пэўную частку свайго набытку, урэшце дзесяць лапат ці тузін чыгункоў і сапраўды да д’ябла яму.

Вольга занесла гэты жалезны скарб дадому і тут жа, папрасіўшы суседку пагуляць з дзіцем яшчэ, кінулася ў раздабыткі. Трэба лавіць момант! Яна і так, здаецца, шмат ужо што ўпусціла, хаваючыся ад бомбаў у склепе.

Выскачыла на Савецкую вуліцу, бо толькі там, на цэнтральнай магістралі, можна даведацца, што адбываецца ў горадзе. У цэнтры і каля вакзала шугалі пажары ад ранішняй бамбёжкі. Міліцыі сапраўды не відаць. Прайшла вайсковая часць, полк нейкі, салдаты стомленыя, запыленыя, некаторыя з акрываўленымі павязкамі на галовах, на руках. Няўжо пакідаюць горад? Чуткі аб наступленні немцаў хадзілі самыя неверагодныя і супярэчлівыя: адны гаварылі, што немцы ўжо пад Мінскам, другія — што абышлі Мінск, занялі Барысаў, а Вользіна школьная сяброўка, работніца друкарні імя Сталіна Лена Бароўская, горача даказвала, што ўсе плёткі аб разгроме Чырвонай Арміі пад Гродна і Баранавічамі распускаюць фашысцкія шпіёны. Але што нашы адступаюць, то гэта, бадай, з перадач радыё можна зразумець: ні разу не перадалі, што нашы наступаюць, — усё вядуць упорныя баі. Бою за Мінск не чуваць, адны бамбёжкі бязлітасныя, ды мінулай ноччу стралялі з пісталетаў і вінтовак недзе на Балотнай станцыі.

Чырвонаармейцаў Вольга пашкадавала. I жанчын, што цягнуліся з дзецьмі, з клункамі, такіх, як яе пакупніцы, якіх не любіла, таксама пашкадавала. А калі міма прамчаліся тры легкавыя машыны, то да тых, што сядзелі ў машынах, яна адчула злосць.

— Драпаюць начальнічкі, — зларадна сказаў нейкі мужчына, што стаяў побач з Вольгай у пад’ездзе шасціпавярховага Дома Камуны, і падкрэслена здзекліва праспяваў: «Чужой земли мы не хотим ни пяди, но и своей вершка не отдадим…»

Вольга засмяялася на яго словы і па-хлапецку, чаго не рабіла са школьных гадоў, па-разбойніцку, свіснула ўслед легкавушкам. Але калі гэты лысаваты, хоць і не стары яшчэ, тып, акуратаа паголены, паадэкалонены, у чыстай, вышытай васількамі кашулі, адчуўшы, пэўна, у ёй аднадумца, паспрабаваў даверліва загаварыць, Вольга адказала яму так, што ў таго паблеклыя вочы на лоб палезлі.

Яна глядзела на бежанцаў, некаторыя — па выгляду іх відаць было — здалёк ішлі, і злосць яе на тых, што ўцякаюць на машынах, мацнела. Дзіўная і страшная злосць. Разам з ёй, злосцю гэтай, расло шалёнае жаданне, якога ніколі не было, абуджалася нейкая дзікая сіла — ламаць, крышыць, разбіваць, паліць усё, што называлася народнай уласнасцю. Праўда, сіле гэтай Вольга не дала вырвацца, скіравала яе на іншае, на сваё, больш выгаднае — на перакананне, што раз тыя, якія мелі ўладу, уцякаюць, а яна нікуды ўцякаць не збіраецца, бо няма ёй куды ўцякаць, то гаспадыня тут яна і ўсё дабро належыць цяпер ёй і такім, як яна. Упэўненая, што не адна яна такая разумная, іншыя таксама не дурні, кінулася шукаць, дзе чым можна пажывіцца. I хутка знайшла. На вуліцы Куйбышава рабавалі гастраном, праўда, нясмела яшчэ: вырвалі краты і выставілі акно з двара; маладыя мужчыны, сярод якіх яна пазнала аднаго свайго, камароўскага, падавалі адзін аднаму скрынкі з гарэлкай і віном. Жанчын, відаць, жыхарак дома, не падпускалі, тыя кралі па пляшцы з вынесеных скрынак. Вольгу таксама не пусцілі залезці ў магазін праз гэтае акно. Замахнуўся адзін п’яны дурань на яе. Тады яна схапіла ржавы кавалак водаправоднай трубы, што валяўся ў двары, выбегла на вуліцу і пляснула па вітрыне. Дзынкнула, пасыпалася тоўстае шкло. Абразаючы ногі, яна ўскочыла ў магазін, іншыя жанчыны не адразу адважыліся палезці следам за ёй. Нават рабаўнікі, што гаспадарылі ўжо ўсярэдзіне, разгубіліся ад такой смеласці бабы, хоць і глынулі з пляшак. Ажно пакуль камароўскі не крыкнуў ім:

— Гэта ж Ляновічыха!

Імя гэтае як бы ўсё ім растлумачыла, і яе не толькі тут жа прынялі ў шайку, але, бадай, ужо лічылі завадатаркай; каб іх арыштавала ў той час міліцыя, то, безумоўна, усе тыя смельчакі паказалі б на яе: гэта яна першая! Вольга адчувала гэта, разумела і ні ў якой шайцы-лейцы быць не жадала і ненавідзела п’яныя морды, пагарджала імі, бо лічыла іх бандзюгамі, якім абы гарэлкі нажлукціцца. А сябе апраўдвала тым, што бярэ сваё, народнае, і не дзеля п’янства бярэ, не дзеля забавы — карміць дзіця, карміцца самой, бо хто цяпер пра яе паклапоціцца, калі муж ваюе, брат ваюе. Аднак камерцыйны вопыт падказваў, што ў будучым, бадай, самым каштоўным прадуктам стане гэтая агідная гара, якую многія жанчыны пракліналі. Таму, як і мужчыны, яна перш за ўсё схапіла скрынку гарэлкі, ускінула на плячо. А ў магазін праз выбітую вітрыну ўжо лезлі жанчыны, дзеці, і Вольга зразумела, што, пакуль яна занясе дадому гарэлку і вернецца назад, у гастраноме нічога не застанецца. А тут жа такое багацце! Што ж узяць яшчэ? Паспрабавала на другое плячо ўзваліць скрынку рыбных кансерваў, ды адчула, што дзве скрынкі не данясе. Трапіў на вочы няпоўны мяшок макаронаў — зручней несці. Не, мала. За пазуху, у кішэні можна накласці цукерак, шакаладак. Напхала цукерак усюды, адкуль яны не маглі высыпацца, нават у рукавы. Сем патоў выліла, пакуль данесла ўсё дадому па чэрвеньскай спякоце. I адразу ж кінулася назад.

У гастраноме былі ўжо выбітыя дзверы, але жанчыны разыходзіліся з пустымі рукамі. Вольга ўскочыла ў магазін, не вельмі задумаўшыся, чаму людзі так паводзяць сябе, і здзівілася, калі ўбачыла міліцыянераў, разгубілася і спалохалася. Іх было двое, міліцыянераў. Старшына стаяў перад кампаніяй з пяці п’яных рабаўнікоў і, трымаючы ў апушчанай руцэ пісталет, спакойна, стомлена прасіў:

— Граждане! Прошу разойтись. Буду стрелять. Ей-богу, буду стрелять…

Мужчыны хоць і п’яныя, але рэвальвера спалохаліся, збіліся ў кучу, як цяляты, мацюкаліся, трушчылі ботамі вітрыннае шкло і хоць не выходзілі, пэўна, баючыся паварочвацца спінамі да зброі, аднак і не наступалі агрэсіўна на міліцыю. Але менавіта няўпэўненасць ахоўнікаў парадку зноў страшна абурыла Вольгу: рушыцца, значыцца, улада, да якой яна мела павагу, дык чаму ж гэтыя два дурні разводзяць тут анцімонію! І яна кінулася наперад, загарадзіла сабой рабаўнікоў, ірванула кофтачку на кнопках — каб зручна было карміць дзіця, — і кофтачка расшпілілася.

— На, страляй! Забівай сваіх, падла ты! Начальнікі твае пяты падмазалі, а цябе паслалі, дурня, вартаваць дабро. Для каго? Для немцаў? Для Гітлера? Хлопцы! А ці не немец гэта пераапрануты?

Узбадзёраная п’яная кампанія з абурэннем загула:

— Ану, загавары па-нашаму, зараза! Завучыў адно: буду страляць… Я табе стрэлю! Маму родную забудзеш!

Збялелы старшына пачаў адступаць за прылавак, бліжэй да дзвярэй, што выходзілі ў двор, а таварыш яго, які так і не дастаў з кабуры нагана, перасмыкнуўся, кінуў ёй з болем:

— Зашпіліся, дура, — і пайшоў на вуліцу.

Не зважаючы на міліцыянера і на асмялелую ад яе смеласці п’яную кампанію, Вольга падышла да прылаўка, узваліла на плечы пакінутую некім скрынку кансерваў, у другую прыхапіла аплеценую бутлю з алеем.

Выйшла ўпэўнена і пайшла ўпэўнена, але на вуліцы ёй здалося, што дула рэвальвера нацэлена ў патыліцу. Па спіне пацёк ледзяны пот, памлелі ногі. Адчувала, што, калі азірнецца і ўбачыць рэвальвер, з ёй здарыцца нешта брыдкае, ганебнае. Але, як у страшным сне, да свядомасці дайшлі ўратавальныя галасы жанчын, на якіх яна чамусьці баялася глянуць: «Адным можна, другім нельга. Адна хеўра. Гандлярка гэтая даўно з міліцыяй хаўрус вядзе. Бач, цыцкі вываліла, бессаромная…»

Азірнулася толькі ў бязлюдным завулку. Ніхто за ёй не ішоў, толькі насустрач прабегла старая, спытала дзіўна, як пыталіся да вайны: «Дзе даюць?»

Вольга апусцілася ў пясок, села, як курыца, нядобра засмяялася, хацела крыкнуць жанчыне, што прабегла міма: «Бяжы, старая разява, дадуць табе — дулю!» — але сілы хапіла, каб з пяску сесці на скрынку, закрыць яе спадніцай. Словы захраслі, зліпліся ў перасохлым горле і роце. Не адразу сцяміла, чаму так бязлюдна навокал, ажно пакуль над галавой не зараўлі самалёты. Яны ішлі вельмі нізка, чорныя, з жоўтымі крыжамі на крылах, як драконы са страшнай казкі ці сну. Вольга сцялася, уцягнула галаву ў плечы, з жудасцю чакаючы, што вось-вось пасыплюцца бомбы. Але хавацца не пабегла, бо бегчы трэба ў чужы двор. З такімі набыткамі — у чужы двор? Перад тымі, што рабавалі разам з ёй у магазіне, і перад міліцыянерамі сорамна не было, а вось перад людзьмі, якія хаваюцца недзе на сваіх гародах ад бамбёжкі, яна не магла з’явіцца з нарабаваным, ім жа тлумачыць прыйдзецца. Аб тым жа, што можна кінуць скрынку і бутлю на вуліцы, нават не падумала. Самалёты бамбілі недзе за горадам — відаць, ваенны гарадок ці радыёстанцыю.

Набытак Вользін быццам пацяжэў намнога, яна ледзь давалаклася з ім дадому. I адразу схапіла на рукі Светачку, прытуліла да грудзей, цалавала са слязамі радасці і замілавання пульхныя шчочкі, ручкі, ножкі. Малая весела смяялася, радая матчыным ласкам, і на сваёй дзіцячай мове са смешных слоў, якімі авалодала ў год, скардзілася на бабулю за тое, што тая насіла яе ў цёмны, сыры пограб. А цётка Марыля, якая пражыла ў беднасці, але мела свае радасці, зразумела, чаму Вольга так кінулася да дзіцяці, што яна магла перажыць у краме ці пад бамбёжкай: з пограба не вельмі разбярэш, дзе бамбілі — далёка ці блізка.

Сказала, кіўнуўшы на кансервы, тое, пра што думала Вольга там, у завулку, калі над галавой ляцелі самалёты:

— Асіраціш ты дзіця з-за сваёй сквапнасці. Што я буду рабіць з ім?

— Не пайду больш, цётка Марыля. Не пайду, — паклялася Вольга. — Няхай яно спрахне. Праўда, набралася такога страху. Там міліцыянер страляў. — Цяпер ёй здавалася, што мітцыянер сапраўды страляў у яе. — А потым самалёты… так ляцелі, што ж толькі за каміны не чаплялі. Дзе тыя нашы зеніткі? Дзе наша войска?

Чутка, што Ляновічыха цягае ў дом нарабаванае дабро, распаўзлася па вуліцы. Адны пазайздросцілі яе спрыту: «Во баба, нідзе не разгубіцца, ні на вайне, ні ў пекле». Другія асудзілі: «Ненажэрная! На вайне і то нажыцца хоча. Ой, вылезе ёй гэта бокам!»

Прыйшла Лена Бароўская, пачала па-сяброўску ўшчуваць:

— Волька! Што гэта ты робіш, дурная? Ды ты ведаеш, што па ваенных законах за гэта расстрэл? Ва ўсе часы за марадзёрства расстрэльвалі.

Вольга, якая запэўнівала не толькі цётку Марылю, але і самую сябе, клялася, спалоханая — не за сябе, за Светку, што больш не пойдзе, на словы Лены раптам зноў узлавалася:

— Хто гэта мяне расстраляе? Ты?

— Не я. Улада савецкая. Армія.

— Дзе яна, твая ўлада? А армія… Ёй не да нас з табой!.. А як такія дуры, камсамолкі, як ты, «ура» крычалі! Ды спявалі, што разаб’ём ворага на яго зямлі! Разбілі? Армія мяне расстраляе? Няхай армія немца спыніць — тады я грабіць не буду! А так ідзі паслухай: людзі кажуць, немцы заўтра Мінск зоймуць… Для каго ж вы дабро пільнуеце?

— Якія людзі? Шпіёны? Панікёры? Каго ты слухаеш, Волька? — Лене да слёз стала крыўдна і страшна: што ж гэта робіцца? Чаму столькі злосці ў яе школьнай сяброўкі? З кім жа яна сябравала? З ворагам? З кулакамі? Недарэмна яны гандлем займаліся. Бач, натапырылася, як тыгра, ажно пабялела ад злосці.

— Не захопяць немцы Мінск! Не дойдуць! — закрычала Лена з рашучай перакананасцю. — Рукі кароткія!

— Ой, доўгія ў іх рукі, Леначка! Вельмі доўгія!.. Ды ці не ў склепе ты сядзіш увесь час? Нічога не чуеш, нічога не ведаеш.

— Ды ўжо ж не бегаю магазіны рабаваць.

— А ты мяне не ўпікай! Не ўпікай! Я пра дзіця сваё думаю. Ты пра яго не падумаеш!

Пасварыліся яны моцна, па-бабску. Вольга лаялася груба, мацюкалася, да чаго Лена не прывыкла, хоць і жыла на Камароўцы, і гэта яе моцна абразіла. Выбегшы на вуліцу, яна расплакалася наўзрыд, як малая. Але і ў Вольгі не лягчэй было на душы. «Завяла» яе Лена, развярэдзіла свежыя раны, яшчэ больш раззлавала, але на каго злавала — сама не разумела: на Гітлера, на сваю армію ці на яе, на Лену, а можа, на самую сябе — на свой страх і роспач? Але страх як бы адступіў, і зноў з’явіліся адчайная смеласць, азарт паляўнічага на страшнага звера, жаданне рызыкыуць яшчэ разок. Зноў не сядзелася дома, невядомая сіла, нейкі душэўны пратэст, а можа, праўда, звычайная сквапнасць, за якую людзі ўпікалі яшчэ маці яе, цягнулі на вуліцу — на пошукі дабра ці навін.

Пад вечар, пасля навальнічнага дажджу, яна зноў выйшла на раздабыткі. Ішла насцярожана, як кошка, якая ведае, адчувае, што побач сабакі, бо і навокал усё як бы насцярожылася, нават неба, зацягнутае хмарамі і дымам ад прытушаных чэрвеньскім ліўнем пажараў. Брыдка смярдзела нейкім такім гарам, быццам гарэлі жывёла ці склад воўны. I дым гэты не паднімаўся ўгору, а поўз па зямлі, па вуліцах і завулках. Горад стаіўся, апусцеў, рэдка дзе з’яўляўся такі ж, як яна, насцярожаны прахожы. Нават на Савецкай і Пушкінскай, дзе ніколі не спыняўся рух, дзе з пачатку вайны і ўначы гуло і дрыжала ад танкаў і грузавікоў, цяпер не было ні машын, ні людзей. Гуло недзе далёка за горадам, па Лагойскім тракце. Быццам зноў набліжалася навальніца. Не ведала Вольга, што не на захадзе, не пад Дзяржынскам ці Ракавам, а там, пад Астрашыцкім Гарадком, ішоў апошні цяжкі бой за Мінск, байцы і камандзіры 100-й дывізіі загароджвалі дарогу нямецкай танкавай калоне, што рвалася на Маскоўскую шашу, каб замкнуць кальцо вакол горада.

Бязлюднасць на вуліцах палохала Вольгу, і яна гатовая была ўжо вярнуцца дадому. Але ўзбадзёрылі яе дзеці, хлапчукі: у пясчаным завулку за каталіцкімі могілкамі яны гарадзілі на дажджавым раўчуку плаціну, стараліся спыніць напор імклівай вады, што сцякала з Даўгабродскай вуліцы. Дзеці як бы пацвердзілі. што жыццё ідзе, не спыніцца і нішто яго не можа спыніць — у гэта Вольга цвёрда верыла. А значыцца, і самой трэба жыць, гадаваць дачку. А для гэтага трэба мець хлеб ці на хлеб. Толькі падумала пра хлеб — і ён тут жа ўзнік перад вачамі. Не ўяўны — сапраўдны. Двое, мужчына і жанчына, цягнулі тачку, на ёй — мяшкі з мукой, ды не з жытнёвай — з белай, пшанічнай, відаць было па тым, як гэтыя двое запыліліся, што млынары, мабыць, спачатку неслі мяшкі на плячах; так пыліць толькі мука тонкага памолу.

Вольга адразу кінулася да іх:

— Адкуль?

Яны не таіліся, адказалі проста:

— З хлебазавода. Спяшайся, можа, захопіш.

Вольга ўраз забылася пра ўсе небяспекі, якія маглі напаткаць яе, пра бязлюднасць і пра ўжо добра чутную артылерыйскую кананаду недзе з боку Ждановіч.

Вароты на завод расчыненыя. У цэхах, па якіх Вольга прабегла, бязлюдных, з мёртва застылымі сітамі, мяшалкамі, ёй зрабілася не проста страшна — жудасна. Гульня дзяцей узбадзёрыла яе. А тут дыхнула самым страшным, што несла вайна, бо замерла аснова жыцця — спынілася выпечка хлеба. Пахла мукой, кіслым цестам, гарачыя яшчэ былі печы, пахла хлебам, але хлеба не было, колькі буханак былі кашчунна растаптаныя ботамі, у пыле і гразі. I нідзе ні жывой душы. Вольга падняла дзве такія буханкі, здзьмухнула з іх пясок, выцерла хусцінкай. Цану хлебу ў свае дваццаць гадоў яна ведала, можа, лепш, чым іншы стары, хоць і не помніла, каб у іх доме калі-небудзь не было на стале акрайца, нават на пачатку трыццатых гадоў, калі ўвялі картачкі; бацька атрымліваў на скурзаводзе картачкі, а маці здабывала хлеб з травы, як яна часам жартавала, выносячы гародніну на рынак.

З гэтымі буханкамі яна намервалася кінуцца назад, бо сапраўды-такі было жудасна сярод кафельнай і мучной белі, забруджанай мноствам людзей, якія, відаць, нядаўна, пасля дажджу ўжо, прайшлі тут. Як можна спаганіць такое святое месца! Але потым пачула прыглушаны гул натоўпу недзе ў двары і, узбадзёраная прысутнасцю людзей, пабегла туды. Сапраўды, у далёкім кутку двара, каля склада, стаялі людзі, стаялі амаль ціха, у чарзе, бо склад не рабавалі — хлеб раздавалі чатыры мужчыны, з іх два ў чырвонаармейскай форме. I гэта неяк адразу супакоіла Вольгу і нават патушыла яе злосць на ўладу, бо двое ў цывільным мелі выгляд, паставу, голас начальнікаў, хоць і былі запыленыя мукой. Давалі на чалавека мяшок, не больш. Калі нейкі мужчына пачаў патрабаваць больш, вайсковы саскочыў з пляцоўкі ўніз і павёў яго ў бок паркана. Людзі прыціхлі, чакаючы, што таго расстраляюць. А Вользе хацелася кінуцца на выручку, яна ненавідзела людзей, што моўчкі глядзяць, як забіваюць чалавека. Хто мае права забіваць за тое, што чалавек папрасіў хлеба? Але вайсковец ускінуў вінтоўку на плячо і проста, нават весела, даў скнары каленам пад зад. Натоўп засмяяўся, відаць было, што ў людзей стала яшчэ больш даверу і павагі да тых, што раздавалі муку. Калі падышла Вользіна чарга, яна ўсё яшчэ трымала ў руках, прыціскаючы да грудзей, скамечаныя буханкі, і таму тоўсты начальнік здзіўлена паглядзеў з вышыні на яе занятыя рукі і спытаў:

— Данясеш?

— Хто гэта хлеб не данясе! — сказала Вольга.

— Гэта праўда, — згадзіўся ён і сам лёгка перакінуў цяжкі мяшок на край разгрузачна-пагрузачнай бетоннай пляцоўкі.

Вольга заціснула буханкі пад пахай, павярнулася спіной і, схапіўшы зашыты мяшок за рог, лёгка ўскінула яго на плячо. I лёгка пайшла. Па дарозе колькі чалавек пыталіся ў яе гэтак жа, як спытала яна ў тых, што везлі мяшкі на тачцы: «Адкуль?» Ёй сказалі праўду, яна праўду нікому не сказала, бо вырашыла вярнуцца назад. Навошта званіць? Каб туды збеглася паўгорада? Такая навіна разляціцца хутчэй, чым па радыё, чым паветраная трывога. Пра трывогу падумала, бо ёй хацелася. каб зараўлі сірэны, каб ніхто не вылазіў з бамбасховішчаў, з паграбоў, каб нават тыя, каля склада, разбегліся; тады там магла б застацца мука для яе, а так расцягнуць, жывадзёры — тыя, што з тачкай, ажно два мяшкі везлі. Хіба не вернуцца яшчэ раз?

Мяшок быў усё ж цяжкі, не па яе жаночай сіле. Скінуўшы яго дома, Вольга знясілена павалілася на канапу і колькі хвілін ляжала нерухома, нават да дачкі не кінулася, як звычайна, хоць малая клікала яе, цягнула ручкі. Не бачыла Вольга, як цётка Марыля, гледзячы на яе, дакорліва паківала галавой, але ўжо нічога не сказала, бо зразумела, што ўшчуваць Ляновічыху — дарэмна траціць словы.

Аднак ляжаць не было калі. Схапілася, кінулася пад паветку. Там стаяла тачка на гумовых колах, зробленая некалі яшчэ бацькам, каб матцы лягчэй было вазіць на рынак зеляніну, бульбу і мяса вепрукоў. Прыхапіла дзяругу — накрыць набытае, каб не кожнаму кідалася ў вочы, што яна вязе.

Праходзячы з тачкай міма дома Бароўскіх, Вольга ўспомніла сваю ранішнюю сварку з Ленай, адчула нейкую віну перад ёй, няёмкасць за сваю сквапнасць: нікому з суседзяў пра муку не сказала, а ім жа таксама есці хочацца, у многіх не па адным дзіцяці і бацькі ў арміі. Разважыла, што крычаць пра муку на ўсю Камароўку — дурной трэба быць, а Лене варта сказаць і такім чынам памірыцца з сяброўкай, паказаць, што яна, Вольга, не злапомная, а заадно і апраўдацца перад сваім сумленнем — не адна карысталася, іншым сказала.

Заскочыла ў двор, у дом не пайшла, палезла ў куст бэзу, які абдаў яе буйной расой, дабралася да акна. Пастукала. Выглянула старая Бароўская.

— Лену!

Лена выйшла заплаканая, з чырвонымі вачамі. — Чаго ты равеш? Што здарылася?

— Божа мой, ты не ведаеш, што здарылася!

«Бач, і Бога ўспомніла», — трохі зларадна падумала Вольга.

— На хлебазаводзе муку раздаюць. Хадзем! Не лаві варон. Сваё ж раздаюць.

Лена неяк дзіўна скаланулася ад гэтай навіны, быццам спалохалася вельмі, і глянула так, што Вользе на міг зрабілася ніякавата, быццам яна была вінаватая ў тым, што рушыцца звыклае… для Лены жыццё. Але тут жа яна ўзлавалася на гэтае сваё адчуванне. А яе жыццё хіба не рушыцца? Якраз больш вінаватыя такія, як Лена: вельмі ж ужо крычалі аб непераможнасці!

— Не пойдзеш? Дурная! То сядзі і раві па сваіх! Яны пра цябе не падумаюць, — і нават плюнула са злосці на бэз, раса на якім загарэлася кропелькамі крыві ў промнях вячэрняга сонца, што раптам прабілася праз хмары і дым.

Сціхла кананада недзе пад Заслаўем, якая грымела не доўга, з паўгадзіны. Толькі ў баку Лагойска ўсё яшчэ гуло, неяк дзіўна, прыглушана, як лясны пажар. Народу на вуліцах стала больш, чым дзве гадзіны назад, і ўсе некуды спяшаліся і пры гэтым як бы таіліся адзін ад аднаго, куды кожны з іх спяшаецца. На вуліцы Горкага міма Вольгі прамчаліся тры коннікі ў казацкіх бушлатах. Потым адзін крута развярнуў каня і наехаў проста на яе. Яна спалохалася. Але казак крыкнуў:

— На Маскоўскую не выхадзі! На Магілёўскую… на Магілёўскую прабівайся! — і памчаў даганяць таварышаў.

Вольгу крануў клопат чырвонаармейца, здрыганулася сэрца, сцяла ў горле: свае, родныя адступаюць. Але праз хвіліну думкі павярнуліся на тое, што баец палічыў яе за бежанку. Лаяла сябе. Як гэта яна раней не дадумалася пайсці з тачкай? Колькі можна было б узяць з гастранома! Накрыць дзяружкай. Ніхто не спыніў бы бежанку.

Муку, безумоўна, раздалі без яе. Але колькі чалавек мужчын і жанчын усё яшчэ шнырылі па складах, па цэхах, па астылых печах. Нейкая старая нагрэбла два чырвоныя пажарныя вядры перакіслага цеста. Цеста Вольгу не спакусіла — на дзень, на два парсюку. Ці варта з-за гэтага рызыкаваць?

Мужчыны разбілі скрынку з сухімі дражджамі. I кінулі. Дрожджы іх не цікавілі — не разумелі іх каштоўнасці. Вольга пачакала, пакуль яны адыдуцца, і сабрала дрожджы. Потым у кутку цэха знайшла забруджаную ботамі соль, высыпаную з разадраных мяшкоў. Прыгадала: калі два гады назад пачаўся паход у Заходнюю Беларусь, маці яе і ўсе камароўцы перш-наперш куплялі соль, мяшкамі цягалі. Солі ў яе дома немалы запас і цяпер, але ўсё адно поўзала на каленях і збірала соль прыгаршчамі, ажно пакуль не спужала яе ды і ўсіх іншых кулямётная страляніна. Стралялі недзе блізка — ці не ў Весялоўцы? Некаторыя і набытак свой кінулі. Вольга не кінула. Уподбег каціла тачку з соллю і дражджамі. Але бадай ужо ля самага дома яе абрабавалі трое бандытаў. Добра апранутыя, у чорных касцюмах, нават культурна гаварылі, не мацюкаліся. Але калі яна паспрабавала па-бабску залямантаваць, адзін паказаў рэвальвер і пагразіў:

— Маўчы, а то разложым пад плотам. Не тое будзе… Скажы дзякуй, што часу не маем.

Пры ўсёй сваёй смеласці і рызыканцтве яна больш за ўсё баялася згвалтавання, смерці так не баялася, як такой ганьбы.

— Навошта ж вам соль з пяском ды дрожджы?

— Нам усё спатрэбіцца, — адказалі бандыты і пакацілі тачку не ў ціхі завулак, не ў двор, а на Савецкую вуліцу. Выходзіць, нікога і нічога не баяліся.

Адбылося гэта, калі не вельмі яшчэ сцямнела, з вокнаў, напэўна, глядзелі людзі. Але Вольга і не спадзявалася, што нехта выйдзе, каб абараніць яе, абараніць мог толькі той казак, што паклапаціўся, куды ёй ісці, на якую дарогу. «А што ж будзе ўначы?» — упершыню падумала, што вельмі страшна, калі горад і людзі застаюцца без улады, калі няма каму паскардзіцца, няма ў каго шукаць абароны і літасці.

На другі дзень у Мінск уступілі немцы. «I тыдня не прайшло, як пачалася вайна», — адзначыла ў думках Вольга ўжо без злосці на армію, у якой служылі муж і брат, з неразуменнем таго, што адбылося. Ёй ад гэтага рабілася страшна ўжо не толькі за сябе, за сваё дзіця, але за нешта значна большае, магчыма, за ўсю краіну і за само жыццё. Аднак пачуццё гэтае было ў яе яшчэ даволі цьмянае, неакрэсленае, асэнсаваць усяго сваім розумам яна не магла. Аб тым, што адбываецца ў краіне, на фронце, у свеце, уяўленне ў яе было прымітыўнае, камароўскае. Як абаранялі Мінск нашы войскі і як захапілі горад гітлераўцы — яна таксама не ведала. Учора яе спалохала безуладдзе, беспарадку яна баялася, хоць разам з тым і не пераставала думаць, што было б нядрэнна ў шуме і тлуме дабрацца яшчэ да якога склада ці гастранома.

Ад бацькі, маці, ад суседзяў — у дні яе маленства гэта было галоўнай тэмай, калі камароўцы збіраліся на бяседу, — яна чула расказы, як у васемнаццатым — дваццатым гадах прыходзілі ў Мінск немцы, пасля палякі. Былі гвалты, здзекі, расстрэлы, але з расказаў нязменна вынікала: просты народ усё можа перажыць. Таму і цяпер у яе не згасла маладая, можа, нават легкадумная вера, што яна, Ляновічыха, як і маці яе, са сваёй учэпістасцю і спрытам таксама ўсё перажыве — і немцаў, і чорта лысага. I перахітруе ўсіх.

Безумоўна, у першы дзень было страшна: якія яны, немцы, і як паводзяць сябе?

У спякотны чэрвеньскі дзень камароўцы не выходзілі з дамоў ці, ва ўсякім разе, са сваіх крэпасцей — двароў і гародаў, упошапкі перагаворваліся праз платы. Чакалі. Вольга таксама не адважвалася выходзіць.

Немцы з’явіліся апоўдні: праехалі матацыклісты ў зялёных касках, з закасанымі рукавамі, з аўтаматамі на шыі. Ехалі ціха, нават пыл не ўзнялі. У канцы вуліцы пастрачылі з аўтамата. Гэта спалохала. Але хутка праз платы дайшло: стралялі па курах, што кешкаліся ў пяску. Навіну гэтую камароўцы перадавалі весела, як бы радуючыся. Вольгу яна таксама развесяліла і супакоіла. Праўда, ноч пасля была неспакойная, больш трывожная, чым перад уступленнем немцаў: некалькі разоў усчыналася страляніна недзе зусім блізка, тут, на Камароўцы, а пад раніцу загарэўся завод «Ударнік». А гэта ж побач, і ўсе не спалі, сядзелі з вёдрамі вады, сачылі за галавешкамі і іскрамі, баючыся, што пажар можа выкаціць увесь іх драўляны раён. I не патушыш, бо пажарная не прыедзе. Але недарма маліліся старыя, Бог быў літасцівы да Камароўкі.

Удзень зноў было ціха. З’явілася новая ўлада — паліцэйскі з чорнай павязкай на рукаве светлага цывільнага касцюма. Прайшоў — як на пахаванне. I павесіў загад, у якім на беларускай мове нямецкія ўлады гарантавалі ўсім жыхарам бяспеку, розныя правы, але загадвалі здаць зброю, радыёпрыёмнікі, аўтамашыны, матацыклы і вярнуцца ўсім на месца сваёй працы, пагражалі расстрэлам, калі хто не выканае гэты загад.

У многія параграфы Вольга ўчытвалася не вельмі ўважліва. але адзін запомніла — давалася права на гандаль. I яна вырашыла выкарыстаць гэтае права — не з прагнасці. бо ведала, разумела. што заробіць яна ў такі час, як Заблоцкі на мыле, — з цікаўнасці, каб хутчэй даведацца, што і як яно, якая яна, новая ўлада.

Нарвала цыбулі, радыскі, салаты, нарэзала бэзу і півоняў і… падалася на рынак, праўда, ледзь пераадольваючы страх, ішла. і ногі трымцелі. Суседзі, што ў той дзень не адыходзілі ад вокнаў і шчылін у парканах, моцна здзівіліся, убачыўшы яе з пукам зеляніны, з кветкамі. Перадавалі праз платы гэтую навіну ўсё адно як тое, што немцы ўступілі ў Мінск: «Ляновічыха на рынак пайшла!» Адны хвалілі яе смеласць. Другія лаялі: «Курва! Да фашыстаў падлізацца хоча. Бач, кветачкі панесла. Такія заўсёды, як дзярмо, на паверхні, пры любой уладзе…»

Вольга прыйшла на рынак і… трохі здзівілася і расчаравалася, што не яна першая: на пустой рыначнай плошчы было ўжо колькі чалавек. I што асабліва здзівіла — не яе даўнія сяброўкі, а людзі, якія раней нічым не гандлявалі, але большасць якіх яна ведала — тутэйшыя, камароўскія, часта швэндаліся па рынку, па крамах. Людзей гэтых яна ўміг зненавідзела — не як сваіх канкурэнтаў, а як тайных ворагаў, за тое, што тады яны сядзелі ціха, а цяпер вылезлі першыя. Іншая справа яна сама — якая была, такая і засталася, як гандлявала ў мінулую нядзелю, калі пачалася вайна, так гандлюе і цяпер, калі свет, як сказала цётка Марыля, перавярнуўся дагары нагамі. I яны, клапы гэтыя, што вылезлі са шчылін, пацягнуліся да яе, бо прызнавалі яе рыначны аўтарытэт. Ад іх яна даведалася: можна добра пажывіцца ў кватэрах тых, што ўцяклі з горада, што, маўляў, немцы глядзяць на гэта праз пальцы. Пра ўсё ведалі сівы дзядок, апрануты ў чысценькі палатняны гарнітур, і яго дачка ці нявестка, худая, як шчупак, баба гадоў пад сорак. Яны прынеслі на продаж прыгожыя кветкі, у Ляновічаў ніколі такія не раслі, маці Вользіна ўсё ўмела вырошчваць — кветкі не ўмела.

Вольга некалі чула, яшчэ, здаецца, ад бацькі, што дзядок гэты — з немцаў. Яна здагадвалася, што самі яны, гэтыя абруселыя немцы, баяцца пайсці шнырыць па кватэрах, таму хочуць падбухторыць яе — няхай яна стрэне няшчасную кулю. Кіпела супроць іх гневам, але змаўчала, разумела, што з такімі лепш не заядацца.

Пакупнікоў, безумоўна, не было. Якому дурню прыйдзе ў галаву пайсці на рынак у такі час! Па вуліцах людзі баяцца хадзіць. Але Вольга такі дачакалася тых, каго чакала са страхам, цікавасцю, — немцаў. Іх прыйшло адразу шасцёра ў незнаёмай чорнай форме, пасля Вольга даведалася, што гэта — ваенная жандармерыя, эсэсаўцы. Яны адразу абкружылі прылавак, на якім размясціліся першыя гандляры. Сівы, як з іконы, дзядок залапатаў па-нямецку, пэўна, прывітаў і падарыў высокаму, у фуражцы з кукардай, па ўсім відаць афіцэру, кветкі.

Двое падышлі да Вольгі. Пахвалілі:

— Хандаль? Гут!

Вольга натужліва ўсміхнулася — выціскала з сябе ўсмешку. Адзін з немцаў белай хусцінкай выцер радыску і смачна захрумстаў. Другі аглядаў не радыску — яе, Вольгу, аглядаў абразліва — як цыган кабылу, якую хоча купіць, здавалася, вось-вось схопіць за храпу і прымусіць ашчэрыць зубы, каб палічыць гады. Той, што хрумстаў радыску, зноў пахваліў:

— Гут!

Другі засмяяўся, відаць, сказаў, што не радыска гут, а фрау гут, бо лёгка паляпаў Вольгу па шчацэ, потым па плячы, каб не прылавак, то, напэўна, паляпаў бы і ніжэй. О, каб гэта зрабіў хто са сваіх, якую аплявуху зарабіў бы! Вольга магла пажартаваць, магла на гулянцы знаёмаму хлопцу дазволіць абняць сябе, за што Адась неаднойчы раўнаваў. Але каб хто яе ляпаў, як кабылу па крыжы… Ну не!

Падышоў афіцэр і сказаў нешта строга, бо салдат паклаў радыску назад і адступіў. За афіцэрам падбег дзядок «з іконы». Пераклаў:

— Пан афіцэр хацеў бы, каб пані падарыла яму кветкі.

— Пан афіцэр можа купіць, пан багаты, а пані бедная, ёй дзяцей трэба карміць, — сур’ёзна, без усмешкі сказала Вольга.

У дзядка расшырыліся вочы, ён не адразу адважыўся перакласці яе словы. Але афіцэр зірнуў на фольксдойча так, што той зразумеў: загадвае перакладаць дакладна. Афіцэру, мабыць, здалося, што маладая руская сказала нешта абразлівае для вялікай Германіі ці фюрэра. Дзядок пераклаў — і афіцэр весела засмяяўся. Потым сказаў нешта салдатам. I тады той, што еў радыску, згроб і радыску, і цыбулю, а той, што ляпаў па шчацэ, — кветкі.

«Ну, гады, зладзюганы, грабіцелі!» — падумала Вольга, але наважылася змаўчаць, бо суцешылася тым, што хоць яны і рабаўнікі, але не такія страшныя, як людзі гаварылі пра іх у першыя дні вайны. Жыць можна.

Ды афіцэр, не спяшаючыся, дастаў кашалёк і даў ёй паперку — чужыя грошы.

Дзядок быццам на неба ўзнёсся, здаецца, ажно німб заззяў вакол яго галавы.

— Пан афіцэр шчодра заплаціў пані, — сказаў ён. — Пані павінна падзякаваць.

— Дзякуй, — коратка сказала Вольга. Гэтае «дзякуй» стары пераклаў, можа, дваццаццю словамі, лісліва заглядваючы афіцэру ў вочы.

Калі гітлераўцы пайшлі, ён сказаў з захапленнем:

— Во яны, немцы! Культура!

«У чым жа гэтая культура? — падумала Вольга. — Пайшоў ты, старая падла!» Але сцёбнуць моцным словам гэтага смаўжа, як сцёбала такіх раней, пабаялася.

Па дарозе дадому паперка ў дзесяць акупацыйных марак — зусім мізэрная плата, як яна даведалася пасля, — пякла далоню, за пазуху, куды заўсёды хавала грошы, яе не паклала, гэта было б як дотык лапы чужога салдата да яе грудзей. Хацела нават кінуць яе. Але, выхаваная на ашчаднасці, стрымалася: цяпер гэта грошы, іх трэба ведаць, да іх трэба прывыкаць. Аднак увесь той дзень на душы было пагана ад гэтай першай сустрэчы з акупантамі, ад свайго, здавалася б, удалага гандлю, быццам прадала не цыбулю, а сумленне. Не пакідала пачуццё, што нечаму ці некаму здрадзіла, але пэўна вызначыць гэтае пачуццё не ўмела. Таму злавалася. Ад злосці яна заўсёды, з малых год, рабілася адчайная. Прыгадала словы дзядка, што можна пажывіцца ў апусцелых кватэрах, і не столькі, магчыма, ад сквапнасці, колькі ад незразумелага пратэсту вырашыла рызыкнуць яшчэ раз.

Першую вылазку зрабіла ў дом, дзе жылі афіцэры штаба акругі, разважыўшы, што сем’і ваенных, напэўна ж, усе ўцяклі. У доме, відаць было, пагаспадарылі да яе, але і яна яшчэ навыцягвала з шуфляд нямала пасцельнай бялізны, дзіцячага адзення, відэльцаў, лыжак — нічым не грэбавала.

Калі выйшла з кватэры на трэцім паверсе, сустрэлася на лесвіцы з немцамі: чацвёра немаладых ужо тылавікоў, мабыць, кватар’еры, заглядвалі ў кватэры, спрачаліся паміж сабой. У Вольгі памлелі ногі. Во ўліпла, дык уліпла, з першага разу, каб ён спрах, той дзед, што падбухторыў. Прыгадала словы Лены Бароўскай: за марадзёрсгва ва ўсіх арміях расстрэльваюць. А што ім? Шлёпнуць тут жа — і ўсё, хто іх асудзіць. ніхто нават не будзе ведаць, дзе яна загінула. I ніхто не пашкадуе — сама палезла. Праўда, пашпарт яна ўзяла з сабой, на ўсякі выпадак, доўга думала, браць ці не браць савецкі пашпарт, разважыла, што мець дакумент. які сведчыць, што яна мінчанка, не зашкодзіць. Стаяла, баялася паварушыцца, чакала, калі немцы дойдуць да яе. Падрыхтавала пашпарт. Сябе не шкадавала, пра сябе думала бязлітасна: так табе, дурной, і трэба! Свету шкадавала. Куды яе дзенуць? Казімір добры, не пакіне. Але няшчасная сірата, якой прыйдзецца жыць у Анюты, у іх нявесткі: непрыязнасць да яе засталася ў спадчыну ад маці.

Немцы падняліся, адзін нешта спытаў у яе па-нямецку. Яна залыпала вачамі, заківала галавой. Немцы засмяяліся і, абмінуўшы яе, пайшлі ў кватэру, з якой яна толью выйшла. Нават не паглядзелі, што ў яе ў клунку, напэўна, падумалі, што яна тутэйшая жыхарка і высяляецца, а гэта ім і трэба — ачысціць дом ад жыхароў. Як бы там ні было, але ад сустрэчы такой, ад беспакаранасці Вольга вельмі асмялела і пасля два дні шнырыла па дамах з сапраўды-такі марадзёрскай нахабнасцю. Цягнула ўсё, што трапляла пад руку. Вісеў загад здаць прыёмнікі, а яна ажно з Рэвалюцьійнай вуліцы, бадай праз увесь горад, прынесла загорнуты ў прасціну прыёмнік. З такімі ж, як сама, рызыкантамі аблазіла разбамблёныя дамы. У адным двары бомба перакінула машыну, у кабіне застаўся забіты шафёр. Яны і машыну гэтую «давялі да ладу», бо знайшлі ў кузаве савецкія грошы і паштовыя маркі. Ад цела ўжо нядобра патыхала, у такую спёку нядоўга, але Вольга ўгледзела на ім новенькую кабуру і тайком ад сваіх хаўруснікаў — «чысцільшчыкаў», так адзін з іх называў сам сябе, — адрэзала кабуру і схавала ў клунак — загарнула ў пак сукна. Разумела, што калі немцы агледзяць яе набытак, а ўжо здаралася, што аглядалі, і знойдуць пісталет — мала ёй не будзе. Але ўтрымацца ад спакусы не магла. Магчыма, не столькі пісталет яе вабіў, колькі жоўценькая кабура, дачка гарбара ведала цану добрай скуры. А можа, жыло ў ёй нешта школьнае, хлапечае — чаму не ўзяць такую цацку? Ніводзін камароўскі хлопец не прайшоў бы міма, а ў яе заўсёды была хлапецкая зухаватасць. Ці падсвядома нараджалася нешта больш сур’ёзнае: а раптам у той невядомасці, што чакае наперадзе, спатрэбіцца і пісталет?

Спыніла яна свае вылазкі пасля таго, як у руінах вялікага дома на Камсамольскай немцы абстралялі іх з аўтамата. Без усялякага папярэджання. Хаўрусніца, немаладая ўжо жанчына са Старажоўкі, ускрыкнула і ткнулася галавой у друз. Вольга скацілася па ўсходцах лесвіцы, як нежывая, пабіла галаву, паабдзірала калені. На жываце. як параненая кошка, выпаўзла з таго злашчаснага дома.

Вось яны якія, немцы! Могуць не звярнуць увагі, калі ты цягнеш на плячах прыёмнік, і могуць пачаць страляць проста так, дзеля забаўкі, ці што. Дарэчы, у той дзень было ўжо адно папярэджанне: на яе вачах на Нямізе застрэлілі старога яўрэя; ён, адзеты ў зашмальцаваную сукню, ішоў з новым скураным чамаданам, які вельмі ж не пасаваў да яго выгляду, да яго беднасці. Двое гітлераўцаў у чорнай форме падышлі да яўрэя, адзін узяў яго за бараду, нічога не кажучы, дастаў пісталет і выстраліў старому ў… шыю, у кадык. Вольга ўбачыла, як пырснула кроў, і ледзь не самлела. Безумоўна, пасля таго здарэння трэба было да д’ябла кінуць усе анучкі, бо ў той дзень яны сапраўды падбіралі адны анучкі — нічога добрага ўжо не засталося, і бегчы дадому, да Светкі, і жыць. як Лена Бароўская, як іншыя суседзі: нікуды не выходзіць, чакаць… Але па-абывацельску разважыла: дык то ж яўрэй, немцы не любяць яўрэяў, а яна ж беларуска і нічога шкоднага не робіць — быццам ведала, што той стары зрабіў нешта шкоднае.

II

— Дранікі! Дранікі! Гарачыя дранікі, — крычала Вольга, пляскаючы ў далоні і прытанцоўваючы ад холаду. Але ў той дзень і на такі ласунак, як гарачыя дранікі, не надта кідаліся, не так, як раней, калі на рынках пачалі гандляваць харчам, які можна тут жа з’есці. Голад — найлепшы эканаміст — падказаў тым, у каго было што прадаць, як гэта зрабіць найвыгадней. Да вайны вараным ды смажаным не гандлявалі, не было патрэбы. Хто б гэта пачаў есці на рынку? Хіба п’янюга які. Праўда, Вользе расказвала маці, што пры нэпе тут, на рынку, стаялі жароўні, на іх смажыліся кілбасы, гатавалася верашчака, пякліся бліны… Але тады было прадуктаў, а таму нэпманы і вынаходзілі, як прывабіць пакупніка. Цяпер жа, у акупацыі, такі гандаль ад галадухі. Вольга адна з першых здагадалася, што патрэбна людзям, якія блукалі па рынку і нават на качан капусты глядзелі галоднымі вачамі. Каб нехта ўпікнуў яе, што яна абірае галодных, то яна плюнула б такому ў вочы. Не, яна памагае людзям, робіць дабро, няхай скажуць дзякуй, што ёй удалося і бульбы накапаць, і мукі запасці, і алею. Урэшце, прадаць усё гэта можна, не выходзячы з дома, цяпер любыя прадукты з рукамі адарвуць, дзякуй скажуць. А яна пячэ гэтыя дранікі, сама ж дровы купляе тут, на рынку. і пасля стаіць на холадзе, дубянее. Пра тое, што без гандлю яна ўжо не можа жыць, што гэта зрабілася для яе патрэбай, сутнасцю існавання, — пра гэта яна не думала. Натура прымітыўных людзей, нават зладзеяў і катаў, такая, што любым сваім учынкам яны шукаюць высакароднае апраўданне: адны тлумачаць іх нейкімі вялікімі ідэямі, другія — жаданнем жыць, не памерці з голаду, карміць дзяцей і г. д.

Што не кідаліся на дранікі, не расхоплівалі іх, Вольгу не вельмі непакоіла: не прападзе яе тавар, прадасць — голад, як кажуць, не цётка.

На рынку ў той дзень было пуставата. Моцна захаладала. Рана захаладала — сярэдзіна кастрычніка ўсяго, у мінулыя гады ў такі час ззяла золатам бабіна лета. А тут, як на гора тое, ужо добра марозіла. Але пазаўчора, учора яшчэ грэла скупое асенняе сонца, а ў той дзень па небе ляцелі цяжкія цёмныя снежныя хмары, разы два сыпаліся снежныя крупы, потым хмары парвала, шугануў вецер, ён узнімаў на рынку пясок, засыпаў вочы. Было няўтульна, сумна і трывожна. Рынак апусцеў, пэўна, і па іншай прычыне: учора была аблава, некаторых падазроных пахапалі паліцыя і СД. Аблава Вользе не спадабалася. Калі яны часта пачнуць учыняць такі разгон, то які дурань будзе хадзіць на рынак і што тады застанецца ад свабоднага гандлю, які новая ўлада дакляравала? За сябе яна не баялася — мела знаёмых і ў паліцыі, і нават сярод немцаў; лёгка завесці знаёмства, калі маеш чым пачаставаць, самі ліпнуць, як мухі на мёд.

Падышоў высокі мужчына з акуратна падстрыжанымі вусікамі, апрануты трохі дзіўна — у старым пакамечаным капелюшы і ў новым кажушку, чырвоным, вышытым жоўтымі ніткамі. Выгляд яго Вольгу не здзівіў: цяпер шмат хто так апранаецца — палавіна ўбору гарадскога, палавіна сялянскага. Але на кажушок яна пазайздросціла, падумала, што вышыўка на ім жаночая — навошта мужчыну такія галуны, ёй бы яны больш падышлі.

— Па чым дранікі, прыгажуня?

— Тры маркі за пару.

— Ого, кусаюцца ж яны ў цябе.

— Бо іх кусаць можна, таму і яны кусаюцца.

— А ты вясёлая.

— А чаго мне бедаваць?

— Праўда, навошта нам бедаваць, калі можна гандляваць.

Ён амаль што праспяваў гэтыя словы, і такі яго тон пакрыўдзіў Вольгу.

Але яна навучылася маўчаць. А то яшчэ наскочыш на якога-небудзь агента гестапа. Выказала крыўду нязлосна:

— Стань на маё месца, пакалей тут… А бульбу — ідзі купі яе, прывязі ў горад…

Мужчына засмяяўся:

— Вазьмі мяне ў прымакі. Буду забеспячэнцам.

— Многа вас набіваецца ў прымакі. У мяне муж ёсць.

— Не шанцуе, — цмокнуў ён.

— Дык даць дранікі?

— Не зарабіў я на іх.

— Прадай дублёнку.

— А сам у чым пайду? Зіма наступае.

— Я табе шынель дам. Кілё сала. Літр самагонкі. I накармлю да пуза.

Ён весела свіснуў — з іроніяй:

— Добрая ж цана.

— Хіба мала даю?

— Ды не, шчодра. Але шынель мне пакуль што не трэба, — ён спахмурнеў і развітаўся: — Будзь здарова, гандлярка.

Слова гэтае — гандлярка — Вольга не любіла. Сам гандаль не ганьба, праца не горшая за іншую, так лічыла маці яе, так і яна лічыла, а слова зневажала, пры бальшавіках яно было што лаянка.

Падышоў знаёмы паліцэйскі — Хведар Друцька.

«З’явіўся нахлебнічак, без вас нідзе не абыдзецца», — падумала Вольга, але без злосці, бо Друцьку гэтага прызнавала за чалавека — не нахабнік, не хапуга, ласкавы, добры, а галоўнае — малады і прыгожы. Вольга не любіла старых. Але і Друцькава ласкавасць яе насцярожвала.

— Не змерзла?

— Не-эк.

— Кроў у цябе кіпіць. А я скалеў, пальцы не магу разагнуць. Адкуль ён, такі холад? Рана ж яшчэ.

Вольга стоена ўздыхнула, бо ведала, чаго чакае паліцай, калі прызнаецца, што змёрз. Нахілілася пад прылавак, не выцягваючы з каша, накрытага хусцінай, пляшку, наліла з яе ў салдацкую конаўку, працягнула Друцьку. Той азірнуўся, як бы нават і сарамліва, але гандляркі-суседкі адвярнуліся: яны, маўляў, не бачаць, у каго частуецца пан паліцэйскі. А пан вельмі ж спрытна, проста з размаху, выплюхнуў паўконаўкі смярдзючай гары ў зяпу. I застыў, як бы прыслухоўваючыся да сігналу далёкай трывогі, потым весела крактануў:

— Во калі, падла, дайшла да жылачак. Агонь! Полымя!

Вольга перад гэтым падумала: «Жлукці, каб табе вантробы папаліла», — але ад пахвалы засмяялася, урэшце, скупой яна ніколі не была, пачаставаць чалавека ёй заўсёды было прыемна.

Разгарнула старую коўдру, дастала з каструлі відэльцам два дранікі і зноў падумала: «На, тарбахват, закусі».

Паліцай абодва дранікі запіхнуў у рот, пракаўтнуў, амаль не жуючы. Пахваліў:

— Смачнае ў цябе ўсё, Вольга. Добрая ты гаспадыня. Бяры мяне ў прымы.

Вольга весела крыкнула суседцы:

— Чулі, цётка Стэфа? Яшчэ адзін прымак. Во шанцуе бабе! — I да паліцая: — Тут перад табой, пабачыў бы, які пан напрошваўся ў прымакі. Ого! Мужчына — во! А які кажушок на ім!

Друцька спахмурнеў:

— З паноў не бяры. Каторага з нас, мужыкоў, выбірай.

— Пра што гэта вы плешчаце? У яе муж ёсць, — абараніла Вольгу суседка.

— Дзе ён, яе муж? — самагонка ўдарыла ў галаву, і Друцька, адразу пачырванелы, лісліва ўсміхнуўся; хацелася яшчэ выпіць, і ён крыху патаптаўся перад Вольгай, але вымагаць не стаў, пайшоў шукаць іншых, хто плаціў даніну гэткай жа вадкай натурай.

— Во панадзіліся! — сказала Стэфа. калі паліцай адышоў.

Праз нейкі час яны гуртом, чацвёра старых гандярак, абмяркоўвалі памеры хабару, які належыць даваць паліцаям і нямецкаму патрулю — каму колькі, каб была адна норма, адна тактыка.

У размове Вольга не ўгледзела, як перад яе месцам за прылаўкам з’явілася Лена Бароўская, ці проста не адразу пазнала сяброўку, калі тая падыходзіла, не звярнула ўвагі. З таго часу, як пасварыліся ў пачатку вайны, яны не размаўлялі і бачылі адна адну хіба здалёк.

Лена была ў старым паліто, залішне лёгкім для такога надвор’я, галава абкручана клятчастай, як плед, хусткай, цёплай, але старамоднай — такія хусткі хіба яшчэ да рэвалюцыі насілі. Праўда, цяпер, у акупацыю, ніякае адзенне не здзіўляла, бо выцягнулі ўсё старое з куфраў — старыя футры, сурдуты, сарафаны, світкі, андаракі, насілі іх, гандлявалі імі, выменьвалі на прадукты. Але Лену хустка гэтая вельмі старыла, бабуляй рабіла. Вольга ажно разгубілася, калі нарэшце пазнала яе, адзначыла: схуднела вельмі Лена, твар выцягнуўся, пажаўцеў, нос падаўжэў, а пад некалі прыгожымі блакітнымі вачамі — сінякі, як пасля цяжкай хваробы. З-за гонару Вольга не павіталася, чакала — няхай яна, Лена, першая павітаецца.

Лена не сказала «дзень добры», але ўсміхнулася пасінелымі вуснамі па-сяброўску, прымірэнча і, перасмыкнуўшыся, паскардзілася:

— Х-холадна.

Гэтага было даволі, Вользе стала шкада сяброўку, хоць сям’ю іх асудзіла: «Дурні яны, гэтыя Бароўскія. Як дзеці. Усе ж дома — і стары, і маці, і браты. I нічога не ўмеюць зрабіць, каб не галадаць… Пры Саветах — Лена і бацька стаханаўцамі былі…»

— Драніка хочаш? — нечакана для сябе спытала Вольга.

— Хачу, — проста адказала Лена.

Адкусвала яна маленькімі кавалачкамі, грэючы цёплым дранікам рукі і смакуючы яго, як самы дарагі ласунак. Вочы яе, патухлыя, застылыя, бясколерныя, адразу ажылі, ветліва ўсміхнуліся — і ў іх заззяў ранейшы блакіт. Вольга таксама адтавала, радасна зрабілася ад таго, што школьная сяброўка пасля даўняй сваркі прыйшла першая і так хораша ўсміхаецца.

— Даць яшчэ дранік?

— Калі не шкадуеш.

— Табе — не шкадую.

— Не баішся, што сама застанешся без бульбы?

— Не баюся.

— Запаслівая ты.

— Ды ўжо ж, варон не лавіла, — яўны дакор ім, Бароўскім.

Але ці то Лена не сцяміла, ці вырашыла не звяртаць на такія дакоры ўвагі, ці, можа, голад навёў на думкі, што жыць трэба інакш. Ва ўсякім разе, Вользе ўсё больш і больш падабалася, што Лена такая лагодная, пакорлівая, без гонару свайго камсамольскага, які яна мела і ў школе, і калі рабіла ў друкарні, і асабліва на пачатау вайны.

— Дадому не збіраешся? — спытала Лена, даеўшы другую пару дранікаў паспешліва ўжо, не так, як першую.

Вольга здагадалася, што Лена мае сказаць нешта такое, пра што тут, на рынку, гаварыць не адважваецца.

— А праўда, які гандаль у такую халадзіну! — і, здзівіўшы суседак, паставіла загорнутую ў коўдру каструлю з дранікамі ў лазовы кош, ускінула кош на плячо, Лене сунула цыратавую кайстру з самагонкай і буракамі.

Друцька, якому не ўдалося больш ні ў кога пажывіцца, вярнуўся да Вольгі, убачыў, што яна адыходзіць, расчаравана разявіў рот і нейкі час ішоў следам.

Можа, таму, што ўбачылі за сабой паліцая, хоць і на значнай адлегласці, ці таму, што гразь за дзень адтала і трэба было ісці адна за адной, след у след, наступаючы на адны і тыя ж цагліны і кладкі, каб не трапіць у лужы, яны доўга ішлі моўчкі. Калі выйшлі на сваю, больш сухую, пясчаную вуліцу, пайшлі побач, азірнуліся: паліцай адстаў, заставалася ў яго яшчэ трохі сумлення, каб не ісці па другую шклянку самагонкі ў дом.

Вольга спытала:

— Што ты робіш, Лена?

— Працую.

— Дзе?

— У друкарні.

— У нямецкай? — вельмі здзівілася Вольга.

— Трэба ж неяк жыць.

— Во гэта праўда! — Вольга бадай што крыкнула ад радасці. — Трэба неяк жыць! А ты мяне ўпікала.

Лена змаўчала наконт таго, завошта яна ўпікала сяброўку і завошта магла б і цяпер асудзіць. Лена нечакана папрасіла:

— Слухай, забяры аднаго чалавека з лагера ў Драздах.

— Як жа я забяру яго?

— Як мужа. Ці мала жанчын забралі мужоў…

Вольга ведала: некаторыя мінчанкі і жанчыны з навакольных вёсак узялі хто свайго мужа, калі яму пашчасціла апынуцца тут, блізка ад дому, а хто і чужога. Вольга таксама хадзіла ў Дразды, у Сляпянку, ездзіла ў Барысаў, шукала свайго Адася. За добры выкуп немцы аддаюць палонных чырвонаармейцаў, камісараў не адцаюць.

— У мяне ёсць муж. Што скажуць суседзі?

— Ты толькі выкупі яго ды вывезі з лагера, а там ужо не твой клопат.

— Ага, каб варта падстрэліла. Было ж ужо, кажуць, такое, што пачалі страляць у баб. Пакладзеш галаву немаведама за каго.

Лена спынілася, прымусіўшы і Вольгу спыніцца; начапіўшы кайстру на руку, схапіла Вольгу за штрыфлі паліто, вочы яе гарэлі, шчокі хваравіта запунсавеліся.

— Волька, гэта вельмі патрэбны чалавек.

— Каму патрэбны? Табе? То і забірай яго.

— Народу… народу патрэбны, — дзіўна, як бы захлынаючыся, прашаптала Лена.

— О, любая мая! — лёгка засмяялася Вольга. — Што мне думаць пра народ! Народ пра мяне не думае… Ты пра мяне думаеш?..

Лена рыўком прыцягнула яе да сябе і горача зашаптала ў твар:

— Волька! Няможна так… нельга… не думаць пра народ. Калі-небудзь у нас запытаюць. Дзеці нашы запытаюць… што мы зрабілі, каб вызваліцца ад навалы гэтай… Ты хочаш, каб твая Света вырасла ў рабстве? Ды ці вырасце ўвогуле! Ты яшчэ не ўведала, што такое фашызм!

— Калі я буду жывая, то вырасце і дачка мая. А калі мяне павесяць, як тых, у скверы, то пра дзіця маё ніхто не падумае. Ніхто!

— Я цябе не ўцягваю ў партызаны. Я цябе прашу выратаваць чалавека…

— На храна мне твой чалавек!

— Эх, Волька, Волька, — лёгенька адпіхнуўшы Вольгу, з вялікім смуткам і расчараваннем сказала Лена, павярнулася і адбегла з сярэдзіны вуліцы пад плот, быццам спалохалася ці шукала схованку ад чужых вачэй.

«Ну, і пайшла ты…» — у той першы міг хацела крыкнуць Вольга і дадаць базарнае слова. Але Лена адыходзіла павольна, маленькая, ссутуленая, як бабуля, у старамоднай хустцы, і Вользе раптам зрабілася шкада яе. I сябе. А яшчэ сяброўства з Ленай пашкадавала, бо зразумела, што калі крыкне так, то разыдуцца яны назаўсёды, на ўсё жыццё ворагамі стануць. А ворагаў хапае. Але не толькі гэта спыніла. Было многа іншага. Узнялася цэлая завіруха пачуццяў, самых супярэчлівых. Цэлы дзень пасля, парадкуючы ў доме, яна старалася навесці парадак у галаве сваёй, у сэрцы. Праўда, хіба прышэльцы ў зялёных і чорных мундзірах, з чужой мовай — сябры яе? Навошта ж яшчэ і сваім рабіцца ворагамі? Хапае гэтай брыдоты — паліцаі, што звяры. Не да паліцаяў жа ёй, Вользе, гарнуцца, хоць і вымушана часам частаваць іх. А да каго, да каго ёй гарнуцца? Да такіх, як Лена? Але ж вельмі падобна на тое, што гэтая зацятая камсамолка звязана з дыверсантамі, з партызанамі, якія дзейнічаюць тут, у горадзе, пра якіх шэпчуцца людзі, а немцы вывешваюць загады, пагражаюць усім, хто бандытаў падтрымае, смерцю і павесілі ўжо колькі чалавек у скверы ля Дома Чырвонай Арміі, вінаватых ці невінаватых — невядома, можа, проста каб пастрашыць. Не, з Ленай ёй не па дарозе. Але разам з тым людзі такія, як уся сям’я Бароўскіх, што жывуць у холадзе і голадзе, не схіляюць галавы перад немцамі, не гнуць спіны, упершыню неяк зусім інакш, не па-абывацельску — каб перамыць ім костачкі з суседкамі на рынку — зацікавілі Вольгу, больш таго, яна адчула да іх павагу, ад якой самой зрабілася страшна. Калі пра іх так думаць, то і палюбіць іх можна, захапіцца імі і пайсці за імі, на смерць пайсці. Лепш было пасварыцца з Ленай, няхай бы трохі пашкраблі кошкі на душы, але потым жыла б яна спакойна, не ведаючы ніякіх Бароўскіх, і нічога не баялася б. Урэшце, і пры немцах жыць можна, калі не быць дурнем, гандлёвай справе нават большы прастор, чым пры Саветах. Можна сваю крамку мець, пра што, між іншым, яна марыла, дзеля чаго збірала маркі; не трэба будзе тады калаціцца на рынку ад холаду і страху, сядзі сабе ў цеплыні, адважвай ці адмярай тавар, на які атрымаеш дазвол, і да цябе з павагай будуць: «Пані Ляновічыха…»

Не, у тую ноч не павага да такіх, як Лена, не захапленне імі вызначала яе рашэнне. Іншае. Вольга думала пра тое, што ўсё часцей і часцей да яе заглядаюць паліцаі і, падвыпіўшы, ліпнуць са сваімі брыдкімі пяшчотамі. Ад паліцаяў яна пакуль што адбівалася: каму мусіла дарыць пацалунак як надзею на большае, абы ў той час адчапіўся, а каму аплявуху і кухталя — не лезь па чужое. Ды вось разам з паліцаямі пачалі заходзіць немцы і таксама пазіраюць, як каты на сала. А гэтыя гады не будуць цырымоніцца, згвалцяць на вачах у дзіцяці, у старой Марылі, у душу наплююць, зняславяць на ўвесь горад. Гэтага яна баялася, як смерці. Дык чаму ж ёй не ўзяць у дом мужчыну? Узялі ж некаторыя бабы, у якіх мужы, як і ў яе, на вайне. Пры мужчыну, ды яшчэ калі ён называецца мужам, не адважацца нахабнічаць. Адась? Што ж, калі ён вернецца (Божа мой, калі гэта можа здарыцца!), яна пакаецца… Хоць, магчыма, і каяцца не трэба будзе. Няма сумнення, што Лена мае заданне выратаваць не абы-каго, а напэўна, камандзіра ці камісара, камуніста, відаць, немаладога чалавека ўжо. Такі, нават жывучы ў адным доме, не стане пасягаць на яе жаночы гонар. А калі ўжо здарыцца грэх — сама яна не выстаіць, то няхай гэта будзе з адным, са сваім чалавекам, па-добраму, па згодзе.

Што ён будзе за чалавек, чым зоймецца на волі — пра гэта не думала, далёка наперад не заглядвала.

Фашысты не хавалі лагеры ваеннапалонных, знарок, каб настрашыць, выстаўлялі іх на відных месцах, побач з дарогамі, чыгункамі; дулаг у Драздах быў заснаваны ў першыя ж дні акупацыі, за нейкія два кіламетры ад горада, побач з вёскай Дразды — на другім, левым, беразе Свіслачы, паміж двума ўзгоркамі, на адным з якіх, як на могілках, раслі сосны, другі быў голы, што бубен. З узгоркаў гэтых, з вартавых вышак на іх добра праглядвалася ўсё наваколле, на пустым асеннім полі відаць быў кожны чалавек.

Лена Бароўская не раз ужо хадзіла ў гэты лагер, ведала, адкуль, з якога боку падпускаюць да калючага дроту, нават мела знаёмых вартавых, калі лічыць знаёмствам тое, што некалькі немцаў ужо ведалі маладую жанчыну, якая настойліва шукае брата, бо сказалі: брата яе бачылі тут. Яны, немцы, у пэўным сэнсе былі даверлівыя, верылі, што яна шукае брата, але пасміхаліся з яе наіўнасці: брат яе мог, безумоўна, быць тут, аднак зусім натуральна, што ён даўно ўжо ляжыць у брацкай магіле, дзе яго ніхто не знойдзе — ні сястра, ні маці, ні суд гісторыі.

Вольга і Лена ішлі па палявой сцежцы ўбаку ад гравійкі. Сцежка гэта была пратаптана гараджанамі і падводзіла да тылавой агароджы лагера — да тых умоўных варот, праз якія жанчыны пазнавалі сваіх. Тут яны падыходзілі да калючага дроту, тут дазвалялі збірацца палонным. Адгэтуль радзей адганялі, чым ад сапраўдных варот, што каля шашы. Так варта, пэўна, хавала гандаль палоннымі ад высокага начальства. Але і ў парушэнні інструкцый немцы любілі парадак: тут, ля дроту, пазнавалі свайго, а дамаўляцца, абышоўшы далёка па полі, ідзі да прахадной, толькі там можна гаварыць з лагерным начальствам. Калі хадзілі ўздоўж дроту — гэтага варта не любіла, па тых, хто ішоў паўз агароджу, нярэдка стралялі без папярэджання ці нацкоўвалі аўчарак. Мінчанкі пра гэта ведалі, ведалі ўсе няпісаныя правілы. Мужчынам да лагера ўвогуле было небяспечна хадзіць, да мужчын фашысты ставіліся падазрона.

Пасля сухіх, халодных дзён, калі мароз па-зімоваму скоўваў зямлю, зноў наступіла гразкая восень, зямля адтала. Ішоў дождж уперамешку са снегам. Было ветрана. Моцны вецер біў у твар, мокры снег залепліваў вочы, набіваўся пад хусткі, за каўняры. Жанчыны захлыналіся ад ветру, ад снегу, ішлі па сцежцы адна за адной, Лена — наперадзе. Не размаўлялі. Ды і аб чым гаварыць? Усё абгаварылі ўчора ў Лены. Тады Вольга была ўзбуджаная, бадай узрадаваная сваім нечаканым дзёрзкім рашэннем. Само такое рашэнне — узяць у дом чалавека, «патрэбнага народу», — як бы ачышчала яе ад таго паганага, што прыліпала штодня ад яе камерцыі, якая не абыходзілася без ашуканства, ад яе хаўрусу з паліцаямі і немцамі. Але снег, дождж і вецер астудзілі тыя добрыя, цёплыя ўчарашнія пачуцці. Вольга ішла раздражнёная, узлаваная на сваю дурноту — навошта згадзілася? — на Лену — навязалася на яе галаву! Хіба мала баб у горадзе? Няхай бы папрасіла каго іншага! Яшчэ пры выхадзе з Мінска, за Старажоўкай, дзе патруль даволі прыдзірліва праверыў іх дакументы — савецкія пашпарты з дапіскай і штампам гарадской управы, — Вольга сказала Лене:

— Ох, бачу, цягнеш ты мяне ў прорву.

Ведаючы характар сяброўкі, яе зменлівы настрой, Лена спалохалася, пачала прасіць:

— Волечка, чалавека ж ад смерці ўратуем. Хіба з-за гэтага не варта памучыцца? Ты ж у Бога верыш. Ісус Хрыстос за людзей мучыўся і нам наказваў.

— Ты ж у Бога не верыш.

— I я веру, Волечка, веру. Цяпер усе вераць, — на ўсё згаджалася Лена, абы ўлагодзіць сяброўку, не даць ёй перадумаць і павярнуць назад.

Па слізкай сцежцы яны выйшлі на ўзгорак. Ім належала перайсці лагчыну і на схіле ўзгорка, дзе раслі рэдкія сосны, падысці да тых умоўных варот ля калючага дроту, куды варта з выгадай да сябе падпускала жанчын пашукаць сярод палонных мужоў. Але праз снежную каламуць яны ўбачылі, што ў лагчыне працуе мноства людзей — белыя, як здані, постаці, здавалася, не хадзілі, а плавалі ў паветры, і нельга было здалёк зразумець, што яны робяць. Але бліжэй, у падножжы таго ўзгорка, на якім яны спыніпіся, вельмі выразна вырысоўваліся чорныя, быццам снег адразу раставаў на іх, постаці з аўтаматамі і гэткія ж чорныя сабакі, вялізныя, з натапыранымі вушамі — такія вушы чуюць чалавека за вярсту.

Жанчын угледзелі. Адразу двое немцаў узнялі аўтаматы. Але, відаць, не стрэліпі, толькі пастрашылі, бо ні Лена, ні Вольга стрэлаў не пачулі. Прыгнуўшыся, яны кінуліся бегчы ўжо не па сцежцы, а па полі, угрузаючы ў размяклай раллі, быццам так лягчэй было ўратавацца. Напачатку ім здалося, што ззаду задыхана цахляць аўчаркі, як цахляць ганчакі, калі гоняць зайца. Ды, мабыць, то свістаў вецер і грукалі іх сэрцы.

Пасля Вольга не магла вытлумачыць самой сабе, чаму яны пабеглі не назад, да горада, а ў бок рэчкі, можа, таму, што ў пойме раслі кусты, стаялі голыя вербы, а на тым баку віднеліся хаты, жылі людзі. Не, жадання за нешта схавацца ці дабегчы да людзей у яе не было. Проста яна пабегла за Ленай. А тая, апантаная, магчыма, схітравала, бо ведала, адчувала, што калі наблізяцца да горада, то Вольгу назад ужо не вярнуць, не ўгаварыць. Вольга і так, калі яны адчулі сябе ў бяспецы, бо навокал была цішыня і зноў пасыпаў густы мокры снег, за сотню крокаў нічога не відаць было, сказала ўпарта і нават узлавана:

— Ты, дарагая падружка, як хочаш, ты птушка вольная, а я буду ратаваць сябе, у мяне дзіця засталося.

Але Лена так прасіла за таго незнаёмага чалавека, як за бацьку роднага, са слязамі на вачах, што Вольга зноў згадзілася, каб ім выйсці на дарогу, дзе ходзяць людзі і машыны, і падысці да цэнтральнай брамы, куды прыходзілі ўсе, хто не ведаў тых умоўных варот.

Вольга супакоілася, калі ўбачыла, што яны не адны тут: за баракам, якога не было ў жніўні. тоўпілася з дзесятак жанчын. А на тым баку, за дротам, стаялі сотні дзве палонных, страшэнных зданяў, загорнутых у шынялі, падраныя ватнікі, коўдры, мяшкі. Яны стаялі за тры крокі ад дроту, і ніхто не адважваўся пераступіць гэтую вузкую паласу, ніхто не мог дацягнуцца да жанчын, каб узяць кавалак хлеба ці бульбіну. На страшнай паласе гэтай ляжала двое мёртвых.

На спіне ў аднаго на белай ад снегу гімнасцёрцы — нічога больш цёплага на нябогу не было — пунсавела свежая кроў. Яго забілі нядаўна. Мабыць, з-за гэтага некаторыя жанчыны палахліва адступалі ад дроту і непрыкметна знікалі.

Пераступаючы мёртвых, быццам гэта былі не трупы, а бярвенні, велічна-спакойна, здаецца, абыякавы да ўсяго, што тут адбываецца, хадзіў немец, падняўшы каўнер зялёнага шыняля і апусціўшы адвароты шапкі на вушы. Рукі яго ў пальчатках неахайна ляжалі на аўтамаце; ён як бы прагульваўся, хоць у сапраўднасці пільна сачыў за кожным рухам палонных і жанчын. Перадаць нічога нельга было — за гэта смерць, а перагаворвацца можна. Вельмі можа быць, што вартавы разумеў па-руску. А калі не ведаў мовы вартавы, то, напэўна, быў агент сярод палонных. Магчыма, не толькі дзеля таго, каб колькі чалавек выгадна прадаць сапраўдным жонкам, маці ці тым, хто называе сябе жонкай ці сястрой, але і дзеля таго, каб мець пэўную інфармацыю і паказаць насельніцгву, як многа ўзята палонных, у каго ператвараюцца байцы Чырвонай Арміі, якімі паслухмянымі яны робяцца пад дулам нямецкага аўтамата, пусціць у народ самыя неверагодныя чуткі, каменданты дулагаў і шталагаў не забаранялі пакуль што дзіўныя спатканні палонных з жанчынамі.

Вольгу ўразіла нерухомая сцяна зданяў; толькі па бляску вачэй, ліхаманкавым, гарачым, было відно, што людзі гэтыя яшчэ жывыя. У жніўні, калі яна наведалася сюды ўпершыню, палонныя былі іншыя: галодныя, знясіленыя, раненыя, яны кідаліся на дрот, вырывалі з жаночых рук харч, крычалі, стагналі, плакалі, мацюкаліся, пракліналі немцаў, Бога, чорта…

А гэтыя маўчалі, гаварылі толькі іх вочы.

Не адразу Вольга ўгледзела, што за сцяной жывых і з бакоў ад іх па ўсёй плошчы лагернай, пабеленай снегам, ляжалі людзі. Спачатку яна падумала: «Чаму ім загадалі ляжаць?» Але потым убачыла, што на руках, на непакрытых галовах тых, што ляжаць, не растае снег — яны мёртвыя. Відаць, іх забілі нечакана моцны мароз у тыя, ранейшыя ночы, дождж і снег у гэтую, мінулую ноч. У тым баку лагера, куды яны спачатку хацелі падысці, працавалі тысячы людзей — пашыралі лагер, будавалі баракі. Там жа стаялі грузавікі, і гэткія ж здані, як тыя, што нерухома стаялі тут, зносілі да машын засыпаныя снегам трупы.

Вольгу, якая не баялася ні крыві, ні нябожчыкаў, апанаваў такі жах, што на нейкі момант яна як бы страціла прытомнасць. Ва ўсякім разе, нейкую хвіліну нічога не бачыла, не чула, у вачах плыла каламуць, не снежная, не белая — крывава-чырвоная і зялёная.

А потым… потым ёй захацелася абавязкова выратаваць хоць аднаго з гэтых няшчасных.

Лена кінулася да калючага дроту, закрычала:

— Аўсюк! Ёсць Аўсюк? Паклічце, калі ласка. Да яго прыйшла жонка! Жонка! Пан начальнік! Фрау! Жонка! Адась!

Вартавы быццам і не чуў нічога, не звярнуў увагі, але калі Лена схапіл ася за дрот, ён нацэліў на яе аўтамат і коратка, як даў чаргу, сказаў:

— Цурук!

Толькі тады, калі Лена крыкнула «Адась», да Вольгі дайшло, што тая кліча яе мужа, здзівілася, што Лена без яе згоды так дамовілася з палонным, загадзя вырашыўшы, што забярэ таго як мужа яна, Вольга, не хто іншы. Таму і прасіла яе так настойліва. Такая Леніна хітрасць дзе ў іншым месцы, напэўна, абурыла б, але тут не кранула, бо цяпер ужо хацелася, каб Лена знайшла таго чалавека.

Палонныя маўчалі. Гэта былі навічкі, якія не ведалі нікога са старых і ўвогуле не засвоілі яшчэ тайных лагерных законаў, лагернай салідарнасці. Ніхто нават не паварушыўся, каб пайсці пашукаць Аўсюка.

Лена пайшла ўздоўж дроту і ўжо называла іншае прозвішча — Харытонаў, мабыць, сапраўднае прозвішча таго чалавека, у роспачы, са слязамі прасіла, каб хто-небудзь пашукаў Уладзіміра Харытонава.

А Вольга, наблізіўшыся да самага дроту, глядзела на дваіх. Яны стаялі за тры крокі ад яе, такія ж нерухомыя, як усе, і вельмі не падобныя адзін на аднаго, хоць звычайна палонныя робяцца падобнымі, як браты. Высокі, гадоў пад трыццаць, мужчына, зарослы чорнай барадой, глядзеў з надзеяй, з маленнем, з прагнасцю галоднага і з верай, што ён адзін мае права на тое, каб жыць, каб яго ўратавалі. Сусед яго, ніжэйшы ростам, вельмі схудалы, быў зусім малады, юнак, у яго і барада яшчэ не расла. а таму зжаўцелы твар ажно свіціўся. I вочы дзіўна гарэлі, вялікія, здалёк відаць — блакітныя. Глядзеў ён без надзеі, але з нейкай як бы радаснай дзіцячай цікаўнасцю, нібы ўбачыў, раптоўна адкрыў зусім іншы свет, іншых людзей, якіх ніколі і не марыў убачыць, і гэта дало яму найвялікшую радасць перад смерцю. Ён натужліва закашляўся, ад кашлю ў вачах заіскрыліся слёзы, а шчокі хваравіта запунсавелі. Кашляючы, ён прыкрываў рот далоняй, быццам знаходзіўся ў добрай жаночай кампаніі і саромеўся сваёй спабасці, потым папраўляў закручаную на шыі чорную абмотку, так, як, напэўна, папраўляў некалі шыкоўны шалік. Пасля таго як ён закашляўся і як засаромеўся свайго кашлю, Вольга глядзела ўжо толькі на яго, іншых не бачыла.

— Жанчына, вазьмі мяне, я ўсё ўмею рабіць, сталяр, слесар, шавец, — глухім прастуджаным голасам папрасіў барадаты, калі вартавы адышоўся ўбок.

Ды Вольга ўжо ведала, што ўзяць яна можа толькі гэтага, які кашляе і ўвесь свіціцца, як святыя мошчы, і які, безумоўна, яшчэ і аднае ночы ў гэтым халодным пекле не пражыве. Можа быць, што яна папрасіла яго вачамі: скажы ж што-небудзь, хоць адно слова.

Ён сказаў:

— Мяне не бяры. Я нічога рабіць не ўмею.

Тады яна закрычала як спрасонку, ажно вартавы, страціўшы свой спакой, імкліва павярнуўся да яе:

— Адась! Адасечка! Родненькі мой! Што з табою сталася? Гаротнічак мой! А цябе ж дочачка мая чакае! — і паказала вартавому так, як вучыла яе Лена. — Пан, пане, муж. Муж!

Прыбегла Лена, яна адышлася ўжо была ўздоўж дроту. Бо ўбачыла, што Вольга паказвае зусім на іншага чалавека, неўразуменна, здзіўлена, спалохана і нават узлавана глядзела на сяброўку: навошта яна ломіць іх план?

Юнак зусім разгубіўся, нават адступіў, нібы хацеў схавацца за спіны іншых. Ды яго выручыў барадаты: пачаў тармасіць яго, як соннага, біць па плячы, ад чаго той балюча перасмыкаўся.

— Радуйся! Чорт! А-адась! Аў-сюк! Шчасліўчык!

А да Вольгі ўміг вярнуліся яе звычайная энергічнасць, увішнасць, спрыт, смеласць — усё, чым яна славілася сярод камароўскіх гандлярак. Не зважаючы на разгубленую і спалоханую Лену, яна пачала тут жа дзейнічаць так, як вучыла сяброўка. Пабегла да прахадной, паклікала начальніка.

Выйшаў немец, які гаварыў па-руску з польскім акцэнтам. Яна растлумачыла, што знайшла свайго мужа, і пачала прасіць адпусціць яго дадому, тыцкала свой пашпарт, паказвала на загсаўскі штамп аб шлюбе.

— Камісар?

— Што вы, пан начальнік, які ён камісар! Чатыры класы мае. Трамвай вадзіў. — Потым падумала, што пра тое, кім працаваў Адась, не варта было гаварыць, бо калі запытаюць у таго, нябогі, то ён пра гэта не скажа, не можа сказаць і выкрые ману, сам сябе загубіць і яе падвядзе. I яна пачала паўтараць, што муж яе і на заводзе рабіў простым рабочым, чамусьці была ўпэўнена, што той хлапчына — гарадскі, а калі гарадскі, то, напэўна, рабіў на заводзе. Са слязамі расказала, што бацька і маці яе памерлі перад самай вайной і яна засталася адна з малым дзіцем. Загаласіла: — Хто ж яе карміць будзе, маю сіраціначку?

Немец слухаў цярпліва, уважліва, пільна гледзячы ёй у твар, жадаючы, мабыць, зразумець, праўду жанчына кажа ці маніць. Выслухаў і заключыў:

— Нельга. Ён ваяваў супроць нямецкай арміі і павінен панесці пакаранне.

— Ды хіба ж ён па сваёй волі? Пагналі яго. Сталін пагнаў! — яна наслухалася на рынку, дзе грымелі гучнагаварыцелі, фашысцкай прапаганды і ведала, чым можна заваяваць у гітлераўцаў прыхільнасць.

Але на ахоўніка, які штодня бачыў тысячу смерцяў і, безумоўна, сам забіваў ці адсылаў людзей на смерць, нічога не дзейнічала — ніякія словы. Ці, можа, проста набіваў цану, бо на кошык яе, накрыты ручніком, пазіраў не без цікаўнасці. Калі ён павярнуўся, каб пайсці, Вольга раптам упала перад ім на калені і загаласіла гучна, па-бабску, як галосяць па нябожчыку. Гэта, мабыць, зрабіла ўражанне. Ахоўнік павёў яе ў барак; у пакоі, дзе палілася чыгунная печка і было душна, прадставіў тоўстаму начальніку, па-вайсковаму коратка далажыўшы пра яе просьбу. Пасля ўжо не па-вайсковаму, па-свойску, яны нешта абмяркоўвалі і смяяліся, як бы забыўшыся пра яе.

Вольга чакала са страхам, стоячы ля парога. Страх яе перарос у жудасць, калі тоўсты, павярнуўшыся да яе, расперазаў папругу і скінуў фрэнч, застаўся ў адной карычневай сарочцы, якую шырокія падцяжкі прыціскалі да тоўстых, як у бабы, грудзей.

Ліхаманкава ляцелі думкі, кружыліся і не знаходзілі выйсця. Адбівацца — смерць пэўная, бо гэта не паліцаі, якім можна было даць кухталя ці туманнае абяцанне. Няўжо трэба перажыць страшнае зганьбаванне, каб уратаваць чалавека? А як адступіць? Як уратаваць сябе?

У роце — быццам ваты сухой напхалі, і яна ніяк не магла пракаўтнуць гэтую вату. Печка чадзіла, ад цеплыні і чаду кружылася галава. Вольга падумала, што няхай бы яна страціла прытомнасць. Можа, гэта спыніла б гвалтаўнікоў, ва ўсякім разе. яна нічога не бачыла б, не адчувала б. Заплюшчыла вочы, гатовая ўпасці на падлогу. Але страшнага не здарылася, лёс быў літасцівы. Яна пачула знаёмыя ўжо словы: «Вас іст гір?» — і расплюшчыла вочы.

Фашыст стаяў перад ёй і тоўстым пальцам паказваў на кошык.

Узрадаваная Вольга нахілілася, адгарнула ручнік і выхапіла пляшку гарэлкі, узбаўтнула, паказала наклейку:

— «Маскоўская»!

— О, «Маскоўская»! — Тоўсты схапіў пляшку, падбег да таго, што гаварыў па-руску, і доўга нешта весела тлумачыў яму, круцячы бутэльку і паўтараючы то «москаў», то «маскоўскі», — амаль чыста па-руску.

А Вольга, асмялелая, падышла да заплямленага чарнілам, пафарбаванага стала, пачала выкладваць з кошыка сала, кілбасу, сыр, блінцы, якія раніцой напякла з пшанічнай мукі.

Тоўсты, як кот, абышоў вакол стала, агледзеў прысмакі, памаўзліва аблізнуўся, але тут жа зморшчыўся і пакруціў галавой.

— Мала, — сказаў перакладчык.

Вольга палезла за пазуху, дасгала хусцінку, зубамі развязала вузялок і працягнула два залатыя чырвонцы, царскія.

У немца загарэліся вочы. Схапіўшы золата, кінуўся да фрэнча, што вісеў на спінцы крэсла, дастаў з кішэні акуляры, доўга і ўжо моўчкі, без смеху і слоў, разглядаў чырвонцы. Потым павярнуўся да тлумача і крыкнуў нешта, як мацюкнуўся.

— Мала, — зноў сказаў той.

«Каб вас разарвала, гады вы ненажэрныя, Бога ў вас няма, мучыце людзей ды яшчэ хочаце зарабіць на гэтым», — падумала Вольга, развяла рукамі: маўляў, больш нічога не мае.

— Мала, — паўтарыў перакладчык з пагрозай.

Вольга зразумела, як моцна яны напрактыкаваліся зарабляць на людзях. Але таргавацца і яна ўмела, ведала многія, самыя тонкія таямніцы гандлёвай справы. Задумалася: што яшчэ яна можа прапанаваць? Успомніла і «ўзрадавалася» — падміргнула таўсцяку. Ссунула хустку: адчапіла з вушэй завушніцы, залатыя. Такія яна не насіла не толькі цяпер, пры немцах, але і раней, да вайны, на свята зрэдку чапляла. Але на рынку яна ўведала нямецкую сквапнасць, іх гандлёвую хітрасць і таму захапіла завушніцы, параіўшыся з Ленай, на той выпадак, калі запатрабуюць большае платы: во, маўляў, апошняе аддаю, з вушэй здымаю.

Тоўсты фашыст адразу схаваў завушніцы туды ж, куды і залатыя, — у нагрудную кішэню, зашпіліў гузічак і прыціснуў кішэню падцяжкай, каб грудзьмі адчуць золата. На гэтым супакоіўся — паверыў, што больш нічога каштоўнага ў жанчыны няма. Але патрабаваў дакумент. Вольга дала пашпарт.

Тлумач перапісаў з пашпарта ў кнігу яе прозвішча, імя, запытаў імя мужа, заглянуў на тую старонку, дзе стаялі савецкі і нямецкі штампы аб прапісцы. Тым часам тоўсты ўзяў кош і пачаў складваць у яго выкладзеныя на стол харчы.

«Не трэба ім сала і блінцы, адно золата трэба», — падумала Вольга і парадавалася, што хоць нешта застанецца, прадукты цяпер даражэй за золата, а яе ўжо трохі шкрабнула заўсёдная сквапнасць: занадта дорага прыйшлося заплаціць за немаведама каго, нават не за таго чалавека, які так патрэбны Лене Бароўскай. Чаму гэты хлапчук так кінуўся ў вочы? Чаму так захацелася выратаваць яго? I што цяпер рабіць з ім? Таго недзе ўладкавала б Лена. А гэтага не забярэ. Навошта ён Лене, такі дахадзяга, дзіця бязвусае? Лене і яе сябрам, безумоўна, патрэбны быў нейкі камандзір ці камісар, можа, вялікі бальшавіцкі начальнік.

Але Вольга тут жа прагнала ўсе сумненні. Лена будзе незадаволена? Ну і няхай. Сабе нарабіла клопату? Не было б большага.

Не, немец не вярнуў ёй прадукты. Ён забраў усё — і кошык, і ручнік — і схаваў за шафу. Вользе ажно весела зрабілася ад такой сквапнасці тоўстага паразіта. Яна раптам адчула, наколькі яна лепшая за іх, за гэтых прышэльцаў, якія крычаць на ўсё горла, што яны вышэйшыя за ўсе іншыя народы. Нябожчыцу маці і яе некаторыя суседзі, знаёмыя, у тым ліку Бароўскія, абвінавачвалі ў прагнасці. Стары Бароўскі некалі сказаў: «Ляновічыха за капейку ў царкве пёрне». Але тут Вольга падумала, што яе прагнасць у параўнанні са скнарасцю гэтых ненажэрных прыблуд, што зарабляюць на крыві і смерці, — драбяза, бяскрыўдная чалавечая слабасць, і ёй зрабілася асабліва хораша ад свайго ўчынку. Што цяпер думаць пра тое, што будзе заўтра? Важна, што яна зрабіла добрае сёння — не пашкадавала ні прадуктаў, ні золата і нічога не пабаялася, каб уратаваць чалавека. Сапраўды, такая дабрата як бы ачысціла яе душу, узняла над тым брудам, у якім яна штодня корпалася, да якога прывыкла ў барацьбе за сытнае жыццё. Цяпер яна хіба аднаго баялася, што, забраўшы выкуп, ахоўнікі не аддадуць палоннага: ад фашыстаў можна чакаць усяго — чаго хочаш.

Аддалі. Праз паўгадзіны тлумач вывеў хлопца з таго ж барака і піхнуў у спіну так, што гаротны ўпаў у гразь, ёй пад ногі. Ці то вартаўнік узлаваўся, што ахвяра вырываецца на волю, ці то яму мала што перападала з платы за яго.

Вольга апусцілася перад палонным на калені, выцерла яму твар рогам хусткі і пацалавала ў гарачыя вусны. Хлопец сапраўды быў хворы, яго паліла. Ён прытуліўся тварам да яе пляча і заплакаў, глуха, сутаргава.

— Не трэба, родненькі мой, не трэба, — зашаптала яму Вольга. — Хутчэй хадзем адсюль. Хутчэй!

Яму самому хацелася хутчэй адысці ад гэтага жудаснага лагера, дзе — ён гэта ведаў, адчуваў — смерць чакала яго, знясіленага, хворага, у адну з бліжэйшых марозных начэй, можа, нават у самую блізкую. Таму ён падхапіўся з зямлі са спрытам здаровага чалавека. Але асцярожная і хітрая Вольга не дала яму пабегчы. Яна ўзяла яго пад руку і павяла па гразкай, разбітай грузавікамі дарозе. Аднак, калі адышліся так, што баракі і калючы дрот схаваліся за ўзгоркам, не вытрымалі абое — звярнулі з дарогі, па якой маглі ісці… не людзі — немцы, фашысты, — і пабеглі па грузкім полі, па нізіне, не разумеючы, што рызыкавалі значна больш: па іх мог ударыць кулямёт з вышкі. Ды ў той міг разважлівая Вольга забылася пра ўсё, у тым ліку і пра тое, што ўсё адно прыйдзецца выходзіць на дарогу, ісці праз пасты і на мінскіх вуліцах сустракаць іх, немцаў, безліч. Але тых, у горадзе, яна так не баялася, на рынку, напрыклад, яна ўвогуле не баялася немцаў, больш абіралі паліцаі, з немцамі яна навучылася дамаўляцца, законы іх ахоўвалі яе, камерсантку; слова гэтае, пачутае ад немца, які размаўляў па-руску і наладжваў парадак на рынку, ёй падабалася больш, чым грубае — гандлярка, якое зневажала.

Сілы ў хлопца хапіла ненадоўга, ён спатыкнуўся. Калі Вольга кінулася дапамагчы, папрасіў вінавата, вельмі ж неяк па-інтэлігенцку:

— Прабачце. Дазвольце пасядзець, — і так глядзеў сваімі шырокімі блакітнымі вачамі, што ў Вольгі сэрца аблілося крывёю. «Як ён просіць: „Дазвольце!“ Любы ты мой, хто табе можа дазволіць ці не дазволіць, калі і праўда ты не маеш сілы!»

— Вунь там грудок, салома ляжала, — сказала Вольга і памагла яму ўстаць на ногі, абняўшы за плечы, прывяла да зацярушанага снегам паддона. Сядаючы на мокрую салому, ён зноў-такі вінавата растлумачыў:

— Дыхаць цяжка, ведаеце. Не хапае паветра. — I сумна ўсміхнуўся. — У такім прасторы чалавеку не хапае паветра. Парадокс.

Апошняга слова Вольга не зразумела — вучонае нейкае слова. Увогуле, яе дзіўна збянтэжыла яго інтэлігентнасць, бо ў жыцці яна не надта любіла інтэлігентаў. Цяпер думала, як звяртацца да гэтага хлапчыны — на «вы» ці на «ты»? Хацелася неяк адразу паразумецца; каб спрашчаць адносіны з людзьмі, у яе быў правераны сродак — грубы жарт. Але як, з чаго можна пажартаваць тут?

Снег зноў перайшоў у дождж, дробны, густы. Хлопец сядзеў на снезе, снег раставаў пад ім, і ён нібы не адчуваў макрэчы. У звычайных умовах можна было пажартаваць з гэтага. Але падумала, што, прамоклы да касцей, у гарачцы, ён сапраўды ўжо не адчувае ні макрэчы, ні холаду, нічога. Ад гэтага самой зрабілася нясцерпна холадна, хоць перад тым і нагрэлася, пакуль бегла, але цяпер яе пачало аж ліхаманіць.

Знясілены юнак заплюшчыў вочы, здаецца, засынаў, бо хістаўся. Вольга спалохалася, што ён можа памерці тут, у полі, толькі што вырваўшыся з пекла.

— Даўно ты ў іх?

— А-а? — Ён здрыгануўся, няўцямна, спалохана, але ўміг прыйшоў да памяці. — Не, тут нядоўга, чацвёрты дзень. Хоць вам немагчыма ўявіць, што такое гэтыя дні. Мяне ўзялі ў палон тры тыдні назад… Пад Вязьмай. Усю нашу рэдакцыю. Мы трапілі ў акружэнне. Васіль Пятровіч застрэліўся. А мы… я не здолеў, ведаеце, не хапіла духу… баязлівец. Ненавіджу сябе за гэта. Хацелася жыць… малады. Я… я не меў права так жыць. Вы неўяўляеце, што я перажыў за гэтыя тыдні… Гэта немагчыма расказаць.

Слова «рэдакцыя» яшчэ больш збянтэжыла Вольгу, але тое, што расказвае ён складна, не трызніць, парадавала — не, не памрэ, толькі б дабрацца дадому, а там яна яго адагрэе і адкорміць.

— Яктваё імя?

— Маё? — Яго нібы спалохала такое пытанне, ён задумаўся, як бы ўспамінаючы сваё імя, гэта таксама насцярожыла Вольгу: ці не блага ў яго з галавой? — Алесь… Саша. Мама называла Сашам, а ў школе — Шура. Але вы называйце Алесем. А прозвішча — Шпак, — па незразумелай самому прычыне ён не ска-заў свайго сапраўднага прозвішча — Гапанюк, можа, таму, што не любіў яго, сказаў паэтычны псеўданім.

— Ты тутэйшы?

— Як вы разумееце тутэйшы? — і зноў быццам спалохаўся, гарачыя вочы пільна сачылі за Вольгай.

— Алесь — гэта па-беларуску. I гаворка ў цябе наша.

— Я з Палесся. Вольга ўсміхнулася:

— Шанцуе мне: муж мой таксама з Палесся. На фронце недзе.

Хлопца трохі збянтэжыла, што жанчына так сказала пра мужа і пра яго — «шанцуе». У чым шанцуе? Але тое, што муж яе франтавік, пэўным чынам і збліжала іх. Можа, таму ён спытаў:

— У вас няма хлеба? Каб я з’еў хлеба… ведаеце, я падужэў бы.

Вольга правяла застылымі рукамі па кішэнях паліто. Нічога не было. Як яна забылася, што забярэ з лагера згаладалага, знясіленага чалавека? Што ён можа падумаць пра яе? Чамусьці раптам стала вельмі важна, каб ён не падумаў пра яе кепска. Яна растлумачыла:

— Усё забралі фашысты праклятыя. Як ваўкі. Прадукты дык з кошыкам забралі, усё да крупінкі. I золата…

Ад слова «золата» вочы ў хлопца зрабіліся яшчэ больш шырокія. А Вольга не магла ўжо стрымацца, у яе была свая логіка, свая мера каштоўнасцей і — галоўнае — свая, рыначная мова:

— Я за цябе золата заплаціла. Думаеш, так аддалі б? Ого! Такія жывадзёры!.. На ўсім зарабіць умеюць.

Хлопец збянтэжыўся страшэнна, ажно вочы патухлі. Ці, можа, няёмка яму было глядзець на гэтую жанчыну. што заплаціла за яго, такога мізэрнага, знясіленага, золата?

— Навошта? — прашаптаў ён.

— Што навошта? — не зразумела Вольга.

— Навошта я вам? Я нічога не ўмею рабіць.

— Навучышся! — упэўнена заключыла Вольга. — Былі б рукі ды галава. Калі есці захочаш, то ўсяму навучышся.

Вольга плюнула б таму ў вочы, каб хто сказаў, што словамі сваімі яна прымушае юнака пакутаваць не менш, чым ад холаду і голаду. А між тым гэта было так. Да фізічных пакут ён прывык, разумеў іх непазбежнасць — сам пісаў пра зверствы фашыстаў — і гатовы быў да смерці, іншага выйсця не бачыў. Але каб яго прадалі за золата маладой прыгожай жанчыне — пра такое не сніў і прыдумаць не мог. Ды там, на фронце, і сказаць было б нельга, што гітлераўцы прадаюць палонных жанчынам. Праўда, тут, у лагеры, ён даведаўся: здараецца зрэдку, што палоннага аддаюць жонцы, маці, але ў яго жонкі не было, а маці далёка. Пра тое ж, што могуць прадаць чужой жанчыне, ніхто не гаварыў.

Безумоўна, хто іншы з палонных палічыў бы за шчасце такі ратунак. Ён таксама спачатку вельмі ўзрадаваўся. Але ад таго, што пачуў, радасць патухла, бо з’явіліся новыя, душэўныя пакуты: яго, хто яшчэ зусім нядаўна ведаў хіба адзін палон, палон сваіх узнёслых мараў, цяпер прадаюць, як нявольніка, старажытнага раба. Чаго добрага, патрыцыя гэтая можа і перапрадаць яго з выгадай для сябе.

Невядома, як пайшла б размова далей, каб іх не знайшла Лена. Прыбегла задыханая і адразу ўзлавана накінулася на Вольгу.

— Пасадзіла чалавека на мерзлую зямлю! Сама нябось не села. Няхай бы нагрэла месца сваёй тоўстай… — Лена, якая заўсёды вызначалася далікатнасцю, культурнасцю, не пасаромелася пры незнаёмым хлопцу сказаць самыя грубыя словы. Яна падняла палоннага з зямлі, ад чаго Алесь зноў-такі вельмі збянтэжыўся.

Вольга разумела, з-за чаго Лена злуецца, і не пакрыўдзілася на яе папрокі, нават засмяялася, лагодна папрасіла:

— Не злуйся, Леначка. Не было ж таго. А гэты так спадабаўся мне! Ты паглядзі, які ён — чырванее ад кожнага слова, як дзяўчынка!

Лена, не слухаючы Вольгу, не адказваючы ёй, узяла палоннага пад руку і павяла ў бок горада, на знаёмую ёй сцежку. Вользе не спадабалася, што Лена так бесцырымонна захапіла вызваленага, быццам яна выкупіла яго, ці проста з’явілася знаёмае пачуццё прыватніцы: майго не чапай! Але яна разумела, што недарэчна пасварыцца з Ленай пры ім, пры гэтым хлопцу, чамусьці захацелася перад ім быць добрай, прыгожай.

— Ты хоць накарміла чалавека? — усё яшчэ сурова спытала Лена.

— Дык усё ж забралі, гады. З кошыкам. З ручніком.

Тады Лена спынілася і дастала з-за пазухі цёплы акраец хлеба і цыбуліну.

Хлопец, забыўшыся на душэўныя пакуты, якія толькі што перажыў, на інтэлігентнасць сваю, выхапіў з яе рук хлеб і тут жа прагна ўпіўся белымі зубамі ў скарынку. Глытаў не жуючы.

— Еш цыбуліну, — сказала Лена, — у ёй вітамінаў многа.

Адкусіў цыбуліну — і з вачэй яго пасыпаліся буйныя слёзы.

Жанчыны разумелі, што не толькі ад цыбулі гзтыя слёзы. ад цыбулі так не плачуць. А яму, відаць, было лягчэй ад думкі, што яны лічаць, быццам слёзы ад цыбулі, ён намагаўся нават усміхнуцца. Ды яны стараліся не глядзець на яго — як ён есць; вядома, як есць галодны чалавек — не заўсёды прыгожа.

Лена цяжка ўздыхнула.

Вольга дакарала сябе рэўнасцю, што Лена выявіла большую практычнасць — не забылася, што вызваленага трэба накарміць, бо інакш можна не давесці, не блізка ад Драздоў да Камароўкі.

Задыхаўшыся ад ежы, як ад цяжкай працы, Алесь спытаў у Лены:

— Ты шукала кагось іншага?

Лена кіўнула.

— Раніцой расстралялі шасцярых. Перад строем. Нібыта яны хацелі ўцячы.

Вольгу зноў-такі раўніва кранула, што яны так адразу паразумеліся, Лена і ён, гэты выкуплены ёю хлапчына, што да Лены ён, інтэлігенцік, адразу на «ты», як да даўняй знаёмай.

III

Вольга ўвайшла ў дом і на кухні загрукала намёрзлымі ботамі аб падлогу, збіваючы снег, захукала на рукі. Не адчыняючы дзвярэй у пакой, бо пачула, што да іх прытупала Светка і клікала маму — не прастудзіць бы дзіця! — сказала гучна, каб пачуў жыхар:

— Сапраўдная зіма. Гэта ж трэба, так рана. Як на гора…

— Каму на гора? — спытаў Алесь і паклікаў малую: — Свецік, ходзь сюды, а то там зюзя, дзед-мароз прымарозіць пальчык.

Але дзяўчынка барабаніла кулачкамі ў дзверы і патрабавала:

— Дай, дай! — што значыла: дай маму!

Вольга сціхла, застыла з узнятымі рукамі, бо пачала развязваць хустку, прыслухалася. Слухала яна не дачку. Ёй здалося, што голас хлопца пачуўся не з таго месца, дзе належала быць хвораму, — у спальні яе бацькоў, на іх шырокім драўляным ложку, што займаў палавіну цеснага пакойчыка — а бліжэй, адразу за дзвярамі, у зале, як называлі пярэдні пакой, дзе тупала Света. Вольга скінула халоднае паліто, асцярожна адчыніла дзверы ў залу і не падхапіла, як звычайна, Светку нарукі, бо вельмі здзівілася. Сапраўды, хворы стаяў перад люстрам вялікай, з чырвонага дрэва шафы і галіўся.

Яго вайсковае адзенне, падранае, забруджанае, яна абдала варам, каб забіць вошай, памыла, папрасавала, пакуль ён быў у непрытомнасці, і без яго дазволу прадала на «таўчку», разважыўшы, што вайсковае яму цяпер без патрэбы, больш таго, хадзіць у ім па горадзе небяспечна, выкінуць жа пашкадавала: у яе нічога не прападала марна. Калі ж пачаў ачуньваць, Вольга дала яму адзенне мужа, але пры ёй Саша ні разу яшчэ не адзяваўся.

А цяпер ён стаяў перад люстрам у жоўтых чаравіках, у чорных Адасёвых штанах, у белай сарочцы, вялікай на ім, таму здавалася, што там, пад сарочкай, няма цела, адно паветра. Ды і ўвогуле ўвесь ён як бы прасвечваўся, ажно ззяла вакол яго — вакол сарочкі, вакол смяртэльна-белага твару, над белымі валасамі. Каб не старая, яе бацькі, брытва ў яго руцэ, Вользе, трохі набожнай, магло б здацца, што ў вобразе ўратаванага ёю чалавека — бесцялесны анёл. Не адразу яна сцяміла, што такі незямны выгляд хлопец мае не толькі ад таго, што схуднеў — зусім высах, нябога, але і ад святла, што падала з вокнаў праз цюлевыя гардзіны. Уначы выпаў снег, і моцна падмарозіла. Нечаканая зіма ў пачатку лістапада. Снег пакрыў зямлю, асеннюю чарнату яе. Вользе з самай раніцы здавалася, што снег пакрыў усю гразь, бруд, усю жудасць, якую зрабілі на зямлі людзі. Таму анёльскі выгляд мае ахвяра гэтай жудасці.

Алесь збянтэжана і вінавата ўсміхнуўся ёй.

— Прабач… я знайшоў брытву без дазволу… твайго, — ён каза ў ёй ужо «ты», але кожны раз яму як бы рабілася няёмка за гэта.

Вольга адразу ўсхвалявалася і затрывожылася, як толькі ўбачыла яго на нагах.

— Навошта ты падняўся? Нельга ж табе яшчэ. Такі слабенькі… Мог бы самлець… з брытвай. Упасці. А тут дзіця…

— Ды не, нічога, як бачыш, стаю. Спачатку галава кружылася.

— Што цябе падняло?

— Свята ж сёння, Вольга Міхайлаўна.

— Якое свята?

— Як якое? — здзівіўся і неяк дзіўна сумеўся і разгубіўся хлопец. — Вялікага Кастрычніка… — Не мог ён нават падумаць, што нехта з савецкіх людзей мог забыцца на гэтае свята, дзе б ні сустрэў яго: на фронце, у акупацыі, у лагеры палонных. I яго страшэнна ўразіла, калі Вольга абыякава працягнула: «А-а», — і занялася малой — падхапіла на рукі, выцерла ёй прыполам спадніцы носік.

Не ўбачыла Вольга, як ён стаяў гэтую хвіліну, апусціўшы руку з брытвай, бледны, раптоўна знясілены, сапраўды мог упасці, бо кроў ударыла ў галаву, зашумела ў вушах. Не, у яго хапіла сілы пакласці брытву на стол, побач са сподачкам з малюсенькім кавалачкам мыла і намыленым пэндзлем. Празрысга-бледныя, упалыя шчокі загарэліся хваравітым агнём — не пунсовым, фіялетавым нейкім.

— Нельга так, Вольга… Нельга!

А яна ўжо забылася, а таму не зразумела адразу:

— Што нельга?

Алесь ступіў да яе, падняў руку, быццам хацеў замахнуцца на яе, але толькі мякка і ласкава дакрануўся да дзіцяці.

— Нельга забывацца на тое, што нам самае дарагое. На свята наша самае вялікае і… на ўсё, за што ваявалі нашы бацькі… Нельга. За гэта аддалі жыццё… лепшыя людзі рабочага класа… Ленін… Што ў нас тады застанецца? За што будзем ваяваць з фашызмам? З чым пойдзем у бой?.. Што застанецца ёй, калі мы на ўсё забудзем? — паказаў ён на малую, а той здалося, што ён кліча яе да сябе, і яна працягнула ручкі, згодная пайсці ад маці да яго.

Вольга застыла, ашаломленая. Словамі яго. Чула яна падобныя словы, але ніхто і ніколі не гаварыў іх так, як ён, гэты хворы юнак, так горача, так шчыра. Часцей за ўсё словы такія гаварылі з трыбун, па радыё, а ён гаварыў ёй адной, і яго ажно ліхаманіла, ажно загарэўся ўвесь, і голас дрыжаў ад слёз. Пачула яна ў словах і іншае: ён кідаў папрокі ёй — за жыццё яе такое, за гандаль. Яна пачула такі папрок у многа разоў паўтораным «нельга так». Што нельга? А можа, можна? На міг Вольга ўзлавалася: гэта ён так за тое, што яна зрабіла для яго? Ах ты, казяўка! Хацелася секануць: «Пайшоў ты, неданосак! Чаму ж цябе твае не ратавалі? Чаму яны драпнулі, народ у бядзе пакінулі?»

Але ён працягваў гаварыць усё так жа горача. Не, ён не дакараў яе, ён прасіў, маліў зразумець, што так нельга, што нельга сагнуць галаву і чакаць, калі табе на шыю надзенуць хамут, што лепш памерці стоячы, чым жыць на каленях, так сказала Далорэс Ібаруры. Вольга ўспомніла, што чула гэтыя словы, калі яшчэ вучылася ў школе, а фашысты напалі на іспанскі народ. Хоць і іх часта паўтаралі, але тады яны не краналі яе, а цяпер, пачутыя з вуснаў чалавека, які ледзь выкараскаўся ад смерці, неяк нязвыкла, па-новаму ўсхвалявалі. Безумоўна, фашысты — нелюдзі, звяры, жыць пад імі ўвесь час яна таксама не згодна. Каб Светку яе, калі вырасце, павезлі на чужыну нявольніцай, надзелі хамут… О не! Але няхай іх разаб’е наша армія, без арміі ніхто нічога ім не зробіць, так яна думала. Словы Алесевы кранулі яшчэ і таму, што гарачнасць давяла яго да знямогі, і ён пахіснуўся, напэўна, паваліўся б, каб яна не падхапіла.

Трымаючы адной рукой дзіця і абняўшы яго другой, павяла ў бакоўку.

— Ох, горачка маё! Казала ж, што не трэба падымацца было. Бачыш, зноў распаліла. Колькі там таго цела, няма чаго і паліць.

Алесь паслухмяна лёг на ложак, паглядзеў на яе ўжо іншымі вачамі — вінаватымі, папрасіў:

— Прабачце, — зноў на «вы».

Вольга прывыкла да яго прабачэнняў, але, бадай, ніводнае не збянтэжыла яе так, як гэтае. Не ведаючы, што адказаць, яна спытала жартаўліва:

— Пагаліўся хоць?

Алесь стомлена плюснуў вейкамі.

— А я думала, што ты яшчэ не голішся. Таму не прапанавала брытвы. Здавалася, нічога ж не расце. Так — рудзенькі пух. А пагаліўся — і праўда папрыгажэў. Хоць жані цябе…

Але вочы ў яго патухлі. Не да жартаў яму было.

Вольга кожны раз палохалася, калі пасля ўзбуджанасці, ліхаманкавага бляску вочы ў яго вось так патухалі, як у нежывога.

Вольга разула чаравікі — ён не супраціўляўся.

— Штаны памагчы зняць?

— Не… не… Што вы!.. Я сам.

Вольга помніла, як страшэнна ён засаромеўся, калі апрытомнеў і зразумеў, што колькі дзён яна даглядала яго, як даглядае санітарка ў бальніцы цяжкахворага. Такая юнацкая цнатлівасць кранала Вольгу, яна паблажліва дазволіла, як малому:

— Добра, паляжы так. Адпачні. Я накрыю цябе коўдрай. Не так цёпла ў нас, каб ляжаць у адной сарочцы… пасля такога запалення… Я табе Адасёў світэр дам, раз ты ўжо паднімаешся.

Тая акалічнасць, што хлопец гэты ў першы ж дзень на волі моцна захварэў (безумоўна, быў і раней хворы, толькі трымаўся ў лагеры з апошніх сіл, бо там зваліцца — смерць), памагла пэўным чынам і Вользе, і яму: як кажуць, не было б дабра, ды бяда памагла.

Такое хворае хлапчо (пад коўдрай — падлетак з выгляду), да якога дні чатыры не вярталася прытомнасць, непрыкметна і амаль натуральна прыжылося ў яе. Паліцай, што заглянуў у тыя дні на «калым» — па шклянку самагонкі, магчыма, убачыў каля яго ложка смерць, што сапраўды неадлучна дзяжурыла там, таму не стаў нават распьггваць, задаволіўся кароткім тлумачэннем: «Пляменнік прыехаў з вёскі і захварэў. Баюся, як бы не тыфус». Тыфус прымусіў Друцьку хутчэй пакінуць дом і не заляцацца да яе.

Суседзі, праўда, употай шапталіся, што Ляновічыха падабрала чырвонаармейца, які паміраў ужо, таму немцы выкінулі яго з лагера — бяры хто хоча (людзі яшчэ верылі хоць у малюсенькую чалавечнасць немцаў) — і цяпер выходжвае смяртэльна хворага чалавека, як уласнае дзіця.

Адны не адразу верылі гэтаму, другія здзівіліся, трэція — ухвалілі, гаварылі, што яны даўно прыкмячалі, што Вольга не ў маці пайшла па душэўных якасцях сваіх — у бацьку, а стары гарбар Ляновіч пражыў сваё жыццё сумленна, камерцыяй і ашуканствам не займаўся і заўсёды стараўся памагчы людзям. Ва ўсякім разе, Вользін учынак быў ёй на карысць, ён у пэўным сэнсе рэабілітаваў яе ў вачах тых, хто цішком кідаў ёй услед, калі яна ішла, нагружаная вузламі на рынак: «Гандлярка! Нямецкая шлюха!»

Праўда, каб яна прывяла ў дом здаровага мужчыну, то яшчэ невядома, што маглі б сказаць і падумаць, хутчэй за ўсё наўрад ці паверылі б, што ратавала яна палоннага з патрыятычных меркаванняў. А так паверылі, бо цётка Марыля расказвала, у якім стане хлопец і як Вольга лечыць яго.

Сорамна было Вользе думаць пра гэта, але сапраўды атрымлівалася так, што хвароба Алесева памагала ёй, таму, пэўна, нараджалася дзіўная прыхільнасць да яго і своеасаблівая ўдзячнасць. Усё так добра складвалася, быццам ён прыносіў шчасце. Друцьку яна сказала пра пляменніка проста так — ад нечаканасці з’яўлення паліцая, бадай, ад страху, пабаялася прызнацца, што ўзяла хлопца з лагера. Расказала пра гэта Лене, а тая праз два дні прынесла даведачку на імя Аляксандра Ляновіча са Случчыны, што ён нібыта ляжаў у бальніцы з вельмі незразумелай хваробай, па-лацінску напісанай. Цяпер Вользе належала тлумачыць, што гэта сапраўды яе пляменнік, што лячыўся ён у цывільнай бальніцы, але з надыходам маразоў там усталяваўся такі холад, што хлопец у дадатак да сваёй хваробы схапіў крупознае запаленне лёгкіх. Такі дыягназ паставіў доктар, якога Лена прыводзіла: запаленне і моцнае знясіленне, дыстрафія.

Друцька спытаў на рынку:

— Як твой пляменнік? Ачуняў?

— Не ачуняў, але, дзякуй Богу, не тыф, запаленне.

Паліцаі, ажно трое, у той жа дзень прыпляліся па пачастунак. Паглядзелі на Алеся, які ўжо апрытомнеў, але ад слабасці ледзьве слова мог вымавіць, падбадзёрылі:

— Нічога, будзеш жывы. Ачуньвай. У паліцыю возьмем. Людзі нам трэба.

Вольга ад радасці пачаставала іх шчодра. Падвыпілі, але з лапамі не лезлі: сорамна ўсё ж ім, паразітам, пры хворым чалавеку нахабнічаць, цёткі Марылі не саромеліся, а хворага пасаромеліся. I гэта таксама падабалася Вользе і дадало яшчэ крупінку нечага добрага да хворага — павагі, сімпатыі.

Здзівіла яго гарачнасць у размове аб свяце і крыўда, што яна забылася на такое свята, самае вялікае, самае дарагое — для яго. Здзівіла і ўсхвалявала.

Праўда, здзіўляе ён не ўпершыню. Дзён колькі назад, калі трохі акрыяў, ва ўсякім разе, вочы зрабіліся нармальныя, не з таго свету глядзелі на яе, Вольга спытала ў яго між іншым, так пытаюць ва ўсіх хворых, калі заўважаюць, што яны ачуньваюць:

— Можа, табе яшчэ што трэба? Кажы, не саромейся, Саша.

Хворы на момант задумаўся.

— Кнігі. Ёсць у цябе кнігі?

— Кнігі?

Вельмі яна здзівілася. Не паверыла нават адразу, каб у чалавека, што толькі выкараскаўся ад смерці, першай патрэбай сталі кнігі.

Кніг у Вольгі не было, адно Евангелле матчына засталося, але гэтую кнігу яна прапанаваць не магла, бо адчувала — пакрыўдзіцца хлопец, камсамолец жа, безумоўна. Былі ў доме падручнікі, часопісы — яна спаліла іх у грубцы, каб далей ад граху, а то, чаго добрага, яшчэ пацягнуць немцы, хаваць не стала, хапала больш каштоўных рэчаў, якія прыйшлося закопваць у цёмныя ночы на гародзе ці хаваць у паграбах.

Між іншым, Алесь нічога не сказаў, але — па вачах убачыла — здзівіўся, што ў доме няма ніводнай кнігі. Вольгу нават трохі пакрыўдзіла гэтае здзіўленне: падумаеш, шчасце — кнігі!

— Якія табе кнігі трэба? — спытала яна.

— Добра было б паэзію. Класіку. Пушкіна. Лермантава. За класіку не бойся, яны не прычэпяцца.

Пра жаданне яго Вольга сказала Лене. I зноў яе зачапіла за жывое, што Лену гэта нічуць не здзівіла, быццам яна ведала наперад, што іншай патрэбы ў хлопца не магло ўзнікнуць.

Праз дзень ці два Лена прынесла кнігу — тоўсты томік у самаробнай, з жоўтага кардону вокладды, на ёй хімічным алоўкам было напісана: «Аляксандр Блок».

Вольга не чула раней пра такога пісьменніка.

— Немец, ці што? — спытала яна ў Лены.

— Ды не, наш, рускі. Але сімваліст, — адказала Бароўская.

Вольга прыгадала, што, здаецца. у восьмым класе настаўнік літаратуры, сам паэт, нешта расказваў ім пра нейкіх сімвалістаў, але прайшло так многа часу і так многа падзей у жыцці, што яна ўсё забылася, для яе гэта пустыя гукі — сімвалісты, рэалісты.

Алесь спаў, калі Лена прыходзіла. Вольга пасля, увечары, з некаторай нават урачыстасцю, як падарунак імянінніку. паднесла яму кнігу.

Вокладка, магчыма, яго трохі збянтэжыла. Але разгарнуў кнігу і — як бы сустрэўся з даўнім добрым сябрам, ажно заззяў увесь.

— Блок! Божа мой! Блок. Дарэвалюцыйнае выданне. Дзякуй вам.

Вользе была прыемная такая яго радасць, і яна не сказала, што кнігу прынесла Лена Бароўская, няхай, маўляў, думае, што не хто іншы, сама яна выбрала якраз жа тое, што яму падабаецца, што і яна не якая-небудзь непісьменная гандлярка, а знаўца кніг.

А пасля ён здзівіў яшчэ больш.

Дні тры назад, калі моцна ўжо захаладала, прыбегла яна, акалелая, з рынку, каб накарміць дачку і яго — Марылю цяпер не запрашала, каб лішняе не плаціць: хоць і ляжаў Алесь яшчэ, але ўжо мог заставацца за няньку, гуляў з малой, сама Светка ўзлазіла на ложак, і ў яго хапала сілы пераадзець ёй сухія штонікі.

У той дзень Вольга прадавала буракі, рэшту, што не паспела прадаць, даручыла суседцы: была ў гандлярак, як у кожным цэху, свая салідарнасць і ўзаемавыручка. Але ўсё адно прыходзілася спяшацца — на рынку засталіся кашы, мяшкі, іх трэба забраць, лістападаўскі дзень кароткі, скора паліцыя пачне ўсіх разганяць, а суседка па рынку жыве на другой вуліцы, далёка.

Алесь еў сам, седзячы на ложку, пад спіну яму Вольга падсунула падушкі, каб лягчэй сядзець было.

Вольга ўподбег накарміла дачку і падсвінка, якога хавала ў хлеўчуку за шуркамі наколаных дроў і за якога вельмі баялася: калі немцы не абрабуюць (з-за свінча яна ўлешчвала і немцаў, і паліцаяў), то могуць украсці: галодных у горадзе процьма.

Заглянула ў бацькоўскую спальню, каб забраць талерку, і ўбачыла: забыўшыся на ежу, Алесь чытаў. Упікнула:

— А ты ўжо чытаеш?

Паглядзеў на яе вільготнымі вачамі і раптам папрасіў:

— Пасядзі са мной хвілінку. Я пачытаю табе вершы. Паслухай, якая гэта прыгажосць.

— Не да вершаў мне, — адмахнулася яна.

— Нельга ж жыць… — хацеў ёй сказаць, Вольга здагадалася што, але не сказаў, паправіўся: — Нельга ж увесь час на нагах… Я не ведаю, калі ты адпачываеш. Ты нават ясі стоячы.

Такая нечаканая яго просьба і клопат пра яе і тое, што ён упершыню звяртаўся так проста — на «ты». як да Лены звяртаўся адразу, неяк нязвыкла, трывожна і радасна ўсхвалявалі Вольгу. Яна паслухмяна села на ложак каля яго ног, па-сялянску паклаўшы свае загрубелыя ад працы, чырвоныя ад холаду рукі на калені.

Спачатку ён чытаў вершы пра каханне, не па парадку, выбіраючы іх з розных месц кнігі.

Для кого же ты была невинна
И горда?

Вольгу вершы такія спачатку не кранулі, яна падумала з грубаватай гарэзлівасцю: «Бач ты, на ладан дыхае, а пра любоў думае». Але потым адбылося нешта неверагоднае. Вершы, як хатняе цяпло ці добрае віно, пачалі размякчаць яе застылую душу, абуджалі ўспаміны маленства, пасля ўспомніліся ўсе блізкія, родныя, ніколі яны так не ўспаміналіся ёй, каб усе адразу: і бацькі-нябожчыкі, і Адась, і Павел — франтавікі (ці жывыя яны?), і Казімір, які пайшоў працаваць да немцаў і які страшэнна лаяўся, што яна ўзяла палоннага, сказаў, што калі немцы возьмуць яе за жабры, то няхай не спадзяецца на яго дапамогу, ды яна адказала, што ніколі і не спадзявалася на старэйшага брата, не чакала, што ён у нечым паможа… Але ад гэтага зрабілася сумна. Ад успамінаў ці ад вершаў? Разабрацца ёй было цяжка ва ўсіх тых вельмі складаных асацыяцыях, якія нараджала музыка вершаў. Такога яна, бадай, яшчэ не перажывала — каб так хутка, як у сне, адны пачуцці змяняліся другімі; яна прывыкла, што пачуцці, як і погляды, у яе былі стойкія і трывалыя, а тут раптам усё як бы перамяшалася, бурліла, што ў катле, на паверхню ўсплывала то адно, то другое — то лёгкі смутак, то трывога, то незразумелая радасць, то востры боль, то страх…

Амаль жах апанаваў, калі Алесь шэптам прачытаў:

Плачет ребенок. Под лунным серпом
Тащится по полю путник горбатый.
В роще хохочет над круглым горбом
Кто-то косматый, кривой и рогатый.

Уявілася касматае страшыдла, якое з’явіцца, а з ім прыйдзе канец свету. Вершы абудзілі і рэлігійныя ўяўленні, якія таксама драмалі ў ёй. Але побач з рэлігійнымі асацыяцыямі ўзніклі і грамадзянскія: хоць кніжка і старая з выгляду, але вельмі можа быць, што чалавек гэты, паэт, быў прарокам і глядзеў далека наперад. Можа, ён сённяшняе страшыдла бачыў, калі плача дзіця і вецер маўчыць, але блізка труба, ды не бачна яе ў змроку. Ой, не бачна. Няхай бы затрубіла хутчэй!..

А потым сумнае і светлае — як бы Алесь гаварыў пра сваё, што дарога яго цяжкая і далёкая, а конь стаміўся, хрыпіць. і невядома, дзе родны прытулак, але дзесьці далёка-далёка, за лесам, пяюць песню — і ад гэтага лягчэй дыхаецца; каб не было яе, песні, то і конь бы ўпаў і ён ніколі не даехаў бы, а так верыць — даедзе. Куды? Да чаго? Усё адно. Абы была вера. Абы была вера! У што?

Яна сама добра не ведала, у што верыць ёй, проста яна да тае хвіліны сур’ёзна не задумвалася над гэтым. А вершы, дзіўныя, малазразумелыя, прымусілі задумацца. Сапраўды, у што ёй верыць? У Бога? У Сталіна? У невядомага трубача, які дасць сігнал і падыме народ?

Мабыць, яна штось сказала ці падумала ўголас, ці, можа, выгляд у яе зрабіўся незвычайны, бо Алесь раптам перастаў чытаць і пільна ўгледзеўся ў яе.

— Чытай, Саша, — паварушыла яна вуснамі, якія раптам засмяглі, нібы іх апаліла гарачка.

— Падабаецца? — радасна спытаў ён.

Тады Вольга схамянулася: вельмі ж нязвыкла і дзіўна паводзіць яна сябе! Вершамі можа захапляцца ён, юнак, інтэлігент, у яго маці — настаўніца, а ёй у яе становішчы смешна так расчуліцца ад вершыкаў. Скажы, калі ласка, як закалыхаў, ажно душа самлела, праўда, трохі да слёз не давёў. А ёй такая мяккацеласць зусім без патрэбы, тут толькі пакажы слабасць, дык цябе адразу з’ядуць, бо навокал ваўкі, каб з імі жыць, трэба па-воўчаму выць, па-воўчаму агрызацца, як яна на паліцаяў, а не пырхаць салавейкам і не залівацца песнямі.

— Ён што… У Бога верыў? — спытала яна ў яго раптам.

— Хто?

— Ды гэты… Блок.

Алесь збянтэжыўся: не чакаў, што з прачытаных вершаў жанчына зробіць такі дзіўны вывад.

— Ды як сказаць… Тады яшчэ многія верылі… Але Блок прыняў рэвалюцыю.

— Вось бачыш: хто ў Бога верыў, той і пісаць добра ўмеў, — павучальна, як маці сыну ці настаўніца вучню, сказала яна.

— Ну, ведаеце, — нясмела запярэчыў Алесь, — гэта не зусім так. Многія вялікія пісьменнікі не толькі нашага стагоддзя, калі вынайшлі радыё і чалавек узляцеў у паветра, але і тыя, што жылі раней… у сярэднія вякі, напрыклад, былі перакананымі атэістамі.

— Кім?

— Няверуючымі. Сервантэс… Бёрнс… Вальтэр.

— Прачытай яшчэ што, — перапыніла яна пералік атэістаў. — Ты хораша чытаеш. У цябе добры голас. Дзявочы.

— Гэта ад слабасці.

— Табе цяжка чытаць?

— Не-не, чытаць не цяжка, — як бы спалохаўся ён і пачаў хутка гартаць кніжку, шукаючы, што яшчэ прачытаць ёй, безумоўна, хацеў знайсці такое, што кранула б яе. Чаму спыніўся на гэтым вершы? Зусім жа не хацеў, каб Вольга пераканалася, што Блок сапраўды быў набожны чалавек. Ці, можа, яму здалося: менавіта гэты верш дасць ёй зразумець, што справа не ў словах, нават не ў сюжэце — вялікія мастакі мінулага пісалі на біблейскія сюжэты, а ў сапраўднасці адлюстроўвалі сваю сучаснасць і людзей, якія жылі з імі побач. Так і ў гэтым вершы: ангел-храніцель — жывы чалавек, жанчына. Ён прачытаў колькі радкоў сабе, варушачы губамі, потым з натугай пракаўтнуў сухую сліну. Вольга паглядзела на яго шыю, яна такая худая і белая, што здавалася, прасвечвалася наскрозь, і здавалася, што відаць не толькі тое, як ён каўтае, але і кожнае вымаўленае ім слова — якія яны, словы, круглыя, вострыя, лёгкія, цяжкія…

Люблю тебя, Ангел-хранитель, во мгле,
Во мгле, что со мною всегда на земле.

Прачытаў і спыніўся як бы ў нерашучасці, ці, можа, спазма сціснула горла.

Першыя радкі Вольга выслухала безуважна, толькі ўсмешкай падбадзёрыла: чытай, маўляў, далей. Нешта, як цяжкая льдзіна, скранулася ў душы, калі ён усё яшчэ шэптам прачытаў:

За то, что нам долгая жизнь суждена.
О, даже за то, что мы — муж и жена!

Але пакуль што гэта толькі нагадала пра тое невядомае, што чакала іх у недалёкай будучыні, пра што яна ўжо думала і трывожылася, хвалявалася, чым скончыцца яе бяздумны ўчынак. Кім гэты хлапчына стане ў яе доме, калі ачуняе?

Яна здрыганулася, калі голас яго раптам як бы вырваўся з-пад падушкі, якой быў заціснуты, зазвінеў рашуча і гнеўна:

За то. что не любишь того, что люблю,
За то, что о нищих и бедных скорблю.
За то, что не можем согласно мы жить,
За то, что хочу и не смею убить —
Отмстить малодушным, кто жил без огня.
Кто так унижал мой народ и меня!

«Божа мой! — падумала Вольга. — Дык гэта ж ён пра нас, пра сябе і пра мяне… што мы пра рознае думаем… і па-рознаму пражыць хочам…»

На нейкі момант нават усміхнулася, што ў кнізе так надрукавана. Ці не сам ён прыдумаў усё, пакуль ляжаў тут адзін? Гэта яе чамусьці асабліва ўзрушыла, але і спалохала. Яна азірнулася на акно, на грушу, да галін якой прымерзла пачарнелае, зморшчанае рэдкае лісце. А ён ажно расчырванеўся і нічога ўжо не бачыў вакол сябе, на ўсё забыўся, і голас яго — о не, зусім не дзявочы, не слабы! — мацнеў з кожным словам, і нішто яго не магло спыніць. Толькі ў адным месцы як усхліпнуў, на словах — «люблю я тебя и за слабость мою». За сваю ўласную слабасць таксама любіць…

Гэта праўда: бывае і так. Недарма бабы казалі: слабы любіць больш верна. Ды балюча яму, што слабы ён, нядужы.

Скончыў ён не шэптам, бадай на ўсю моц, але голас яго як бы слабеў з кожным запытаннем:

Кто кличет? Кто плачет? Куда мы идем?
Вдвоем — неразрывно — навеки вдвоем!
Воскреснем? Погибнем? Умрем?

Можа, яму хацелася плакаць, таму ён заплюшчыў вочы. I кніга ўпала на грудзі, прыкрытыя адной белай сарочкай. Часта-часта білася яго сэрца. Як часта яно білася, Вольга бачыла па пульсе на яго худзенькай, з трысціначку, шыі.

Вольга асцярожна ўзяла кнігу, але кніга загарнулася, і жанчына, разгарнуўшы яе, не магла знайсці таго верша, а гартаць хутка, шумна не адважылася, цішыню парушаць не адважвалася, бо з’явілася ў ёй, у цішыні, нешта таемнае, загадкавае, незразумелае, але жаданае. У цішыні яны і раней часта сядзелі, калі хворы быў зусім яшчэ слабы і яму цяжка было гаварыць, але тады, калі ён не спаў, Вольга не ахоўвала гэтай цішыні — імкліва рухалася. Грымела, бразгала, гаварыла пра хваробу, пра надвор’е, пра навіны, пачутыя на рынку, лічыла, што хвораму на карысць такая жыццядзейнасць яе. А тут сэрцам адчула, што яму патрэбна цяпер не цішыня адзіноцтва, а яе маўклівая прысутнасць. Ды і ў самое з’явілася патрэба памаўчаць пасля тых слоў, якія пачула. А што гэта за словы? Яна так лёгка запамінала ўсё, а тут не можа прыгадаць ніводнага радка гэтай дзівоснай песні ці малітвы, помніла толькі сэнс простых слоў ды адчувала складаную музыку іх, музыка тая ўсё яшчэ як бы гучала ў галаве, у сэрцы.

Азірнулася: чаму не чуваць Светкі? Вельмі здзівілася: дачка спала ў зале, на ватнай коўдры, там жа, дзе гуляла з драўлянымі кубікамі. Ды здзівіла не тое, што дачка спіць, дзіця ёсць дзіця — яго то не ўкладзеш, то засынае нечакана. Здзівіла, што заснула ў дзіўнай паставе, па сутнасці, седзячы, паклаўшы галоўку на вялікага, палінялага ўжо плюшавага мішку; Вольга прынесла яго ў першыя дні вайны з чужой кватэры і чамусьці не любіла яго, а Светка любіла. Амаль з прымхлівым страхам падумала: няўжо і малую ён закалыхаў гэтай малітвай? Наслухалася камароўскіх баек пра кнігі-магіі, кожнае слова якіх мае цудадзейную сілу — заварожвае, прыварожвае, лечыць і гоіць раны. Таму падумала: ці не такая і гэтая кніга? Ён ажыў за нейкія тры дні, калі атрымаў кнігу. А яе заваражыў за паўгадзіны.

Трэба пакласці Свету ў каляску. Прыкаціла каляску да яго ложка, каб пакалыхаў, калі малая будзе прачынацца. I трэба бегчы на рынак — па мяшкі і кашы… Але не магла паварушыцца, бо Алесь ляжаў з заплюшчанымі вачамі, знясілены магічным чытаннем. I яе як закалыхаў.

Потым празрыстая рука яго пачала шукаць на грудзях кнігу, значыцца, не чуў, як Вольга брала яе. Не знайшоў — здзівіўся, расплюшчыў вочы, паглядзеў на Вольгу вінавата і збянтэжана.

Яна сказала, як малому:

— Спі.

— Не, я не засну.

— Пакалышаш Свету. А то вунь дзе заснула, — і пайшла да дачкі.

Рэшту таго дня, увесь доўгі асенні вечар і ўначы Вольга думала пра верш, нават сасніла нешта такое, што ніколі раней не з’яўлялася ў сне: светлыя харомы, палац ці храм, мносгва людзей, усе трымалі такія ж кнігі, як малітоўнікі, і ўсе шапталі прыгожыя словы, адна яна без кнігі, пакрыўджаная нейкім невядомым, хто раздаваў кнігі, не даў ёй, пакутавала ад крыўды, прагна лавіла знаёмыя словы, але — новая пакута! — не магла паўтарыць іх, бо не запамінала ніводнага, а ёй так хацелася паўтараць гэтыя словы. Хадзіла сярод людзей з кнігамі і шукала Яго, бо ведала: калі знойдзе, то адразу ўспомніць усе словы, без якіх ёй немагчыма далей жыць; на момант Ён з’яўляўся сярод людзей, але тут жа знікаў, не хаваўся, а як бы раставаў ці закрываўся белым туманам. А потым яе схапіў у абдымкі паліцэйскі Друцька і пачаў дамагацца саромнага, перад людзьмі пагражаў, што калі яна не ляжа з ім, то ён данясе немцам, каго яна хавае ў сябе, і іх абаіх павесяць на Камароўскім рынку.

Прачнулася, аблітая халодным потам. Моцна калацілася сэрца. Але ўспомніла, што сніла, і павесялела, паказала Друцьку дулю, раптам упэўніўшыся, што цяпер любыя дамаганні ўсіх друцькаў будуць марныя, не, не толькі таму, што ў доме жыве ён, але і таму, што ў самое яе з’явілася новая, невядомая дагэтуль сіла.

Раніцой, калі Алесь яшчэ спаў, Вольга ціхенька ўзяла кнігу, знайшла верш «Ангел-хранитель». Прачытала раз, другі, трэці… Загарнула кнігу і вельмі ўзрадавалася, што амаль усё запомніла, яшчэ разы два заглянула ў кнігу і вывучыла на памяць, так хутка і ў школе не вывучвала. Сапраўды, радавалася, як дзіця, што ў яе добрая памяць, што не спраўдзіўся страшны сон і што ніякай магіі няма — звычайная кніга.

На другі дзень, грэючыся на рынку каля жароўні, прапанавала сяброўкам-гандляркам: «Хочаце, бабы, раскажу верш? Са школы помню». — «Давай, Волька, павесялі, можа, душа адтане, а то прымерзла да рэбраў». Не зразумелі бабы сур’ёзнасці слоў, якія яна чытала з прыкметным хваляваннем, пасмяяліся, адна сказала, што такое можа прыдумаць толькі той, хто не мае мужчынскай сілы. Вольга стаіла крыўду, бо здалося: словы гандлярак зневажалі яго, Алеся, хворага чалавека. А пасля спалохалася, там жа, на рынку, калі старэйшая з гандлярак, полька Рэгіна, спытала ў яе таямніча, адзін на адзін:

— Гэта ён напісаў такое, твой?

— Не, гэта не ён. Гэта… Блок…

— Які блок? Што ты вярзеш? — і яшчэ больш спалохала, параіўшы: — Нікому, дурная, не расказвай свой верш. А то вылезла сярод рынку. Глядзі, як бы пад вяроўку не падвяла і яго, і сябе. Людзі цяпер горш за сабак. Брахне каторы, а вецер разнясе…

Прыйшла Лена Бароўская, яшчэ больш пахудзелая за тыдзень, як яны не бачыліся, і адзетая ўжо зусім не па-дзявочаму: салдацкія кірзавыя боты, на галаве не хустка, а коўдра нейкая, толькі паліто ўсё тое ж, ветрам падбітае. Сапраўды, не дзяўчына, а бабуля. Пэўна, белую пуховую хустку абмяняла на прадукты. Вядома, калі галадаеш, нічога не пашкадуеш, бо не да ўбораў тады. Але Вольга пераканалася, што пра адзенне і харч цяпер лепш не гаварыць, бо людзі крыўдуюць і злуюць. Лена таксама: была ў іх ужо такая размова. Таму Вольга зрабіла выгляд, што яе зусім не цікавіць, у што Лена абутая і апранутая, які мае выгляд. Але і радасці ад яе з’яўлення не паказала. Павіталіся стрымана. Спачатку ўзгоднена пабедавалі, што такая ранняя зіма. Але потым Лена як бы не пагадзілася, сказала:

— Але затое і фашысты адчуюць, што такое руская зіма. Па вуліцах не ходзяць — бегаюць з падскокам, як ганчакі. Увесь форс страцілі.

Вольга спытала, як адчуваюць сябе старыя Бароўскія. Лена пазмрачнела і адказала бадай з дакорам:

— Прыйшла б, праведала. Маці часта ўспамінае цябе.

Вольга падумала, што не, не пойдзе яна да Бароўскіх, даволі таго, што Лена да яе ходзіць. Увогуле, варта было б неяк адгарадзіцца ад такога сяброўства, дзеля бяспекі сваёй, дзіцяці свайго і яго бяспекі, таго хлапчыны, што цягаецца да гэтай камсамолкі. Пасварыцца з ёй, ці што? Але не тут, добра было б на людзях, на рынку, напрыклад. Хоць Лена павяла яе ў лагер, памагла з даведкай і яшчэ шмат чаго зрабіла, але Вользе не падабалася, што яна наведваецца да Алеся і той радуецца яе прыходу і яны як бы бліжэй адно да аднаго, чым Вольга і ён. За колькі дзён незвычайнае ўздзеянне вершаў, што размякчылі душу, аслабла, і зноў яна зрабілася ранейшай Ляновічыхай, любіла сябе такую, хоць ведала, што многія людзі яе за такі характар называюць вельмі жорстка — ваўчыцай. Але гэта не кранала асабліва. Яна верыла, што толькі такой, няхай сабе і ваўчыцай, можна пражыць, не вельмі бядуючы.

Алесевы словы пра свята і пра тое дарагое, за што не трэба шкадаваць жыцця, толькі на міг узвысілі яе над бруднай і суровай штодзённасцю. Але словы тыя і спалохалі. Страх чамусьці з’явіўся ў пограбе, куды палезла па прадукты, каб згатаваць абед, і дзе ў яе былі схаваны самыя дарагія рэчы. Вось чаму з’яўленне Лены ў такі дзень не спадабалася. А калі Лена, пагаварыўшы хвіліну для прыстойнасці, пайшла з кухні ў пакой, да яго, безумоўна, пайшла, Вольга проста абурылася, закіпела гневам. Скажы, калі ласка, як гаспадарыць у чужым доме! Які рэвізор з’явіўся! Хаця б дазволу папрасіла ці прыдумала б нешта: як, маўляў, там Светка? Хвіліну Вольга дала сабе астыць, каб і праўда не пасварыцца з Ленай пры ім. А пры ім ёй зусім не хацелася выяўляць горшае ў сваім характары. Пры ім хацелася быць добрай.

Але Лена была ў яго, сядзела там жа, на ложку, у нагах, дзе сядзела яна, Вольга, калі ён чытаў вершы. Такая яе блізкасць да яго адазвалася ў Вользе рэўнасцю: «Бач ты, дзе ўселася! Як свая!» Але ўбачыла, што ў хлопца мокрыя вочы, здзівілася. Мужчына плача? Ад чаго? Што Лена сказала такое? Якія ў іх могуць быць сакрэты?

Накінулася на Лену, нібыта жартам, але словы былі жорсткія і голас халодны, што асенні вецер:

— Прыходзіш — і расстройваеш мне хворага чалавека! Хопіць з нас сваіх бед, няма нам чаго плакаць над тваімі. Плач над імі сама, у падушку, калі хочаш, каб на сэрцы палягчэла. Цяпер слёзы на людзі не выносяць. Холадна. Замерзнуць…

Лена лепш, чым хто іншы, ведала маладую Ляновічыху, са школьных гадоў многа разоў з ёй сварылася, мірылася і прывыкла ўжо не надаваць асаблівага значэння яе словам, бо кідала іх Вольга ўсюды з базарнай лёгкасцю, усім «адважвала» і «давала рэшту». Але гэтыя словы, не такія ўжо і грубыя, збянтэжылі і пакрыўдзілі дзяўчыну, бледны твар яе загарэўся, яна не знаходзіла, што адказаць, які тон выбраць. Не сварыцца ж! Не прыніжацца перад гандляркай! Але ж і маўчаць не варта. Ды выручыў Алесь — з дзіцячай прастатой і шчырасцю прызнаўся:

— Сваіх бед Лена не прынесла. Радасць прынесла. Са святам павіншавала, перамогі пажадала. Таму і расчуліўся. Не звяртайце ўвагі на мае слёзы. Я — сентыментальны.

Пра самае галоўнае, што давяло яго да радасных слёз, не сказаў: Лена паведаміла, што ўчора ў Маскве адбылося ўрачыстае пасяджэнне і выступаў Сталін.

Словы яго прымірылі жанчын. Лена ўзрадавалася, што ён не сказаў пра тое, галоўнае, што яна паведаміла яму тайна, шэптам, і гэтым ён як бы пацвярджаў сваю згоду змагацца і выяўляў патрэбныя якасці падпольшчыка. А Вольгу ўзрадавалі яго сапраўды дзіцячая непасрэднасць і шчырасць. Помнячы, як ён гаварыў пра свята, яна паверыла, што само віншаванне магло хлопца так крануць, і такая яго чысціня, як вершы, як яго словы пра рэвалюцыю, пра Радзіму, зноў неяк хораша ачысцілі яе самую — пасвятлела ў душы, быццам загарэлася там урачыстая святочная свечка. Праўда, кусанула і рэўнасць: яна нават забылася на гэтае іх свята (так і падумала — іх, усё яшчэ адлучаючы сябе), а вось Ленка, гэтая змарнелая, у якой адна скура ды косці засталіся, здагадалася, не забылася, безумоўна, знарок прыйшла, каб павіншаваць; вось што, выходзіць, іх звязвае, прыцягвае. Але гэта і супакоіла — што іх прыцягвае адно да аднаго не што іншае. Дзіўныя. Дзеці. Небяспечна гэта цяпер. Але ж дзеці часта цягнуцца да небяспечнага. А хіба яна не рызыкавала, калі брала яго з лагера, пасяляла ў сябе? Яшчэ як рызыкавала! Ачышчаная ад нядобрых, гандлярскіх і бабскіх, пачуццяў і думак, Вольга неяк адразу павесялела, і ёй захацелася таксама зрабіць нешта незвычайнае, добрае. Яна прапанавала:

— А ведаеце што? Давайце адзначым яго, свята, як да вайны. Абед царскі згатуем. I вып’ем добра! Сказаць вам, што я маю?

— «Маскоўскую», — узрадаваны яе парывам, яе салідарнасцю, трохі нервова засмяяўся Алесь.

Вольга пагразіла яму пальцам.

— Ша! Балбатун! «Маскоўская» — само сабой, — і паведаміла таямнічым шэптам: — «Савецкае шампанскае».

— О Божа! Чаго ты не маеш! — пракаўтнула галодную спазму Лена.

— А я ўсё маю. Не была б я Ляновічыха, — гарэзліва, на адной назе крутнулася Вольга. Сказала Лене: — Хадзем, паможаш мне. А ты ляжы, не паднімайся, пакуль не паклічам, — загадала Алесю.

IV

Алеся здзіўлялі і Вользіна шчодрасць, заўсёды нечаканая, і яе ашчаднасць, больш пастаянная, але не менш незразумелая. Мела газу, запаслася ў пачатку вайны, усім запаслася, што ў вайну набыло асаблівую цану, але паліць лішне не давала, нават яму, госцю, якому так хацелася пачытаць увечары. Кнігі па яго просьбе знаходзіла і прыносіла, але газу не палі, камандавала, як строгі старшына: «Спаць!»

Электраэнергію акупанты давалі толькі ў цэнтры горада, ва ўстановы, на вакзал, у дамы, дзе размяшчаліся немцы. Ускраіны жылі ў цемры, з газнічкамі і лучынай. А вечары лістападаўскія доўгія. I сон не прыходзіць так рана. У гэты час мозг узбуджаны, як ніколі, галава напоўненая ўражаннямі дня, успамінамі і думкамі, бясконцай плынню думак. У цемры незвычайна абвастраецца слых, і Алесю здавалася, што ён чуе ўвесь горад — не толькі свіст далёкіх паравозаў, грукат начнога грузавіка ці танка, стрэлы, крыкі, тупат ног, але і тое, што чуюць нямногія, — крык болю, стогн, плач, рыданні, перадсмяротны ўздых, страшны смех, пракляцці і п’яны вэрхал забойцаў. Паэт чуў усё сэрцам. Аднак балела б яму не менш, каб ён бачыў усё і чуў.

За дашчанай перагародкай, у суседнім пакоі, не спала Вольга, варочалася, уздыхала, часцей, чым трэба, папраўляла коўдру, якой накрыта дачка. I гэта яго таксама хвалявала і трывожыла — яе ўздыханні. Ён усё яшчэ ніяк не мог зразумець гэтую жанчыну. Навошта ўзяла яго? Чаму так клапатліва выхаджвае? Калі і якую плату запатрабуе за ўсё, што зрабіла для яго?

Малады рамантык, пазбаўлены страху пасля ўсяго, што перажыў, не думаў і не ўяўляў, што ў доўгія бяссонныя вечары і ночы над усімі Вользінымі пачуццямі панавала адно — гэты самы страх; ён заглушаў усе іншыя чалавечыя жаданні і думкі, як бы замыкаў іх у цёмную і цесную камеру, дзе яны трапяталіся, біліся, як злоўленыя птушкі, і не маглі знайсці выйсця. Раней яго не было, ён з’явіўся, бадай, пасля святкавання Кастрычніка. I прыходзіў тады, калі жанчына клалася ў ложак, і яна пакутавала многія гадзіны, ажно пакуль, змарнелую, не адольваў неспакойны сон. А наступаў дзень — і ўсе начныя страхі здаваліся калі не смешнымі, то, ва ўсякім разе, моцна перабольшанымі. Удзень Вольга жыла звыклым жыццём, дзейсным, актыўньм. Такое жыццё здавалася ёй адзіным ратункам. Пра багацце яна думала цяпер менш, але галадаць, як Бароўскія, не хацела, ды і ўпэўненая была, што бяспека залежыць і ад дабрабыту: аднаму гаду дасі ў лапу, другога падпоіш. Ёй вельмі хацелася ў такія вечары даўжэй пасядзець з Алесем, паслухаць, як ён чытае вершы, тлумачыць іх, як гаворыць… Але… па-першае, сапраўды шкада было газы… Не, маніла яна сабе і яму, прыкрывалася ашчаднасцю. Прычына была іншая. Баяцца яна пачала таго, як ён гаворыць аб Радзіме, аб народзе, аб іх бессмяротнасці, аб перамозе, якой не можа не быць, рана ці позна… Баялася таму, што не магла ўжо не слухаць яго, не магла загадаць змоўкнуць — не распускаць «бальшавіцкай заразы» — ці хаця б недаверліва пасміхацца: няхай пацешыцца хлопчык, бо іншых радасцей у яго няма. Не, ён прымушаў яе слухаць сур’ёзна, з хваляваннем, і яна спалохалася, цьмяна ўсведамляючы, што гэта можа разбурыць яе звыклае жыццё, парушыць душэўную раўнавагу. А потым пачала прымаць страх як боскую кару за сваё няправеднае жыццё, за неразумныя ўчынкі і грэшныя думкі. I звыклася з гэтым пачуццём, яно здавалася зусім натуральным у яе становішчы. Каб страх раптам знік у адзін з вечароў, Вольга, напэўна, спалохалася б яшчэ больш.

Яны ляжалі ў сумежных пакоях, кожны са сваімі думкамі, і, безумоўна, машыну пачулі адначасова, як толькі яна ўехала ў іх завулак, куды на машынах нават удзень заглядвалі рэдка. Машына была не цяжкая, ішла павольна. у адным месцы, пэўна па замерзлай лужыне, забуксавала, і матор завыў са звонам, пабудзіўшы ўсіх, хто спаў у гэты позні час.

Вольга, самлелая ад страху, малілася, каб іх пранесла міма. Няхай спыняюцца ля Кудлача, не, Кудлача, здаецца, праехалі ўжо… каля Кацманаў… Кацманаў яшчэ ў верасні загналі ў гета… Каля каго хочуць няхай спыняюцца, толькі не каля іх дома.

Снапы святла ўдарылі па вокнах залы. Машына спынілася каля самай брамы.

Вольга ўсхапілася з ложка з адзінай думкай: схаваць Светку! Але куды схаваеш? Лепш дзіця не чапаць. Разгублена спынілася ў дзвярах спальні ў адной сарочцы, напружана прыслухоўваючыся, што яны будуць рабіць, з чаго пачнуць. Не чутно, каб скакалі на зямлю салдаты, грукалі ў браму. Ды адкуль скакаць? Чутно ж было, што легкавушка. Але ад таго, што падышла легкавая машына, афіцэрская, зрабілася яшчэ страшней. Што ім патрэбна? Хто патрэбны? Гэты хворы нябога, што ледзь выкараскаўся ад смерці?

Алесь з восені саракавога служыў у кадравым войску, у артылерыі, толькі ў пачатку вайны перайшоў у газету, у якой раней друкаваў вершы. У часе вучэбных трывог ён умеў першы апранацца і першы выбягаў на лінейку. Першы ён выскачыў з зямлянкі і тады, калі рэдакцыю акружылі немцы. Прывычка армейская засталася і тут, у Вользіным доме: як толькі ачуняў, складаў сваё цывільнае адзенне каля ложка так, што мог у цемры адзецца за нейкія секунды. Пра тое, навошта гэта, не думаў, ведаў, што ўцячы ці схавацца бадай немагчыма. Проста хацеў небяспеку і нават смерць сустрэць у належнай форме — каб нішто не прыніжала чалавечую годнасць.

Яны не паспелі яшчэ пастукаць у браму, а ён быў ужо на нагах у поўнай форме. Не сумняваўся, што прыехалі па яго. Не спалохаўся. Але да слёз зрабілася крыўдна, што так і не паспеў нічога зрабіць. Хаця б аднаго фашыста забіў! О, каб у яго былі граната ці пісталет! Не, нічога не зрабіў бы ні гранатай, ні пісталетам, ні аўтаматам — у доме жанчына і дзіця… Дзіця! Пра гэта нельга забывацца! У яго засталося адно: падбадзёрыць яе і падзякаваць, няхай убачыць і расказвае пасля, як мужна ідуць на смерць савецкія воіны! Ва ўсякім разе, слабасці не паказваць ні ёй, ні ворагам!

Ступіў у залу, убачыў у дзвярах белую постаць жанчыны. Нельга, каб яны ўбачылі яе ў такім выглядзе!

— Адзеньцеся, Вольга Міхайлаўна.

Пакуль ён запальваў лямпу, яна апранула на сарочку старое паліто і зноў стала там жа, у дзвярах, босая, ускудлачаная. Ён здагадаўся, што яна загароджвае дзіця. Як птушка. Гэта кранула. Калі яны зачэпяць дзіця, ён кінецца на іх і будзе грызці зубамі. Пашкадаваў, што не паклаў блізка сякеру. Вольга раней клала яе на крэсла каля акна — ад рабаўнікоў; ён сказаў: цяпер адны рабаўнікі — з аўтаматамі, сякерай ад іх не абаронішся.

— Дзякуй, Вольга Міхайлаўна, — вось гэта трэба было сказаць абавязкова, без гэтага ён не мог пакінуць дом. — Дайце мне што-небудзь апрануць, самае старое, непатрэбнае.

Яна ўсхліпнула. У дзверы загрукалі, брамку Вольга не магла не зачыніць, значыцца, нехта з іх пераскочыў цераз плот. Яна памкнулася была адчыніць, ды Алесь спыніў яе, паклапаціўся пра яе ногі:

— Абуйце што, — і крыкнуў ім: — Айн мамент! — бо яны ўжо грукалі ботамі ці прыкладамі так, што брынчалі шыбы.

Алесь адкінуў завалу, і яны так піхнулі дзверы, што тыя моцна ўдарылі яго па нагах, па каленях, ад болю ён траха не страціў прытомнасць. Іх уварвалася трое. Але яго не схапілі — адразу кінуліся ў дом. На нейкі момант ён застаўся адзін у калідоры. Перад ганкам нікога не было відаць, за плотам мірна гурчаў матор аўтамашыны. Падумаў, што яму можна выйсці, кінуцца на агарод, пералезці ў чужы двор… Не, не мог ён і гэтага зрабіць — пакінуць яе адну, каб яны здзекаваліся, гвалцілі, пакаралі яе і дзіця за тое, што ён уцёк.

Ён увайшоў следам за імі ў асветленую лямпай залу. Усе трое былі ў чорных скураных паліто з футравымі каўнярамі і высокіх фуражках са свастыкай на кукардзе, высокія ростам, як знарок падабраныя — маладыя, прыгожыя; Алеся яшчэ ў лагеры здзіўляла і абражала, што фашысты бываюць прыгожыя, не стасавалася гэта з іх душэўным воблікам і паводзінамі. Адзін трымаў пісталет, пагражаў ім Вользе і паўтараў адно слова:

— Гольд! Во іст гольд? Гольд!

Знаёмае слова, але як перакласці яго — Алесь ніяк не мог прыгадаць.

Вольга стаяла там жа, у дзвярах, загароджваючы сабой спальню, дзе засталася Света. Захінула паліто абедзвюма рукамі, сашчапіўшы іх на грудзях. Яна так і не паспела абуцца, стаяла босая, і Алесь звярнуў увагу на яе ногі, ненатуральна белыя. Няўжо ад страху бялеюць ногі? Твар не такі белы, толькі пасінелі вусны і варушыліся бязгучна, без слоў. Вольга паціскала плячыма, не разумеючы, што ад яе патрабуюць.

Тым часам двое адчынілі вялікую люстраную шафу і пачалі перабіраць шматгадовы набытак сям’і Ляновічаў — паліто, футры, касцюмы, кофтачкі, бялізну. Пры гэтым вельмі спрактыкавана, як шпікі ці прафесійныя рабаўнікі, абшуквалі кішэні, абмацвалі швы, рэчы кідалі на падлогу. Але той, што стаяў з пісталетам, пачаў найбольш каштоўныя адбіраць і складваць на стол.

«Гольд? Гольд? — успамінаў Алесь. — Здаецца, грошы? Якія грошы? Навошта ім грошы? Лухта нейкая», — са страхам думаў, што ў галаве туман, каша, усё пераблыталася, як у часе страшнага сну, і што калі яго забяруць, то больш яму не вытрымаць катаванняў, бо не адступіла яшчэ хвароба.

Вольга, скінуўшы раптоўна здранцвенне, сарвалася з месца, са свайго паста ля дзвярэй, кінулася да камода, дзе стаяў посуд, з фарфоравай салатніцы дастала пачак дакументаў, пачала паказваць іх гестапаўцу з пісталетам, гучна і смела, як на рынку, тлумачыла, што ўсё ў яе ёсць — даведка на пляменніка, які выпісаўся з бальніцы, на права гандлю і што падатак яна заплаціла; тыцкала пальцам на нямецкія пячаткі на паперах.

— Во, няхай пан паглядзіць! Усё па закону! Па нямецкаму! Я люблю нямецкі парадак! Гут дойчэ!

Больш, чым само з’яўленне фашыстаў, Алеся спалохалі Вользіны словы. Што яна гаворыць? Хіба можна такой цаной ратаваць яго? Гзта ж здрада! Не трэба яму такое ўратаванне! Хацел ася крыкнуць ім у твар іншае: «Гітлер капут! Няхай жыве Сталін!» Але зноў-такі падумаў, што не аднаго яго хоча Вольга ўратаваць: сябе і дзіця, магчыма, у першую чаргу, таму мае права на любыя сродкі, і тут ён мусіў маўчаць.

Гітлеравец глянуў дакумент, трохі як бы здзівіўся:

— Хандаль?

— О так, пан афіцэр! Гандаль! Гандаль! Я іст гандаль!

Але дакументы іх мала цікавілі. Яны шукалі іншае. Паказваючы дакументы, Вольга забылася на сваю напратку, паліто расхінулася, і адкрылася сарочка, праўда, не празрыстая, паркалёвая, але аздобленая зверху, на грудным разрэзе, і знізу, на падоле, карункамі, праз карункі прасвечваліся поўныя грудзі, якія яшчэ нядаўна кармілі дзіця. Адзін з тых, што перабіраў адзенне, спыніў свой занятак і прагнымі вачамі ўтаропіўся на яе грудзі.

Алесь так пільна сачыў за фашыстамі, што адразу ўбачыў гэты позірк, вочы, якія ўміг зрабіліся масляністымі, драпежнымі. Немец кінуў перабіраць і, ступаючы на кучы адзення, пайшоў да Вольгі. За кароткую хвіліну Алесь перажыў, магчыма, найбольшы страх у сваім жыцці і найбольшую рашучасць, адчайнасць, высокі парыў — засланіць сабой, жыццём сваім жанчыну, абараніць яе гонар. Калі дакрануцца да яе, ён кінецца тыграм, ён учэпіцца зубамі! Не, лепш вырваць пісталет у таго, што разглядае дакументы і не звяртае ўвагі на Вользіны грудзі. Але ўратаваць яе можна, захапіўшы пісталет, не інакш! I Алесь таксама ступіў да стала разам з гітлераўцам, крок у крок, разлічваючы кожны свой рух. Але той праз стол паказаў пальцам на грудзі і выгукнуў:

— Золёто!

Чаму, убачыўшы жаночыя грудзі, немец прыгадаў, як па-руску называецца тое, дзеля чаго яны зрабілі налёт?

Тады і той, што стаяў з пісталетам, таксама як бы ўзрадаваўся:

— О, о, золёто! Во іст золёто?

— Ах, золата! Вам патрэбна золата? — узрадавалася Вольга, што нарэшце зразумела немцаў, ажно шырэй расхінула крысо паліто, але, успомніўшы, што пад паліто адна сарочка, хуценька закрылася, зашпілілася на гузікі і каўнер падняла. — То так бы адразу і сказалі. А то хто вас ведае, што вам трэба!

Яна нахілілася, адчыніла ніжнюю шуфлядку камода, выхапіла адтуль кардонную каробку, паставіла на стол і пачала выкладваць з яе сярэбраныя лыжкі, відэльцы, пазалочаныя лыжачкі, пярсцёнкі, брошкі, іншую дробязь. Усе трое немцаў схіліліся над сталом, узважвалі кожную рэч у руках, глядзелі на святло, прыкідвалі яе каштоўнасць і аб нечым горача спрачаліся.

Алесь знясілена апусціў рукі: пагроза ад самое Вольгі, здаецца, адступіла. З гаворкі іх, са сваімі школьнымі ведамі мовы, лавіў толькі асобныя словы, ды і не вельмі ўжо напружваўся, каб зразумець. Усё і так вельмі зразумела! Урэшце, гэта будзе рэдкі і, бадай, шчаслівы выпадак — для яго і Вольгі шчаслівы! — калі гітлераўцы абмяжуюцца звычайным рабаўніцтвам.

Не, ненажэрнасці іх, сквапнасці няма мяжы. Вользе яны, безумоўна, не паверылі, што выкладзена ўсё. Зноў патрабавалі, паўтараючы па-руску ўжо, у два галасы, трэці маўчаў, ён больш дзейнічаў:

— Золёто. Во іст золёто?

— Ніц нема, пан. Вшыстка, — чамусьці па-польску тлумачыла Вольга, паказваючы рукі, маўляў, калі на пальцах няма нават пярсцёнка, значыцца, няма больш нічога.

Яны шукалі. Вывернулі ўсё з шафы, з камода, распаролі канапу. Палезлі ў спальню. Вольга паспрабавала раней за іх кінуцца, каб узяць сонную Свету, — ёй загарадзілі дарогу.

— Дзіця! Дзіця там! — у трывозе тлумачыла яна.

— Кіндэр! — сказаў Алесь.

Яны паглядзелі на яго з неўразуменнем ці, бадай, здзівіўшыся, што ён сказаў слова па-нямецку. Але зразумелі. Нешта чалавечае яшчэ засталося: дазволілі ўзяць з калыскі дзіця. Малая прачнулася і заплакала. Вольга прытуліла яе галоўку да пляча, старалася, каб яна не бачыла гэтых страшных людзей, што пераварочваюць пасцель і рэчы. Выйшла са Светай у залу, хацела ісці далей ад гармідару — на кухню, але яе не пусцілі, закамандавалі знаёмае: «Хальт!»

На шчасце, малая зноў заснула. Адчуваючы дзіцячае цяпло, чуючы роднае дыханне, Вольга заспакоілася: зноў набыла ўпэўненасць, што неяк абыдзецца. Пры ўсёй гандлярскай сквапнасці здараліся ў яе і раней моманты, калі яна нічога не шкадавала, ніякага дабра. Але ў такія хвіліны і сябе не шкадавала. А тут было інакш: на бязлітасны, горшы за пажар, разгром у доме глядзела зусім спакойна, але малілася Богу, каб яны не зачапілі ні яго, Алеся, ні яе, ні дачкі. Упершыню, не розумам яшчэ — сэрцам, яна аб’яднала ўсіх траіх у адно, непадзельнае, з родным бацькам дзіцяці свайго яна ніколі так душэўна не аб’ядноўвалася; праўда, тады, у мірным жыцці, ніколі не пагражала ім такая небяспека.

Калі абшуквалі кухню, ужо спяшаліся, той, што трымаў пісталет, пазіраў на гадзіннік, спяшаліся, пэўна, таму, што прасігналіла машына — іх клікаў нехта старэйшы. Але калі знайшлі лаз у пограб, што выкапаны пад кухняй, зацахлявалі, што ганчакі, пачуўшы блізкую здабычу, загергеталі, відаць, вырашаючы, каму лезці ў падзямелле. Фашыст з драпежнымі вачамі паглядзеў на Вольгу, яўна намерваючыся загадаць, каб яна лезла, а ён, магчыма, палез бы следам за ёй. У іх былі кішанёвыя ліхтарыкі, асвятляючы імі, шукалі ў спальні, але, ідучы на кухню, успомнілі пра лямпу і загадалі Алесю захапіць яе з залы. Пакуль яны шнырылі па шафках, заглядвалі ў пліту, Алесь трымаў лямпу і, між іншым, адчуваў сябе ад гэтага ямчэй — усё-такі нейкая зброя ў руцэ.

Ён паставіў лямпу на пліту і, не чакаючы загаду, палез у пограб. Калі зверху асвятлілі ліхтарыкам, здзівіўся прасторы падзямелля і колькасці дубовых бочак — іх стаяла штук восем, шматвядзёрных, смачна пахла квашанай капустай, кропам, дубовым лісцем, але пахла і склепам, прэласцю і яшчэ нечым едкім, як аміяк, ад чаго слязіліся вочы.

Маўклівы гітлеравец, што спусціўся спедам, загадаў яму нахіліць бочку. Ды Алесь не здужаў зрушыць яе з месца. Немец зняважліва паглядзеў, як ён натужваецца, і гэтак жа зняважліва груба аддіхнуў хлопца, так што той балюча выцяўся галавой аб бетонную сцяну пограба. Лёгка, адной рукой, немец перакуліў бочку з гуркамі, расол абліў Алесю ногі, гуркі рассыпаліся па бетоннай падлозе, захрусталі пад ботамі ў фашыста, ён давіў іх знарок, з асалодай.

Алесь стаяў, прытуліўшыся да сцяны, спацелы ад болю і слабасці, і ў бяссільным гневе сціскаў кулакі.

Другую бочку немец нахіліў, але не перакуліў, відаць, таму, што яму нешта сказалі з кухні, магчыма, паспяшалі, ці таму, што ліхтар яго раптам асвятліў у кутку за бочкамі пляшкі з гарэлкай, тры пляшкі «Маскоўскай» і кансервы. Магчыма, упершыню за вобыск ён задаволена выгукнуў:

— О-о! — і засунуў пляшкі ў кішэні штаноў і паліто. Узяў банак пяць кансерваў, Алесю загадаў забраць рэшту.

Акрамя гарэлкі і кансерваў, фашысты забралі відэльцы, нажы, падстаканнікі, вышываныя ручнікі, сталовую бялізну — абрусы і сурвэткі — Вользін набытак першых дзён вайны — і ўсе футры, нават старыя: паліто старой Ляновічыхі з рыжага ліса, Вользіну чарнабурку, дзіцячае футра, вымененае нядаўна за прадукты ў нейкай галоднай бежанкі. Усё самае каштоўнае. Вольга паспрабавала прасіць дзіцячае футра, найбольш яго пашкадавала, бо часта любавалася набыткам, прымервала Свеце, яно было яшчэ вялікае, але Вольга ўяўляла, як дачка будзе выглядаць, калі падрасце і надзене такое футра — чорненькае, што вугаль, аздобленае знізу белым па ўзору адзення паўночных людзей, такія футры Вольга бачыла ў кніжках ды ў кіно. Але на яе просьбу старэйшы, што нарэшце схаваў пісталет, пераканаўшыся ў бяспецы, сказаў сярдзітую прамову. Можна было зразумець, пра што ён гаворыць, бо колькі разоў паўтараў «золёто», відаць, пагражаў: за тое, што не аддала золата, яна і муж яе заслугоўваюць кары большай, чым канфіскацыя рэчаў для вялікай арміі фюрэра.

Каб на руках не было дзіцяці, магчыма, Вольга прасіла б больш настойліва, можа, нават загаласіла б у роспачы, ва ўсякім выпадку, слязу пусціла б, са сваімі людзьмі гэта памагала. Але ад яе слоў прачнулася Света, чужыя, нямецкія словы, гучныя, страшныя, не будзілі малую, а матчыны разбудзілі, і Вользе прыйшлося спяваць незвычайную калыханку:

— Спі, маё дзіцятка. Спі, мой коцік. Усе коцікі паснулі. I мышкі спяць. I дзеці спяць… Адны тыгры гуляюць… двухногія. Зэр гут, пан начальнік. Мне нічога не шкада. Каб вы падавіліся. Каб маё дабро вам папярок горла стала. Зэр гут.

— Зэр гут! — ухваліў старэйшы і тыцнуў Алеся кулаком у жывот, праўда, не балюча, паказваючы са смехам Вользе, каб яна лепш карміла мужа: мабыць, той, што лазіў у пограб, сказаў, што рускі не здужаў перакуліць бочку. Ці, можа, сказаў, што ў доме многа капусты, і немец раіў карміць капустай. Ім хацелася пад канец пажартаваць. Ім хацелася быць добрымі. Яны верылі, што яны добрыя. Самыя добрыя. I самыя разумныя. Старэйшы і самы «добры» нават пагладзіў дзіцячую галоўку, шаўковыя беленькія Свеціны валасы. Жэст яго, калі ён раптам працягнуў руку, спалохаў і Вольгу, і Алеся. Але ён сапраўды-такі пагладзіў ласкава і сказаў нешта наконт немцаў і беларусаў, наконт арыйцаў. Ці не даказваў, што беларусы належаць да арыйскай расы? Набіваўся ў сваякі. Немец быў палітык. А палітычныя, газетныя словы Алесь разумеў лепш, чым бытавыя. На развітанне гэты «палітык» зноў сказаў прамову, у якой многа разоў ужыў знаёмае «данке»; безумоўна, не ім дзякаваў, не тая інтанацыя, — відаць, раіў, каб яны падзякавалі за тое, што іх так хораша, мірна абрабавалі.

I Вольга сапраўды-такі паўтарыла:

— Данке, данке, пан начальнік. Няхай спажывуць твае дзеткі, каб на іх кароста напала.

Калі немцы нарэшце выйшлі і машына ад’ехала хутчэй, чым пад’ехала, з большым грукатам па прамерзлай зямлі, Вольга і Алесь доўга маўчалі. Стаялі і не глядзелі адно на аднаго, быццам нехта з іх быў вінаваты ў тым, што здарылася. Але цяпер, калі яго не кранулі, Алесь не адчуваў сваёй віны, вось каб, учыніўшы разгром, яго павезлі ў той машыне, то ў такім разе ён лічыў бы сябе вінаватым: думаў бы, што прынёс гора жанчыне, якая аднойчы ўратавала яго.

Не, Вольга не маўчала — вельмі ціха, з асаблівай пяшчотай яна закалыхвала дзіця, але калыханка была без слоў — адвечны, знаёмы ўсім маткам свету матыў, музыка сэрца.

Ніхто з іх не пайшоў зачыняць браму, дзверы. Навошта? Іншыя рабаўнікі не прыйдуць.

Малая заснула, і Вольга аднесла яе ў спальню, паспявала калыханку там, звыкла запішчала драўляная качалка-ложак.

Выйшаўшы са спальні, Вольга спытала ў яго не шэптам — бадай на поўны голас, паказваючы вачамі на параскіданыя па ўсёй зале рэчы:

— Што ж гэта такое?

Ён адказаў гнеўна:

— Фашызм! Фашызм гэта! А вы… вы хацелі з ім жыць… гандляваць! Цяпер вы бачыце… бачыце? Але гэта што!.. Кветачкі! Дробны грабеж! Вы пабачылі б, што яны робяць там!.. Не! Біць, біць іх трэба! Каб зямля пад імі гарэла! Як Сталін сказаў…

Апошнія словы ён амаль выкрыкнуў. I Вольга раптам сарвалася з месца, кінулася да яго, схапіла за галаву, закрыла рот далонямі і зашаптала гэтак жа гнеўна:

— Сціхні! Сціхні! Зараза! Бальшавіцкі вырадак! — і з сілай адштурхнула ад сябе.

Паварот быў такі неспадзяваны, што ашаламіў Алеся да знямення. Ведаў яе настрой, ведаў, што не лепшая яна савецкая грамадзянка — гандлярка, мяшчанка, хоць у той жа час учынкі яе, такія, як выкуп яго, незвычайныя сястрынскія клопаты пра хворага, святкаванне Кастрычніка, здзіўлялі, былі незразумелыя. Але такое: «Бальшавіцкі вырадак!» — такое не мог чакаць, не ўкладвалася гэта ні ў якія супярэчнасці характару, абражала самае лепшае, чым ён жыў. Каб меў сваю напратку і на дварэ не была ноч, калі далёка не пройдзеш без начнога аўсвайса, ён тут жа пакінуў бы гэты дом.

Вольга таксама адчула, што ўдарыла занадта моцна, і таксама падумала, што, абражаны, ён можа пакінуць дом, а гэтага яна вельмі баялася. Не зважаючы на тое, што босая, яна выбегла і зачыніла браму, зачыніла дзверы адны, другія — з калідора на вуліцу і з кухні ў калідор.

Вярнулася — пачала збіраць рэчы, але рабіла гэта як бы нехаця, мабыць, не ведаючы, якім чынам навесці парадак пасля такога пагрому. А можа, нахілілася дзеля таго, каб не глядзець у вочы Алесю. Ён таксама маўчаў. бо не ведаў, што можна сказаць пасля яе абразлівых слоў. Але калі Вольга раптам села на падлогу, на кучу адзення, і заплакала, закрыўшы твар скамечанай сукенкай, яму зрабілася шкада яе: урэшце, ён не можа не лічыцца з тым, што яна простая, маласвядомая жанчына, і было б неразумна не паспрабаваць развіць тое лепшае, што ёсць у яе характары.

Алесь падышоў і мірна сказаў:

— Не трэба плакаць, Вольга Міхайлаўна. З-за чаго вы гаруеце? Што вы страцілі? Футры? Лыжкі? Хіба такую трагедыю пе— ражываюць мільёны людзей? Яны трацяць сыноў, бацькоў…

Яна адкрыла твар, узняла вочы і сказала, праўда, нязлосна ўжо:

— Не тапчыся па адзенні.

Не думаючы пра ўсе гэтыя раскіданыя па падлозе анучкі, ён незнарок наступіў на нейкую кофтачку. Убачыў сваю прамашку — разгубіўся, амаль спалохаўся і вінавата прагаварыў:

— Прабачце. Вольга ўздыхнула:

— Узяла я цябе на сваё гора.

Новы ўдар, не менш балючы — на яго спробу наблізіцца, даць ёй зразумець, што, нягледзячы на крыўдныя словы, ён па-ранейшаму лічыць яе чалавекам… «Заразу» можна дараваць разгневанай і спалоханай жанчыне. Але спакойныя словы, што на гора яна ўзяла яго, палоннага, — гэта ўжо нават не абраза, гэта далікатная форма бязлітаснага: «Пайшоў прэч з майго дому!»

Што ж, таксама трэба было чакаць. Няхай ён будзе ўдзячны за тое, што яна вырвала яго ад пакутлівай смерці і дала месяц жыцця і цеплыні. Далей ён павінен сам паклапаціцца пра сябе. Уласна кажучы, клопат у яго адзін — хутчэй вярнуцца ў строй, знайсці сваё месца ў вайне з фашызмам. Цяпер, калі ён падужэў і знаходзіцца на волі, гэта, здаецца, не цяжка будзе зрабіць. Як кажуць, свет не без добрых людзей. I ў Мінску іх нямала, добрых людзей. Памогуць.

Саступіўшы асцярожна з адзення, ён сказаў:

— Прабачце. Заўтра раніцой я пайду. Дзякуй вам.

Вольга не адразу адказала на яго словы. Паднялася, зграбла з падлогі кучу адзення, кінула на стол. I раптам павярнулася да яго сухімі, гарачымі вачамі, без ценю разгубленасці — упэўненая, уладарная, такую яе Алесь назіраў цэлы месяц, як толькі апрытомнеў.

— Куды гэта ты пойдзеш? Нікуды ты не пойдзеш! Нікуды я цябе не пушчу!

Не думала яна, не ўяўляла, што наймацней, найбалючай раніць хлопца гэтымі добрымі словамі, найцяжэй абражае. Яму хацелася крыкнуць: «Думаеш, калі ты заплаціла за мяне залатоўкамі, дык я твой вечны раб?» Ды яна спытала ўжо амаль з пагрозай:

— Да Лены Бароўскай сабраўся?

Алесь збянтэжыўся, бо сапраўды перш за ўсё згадаў Лену, думаючы пра людзей, якія могуць памагчы яму.

— Што вы!.. Чаму да Лены? Навошта мне да Лены?..

Тады здарылася зусім неверагоднае, пра што ён, паэт, творца, ні разу не падумаў, хоць і даваў волю сваёй фантазіі ў бяссонныя ночы. Вольга раптам кінулася да яго, абшчапіла рукамі галаву, пачала цалаваць у лоб, у шчокі, у вусны і горача шаптала:

— Нікуды я цябе не пушчу! Нікому не аддам! Я люблю цябе! Люблю, дурненькі ты мой… Мужа так не любіла…

Такое ён сапраўды, відаць, не прыдумаў бы, нават не сабе — свайму герою будучай паэмы, якую марыў напісаць пасля вайны, калі застанецца жывы. Пра сябе, праўда, зрэдку думаў з трывогай: ці не хоча практычная гандлярка прысвоіць яго, як уласнасць? Гэта трошкі хвалявала — усё-такі жанчына яна прывабная, і дзіця ён палюбіў. Але з перспектывы такой ён смяяўся, упэўнены цвёрда, што перад любой падобнай спакусай выстаіць, хопіць у яго сілы і характару, бо не пра гэта цяпер думаць трэба.

Нечаканыя пацалункі Вользіны і прызнанне ў каханні пасяя ўсяго, што здарылася, пасля жорсткіх слоў яе, збянтэжылі Алеся, як сямікласніка, ён не мог вымавіць слова, не ведаў, што сказаць, як быць у такой сітуацыі. Як праявіць сілу і характар, каб не пакрыўдзіць, не абразіць жанчыну? Сказаць, што не кахае яе і ніколі не пакахае? Але ці шчыра гэта? Ці не зманіць ён ёй і самому сабе? Што цяпер не да кахання? Не зразумее. Ды і сам ён упэўнены, што нават вайна не можа заглушыць лепшыя чалавечыя пачуцці, самыя высокія і прыгожыя. Аднак жа і растаць ён не можа — не мае права! — ад жаночых пацалункаў. Трэба заставацца мужчынам!

— Вольга Міхайлаўна! Калі ласка, не трэба. Прашу вас… Недарэчна гэта ўсё. Не, я дзякую, канечне, вам. Але лепш зоймемся справай — навядзём парадак у доме…

Мабыць, ёй таксама зрабілася сорамна за свой нечаканы парыў. Адступіла ад яго. Не глядзела ў вочы. Цяжка ўздыхнула. Села на разрэзаны матрац канапы, хутаючыся ў паліто, быццам ёй зрабілася холадна. А ён стаяў насупраць і ўпершыню разглядаў яе вельмі пільна, раней так не адважваўся — баяўся, каб яна не падумала чаго нядобрага. Хацелася нарэшце зразумець гэтую жанчыну, загадкавую з таго моманту, калі позіркі іх сустрэліся праз калючы лагерны дрот, надзіва супярэчлівую, такой супярэчлівасці ў чалавечым характары ён не сустракаў за свае дваццаць гадоў, а гэта ўзрост, калі чалавеку здаецца, што ён спазнаў усе таямніцы свету. Што ж яна такое? Хто яна, Гандлярка? Мяшчанка? Ці Чалавек і Маці? Яму, узнёсламу рамантыку, два словы гэтыя хацелася заўсёды пісаць з вялікай літары. I вымаўляць іх гэтак жа высока.

Безумоўна, гледзячы на яе, Алесь ніводнай загадкі не адгадаў, толькі з новым, незнаёмым хваляваннем падумаў, што Вольга сапраўды-такі прыгожая (гэта ён заўважаў і раней, але не так пэўна і не ў такім спалучэнні думак і перажыванняў) і што ў такую жанчыну можна закахацца. Але тут жа нагадаў сабе, што такая раскоша і такая легкадумнасць яму не дазволены, бо так можна апынуцца ў абывацельскім балоце, а трэба ваяваць, помсціць ворагу, у яго адзін лёс — згарэць у барацьбе, іншага быць не можа.

Вольга, якая сядзела панурыўшыся, паглядзела ў шафу і засмяялася: убачыла сябе ў люстры.

— Паглядзі, якая я! Як агароднае пужала. Не помню, калі надзела гэтае паліто. I каўнер паставіла… I ў такім выглядзе прызнаюся…

Асеклася — не сказала, у чым прызнаецца. Але тут жа збянтэжыла Алеся іншым. Раптам падхапілася, скінула паліто, праўда, стоячы да яго спіной, і тут жа нацягнула лепшую зялёную сукенку, з тых, што падняла раней і паклала на стол.

Алесь не глядзеў на яе, пакуль яна пераадзявалася. Калі глянуў, то Вольга стаяла ўжо ў сукенцы і ў чаравіках на высокіх абцасах; падняўшы рукі, закручвала ў вузел косы. Быццам дагэтуль нічога не здарылася і яна збіралася ў госці. Гэтае яе пераадзяванне і ўвогуле нейкае дзіўнае пераўтварэнне, што адбілася на твары, у руках, яшчэ больш спалохала нябогу.

— Думаеш, мне шкада дабра, таму я плакала? Не такая я дурная, як думалі яны і думаеш ты. Усё лепшае я закапала так, што ці знайду сама пасля. I серабро, і золата. I лепшыя футры. Во ім, гадам, — яна склала дулю і паказала ў акно. — Усяго не стала хаваць, бо не паверылі б. Суседзі, як сабакі, усё жыццё вынюхвалі, што Ляновічы купляюць. I ёсць такія, што поўны спіс немцам, відаць, перадалі. Таму ўсяго і не схавала. Трэба ж нечым адкупіцца. Няхай яны падавяцца старымі футрамі, крыхаборы няшчасныя! А яшчэ крычаць — культурныя немцы! Зладзеі! Грабіцелі! — але сказала яна без той злосці, якую хацелася пачуць Алесю, а вось так, мнагаслоўна, па-базарнаму, але без нянавісці, якая кіпела ў ім, яна лаяла фашыстаў і раней, паліцаяў амаль гэтак жа лаяла пры іх — што яны п’янюгі, скуралупы, бабнікі, і тыя толькі смяяліся, нязлосна пагражалі пасадзіць яе ў турму за абразу ўлады, але, маўляў, не робяць гэтага толькі таму, што шкадуюць дзіця. Таму Алесь змаўчаў на яе словы.

Маўчанне яго закранула Вольгу.

— Што ты стаіш, як святы Макар? Ходзь, пасядзім разам. паплачам ці пасмяёмся, як нам захочацца, — яна зноў села на канапу і, убачыўшы яго нерашучасць, засмяялася. — Ходзь сюды. Сядай. Не бойся. Не ўкушу.

Не прыняць яе запрашэнне было б недарэчна, і Алесь рашуча сеў побач.

Тады яна загаварыла зусім інакш — без гуллівасці, сур’ёзна, даверліва, панізіўшы голас да шэпту:

— Я ад страху плакала. Каб ты ведаў, як я перадрыжала. Душа ўвесь час, пакуль яны шукалі, не тут была, а тут, — яна дакранулася да абцаса чаравіка. — Пакуль я зразумела, што гэта не тыя, не з гестапа. Гэтыя — з лагера, ад таго тоўстага кныра, што ўзяў золата за цябе, ён адрас мой запісаў… Бач, на гарэлку як накінуліся, зладзюганы. Каб яны напрактыкаваныя былі на вобысках, то, ведаеш, што маглі б знайсці? Усім бы нам труба! — Вольга нахілілася і дыхнула Алесю ў вуха: — Радыёпрыёмнік… I пісталет.

— У цябе ёсць пісталет? Дзе ты ўзяла?

— Цішэй ты! Зняла з забітага ў пачатку вайны.

Ні тады, калі Вольга выкупіла яго з лагера і яны беглі па полі, каб хутчэй уцячы ад жудаснага месца, ні на кастрычніцкае свята, калі яна прапанавала ўрачысты абед, ні тады, калі Лена Бароўская ўпотай паведаміла, што ў горадзе ёсць камуністы і камсамольцы, якія арганізоўваюцца на барацьбу, ні колькі хвілін назад, калі Вольга так раптоўна прызналася, што кахае яго і нікому не аддасць, — ніколі сэрца яго не білася так моцна, так усхвалявана, трывожна і радасна, як ад звесткі, што ў доме ёсць пісталет.

V

Пасля вобыску Вольга пажвавела, асталела, зніклі начныя страхі — і гандлявала яшчэ з большай актыўнасцю. Толькі пачала гандляваць інакш. Назіраючы жыццё і рынак, яна ўжо даўно пачала думаць, куды ўсё хіліцца, што ў будучым, зімой і вясной, набудзе асаблівую цану — харчы, хлеб, бульба, буракі, не кажучы ўжо пра сала. Розум у яе быў камерцыйны, кан’юнктуру рынку, як кажуць эканамісты, яна не толькі добра ведала, але умела рабіць прагноз. Магчыма, што начны налёт фашыстаў, іх пошукі золата, радасць ад знойдзенай гарэлкі і кансерваў з’явіліся штуршком для перагляду ўласнай гандлёвай палітыкі. Пэўнае значэнне мела і размова з Алесем, яе прызнанне, яно ўмацавала надзею на новае жаночае шчасце. Адным словам, выносіць прадукты на рынак пачала рэдка — абы напомніць пра сябе, «адвесці душу» з ранейшымі сяброўкамі, павыскаляцца перад паліцаямі. Цяпер яна часцей заглядвала на барахолку. Прадавала і купляла сама. Купляла рэчы, невялікія, каштоўныя — сярэбраныя, залатыя, якія лёгка можна было схаваць. I прадукты яна цяпер часцей купляла, чым прадавала. Але не на рынку. Па прадукты хадзіла ў недалёкія вёскі; там у сялян выменьвала на кофтачкі, сарочкі, спадніцы і соль вяндліну, сыры, сала, крупы, абадраныя ў ступах.

Такая шырокая гандлёвая дзейнасць Вользе падабалася. Было ў ёй больш разнастайнасці, азарту, выдумкі, добра трэба было варушыць мазгамі — як, дзе, што найбольш выгадна купіць, прадаць, перапрадаць, схаваць. Падабалася барахолка, якую некалі маці не прызнавала, лічыла, што там таўкуцца толькі дзве чалавечыя пароды — махляры і дурні. Цяпер, пры немцах, нястача, голад вымушалі з’яўляцца туды ўсіх, хто раней не ведаў, дзе знаходзіцца гэтая «абіралаўка». На такім рынку неяк губляешся сярод людзей. Нават з паліцаямі радзей сутыкаешся і радзей плаціш «калым». Бобікі дадому перасталі заглядваць, калі яна знікла са свайго звыклага месца ў харчовым радзе на Камароўцы. На «таўчку» людзі смялей гавораць, больш можна пачуць пра гарадскія навіны, пра нямецкія загады і нават пра сваіх — як яны там ваююць, дзе.

I ў вёскі цікава хадзіць, пагаварыць з сялянамі, хоць тут небяспека большая і паборы большыя: на кантрольных пастах — нямецкія салдаты, з імі бывае нялёгка дамовіцца. Аднойчы Вольга прапанавала ім кавалак сала, а яны забралі ўсю яе торбу І самую груба піхнулі, нахабнікі. Але ў гэтай небяспецы было штосьці новае, прыцягальнае, Вольга як бы брала ўдзел у нечым большым, чым звычайная мена, быццам рабіла нейкі маленькі подзвіг. Ва ўсякім разе, калі пра свае поспехі на барахолцы расказвала Алесю вельмі скупа — дзесятак слоў між іншым: ведала, што яму не падабаецца яе занятак, — то пра паходы ў вёскі расказвала падрабязна, ахвотна.

Аб тым, што яна сказала ў той вечар, пасля вобыску, яны нічым не нагадвалі адно аднаму. Яна, Вольга, больш выяўляла жаночай сарамлівасці, чым раней. Але зрабілася яшчэ больш уважлівай да яго патрэб, асабліва да душэўных. Прыносіла кнігі. Купляла іх, не шкадуючы грошы. Аднойчы прынесла Аляксея Талстога — «Блуканне па пакутах». Алесь здзівіўся і спалохаўся, калі яна сказала, што купіла кнігу. Хто яе мог прадаваць? Чалавек, які не разумеў, што гэта за кніга? Ці патрыёт, што рабіў выклік ворагу? А раптам правакатар, каб асачыць таго, хто купіў кнігу?

Часцей прыносіла паэзію, ведаючы, як ён любіць вершы. I, здаецца, сама палюбіла іх. Часта ўвечары прасіла, каб ён прачытаў Блока, Лермантава, Купалу, Багдановіча. I газы не шкадавала. Дарэчы, Багдановіча прынесла Лена, і Вольгу зноў раўніва кранула, бадай узлавала, што невялічкая кніжачка ўзрадавала Алеся больш, чым некаторыя вялікія, у прыгожых вокладках, якія прыносіла яна, узрадавала гэтак жа, як некалі ўзрадаваў Блок. З кніжак, якія купіла яна, Вольга, ён так радаваўся хіба Лермантаву. Вольга помніла са школы «Смерць паэта», асобныя радкі. Прачытала іх:

Погиб Поэт! — невольник чести —
Пал, оклеветанный молвой,
С свинцом в груди и жаждой мести,
Поникнув гордой головой!..

Алесь ажно праслязіўся. I ёй было радасна ад яго слёз. Пасля Алесь колькі разоў употай назіраў раніцамі, як Вольга брала кніжкі паэзіі і, не прычзсаная яшчэ, босая, без кофтачкі, чытала вершы, як малітву, — варушыла губамі, потым загортвала кніжку і, узняўшы галаву, шаптала радкі, калі не помніла, заглядвала ў кніжку. А пасля, удзень ці ўвечары, завіхаючыся на кухні, ціха, на свой матыў, спявала асобныя радкі:

У родным краі ёсць крыніца
Жывой вады,
Там толькі я змагу пазбыцца
Сваёй нуды.

Ці, укладваючы малую, спявала на матыў калыханкі, але, безумоўна, не для дачкі — для таго, каб зрабіць яму прыемна, помніла, якія вершы ён чытаў на памяць:

В небесах торжественно и чудно!
Спит земля в сиянье голубом…
Что же мне так больно и так трудно?
Жду ль чего? Жалею ли о чем?

«Зорку Венеру» Вольга спявала ў школьным хоры. Не ведала, аднак, не помніла, што словы напісаў Багдановіч, пра няшчасны лёс якога Алесь доўга і цікава расказваў. Між іншым, толькі такі ўступ прымусіў яе слухаць вершы з кнігі, якую прынесла Лена і якой Алесь узрадаваўся больш, чым яе кнігам. Калі ён дачытаў да «Зоркі…», Вольга быццам сустрэлася з добрай школьнай сяброўкай і тут жа праспявала гэтую песню. Расчуліла хлопца. Здаецца, менавіта тады ён сказаў:

— Вучыцца табе трэба, Вольга. — Быў адзін прыемны вынік таго вечара і яе прызнання: цяпер ён заўсёды казаў ёй «ты», і гэта пэўным чынам збліжала іх пры ўсёй стрыманасці і ўзаемнай ніякаватасці.

— Калі вучыцца? Цяпер!

— Не цяпер, вядома. Пасля вайны. Чаму ты не вучылася да вайны?

Вольга пасуровела, нават узлавалася.

— Лёгка табе гаварыць, у цябе маці настаўніца. А ў мяне — гандлярка камароўская. А пасля вайны… Божа мой, ты і праўда як незямны, як анёл. Няўжо не ведаеш, што будзе пасля вайны?

— А што будзе?

— Голад будзе. Галеча. Не да вучобы тады будзе. Асабліва такім, як я…

— Мы пераможам — не будзе голаду, не будзе галечы!

— Пераможам… Калі тое будзе! Немцы пад Масквой. Вунь крычаць з рэпрадуктараў на ўсіх рынках. што заўтра Маскву возьмуць…

— Усё адно мы пераможам! — шчокі ў хлопца заружавеліся, вочы заблішчалі, голас задрыжаў. — Ты не верыш у перамогу?

Вольга ведала, як пакутліва ён перажывае такія размовы. Паліцаі неяк былі, пілі ў зале, крычалі, што хутка Гітлер зробіць Сталіну капут, дык пасля іх яго, нябогу, усю ноч паліла, ён ажно трызніў, яна, Вольга, спалохалася, што ён зноў цяжка захварэў.

— Веру. Веру.

Увогуле, яна пачала стрымлівацца ад слоў, якія б маглі яго пакрыўдзіць, абразіць, і ўсё яшчэ адчувала сваю віну за тое, што крыкнула яму так: «Зараза!»

Запэўніванню, што яна верыць у перамогу, Алесь не надта паверыў, пачаў горача даводзіць, што без веры нельга жыць, што каб ён страціў веру, то не жыў бы ніводнага дня, не чапляўся б за жыццё, бо які сэнс у ім, калі брудны салдацкі бот фашыста растопча, спаганіць усё дарагое, дзеля чаго варта жыць.

Вольгу ўсё яшчэ палохалі такія яго словы, уласна кажучы, не столькі самі словы, колькі тое, як ён іх гаворыць, з якім запалам. Але цяпер яна не запярэчыла. Нават не адважылася папрасіць, каб нікому іншаму пра гэта ён не гаварыў. Моц яго духу скарыла яе. Вольга адчувала, што ўлада, якую яна мела над ім, хворым, канчаецца, адбываецца нешта такое, што можа прывесці да таго, што ўладаром — не, не маёмасці, не, гэтага яна не баялася — думак, пачуццяў яе зробіцца ён, гэтага яна баялася, аднак — дзіўна — усё слабей супраціўлялася. Вершы заваражылі, закалыхалі, ці што? Недарэмна яна падумала, што тая першая, прынесеная Ленай Бароўскай кніга ў самаробнай вокладцы — магія.

Часам яна прыбягала з рынку, задаволеная ўдалай купляй-продажам, поўная маладой энергіі, здароўя, бачыла парадак у доме — стаўшы на ногі, Алесь зрабіўся нядрэннай гаспадыняй, ва ўсякім разе, за малой глядзеў лепш, чым цётка Марыля, — і ў яе з’яўлялася жаданне зрабіць яму прыемнае. Калі Светка была цяплей адзета, хапала яе, кружылася з ёй, прытанцоўвала, спявала:

Я — калгасніца маладая…

Спачатку Алесь насцярожыўся: ці не здзекуецца яна з радасці таго жыцця, якое дало натхненне вялікаму песняру, а яму, маладому паэту і воіну, дало сілы не сагнуцца пад навальнічным ветрам ваеннай нягоды? Але Вольга паўтарыла песню раз, другі… без іроніі, шчыра, з яўным намерам парадаваць яго. I ён сапраўды парадаваўся ад таго, што ў яе з’явіліся жаданне і смеласць спяваць гэтую песню. Урэшце, пераканаць, пераламаць самую сябе — гэта таксама не мала, баец пачынаецца з песні, ад таго, што ён спявае, залежыць яго баявы дух. Так гаварыў рэдактар іх армейскай газеты стары батальённы камісар Гаўрон. Ён застрэліўся, каб не трапіць у палон, калі немцы акружылі рэдакцыю. Алесь бачыў яго смерць і лічыў яе праяўленнем высокай мужнасці, якой не хапіла ў яго, ад чаго ён душэўна пакутаваў і ў лагеры, і тут, у Вольгі, калі ляжаў хворы. Цяпер так не балела, бо ён пачаў думаць інакш: каму была б карысць, каб ён згніў у зямлі? Немцам. А так ён можа яшчэ паваяваць. Нават калі заб’е толькі аднаго фашыста, то і дзеля гэтага варта было перанесці ўсе пакуты, жыць да апошняга ўздыху.

Але ён жыў зусім іншым жыццём, чым Вольга. Ператвораны ў няньку, ён рыхтаваў сябе да іншага — да выканання прысягі, якую прыняў год назад. Гартаваў сваю перакананасць, свой высокі ідэал, гартаваў так, каб нішто не магло парушыць іх, і сваю волю, каб не адступіць перад любой пагрозай, не пахіснуцца перад смерцю, пад дуламі варожых аўтаматаў, перад шыбеніцай. Для такой загартоўкі выкарыстоўваў усё: паэзію ў першую чаргу, свае ўспаміны, мары, думкі пра маці і нават клопат пра дзіця, бацька якога ў Чырвонай Арміі, сваю любоў да малой; яна, любоў да дзіцяці, неяк матэрыялізавала яго агульную любоў да жыцця, да людзей і нагадвала пра сэнс барацьбы і пра сэнс ахвяравання ў гэтай барацьбе. Адно хіба не памагала ў гэтай душэўнай падрыхтоўцы — супярэчлівасць адносін і пачуццяў да Вольгі. Разумеў, што ў яго не хопіць ні часу, ні ўмення перавыхаваць яе, зрабіць інакшай, адвадзіць ад гандлю, накаплення багацця. Прыватніцтва, сквапнасць — самыя трывалыя перажыткі. Неяк Вольга ў хвіліну шчырасці прагаварылася, што марыць адчыніць сваю крамку — немцы ахвотна даюць дазвол. Як ёй давесці, што за такія дзеянні ёй прыйдзецца адказваць перад савецкім законам? У кожнага спытаюць: што ты рабіў у вайну? Каму памагаў? Каго карміў ці адзяваў — сваіх ці ворага?

У бяссонныя ночы абдумваў дзесяткі… сотні розных варыянтаў свайго ўступлення ў строй змагароў. Спачатку часцей пераходзіў лінію фронту, потым, пасля размовы з Ленай, ішоў у партызаны, дзейнічаў тут, у Мінску. Часам надта ўжо ўзносіўся ўгору, уяўляў сябе вялікім, няўлоўным героем, але тут жа спускаўся на зямлю, бязлітасна высмейваючы марную фантазію. Хіба ваеннае жыццё не даказала яму, што зрабіцца героем у такой вайне вельмі не проста? Ды ўвогуле не пра гераізм і славу трэба думаць — пра сумленнае выкананне свайго воінскага абавязку.

Хоць нічога пэўнага Лена Бароўская яшчэ не сказала, але больш рэальныя думкі аб уступленні ў барацьбу звязваліся з ёй, бо яна расказала пра партызан у навакольных лясах і пра людзей, што арганізуюцца ў Мінску.

Вользіна прызнанне ў каханні і паведамленне, што яна мае радыёпрыёмнік і пісталет, пачало зноў настройваць яго разгарачаную, няўрымслівую фантазію на высокую хвалю. Часам Вольга вырастала ў таямнічую асобу, напрыклад, у пакінутую нашымі разведчыцу высокага класа. Але, разважыўшы, прыходзіў да высновы, што лухту ён думае: не тым жыццём жылі Ляновічы да вайны, каб маладая жанчына з дзіцем, якую ўсе тут ведаюць, магла ўзяцца выконваць такое даручэнне. I не тыя погляды трэба мець, як у яе. I не такой баязліўкай трэба быць. Неяк увечары, калі ўклалі разам Свету, якая разгулялася і доўга капрызнічала, і засталіся ўдваіх, адчуваючы няёмкасць, якой не было да Вользінага прызнання, Алесь спытаў шэптам:

— Ён спраўны?

— Хто?

— Прыёмнік.

— Відаць, спраўны.

— Давай паслухаем Маскву.

У яе зрабіліся круглыя — па яблыку — вочы.

— Ты што, дурань, на шыбеніцу захацеў?

Во якая «разведчыца»!

Пра пісталет не адважыўся спытаць — дзе схаваны, хоць пісталет, як нішто іншае, пазбавіў сну. Думаў пра яго ўдзень і ўначы. Бачыў яго, адчуваў халадок рукаяткі, ласкава гладзіў варанёнае дула. Калі заставаўся адзін з малой, шукаць не адважваўся: лічыў ганебным па-зладзейску абшукваць чужы дом; самае большае — мог заглянуць у шафу ці адчыніць шуфляды камода і сталоў. Нават у пограб, калі не было Вольгі, ні разу не спусціўся. Але хадзіў па доме, спыняўся ў кутках, дзе можна хітра схаваць невялікую рэч, часцей, чым трэба, наступаў на маснічыну, якая рыпела, напэўна, адрывалася. Нейкім невядомым звышчуццём адчуваў блізкасць зброі, і гэта хвалявала. Ведаў, як нечакана проста, недалёка, але хітра ўмеюць хаваць рэчы жанчыны, мужчыны звычайна хаваюць далей, але схованкі іх знаходзяць лягчэй. Вольга схавала недалёка, яна сама сказала пра гэта, калі прызналася, як перадрыжала, пакуль гітлераўцы шукалі золата. Значыцца, пісталет недзе тут, у доме, не дрыжала б, каб закапала недзе ў садзе ці ў хляве.

Чамусьці быў упэўнены, што ў нейкі міг раптоўна, гэтак жа, як нечакана з’яўляюцца паэтычныя вобразы, дэталі, прыйдзе прасвятленне і ён здагадаецца, дзе схаваны пісталет. I ўзброіцца. I заб’е першага фашыста. Скончацца пакуты ад таго, што за тры месяцы на фронце, цяжкага і ганебнага адступлення з арміяй, ён асабіста не забіў ніводнага фашыста; тройчы трапіўшы ў акружэнне, ні разу не страляў ва ўпор, так, каб бачыць ворагаў і што твая куля скасіла хоць аднаго з іх.

Застаўшыся адзін, Алесь пісаў вершы, пачаў тады, калі чуць акрыяў ад хваробы, калі яшчэ не вельмі верыў, што выжыве. Хацелася, каб нешта засталося пасля смерці, бо ў палоне страціў усё, што пісаў раней. Захопленае немцамі знікне, безумоўна, бясследна. Для літаратуры каб засталося — пра гэта не думаў. Для маці. Каб яна ведала, чым ён жыў у апошнія дні.

Запісваў вершы ў вучнёўскі сшытак і хаваў яго пад матрац. Гітлераўцы перавярнулі яго пасцель. Добра, што сшытак не зацікавіў іх, а то прачыталі б пра гнеў яго і нянавісць. Пасля вобыску, завучыўшы вершы на памяць, ён спаліў сшытак у грубцы — каб не падвесці Вольгу. Жаданне пакінуць пасля сябе слабыя вершы (наконт іх вартасцей ілюзій не меў) цяпер здавалася наіўным. За час хваробы ён узмужнеў і пасуровеў больш, чым за час палону. Іншыя былі думкі, імкненні. Але не пісаць не мог — душа гарэла.

Адзінае, што ён браў без Вользінага дазволу, — гэта шматкі якой-небудзь паперы: лісткі падранага падручніка, старога сшытка, кавалкі шпалераў. На іх запісваў вершы, пакуль сачыняў іх. Пасля вывучваў і паперкі паліў. Ніякіх слядоў. Толькі Светка часам расказвала маці, паказваючы пальчыкамі на грубку:

— Жы-жа…

Ды Вольга не разумела, лічыла, што дачка просіць распаліць грубку.

Хацелася на вуліцу, пагуляць, умацаваць свае як бы размяклыя ногі. Вольга дзён колькі не дазваляла выходзіць, быццам баялася, што калі выйдзе, то не вернецца. Безумоўна, ён мог бы выйсці сам, каб не трэба было прасіць у яе паліто. Урэшце наступіў дзень. калі Вольга сама дала яму кажух, бацькаў. Дазволіла выйсці, толькі папрасіла далей сваёй вуліцы не хадзіць.

Выйшаў надвячоркам, калі яшчэ не наступіў каменданцкі час. Горад ахутаўся марознай імглой. На дрэвах нарос іней, і ў такім уборы дрэвы былі казачна прыгожыя. Алесь заўсёды любіў іней і многа пісаў пра такое зімовае хараство. Над камінамі драўляных камароўскіх дамоў зусім па-вясковаму паднімаўся дым, які чамусьці расчуліў больш чым што. Прыгадаўся грыбаедаўскі радок «и дым отечества нам сладок и приятен». Сапраўды, ён быў салодкі, гэты дым, ён вельмі прыемна пах, нават там, дзе палілі торфам.

А ўвогуле такая мірная прыгажосць і цішыня спалохалі. Не сама цішыня, а тое, што ён залюбаваўся ёю, паверыў у яе. Прагна, нібы выйшаў з сутарэння, удыхаў марознае паветра, так глыбока, што кружылася галава. Перамог слабасць — пайшоў па вуліцы. А калі пайшоў, то прыгажосць як бы аддалілася. Адразу падумаў: «Дзе дом Лены Бароўскай?» Лена пасля вобыску не з’яўлялася. А менавіта цяпер хацелася пагутарыць, хоць дакладна не ведаў, што канкрэтна мог бы сказаць ёй, але верыў, што ад размовы іх нешта магло б прасвятліцца. Калі вярнуўся дадому, вельмі карцела спытаць у Вольгі, дзе жывуць Бароўскія, але проста так спытаць не адважваўся, падступіў здалёк:

— Чамусьці Лена не заходзіць?

— Засумаваў? — спытала Вольга іранічна і насцярожана, пасля сурова растлумачыла: — Не да гулянак ёй, на хлеб трэба зарабляць, сям’я галадае.

Але яму пашанцавала. На трэці свой выхад ён сустрэў Лену на вуліцы. Мароз у той дзень паменеў, неба ачысцілася і гарэла на захадзе злавеснай чырванню, пад нагамі звонка рыпеў снег. Лена натуральна і проста ўзрадавалася, што ён гуляе.

— Ужо выходзіш? Ой як добра!

Раней яны гаварылі, як даўнія сябры пасля доўгага расстання, якія мелі што сказаць адно аднаму, але ад нечаканасці сустрэчы разгубіліся, таму не ведалі, з чаго пачаць. Размова ўвайшла ў натуральнае рэчышча, калі Лена спытала, што ён думае цяпер рабіць, дзе думае працаваць, якую мае прафесію. Засмуцілася, пачуўшы, што прафесіі ў яго ніякай няма: не паспеў набыць, з трэцяга курса педінстытута забралі ў армію. Але, даведаўшыся, што ў арміі ён працаваў у рэдакцыі, павесялела.

Прапанавала:

— Прыходзь да нас у друкарню. Я пагавару з начальнікам цэха. Ён добры, наш Ганс.

— Ваш Ганс? Добры? — насцярожыўся і ўсумніўся Алесь. Лена зразумела яго, пасміхнулася.

— Мы клічам яго Іванам Іванавічам. Яму падабаецца. Праўда, ён добры і… даверлівы. Добра, што ён даверлівы.

Ведаючы, што такое друкарня, Алесь мог уявіць, як можна выкарыстаць даверлівасць немца-начальніка. Магчыма, уявіў большае, чым маглі рабіць Лена і яе сябры ў той час.

— Як там нашы? — спытаў шэптам, аглянуўшыся.

Лена ўздыхнула:

— Цэлы тыдзень не маем зводак.

Алесь зразумеў, чаму яна ўздыхнула, і нечакана нават для самога сябе сказаў:

— У аднаго чалавека ёсць прыёмнік.

— У Вольгі? — здагадалася Лена, бо пра каго яшчэ мог ведаць гэты хлапчына, які першы ці другі раз выйшаў на вуліцу пасля хваробы. Вочы ў Лены заблішчалі не простай цікаўнасцю. — Вы слухаеце?

— Што ты! Каб Вольга адважылася слухаць…

— О, ад Вольгі можна чакаць самага нечаканага.

— Але не гераізму.

Алесь расказаў, пасля якога здарэння Вольга прызналася, што мае прыёмнік. Пра пісталет змаўчаў.

Кіраўнік групы папярэджваў, што нават з такім палонным трэба мець пэўную асцярожнасць — залішне лёгка яго аддалі з лагера. Але згадзіцца з ім Лена не магла, бо ведала, як хлопец хварэў, чула, як, ледзь апрытомнеўшы, ён слабым голасам вось гэтак жа спытаў: «Як там нашы?» I як узрадаваўся кастрычніцкаму віншаванню і Вользінай прапанове адзначыць свята! Таму без усякай канспіратыўнай хітрасці сказала:

— Трэба забраць у яе прыёмнік.

— Як?

— Падумай. Гэта тваё першае баявое заданне.

Лена ўявіць не магла, як усхвалявалі Алеся словы «баявое заданне», бо шмат што раскрывалі. Ад свайго імя Лена так не гаварыла б. Некалі яна сказала яму, хвораму, што ў горадзе ёсць людзі, камуністы, гатовыя падняцца на барацьбу. Значыцца, цяпер яна гаворыць ад імя тых людзей, яны даюць яму баявое заданне! I ён абавязкова павінен выканаць гэтае заданне! Напачатку яно не здалося складаным: калі добра папрасіць Вольгу… Але Лена папярэдзіла яго, што Вользе не трэба гаварыць, ад каго просьба, ды і пра тое, што яны сустрэліся, лепш змаўчаць; па прыёмнік, калі ён дамовіцца, прыйдзе нехта іншы. Тады ён зразумеў, што не простае ў яго заданне, не лёгкая задача.

З Ленай яму было хораша, проста, па-свойску неяк, як з сястрой. Але яна хутка развіталася.

— Не трэба, каб звярнулі на нас увагу. Камароўскія пляткаркі адразу разнясуць, як сарокі. А Вольга раўнівая. Нікому не дазволіць галіцца на тое, што яна лічыць сваім, — Лена ўсміхнулася не вельмі весела, бадай сур’ёзна, як бы падкрэсліваючы, што не жартуе.

Алесь засаромеўся, як дзяўчына, яму здалося, што Лена ведае пра размову, якая адбылася паміж ім і Вольгай пасля вобыску.

Ён намерваўся пагаварыць з Вольгай у той жа вечар. Але яна вярнулася з нейкага свайго гандлёвага паходу не ў гуморы, злосная. Раней ён пастараўся б узняць яе настрой. Але цяпер адносіны іх яшчэ больш ускладніліся. Пасля той размовы ў яго з’явіліся нейкая асаблівая насцярожанасць і боязь. Але ён баяўся яе сілы і сваёй слабасці, а таму хваляваўся і бянтэжыўся больш, чым тады, калі ляжаў хворы. Як жа сказаць аб прыёмніку? Для такой размовы неабходны нейкі іншы душэўны кантакт. Але які і як яго наладзіць? Толькі ўвечары наступнага дня здалося, што Вольга добрая, трохі як бы засмучаная, але душэўна мяккая, ласкавая. Ды і ён сам пераканаў сябе за дзень, што адкладваць нельга, не для забаўкі патрэбна рэч — для барацьбы, у такой справе не толькі дзень — кожная гадзіна дарагая.

За сталом, калі вячэралі, Вольга ўгледзелася яму ў твар, спытала:

— Чаму ты слаба папраўляешся? Адны вочы блішчаць. Дрэнна я цябе кармлю, ці што? Еш больш.

— Дзякуй. Ем. Больш няма куды.

— Сушаць цябе думкі.

— Сушаць, — згадзіўся ён, адразу сцяміўшы, што ад такой размовы можна перакінуць масток да іншай.

Вольга ўздыхнула, здагадалася, пэўна, якія ў яго думкі. Гэта ўжо амаль масток.

— Думак многа… Але цяпер я ўсё думаю пра твае рэчы…

— Пра якія?

Ён азірнуўся на цёмнае акно, без слоў даючы зразумець, пра якія рэчы пойдзе гаворка.

— Навошта ты іх хаваеш? Наляцяць зноў груганы… перавернуць усё і знойдуць. Ведаеш жа нямецкія пастановы на гэты конт. Літасці не чакай. А ў цябе дзіця… Загубіць сябе з-за сквапнасці…

Пра сквапнасць не варта было гаварыць. Вольга адкінулася на спінку крэсла, глыбока ўдыхнула паветра, і ноздры ў яе драпежна раздзьмуліся. Але спытала пакуль што спакойна:

— Куды ж мне іх дзяваць?

Алесь прадбачыў такое пытанне і меў на яго розныя адказы. Быў варыянт прапанаваць ёй прадаць прыёмнік. Лена прыслала б пакупніка. Але раптам зразумеў, што любая хітрасць тут не да месца. Толькі шчырасць, толькі поўны давер могуць уздзейнічаць на гэтую жанчыну, пакарыць яе. Так яму здалося.

— Ёсць людзі, якім вельмі патрэбны прыёмнік.

Вользін твар зрабіўся непрыгожы ад дзіўнага аскалу — быццам хацела ўсміхнуцца і… не здолела, не выйшла ўсмешка, застыла, змярцвела. Узнялася з крэсла асцярожна, быццам ёй забалела, і спачатку спытала ціха:

— Каму… каму патрэбны? Лене?

— Не адной ёй… Не музыку слухаць.

Усмешка ўрэшце як бы прабілася праз цяжкую маску, але нядобрая, злосная, Вольга зашыпела:

— Хутка ж вы знюхаліся! Два разы выйшаў пагуляць — і сустрэліся, дамовіліся… Ці яна бегае да цябе, калі мяне няма? Застану — ногі пераб’ю, — гэта ўжо быў крык, яна сарвалася, закрычала на поўны голас, паказала фігу ў цёмнае акно з большай злосцю, чым паказвала яе немцам. — А во ёй, а не прыёмнік! Паламлю! Спалю! Закапаю!.. А ёй не дам! Скруціць яна галаву і без майго прыёмніка! Бач ты, змагарка! Цяпер я ведаю, за каго яна змагаецца!

Алесь падскочыў да яе, схапіў за плячо, тармаснуў:

— Сціхні! Зараз жа сціхні! На каго ты крычыш? Чаму ты крычыш? Людзі жыцця не шкадуюць… Людзі хочуць ведаць праўду, каб народу расказаць. Людзі хочуць памагчы Чырвонай Арміі. У цябе там муж, брат. А ты… ты пра што думаеш? Пра багацце? Пра вантробу сваю? Мяшчанка!

Сказаў гэта і… сумеўся, зразумеў, што перабраў, змоўк, чакаючы, што ў адказ Вольга зараз такое сыпане… Але яна маўчала. Глядзела на яго шырока расплюшчанымі вачамі, і свяцілася ў іх не злосць, не абурэнне, а, бадай, здзіўленне. А яму зрабілася цяжка дыхаць. Успышка спаліла сілу, якой ён яшчэ не многа накапіў. Панурыўся, ціха сказаў:

— Не трэба нам твой прыёмнік, без яго абыдземся.

I пайшоў з кухні ў свой цёмны пакой. Сеў на ложак. Пачуў, як моцна б’ецца сэрца. Кружылася галава. Зноў, як і тады, пасля вобыску, калі яна крыкнула: «Зараза!» — падумаў, што, калі ў яго ёсць хоць кропля гонару, ён павінен тут жа пакінуць гэты дом. Але зноў быў вечар, хоць і не такі позні, як тады, аднак патрулі паказваюць сваю пільнасць. Без пропуска не пойдзеш… Ды і адзенне… Ён вымушаны будзе прасіць у яе… Каб перабегчы да Бароўскіх, бадай, не трэба ні пропуска, ні цёплай вопраткі. Але дзе іх дом? Недзе ў суседнім завулку, аднак ні назвы завулка, ні нумара дома ён не ведае, у Лены не паспеў спытаць, у Вольгі — не адважыўся… Безумоўна, не ўсе людзі ходзяць з прапускамі. Але ў такім разе трэба ведаць горад і мець пэўную мэту, пэўны адрас — куды ісці. Ён жа горада не ведае і, акрамя Лены Бароўскай, не мае ніводнага знаёмага, які мог бы даць прытулак у зімовую ноч. «Прытулак» могуць даць гестапа ці паліцыя.

Пакутаваў не толькі ад безвыходнасці свайго становішча, ад ганебнай рабскай залежнасці, але і ад таго, што сказаў Вользе крыўднае слова. Нягледзячы ні на што, ён не можа не быць удзячным ёй. Марыў зусім не так развітацца. Марыў нізка пакланіцца ёй, пацалаваць рукі і словы сказаць асаблівыя. А сказаў вунь як!

Аб тым, што жорсткія і гнеўныя словы яго не пакрыўдзілі Вольгу, не мог і падумаць.

А між тым гэта было так. Прывыкшы ў сваім базарным асяроддзі і не да такіх слоў, Вольга зусім не пакрыўдзілася за мяшчанку і за ўсе папрокі, якія ён кінуў. Пра вантробу думае? А хто не думае? Колькі іх, такіх, як ён, святых? Кароткае ў іх жыццё ў такі жорсткі час. Як у матылёў. Толькі пад крылом яе мяшчанскім ён можа пражыць даўжэй. Пра гэта яна думала ўвесь час. А ўспышка яго нават узрадавала. Як ён схапіў яе за плячо, як трасянуў, як зашыпеў. Можа, упершыню яна пачула ў ім мужчыну.

Але, успомніўшы, як пасля вобыску ён сказаў, што раніцой пойдзе, яна спалохалася. Зразумела раптам: не ён абразіў, а яна абразіла пачуцці яго высокія, імкненні. I ён можа пайсці. Гэтага яна баялася. Ад думкі такой халадзела не адну ноч. Страшна застацца адной. Каб зноў нахабна прыставалі паліцаі… Але нават не з-за гэтага. Можа, галоўнае ў тым, што з ім яна пачула сябе ж бы багацейшай і… чысцейшай. Душэўна чысцейшай. Раней ніколі не думала, што, акрамя таго багацця, якое можна купіць і прадаць. ёсць яшчэ такое, душэўнае, якое не купляецца ні за якія грошы, але з якім лягчэй жыць, калі маеш яго — усё жыццё набывае іншы сэнс. Цяпер нават да гандлю свайго, да прадуктаў, дарагіх рэчаў яна ставілася інакш, пачала думаць, што ўсё гэта можа спатрэбіцца не ёй адной, не толькі дзеля таго, каб забяспечыць шчасце дачкі, як некалі думала і старалася старая Ляновічыха. Каму і навошта гэта можа спатрэбіцца — пакуль што выразна не ўсведамляла, але думкі такія таксама як бы ачышчалі і ўзбагачалі. I ўсё гэта — ад яго, ад гэтага хворага хлапчыны. Ад вершаў яго. Ад высокіх слоў пра Радзіму. Ад парыванняў, над якімі спачатку хацелася смяяцца: маўляў, хоць і дваццаць гадоў маеш, а думкі ў цябе дзіцячыя… начытаўся кніжак, а жыцця не ведаеш, а яно, жыццё, зусім іншае, чым у кніжках. Але цяпер выходзіць, што і яе нечым захапіла гэтае кніжнае, выдуманае, як яна лічыла, жыццё. Дык, можа, не такое яно і выдуманае? Можа, праўда, трэба жыць інакш? Не, аб тым, каб змяніць сваё жыццё цяпер, у вайну, Вольга, безумоўна, не думала. Няма ёй чаго галадаць, як Бароўскім, і дзіця голадам марыць. Але аб тым, каб спалучыць адно з другім, свае рыначныя справы з незвычайнасцю, прыгажосцю вячэрняга адпачынку, — аб гэтым думала неаднойчы. Каб ён ціхім, але дрыготкім ад хвалявання голасам чытаў вось такое:

Таварышы-брацця! Калі наша радзіма-маці
У змаганні з нядоляй патраціць апошнія сілы —
Ці хваце нам духу ў час гэты жыццё ёй адцаці,
Без скаргі палегчы ў магілы?! —

а яна сядзела б, падпёршы рукой шчаку, глядзела б на яго бледны твар, на яго сапраўды-такі анёльскае аблічча, і ёй хацелася б плакаць ад чужых жаласлівых слоў, ад свайго замілавання м, ад страху за яго… ад усяго адразу.

Не, няхай яна будзе шчырая сама з сабой: думала яна не толькі пра духоўную блізкасць, але і пра іншую… Не пасаромелася прызнацца, што кахае яго і нікому не аддасць. I каханне яе цяперашняе зусім не падобнае на тое, якое яна мела да Адася і да замужжа, і пасля, калі жылі разам. Яно, гэтае новае каханне, — як у таго Блока, якога яны чыталі разам, а пасля раніцамі яна чытала адна, чамусьці не жадаючы, каб Алесь бачыў гэта, саромеючыся. Толькі рэўнасць яе была ранейшая, такая ж, як і да ўсіх тых жанчын, што часам зазіраліся на яе Адася. Некалі яна набіла кандуктарку трамвая, калі сама ўбачыла, што тая білеты прадаваць забывае, а стаіць ля вадзіцеля і балабоніць яму на вуха. Ды яшчэ і начальству трамвайнага парка заявіла, каб не накіроўвалі такую на лінію з яе Аўсюком, бо яна не хоча, каб муж яе трапіў у турму, каб на яго сумленні было чалавечае жыццё, даволі таго, што бацька яе пад трамваем смерць знайшоў.

Ніякіх іншых адносін паміж маладым мужчынам і маладой жанчынай ці дзяўчынай Вольга прызнаваць не хацела. Таму і паверыць не магла, што Лена мае іншы інтэрас, каб хадзіць да Алеся, сустракацца з ім. Лічыла, што ў любой бабы, якую б пасаду яна ні займала, чым бы ні займалася, у галаве адно — мужчына.

Была ўпэўненая: Лена звязана з тымі, што ўзарвалі афіцэрскае кафэ на Камсамольскай вуліцы, падпалілі склад на таварнай станцыі, пра каго немцы вывешваюць загады — злоўлены, расстраляны, але рэўнасць ад гэтай упэўненасці не змяншалася. Бадай, наадварот: думала, што калі і ён ірвецца туды ж, то такая агульнасць поглядаў і парыванняў абавязкова зблізіць іх.

Вольга доўга сядзела на кухні, зажураная, кляла свой дурны характар і свой сіроцкі лёс.

У зале пастаяла перад зялёнай плюшавай занавескай — дзвярмі ў яго пакой. Хацела, каб Алесь неяк азваўся. Але ён маўчаў, яго не было чуваць — стаіўся. Цяжка ўздыхнула, пайшла да сябе. Заснуць, безумоўна, не магла. Варочалася, уздыхала — няхай чуе. можа, зразумее, што і яна перажывае, ён мяккі, добры — злітуецца, пашкадуе.

Пасля свайго прызнання, якое збянтэжыла хлопца, колькі разоў Вольга парывалася пайсці да яго ў начны час. Але кожны раз стрымлівала сябе. Не з-за сарамлівасці. Не. Ніколі не саромелася ўзяць тое, што, лічыла, належыць ёй. Сароміла іншае. Дала зарок сабе не рабіць першага кроку, не траціць жаночага гонару. Дамагчыся, каб першы прыйшоў ён. Толькі ў такім выпадку, лічыла, шчасце яе будзе поўнае.

Але цяпер, калі ўзнікла пагроза, што раніцой ён можа пайсці назаўсёды — да Лены пайсці! — было не да тонкасцяў, трэба адважыцца на такое, што прывязала б яго назаўсёды. Раней яна самаўпэўнена лічыла, што ніводзін мужчына не здолее ўстаяць перад яе чарамі. Але наконт яго такой упэўненасці не было. Незвычайны ён, апантаны нейкі, апанаваны адной думкай. Ды і нядужы яшчэ, ачуняць ачуняў, а сілы не набраўся.

Апоўначы, пачуўшы ў цішыні ночы, як ён павярнуўся і ўздыхнуў — не спіць, пакутуе, нябога! — Вольга нарэшце адважылася.

Пайшла ў адной сарочцы, босая. А ён ляжаў на неразасланай пасцелі, на коўдры, нераздзеты. Вольга на момант сумелася. Але ў ногі было холадна ад падлогі. Ды і не адступала яна ніколі ад таго, што задумвала. I яна залезла пад край ватнай коўдры, на якой ён ляжаў.

Алесь адсунуўся, але не падняўся і нічога не сказаў. Гэта яе ўзбадзёрыла. Але чакала, каб першы загаварыў ён, няхай скажа адно слова — і ўсё стане зразумелым. Але ён маўчаў, нават не дыхаў. «Спалохаўся», — падумала Вольга, і ёй зрабілася весела, захацелася смяяцца.

— Ты пакрыўдзіўся?

— Не-е. Завошта?

Добра, што ён размаўляе, аднак дрэнна, калі лічыць, што на яе нават не варта крыўдзіцца.

— Я люблю цябе.

Не адказаў. Гэта кранула яе жаночае самалюбства, але яна спытала з іроніяй:

— Скажы мне: ты мужчына ці не мужчына?

— Я ніколі не краў чужое.

Тады яна перавярнулася на бок, прыўзнялася, схілілася над яго тварам, адчула блізкасць яго вуснаў, зашаптала:

— А гэта не чужое… тваё!.. Усё тут тваё! Любы мой, слаўны і дурненькі! Якое ж ты ягня неразумнае. Не бойся. Палюбі мяне — і я ўсё аддам табе! — і заціснула яму рот сваімі вуснамі, каб ён не сказаў, што яму нічога нетрэба. Цалавала горача, прагна…

А потым была бяссонная і вельмі кароткая ноч. Яны гаварылі бясконца. Яны як бы спяшаліся выказаць усё тое, чаго не маглі сказаць адно аднаму больш чым за месяц жыцця пад адным дахам. Безумоўна, Адасёвай сілы ў яго не было. Але было іншае, чаго яна не ведала раней: незвычайная пяшчотнасць і ў словах, і ў пацалунках, і ў трапяткой усхваляванасці, і ў дыханні яго, і ўдарах сэрца, якія яна чула, тулячы яго да сябе.

Алесь прызнаўся, што дагэтуль не ведаў ніводнай жанчыны, што яна першая, і Вольгу кранула гэта і напоўніла яшчэ большай закаханасцю і радасцю; усё, што адбылося паміж імі, здавалася такім чыстым, бязгрэшным, што сумленне ніколькі не трывожыла яе, не адчувала яна віны ні перад Адасём, ні перад дачкой. Віну такую адчуваў ён. Сказаў пра яе. Вольга адказала пацалункамі.

— Не думай пра гэта, не трэба. Не твая віна — мая. Я грэшная… Але я не баюся граху, бо я люблю цябе.

Паспрабавала прасіць, каб ён нікуды не рваўся, ні ў якую барацьбу не ўвязваўся, перажыў вайну ў яе, і яна дасць яму ўсё, што трэба для шчасця. Сказала — і адразу пачула яго маўклівую насцярожанасць і… адчужанасць: адчувала яго блізкасць усімі клеткамі свайго цела, і раптам ён нібы рэзка адхіліўся, хоць у сапраўднасці не варухнуўся, толькі анямеў у нерухомасці. Схамянулася і зараклася: не гаварыць больш пра гэта, няхай ідзе, як ідзе. А каб зноў наблізіць яго, сказала:

— А прыёмнік… праўда, навошта ён нам, калі ўсё роўна паслухаць радыё нельга?.. Няхай Лена забірае… Толькі, калі што, каб не сказала, у каго ўзяла…

— Не скажа. Лена не скажа, — хутка і горача зашаптаў Алесь.

— Ты так гаворыш, быццам знаёмы з ёй з калыскі. Я лепш яе ведаю, — сказала між іншым, без пэўнага адцення, сама задаволеная, што ранейшай рэўнасці няма. Адкуль быць той рэўнасці цяпер, калі хлопец належыць ёй і яна ведае, якое ён сапраўднае ягня?

Але разам з тым гэты рахманы хлопец стаў уладаром яе, і яна аддавала яму ўсё і адкрывала ўсе тайны. Нават прызналася, дзе хавае пісталет. Сама сказала. У старой іконе, што вісіць на кухні. Нябожчыца маці зрабіла ў іконе тайнік яшчэ тады, у тую вайну, калі ў Мінску па два разы на год мянялася ўлада.

Па прыёмнік прыехалі на грузавіку, з камуфляжам, па-нямецку размаляванымі кабінай і бартамі. Машына спалохала Вольгу. Яна толькі што вярнулася з барахолкі, дзе набралася страху: немцы зрабілі першую масавую аблаву. Акружылі ўвесь рынак, выпускалі праз трое «варот», правяраючы дакументы, рэчы, абшуквалі нават кішэні. Вольга не баялася арышту. Завошта яе могуць арыштаваць, вядомую ўсёй паліцыі ды і некаторым нямецкім жандарам гандлярку?! Але спалохалася, што можа страціць дабро. У той дзень камерцыя яе ладзілася выгадна. Яна прадала соль, муку і здор — не за маркі, у акупацыйныя маркі мала верыла, а за пярсцёнкі і наручны гадзіннік, прытым, што важна для душэўнага спакою, не баялася, што яе ашукалі — падсунулі замест золата начышчаную медзь: са старым прафесарам у залатым пенснэ, якому вельмі трэба было падтрымаць хворую жонку, яна дамовілася яшчэ два дні назад. Расчуленая яго непрактычнасцю і бездапаможнасцю, дала старому фунт пшана, хоць магла і не даваць. За дабрату сваю была ўзнагароджана: за рэшту сала і пшана купіла адрэз цудоўнага тонкага сукна. А потым яшчэ больш пашанцавала. На вочы трапіўся той вусаты прыгожы мужчына, што падыходзіў да яе яшчэ ўвосень, у першыя халады, у дабротным, вышытым залатымі ніткамі кажушку і набіваўся ў прымакі. Праўда, цяпер ён мала быў падобны на жаніха: схуднеў, вусы адраслі і абвіслі, як у старога, парыжэлі, быццам падпаленыя, апрануты ён быў у зашмальцаваную ватоўку, на галаве аблезлая заечая шапка. Але на руцэ ў яго вісеў той жа кажушок, вабячы на гэты раз не золатам вышыўкі, а густой воўнай. Мабыць, мужчына запрошваў добрую цану, бо пакупнікі адразу «адвальваліся». У Вольгі ажно ёкнула сэрца: во яно, гандлёвае шчасце, увесь дзень не здраджвае; два месяцы назад прывабіў яе гэты кажушок, «загарэўся зуб» купіць яго — і вось ён сам просіцца ў рукі. Можа, цяпер кажушок і не так ужо пасаваў да яе камерцыйных разлікаў, але ўжо тое, што рэч, якая некалі падабалася, зноў трапіла на вочы, вымушала абавязкова купіць яе. Трэба паказаць гэтаму ганарыстаму пану, хто тут пануе, у гэтым людскім віры, — ён, палінялы, ці яна, па-ранейшаму чырванашчокая. Так і падумала з вясёлай гарэзлівасцю: «Зараз ты ўбачыш, хто тут шчупак, а хто карась».

— Прадаеш?

Ён таксама пазнаў яе, засмяяўся:

— А ты, прыгажуня, паўсюдная. Дзе ж твае дранікі?

— Дроў няма, каб пячы, — засмяялася Вольга.

— Шкада. Як бы я з’еў сёння гарачы дранік, — мужчына пракаўтнуў сліну і пастукаў намёрзлымі ботамі адзін аб адзін.

Тым часам Вольга разгарнула кажушок і па-хлапецку свіснула: чырвоная і залатая краса моцна замурзана якраз жа наперадзе, дзе вышыўка, быццам у кажуху грузілі дровы ці поўзалі па зямлі.

— Збіў пан цану свайму тавару.

— Я дам рэцэпт, як пачысціць.

— Сам пачысціў бы.

— Бракуе часу.

— Які заняты пан!

— Ды ўжо ж.

Вольга вярнула кажушок, каб даць зразумець, што ў такім выглядзе тавар мала цікавіць яе. Паспачувала, як добраму знаёмаму, без насмешкі:

— Дарэмна не прадаў тады. Я добра заплаціла б.

Але яму яўна не хацелася гаварыць з прывабнай гандляркай сур’ёзна, ён блазнаваў:

— Каб згадзілася ўзяць прыдачу…

Вольга ўспомніла Алеся, незвычайнасць яго пяшчот і не меншую незвычайнасць сваіх пачуццяў і засмяялася, гледзячы на рыжыя вусы:

— Каб у пана не было такіх вусоў. Я баюся вусатых.

— Для такой жанчыны галавы не шкадуюць — не толькі вусоў.

— Цяпер позна ўжо.

— Хіба? Вось жа пашэнціла некаму! А мне вусы, выходзіць, пашкодзілі. А я на іх так спадзяваўся!

Вольга падумала, што кажушок і ў такім выглядзе дарэчы — для Алеся. Пасля запалення яму трэба цёплая напратка. А што замурзаны, то гэта добра — няма чаго хадзіць у такім выглядзе, каб звярталі ўвагу. Такому, як ён, лепей быць непрыкметным. Зноў узяла кажушок, памацала воўну.

— Што просіш?

— А што даеш?

— Сала. Самагонку.

— Маркі. Мне трэба маркі. Фабрыку хачу купіць.

— А пан вясёлы.

— Бачу, пані таксама не сумуе.

Вясёлы-вясёлы, а за цану стаяў упарта, не хацеў уступіць і дзесятку. Вольга незадаволена падумала: «Бач ты яго, таргуецца лепш за нас, базарных баб».

Але зноў жа тое, што заплаціла маркамі, выйшла ёй на шчасце. Пляшка самагонкі засталася некранутай і памагла ёй выскачыць з аблавы. Аддала пляшку знаёмаму паліцаю, і той вывеў яе з акружэння праз тайны, вядомы толькі ім, паліцаям, лаз у дашчаным паркане. Кожны нешта выгадваў у гэтым вэрхале, немцы — сабе, паліцаі — сабе, за кошт такіх, як яна, — хто меў чым адкупіцца. Вядома, яе не арыштавалі б, тых, хто меў аўсвайс, адпускалі, але торбы многіх і нават кішэні пусцелі. У мностве загадаў і пастаноў пісалі, чым можна гандляваць, а чым нельга. Пастановы часта супярэчылі адна адной. Гэтым карысталася калі не само СД, то тыя, хто памагаў яму, — салдаты аховы тылу, паліцыя. У часе аблаў бессаромна рабавалі і падазроных, і не падазроных. I ніхто не скардзіўся. Каму паскардзішся? На каго? Лепей далей ад ліха.

Дадому Вольга вярнулася задаволеная — камерцыю зрабіла большую, чым думала, і з аблавы выскачыла без асаблівых страт. Расказвала Алесю пра кажух, пра яго былога гаспадара і пра аблаву весела, са смехам. А потым, як бы схамянуўшыся, спытала ціха, з трывогай:

— Не прыязджалі?

— Не.

Ёй не спадабалася, калі Лена сказала, што па прыёмнік прыедуць на машыне ў нядзелю; здавалася, было б прасцей, каб Лена яго перанесла да сябе як-небудзь увечары: на камароўскіх вуліцах патрулі ходзяць рэдка.

Больш, чым нямецкі грузавік, Вольгу спалохала, калі яна ўбачыла праз акно, што з кабіны выскачыў і пайшоў да брамкі той, вусаты, у якога яна тры гадзіны назад купіла кажух. Увайшоў ён смела, з грукатам, як вандроўны кравец, толькі, адчыніўшы дзверы, па-інтэлігенцку спытаў дазволу:

— Можна?

Убачыў Вольгу — здзівіўся, зрабіў вялікія вочы, смешна натапырыў вусы, коратка рагатнуў:

— Ай да стрэча! Шанцуе мне.

Але застылы Вользін твар — не вясёлая гандлярка, а сурова заклапочаная і ўстрывожаная гаспадыня стаяла перад ім — прымусіў яго вінавата панурыцца і ціха сказаць пароль:

— Прывет ад Фаіны. Яна прасіла забраць яе чамадан.

— Як там пляменнік расце?

— Пецька? Пачаў хадзіць.

Алесю, які з раманаў ведаў паролі адмысловыя, з глыбокім сэнсам, такі бытавы пароль-дыялог здаўся наіўным, няўмелым, і гэта яго трывожыла пасля таго, як Лена паведаміла пароль. Цяпер не спадабалася, як вусаты рагатнуў, адразу выдаўшы, што ён Вользін знаёмы. Але сам чалавек спадабаўся. Своеасаблівым чуццём салдата Алесь адчуў у ім камандзіра, валявога, вопытнага, і падумаў, што гэта не хто іншы, як сам кіраўнік падпольнай групы, бадай жа такім яго ўяўляў.

Алесь ступіў наперад, працягнуў руку.

— Дзень добры, таварыш, — голас яго дрыжаў ад хвалявання.

— Добры дзень, — сказаў вусаты не як прывітанне, а як пахвалу дню і сціснуў кволую, немужчынскую Алесеву руку так, што той ледзь не войкнуў ад болю; весела бліснуўшы вачыма, госць растлумачыў, чаму ён добры, дзень: — Я выгадна прадаў кажушок адной пані.

Пасля такіх яго слоў ад Вользінага сэрца адхлынуў страх і знікла нязвыклая, не ўласцівая ёй збянтэжанасць, ад якой яна як бы здранцвела; зрабілася лёгка, проста, весела, яна гучна засмяялася і сказала, як даўняму знаёмаму:

— Балабол ты стары. Напалохаў.

— Стары? Пані Ляновічыха, злітуйцеся! Не запісвайце ў старыя. Даведаюцца дзяўчаты…

Алесю хацелася пачуць ад гэтага чалавека асаблівыя, вельмі сур’ёзныя, высокія словы — пра барацьбу. А ён жартаваў, як блазен, скаліў зубы з жанчынай. Хлопца нядобра кранула, што яны страчаліся раней і што Вольга з ім на «ты».

— Таварыш, — памкнуўся Алесь пачаць іншую размову.

— Яўсей. Маё імя Яўсей. Да такога імя не пасуе ні пан, ні таварыш. Проста Яўсей…

Алесь зразумеў, што чалавек, які даверыўся ім, тым часам ухіляецца ад сур’ёзнай размовы. Чаму? Каму з іх не верыць? Вользе? Ці, можа, яму, колішняму палоннаму? Палон усё яшчэ адчуваў, як кляймо, якое балела яму і відаць было людзям.

Вельмі хацелася застацца з вусатым адзін на адзін і сказаць яму шчыра, па-мужчынску, што ён камсамолец, малады паэт і гатовы сёння ж уступіць у падпольную групу і выконваць любое заданне. Вольга паказвала, дзе схаваны прыёмнік: на гарышчы ў кучы старых крэслаў, матрацаў, цэбраў, каструляў, лахманоў. Трэба палезці туды разам з Яўсеем. Толькі трэба апрануцца, інакш Вольга не выпусціць за дзверы. Але Вольга як бы прачытала яго думкі — першая схапіла з цвіка куплены кажушок, накінула на плечы. Сказала вусатаму:

— Палезлі па чамадан.

У Алеся з’явілася тое ж пачуццё, якое нядобра варухнулася ў душы, укалола, калі Вольга сказала чалавеку: «Балабол ты стары…» Цяпер ён здагадаўся, як яно называецца, гэтае пачуццё, і яму зрабілася сорамна, што ў такі час у галаву, у сэрца лезе абывацельская лухта, якая ганьбіць пачуцці яго і думкі.

Пакуль Вольга «адкопвала» прыёмнік, Яўсей агледзеў гарышча, заглянуў у акенца, у адно, у другое, быццам выбіраў назіральны пункт ці вывучаў сектар абстрэлу. З асаблівай увагай, з цікавасцю, амаль дзіцячай, агледзеў блізкія двары, перспектыву крывых вуліц, запомніў, дзе завулак прахадны, а дзе тупік. Вярнуўся да Вольгі, якая загортвала прыёмнік у дзяругу, сказаў усё гэтак жа весела:

— Камандная вышыня ў вас тут. I кастра мяккая.

Вольга не зразумела, што да чаго, як вышыня пасавала да кастры. Тут, на гарышчы, адзін на адзін з таямнічым незнаёмым, робячы справу, за якую можна апынуцца ў турме ці зусім на шыбеніцы, яна зноў страціла сваю бойкасць і гарэзлівасць. Гаварыла прыглушаным шэптам. Цяпер гэта быў не страх, а нешта новае, значнае і незразумелае, як тайна вянчання ці пасвячэння.

— Кволы твой кватарант. Слабенькі. Што дзіця.

— У яго душа моцная.

— О! А яму, праўда, можна пазайздросціць. Атрымаць такую пахвалу! Што ж, пабачым.

Тады яна павярнулася да яго і нечакана для сябе папрасіла:

— Не ўцягвайце вы яго нікуды. Навошта ён вам такі? Праўда, дзіця. Лепш я аддам вам… — хацела сказаць — рэвальвер, але асеклася, можа, таму, што ён не выявіў ні здзіўлення, ні іншага пачуцця, нават не паглядзеў на яе, заняты прыёмнікам — правяраў, ці надзейна загорнуты. Потым лёгка падхапіў цяжкую скрынку, пайшоў да лесвіцы.

Вольга спусцілася следам за ім. Ён чакаў яе ў каморы, пад лесвіцай, зноў прыдзірліва аглядаючы ненадзейную ўпакоўку. Папрасіў мяшок. Засунуў прыёмнік у мяшок, напхаў па баках анучак, каб выглядала, што ў мяшку штосьці мяккае, каб не вытыркалі восгрыя вуглы.

— Суседзям скажы, што ты прадала… Што ты можаш прадаць?

— Бульбу, буракі… Воўну. У мяне ёсць воўна.

Ён як бы пазайздросціў:

— Багата жывеш.

Вольга прыгадала, як ён галодна каўтнуў сліну, сказаўшы пра дранікі. Варта накарміць яго, хоць у той жа час не хацелася, каб ён лішне затрымліваўся ў доме. Атрымаў што трэба і — з Богам, як кажуць людзі. Але прапанавала:

— Дранікаў няма, а бульба ў печы гарачая з салам.

Яўсей засмяяўся:

— Не хопіць кажушка разлічыцца за машыну, — і асцярожна ўзваліў мяшок на плечы.

Вольга выйшла следам за брамку і застыла, ашаломленая: за рулём грузавіка сядзеў нямецкі салдат.

Яўсей палажыў прыёмнік на сядзенне побач з шафёрам. У Вользінай галаве маланкай бліснула самая неверагодная думка. Але і ад верагоднай здагадкі — «не хопіць кажушка разлічыцца…» — жахнулася: якая шалёная рызыка — наймаць немца!

Яна сарвала з плеч кажух, працягнула яму:

— А кажух? Чуць не забыўся кажух.

Ён сумеўся на міг. Але тут жа схапіў кажух, кінуў на прыёмнік, засмяяўся.

— Дзякуй, сястра, — і ўскочыў на сядзенне, ляпнуў дзверцамі.

Грузавік ад’ехаў.

У Вольгі памлелі ногі, яна доўга не магла скрануцца з месца, ажно пакуль не адчула, што ззаду, за брамай, стаіць Алесь. Жахнулася, што ён выйшаў так — у адным пінжачку, без шапкі.

— Ты як малое дзіця! Горш за Светку, — моцна ляпнуўшы, зачыніла брамку, пагнала яго ў дом. — Хочаш зноў ляжаць? Вось жа дурань! I малую адну пакінуў. Прачнецца — упадзе.

За дзвярамі ў сенцах Алесь павярнуўся да яе і, быццам сапраўды моцна замёрзлы, дрыжачым голасам сказаў:

— Ты бачыла? Немец!

Яна сцяміла, што немец за рулём машыны спалохаў хлопца не менш, чым яе спачатку. Але, сама рызыкоўная, яна ўжо ўхваліла ў душы такую хітрасць смелага і вясёлага чалавека.

— Не бойся. Ён правільна прыдумаў. Шафёр не стане правяраць, што вязе, а патрулі не спыняць вайсковую машыну.

— Адкуль ты ведаеш яго?

Вольга сілком упіхнула яго ў кухню і там, у цеплыні, амаль радасна засмяялася:

— Божачка мой, ды ты ж раўнуеш!

Ён збянтэжыўся, пачырванеў.

Вольга абняла яго, пацалавала ў вусны, у лоб:

— Як я люблю цябе! Сашачка, родненькі. Нікога на свеце так не любіла! Чым ты мяне прывабіў? А таго, вусатага… Я купіла ў яго кажушок. Як ён таргаваўся! За кожную марку. Во гандляр! А я аддала яму кажушок назад! Гэта ж ён прадаў, каб заплаціць за машыну!

Смех яе паступова заціхаў, цяпер яна гаварыла сур’ёзна, глядзела Алесю ў вочы дзіўна і трымала за плечы так, быццам баялася, што калі адпусціць, то страціць назаўсёды, цалавала нервова, прагна. Потым раптам павярнулася да іконы, у якой хавала пісталет, перахрысцілася.

— О Матка Боска! Як ношку з плячэй скінула. I з душы. Наліха ён мне здаўся, гэты прыёмнік! — і вымавіла як пагрозу невядома каму: — Ну, цяпер усё! Усё! I Ленку гэтую, рызыкантку праклятую, на парог не пушчу. Усё! Усё! I нічога ты мне не кажы! Нічога! Слухаць не магу! — і заціснула вушы далонямі, хоць Алесь не вымавіў ніводнага слова. — У мяне — дзіця! Журавіначка мая! Крывіначка мая! Сіраціначка мая ненаглядная!

Села на кухонны ўслончык, залілася слязьмі.

— Не, не хачу! Не хачу! Усё! Усё! Што вы робіце са мной? Жаласці ў вас няма да людзей.

Такога прыступу ў яе яшчэ не было. Алесь стаяў ля дзвярэй, глядзеў на яе і маўчаў, думаў, што жанчыну гэтую цяжка зразумець, а таму невядома, што сказаць. Можа, абняць, прылашчыць і так супакоіць? Ступіў да яе, але яна спалохана сцялася, зноў закрыла вушы, заківала галавой:

— Не, не! Не хачу! Не магу! Не чапайце мяне! Не чапайце!

I тады ён падумаў, што лепш сапраўды не чапаць яе і не ўцягваць у барацьбу, што не той гэта чалавек, які патрэбны ў вялікай справе, якую робяць Лена, вусаты, у якую ўступіў ён… Заданне з прыёмнікам давала яму права лічыць, што падпольшчыкі прынялі яго ў свае рады. Але разам з тым, як ніколі раней, яму зрабілася балюча, што ён мусіць пакінуць гэты дом і яе, якая зрабіла для яго так многа, блізкасць з якой вярнула яму радасць жыцця, цяпер ён адчувае да яе не простую ўдзячнасць, а, безумоўна, тое, пра што так многа чытаў і пісаў… Ён кахае яе. I яму хораша ад гэтага! Але ці мае ён права цяпер кахаць, звязваць свой лёс з жанчынай, ды яшчэ з такой — замужняй і… з такімі поглядамі?

Алесь не разумеў Вольгу, а Вольга ў той дзень не разумела самую сябе. Паплакаць яна ўмела і нават любіла. Але часцей рабіла гэта з выгадай для сябе. Некалі перад бацькамі. Перад Адасём, перад чужымі людзьмі часам вылівала такія слёзы, што ў самых чэрствых мякчэлі душы. А тут? Чаго яна дамагаецца тут? Каб пакарыць хлопца? Дык пакарыла ж. Ва ўсім. Акрамя аднаго… У адным — у сваім імкненні ваяваць з немцамі — яго мяккая душа вельмі цвёрдая. Дык чаго ж яна дамагаецца? Што ён здзейсніць сваё абяцанне — пойдзе ад яе з удзячнасцю і любоўю, як ён сказаў? Але гэтага яна не хацела, баялася. Дык на-вошта ж пагражаць, што з прыёмнікам усё скончыцца? Думаючы пра гэта, яна пільна сачыла, як паводзіць сябе Алесь. Разумела, што ёй лепш супакоіцца, але слёз стрымаць не магла. За ўсё жыццё плакала так шчыра хіба на пахаванні маці. Прачнулася Светка, пачула матчыны ўсхліпы і, спалоханая, закрычала галасіста, на ўвесь дом.

Алесь першы кінуўся да дзіцяці.

VI

Не, з прыёмніка нічога не пачалося. Дарэмна баялася Вольга. Дарэмна лічыў Алесь, што прыёмнік даў яму пропуск у падпольную арганізацыю. Ніхто яго нікуды не запрашаў. Ніхто не даваў новага задання. Гэта магла б зрабіць Лена, але яна не з’яўлялася. Алесь даведаўся яе адрас і разы са два заходзіў у дом. Страчала старая — Леніна маці — ветліва, але насцярожана, хоць адразу здагадалася, хто ён, спытала: «Вользін брат?» Без іроніі, здаецца, спытала, сур’ёзна, хоць, безумоўна, ведала, адкуль узяла такога «брата» Вольга. Падтрымлівала легенду, якую сведчыў здабыты Ленай дакумент. Калі і другі раз старая спешліва паведаміла: «А Лены няма дома», Алесю зрабілася падазрона, і ён падумаў пра Вольгу, пра яе плач і крык, пра яе пагрозу не пусціць рызыкантку Лену на парог… Няўжо Вольга магла зрабіць такую істэрыку і тут, у Бароўскіх?

Ён адчуваў сябе зусім здаровым і дужым і з кожным днём пакутаваў усё больш ад таго, што сядзіць у цеплыні, на сытных харчах, пад крылом у добрай кабеты ў той час, калі ідзе вайна, калі мільёны яго равеснікаў штодня ідуць у бой. Яшчэ нядаўна, нават тады, калі адступілі ажно пад Вязьму, ён часам марыў пра ўласны подзвіг — такі, які праславіў бы яго імя, няхай і пасмяротна, і… зрабіў бы паварот у ходзе вайны. Цяпер, пасля ўсяго перажытага, ён не забіваў галаву такімі пустымі дзіцячымі марамі. Зведаўшы ўсе жахі вайны і сілу ворага, ён добра разумеў, што ніводзін самы выключны подзвіг любога звышгероя не зменіць ход вайны. Для гэтага трэба адно: як найболей забіць фашыстаў. Любым чынам. Любымі сродкамі. Ён пакутаваў ад таго, што не паспеў забіць ніводнага. Нават не стрэліў ні разу так, каб была хоць якая ўпэўненасць, што куля яго не пайшла ў белы свет, у неба, а знайшла ворага.

Першы выхад з цішыні і бязлюднасці камароўскіх завулкаў у горад — на рыначную плошчу, на Савецкую вуліцу — ашаламіў Алеся. Колькі іх, ворагаў! Салдаты, афіцэры, паліцэйскія, грузавікі, легкавыя машыны… На кожным кроку. Не, ашаламіла не колькасць. Страх мноства і страх тэхнікі, які прычыніў столькі бяды ў першыя дні вайны, ён, бадай, перасіліў яшчэ на фронце, пад Смаленскам, разам з байцамі палка, які адбіў за день пяць ці шэсць атак нямецкіх танкаў. Ён прыехаў у полк ад рэдакцыі і ўпершыню бачыў немцаў так блізка, танкі іх. Сам не страляў — смешна страляць па танках з нагана, але памагаў санітарам выносіць раненых. Рэдактар быў незадаволены тым, што ён напісаў, вярнуўшыся з перадавой. А ён радаваўся, што не адчуваў страху, не думаў пра смерць і не сядзеў у тыле. Паспрабаваў напісаць, што калі такі пералом адбудзецца ў душы кожнага байца… Але рэдактар бязлітасна выкрасліў усю «філасофію», рэдактар патрабаваў фактаў гераізму, а іх было мала, бо ён не паспеў запісаць прозвішчы людзей, прыйшлося рэдактару браць прозвішчы з палітданясенняў. Ці былі гэта тыя людзі, што загінулі на яго вачах, а з жывых — тыя, якіх ён вынес з поля бою? Але такі метад асвятлення Алеся не абурыў; у той дзень ён не толькі перасіліў уласны страх, але і само разуменне подзвігу на вайне пераасэнсаваў.

Не, не мноства немцаў на вуліцах Мінска яго ўразіла. Іх спакой, упэўненасць, уладкаванасць. I што некаторыя нашы людзі служаць ім. Ён, безумоўна, не думаў, што жыццё павінна спыніцца; каб жыць, людзі мусяць працаваць на акупантаў. Уразіла якраз не тое, што рабілі на заводах, на чыгунцы, а тое, як абслужвалі паноў афіцэраў. Ён дабраўся да вакзала, дзе, як каля ўсялякага вакзала, ды яшчэ ў ваенны час, было асабліва людна. I там убачыў катэгорыю служкаў, пра якіх толькі ў кнігах чытаў, — хлапчукоў-насільшчыкаў і чысцільшчыкаў ботаў. Іх было многа. Некаторыя выконвалі не толькі ролю насільшчыкаў, але возчыкаў, рамізнікаў. На санках-самацяжках, на тачках везлі рэчы афіцэраў і саддат у любы канец горада. Некаторыя даволі ўжо спрытна прапаноўвалі свае паслугі па-нямецку.

Убачыў ён і маладых жанчын, паводзіны якіх, заляцанні да афіцэраў гаварылі пра іх занятак. Вось гэта страшэнна ўразіла і прычыніла боль не менш, чым здрада некаторых былых чырвонаармейцаў у лагеры ваеннапалонных, уразілі гэтыя хлапчукі, учарашнія савецкія школьнікі, і дзяўчаты, пра якіх яшчэ нядаўна ён сачыняў узнёсла-рамантычныя вершы. Яго юнацтва, студэнцтва прыпалі на гады пільнасці і падазронасці, ён верыў, што навокал нямала ворагаў, агентаў буржуазіі і нямецкага фашызму. Але ніколі не паверыў бы ў тыя гады, што прыслужнікам фашыстаў стане хто-небудзь з яго школьных ці інстытуцкіх сяброў. Якія ў яго былі мары! I ва ўсіх яго сяброў! Любы з іх памёр бы, каб яго прымусілі раптам везці рэчы чужога афіцэра, ворага, акупанта. Адкуль жа ўзяліся гэтыя? Не пад прымусам жа іх прыгналі сюды? Ён спрабаваў пагаварыць з хлапчукамі. Але, зацікаўленыя напачатку ўвагай да іх, пачуўшы яго пытанні, яны варожа насцярожваліся і адыходзілі. Разважыўшы, дзецям ён літасціва дараваў віну, нават пашкадаваў іх, з болем падумаў, што хутка іх ператвораць у рыкшаў і яны будуць вазіць не толькі рэчы. Але жанчынам апраўдання не было. Жанчын караў самай высокай, суровай карай.

На другі дзень ён стаяў на пляцы Волі перад паліцэйскай управай. Яму хацелася паглядзець у твары тых, хто пайшоў служыць у акупацыйную ўстанову, у твары адкрытых, яўных здраднікаў. Што на іх тварах? Яны канчалі працу на сконе кароткага зімовага дня, на змярканні. Але дзень быў ясны, марознае неба палала чырванню, і ён бачыў іх твары і пераконваўся, што гэта адпетыя ворагі: на іх тварах не адбіваліся ні страх, ні раскаянне. Яны выходзілі групамі, мужчыны і жанчыны, і весела перагаворваліся, смяяліся. Праўда, разыходзячыся ў розныя бакі, людзі гэтыя спяшаліся, паскаралі крок. Баяліся. Чаго? Цемры? Набліжэння каменданцкага часу? Але ж, напэўна, у кожнага з іх ёсць начны пропуск.

Асобна з управы выходзілі немцы. Афіцэры.

«Інструктары», — падумаў Алесь.

Немцы не спяшаліся так. Яны адчувалі сябе гаспадарамі ў такі час, калі яшчэ не вельмі сцямнела.

Пасля Алесь нават не мог успомніць, чаму, з якім пачатковым намерам, з якой мэтай ён пайшоў за гэтым немцам. Здаецца, без усялякай мэты. З-за простай цікаўнасці: куды немец пойдзе, дзе ён жыве? А можа, таму, што немец, як ніхто іншы, залюбаваўся небам. Ён выйшаў з дзвярэй адзін і мінут колькі стаяў на ўсходцах, пасля адышоўся на пляц і паглядзеў назад, на самыя яркія фарбы неба ў тым баку, дзе села сонца.

Магчыма, Алеся абразіла, што фашыст можа быць паэтам. Не мае права ён любавацца нашым небам!

Немец быў малады, высокі, прыгожы, тыповы арыец, у мышастым шынялі з футравым каўняром, з-пад якога выглядалі пагоны обер-лейтэнанта, у высокай фуражцы з кукардай, з тоўстым жоўтым партфелем.

А можа, Алесь пайшоў следам таму, што, прайшоўшы міма, немец не звярнуў на яго ніякай увагі, не зірнуў нават? Чаму? Ад пагарды? Задумлівасці? Упэўненасці, што нічога тут, у чужым горадзе, яму не пагражае? Ці палічыў Алеся за служачага ўправы?

Афіцэр пайшоў на Інтэрнацыянальную і па крутым схіле спускаўся на Пралетарскую. Драўляны тратуар абмёрз, быў слізкі, і афіцэр сышоў з яго, крочыў паміж тратуарам і брукам, дзе снег не прытапталі, не выслізгалі.

Алесь ішоў па тратуары. Намёрзлыя дошкі рыпелі, пішчалі, крычалі на ўсе лады. Але і на гэтае шматгалоссе немец ні разу не азірнуўся. Для яго было натуральным, што ў горадзе нехта ішоў ззаду, нехта наперадзе. На ІІралетарскай народу было больш і асфальтаваныя тратуары пачышчаны дворнікамі. Перайшоўшы мост цераз Свіслач, немец паднімаўся на Замкавую вуліцу.

Алесь толькі тут, на пад’ёме, адчуў, як хутка той ідзе; у Алеся, знясіленага хваробай, пачалася задышка, кроў застукала ў скроні.

Змерклася, пагасла полымя захаду, у небе загарэліся зоркі.

Звярнуўшы на пустыры ля цёмнай каробкі опернага тэатра на пратаптаную сцежку, афіцэр упершыню азірнуўся і, здаецца, устрывожыўся, бо спыніўся, як бы чакаючы яго, Алеся. Алесь сцяміў, што не трэба спыняцца, і тым жа роўным крокам наблізіўся, пачціва саступіў у снег, абмінаючы афіцэра, павітаўся:

— Гутэн абэнд, гэр афіцэр.

Немецадказаў:

— Гутэн абэнд, — і сказаў яшчэ нешта, чаго Алесь не зразумеў, але зрабіў выгляд, што зразумеў, пра што пытае пан афіцэр, іадказаў: — Я, я, нах хаўз. Фрау… Жена ждет…

— О, жона! — сказаў немец і, відаць, пажартаваў, бо сам засмяяўся.

На вочы трапілася менш пратоптаная бакавая сцежка, што вяла да згарэлых дамоў над Свіслаччу, і Алесь павярнуў туды, пайшоў шпарка па схіле ўніз.

На другі дзень Алесь чакаў каля ўправы канца рабочага дня. За суткі змянілася надвор’е: мароз адлёг, неба завалакло хмарамі, церусіў мяккі снег. Таму хутчэй цямнела. Больш паспешліва разыходзіліся супрацоўнікі ўправы, нават менш жартавалі і смяяліся. Неспакойна ўсё-такі ў здраднікаў на душы, не адчуваюць яны сябе гаспадарамі ў горадзе. А вось ён, мсціўца, на здзіўленне самому сабе, быў вельмі спакойны. Гуляў па пляцы, засунуўшы рукі ў кішэні доўгага і шырокага Адасёвага паліто. Некалькі дзён назад ён надзяваў гэтае паліто з пачуццём віны перад чалавекам, які недзе ваюе па-сапраўднаму, з пагардай да сябе: прыгрэўся ля чужой жонкі, абуў і надзеў чужое… Цяпер не думаў пра гэта; паліто зручнае — лёгкае, цёплае, з глыбокімі кішэнямі, новае, з добрага драпу, яно надае выгляд забяспечанага чалавека. А хто цяпер забяспечаны? Хто працуе ў немцаў! Яшчэ дома Алесь падумаў, што рэчы чырвонаармейца на гэты раз паслужаць святой справе. Яны неабходныя, як і зброя таго савецкага паштавіка, што загінуў ад фашысцкай бомбы.

Гуляючы пад вокнамі паліцэйскай управы, Алесь не думаў, што можа выклікаць падазронасць, затрымаўшыся на пляцы пасля таго, як разышліся служачыя. Устрывожыла, што афіцэр доўга не выходзіць, даўжэй, чым учора. Разлікі Алесевы будаваліся на нямецкай пунктуальнасці. Толькі немец мог ісці са службы так, як ішоў учора той. Пэўна, сям’ю сюды прывёз, заняў лепшую кватэру, асталяваўся назаўсёды, таму і любуецца небам над горадам.

Афіцэр выйшаў не адзін, разам з ім былі яшчэ двое, вайсковец у форме СС і цывільны. Алесь спалохаўся: няўжо ўсе трое пойдуць разам? Не, эсэсавец і цывільны развіталіся, пайшлі ў другі бок — на Нямігу. А обер застаўся на ганку і, нацягваючы пальчаткі, хвілін колькі любаваўся, як кружаць сняжынкі, асыпаюць дрэвы ў скверы.

Алесь толькі цяпер прыкмеціў, што дрэвы, зацярушаныя снегам, сапраўды прыгожыя. I яго зноў абразіла, што такой прыгажосцю любуецца фашыст, акупант. Абраза вывела з дзіўнага, нейкага бяздумна-захаладалага спакою. Ён раптам адчуў, што спакой гэты як бы існуе незалежна ад яго, а сам ён, цела яго, мозг, сэрца да крайнасці напружаныя ў чаканні таго, да чаго ён ішоў праз многія пакуты, да чаго рыхтаваўся не толькі апошнія суткі… Але да д’ябла ўсе развагі, усялякае корпанне ў душы! Ад іх пачынаюцца страх, няўпэўненасць, разлад паміж розумам і воляй.

Засталося дзесяць, найбольш пятнаццаць, мінут да рашаючага, самага адказнага выпрабавання. Обер ходзіць хутка, даўганогі, спартсмен, напэўна. Але што гэта? Чаму ён пайшоў не туды? Па Ленінскай пайшоў, на Савецкую. А тут, у цэнтры, у будынках, што ўцалелі ад бамбёжкі і пажару, працуюць магазіны, кафэ, і на вуліцы мнагалюдна, гуляюць, безумоўна, пераважна тыя, хто не баіцца набліжэння каменданцкага часу. Калі обер зойдзе ў афіцэрскае кафэ ці кіно — усё сарвецца.

Алесю немагчыма было прымірыцца з думкай, што можна пражыць яшчэ хоць гадзіну-дзве, а тым больш ноч, не здзейсніўшы свайго плана. У яго ж усё гатова і ўсё разлічана да апошняга кроку. I вораг, канкрэтны вораг, знішчыць якога ён атрымаў загад ад вышэйшага камандавання — свайго сумлення, — вось ён, за некалькі крокаў, ідзе з высока ўзнятай галавой, упэўнены ў сваёй непакаранасці. Нельга, каб кара была адтэрмінавана хоць на суткі. Здавалася, што ад таго, ці атрымае сваю кару менавіта гэты прышэлец, залежыць вельмі многае не толькі ў лёсе яго, сяржанта Гапанюка, але і ў лёсе арміі, народа.

Баючыся, што обер раптам нырне ў нейкія дзверы, куды яго, тубыльца, не пусцяць (ля афіцэрскага кафэ стаіць варта), Алесь паскорыў крок і наблізіўся да асуджанага, ішоў следам за якія два-тры крокі, рызыкуючы, што сваім цяжкім дыханнем прымусіць таго азірнуцца; хоць учарашняя сустрэча адбылася ў прыцемку, але калі ў немца пільнае вока, ён па знешніх абрысах мог запомніць таго, хто ішоў за ім.

Пра адступленне Алесь не думаў, не мог думаць, аднак і новага плана — дзе стрэліць — не меў, калі спадзяваўся на выпадак. У смяротнікі сябе не запісваў, як залічыў некалі ў лагеры. Пра ўласнае выратаванне думаў, бо цяпер, як, можа, ніколі раней, хацелася жыць.

Сціскаў у кішэні рукаятку пісталета так, што ажно пякло далоню. Ды і ўсяго, напэўна, паліла, бо зрабілася горача. Ці такое цёплае Адасёва паліто?

Дзе ён, той выпадак, калі з шанцам на ўласнае выратаванне можна стрэліць у гэтую ненавісную патыліцу, у вузкаватую спіну, што спружыніста гойдаецца перад вачамі?

Людзей у адным месцы было многа — каля магазіна. А далей — менш, але калі лічыць не людзей увогуле, а салдат, то іх на вуліцы больш, чым трэба для таго, каб затрымаць аднаго яшчэ не вельмі дужага пасля хваробы і не надта спрытнага хлопца, фізкультурнікам, напрыклад, ён заўсёды быў пасрэдным — і ў інстытуце, і ў арміі.

Афіцэр мінуў кафэ, і Алесь з палёгкаю ўздыхнуў і трохі адстаў, каб не наклікаць на сябе падазронасць якога-небудзь агента тайнай паліцыі. А калі обер перайшоў Савецкую і звярнуў на Камсамольскую, дзе на цэлы квартал усе дамы спаленыя і разбураныя, а таму і на вуліцы гэтак жа малалюдна, як на Камароўцы, як на пустыры ля опернага тэатра, Алесь зноў паверыў у сваю шчаслівую зорку. Яму яўна шанцавала. Тут такі можна выбраць месца і момант ддя помсты і ёсць дзе схавацца самому — у руінах. Маланкава ўзнік новы план. Але ўжо добра сцямнела, і трэба зноў наблізіцца, каб не прамахнуцца, рука, безумоўна, будзе дрыжаць ад хвалявання, гэта толькі здаецца, што спакойны. I вось гэтае рашаючае збліжэнне аказалася самым цяжкім. Як бы раптам не стала сілы дагнаць афіцэра; з’явілася пачуццё, якога не адчуваў дагэтуль, — нібы пакута сумлення, што трэба стрэліць чалавеку ў спіну, трэба забіць чалавека знянацку, з-за вугла. Прыйшлося зноў пераконваць сябе, што гэта не чалавек — вораг, страшны вораг, бязлітасны, а таму і да яго не павінна быць літасці. Вылаяў сябе, маўляў, мяккацелы інтэлігент, малюска. У гэтым змаганні з самім сабой прапусціў лепшыя руіны. Афіцэр звярнуў на вуліцу Карла Маркса, дзе ўцалелых дамоў было больш, а таму і прахожыя вырысоўваліся ў змроку рэдкай снежнай каламуці. Хто яны? Свае людзі? Немцы?

Ды обер нечакана, не спыніўшыся, не запаволіўшы крок, нырнуў у пад’езд дома.

Алесь кінуўся за ім, ірвануў дзверы, яны грукнулі, як выбух.

У пад’ездзе гарэла цьмяная лямпачка. Афіцэр стаяў на першай лесвічнай пляцоўцы і абіваў пальчаткай снег з каўняра. Не, ён не схаваўся, адчуўшы небяспеку, — ён прыйшоў у госці і не мог нанесці ў кватэру макроцце. Павярнуўшыся на стук дзвярэй, убачыў нацэлены на яго пісталет і, спалоханы, не закрычаў, не паспрабаваў дастаць з кабуры свой пісталет. Выпусціў партфель і падняў рукі, здаючыся, прашаптаў збялелымі вуснамі:

— О, майн гот!

Алесь стрэліў двойчы, пад скляпеннем старой камяніцы стрэлы прагрымелі, як гарматныя, адгукаючыся рэхам недзе ў вышыні. Немец сутаргава схапіўся за парэнчы і паваліўся на бок, ногі яго бяссільна слізганулі па ўсходцах лесвіцы, шукаючы апоры і не знаходзячы яе. Недзе ўгары стукнулі дзверы, і нехта крыкнуў па-нямецку.

Цяжка было не пабегчы, не кінуцца да руін, выскачыўшы на вуліцу, але Алесь прымусіў сябе пайсці спакойна. Прыкінуў, як узнімецца трывога і будзе арганізавана аблава. У доме, безумоўна, жывуць немцы, афіцэры, у іх ёсць тэлефоны, сувязь з СД, з паліцыяй. Так што можна лічыць, што трывога ўжо ўзнята. Цяпер важна вызначыць раён ачаплення і пастарацца выйсці з яго. Была моцная спакуса кінуцца ў руіны і прабірацца праз іх уніз да Свіслачы, далей ад цэнтра. Але тут жа ўспомніў пра сабак-сышчыкаў. Безумоўна, па следзе пусцяць сабак…

Ён не толькі прачытаў усю эпапею пра Шэрлака Холмса, іншыя дэтэктывы, але многія сур’ёзныя кніжкі пра метады падпольнай барацьбы ў розныя часы, у розных умовах — пра нарадавольцаў, бальшавікоў, падпольшчыкаў грамадзянскай вайны, пра гарыбальдзійцаў, балгарскіх змагароў супроць турэцкага рабства, французскіх рэвалюцыянераў і г. д. Як, з якімі хітрасцямі гэтыя мужныя людзі ашуквалі самых вопытных сышчыкаў, арганізоўвалі ўцёкі з самых строгіх турмаў.

Калі мінулай ноччу планаваў сваю акцыю — як заб’е фашыста, як будзе адыходзіць — каб ні двухногія, ні чацвераногія сабакі не пайшлі па следзе, — ён прыгадваў і выкарыстоўваў шмат што з прачытанага. Але змяніліся абставіны, змянілася месца падзеі. I няма часу, каб падумаць. Прыходзіцца спадзявацца на інтуіцыю. Сабакі не пойдуць там, дзе след яго затопчуць чужыя боты, чужыя пахі. Значыцца, самае правільнае — выйсці на Савецкую, цэнтральную, дзе ў гэты час яшчэ нямала прахожых.

Было б добра схаваць пісталет, разумеў, як небяспечна хадзіць з пісталетам. Па нямецкіх загадах за адно захаванне зброі — смяротная кара. Але дзе ты яго схаваеш? Як? А пайсці на тое, каб закінуць у руіны і назаўсёды страціць зброю, ён не мог, бо гэта ўсё адно што страціць зброю ў баі. Урэшце, ён ішоў на большую рызыку, амаль не пакідаў шанцаў на ўратаванне, калі намерваўся стрэліць на вуліцы. Яму пашанцавала — афіцэр пайшоў у дом на ціхай, амаль бязлюднай у вячэрні час вуліцы.

Алесь выйшаў на Савецкую, перайшоў на левы бок, дзе прахожых было больш — гулялі афіцэры, салдаты, жанчыны. Прыкмет трывогі ўсё яшчэ не было. Але больш за ўсё радаваў уласны спакой. Нават не спадзяваўся, што, здзейсніўшы задуму, ён будзе такі спакойны. Было адчуванне чалавека, які выканаў вельмі патрэбную, неадкладную работу, добра выканаў, па-майстэрску, і, задаволены самім сабой, уласным уменнем, выйшаў пагуляць, падыхаць свежым паветрам, палюбавацца снегам. Як прыгожа ён кружыць, снег!

Прайшла легкавая машына з уключанымі фарамі. У іх святле сняжынкі здаваліся срэбнымі матылямі. Але машына гэтая была і першым сігналам трывогі. Вельмі хутка яна прамчала ў той бок, у цэнтр. Ён не стаў азірацца, куды машына паверне — ці не да месца здарэння? Паскорыў крок. Цяпер гэта можна было зрабіць — ішоў спуск да Свіслачы. Тут амаль усе спяшаліся, і не толькі цяпер, перад каменданцкім часам, але нават удзень, ён гэта прыкмеціў яшчэ ў першы свой выхад сюды, у цэнтр. Гэты спуск — што звужанае рэчышча ракі, дзе плынь паскараецца.

Трывогу пачуў на мосце. Завылі не сірэны — грузавікі недзе на пляцы Волі, каля паліцэйскай управы. Там жа ў снежнае неба шуганулі тры чырвоныя ракеты, відаць, умоўны сігнал патрулям. Алесь зларадна падумаў, што не такая ўжо аператыўнасць і наладжанасць у акупантаў, як яны распісваюць гэта, пускаюць легенды для застрашэння людзей. Мінут дзесяць, калі не больш, прайшло ад яго стрэлу да іх трывогі, для такога здарэння, у такім месцы, дзе крыкнулі па-нямецку, — яўна замнога. Адразу за мостам ён збочыў улева ў цёмны бязлюдны завулак.

Вольга карміла на кухні дзіця і сустрэла Алеся не надта ветліва — сказала нібыта жартам, але з яўным папрокам:

— Доўга ты гуляеш, любы мой. Ці не да дзяўчат ходзіш? Можа, да Ленкі?

Алесю хацелася адказаць ёй сапраўдным жартам, шчырым, каб зняць з сябе яе падазронасць, наладзіць душэўны кантакт, і ў гэтай утульнай хатняй цішыні, дзе так хораша, так мірна пахне сытнай кухняй, дзіцем, свежавымытай бялізнай, што сушыцца на кухні, — увогуле ўсім, чым пахне чалавечае жытло і жыццё, забыцца на тое, што адбылося нейкую гадзіну назад. Выканаў свой абавязак — і забыўся. Як на фронце. Але нічога сказаць не здолеў, не таму, што не знайшоў патрэбных жартаўліва-вясёлых слоў, а таму, што ўвогуле не здолеў вымавіць ніводнага слова: раптам сцяла горла, сціснула ў грудзях, зашумела ў галаве і павяло так убок, што спалохаўся, каб не страціць прытомнасць, не ўпасці. Чаму гэта? Ад хуткай хады? Пятляючы па цёмных вуліцах і завулках, ён не ішоў — бег. Канчаўся запас спакою, упэўненасці, як гаручае ў самалёце. I пасля трывогі ён думаў пра адно: як дацягнуць да базы, тут ён адчуў бы сябе ў бяспецы. I вось, напэўна, «гаручае» скончылася зусім, сіла пакідала яго. Асцярожна, як п’яны, што баіцца нарабіць грукату, ён распрануў паліто, разматаў з шыі шалік, павесіў на вешалку ў зале. Вольга, устрывожаная яго маўчаннем, назірала за ім праз дзверы, хоць разгледзець твар не магла: лямпа гарэла ў кухні, а ў зале было цёмна.

Алесь пайшоў у свой пакой, але тут жа вярнуўся і нешта забраў з кішэні паліто, паклаў у кішэню пінжака. Гэта ўстрывожыла Вольгу; звязаўся ўсё ж з гэтымі, з Ленчынымі сябрамі, і прынёс, дурань, крамолу нейкую, за якую павесіць могуць.

— Свецік, яшчэ адну лыжачку? А вунь, глянь, зайчык у акенца глядзіць, ці з’ела Света кашку.

Сказала малой, каб падмануць, каб тая адкрыла роцік, а сама здрыганулася: здалося, што і праўда чужыя вочы сочаць з цёмнага акна. Ніколі нічога не баялася, а тут пачала баяцца ценю свайго. Пасядзела ў нерухомасці, падумала аб сваім цяжкім лёсе, аб сваёй душэўнай раздвоенасці. От трэба неяк інакш пагаварыць з хлопцам, каб назаўсёды выбіць з яго гарачай галавы гэтыя думкі — аб помсце немцам; ёсць каму помсціць без яго. Трэба праявіць нарэшце характар свой, ляновіцкі. А то і праўда не доўга да бяды. Калі не думае пра сябе, няхай падумае пра яе, пра дзіця. Хоць што яму чужое дзіця? Яму Сталін даражэй, маці не ўспамінае так часта, як Сталіна, загады яго.

Вольга настроіла сябе ваяўніча, на самую суровую размову, хоць зноў не вельмі была ўпэўненая, што размова такая атрымаецца, бо не можа яна нават пагразіць яму, што выганіць з дому.

Накарміла малую, перайшла з ёю ў залу, перанесла туды лямпу і гукнула з той грубасцю, у якой былі і жарт і пагроза:

— Ану, ходзь сюды, даражэнькі. Пагаварыць нам трэба.

Алесь не азваўся. Вольга занепакоілася.

— Саша! Ці не заснуў ты? — з лямпай увайшла ў яго пакойчык. Не, ён не спаў, але ляжаў на ложку, нераздзеты, неразуты, чаго ніколі не дазваляў сабе, толькі звесіў ногі, каб не забрудзіць ботамі бялізну, а на грудзі нацягнуў скамечаную коўдру. Яго моцна калаціла ўсяго, ажно кляцаў зубамі.

Вольга паставіла лямпу на столік і нахілілася над Алесем, спалоханая.

— Саша, што з табой? Захварэў? Казала ж, што рана яшчэ гуляць. Божа мой, як цябе калоціць! Што здарылася?

Што здарылася — ён ведаў, але чаму калаціць пачало так позна, зразумець не мог і таму спалохаўся — ад думкі, што няздатны, напэўна, ён да такой справы; не прыгадваў, каб з кім-небудзь з герояў прачытаных кніг пасля таго, як ён забіў ворага, рабілася такое; на дуэлі забівалі не ворага — былога сябра, і пераможца спакойна ад’язджаў ад месца падзеі… «Слабыя, значыцца, нервы, — але з няздатнасцю сваёй не мог пагадзіцца. — Нічога, загартую! Загартую. Упершыню ўсё цяжка».

Хацеў схаваць сваю «вібрацыю» ад Вольгі, таму залез пад коўдру, спадзеючыся, што, калі сагрэецца, усё пройдзе.

Безумоўна, аб тым, што забіў, ён ні ў якім разе не думаў прызнавацца Вользе, мог прызнацца хіба толькі Лене, ды і то пасля таго, як яна звяжа яго з падпольнай арганізацыяй.

Але, выявіўшы такую дзіцячую слабасць, ён адчуваў сябе прыніжаным перад жанчынай, і яму захацелася неяк узвысіць сябе, сказаць ёй, што не з-за глупства, не ад насмарку, не ад таго, што спалохаўся сабакі ці патруля, яго ліхаманіць, што прычына куды больш сур’ёзная. I ён, заікаючыся. прызнаўся:

— Я…я з-забіў не-емца… аф-фі-цэра…

Дзіўна. Сказаў — і ліхаманка пачала сціхаць, можа, таму, што Вольга трымала яго руку, і яе рука затрымцела пасля яго слоў, зрабілася халодная.

— Дзе? — спытала яна шэптам, як вельмі знясіленая.

— На Карла Маркса. У пад’ездзе дома, дзе яны жывуць, — адказаў ён таксама шэптам, але ўжо зусім інакш, не заікаючыся.

— Як?

— З пісталета.

— З таго?

— З гэтага, — ён дастаў з кішэні пінжака пісталет, высунуў яго з-пад коўдры і другой рукой пяшчотна пагладзіў дула.

Вольга пачула пах пораху ад нядаўняга стрэлу і канчаткова пераканалася, што гэта не сон, не жарт, што гэта праўда.

— Божачка мой! Што ты нарабіў! Што ты нарабіў?! — пачала адступаць ад яго баязліва, як па мінным полі ці па гарачым вуголлі.

А ён раптам скінуў коўдру, засунуў пісталет назад у кішэню, сказаў амаль на поўны голас:

— Зразумей… я не мог інакш… Цяпер я пачуў сябе чалавекам… байцом… Я забіў ворага… А гэта… так, з непрывычкі, — кіўнуў ён на ложак, маючы на ўвазе ліхаманку, якую быццам пакінуў там, пад коўдрай.

Вольга адступіла да дзвярэй, не спускаючы з яго шырока расплюшчаных вачэй, глядзела з жахам і разам з тым са здзіўленнем, бо ніколі раней не верыла, што гэты інтэлігентны, далікатны хлопчык здатны на такое, адно — словы, якія ён гаварыў, да слоў любых яна ставілася з недаверам, зусім іншае — справа, учынак. Яна адступала, уражаная і спалоханая, а Светка прытупала да Алеся, працягнула ручкі, просячы ўзяць яе. Вольга кінулася да дачкі, схапіла на рукі, як бы ратуючы ад яго, прыціснула да сябе так, што малая спалохана заплакала.

— Дзіцятачка маё любенькае! Што ж гэта на нашы галовы валіцца? Якую бяду ён нам кліча? Божачка мой! Што ты за чалавек? Што ты за чалавек?

Яна выйшла ў залу, хадзіла там вакол стала, гушкаючы малую, супакойвала, але трывога, страх, пэўна, перадаліся і дзіцяці — Светка ажно заходзілася ў плачы. У прыцемках Вольга наскочыла на крэсла, яно перакулілася, загрымела.

Алесь вынес у залу лямпу, павесіў над сталом. Ён зусім супакоіўся і амаль радаваўся, што перамог і такога ворага, як нервовы шок, з’явіліся ўпэўненасць, сіла і такая ж рашучасць, якая была колькі гадзін назад, калі, узброены, ён выходзіў з дому.

Відаць, Вольга адчула гэтую яго ўпэўненасць, бо спытала:

— Што ж нам рабіць цяпер?

— Ды не бойся ты. Калі там не схапілі, дык цяпер няма чаго баяцца.

— Дурань ты, дурань! — вылаяла, але не злосна, не груба, цяпер у лаянцы была і пэўная павага. — Што ты разумееш? У іх сабакі, у іх сышчыкі. Ты не ведаеш, як яны шукаюць! Ды яны па следзе пад зямлёй знойдуць.

— Каб яны ішлі па следзе, то схапілі б адразу. Я па Савецкай ішоў, міма кіно, там даўно мой след затапталі.

— Многа ты ведаеш! Нічога ты не ведаеш! Ды сабакі праз тыдзень па следзе ідуць. I ў сышчыкаў нюх, што ў сабак, — і раптам злосна патрабавала: — Дай пісталет, я выкіну яго к чортавай мацеры! Знайшла цацку, дурная баба, ды яшчэ і вар’яту такому сказала… З чым гуляць надумаў! Дай сюды!

— Я сам.

Сцяміў: калі схавае яна, пісталета больш не знайсці, а расстацца са зброяй цяпер, калі зроблены пачатак, ён не мог.

Хутка пайшоў да дзвярэй. Вольга не спыніла, хоць выходзіў ён без паліто, без шапкі.

Ішоў снег. Гэта яшчэ больш супакоіла, хоць след у горадзе — не тое што след у лесе, але няхай будзе засыпаны і гэты ўяўны след.

Пісталет трэба было схаваць не ад гестапа — ад Вольгі, бо найлепшы Шэрлак Холмс яна, гаспадыня. Таму ён доўга таптаўся пад паветкай, на дрывотні, у хлеўчуку, дзе Ляновічы некалі трымалі свіней, прыкідваў, дзе лепей схаваць. Засунуў быў у дровы. Не, ненадзейна, не толькі Вользе, любому старонняму кінецца ў вочы, што даўно, увосень яшчэ, складзеныя дровы парушаны. Закапаць у хляве? Але без святла не замаскіраваць раскапаны гной! Снег! Зноў надзея на снег, ён можа засыпаць і след схованкі.

Загарнуў пісталет у анучу, сунуў у сумёт пад плотам, не саступаючы са сцежкі, успомніўшы, дзе хавала Вольга, паверыў у парадаксальны прынцып: чым бліжэй схавана, тым цяжэй знайсці. Стала холадна ў спіну, і ён падумаў, што захварэць цяпер недарэчна, і паспяшаўся ў дом.

Вольга, апранутая як ісці на рынак — у паліто, цёплай хустцы, у валёнках, з лямпай у руках хадзіла па доме, як бы шукаючы нешта вельмі патрэбнае, без чаго нелыа пайсці на вуліцу ці нават больш — ад чаго залежалі бяспека, жыццё. А на канапе ў куточку сядзела захутаная Светка. Дзіця маўчала і не па-дзіцячаму спалоханымі вачамі сачыла за маці ці, можа, за святлом, бо, калі Вольга зайшла ў яго, Алесеў, пакой, малая неспакойна заварушылася, заплакала.

Алесь не здзівіўся, што Вольга сабралася некуды пайсці, неаднойчы хадзіла ўвечары да суседзяў. Уразіла, што яна хоча ўзяць дзіця. Куды? Навошта?

Вольга выйшла з пакоя, цыкнула на малую:

— Сціхні!

Падняўшы лямпу, агледзела сцены, абвешаныя фотакартачкамі бацькоў, братоў, сваякоў, яе ўласнымі, дзявочымі, школьнымі.

Алесь зразумеў, што нічога яна не шукае — проста развітваецца з домам. I ўсё яшчэ не верыў, што яна можа так лёгка пакінуць нажытае дабро. З-за чаго?

— Куды ты сабралася? — яму хацелася гаварыць гучна, спакойна, але міжволі атрымаўся шэпт, ад якога самому зрабілася брыдка.

— Пайду да брата.

— Цяпер? Не трэба, Воля, — папрасіў ласкава. — Падумай, што ты робіш? Цябе затрымаюць, пачнуць дапытваць… Ды і брат… што ты скажаш там?..

— А што рабіць? Што? Скажы мне, разумнік! — зашыпела яна, падступаючы да яго з лямпай у руцэ. — Прывёў у дом бяду, а цяпер скуголіш: не трэ-э-ба, Во-о-ля, — яна злосна перадражніла.

Адступаючы ад яе, Алесь прытуліўся плячамі да гарачай грубкі, цеплыня скаланула, як токам ударыла, але тут жа разлілася па целе дзівосным бальзамам, які расслабіў да поўнага знясілення: хлопец раптам адчуў, як страшэнна стаміўся, як моцна змерзла спіна, і грубка здалася адзіным ратункам ад любой навалы, ад любой хваробы. Гэтак вось хораша, утульна, у бяспецы ён адчуў сябе тады, калі яна, гэтая жанчына, прывяла яго ў свой дом, па сутнасці, напаўжывога ўжо, напаіла, накарміла і палажыла на гарачым лежаку, каб выграўся пасля лагера. Дзякуючы ёй ён уведаў не параўнальную ні з чым радасць першай помсты. Але цяпер ён не мае ніякага права ставіць пад удар сваю ўратавальніцу і асабліва дзіця.

— Прасцей пайсці мне, — сказаў ён і, памаўчаўшы, паабяцаў: — Я зараз пайду, не бойся. Лічы, што я не вяртаўся, як пайшоў удзень…

Але адарвацца ад грубкі не здолеў.

Пасля лагера, пасля хваробы нават у цёпла апранутага ў яго вось так застывала спіна, і ён баяўся холаду.

Вольга адразу сцішылася, адступіла, павесіла лямпу, села на канапу побач з дачкой і шырока расплюшчанымі вачамі, у якіх былі і страх, і здзіўленне, і недаўменне, і новае, незразумелае ёй самой пачуццё, глядзела на яго. Скаланула думка, што перад ёй зусім іншы чалавек, не той слабы хлапчына, які так доўга, як кажуць, дыхаў на ладан, якога яна ледзь вылечыла. Яна не заўважыла яго стомленасці, з якой пачынаецца абыякавасць. Уразіў яго спакой. Забіў чалавека, няхай сабе і немца, пакалаціўся трохі (гэта яна разумела) і цяпер стаіць, быццам нічога не здарылася, і грэе спіну…

Ніхто яе ніколі не называў баязліўкай, усе лічаць адчайнай — пад бомбы лезла з-за скрынкі макаронаў ці анучкі нейкай. I немцаў не баялася. Як яна з імі размаўляла пры першай жа сустрэчы! Чырвонаармейца не пабаялася ўзяць у дом. Хіба не рызыкавала? Да ўсіх жахаў вайны, здаецца, прывыкла, і хоць сэрца неаднойчы ледзянела ў бяссонныя ночы ад страшных думак, яна ніколі не траціла розуму, развагі. А тут, калі пачула, што Алесь забіў афіцэра, у галаву зацямненне найшло, і страціла яна ўсю сваю разважлівасць, практычнасць, хітрасць. Асабліва запанікавала, калі ён пайшоў хаваць пісталет. Кідалася па доме, апранулася сама, захутала дачку, хоць зусім не падумала, куды яна можа пайсці. Пра брата сказала проста так, абы нешта сказаць: ісці да Казіміра не думала і, безумоўна, не пайшла б. Апошнім часам адносіны іх яшчэ больш сапсаваліся — калі Казімір праявіў «клопат» пра яе: даведаўшыся, што сястра ўзяла палоннага, прыйшоў і груба патрабаваў, карыстаючыся правам старэйшага, каб яна выкінула чырвонаармейца, завезла ў бальніцу — ён, Алесь, у той час ляжаў у гарачцы. Вольга пасварылася з братам, выгнала яго з дому, бо нікому не дазваляла камандаваць сабой, і з таго часу яны не сустракаліся, хоць васьмігадовы пляменнік разы два наведваўся: безумоўна, бацькі прысылалі ў разведку.

Вольгу сапраўды ашаламіла і бадай абурыла, што Алесь гэтак спакойна грэецца ля грубкі. Але разам з тым яго спакой утаймаваў яе паніку, цяпер яна ўжо, напэўна, ведала, што нікуды не пойдзе са свайго дома. Аднак за ўсё, што перажыла, што паказала перад ім свой страх, захацела адплаціць яму хоць як-небудзь. Сказала амаль зларадна:

— Што вы зробіце, такія, як ты? Смерць сабе знойдзеце? Немцы ў Маскву ўступілі.

— Няпраўда! Хлусня гэта! — ён амаль закрычаў, адступіўшы ад грубкі. — Не слухай фашысцкай брахні! Колькі разоў яны абвяшчалі!..

— Не, праўда! — упарта даводзша Вольга і прыдумала ў доказ тое, чаго не чула ні з нямецкіх рэпрадуктараў, ні ад шаптуноў базарных: — Маскоўскае радыё змоўкла.

Алесь на міг спалохана асекся, як бы захлынуўся. Але занадта цвёрдая была яго вера, і ён зноў запярэчыў:

— Фашысцкая хлусня! Ад каго ты чула? Ты сама слухала яго, радыё? Станцыю маглі разбамбіць. Але Масквы… Масквы ім не ўзяць! Зразумей ты! У Маскве — Сталін! — для яго ў той час гэта быў самы пераканаўчы аргумент, іншыя, больш мнагаслоўныя, ён даводзіў ёй неаднойчы.

— Сабою твой Сталін заслоніць Маскву…

— Не смей! За Сталіным — народ! Уся краіна.

— Не крычы! Вар’ят! — прашаптала Вольга, але без гневу і страху, прымірэнча, і гэта астудзіла Алеся, ён змоўк, зноў знясілена прытуліўся да грубкі, зноў яму зрабілася холадна, цеплыня расплавіла волю і сілу. Даводзіць Вользе тое, пра што неаднойчы гаварыў, калі яна ахвотна слухала, больш не хацелася. Ён заплюшчваў вочы і… правальваўся ў бездань — засынаў. Пахіснуўся, расплюшчыў вочы і не адразу сцяміў, што змянілася: Вольга стаяла распранутая і расхутвала малую. Панесла дачку, каб пакласці спаць.

Спявала малой калыханку. З песняй гэтай усё вярнулася на сваё месца, бо так паўтаралася кожны вечар. Так будзе паўтарацца адвечна — калыханка і сон дзіцяці. I ён не думаў ужо, што трэба адарвацца ад грубкі і пайсці ў холад, у невядомасць, у небяспеку. Ён зноў засынаў пад словы любімага паэта, якія сам спяваў малой, — Вольга навучылася ад яго:

Стану сказывать я сказки,
Песенку спою;
Ты ж дремли, закрывши глазки,
Баюшки-баю.

Магчыма, Вольга не вымаўляла словы песні, толькі напявала матыў, магчыма, ён сам паўтараў іх, закалыхваў сябе. Хіснуўшыся, прачынаўся, дакараў сябе, лічачы і сон свой слабасцю: усё ў яго не як у людзей, не як у герояў прачытаных кніг — то ліхаманіць, то хіліць на сон.

Вольга паклікала гучна — загадала, як узлаваная жонка мужу:

— Хадзі сюды! На, пакалышы гэтую караду!

Каб канчаткова супакоіцца, Вользе патрэбна было нешта рабіць, дзейнічаць. Не пакідала трывожнае адчуванне, што нешта змянілася, хоць што канкрэтна — гэтага яна растлумачыць не магла. I яе пацягнула праверыць, ці не адбылося чагосьці незвычайнага ў наваколлі, ці не перавярнуўся ўвесь свет.

Алесь спытаў услед:

— Куды ты?

Яна не адказала і не спынілася. Толькі пастаяла, стоеная, у цёмным калідоры, слухаючы, што робіцца на двары. Разумела, што каб яны прыйшлі, то загрымелі б, загрукацелі б на ўсю Камароўку, аднак усё адно выглянула з дзвярэй асцярожна, быццам вораг мог пільнаваць за вуглом. Гэтак жа асцярожна абышла двор, праверыла, ці няма на свежым снезе слядоў. У цёмны хлеў заглянуць пабаялася, толькі памацала завалу. Паслухала вячэрні горад. Ён не бьгў мёртвы, ён жыў стоеным жыццём. Тут, на Камароўцы, дзесьці на суседняй вуліцы мірна рыпелі сані і бадзёра фыркаў конь. А недзе там, у цэнтры, на Савецкай, гучна іграла нямецкая музыка. Заваёўнікі весяліліся. Магчыма, праўда, у іх свята? Крычалі ж нядаўна ў гучнагаварыцель на рынку, што доблесныя войскі фюрэра ўступілі ў бальшавіцкую сталіцу. Вольга не была ў Маскве, але ад думкі, што ў Маскве — немцы, у яе балюча сціснулася сэрца, ні за адзін горад так не сціскалася. I раптам яна амаль узрадавалася ад думкі, што не хто іншы, а ён, яе Алесь, сапсаваў немцам свята, калі не ўсім, то некаторым, пэўна. Няхай жонка таго, каго няма ўжо, бацькі яго прачытаюць жалобнае паведамленне пад пераможную музыку. Як яна прагучыць для іх — гэтая музыка! Падумаўшы так, яна і сябе адчула як бы пераможцай. Адчыніла брамку і ўжо смела выйшла на вуліцу. Захацелася гаспадыняй прагуляцца па Камароўцы. Праверыць сваю раптоўную смеласць. Калі ён, Алесь, мог зрабіць такое, то чаму яна не можа прайсціся па вулщы, на якой нарадзілася, вырасла? Напляваць ей на каменданцкі час, на патрулёў! Ёй трэба агледзець не толькі свой двор, ёй трэба агледзець усю Камароўку! Няхай ведаюць, што Ляновічыха ніколі баязліўкай не была і не будзе. Калі ўжо рызыкаваць, то да канца!

Мабыць, сапраўды яна мела выгляд гаспадыні, бо нават паліцай у чорным шынялі пачціва саступіў са сцежкі ў снег і павітаўся; яна яго не пазнала, а ён, відаць, яе ведаў па рынку. Хто тут не ведае Ляновічыхі?

Дайшоўшы да завулка, дзе жылі Бароўскія, Вольга адчула моцнае жаданне зайсці да іх. Яна ж даўно не была, спачатку з-за сваёй дурной рэўнасці, а пасля невядома з-за чаго. А дарэмна. Яна ж увесь час перакананая, што Бароўскія ведаюць больш, чым усе астатнія камароўцы і ўвогуле мінчане, а таму і жывуць інакш — бедна, але ўпэўнена. I цяпер ёй здалося, што толькі ад Бароўскіх яна можа пачуць нешта такое, ад чаго шмат што прасвятліцца, бо ў галаве ў яе ўсё яшчэ каламуць. Нават здавалася, што і пра сённяшняе здарэнне ў горадзе Бароўскія ўжо нешта ведаюць, хоць разумела недарэчнасць такога адчування: як, адкуль, якім чынам? Прайшло ж усяго нейкія дзве гадзіны, не больш.

Здзівілася, што ў Бароўскіх не зачыненыя ні брамка, ні дзверы: заходзь хто хочаш, нікога не баяцца — ні зладзеяў, ні ўлады. Вольга ў сенцах пастукала ботам у сцяну, але ніхто не азваўся, хоць у хаце гудзелі галасы і зрэдку гучаў малады смех: смяяўся Ленін брат — Косця, вучань дзевятага класа, хадзіў бы ў дзесяты гэтай зімой.

Бароўскія ўсёй сям’ёй сядзелі вакол стала і… гулялі ў карты, у дурня. Сам стары, Лена і хлопцы, Косця і дванаццацігадовы Андрэй. Тут жа сядзела іх маці, Мар’я Паўлаўна, і, начапіўшы акуляры, латала нейкую світку.

На стале гарэла газнічка, выгарала даволі смярдзючае масла, нейкі нямецкі сурагат.

Убачыўшы нечаканую госцю, прыкметную трывогу выявілі Лена і маці, Лена ажно паднялася насустрач і ўсім выглядам сваім маўкліва пыталася: што здарылася? Такімі ж шырока расплюшчанымі вачамі глядзела і Мар’я Паўлаўна, рука яе з іголкай застыла ў паветры.

Вольга супакоіла іх:

— Зайшла праведаць: як вы тут? Даўно вас не бачыла. Удзень — няма калі, а ўвечары — баімося вылазіць са сваіх нораў.

— Табе чаго баяцца? — нядобразычліва кіўнуў Косця. — З немцамі ты нюхаешся…

— Ну, ты, брат, гасцей так не страчай, — паблажліва ўпікнуў сына стары Бароўскі.

Вольга адзначыла, што наборшчык яшчэ больш ссутуліўся, схуднеў, палысеў, але жвавасці, весялосці не ўбавілася ні ў руках, ні ў словах, ні ў вачах, быццам па-ранейшаму яму жывецца ў дастатку і шчасліва. Хлопец і стары не спынілі нават картачнай гульні. Косця крычаў на ўвесь дом, з прыціскам, з вялікім размахам б’ючы пацёртай, зашмальцаванай картай:

— А я вашага Гітлера лейтэнантам казырным! Во так! А што, здаўся? Аж чолка аблезла. Будзеш ты біты заўсёды, паразіт!

— Косця, не распускай язык! — строга папярэдзіла маці.

А Пятро Іларыёнавіч смяяўся:

— Лена, давай, што ў цябе там ёсць? А то гэтыя чырвоныя казакі ціснуць мяне. Зноў, глядзі, генеральскага ўкінуць.

— А-а, вы хочаце на нас Герынга спусціць, што сабаку з ланцуга! Тожа мне туз! Чыхаў я на такога туза!

— Косця!

— Маўчу, мама. А што, баішся, што Ляновічыха данясе? Андрэйка, спаліш яе дом, калі мяне пасадзяць. А-а, у вас яшчэ васьмёрачка? Паб’ём і яе.

Вольга ўспыхнула, балюча ёй зрабілася ад такой абразы ў сям’і, у якую яе прывялі самыя добрыя пачуцці. Вельмі захацелася ўляпіць гэтаму шчанюку — словамі, прызнаннем, што калі не сама яна, то з яе дапамогай, яе зброяй зрабілі нешта большае, чым робіць ён, бадзяючыся па горадзе. Але прыкусіла язык, надзьмулася.

Лена абурылася:

— Парасё ты, Косця! Вольга — мая лепшая сяброўка.

— Ды ну? — здаецца, шчыра здзівіўся Косця.

— Нарву вушы, Кастусь, — пагразіла маці і, каб загладзіць неяк няёмкасць, уступіла Вользе свой табурэт. — Сядай, Волечка. Не звяртай увагі на гэтага пустамола. Па ім папруга даўно хадзіла. Як табе жывецца, Волечка?

— Ай, цётка, жывецца, як гароху пры дарозе. Вунь што мне Косця кідае. А я чырвонаармейца ад смерці ратавала. А ты што зрабіў, казёл ты бязрогі? — кінула Вольга Косціку, але той не прыняў выкліку, нават за казла не пакрыўдзіўся, хоць гэта была яго школьная мянушка.

— А я табе, даражэнькая сястрычка, во гэтую бубновую пані яшчэ падсуну. А што? Міма? Андрэй, аддай ім сваю сямёрку. Няхай радуюцца.

— Ну і бандыты ж! — круціў лысай галавой і смяяўся Бароўскі. — Дзе толькі, чэрці, так насабачыліся? Сёмы раз у дурнях пакідаюць.

— Да дзесяці дагонім — палезеце пад стол.

— Так я табе і палезу. Разяўляй рот, — сказала Лена.

— А ўгавор? — закрычаў малы Андрэй. — Як дамаўляліся?

Вольга расшпіліла паліто, скінула з галавы хустку. Нягледзячы на абразу, яе раптам апанавалі весялосць і карцёжны азарт: забыцца ў гульні на ўсё, як, напэўна, забываюцца Бароўскія.

— Ану, дай, Лена, я партыю скіну. Пакажу гэтым хліпкачам, як трэба гуляць.

— Ух ты, якая сіла! — прытворна жахнуўся Косця. — Сам фельдмаршал Бош, каторы вош.

Гуляла Вольга ў падкіднога добра, як, дарэчы, і маці яе: лепшых камароўскіх карцёжнікаў некалі ў дурнях пакідалі.

Першыя ж хады прымусілі Косцю задумацца; ён перастаў балбатаць. засвістаў мелодыю «По долинам и по взгорьям…».

Лена стала за спіной у бацькі і падказвала яму хады. Косця, адчуўшы пагрозу, узлаваўся.

— Андрэй, не паказвай ёй карты. А ты яшчэ раз падкажаш — прышчамлю дзвярамі нос, — пагразіў ён сястры.

Пэўна, каб вярнуць ранейшую весялосць, Пятро Іларыёнавіч нагадаў:

— Ды, кажаш, Косця, прыходзь увечары?..

— Але, — засмяяўся Косця, і следам за ім засмяяліся ўсе Бароўскія, нават маці, якая перасела на канапу і, робячы выгляд, што нашывае латку на рукаў світкі, у сапраўднасці пранікліва разглядала Вольгу, быццам хацела па твары яе, па вачах, па тым, як яна гуляе, як смяецца, разгадаць яе думкі таемныя, яе сутнасць; Вольгу гэтае разглядванне трохі бянтэжыла.

Стары растлумачыў ёй, з чаго яны смяюцца.

— Сёння Косця гуляў па Някрасава і пачуў, як адна цётка цераз вуліцу крычала другой: «Насця, прыходзь увечары да нас, Антона ў партызаны будзем праводзіць!»

— Я ажно сеў пад плотам, — засмяяўся Косця. — Думаў: спектакль чую. Не, сур’ёзна. «Добра, кажа, прыйду». — «I старога вядзі. Шклянкі прыхапіце, а то ў нас не хопіць на ўсіх».

— Як табе падабаецца? — спытаў Бароўскі ў Вольгі са смяшынкамі ў вачах, але сур’ёзна і дапытліва, зазіраючы ў вочы, можа, праз тое, што Вольгу гэтая прыгода не рассмяшыла так, як усіх іх.

— Дурная баба, — асудзіла незнаёмую Мар’я Паўлаўна.

Стары павярнуўся да яе, запярэчыў:

— Дурная, кажаш? Ой не, маці. Людзі жывуць па сваіх законах. Неасцярожная — то гэта праўда.

Сказаў ён пра неасцярожнасць — і Вольга адразу ж падумала пра Алеся, пра яго неасцярожнасць, і сэрца трывожна сціснулася. Навошта Бароўскія расказваюць ёй, што нейкі Антон збіраецца ў партызаны, ды яшчэ выстаўляюць, як напаказ, сваю весялосць? Не вельмі яна паверыць, што ім так весела з-з гэтага выпадку, такі манюка, як Косця, мог і схлусіць, сам можа выдумаць што хочаш.

Вольга і стары далі хлопцам «дурня». Па ўмове хлопцы павінны былі за першага «дурня» атрымаць пстрычкі па носе. Андрэй спрабаваў аспрэчыць законнасць экзекуцыі: гуляла не Лена, а Вольга. Але Косця згадзіўся, што раз яны прынялі такую замену, то мусяць трываць, нічога не зробіш.

Пстрычкі давала Лена. Андрэйку яна пашкадавала і пстрыкнула лёгенька, для выгляду, а Косціку ўляпіла такога «жолуда», што ў таго пырснулі з вачэй слёзы і пачалося чыханне.

— Ну, зараза, і б’еш, не пальцы, а рагатка. А я цябе называю сваёй любімай сястрой.

Стары Бароўскі адваліўся на спінку крэсла, закінуў назад галаву і заліваўся смехам, як дзіця. Цяпер ужо і Вольга паверыла, што смяецца ён шчыра, і ёй таксама зрабілася смешна, хораша, утульна ў гэтай сям’і, яна пашкадавала, што з пачатку вайны амаль ніколі не гасціла ў Бароўскіх вось так, па-суседску; заглядвала разоў колькі на кароткі час. Мар’я Паўлаўна любоўна глядзела, як смяюцца муж, дачка, і дакорліва ківала галавой, як бы кажучы: якія вы ўсе яшчэ дзеці!

Гулялі другую партыю. Косця зрабіўся засяроджаны, маўклівы, не балбатаў больш, толькі свістаў, таму даваў астатнім магчымасць пагаварыць.

Мар’я Паўлаўна спытала:

— Як там твой нябога, акрыяў трохі?

— Гуляе ўжо. У горад хадзіў. Да людзей ірвецца, працу хоча шукаць. А я кажу яму: навошта табе працаваць на немцаў? Памагай мне.

Косця хмыкнуў:

— Адкрый гандлёвую фірму «Вольга Ляновіч і кампанія…».

— Косця, палучыш па губах, — асек хлопца бацька.

Вольга не пакрыўдзілася.

— А што ты думаеш? I адкрыю. Хочаш, у кампанію вазьму?

— Капіталаў не маю.

— Зазывалам будзеш. Крыкуном.

— А што, з’еў, сын? — засмяяўся Пятро Іларыёнавіч.

А маці, пэўна, не падабалася, што Вольга такой думкі пра яе сына — жартаваць жартуй, але ведай меру, таму адплаціла ёй:

— Не баішся, што Адась, калі вернецца, прыраўнуе? Людзі могуць нагаварыць, чаго і не было.

— А ўсё было, цётка, — і сама здзівілася з такога нечаканага прызнання, але была задаволеная сабой, сваёй рашучасцю і пасміхалася, як збянтэжыла Бароўскіх. Дадала: — I будзе.

Лена дык ажно застыла з картамі ў руках, без таго шырокія вочы на худым твары зрабіліся па яблыку. А маці жахнулася: глядзела на яе, як на злачынцу.

«Што, з’ела?» — падумала Вольга словамі Бароўскага.

— Вой, Волечка! — і міргнула, паказваючы на хлопцаў: не трэба пры іх.

Але нават Косця, заняты гульнёй, не дапяў, што да чаго.

— Ды я ўжо нічога не баюся!

Бароўскі паглядзеў на яе без ухмылкі на твары, нават у вачах яго не было ніводнай смяшынкі — толькі цікаўнасць.

— Праўда, такой смелай стала?

— А што мне!

— Смеласць, Вольга, павінна быць разумная.

— А хто ведае, дзе яна разумная, а дзе дурная. Хіба пра яе думаеш загадзя? Яна, як і страх, прыходзіць, калі не думаеш, не чакаеш. Заказаць жа яе няможна, смеласці. Ніхто яе не шые, ніхто не прадзе.

— А ты ўсё хочаш купіць? — не стрываў Косця — шпігануў. — На. Пабі Чэрчыля. Ага, не можаш? Чаму? Саюзнік! Антона праводзім… Ведаеш куды? То-та. Андрэй! Заходзь з левага фланга! Так, малайчына! Вораг акружаны. Ура! Апошні рашаючы ўдар. Хэндэ хох! З’елі? Лезьце пад стол усе трое.

Косця па-дзіцячаму радаваўся перамозе.

А Вольга пагаварыла пра смеласць, пра страх, і ён тут жа з’явіўся, страх, ударыў у сэрца: яна гуляе ў карты, весяліцца, а там, можа, дзіця забралі, такі смех не на дабро. Падхапілася.

— Пабягу. А то яшчэ на патруля наскочу. Света карадзілася, не засынала. Пакінула Сашу калыхаць… Прыдбала сабе няньку, — пасміхнулася, знарок нагадваючы сваё прызнанне.

Лена накінула на плечы клятчастую хустку-плед і выйшла яе праводзіць. На вуліцы, пераканаўшыся, што навокал ні душы, спытала:

— Ты нешта хацела сказаць, Волька, па вачах тваіх бачыла?

— Я? Усё, што хацела, сказала.

— I спытаць нічога не маеш? — ужо зусім таямніча зашаптала Лена.

— А што?

— Ёсць такая навіна!

— У цябе? — усумнілася Вольга.

— Гітлеру далі па мордзе.

— Хто?

— Нашы. Пад Масквой. Гоняць яго, гада, назад.

Вольга засмяялася голасна, на ўсю вуліцу, Лену ажно спалохаў яе смех: вельмі радасная навіна, але каб так смяяцца, пачуўшы яе…

— Патруля наклічаш.

— А я падумала — папраўдзе хтось пляснуў па яго брыдкіх вусах, — закрыўшы рот хусткай, смяялася Вольга, сама разумеючы, што гэта нервовы смех ад душэўнага напружання. Раптам усё, што адбылося за дзень, звязалася ў адзін вузел: нямецкія гучнагаварыцелі на рынку, Алесеў стрэл, незвычайная для такога часу весялосць Бароўскіх. Цяпер зразумела, чаму яны такія вясёлыя!

— Дурная, гэта ў тысячу разоў важней. Армію яго пагналі, — гарачым шэптам даводзіла Лена. — Заўтра прынясу паведамленне Саўінфармбюро, хлопцы прынялі тваім прыёмнікам.

Вольга абняла Лену, упершыню з пачатку вайны прымаючы яе як найлепшую сяброўку: ад замілавання і пяшчоты хацелася заплакаць, спазмы сціснулі горла. I захацелася з такой жа шчырасцю пра ўсё расказаць ёй. Але стрымалася. Пацалавала Лену тройчы, горача, шчыра, потым жартаўліва адпіхнула і пабегла са спрытам падлетка. Бегае як апантаная, палохаючы людзей за зачыненымі аканіцамі грукатам ботаў па ўтаптаным снезе, па абледзянелым дашчаным тратуары, які галасіў і страляў. Бегла са страхам — ці не здарылася чаго дома? — і з радасцю, што нясе яму, Алесю, любаму вар’яту, такую радасць у такі дзень. Хацела верыць, што ўдачы, як і няшчасці, ходзяць разам.

VII

Алесь так не хваляваўся, калі на гітлераўца паляваў, як хваляваўся, ідучы на явачную кватэру. Там быў проста экзамен. Ён трымаў яго перад самім сабой. А тут павінен з’явіцца перад найвышэйшай камісіяй, якой належала вырашыць, ці вытрымаў ён той і ўсе іншыя экзамены. Быць ці не быць? Прымуць ці не?

Мог бы думаць: ужо сам факт, што яго паклікалі на явачную кватэру, дзе, безумоўна, будуць кіраўнікі падполля, сведчыць аб тым, што яго прызналі, яму вераць. Але так думаць ён не мог, не той характар, усё жыццё ён сумняваўся ў сваёй сіле, у сваіх ведах, здольнасці, таленце і лічыў, што мала калі яму шанцавала, рэдка калі ўсё рабілася адразу так, як ён хацеў, як марыў.

Адно ён умеў — пераўвасобіцца. I ён паставіў сябе на месца кіраўніка падпольнай групы. Патрабаванні да тых, каго ён браў бы ў сваю групу, у яго былі вельмі высокія. Нават наконт самога сябе ён сур’ёзна задумаўся б — ці падыходзіць? Адна якасць у яго бясспрэчная — жаданне змагацца, помсціць ворагу. Але гэтае жаданне трэба даказаць, любыя словы, запэўніванні і клятвы пры рашэнні такога пытання, як залічэнне ў падпольную групу, нічога не значаць, словам у такі час і ў такіх умовах нельга верыць. Патрэбны справы, толькі справы. А колькі ў яго спраў? Прыёмнік. Забойства фашыста. Перадача прыёмніка — невялікая яго заслуга, хутчэй за ўсё, што Вользе самой хацелася пазбавіцца ад такой рэчы, якую нельга прадаць і за якую акупанты маглі пакараць. Але заданне гэтае ён атрымаў ад Лены і, можна лічыць, выканаў. А фашыст… Усё адбылося так, што цяпер, праз колькі дзён, яму самому здаецца малаверагодным такі ўчынак, і, будучы кіраўніком, ён асабіста наўрад ці паверыў бы ў такое забойства. Паверылі жанчыны. Вольга — ад страху, убачыўшы, як яго калоціць нервовая ліхаманка. Лена… Чаму адразу паверыла Лена? З-за сваёй душэўнай дабраты і жаночай даверлівасці? Лена адна бачыла, з якога пекла яны яго выхапілі, яна і Вольга. Лена верыць і яго словам, і яго гневу, яго нянавісці і яго радасці… Пазаўчора яны разам плакалі, калі Лена прынесла паведамленне Саўінфармбюро аб разгроме немцаў пад Масквой. Ён, мужчына, не саромеўся такіх слёз. I ў парыве ўдзячнасці расказаў Лене пра свой маленькі подзвіг.

Вольга, калі вярнулася ад Бароўскіх, сказала пра разгром немцаў не адразу і як бы між іншым, словамі Лены з дадаткам няпэўнасці: «Кажуць, Гітлеру далі па мордзе пад Масквой». I таму ў той вечар ён не мог парадавацца па-сапраўднаму. Вольга больш падрабязна расказвала пра Бароўскіх — як галодная сям’я весела гуляе ў карты. Асудзіла іх па-свойму, па-гандлярску: «Галадранцы заўсёды вясёлыя. Што ім траціць?»

Алесь не помніў, што адказаў на гэта — нешта нейтральнае, прымірэнчае, бо ні Бароўскія і ні перамога пад Масквой, пра якую так няпэўна сказала Вольга, не завалодалі яго думкамі. Можа, іх увогуле не было, думак, у той час, бо была страшэнная, проста-такі смяртэльная стомленасць. Ён спаў, закалыхаўшы малую, прачнуўся, калі вярнулася Вольга, і слухаў яе няўцямна. Вось такі ён герой. Цяпер пра той вечар, пра ліхаманку сваю і санлівасць непрыемна было ўспамінаць.

Прабіраючыся па засыпанай снегам (другі дзень мяла завіруха) вуліцы Пушкінскага пасёлка, Алесь, думаючы аб галоўным — аб уступленні ў арганізацыю, не мог не думаць пра свае складаныя адносіны з Вольгай, пра свае не менш складаныя пачуцці. Пасля ўсяго, што адбылося з ім, мімаволі пачаў задумвацца над тым, што людзі называюць лёсам, у які ён раней не верыў, лічыў папоўскай выдумкай, упэўнены, што чалавек сам гаспадар свайго жыцця. Сапраўды, з Ленай у іх адны ідэалы, адны погляды. А няўмольныя абставіны, якія, выходзіць, мацней за яго волю, за ўсе ідэалы, звязалі яго з Вольгай. I гэта не якая-небудзь пошлая сувязь. Няма сумнення, што жанчына кахае яго. Дзеля яго перамагае страх, інакш даўно магла б выгнаць такога кватаранта. Хіба ж можна застацца абыякавым да яе пачуцця? Але ў імя вялікай справы ён павінен разарваць адносіны з ёй. Пайсці ад яе. I цяпер для яго гэта, можа, самае цяжкае выпрабаванне. Самы цяжкі экзамен. Аднак калі там скажуць, што так трэба, ён, напэўна, ужо не вернецца больш у цёплы, утульны дом на Камароўцы.

Ад думак такіх было не весела, рабілася холадна, стыла спіна пад густой воўнай старога кажуха нябожчыка Ляновіча. Спрабаваў настроіць сябе супроць Вольгі. Як можна яму, камсамольцу, кахаць такую жанчыну, якой многае з таго, што для яго з’яўляецца святым, — чужое і далёкае? Але тут жа думаў, што не так усё проста, што Вольга, разважаючы апалітычна, у той жа час зрабіла нямала карыснага, не скажаш, што яна — не савецкі чалавек. Не з варожага асяроддзя, дачка рабочага. Дык ці мае ён права кідаць яе на раздарожжы? Ці не абразіць яго ўчынак яе пачуцці? Ці не перакінецца яе абурэнне супроць яго на тое, за што яны змагаюцца? За кім тады яна можа пайсці? За паліцаем Друцькам? Думаць так было балюча, пакутліва разрывалася душа на часткі. Добра было б пра ўсё расказаць кіраўніку, на сустрэчу з якім ідзе. Не сумняваўся, што гэта адзін з партыйных работнікаў, сталы і мудры чалавек. Але адчуваў, што юнацкая цнатлівасць не дазволіць яму расказаць праўду пра свае адносіны з Вольгай. Што падумае пра яго кіраўнік? Спакусіў жонку байца Чырвонай Арміі, франтавіка… Вось і залічвай такога ў падпольную групу, даручай яму адказныя баявыя заданні…

Недаверу да сябе ён баяўся больш за ўсё. А яшчэ баяўся, каб не прыцягнуць за сабой на явачную кватэру «хвост». Доўга блукаў па вуліцах, азіраючыся на вуглах, ці не ідзе хто за ім. Насцярожвала бязлюднасць. На асобных вуліцах пратаптаныя раней сцежкі так замяло снегам, што яму прыйшлося першаму пракладваць след. Гэты ўласны след палохаў: след аднаго чалавека заўсёды прыцягвае ўвагу. Пасля ён пераканаўся, што блукаў дарэмна, думаючы, што явачная кватэра павінна быць на глухой вуліцы.

На вуліцы, якую ён шукаў, пратоптана была не толькі сцежка, але і дарога — прайшлі машыны. I нямала хадзіла людзей, прысутнасць якіх неяк адразу супакоіла, быццам яны, гэтыя людзі, засланілі яго ад варожых вачэй. Нават нямецкія салдаты не спалохалі, наадварот, узбадзёрылі: ворагі былі побач і самі затоптвалі яго след. Тут не было на каго азірацца. Усё вельмі проста. Месца выбіралі вопытныя людзі.

Кватэра знаходзілася ў двухпавярховым драўляным доме. Па рыпучай лесвіцы Алесь падняўся на другі паверх. У дзвярах быў механічны званок, аднак Алесь чамусьці не адважыўся круцянуць яго — пастукаў у філёнку костачкамі застылых пальцаў. Яму адчыніла жанчына няпэўнага ўзросту, перавязаная па грудзях цёплай хусткай.

— Я — ад Лены, — сказаў ён, бо так сказала яму Лена, трохі расчараваўшы: яму, рамантыку, хацелася адмысловага пароля, і раптам — так проста.

У жанчыны таксама не было парольных слоў, звычайныя, ветлівыя:

— Праходзьце, калі ласка.

Але ў цесны калідорчык выглянула з дзвярэй пакоя сама Лена Бароўская, нязвыкла адзетая па-святочнаму — у ярка-зялёнай кофтачцы. Яна ветліва ўсміхнулася, прымаючы з яго рук шапку.

— Распранайся, Саша. Сёння тут цёпла.

Пакой, у які ён увайшоў за Ленай, здзівіў урачыстасцю, хоць нічога асаблівага ў ім не было. Урачыстасць пакою надавала снежнае святло, што лілося праз шырокае акно, небагатая, але чыстая гардзіна, вясёлыя — з васількамі на залацістым фоне — шпалеры. Магчыма, уражанне святочнасці і ўрачысгасці было яшчэ ад таго, што ў пакоі не было нічога лішняга, не тое што ў Вользіным доме, дзе ўсяго нагрувашчана. Акуратна засланы нікеляваны ложак, невялікі буфет, кніжная паліца, з якой большасць кніг прыбрана, што выдавалі шпалеры, не выцвілыя там, дзе стаялі кнігі. На сцяне вісела рэпрадукцыя карціны Шышкіна «Раніца ў сасновым лесе», другая карціна была знята, і цвік вырваны, але здрадлівыя шпалеры пра ўсё расказвалі. Алесь падумаў, што тут мог вісець партрэт Леніна. Якраз жа такі па памеры партрэт вісеў у іх доме. I ўвогуле ўсё тут нагадвала пакой яго маці, дзе заўсёды быў вось такі настаўніцкі парадак. Ад гэтага балюча сціснулася сэрца.

Не адразу сцяміў, што найбольшую ўрачыстасць пакою надаваў стол, белы абрус, невялікі бліскучы самавар, фарфоравыя кубкі і ў плеценай хлебніцы — тонка нарэзаныя лусты чорнага хлеба, які выдаваўся па нямецкіх картачках. Цукру не было. I закускі ніякай. Алесь прыгадаў, што раніцой Вольга карміла яго бульбай з салам, і яму зрабілася ніякавата перад гэтымі людзьмі.

За сгалом, спіной да дзвярэй, сядзеў чалавек у чыгуначнай форме і смачна піў чай, ажно прыцмокваў. Ён не азірнуўся, калі Алесь увайшоў, не паказаў цікавасці. Другі — знаёмы, той весяльчак Яўсей, што прыязджаў забраць прыёмнік, — ветліва ўсміхнуўся Алесю, як добраму знаёмаму. Алесь пайшоў да яго і паціснуў працягнутую руку. I ў той жа міг застыў, здзіўлены: на другім баку вуліцы размяшчалася вайсковая часць, стаялі машыны, чысцілі тэхніку і сцежкі салдаты. Усё было відаць як на далоні.

Убачыўшы, як Алесь глядзіць у акно, Яўсей засмяяўся:

— Добрую ахову маем. Праўда? Механізаваны полк.

— Рызыкант, — сказаў чалавек за сталом.

Алесь павярнуўся да яго. Чалавек быў немалады, гадоў пад пяцьдзесят, дні тры не галіўся, ад гэтага выглядаў суровым, панурым, таму неяк не пасаваўся да навакольнай урачыстасці, да стала, да тонкага кубка, які ён заціснуў у далоні вялікіх, прапітаных машынным маслам рук. Было боязна, што ён раструшчыць кубак.

Алеся трохі пакрыўдзіла, што чыгуначнік нават галавой не кіўнуў у знак прывітання, хоць разглядаў яго пранікліва, нахмурыўшы кашлатыя сівыя бровы.

Увайшла, мабыць з кухні, жанчына, якая адчыніла яму. Ветліва запрасіла:

— Сядайце, Саша, піць чай. Самавар гарачы. Маё імя Яніна. Яніна Восіпаўна. А гэта мой брат, — паказала яна на чыгуначніка, — Павел Восіпавіч.

Алесь паглядзеў на іх і падумаў, што не падобныя яны на сястру і брата — па абліччы, па розніцы ў гадах, па характарах. Угледзеўшыся, вызначыў, што гаспадыні не больш чым трыццаць. Яна прыгожа ўсміхалася, залаты зуб, адкрываючыся пры ўсмешцы, бліскаў, што прамень сонца. Яўна — інтэлігентка, а хусткай перавязалася па-сялянску.

Па тым, як Яўсей адзеты — у цеснаваты, чужы лыжны касцюм, як ён ходзіць, мякка, па-кацінаму ступаючы, Алесь зразумеў, што ён таксама не ў гасцях, а жыве тут. Але па нечым, няўлоўным, чаго нельга вызначыць, адчувалася, што поўным гаспадаром Яўсей сябе не адчувае.

Яніна Восіпаўна сказала яму:

— Андрэй Іванавіч, сядай ты, калі ласка. Мала нахадзіўся?

Алесю зрабілася весялей. Ад таго, што Яўсей — неЯўсей. I ад раптоўнага адкрыцця, што Яўсей — Андрэй, бадай, тут на тым жа становішчы, як ён у Вольгі. Значыцца, не адзін ён, але і гэты сталы ўжо чалавек, кіраўнік, вымушаны шукаць такі прытулак. Гэта пэўным чынам радніла іх, ва ўсякім разе, цяпер яму не было сорамна перад гэтымі людзьмі за свае адносіны з Вольгай. Наўрад ці трэба яму адкрываць гэтыя адносіны і, як намерваўся, прасіць у кіраўнікоў дазволу пакінуць сваю цяперашнюю кватэру. Думкі, з якімі ішоў сюды, здаваліся наіўнымі за іх нейкую дзявочую цнатлівасць. Аднак Яніна Восіпаўна — не Вольга. У Андрэя — таварыш па барацьбе. А ў яго?

Яніна Восіпаўна наліла чаю:

— Піце, — і як бы папрасіла прабачэння: — Цукру няма.

— Цукру немцы не даюць, — дадала Лена.

Чай пахнуў бруснічкамі і ліпавай квеценню, такім чаем паіла Вольга, калі ён ляжаў хворы.

Атмасфера застолля падабалася: менавіта так, за чаем, збіраліся рэвалюцыянеры-падпольшчыкі ў царскія часы, пра якіх ён прачытаў бадай усё, што напісана пісьменнікамі і гісторыкамі.

Павел Восіпавіч без усякага ўступу спытаў:

— Ведаў, у каго страляеш?

— У фашыста.

Чыгуначнік стрымана ўсміхнуўся, і ўсмешка адкрыла падобнасць да гаспадыні: але, брат.

— Пацэліў правільна, інструктар следчай групы паліцыі. Вучыў бобікаў, як весці следства па-гітлераўску, — і тут жа ўздыхнуў: — Але за такога гада арыштавалі нашых людзей, хапалі ў той вечар кожнага падазронага.

Алесь зразумеў: усё, што ён расказаў Лене, дэталёва праверана.

— Помсціў за лагер? — а ўсё. За народ.

— Кім да арміі быў?

— Студэнтам. Мяне прызвалі з трэцяга курса. У саракавым.

— Армейская спецыяльнасць якая?

Павел Восіпавіч выдаў сябе: так спытаць мог толькі вайсковец, камандзір, а не просты чыгуначнік.

— Быў наводчыкам у артылерыі, пасля — у дывізійнай газеце. Нас акружылі…

Хацеў расказаць, пры якіх абставінах трапіў у палон, каб кіраўнік падполля нічога кепскага пра яго не падумаў. Але Павел Восіпавіч перапыніў:

— Пішаш?

— Пісаў.

— Што пісаў?

— Ён вершы друкаваў, — сказала Лена.

— Вунь як! — Павел Восіпавіч шчыра здзівіўся і пачаў разглядаць хлопца з большай цікавасцю, потым павярнуўся да Андрэя: — Легалізаваць можам?

— Навошта?

— За паэта яны схапіліся б. Такія кадры ім патрэбныя. Уладзіць бы яго ў камісарыят, у іх аддзел прапаганды.

— Мы яго залічваем у дыверсійную групу. У знішчальнікі, — сказаў Андрэй. — Гатовы тэрарыст.

— Дыверсантаў хопіць. Усе рвуцца страляць. Трэба думаць пра тое, каб заслаць нашых людзей ва ўсе акупацыйныя органы, куды толькі магчыма. Наперад трэба думаць. Далёка наперад.

— Планаваць вайну на пяць гадоў? — іранічна ўсміхнуўся Андрэй.

— На пяць не трэба. Але не думай, што пераможам праз месяц-два. Многа крыві пральецца, хлопцы, ой, многа, — уздыхнуў Павел Восіпавіч. — Давайце больш не будзем закідваць немца шапкамі. Дорага мы за гэта заплацілі.

— Праз месяц Мінск будзе наш! — шэптам, але з вялікай упэўненасцю абвясціў Андрэй.

— Авантурысты вы. хлопцы, яшчэ раз кажу вам. Ты бачыш, колькі іх напхана? — кінуў Павел Восіпавіч на акно. — Набіты ўсе казармы, усе двары.

— Дзед, ідзеш уразрэз… — мякка, але сур’ёзна, пагражальна, без заўсёднай усмешкі сваёй сказаў Андрэй.

— Уразрэз не пайду, рашэнне выканаю… Але арганізавацца, арганізавацца нам трэба спачатку… Во пра што кажу.

— Таварышы, — далікатна папярэдзіла Яніна Восіпаўна, чамусьці паказаўшы вачамі ўгору, на столь.

Кароткая спрэчка гэтая, сутнасць якой Алесь зразумеў пазней, блытала яго ўяўленне, хто ж тут кіраўнік. Здалося нават, што яго блытаюць знарок, за што не пакрыўдзіўся, лічыў, што гэта для канспірацыі неабходна. Дзіўна было б, каб яму адразу, з першай сустрэчы вылажылі ўсе карты на стол: хто кароль, а хто валет.

Пасля папярэджання Яніны Восіпаўны прыгледзеўся, як паважліва мужчыны звяртаюцца да яе, і падумаў, што не апошнюю ролю іграе ў групе яна, жанчына. Але яму не хацелася быць ні пад яе кіраўніцтвам, ні пад кіраўніцтвам яе брата. Яго цягнула да Андрэя, рашучага, смелага, упэўненага. Ён заўсёды любіў такіх людзей, можа, таму, што сам быў ціхмяны, сарамлівы. Баючыся, што Павел Восіпавіч можа настойваць, каб паслаць яго на працу да акупантаў, Алесь, не дачакаўшыся іх рашэння, сказаў:

— Я маральна не гатовы працаваць у гітлераўцаў. Я ненавіджу іх так!

Павел Восіпавіч уздыхнуў, як бы шкадуючы, што яшчэ адзін чалавек не можа зразумець яго. Сказаў бадай жорстка:

— Я ненавіджу іх не менш. Аднак працую. Лепшым работнікам лічуся. У немцаў да мяне поўны давер. А, між іншым, я таксама з лагера. Во, яны памаглі вызваліцца, — кіўнуў ён адразу на траіх — на Лену, Яніну Восіпаўну, Андрэя.

Пасля такога прызнання чалавек гэты адразу зрабіўся самым блізкім тут — таварыш па пакутах. Алесь ужо быў паспеў падумаць: «Не, не можаш ты ненавідзець, як я, бо не перажыў таго, што перажыў я». Цяпер яму зрабілася ніякавата за сваю думку і за тое, што ён неяк адразу паставіўся да сталага чалавека не вельмі прыхільна, як бы скептычна: маўляў, лёгка табе, дзед, разважаць і планаваць вайну, як сказаў Андрэй, на пяць гадоў. Ажно «дзед» — вунь хто. Ці не яго павінна была выкупіць Вольга?

— Прабачце, — сказаў Алесь.

— Завошта? — здзівіўся Павел Восіпавіч.

Андрэй засмяяўся.

— Ну што, дзед? Падабаецца табе хлопец? Я з яго зраблю лепшага дыверсанта. А ты хочаш яго пасяаць нямецкія пракламацыі пісаць.

— Пракламацыі ён пісаў бы нашы, але з веданнем справы… ворага ведаў бы знутры, гэта важна. Дарэчы, пакуль Андрэй дасць табе заданне, напішы вершы пра разгром немцаў пад Масквой. Добра было б сатыру, а не — дык такія, каб людзям спяваць іх хацелася. Мы іх лістоўкай надрукуем. Друкары свае, — ласкава паглядзеў «дзед» на Лену, а пасля — да Андрэя, як бы даводзячы таму думку з даўняй спрэчкі: — Трэба спалучаць, хлопцы, усе формы барацьбы.

Андрэй, безумоўна, згадзіўся з гэтым, бо змаўчаў. Алесь адзначыў, што пра вершы сказана чалавекам адукаваным, інтэлігентным, нават яго сябры-студэнты некалі гаварылі па-руску не «напиши стихи», а «напиши стих», і зноў падумаў, што гэты просты чыгуначнік у зашмальцаванай вопратцы, непаголены, да вайны займаў немалы пост, ды і ў падполлі, безумоўна, не радавы, адно незразумела — яго адносіны з Андрэем. Хто каму падначальваецца? Учарашні армеец Алесь не адразу мог прыняць своеасаблівую партызанскую дэмакратыю.

Узрадавала, што «дзед» згадзіўся, каб заданне даў яму Андрэй. Але калі? Хацелася атрымаць яго неадкладна. Увогуле, ідучы сюды, ён зусім інакш уяўляў сваю сустрэчу з кіраўнікамі падполля. Здавалася, адразу будуць каманды, як у баявым штабе. А пакуль што ідуць развагі, нават спрэчкі. Да яго як бы прыглядваюцца. А што да яго прыглядвацца? Ён увесь, душой і целам, у барацьбе. Ён мог бы працягваць яе адзін, але ведае, што сіла — у арганізацыі, таму і шукаў настойліва сувязі з арганізацыяй.

— Саша, бярыце хлеб, не саромейцеся.

— Дзякуй. Я не галодны.

— Яго гаспадыня блінамі корміць з верашчакай. — Андрэй засмяяўся. — Дранікі яе на ўвесь рынак пахлі. Я дагэтуль сню тыя дранікі. Ажно слінкі цякуць.

Яніна Восіпаўна бліснула залатым зубам, глянуўшы на Андрэя закахана і з жартаўлівым дакорам.

— Не нюхай чужыя каструлі.

— Дык на рынку ж! Не на кухні. Слухайце, каб вы пабачылі, як яна ўмее таргавацца. Клас. Грошай не шкада заплаціць, каб паглядзець на такое.

Алесю зрабілася сорамна за Вольгу і за сябе. Магчыма, ён пачырванеў, збянтэжыўся ці яшчэ як выдаў свае пачуцці, бо гаспадыня пранікліва паглядзела на яго і раптам спытала:

— Слухайце, Саша, можам мы Вольгу далучыць да нашай справы?

— Нам во як, — разануў далоняй па шыі Андрэй, — патрэбны такі чалавек. Якая сувязная! I ўнутры горада. І для сувязі з партызанамі. Яе ўся паліцыя ведае.

— Верыш ёй? — не адводзячы вачэй, ва ўпор, перайшоўшы на «ты», спытала Яніна Восіпаўна.

Алесь збянтэжыўся і перавёў позірк на Лену. Аднак Лена на яго не глядзела. Лена глядзела ў кубак.

— Можаш паручыцца? — спытаў Андрэй.

Хлопца ўдарыла ў пот. Ён гатовы быў да любых, самых цяжкіх выпрабаванняў, але пра такое не падумаў нават, а між тым якое яно нялёгкае, гэтае выпрабаванне. Не паручыцца за чалавека, які ратаваў табе жыццё, якому ты даверыў найвялікшую тайну? А як паручыцца, калі чалавек гэты жыве зусім іншым, калі нават пра разгром фашыстаў пад Масквой Вольга паведаміла як бы між іншым, без той радасці, якая выбухнула ў ім. Не, не было ў яго ўпэўненасці, што Вольга гатовая да свядомай барацьбы, гатовая ахвяраваць жыццём, як гатовы ён.

— А ты, Лена? Ты можаш паручыцца? — рашуча і нецярплі-ва наступаў Андрэй.

Лена ўзняла галаву і, нядобра бліснуўшы вачамі, сурова сказала: — Я? Не, я не магу!

Кулачка! Жыве толькі для сваёй выгоды.

Андрэй рэзка падняўся, кажушок споўз з плеч, ён падхапіў яго і шыбнуў на ложак, ступіў да акна, зірнуў у яго. Павярнуўся. Сказаў прыглушана, але раздражнёна:

— Эх, вы! Адзін спіць з жанчынай…

Алеся як варам абдало, ён пачырванеў, што рак.

— Андрэй, выбірай словы, — на бледных шчоках Яніны Восіпаўны выступілі чырвоныя плямы.

— Не хачу я выбіраць словы. Напляваць мне на вашы інтэлігенцкія далікатнасці! Другая ў школе вучылася, сябравала… I не бачыце чалавека?! Ну, чорт з вамі! Я паручаюся за яе! Галавой!

— Не кідайся, Андрэй, галавой! Яна ў цябе адна.

— Ды вы ведаеце, якая гэта баба!

— Во іменна таму, што баба, не спяшайся, правер спакойна, — разважліва параіў Павел Восіпавіч, які чамусьці да гэтай спрэчкі праявіў менш цікавасці, чым да ўсяго іншага. — Такая сувязная будзе ведаць больш, чым любы з нас.

— Можна, я пагавару з ёй? — сагнаўшы трохі чырвань з твару, нясмела спытаў Алесь.

— Не, дрэнны ты агітатар, паэт. Лепш я сам пагавару, — ужо больш лагодна сказаў Андрэй.

VIII

Алесь не вярнуўся дадому. Выйшаў пасля абеду, сказаў, што пойдзе прагуляцца, і да паўночы няма. Вольга разумела, што чакае дарэмна: у такі час без начнога пропуска ён не прыйдзе ўжо. Але ад трывогі, страху, прадчування бяды яна не толькі не магла спаць, але і ляжаць у ложку: як здань, у начной сарочцы блукала па доме, ступаючы босымі нагамі па халоднай падлозе, не адчуваючы холаду, палохаючыся ценяў на двары і ў доме, чаго раней ніколі з ёй не было.

За вокнамі месячная марозная ноч. Ад марозу трэскаюцца дрэвы. Адзінокі стрэл прагучаў недзе, можа, на Нямізе, а здалося — побач, на іх вуліцы. I свіст паравозаў ніколі не быў такі блізкі, быццам чыгунка падышла да Камароўкі.

Аканіцы не зачыненыя, і Вольга заглядвала то ў адно, то ў другое акно. Не зачыняць аканіцы папрасіў Алесь, даўно яшчэ: яго прыгнятала цемра.

Вольга ўспамінала ўсё, што звязана з ім — кожны рух, кожнае слова, кожнае жаданне яго. Што ён сказаў, калі адыходзіў? Якія апошнія словы яго былі? Жахнулася, злавіўшы сябе на тым, што думае як пра нябожчыка. Не, не! Ён жывы! Можа, упершыню яна адчула на поўную сілу, які дарагі стаў для яе гэты хваравіты хлапчына, як моцна яна кахае яго. Нічога яна не баіцца, нічога ёй не сорамна. Сказала Бароўскім, што ўсё было. Скажа ўсяму свету, няхай толькі ён вернецца. Але што з таго, што скажаш пра сваё каханне? Што зменіцца? Усё адно яго не ўтрымаеш. Не, не тое слова — не ўтрымаеш. Не ўсцеражэш! Яна ўвайшла ў яго пакой і з душэўным трапятаннем, з думкай, што ён так любіў іх, узяла ў рукі адну кнігу, другую… Гартала пры святле месячыка. Голас яго гучаў з кніг.

Ах, калі б ты магла здагадацца,
Як не хочацца мне ухадзіць.

З якой гэта кнігі? Не, тэта не з кнігі. Гэта чытаў ён на памяць. Многа разоў. А яшчэ чытаў…

Разгарайся хугчэй, мой агонь, між імглы, —
Хай цябе шум вятроў не пужае:
Пагашаюць яны аганёчак малы,
А вялікі — крапчэй раздуваюць.

А гэта яна знайшла сама — у Блока:

Я сам свою жизнь сотворю
И сам свою жизнь погублю.
Я буду смотреть на Зарю
Лишь с теми, кого полюблю.

Часта паўтарала гэтыя радкі сама сабе, у сваіх паходах. Але ні разу не прачытала яму: прымхліва баялася, што гэта… пра яго. I пра яе.

Перамену ў Алесевым настроі пасля яго выхаду ў горад у завейны дзень яна адчула адразу. Не доўга ён гуляў, гадзіны тры ўсяго, а вярнуўся — як абноўлены. Стоеная радасць прасвечвалася ў вачах, у кожным слове, у тым, як ён размаўляў з ёй, як гуляў са Светкай і якія вершы чытаў.

Вольга здагадалася, ад чаго ён такі: знайшоў сваіх, звязаўся з імі, іншай прычыны для такога настрою ў гэтага чалавека быць не магло. I яе апанаваў страх. Але страх быў інакшы, чым той, які перажыла, калі забірала яго з лагера, калі ў іх доме рабілі вобыск, і нават той нядаўні, калі, калоцячыся, ён прызнаўся, што забіў немца. Тады яна спалохалася больш за сябе. Цяпер баялася за яго, бо раптам зразумела, што спыніць хлопца не мае сілы, што імкненне яго змагацца мацней за яе чары, пяшчоты, цеплыню, дабрабыт, за ўсё, што па яе ўяўленні магло б спакусіць любога чалавека.

Ажно, выходзіць, ёсць нешта больш моцнае за сытны харч, за цёплую пасцель. Яе захапляла, што ён такі, не падобны на ўсіх людзей, якіх яна ведала дагэтуль.

Яна разумела, што такое абавязак, і ніколі, напрыклад, не параіла б мужу зрабіцца дэзерцірам, усе ідуць у войска, усе ваююць — і ты ідзі ваюй. Але там іншая рэч, там прымушае закон, і дэзерцірства — здрада, за гэта сурова пакараюць. «А ты, — думала яна пра Алеся, — ты ж нікому не здрадзіў, не па сваёй віне ты трапіў у палон. Дык навошта ж табе, гэтак напакутаваўшыся, ісці аднаму на такую сілу? Паглядзі, колькі іх, паліцаяў! Гэта ж ісці на верную смерць». Не, так яна думала раней, і не толькі думала — колькі разоў спрабавала даказваць яму. Часам ён горача спрачаўся, часам ухіляўся ад такой размовы, але чытаў ён вершы, то з кніг, то на памяць, з якіх, калі ўдумацца, вынікала яго праўда, выходзіла, што пра яе праўду ніхто ніколі не пісаў — ні Пушкін, ні Купала. Яна палюбіла Блока; употай часта чытала яго, бо здавалася, што ў туманных, не вельмі зразумелых радках ёсць яе праўда:

Как у тебя хорошо и светло —
Там, за стеною, темно…
Дай пошалим, постучимся в стекло,
Дай-ка — забьемся в окно!

Але ён любіў і гэта. I разумеў па-свойму.

Не, пасля той перамены, якую ўбачыла ў ім яна, ужо і не намервалася адгаворваць яго, ушчуваць, упрошваць, добра ведала, што ўсе яе словы будуць дарэмныя. Ёй проста захацелася зразумець яго, глыбей заглянуць у душу. Чаму ён за нейкія тры гадзіны раптам стаў такі…

— Які? — засмяяўся ён на яе запытанне.

— Як… пасля прычасція.

— Вольга, ты начыталася Блока, — і, абняўшы, горача пацалаваў яе ў вусны, пацвердзіўшы яшчэ і гэтым, што ён узрадаваны, узбуджаны.

— Ты не хочаш мне нічога сказаць?

— Што сказаць?

— Дзе ты быў? З кім страчаўся?

— Ці не думаеш ты, што я з дзяўчынай страчаўся? Можа, думаеш, што з Ленай? — Сваю рэўнасць да Лены яна ўжо выказвала яму.

— Не, не думаю. Ад стрэч з Ленай ты не рабіўся такі.

— Ды які? Я проста хораша пагуляў. Люблю завею. I фашысты не сапсавалі мне настрой. Пахаваліся ў норы ад завеі.

— Ты не верыш мне?

— Волька, я нічога ад цябе не ўтойваю.

— Пакляніся.

— На чым? На Бібліі, якую ты чытаеш? — іранічна хмыкнуў ён: разам з іншымі кнігамі — для яго — яна купіла на барахолцы Біблію. Вольга пакрыўдзілася.

…Абнімаючы падушку, якая, здавалася, яшчэ захоўвала яго жывую цеплыню, яго пахі, Вольга кляла сябе за халодную ветлівасць сваю. Як яна магла абыходзіцца з ім так у той час, калі чалавек, магчыма, рыхтаваўся да смерці? Ад таго і прасветлены такі быў, сапраўды, як пасля прычасця.

Не магла заснуць усю ноч, светлую ад іскрыстага снегу за акном, ад месячыка, але чорную, як яма, ад яе думак. На світанні, калі спала дзіця і калі Лена Бароўская не магла яшчэ пайсці на працу ў нямецкую друкарню, Вольга кінулася да сяброўкі. Не любіла яна Лену ў тую ноч, думаючы пра яе, амаль ненавідзела — каб не яна, можа, усё было б інакш, але не забывалася, што ў цяжкія хвіліны яе заўсёды цягнула не да каго іншага, нават не да брата, а да Бароўскіх, адной Лене яна можа даверыць не толькі сардэчную тайну, але і жыццё — сваё і таго, хто зрабіўся даражэйшы за самую сябе.

Лена толькі прачнулася, мабыць, ад галадання ў яе напухла пад вачамі, і ад гэтага яна выглядала вельмі пастарэлай, саракагадовай бабай. Маці карміла яе халоднай, звечара зваранай у мундзірах бульбай, і бульба гэтая, здаецца, вязла ў Лены ў горле. Такі ранні Вользін прыход спалохаў Лену, Вольга гэта адразу ўбачыла, і ў яе памлелі ногі: здалося, Лена ведае нешта страшнае, таму і спалохалася, убачыўшы яе.

Але пасля прывітання размову пачала старая Бароўская, папрасіла:

— Волечка, пазычыла б ты нам солі, а то не есць Лена без солі, зусім згаладалася, дурная. Чым толькі жыве, не ўцямлю. Ды еш ты, дачушка.

Вольга з палёгкай уздыхнула і адказала:

— Пазычу, цётка, сёння ж прынясу.

— Разжывёмся — аддамо.

— Калі гэта і на чым ты разжывешся? — сурова спытала ў маці Лена. — У кабалу да Ляновічыхі залезеш.

— Як гэта ты пра мяне думаеш? — пакрыўдзілася Вольга да слёз; у іншы час яна ў гразь утаптала б гэтую Лену за такія словы, а тут нават не ўзлавалася, толькі сапраўды вельмі пакрыўдзілася.

Старая прымірыла іх:

— Дружыце, дзеткі, не сварыцеся. Цяпер уся наша сіла ў дружбе.

Вольга спытала баязліва, шэптам:

— Дзе Саша, Лена?

— Саша? А што? — адразу прагнала санлівасць Лена, патухлыя вочы загарэліся запытаннем.

А Вольгу, бадай, супакоіла, суцешыла, што Лена так устрапянулася: значыцца, нічога не ведае, проста, відаць, падумала, што здарылася страшнае, раз яна, Вольга, прыбегла ў такую рань, калі яшчэ і каменданцкі час не скончыўся.

— Учора пасля абеду як пайшоў… нічога не сказаў…

Тады супакоілася Лена: як бы ўсміхнулася ці то полымя газнічкі ярчэй успыхнула і асвяціла яе твар; расслаблена паправіла хустку на плячах і зацікаўлена, не так абыякава, як дагэтуль, пачала абіраць бульбіну. Упікнула ўедліва:

— На суткі чалавек адлучыўся, і ты ўжо бегаеш па ўсім горадзе? Як жа гэта ты не прывязала яго да спадніцы? Не прывязваецца, а? Слізкі, ці што? — цяпер ужо адкрыта пасміхалася Лена.

— Злосная ты, Леначка, робішся, — папракнула дачку маці, але тут жа цяжка ўздыхнула. — Ты прабачай, Волечка. Праца ў яе цяжкая, а харчы, бачыш, якія… А Вольгу не ўпікай, усе мы, бабы, такія… Палюбіла яна яго.

— Палюбіла! Скажы — прысвоіла!

— Зараза ты, Ленка, — у Вольгі задрыжалі вусны. — Я да цябе з адкрытай душой…

Лена імкліва паднялася, адпіхнуўшы ад сябе ачышчаную бульбіну, пачала завязваць хустку.

— Зноў нічога не з’ела, — пабедавала старая Бароўская.

— Не крыўдуй, Волька, — лагодна, прымірэнча сказала Лена. — Можа, я ад зайздрасці так. Я і ў добры час не здолела палюбіць… А ты і ў такі час можаш любіць. Не бядуй. Вернецца твой Саша, — сказала яна так упэўнена, што Вольга паверыла і супакоілася.

Але супакаення гэтага хапіла хіба на раніцу, пакуль паліла ў печы, карміла Светку, прыбірала ў доме, дарэчы, больш старанна, чым звычайна, быццам чакала госця ці рыхтавалася да свята.

Новую трывогу… не, не трывогу — жудасць прынесла цётка Марыля. Вольга яшчэ ўчора дамаўлялася з ёю, каб яна пагуляла з малой, бо адчувала, што не здолее сядзець цэлы дзень дома, калі Саша не вернецца.

Добрая гэтая старая, спагадлівая, яна лепш, чым хто з суседзяў, ведала, адкуль, як з’явіўся ў Ляновічыхі кватарант, як цяжка ён хварэў, памагала яго лячыць і шкадавала нябогу. Невядома, ці ад дабраты і шкадавання, ці ад недахопу душэўнай чуласці цётка Марыля сказала Вользе:

— Людское радзіё, Волечка, перадае, уся Камароўка гамоніць, што сёння раніцой праклятыя фрыцы павесілі ў скверы каля Дома Чырвонай Арміі нашых людзей… партызанаў, кажуць… А хто яны — адзін Бог ведае.

У Вольгі ўміг усё амярцвела — рукі, ногі, вочы, язык. Слова вымавіць не магла, не мела сілы. Стаяла, спалатнелая, глядзела на Марылю… і не бачыла яе, як у тумане бачыла страшныя здані павешаных і сярод іх — яго, Сашу…

А потым сэрца як бы сарвалася з месца, раскалолася на часткі. Разарвалася балюча ў грудзях на дробныя асколкі, і кожная часцінка гэтак жа балюча забілася, затрапятала ў скронях, у жываце, у пальцах рук.

Вольга кінулася да старой, схапіла яе за плечы, трасянула:

— Цётачка! Скажы — ён там?

— Ды не, любачка мая, не. Ніхто не ведае, ніхто не бачыў. Ды і чаго ён там апынецца? Што ён зрабіў? Хварэў жа, — хоць Вольга нічога не сказала, здаецца, і руху ніякага не зрабіла, але Марыля пачала тут жа адгаворваць: — Волечка, не хадзі туды… Не трэба табе. Лепш я, старая, схаджу. Было ж ужо так увосень, павесілі траіх на Чэрвеньскім, а сястра прыйшла, пазнала брата, загаласіла, і яны, гады, схапілі яе… хоць ні ў чым яна не вінаватая… А хто вінаваты?

Не, не пайсці Вольга не магла, як ні пераконвала яе старая жанчына. Пераканала, што не можа там быць яе каханага. Нават страх адхлынуў, той, першы, балючы, і сэрца вярнулася на сваё месца. Але не магла яна не паглядзець на павешаных! Не ад страху, што ён там. I не ад абывацельскай цікаўнасці, якая магла з’явіцца раней. Не, цяпер было нешта іншае, як бы ўступленне ў новае жыццё, жаданне сустрэцца тварам у твар з той небяспекай, якая будзе сцерагчы яе ў гэтым новым жыцці кожны дзень, кожную гадзіну. Бачыла смерць бацькі, разрэзанага трамваем, ціхую смерць маці ў гародзе, смерць людзей ад бамбёжкі, смерць старога яўрэя, якому немец выстраліў у горла, трупы людзей за лагерным дротам. Якая ж яна, смерць тых, хто не мог скарыцца перад чужынцамі гэтак жа, як не скарыўся ён, гэты хлапчына? Не так даўно яна яшчэ спадзявалася, што пераможа яе праўда, што пяшчотамі сваімі і дабрабытам яна прымусіць хлопца скарыцца не ворагу — ёй, адной ёй і жыць так, як жыве яна. Спадзяванні пахіснуліся, калі Алесь застрэліў немца. Цяпер, калі хлопец немаведама куды сышоў, яны зніклі зусім. Вось чаму ёй трэба рыхтавацца да новага жыцця. I ўсё ўбачыць сваімі вачамі.

Калі Вольга, апранутая ўжо, пацалавала дачку, Марыля папярэдзіла:

— Не забывайся пра Светку. З кім яна застанецца?

Думка пра дачку вымушала быць асцярожнай. Усё адно па сваіх камароўскіх напаўпустых вуліцах Волька амаль бегла, задыхаючыся. Моцны мароз раздзіраў грудзі, ён як бы згусціў паветра, і яно не ўдыхалася ці, можа, наадварот, не выдыхалася; змерзлае, калючымі іголкамі калола лёгкія, горла.

Але па Савецкай, нягледзячы на холад, народу ішло не мала, і кожны другі — у зялёным, мышастым ці чорным шынялі. Вольга пайшла павольней, хоць наўрад ці трэба была такая перасцярога, бо мароз гнаў усіх уперад. Немцы прытанцоўвалі, стукалі намёрзлымі ботамі, церлі вушы, ад гэтага здаваліся вясёлымі, узбуджанымі.

Вольга звярнула ўвагу, што ўсе ідуць толькі па правым тратуары, левы быў пусты. Адразу здагадалася — чаму. I зноў зрабілася жудасна. А калі ён там? Не ведала, як яна будзе паводзіць сябе, што падкажа сэрца, якое так баліць, не спадзявалася на сябе, таму зноў думала пра дачку, толькі Светка, маленькая галіначка гэтая, можа ўтрымаць яе ад неразумнага ўчынку. Але што разумнае, а што неразумнае? Зусім нядаўна яшчэ Вольга добра ведала гэта, ва ўсякім разе, не сумнявалася, што ўсё, што робіць яна, Ляновічыха, усё гэта самае разумнае. А цяпер усё пераблыталася. Ён, Саша, усё пераблытаў у яе галаве. I — дзіўна — яна не злуе на яго, яна, бадай, удзячная, што ён так перавярнуў усе яе думкі.

Узнімалася на гару — ад Пралетарскай да сквера — як у страшным сне, калі сніш, што лезеш угору па крутой і бясконцай лесвіцы і ў цябе няма ўжо сілы, здранцвелі ногі і рукі, спыняецца смяртэльна стомленае сэрца.

Не дайшоўшы да кінатэатра, яна ўбачыла павешаных — і ў адзін позірк, вачамі і сэрцам, угледзела, адчула, што яго няма сярод шасцярых… Адразу адхлынуў страх, але тут жа пракацілася новая хваля — нянавісць да катаў; такое нянавісці яна яшчэ не перажывала. Праклінала немцаў, што пачалі вайну, што рабуюць людзей, але паколькі ёй асабіста вайна пакуль што няшчасця не прынесла, то праклінала яна, бадай, паблажліва, каб дагадзіць Алесю і быць з народам (усе суседзі, знаёмыя лаялі акупантаў), а не з паліцаямі, якія хвалілі новую ўладу. Не баялася часам і пры знаёмых паліцаях «праехацца» па іх гаспадарах: і няхай знаюць, што думае народ.

У той жа міг, як убачыла павешаных, з’явілася зусім іншае пачуццё, ва ўсякім разе, толькі там яна раптам зразумела, што ж такое Сашава нянавісць, чаму ён так ірвецца помсціць. У ногі, рукі, якія дагэтуль былі як чужыя, вярнулася сіла, у яе з’явілася адчайнасць, такая ж, якая была ў першыя дні вайны, калі яна пад бомбамі цягала дабро, але цяперашняя адчайнасць скіраваная была зусім на іншае.

Вольга пайшла шпарка, упэўнена, потым спынілася напроціў павешаных. Ніхто з цывільных не спыняўся, людзі баяліся нават глянуць у той бок, глядзелі толькі немцы і гучна абмяркоўвалі падзею, ухваляючы, безумоўна, пакаранне бандытаў.

Яны віселі ў кутку сквера, ля самай Савецкай вуліцы, на першых дрэвах — на перакладзінах, прыбітых да старых ліп. Пяцёра мужчын і адна жанчына. Перад карай з іх знялі пінжакі, верхнія сарочкі, кофтачку, і яны былі ў аднолькавых сподніх кашулях, босыя.

Сквер стаяў у густым інеі, таму дрэвы здаваліся ненатуральнымі, тэатральна прыгожымі. А з тых ліп, на якіх павесілі падпольшчыкаў, іней абцерусіўся, і дрэвы гэтыя стаялі жалобна-чорныя на белым фоне, журботна-жывыя.

Іней асыпаў павешаным галовы, асеў на іх тварах, руках і нагах; калі астывала ў целе цеплыня, асядаў іней. Застылыя твары іх — як злепленыя з гіпсу і здалёк падобныя адзін на аднаго. А Вользе захацелася глянуць у іх твары зблізку, каб убачыць, якія яны розныя, запомніць, можа, нават пазнаць некага — у памяці яе безліч абліччаў мінчан, якім яна некалі нешта прадавала. Яна смела і рашуча пайшла праз вуліцу на той бязлюдны каля сквера тратуар. Спынілася за якія пяць крокаў ад павешаных і пільна ўзіралася ў іх твары. Не, яны розныя, відно і пад інеем: адзін зусім юнак, дзіця, у другога, відаць, пасля арышту адрасла кароткая, але густая барада, і ва ўсіх на тварах, на шыях, грудзях віднеліся крывавыя сінякі.

Вольга ўявіла, як іх катавалі, і не жахнулася, як здаралася гэта раней, калі яна ўяўляла, як могуць катаваць яе, Алеся. Усё тая ж хваля нянавісці ў грудзях узнімалася ўсё вышэй і вышэй, аглушаючы, заліваючы вочы, туманячы розум.

Невядома, што жанчына зрабіла б, калі, як і куды адышлася б ад ахвяр, каб не паліцаі. Адзін з іх з’явіўся адразу ж, Вольга нават не ўгледзела, адкуль выйшаў, як з-пад зямлі. Убачыла перад сабой яго морду з брыдкай ухмылкай і ад нечаканасці і нянавісці чуць не закрычала, не кінулася на гэтага вырадка, які можа так пагана ўхмыляцца тут, каля нябожчыкаў. «Паважай хоць смерць, паскуда!» — ледзь не вырвалася ў яе.

— Ну, хто тут вісіць? — выскаліўся паліцай. — Брат? Муж? Сусед? Знаёмы?

— Ніхто. Проста людзі.

— Людзі?! Бандыты! А хто ці ніхто — гэта мы праверым. Хведзя!

Па пустым тратуары павольна ішоў другі бобік. Вольга пазнала яго — знаёмы Друцька, вядро гарэлкі ў яе выпіў. Паліцай таксама пазнаў яе, здзівіўся:

— Вольга? Які чорт прынёс цябе? — А хіба нельга паглядзець?

— Знайшла тэатр! — звярнуўся Друцька да свайго калегі, тлумачачы: — Гэта наша, Ляновічыха з Камароўкі. Чуў? Чортава баба! Пайшла прэч адгэтуль, пакуль з СД не ўбачылі. Дурная! Вецер у цябе ў галаве.

Узяў яе за рукаў і павёў цераз вуліцу назад на той тратуар, па якім ішлі людзі.

— Завошта іх? — спытала Вольга.

— Склад з гаручым узарвалі.

— Ого! Смелыя.

— Вар’яты, а не смелыя! — узлаваўся Друцька. — Лезуць з голымі рукамі на такую сілішчу! Усе будуць вось так вісець! Усіх перавешаем!

— Ты іх вешаў?

— Не. Немцы нам не давяраюць.

— А каб даверылі, павесіў бы? Друцька злосна мацкжнуўся.

— Пайшла ты! Прынесла б лепш чакушку, усе вантробы замерзлі, дзве гадзіны дзяжуру, — і, спалохана азірнуўшыся, бо насустрач прайшло трое немцаў, шэптам спытаў: — Думаеш, яны мяне не павесілі б, сталінцы гэтыя, камсамольцы?

— Яны? — Вольга на міг задумалася. Але Друцька як бы спалохаўся яе адказу — лёгка піхнуў у плячо, а сам хутка закрочыў назад, на свой страшны пост. А Вольга раптам адчула, што яе хістае ў бакі, як п’яную.

А потым была яшчэ адна пакутлівая ноч. Якія толькі жахі не лезлі ў галаву! Заснула на хвілінку — сасніла павешаных. Самае жахлівае ў гэтым сне, што замест паліцая на варце каля нябожчыкаў стаяў ён, Алесь, у адной сподняй бялізне; яна бачыла, як ён замярзае, як жывое цела яго ператвараецца ў белы халодны гіпс, але не магла скрануцца з месца, каб уратаваць яго, бо побач стаяў Друцька і шаптаў на вуха: «Пойдзеш — будзе смерць тваёй дачцэ».

На трэці дзень, змучаная невядомасцю, надумала папрасіць таго ж Друцьку, каб навёў даведкі, ці няма яе стрыечнага брата сярод арыштаваных, немцы ж хапаюць людзей без разбору, на вуліцы, на рынку, могуць пасадзіць невінаватага. Але, ведаючы, да чаго рваўся Алесь і што зрабіў ужо, стрымалася ад такога намеру: лепш бобікам не ўводзіць у вушы, што яна баіцца за хлопца, а то падумаюць, што, значыцца, ёсць з-за чаго баяцца, і пачнуць вынюхваць, як сабакі. Лепш, каб да яе дома не было падазронасці, тады і Алесь будзе ў большай бяспецы.

I зноў пакутавала ў адзіноце. Ведала, што каб пайшла на рынак, гандлявала, то было б лягчэй чакаць яго. Але менавіта праз тое, што чакала вельмі нецярпліва і верыла, што ён вернецца, не магла адлучыцца з дому нават на кароткі час. Не хацела, каб пасля ўсяго, што ён перажыве за гэтыя дні, — не ў цяпле сядзіць, не блінцы есць у другой маладзіцы! — яго сустрэла старая Марыля, а не сама яна.

Апоўдні роспач гарачая, з роем думак, імклівых, супярэчлівых, страшных, неверагодных, з жаданнем дзейнічаць, шукаць змянілася роспаччу халоднай, калі наступае душэўнае здранцвенне, амаль поўная бяздумнасць. Малая адчула такі матчын настрой і пачала капрызнічаць, плакаць. Вольга нашлёпала яе і сама спалохалася сваёй злосці, нагаласілася па-бабску, як галосяць па нябожчыку. Паўтарагадовая Светка так уразілася, што перастала плакаць, пачала па-свойму, па-дзіцячаму суцяшаць маці і разжалобіла яшчэ больш.

I такою яе захапіў нечаканы госць — той Яўсей, у якога Вольга купіла кажушок і які забіраў прыёмнік. З’яўленне яго спачатку здзівіла і спалохала. Калі ён увайшоў, Вольга якую хвіліну глядзела на яго як на прывід. Кажушка таго, які яна вярнула, на ім не было, хвацкія вусы паголены, старое лёгкае доўгае паліто, клятчастае, такія з’явіліся з Польшчы, калі вызвалілі Заходнюю Беларусь, польская шапка з казырком і кароткімі вушамі, адкпадзенымі, моцна змянілі выгляд чалавека. Але Вольга пазнала яго адразу. А ён як бы не ўбачыў, што гаспадыня не ў гуморы, што ў яе заплаканыя вочы. А можа, праўда, з вуліцы, дзе быў моцны мароз і на сонцы іскрыўся снег, сляпіў, чалавек у хаце пэўны час дрэнна бачыў; іней на брывах і вейках, растаючы ў цеплыні, мог затуманіць вочы. Яўсей весела спытаў:

— Не пазнаеш, прыгажуня?

— Хіба такога гжэчнага пана можна не пазнаць?

Здзівілася, чаму яе раптоўна пацягнула на гуллівую размову, відаць, такі ўжо гэта чалавек і такія былі іх сустрэчы, што інакш з ім гаварыць немагчыма нават і ў такім настроі.

Яўсей рагатнуў не надта весела:

— О, гэта ўжо амаль камплімент. Аднак мала я змяніўся, выходзіць?

Убачыў у зале люстраную шафу, ступіў да яе, каб паглядзецца.

— Ды не, змяніўся моцна, — заспакоіла Вольга, — але такога пана можна пазнаць і аблупленага.

Цяпер ён засмяяўся весела:

— Сапраўдныя паны за такія кампліменыі цалавалі б пані ручку.

— Дык то ж сапраўдныя!

— Але, я пан не сапраўдны. Ведаеш, чаму я прыйшоў? Па абяцаныя дранікі. Увесь час з таго дня чую, як яны пахнуць, дранікі твае.

Вольга ўзрадавалася, што чалавек так шчыра і проста папрасіў есці. Не, не гэта ўзрадавала — тое, што ён намераны затрымацца надоўга, з ім можна пагаварыць, у яго, як і ў Лены, можна спытаць пра Алеся.

Як бы баючыся, што ён перадумае, кінулася на кухню, пачала абіраць бульбу. Настрой уміг змяніўся, зноў яна была сама сабой, той Ляновічыхай, увішнасць якой здзіўляла і захапляла ўсю Камароўку.

Малая адчула змену ў матчыным настроі і таксама павесялела, не капрызнічала, гуляла з бульбай і бясконца лапатала на сваёй дзіцячай мове, як бы просячы прабачэння за нядаўнюю капрызнасць.

Вольга выглянула з кухні — як госць? I застыла, уражаная. Весялун, балака, сядзеў на канапе, панурыўшы галаву, у паставе смяртэльна стомленага чалавека; глыбокі смутак і душэўны боль застылі на яго твары. Нават не пачуў і не ўбачыў, што гаспадыня падглядвае за ім з-за плюшавай шторы на дзвярах кухні. А Вольгу зноў ударыў страх: «Можа, прыйшоў, каб сказаць ёй… Не! Не!» — закрычала не яна — сэрца яе, розум, яны не маглі пагадзіцца з думкай пра смерць таго, каго так чакала.

Госць пачуў, што яна пачала драць бульбу, і прыйшоў на кухню, здзівіўся:

— Ты праўда гатуеш дранікі? Я пажартаваў. У мяне няма часу. Хоць з’есці штось трэба. Сіла трэба.

— Гэта хутка. На прымусе.

— У цябе ёсць керасін?

— У мяне ёсць усё, — па-ляновіцку пахвалілася Вольга.

— Ого! — Ён зноў засмяяўся, нібы жаніх, які прыйшоў сватацца і даведаўся, што нявеста значна багацейшая, чым ён уяўляў.

Сеў на нізкі табурэцік і пачаў з бульбіны выразаць малой ляльку — смешнага чалавечка. Калі ж на скавародцы засквірчэлі на свіным тлушчы першыя дранікі і паплылі апетытныя пахі, госць вінавата прызнаўся:

— Пайду пасяджу на канапе, а то, баюся, упаду, галава кружыцца: два дні нічога не еў.

— О, Божачка мой! — жахнулася Вольга. — Якая ж я дурная. Сядайце за стол адразу, я ў адзін момант усё падам, — замітусілася яна. — Гарэлкі вып’еце?

— Не, нельга мне.

Ён еў многа, але не па-галоднаму, не спяшаючыся, як бы саромеўся ці асцерагаўся, — не запіхваў цэлы дранік у рот, адкусваў па маленькім кавалачку і не каўтаў, а нібы чакаў, пакуль пахучая мяккасць растворыцца ў роце.

Вользе падабалася, як чалавек есць, павага да ежы падабалася. Яна стаяла ў дзвярах кухні і глядзела на яго.

— Ніколі не еў нічога смачнейшага, — пахваліў ён дранікі.

Хвалілі яе за гаспадарчы спрыт і ўменне часта, але пахвала гэтага госця была чамусьці асабліва прыемная.

— Ешце на здароўе, Яўсей… Не ведаю, як вас па бацьку, — Вольга нечакана для сябе перайшла на «вы», пасля яго прызнання, што два дні не еў, і пасля таго, калі ўбачыла, як інтэлігентна ён есць, гуллівы тон знік, з’явіліся сур’ёзнасць, паважнасць.

— Сёння маё імя Віктар Андрэевіч, — паведаміў ён з таямнічай усмешкай. — Віктар Андрэевіч Ледзянёў…

Ад таго, што ён вымушаны мяняць імя і прозвішча, Вольга адчула да госця яшчэ большую павагу, але адначасова з’явілася і нейкая іншая, чым напачатку, боязь.

— Сядай. Пасядзі са мной, — паказаў ён на крэсла з боку стала.

— Дык дранікі ж пякуцца.

У кухні шумеў прымус, сквірчэла другая скавародка дранікаў.

— Не нясі больш, а то я аб’емся.

Але Вольга прынесла скавародку, вывернула дранікі ў талерку, заліла зверху тукам.

— Ешце.

Мабыць, яму не падабалася яе сур’ёзнасць, ён паспрабаваў аднавіць ранейшы тон:

— Пані не ўяўляе, якое выпрабаванне дае майму няшчаснаму страўніку! Дужа ж холадна на дварэ.

Вольга зразумепа жарт, але не падтрымала. Аднесла на кухню скавародку, вярнулася і села на тое крэсла, на якое ён запрашаў.

Зблізку пільна ўгледзелася ў твар яго, убачыла, што чалавек не такі малады, як здаўся пры першай сустрэчы на рынку, ці, можа, за два месяцы так састарыўся, здаецца, тады не было такіх глыбокіх барознаў пад вачамі і ля вуснаў.

— Не глядзі на мяне, — зноў жартаўліва папрасіў Віктар Андрэевіч. — Я ніколі не з’яўляўся перад прыгожымі жанчынамі ў такім выглядзе — непаголены.

Вольга памаўчала, пасля сказала:

— А я хачу зразумець, што вы за людзі.

— Хто?

— Вы… Саша…мой…

— Людзі як людзі. Савецкія людзі.

— А я, выходзіць, не савецкая?

— Чаму ж? I ты савецкая.

— Дзе Саша? — нечакана настойліва спытала Вольга.

— Чаму ты лічыш, што я павінен ведаць, дзе твой Саша?

— Ты ведаеш! Ты ўсё ведаеш!

Госць пракаўтнуў дранік, паклаў відэлец, адкінуўся на спінку крэсла, павярнуўся ў яе бок і таксама ва ўпор паглядзеў жанчыне ў шырока расплюшчаныя вочы — блакітныя азёры. Ціха спытаў:

— Любіш?

— А што, хіба нельга? — такое нечаканае пытанне непрыемна кранула Вольгу, яна натапырылася і гатовая была даць водпаведзь, дзёрзкую, па-свойму, па-базарнаму, калі ён скажа штось нядобрае пра яе каханне.

Але ён сказаў мякка, хораша, нават вочы бліснулі вільготна:

— Ды не, наадварот. У гэтым, відаць, наша сіла, што мы, ненавідзячы… ворага ненавідзячы, можам любіць, — і, задумліва памаўчаўшы, азірнуўшыся, паведаміў амаль шэптам: — Жывы твой Саша. Але ці варта яму вяртацца сюды — пра гэта трэба падумаць, — і дзіўна паглядзеў на Светку, што тупала вакол стала, гушкаючы кацянё, на сваёй дзіцячай мове размаўляючы з коцікам.

У Вольгі ёкнула сэрца: вунь яно як можа здарыцца? Не смерць, а людзі, чалавек, што здаваўся такім добрым, можа разлучыць іх. I гэта, напэўна, будзе назаўсёды. Ды якое ён мае права? Нікому яна не аддасць таго, каго ратавала ад смерці, пакахала! Ён належыць ёй, толькі ёй! — закрычала сэрца. Аднак тут жа сціхла, сцятая знаёмым страхам, тым, з якім жыла апошнія дні, ад якога чуць не страціла прытомнасць, пачуўшы пра павешаных.

Насцярожылася, стаілася. Чакала, што ён, Віктар… Яўсей — ці як яго імя? — пачне раіцца з ёй, думаць разам — вяртацца Сашу дадому ці не. Што адказаць на гэта?

Тры дні назад яна, напэўна, па-бабску, па-базарнаму кінулася б у бой: маё! не аддам!

Але цяпер разумела недарэчнасць такога пярэчання. Як яна можа аддаць ці не аддаць Сашу, калі ён ужо там, у іх, у гэтых загадкавых для яе людзей, да якіх так ірваўся?

Вольга чакала, як прысуду, што скажа чалавек, які цяпер мае ўладу над Сашавым жыццём. А ён маўчаў, здалося ёй, бясконца доўга, хоць у сапраўднасці падпольшчык маўчаў нейкую хвіліну. Вольга не ўбачыла, што ён быў у роздуме, у нерашучасці. Прычынай яго ваганняў была Светка. Дзіця падказала, што дзеля яе бяспекі Гапанюку не варта вяртацца ў гэты дом. Але ці трэба ў такім разе прыцягваць да работы яго маці? Ці не па гэтай прычыне не паручыўся за яе Алесь? Не мог ён не верыць жанчыне, якая так кахае яго. Не, страціць магчымасць займець такую сувязную — недаравальна. Вольга — ідэальная сувязная, і гэта не так ужо небяспечна, яна разумная і хітрая, водзіць хаўрус з паліцаямі. Ёсць рызыка? Ёсць, безумоўна. Але хіба мала жанчын, што, маючы дзяцей, ідуць на фронт, у партызаны? Нельга яму, кіраўніку, думаць пра адно дзіця і забывацца, хаця б на міг, пра мэту страшнай, але свяшчэннай вайны.

Андрэй адарваўся ад спінкі крэсла, адсунуў талерку, аблакаціўся на стол, нахіліўся да Вольгі, быццам быў блізарукі і хацеў зблізку ўгледзецца ў яе вочы.

— Не думай, што я праўда прыйшоў дранікі есці. Вялікая гэта раскоша для мяне сёння. За дранікі — дзякуй. Паабедаў па-царску. Але прыйшоў я па справе. Не палохайся. Насцярожаныя якія ў цябе вочы. Акрамя вайны, нічога больш страшнага не здарылася. Мы ведаем: вы смелая жанчына, адчайна смелая. Памажыце нам, Вольга Міхайлаўна.

Вользе па душы, што ён такой думкі пра яе і што загаварыў так сур’ёзна, нават на «вы», але яна адразу здагадалася, пра што пойдзе размова, і страх з новай сілай ударыў у сэрца. Няхай бы яны гаварылі да таго, як яна пабачыла закасцянелых нябожчыкаў на шыбеніцах! А то выбралі час…

— Сувязь паміж нашымі людзьмі. Толькі сувязь. Унутры горада. Зрэдку — за горадам. Вы ж усюды ходзіце, вас ведаюць. Вам проста. Каму штось перадаць, каго папярэдзіць і гэтым, можа, уратаваць…

Вольга чула словы, як праз сцяну. Звінела ў вушах. Яна павольна падняла рукі і прыціснула далоні да вушэй.

«Няўжо не хоча нават слухаць?» — расчаравана падумаў Анд-рэй, змоўкнуўшы на паўслове.

Але Вольга не запярэчыла рашуча, яна як бы пачала прасіць літасці:

— Божа мой! Што вы са мной робіце? Спачатку ён, а потым вы… Куды вы мяне цягнеце? На шыбеніцу? У мяне дзіця… Дзіця ў мяне! З кім жа яно застанецца? Я сёння хадзіла туды… да сквера. Я іх бачыла… Схадзіце, паглядзеце… Можа, хоць гэта астудзіць вашы гарачыя галовы.

— Я быў там, калі іх вешалі. Гэта мае таварышы, — сурова і сумна сказаў Андрэй.

Вольга асеклася. Апусціла рукі. Глядзела на яго шырока расплюшчанымі вачамі. Спытала шэптам, так гавораць, калі нябожчык у доме:

— Вы іх ведалі?

— Адзін з іх — сын маёй сястры, — вочы яго напоўніліся слязьмі.

Слёзы вясёлага чалавека, які нядаўна жартаваў, так кранулі, сціснулі сэрца, што Вольга ледзь стрымлівалася, каб не зарыдаць, каўтала спазмы ў горле. Вымавіць нічога не магла, ды каб і магла, то не ведала, што сказаць у такім выпадку. Некалі, як памерла маці, ёй спачувалі, але ад слоў рабілася цяжэй, з таго часу яна лічыла, што лепш, каб у такіх выпадках людзі маўчалі. I яна маўчала. Думала: што ж яна мусіць цяпер адказаць гэтаму чалавеку? Са здзіўленнем адчувала, што страх сапраўды, як хваля, адступае ад яе. Але гэта таксама спалохала, неяк па-новаму.

Памаўчаўшы, не ведаючы, як скончыць размову, як згадзіцца ці адмовіцца, спытала асцярожна, нясмела, няўпэўнена:

— А вернеце Сашу?

Андрэй выцер вочы і сказаў бадай сярдзіта:

— Не, не вярну я табе Сашу, — пасля дадаў лагодней: — Але зразумей: так трэба. Для справы. Для тваёй жа бяспекі.

Вольга пакрыўдзілася за яго сярдзітасць:

— То пайшлі вы к чорту, такія дабрадзеі!

Авдрэй хутка падняўся, узяў з крэсла паліто, працягнуў ёй руку, затрымаў яе халодныя пальцы ў гарачай далоні, сумна ўсміхнуўся:

— Не трэба лаяцца. Непрыемна гэта чуць з вуснаў такой жанчыны. Дзякуй. I прабачце. Але… падумайце… Вольга Міхайлаўна!

Па ціхім свойскім стуку ў шыбу Вольга пазнала, што гэта ЁН, і ажно задыхнулася ад радасці, ажно млосна сэрцу зрабілася. Але асабліва ўразіла, што і Светка пазнала, хто стукае, і закрычала радасна, паказваючы рукамі, што трэба хутчэй адчыніць.

Вольга кінулася да дзвярэй з дзіцем на руках, пасля, прыгадаўшы, што малая неадзетая, вярнулася і пасадзіла яе на канапу.

Выскачыла ў сенцы ў лёгкай кофтачцы і мінуту пастаяла перад дзвярамі, паслухала, як там, на ганку, пад ім скрыпіць настылая на марозе падлога, рыпіць не таму, што ён тупае ад холаду — не, ён стаіць нерухома, трымаецца за клямку, але падлозе перадаецца яго нецярпенне, хваляванне.

Вольга скінула са скоб два цяжкія кручкі. Хацела рыўком адчыніць дзверы і тут жа кінуцца яму на шыю. Але ў апошні міг жаночая гордасць стрымала яе.

Кінулася ў дом, бо пачула, што Светка босенькая прытупала да дзвярэй. Можа, менавіта праз тое, што яна, не сустрэўшы яго, кінулася ў дом, ён увайшоў не адразу. Гэтую хвіліну Вольга стаяла, прыціскаючы да сябе дзіця, амярцвелая ад думкі, што, пакрыўджаны, ён можа павярнуцца і пайсці зноў у ноч, у небяспеку, пайсці назаўсёды.

Не, Алесь увайшоў, бясшумна зачыніўшы там, у сенцах, дзверы. Ён вінавата ўсміхнуўся і дзіўна павітаўся:

— А вось і я. Добры вечар. — Вольга не адказала, і ён павітаўся з малой: — Добры вечар, Свецік.

Дзіця весела закрычала:

— Тыта, тыта! — і працягнула ручкі.

Алесь наблізіўся і пацалаваў яе кулачкі. Адзін і другі.

У Вольгі пырснулі слёзы: стрымліваючы сябе — не малую, яна сказала дрыжачым голасам:

— Не ідзі да яго, ён — чужы.

Алесь на хвіліну сумеўся, а потым нахіліўся так блізка, што і ў паўзмроку — лямпа вісела далёка над сталом — Вольга ўбачыла, што ў яго адрасла барада, яшчэ больш схуднеў твар, а вочы гарэлі так, быццам у яго быў жар.

— Не трэба так, Воля. Не трэба, — шэптам папрасіў ён. — Я не чужы. Каб ты ведала, што я зрабіў за гэтыя дні, то не сказала б так. Я — не чужы. Я… Я люблю цябе, Вольга. I Светку…

Тады, трымаючы дзіця на правай руцэ, Вольга абняла яго левай. Малая засмяялася і таксама абшчапіла яго за шыю дзвюма ручкамі. Гэтая дзіцячая радасць расчуліла так, што Вольга не стрымалася і зарыдала, уткнуўшыся тварам у яго плячо, у халоднае паліто, ад якога пахла вугальным шлакам, увогуле ад Алеся пахла гарэлым, быццам ён тушыў пажар.

— Я змучылася, Саша… Я змучылася…

— Ну, супакойся, калі ласка. Бачыш, я жывы, здаровы. Больш таго… Я ажыў. О, каб ты ведала, як я ажыў! Я пачуў сябе чалавекам, байцом!

— Ніколі не думала, што гэта так цяжка — чакаць цябе.

— Я ведаў, што ты чакаеш. I мне было лягчэй. Дзякуй табе.

Дзяўчынцы, мабыць, здалося, што гэта ён пакрыўдзіў маму, і малая з дзіцячай непасрэднасцю і хуткасцю змяніла радасць на гнеў і пляснула яго далонькай па шчацэ.

— Ты што гэта, задзіра? Што табе не спадабалася? — засмяяўся Алесь.

А Вольга адарвалася ад яго і пачала абсыпаць дзіцячую галоўку пацалункамі.

— Дурненькая ты мая! О, якая ты дурненькая яшчэ! Нічога ты не разумееш! Божа мой! А што я сама разумею? Чаго я раву? Як цялушка. Хто калі бачыў, каб Ляновічыха так плакала? Чаго ты стаіш, як у гасцях? Распранайся.

Яна аднесла Светку на канапу, пасадзіла там, прыкрыкнула, нібыта сурова:

— Не злазь на падлогу, Аўсючыха! Непаседа! Біць буду!

— Ва-ва-ва, — перадражніла яе малая.

Гэта рассмяшыла Алеся і таксама расчуліла да слёз, мацней, чым тады, калі дзіця абняло яго. Ніколі ён не саромеўся такіх слёз — радасці, замілавання, гонару, а цяпер засаромеўся: не хапала яшчэ і яму заплакаць следам за Вольгай. Здавалася, што цяпер ён, дыверсант, не мае права ні на якую сентыментальнасць, што чуллівасць можа расслабіць яго волю.

Алесь захацеў памыць рукі, твар, і Вольга пачала грэць на прымусе ваду, ёй здавалася, што ён павінен змыць не проста бруд — доказы сваёй небяспечнай дзейнасці, якая і страшыла і захапляла. Страхаў яна перажыла многа, а захапленне такое было пачуццём новым, нязвыклым, горка-салодкім, яно вызваляла яе з павуціны страху і ўзнімала, далучала да нечага высокага, таемнага, як свет казак, якім верыла ў маленсгве, як першае прычасце ў царкве, куды яе, малую, вадзіла маці. Капі Алесь вярнуўся, яна падумала пра Бога і паверыла ў яго існаванне мацней, чым калі-небудзь дагэтуль.

Вольга дастала са сваіх запасаў брусок мыла, даваеннага, туалетнага. Алесь скінуў сарочку, каб памыцца, і ў яе па-мацярынску сціснулася сэрца: якое худое хлапчанё! Але ў той жа час захапленне ім расло, і ад гэтага ёй рабілася па-новаму радасна і па-новаму трывожна.

Яна ліла яму на рукі, а ён плёскаў ваду на твар, на шыю, на худыя плечы і весела фыркаў. Зусім мірная ідылія: так жонка палівае мужу, калі той вяртаецца з працы. Але не пра гэта яна думала і не пра гэта сказала:

— Мне здаецца, ты вярнуўся з вельмі далёкай дарогі.

Ён застыў у нерухомасці, схілены над тазікам, з валасоў яго, якія адраслі пасля лагера, сцякала вада.

— Думаю, што я збіраюся ў дарогу.

— Куды? — спалохана. як птушка, устрапянулася яна.

— Н а чарговае заданне. А гэта вельмі далёкая дарога.

На новае пачуццё нібы пачаў наступаць стары страх. Але яна адагнала яго і парадавалася сваёй перамозе.

А пасля яна карміла яго вячэрай, выставіла на стол усё лепшае, не па часе багата, па-святочнаму, нічога не пашкадавала. Алеся бянтэжыла такая яе радасць ад таго, што ён прыйшоў дадому. Так страчаць будуць хіба франтавікоў, калі яны вернуцца з перамогай, думаў ён. Але да перамогі далёка; цяпер, калі ўступіў у актыўную барацьбу, ён гэта адчуў у большай меры, чым нават у лагеры, у поўнай безнадзейнасці там у яго, рамантыка, яшчэ была вера ў цуды.

Ведаў, што Вольгу пакрыўдзіць рашэнне, якое прыняў не ён — камандзір групы, Андрэй. Не вельмі разумеў мэтазгоднасць свайго пераходу на іншую кватэру, лічыў, што пад гэтым дахам, пад аховай не па гадах практычнай жанчыны і сам ён, і справа, якая даручана яму, будуць знаходзіцца ў большай бяспецы, чым у любым іншым месцы. Але аспрэчваць рашэнне камандзіра не адважыўся. Аднак і выканаць яго параду — не вяртацца на старую кватэру — не мог, бо ведаў, і Вольга будзе пакутаваць ад невядомасці, і ў яго ніколі не будзе спакойна на душы ад думкі. што праз яго пакутуе дарагі чалавек.

Ішоў з рашучым намерам пагаварыць, растлумачыць і не заставацца нанач, каб не мець лішніх перажыванняў самому, не вярэдзіць яе душэўнай раны — пайсці на новую кватэру да незнаёмых людзей; у яго меўся начны пропуск на імя чыгуначнага рабочага Івана Хадкевіча.

Сваёй радасцю з прычыны яго звароту Вольга растапіла яго рашучасць, як воск. Не хапала духу пры такім яе клопаце і ласкавасці абвясціць сваё няўдзячнае рашэнне, недарэчна ж сказаць. што такі загад мае, не зразумее яна такога загаду, пашле да д’ябла ўсіх камандзіраў, бо сэрцу яе сапраўды ніхто не можа загадаць.

Алесь быў галодны, але еў нехаця, як хворы, і Вольгу гэта непакоіла. Яна сядзела напроціў, не зводзіла з яго вачэй і частавала, як дарагога госця, прапаноўваючы адну страву за другой.

Размова ў іх таксама выходзіла дзіўная, нейкая аднабаковая. Гаварыла Вольга, была залішне мнагаслоўнай, нібы разумела, што ў іх мала часу, і спяшалася выказацца. Але ён адчуваў, што гаворыць яна не пра тое, пра што ёй хочацца сказаць, спытаць; пра тое, галоўнае, пра што думаюць абое, яна баіцца пачаць гаворку, адцягвае на потым гэтак жа, як адцягвае і ён.

Яна доўга і вельмі падрабязна расказвала, як паводзіла сябе Светка, пра ўсе яе хітрыкі і капрызы і асабліва пра тое, як дзіця сумавала па ім, як шукала па ўсіх кутках дома і настойліва дапытвалася на сваёй, зразумелай толькі ёй, маці, мове, дзе ён, калі вернецца. Пра тое, як сумавала, як хвалявалася сама — ні слова. Расказ пра дзіця крануў Алеся, але ён разумеў яго падтэкст і зноў здзіўляўся — не першы раз! — душэўнай чуласці і тонкасці гэтай жанчыны, у іншых абставінах грубай і крыклівай. Яна як бы закалыхвала яго, стомленага, пацяжэлага ад вячэры, расказамі пра дачку і пра свае справы, пра суседзяў, пра цётку Марылю, якая чамусьці пачала глухнуць і, недачуваючы, часта адказвае неўпапад, чым здзіўляе нават Светку.

Сказала, што была ў Бароўскіх, але не прызналася, што шукала яго, быццам бы так заглянула, між іншым. Тут Алесь зразумеў, як асцярожна яна падступае да таго, галоўнага, пра што ім належыць пагаварыць, і ўслухаўся больш уважліва.

— Ленка нервовая, злая. Слова ёй не скажы. Гэта ад галадухі.

— Ты памагла б ім.

— Каму? Бароўскім? Яны гордыя. Ды і ў мяне не база, не склад. Не трэба было ім варон лавіць. Такія хлопцы, як іх Косця, хіба столькі дабра панацягвалі, як я, адзінокая баба. Не ў кожны склеп я асмельвалася лезці. Яны сваім сумленнем даражылі, у мяне таксама было чым даражыць…

«Ну вось, цяпер яе зноў занесла ў камароўскае балота», — падумаў Алесь, расчараваны яе словамі, яе непрыязнасцю да Бароўскіх; вось так у яе часта, побач з душэўнасцю — грубасць, прагнасць, гандлярскі разлік. Але не запярэчыў на яе словы проціў Бароўскіх. Няхай бы яна пачала лаяць усіх іх, падпольшчыкаў, тады яму было б лягчэй сказаць пра сваё рашэнне і пайсці адгэтуль. Як гэта, аднак, цяжка — пайсці ад яе!

Даўшы поўную справаздачу аб тым, што адбылося ў доме, пакуль ён адсутнічаў, і не дачакаўшыся ад Алеся такой жа шчырай споведзі, Вольга спытала таямнічым шэптам:

— А ты… ты што рабіў?

— Не трэба гаварыць пра мае справы, Воля. Так будзе лепей. Для цябе. Навошта табе трэба? Так будзе спакайней… мне… усім нам…

— Я бегала паглядзець на павешаных у скверы…

Ён асекся. Дык во чым жыла яна гэтыя дні! Адным паведамленнем выдала ўсё. Дык хіба можна ўгаворваць яе, каб яна нічога не ведала, не хацела ведаць?

— Мы… адпомсцілі за нашых таварышаў.

— Ты забіваў?

— Не я адзін. Мы ўзарвалі эшалон… Але ты… ты нічога не чула!

— Я нічога не чула, — пакорліва згадзілася Вольга, скурчыўшыся, быццам ёй раптам зрабілася холадна, схавала рукі пад кофтачку.

Алесь зразумеў: сваё галоўнае яна сказала. Цяпер трэба сказаць яму. Але пасля таго, што пачуў, зрабілася яшчэ цяжэй абвясціць, што ён павінен пайсці ад яе зараз жа. Неадкладна.

Закапрызнічала малая, захацела спаць. Вольга пайшла ўкладваць яе.

Алесь застаўся адзін за сталом, з трывогай думаючы, што не можа выканаць зусім простае заданне. Пачаў пераконваць сябе, што гэта сапраўды-такі заданне, загад. I ён абавязаны выканаць яго!

Светка не засынала, клікала яго:

— Ты-та! Ты-та!

Дзіўна, чаму яна дала яму такое імя? Што яно значыць на яе дзіцячай мове? Тата ці дзядзя?

Ён не ішоў і не адгукваўся.

Тады паклікала Вольга:

— Яна не засынае без цябе. Так кожны вечар. Хадзі пакалышы.

Яны сядзелі на ложку ў паўзмроку, святло падала праз адчыненыя дзверы спаленькі, і абое трымаліся за калыску, рукі іх датыкаліся; у плеценай качалцы, здавалася, звінела кожная перасохлая лазінка, як далёкія жалейкі.

Супакоеная яго прысутнасцю, дзіця праспявала сабе «ката» і хутка заснула.

Тады Вольга імкліва абняла яго, горача зашаптала:

— Саша, міленькі, родненькі! Не пакідай мяне! Я баюся адна. Я не магу без цябе. Я не буду перашкаджаць табе. Я іх таксама ненавіджу! Хочаш, буду памагаць табе? Ва ўсім буду памагаць, я смелая, ты ведаеш, я нічога не баюся. Трэба будзе памерці — я памру за цябе… разам з табой… як хочаш. Не ідзі, Саша, нарачоны ты мой. Богам нарачоны…

Яна плакала.

Алесь ніколі не бачыў такіх яе слёз, не чуў такога плачу і не думаў, што яна можа быць такой разгубленай, бездапаможнай. Уражаны, расчулены, узрадаваны і спалоханы, што цяпер будзе яшчэ цяжэй пакінуць гэты дом, ён гладзіў яе па галаве, як маленькую, і цалаваў мокрыя салёныя вочы, гарачыя вусны.

Алесь прачнуўся ад трывожнага сну. Фашысты вешалі дзяцей. Ды самае жудаснае было не ў самім злачынстве, а ў тым, што дзеці не разумелі, што адбываецца, прымалі гэта як гульню і весела смяяліся, паказваючы пальчыкамі на тых, каго павесілі ўжо. А навокал стаялі дарослыя, цэлы натоўп, шчыльнай сцяной, нерухома, у маўклівасці: ён, Алесь, хацеў прабіцца праз натоўп і не мог, хацеў закрычаць, але ў яго прапаў голас. Усё навокал застыла, анямела, аглухла, толькі чутно было, як смяюцца дзеці.

Абліты халодным потам, ён не адразу сцяміў, што прачнуўся. Навокал была цемра. Шумела ў вушах — ад грукату сэрца.

Потым ён пачуў Вользіна дыханне, яна ляжала побач. Па тым, як стоена яна дыхае, зразумеў, што Вольга не спіць, можа, так і не заснула праз усю ноч. Лёгка дакрануўся да яе рукі. Яна прашаптала:

— Спі. Яшчэ рана.

Алесю зрабілася сорамна за сваю вячэрнюю слабасць, за тое, што, сказаўшы пра расстанне сваім выглядам, ён так і не адважыўся сказаць словамі, пагаварыць разважліва. Адны эмацыянальныя ўсплёскі. Не трэба было заставацца нанач, гэта слабасць, падман самога сябе і яе, Вольгі, яна, напэўна, думае, што ўгаварыла яго, пакарыла. Не, угаварыць яго нельга. Ён мае загад і цяпер ужо цвёрда перакананы, што гэта правільны загад, такі закон канспірацыі. Нельга больш адцягваць размовы. Дарэчы, цяпер, раніцой, усё выглядае значна прасцей. I ён проста сказаў:

— На світанні я пайду, Вольга. Зразумей. Так трэба. Для Свецінай бяспекі. I для справы. Але я буду ў Мінску. Побач. Мы будзем сустракацца.

Баяўся, што яна зноў заплача, зноў пачне прасіць; на жаночыя слёзы ён не ўмеў адказваць. Вольга маўчала. Доўга. Потым знайшла яго руку і сціснула пальцы. Алесь думаў, як развітацца так, каб не раскіснуць самому, не расчуліць яе. Каб без слёз. Ды Вольга зноў здзівіла яго. Сказала, як пра вельмі звычайнае:

— Перадай Камандзіру, што я згодна на яго прапанову.

IX

Першае даручэнне Вользе даў сам Камандзір: неяк міжволі яна пачала называць чалавека, у якога былі розныя імёны, пачціва і высока — Камандзір.

Яна чакала з нецярпеннем, калі хто да яе звернецца. Баялася, што ніхто не звернецца. Камандзір мог пакрыўдзіцца, ды і Алесь мог не перадаць яе згоду, сказаў жа, што пакідае дом дзеля яе і Свецінай бяспекі. А ёй з кожным днём усё мацней хацелася, каб яе паслуга спатрэбілася ім. I ўжо не толькі таму, што гэта дало б надзею страчацца з Алесем, але і па нейкай іншай прычыне, не такой асабістай, па закліку нейкага іншага пачуцця — не жаночага, — якое яна не зусім яшчэ асэнсавала.

На прадуктовы рынак Вольга цяпер выходзіла рэдка. Прадукты даражэлі, гараджане амаль не выносілі, сяляне прыязджаць баяліся. У яе былі запасы, але яна мудра вырашыла, што ўсё, што можа паляжаць, не сапсуецца, лепш захаваць надалей. Аднак бульбу і буракі далей вясны трымаць не будзеш. Безумоўна, можна прадаць і вясной, цана, напэўна, вырасце, калі людзям трэба будзе і есці і пасадзіць яе, бульбу, на гародах. Але без звыклага занятку ёй рабілася сумна, асабліва цяпер, без Алеся. Урэшце, гэта была яе стыхія, яе выхад у свет, грамадская дзейнасць, усё — што хочаш. Ёй карцела з’явіцца там хоць раз на тыдзень, апынуцца ў цэнтры ўвагі гандлярак, пакупнікоў, паліцэйскіх, пакрычаць, пашумець, патаргавацца, пачуць гарадскія навіны.

У той дзень яна гандлявала зваранай у мундзірах бульбай і буракамі. Працяглыя і суровыя калядныя марозы ўрэшце адступілі, прырода як бы злітавалася. Дзень быў адліжны, мяккі, сыпаў снег, і абрысы дамоў і людзей расплываліся, затуманьваліся. Але яго Вольга пазнала здалёк, як толькі ён выйшаў з-за былога мяснога павільёна, ператворанага цяпер у прыбіральню, бо ад бомбы, што ўпала на пачатку вайны, адна сцяна мураванкі абрушылася.

У Вольгі радасна і трывожна забілася сэрца. Не прайшоў бы міма! Ссунула з ілба цёплую хустку, адкрыла твар, узняла галаву, падставіўшы гарачыя шчокі сняжынкам. Цяпер ён не мог не пазнаць яе. Але ведала: калі ён пройдзе міма, то і ёй трэба маўчаць, не паказваць свайго знаёмства з ім. Між іншым, яе амаль узрадавала, што ён зноў у тым жа кажушку, на які яна некалі пазайздросціла. Але кажушок яшчэ больш страціў сваю элегантнасць, зашмальцаваўся, ды і Камандзір меў зусім не такі выгляд, як тады. Твар змарнелы, схудалы. Толькі вочы зіркаюць па-ранейшаму весела, нават неяк па-хлапецку гарэзліва, не прапускаюць ніводнага сустрэчнага, азіраюць і маладую жанчыну, і нямецкага салдата, і старую жабрачку, што працягвае руку. Жабрачцы ён нешта даў, пасяя гаварыў з паліцэйскім, як з добрым знаёмым. Назіраючы іх размову, Вольга падумала, што да яе ён не падыдзе, і… хвалявалася так моцна, быццам ад таго, падыдзе ён ці не падыдзе, залежыць усё яе жыццё. Забылася на ўсе перасцярогі, сачыла толькі за ім. Заззяла, як нявеста, калі ён скіраваўся да яе і на падыходзе проста павітаўся:

— Здарова, прыгажуня. Пачастуеш гарачымі дранікамі?

Вольга засмяялася голасна, на ўсю рыначную плошчу.

— Спазніўся ты. Няма больш дранікаў. Цяпер іх з рукамі адарвалі б. Бульба цёплая ў мундзірах. Хочаш?

— А соль маеш?

— Для такога пана знайду драбок.

— О, у такім разе давай тваю бульбу. Соль цяпер — што сала.

Вольга схілілася над саначкамі, на якіх стаяў вялікі чыгун, «свіны», загорнуты ў старую ватоўку.

Ён схіліўся над прылаўкам, нібы паглядзець, адкуль яна дастае бульбу, і ціха сказаў:

— Паклон ад Сашы.

Вольга ўстрапянулася, але не выпрасталася, даставала бульбу з-пад нізу, дзе цяплейшая.

— Як ён?

— О, герой!

— Дазволь нам сустрэцца.

— Я? — здзівіўся ён.

— А хто ж?

Ён зразумеў, што пра арганізацыю іх Вольга думае як пра вайсковую, у якой без дазволу камандзіра падпольшчык не мае права нават сустрэцца з блізкімі, а яго лічыць камандзірам. Яму, былому палітработніку, пальсціла, што простая жанчына, пакуль што далёкая ад іх спраў, так уяўляе падпольную арганізацыю. Так напачатку ўяўлялі і ён, і некаторыя яго таварышы. Але ў гэтым была іх памылка. Ён, гарачая галава, да таго часу ўжо астыў і шмат што зразумеў — пасля хвалі снежаньска-студзеньскіх арыштаў. Шырока размахнуліся кіраўнікі першага падполля, многа ўцягвалі людзей непадрыхтаваных, нерэальную задачу ставілі — узняць лагеры палонных на паўстанне і вызваліць Мінск. Стары камуніст, падпольшчык часоў Грамадзянскай вайны, Павел Восіпавіч называў гэта авантурай, ды кіраўнікі ваеннага савета не захацелі з ім нават сустракацца, хоць Андрэй стараўся звязаць іх. Цяпер ён прызнае, што менавіта шваграў канспіратыўны вопыт памог уратавацца не толькі яму асабіста, але і зберагчы ад правалу большасць членаў групы. Правалы навучылі асцярожнасці. Але ўсё адно рызыкаваць прыходзілася штодня. Ёсць рызыка ў даверы да людзей, але і без даверу нельга ў такім змаганні.

Вользе ён паверыў з таго дня, калі забіраў прыёмнік. Абураўся, што чалавек, якога яна ратавала, не выказаў у свой час такой веры. Яе адмова, калі ён прыйшоў з просьбай, не пахіснула яго ўпэўненасці, наадварот: ён разумеў, як нялёгка такой жанчыне пайсці на свядомую барацьбу, стыхійна яна можа зрабіць любы самы адчайны ўчынак, а свядома пайсці на подзвіг не здолее. Парадаваўся не за яе — за Алеся, калі той з радасным хваляваннем сказаў яму, што Вольга згодна. Але выказаў перасцярогу Павел, таму ён два доўгія тыдні не мог прыдумаць новай сувязной задання. Ды сёння яму не абысціся без гэтай увішнай жанчынкі, бо яна менш, чым любы іншы з іх людзей, можа наклікаць на сябе падазронасць.

Раніцой, вяртаючыся з «начной работы», ён угледзеў, што ваенная жандармерыя і гестапа ачапілі цэлы квартал, дзе яго дом. Лезці ім у лапы, нават маючы дасканалыя дакументы, было б вар’яцтвам. Але што здарылася? Што з Янінай? Цяпер, удзень, ачаплення не відаць на вуліцах — хлапчукі праверылі. Але ці няма засады ў доме?

Вольга дастала з-за пазухі насовачку, у вузялку якой быў драбок солі. Соль яна брала не для пакупнікоў — для паліцэйскіх: бобікі, калі нават выпівалі і закусвалі ў каго іншага, па соль усё адно ішлі да яе.

Камандзір разламаў бульбіну і вельмі ашчадна пасаліў, еў з шалупіннем, чым здзівіў Вольгу: няўжо такі галодны? З’еўшы тры бульбіны, дастаў кашалёк і пачаў старанна падлічваць грошы.

— Ці хопіць у мяне разлічыцца з табой?

Вольга разумела, што адмаўляцца ёй ад грошай нельга, але сказала:

— Такому пану я адпушчу напавер.

Убачыла, што нават гэта яму не спадабалася, але ён падыграў:

— О, пані добрая. Але пані можа памыліцца: я рэдкі госць тут. Ды і ўвогуле забываюся аддаваць.

Калі аддаў грошы, сказаў адрас. А пасля, улучыўшы момант, калі суседка адвярнулася, палез сам у чыгун, каб за свае грошы выбраць лепшыя бульбіны, і так, схілены, як у паклоне, сказаў ёй:

— Твой пароль: «Кажуць, у вас прадаецца арэнбургская хустка?» Адказ: «Белую прадала, а шэрая ёсць». Імя жанчыны — Яніна Восіпаўна. Гэта мая жонка. Калі ж яе няма там, сама разумееш, што гэта азначае. Выкручвайся — як умееш.

— А што перадаць? Што спытаць?

— Што Андрэй чакае ў Віцька.

— Усяго?

— Не будзь прагная, — засмяяўся ён.

Вольга нібыта расчаравалася, але гэта было няшчыра. Праўда была ў іншым: яе моцна ўразіла, што чалавек не можа прайсці дадому, да роднай жонкі. I зноў ударыў страх: так можа быць і з ёй — што яна не здолее ўбачыць роднае дзіця. Але страх трымаўся адзін міг. У наступную хвіліну яна з новым захапленнем глядзела на Камандзіра. Ён выпрастаўся і зноў смачна еў неачышчаную бульбіну, ажно мурлыкаў, як кот, і вочы яго смяяліся, быццам ён толькі што ашукаў самога Гітлера.

Дома Вольга сказала цётцы Марылі ўпершыню такое:

— Калі мяне арыштуюць, занясеш Светку да Казіка.

Старой не падабалася раптоўнае знікненне «кватаранта», таму такая нечаканая Вользіна просьба спалохала яе. Яна бачыла, як Вольга хвалявалася, калі не вярнуўся дадому Алесь, бегала да павешаных, а потым раптам пасля адной ночы супакоілася. Тады ўжо Марыля адчула нейкую таямнічасць, якая яшчэ больш узмацнілася, калі на яе трохі прытворнае бедаванне, куды знік хлопец, Вольга адказала нібыта ўзлавана:

— Можа, бабу знайшоў другую. Хіба цяпер мала нас? Кожная заманіць хоча хоць якія-небудзь штаны.

Але цётка Марыля добра ведала, што не той хлопец Алесь, каб проста так перайсці да іншай саддаткі.

— Завошта гэта цябе арыштуюць? Што ты плявузгаеш?

— За спекуляцыю.

— За спекуляцыю немцы не чапаюць.

— Ого, яшчэ як чапаюць! Ты скажы, за што яны не садзяць, не страляюць?

З гэтым старая не магла не згадзіцца. Але ўсё адно ёй не падабалася, як Вольга збіраецца. З рознымі рэчамі яна хадзіла на рынак, у вёскі, але неяк не так выносіла іх з дому. А тут абвязала сябе пад плаццем лепшай гарусавай хусткай, паклала за пазуху гадзіннік, залаты пярсцёнак. I вузялок навязала.

У сапраўднасці ўсё было натуральна: Вольга нібы рэпеціравала новую ролю. Яшчэ там, на рынку, як толькі Камандзір развітаўся з ёй, яна падумала, што ёй трэба як сувязной. — пароль падказаў: зрабіцца «надомніцай», хоць не надта паважала тых, хто гэтым займаецца — ходзіць па дамах і купляе рэчы, каб пасля ў вёсках выгадна выменяць на прадукты; такі гандаль здаваўся ёй цыганскім, несумленным. Але цяпер ён мог памагчы справе.

«Выкручвайся — як умееш». А гэта яна ўмее.

Ішла Вольга на сваё першае баявое заданне без страху. Сама здзіўлялася. Разумела: калі Камандзір баіцца пайсці дадому і калі думае, што жонка можа быць арыштаваная, значыцца, нешта здарылася. Але, напэўна, з-за таго, што нічога не ведала і здагадацца не магла, што там у іх такое, і чалавека, да якога ішла, не ведала, — нічога не баялася. Верыла ў праўдзівасць сваёй ролі скупшчыцы адзення, для яе роля гэтая сапраўды-такі праўдзівая: ёй не трэба прытварацца. Паўгорада пацвердзіць, хто яна такая: прадавала з маленства, а раз прадавала — значыцца, і купляла, і цяпер купляе.

Адно хіба збянтэжыла: з варот напроціў таго дома, куды ёй трэба зайсці, выязджалі ваенныя машыны. Няўжо яна недачула адрас, наблытала? Але прыгадала, на якой машыне Камандзір прыязджаў па прыёмнік. Рызыкант. Урэшце, суседства такое адбылося не па яго волі. Шмат каму яны сталі суседзямі, гэтыя прышэльцы, — кожны другі дом заняты.

Вольга пільна прыглядалася, каб зразумець, што ж не дало Камандзіру зайсці дадому. Нічога падазронага не ўбачыла. Па вуліцы ходзяць немцы. Але дзе яны не ходзяць? У двары пуста. I ў пад’ездзе дома — нікога.

Яна паднялася па скрыпучай лесвіцы на другі паверх. I толькі перад дзвярамі пачула, што хвалюецца, як вучаніца перад экзаменам. Але не баіцца, а хвалюецца. Паўтарыла ў думках пароль. Не адразу адважылася пастукаць. Пасля схамянулася, што нельга доўга стаяць: раптам за ёй сочыць таемна-чужое вока, варожае вока? Камандзір мог угледзець гэтае вока.

Рашуча пастукала. Адчынілі без запытання. Вольга ўзрадавалася і збянтэжылася: жанчына, што стаяла ў калідоры, была знаёмая — да вайны неаднойчы купляла ў яе зеляніну, і запомніла таму, што належала да тых нямногіх гаспадынь, якія дробязна не таргаваліся, не перабіралі пучкі радыскі і цыбулі — куплялі, як мужчыны. Але найбольш уразіла, што Яніна Восіпаўна цяжарная. Угледзела гэта адразу па плямах на твары, па паставе, па тым, як тая трымала рукі. Ад такое неспадзяванасці забылася нават на пароль. Ды гаспадыня запрасіла без пароля, здзівіўшы, што ведае яе імя:

— Заходзьце, Вольга.

Не, пароль Вольга ўсё ж сказала. Яніна Восіпаўна дала адказ як мае быць. Але тут жа зняла з плячэй шэрую пуховую хустку, працягнула Вользе, папрасіла:

— Вы ходзіце ў сёлы мяняць? Выменяйце мне што-небудзь… сала, масла…

Вольга разгубілася: што гэта, дадатковая праверка, працяг пароля ці шчырая просьба? Вельмі проста зразумець, што жанчыне ў такім стане патрэбны тлушч. Але гэта проста там, дзе ўсё проста, а тут — бог ведае, што да чаго.

Збіраючыся сюды пад выглядам скупшчыцы, яна ўзяла з сабой не толькі што-нішто з нядаўна купленага адзення, але захапіла буханку хлеба і брусок сала, бо ведала, што многія з гэтых спекулянтаў, якія нажываюцца на бядзе, не галадаюць: скупляюць рэчы не за грошы — за прадукты, але плацяць трэць таго, што пасля выменьваюць у вёсках. Падумала і пра іншае, маючы вопыт: самагонкай, хлебам ды салам лягчэй за ўсё адкупіцца ад якога-небудзь нахабнага паліцая, ды і немцы не грэбуюць — бяруць.

Пастаяўшы нейкі момант у нерашучасці, у роздуме, Вольга ўзяла з рук гаспадыні хустку, акуратаа згарнула і паклала на стол, на чысценькі, добра адпрасаваны клятчасты абрус. Пасля развязала свой вузялок і туды ж на стол, побач з хусткай, паклала хлеб і сала.

Глянула на гаспадыню і… аслупянела: шырокія вочы, з сінімі кругамі вакол, як у многіх цяжарных, раптоўна напоўніліся смяртэльным страхам, жудасцю. Вольга глядзела на яе і не разумела, што ж адбылося за нейкі міг, пакуль яна развязвала вузел.

— Што з ім? — ледзь чутна прашаптала Яніна Восіпаўна раптоўна засмяглымі вуснамі.

— З кім?

— З Андрэем.

Дык вунь што! Божа мой! Які сорам! Якая яна варона! Сама ж перажыла такое зусім нядаўна і не сцяміла, што патрэбна гэтай жанчыне ў першую чаргу, чаго яна чакае. Хіба не відно было, што хустку гэтую сунула, пра мену загаварыла, каб не выдаць хвалявання, адцягнуць час, калі яна, Вольга, прыйшла з бядой? А яна, дурніца, пачала хлеб выкладваць, як міласціну няшчаснай, як дапамогу на памінкі.

— Андрэй чакае ў Віцька.

Яніна Восіпаўна схапіла яе за рукі:

— Хто? Хто сказаў вам?

— Ён сам.

— Вы бачылі яго? Калі?

— Сёння. На рынку. Нядаўна. Колькі таго часу прайшло? — глянула на будзільнік, што цікаў на стале. — Гадзіны дзве, можа, не больш.

Яніна Восіпаўна адступіла, павольна высунула з-пад стала крэсла, асцярожна, як пры радыкуліце, села на яго, запрасіла Вольгу:

— Сядайце, калі ласка.

Страху ёй не ўдалося ўтаіць, а радасць стаіла: адразу зрабілася спакойная, падкрэслена ветлівая, уважлівая. Вольга села напроціў і проста растлумачыла:

— Я так зразумела, што сам ён не мог пайсці дадому, таму паслаў да вас мяне. Доўга ж, ведаеце, гаварыць не было як. Людзі ж вакол. Ён з’еў колькі бульбін. Я солі яму дала.

— Дзякуй, Вольга. Цяпер я разумею. На світанні гэтыя, — яна кіўнула на акно, дзе цераз вуліцу стаяла ваенная часць, — узнялі трывогу, ачапілі ўвесь раён, рабілі вобыск у кожнай кватэры. Некага і нешта шукалі. Але не арыштоўвалі. Ва ўсякім разе, з нашага дому не ўзялі нікога. Па тым, як шукалі ў мяне, куды заглядвалі, здагадваюся, што недзе блізка вёў перадачу наш радыст, і яны яго запеленгавалі. Але гэта мая здагадка. Так перадайце Андрэю. Няхай пачакае, пакуль не праверым.

— А ёсць і такія… радысты? — шэптам, азірнуўшыся на акно, спытала Вольга.

Яніна Восіпаўна ледзь прыкметна ўсміхнулася, і Вольга пачырванела, зразумеўшы, што спытала па-дзіцячаму наіўна. Добра ж ведае сама, што ёсць, немцы пісалі з восені, што злавілі савецкіх радыстаў, і на рынку пра іх людзі шапталіся. Але ж вельмі захацелася пачуць ці хаця б здагадацца з Янінінага адказу, што радысты разам з імі, адна група. Яшчэ там, на рынку, з’явілася непараўнальнае ні з чым ранейшым адчуванне, што яна далучаецца да нечага асаблівага, высокага, уступае на новую дарогу, невядомую, таемную, небяспечную, але і прывабную сваёй нязведанасцю. Ды хацелася ўведаць усё хутчэй. Хацелася пэўнасці. Радысты — гэта пэўнасць і сіла, гэта Чырвоная Армія, а не нейкая мясцовая самадзейнасць, накшталт таго, з чаго пачаў Саша: узяў употайкі пісталет і застрэліў немца; толькі цуд уратаваў яго, можа, яе, Вользіна, малітва. Каб да яе прыйшоў радыст і папрасіў дапамогу, то такому байцу яна, напэўна, даўно, нават на пачатку вайны, згадзілася б памагаць.

Яніна Восіпаўна разглядала яе так пільна, што Вользе стала няёмка, яна апусціла вочы.

Гаспадыня сказала:

— Прабачце, я не прапанавала вам распрануцца. Сёння ў мяне цёпла, я прапаліла пасля вобыску, яны выстудзілі…

Вольга са здзіўленнем і супярэчлівым захапленнем, да якога прымешваўся дакор, падумала, што гэтая інтэлігентка не ўяўляе сабе іншага жыцця: няхай галодна, але ўсё адно павінна быць чыста і ўтульна, бач, нават пасля вобыску, пасля такой трывогі за мужа навяла парадачак, прапаліла грубку. Здалося, што пра распрананне гаспадыня сказала таму, што яна ў сваім зашмальцаваным паліто аблакацілася на чысценькі — як толькі можна без мыла так памыць! — абрус.

Засаромленая, Вольга падхапілася і гатова была развітацца: няма чаго сядзець, не ў госці прыйшла. Але Яніна Восіпаўна сапраўды памагла ёй распрануць паліто, аднесла ў калідор на вешалку. Вольга пакарылася, хоць была незадаволеная сабой, паспрабавала настроіцца супроць гэтай чысцюлі. Што хочаш можна падумаць пра жанчыну, якая, носячы ў сабе дзіця, новае жыццё, свядома ідзе на такое, на смерць. Але настроіцца супроць яе немагчыма. Загадкавы яе муж, у якога яна, Вольга, спытала: «Што вы за людзі?» Яшчэ ў большай меры хацелася спытаць у жонкі: «Што ты за чалавек, жанчына? Растлумач мне, я хачу зразумець цябе, мне гэта вельмі патрэбна, можа, тады лягчэй будзе разумець уласныя ўчынкі, якія так палохаюць мяне». Але не ўмее яна спытаць такое, няма ў яе патрэб-ных слоў, асаблівых, высокіх, такіх, якія гаварыў Алесь.

Яніна Восіпаўна сказала:

— А я помню вас.

— I я помню вас.

I яны абедзве засмяяліся. Гэта неяк адразу зблізіла іх, спрасціла адносіны. Пры наступным звароце Яніна сказала ёй «ты»:

— Я пачастую цябе чаем. Андрэй ведае, што я люблю чай, і купіў у немцаў пачку натуральнага, з маркай французскай фірмы. Цэйлонскі.

Вольга не адмовілася, ёй хацелася надаўжэй застацца з гэтай жанчынай, можа, сапраўды спадзявалася адкрыць нешта асаблівае ў людзях той жа пароды, што і Саша.

Пакуль Яніна Восіпаўна падавала чай — ён быў гатовы, у нямецкім тэрмасе, — Вольга яшчэ раз агледзела пакой. Як усё проста, небагата — нічога дарагога, нічога лішняга, але прыгожа! Упершыню яна па-жаночаму пазайздросціла такому ўменню ствараць вакол сябе прыгажосць. I кубачкі для чаю асаблівыя, быццам зробленыя па заказу, бо пасавалі і да шпалераў на сценах, і да пледа, якім засланы ложак, і да льнянога абруса з васільковым беражком.

Наліўшы чаю, Яніна сказала трохі збянтэжана, быццам сала было не яе:

— Я з’ем трошкі сала. Мне так захацелася сала. Гавораць, што гэта рэдка бывае, каб хацелася мяснога, — так ускосна прызналася, што цяжарная. — Але гэта, відаць, тады, калі яно ёсць. У мяне сёння — што свята. Ты прынесла мне радасць. Я баялася за Андрэя, хоць у яго і надзейны дакумент. Але ён неасцярожны, — і раптам шэптам папрасіла: — Асцерагай іх, Оля.

Вольга ажно ўздрыгнула. Іх! Каго іх? Безумоўна, яна ведае пра Сашу, Андрэй расказаў усё. Захацелася расказаць пра свае пачуцці да Сашы, так, як расказваюць толькі самай блізкай сяброўцы. Але пасаромелася ці, можа, нават пабаялася: а калі Яніна спытае пра мужа? Вольгу даўно бянтэжыла і здзіўляла, што яна не адчувае сваёй віны перад Адасём. Але і найлепшай сяброўцы сказаць пра гэта сорамна, а тым больш чалавеку, з якім упершыню сустрэлася. Таму і пра Алеся змаўчала. Пачала расказваць пра дачку. Расказвала замілавана, з такімі падрабязнасцямі, якія ўмее ўбачыць у дзіцяці толькі маці і якія могуць зацікавіць толькі маці ці жанчыну, што рыхтуецца да мацярынства.

Яніна Восіпаўна слухала моўчкі, вельмі ўважліва, але, здавалася Вользе на нейкі міг, як бы насцярожана ці нават баязліва: так слухаюць тое, што не жадаюць пачуць, чаго не хочуць ведаць.

Вользе карцела сказаць, што толькі за яе, за Светку сваю, яна баіцца. Але, злавіўшы гаспадыніну насцярожанасць, зразумела, які страх яна перажывае за будучае дзіця, таму сказала тую не зусім шчырую праўду, якую ва ўсе часы паўтараюць усе маці:

— Цяпер адзіная радасць мая — дачка. Дзеля яе жыву.

Яніна Восіпаўна па-свойму прыняла гэтую размову і насцярожылася з іншай прычыны — баялася, што Вольга падвядзе: які гэта жах, страх, якія пакуты — жыць такім жыццём, маючы дзіця. Высока ацаніла Вользіну душэўную далікатнасць і ад удзячнасці прызналася ў самым запаветным, сапраўды, як вельмі блізкаму чалавеку:

— Мы з Андрэем свядома пайшлі на гэта, хочам, каб наша жыццё прадоўжылася ў ім. Можа, гэта жорстка ў адносінах да яго, але мы верым, што добрыя людзі не пакінуць дзіця, калі мы загінем. Толькі б цяпер захаваць яго.

Кранулі гэтыя словы Вольгу ледзь не да слёз сваёй трагічнасцю, але ў той жа час як бы адкрылі перад ёй трохі больш заслоны над таямніцамі чужых душ. I яна зноў, як некалі ў Камандзіра, спытала… не, бадай, не спытала — выгукнула:

— Дзіўлюся я… Што вы за людзі?!

Але жанчына адказала інакш, чым яе муж, не такімі высокімі словамі:

— Мы такія ж людзі, як і ты, Оля. Не думай, што мы нейкія асаблівыя, з іншага цеста… Не. Мы такія ж…

Чай сапраўды быў вельмі смачны, хоць гэта быў нямецкі чай і наліваўся з нямецкага тэрмаса. Хоць чорта лысага тыя немцы маюць, чужога нахапалі. Яніна сказала, што чай французскі. Тэрмас, відаць, таксама не нямецкі, бо размаляваны дзіўна: з аднаго боку пальма, пад ёй леў, а з другога — ільдзіна, а на ёй — белы мядзведзь; ніякіх нямецкіх знакаў ці надпісаў. Ва ўсялякім разе, Вользе здалося, што ніколі яна не піла такога чаю, нават тады, калі на стале шумеў самавар і падавалася найлепшае варэнне. А тут і драбка цукру не было, а такая смаката.

Пасядзелі яны не доўга, з паўгадзіны, а так паразумеліся. Яніна нагадала, што Вользе трэба ісці — сказала адрас і пароль, па якім незнаёмы Віцёк павінен прызнаць яе за свайго чалавека.

Калі Вольга апраналася ў калідоры, Яніна Восіпаўна ўспомніла пра хустку і вельмі збянтэжылася, што, пераклаўшы хустку са стала на крэсла, забылася пра яе.

— А хустку? Прабачце, калі ласка.

Вольга ўзяла прынесеную Янінай з пакоя хустку, разгарнула, як бы любуючыся, і раптам, абняўшы гаспадыню, накінула хустку ёй на плечы, захутала шчыльна грудзі, пацалавала ў шчаку.

— Якая яна цёпленькая, а вам гэта трэба цяпер, каб цёпла было, — і, не даўшы запярэчыць разгубленай жанчыне, хутка выйшла.

На другую явачную кватэру (дарэчы, словы такія яна пачула ад Яніны Восіпаўны), з другім сваім заданнем у адзін дзень Вольга ішла з яшчэ большай цікавасцю, па-новаму ўзбуджаная, і ўзбуджанасць гэтая была радасная.

Жанчына, з якой яна амаль параднілася за кароткі час, зрабіла незвычайнае ўражанне, яна неяк па-свойму, па-жаночаму дапоўніла тыя асаблівыя пачуцці, якія, магчыма, упершыню з’явіліся перад калючым дротам лагера ці на кастрычніцкія святы, калі Саша кінуў ёй першы папрок і ёй захацелася адзначыць са-вецкае свята. Прарасталі яны, гэтыя пачуцці, нялёгка, пакутліва, па меры таго як яна ўсё больш пазнавала Сашу, збліжалася з ім душэўна. А сустрэчы з Камандзірам, з яго жонкай — што вясновы дождж і пасля яго — сонца.

У той дзень яна як бы нарэшце зразумела, што ж гэта за людзі, з якімі звязаў яе лёс.

Самае першае пачуццё, калі выйшла ад Яніны Восіпаўны, было нечаканае сваёй практычнасцю. Вучоным людзям яна і раней часам зайздросціла, але настаўнікаў ставіла не вельмі высока: нерваў псуюць многа, а атрымліваюць капейкі. А тут упершыню ёй вельмі захацелася стаць настаўніцай, вучыць дзяцей. Успомніла, ж угаворваў Саша, што ў яе выдатная памяць, незвычайныя здольнасці і ёй абавязкова трэба вучыцца. Прасіў, каб яна паабяцала, што будзе вучыцца. Яна абяцала, але сама не верыла сабе, ды і яму неяк выказала: якая там вучоба! А цяпер ішла па пустых заснежаных вуліцах і давала зарок, клятву самой сабе, Сашу, Камандзіру, Яніне, небу, з якога церушыўся ласкавы сняжок, на якім, верыла, ёсць Бог, што абавязкова пойдзе вучыцца адразу ж, як толькі прыйдуць нашы, не зважаючы ні на якія цяжкасці. Былі ж да вайны вячэрнія школы, будуць і пасля вайны, бо патрэба ў іх вырасце: падлеткі, якім трэба цяпер быць у школе, не вучацца, перарастуць.

Ад нечаканага і проста-такі прагнага жадання вучыцца неяк адразу пабольшала яе ўпэўненасць, што нашы скора вернуцца і жыццё адновіцца. I яшчэ адно здарылася ў той момант: вельмі ж яно дарагім здалося, тое даваеннае жыццё, якое яна як бы і не заўважала ці заўважала тады, калі з’яўлялася прычына палаяць парадачак на рынку, у магазіне, у пашпартным стале, у чарзе ля кінатэатра, у трамваі. Цяпер ёй здавалася недарэчным, проста злачынным, што за такія дробязі некаторыя камароўцы часам залішне лаялі сваё начальства — сваіх людзей, з рабочых і сялян. Так лаяла старая Ляновічыха, з-за гэтага бацька неаднойчы сварыўся з ёй, стары гарбар тлумачыў усе цяжкасці па-рабочаму. Дарэчы, нават у адносінах да бацькоў у той дзень як бы адбылася нейкая змена. Да таго Вольга часцей успамінала маці, асабліва ў цяжкія хвіліны, і як бы раілася з ёй, верачы ў яе жыццёвую мудрасць, з бацькам ніколі не раілася, а тут раптам бадай з удзячнасцю ўспомніла бацьку, пагаварыла з ім і як бы адчула, што ён блаславіў яе.

Другі пароль ёй гаварыць не прыйшлося, хоць дом яна знайшла не адразу, ён стаяў у адным з безыменных завулкаў пад самым лесам — Красным Урочышчам. Дом быў новы, але недабудаваны, нават без брамы — заходзь хто хочаш. А двор бязладна завалены бярвеннем і дошкамі, усё гэта, аднак, не ляжала нерухома, бо амаль усюды быў парушаны снег, жаўцелі свежае пілавінне і трэскі, пад адкрытай, таксама недабудаванай паветкай ляжалі нядаўна габляваныя дошкі, стружкі. Прыемна пахла свежай сасной. Ужо тое, што тут у такі час будуюцца, неяк хораша настроіла Вольгу, яна адчула сімпатыю да гаспадароў, людзей, безумоўна, працавітых і ўпэўненых, што ім доўга жыць. Не, відаць, упэўненыя яны ў нечым большым, чым уласнае даўгалецце, калі зрабілі свой недабудаваны дом явачнай кватэрай. Вокны былі забітыя шалёўкамі, толькі дзве новыя рамы, злева ад ганка, зашклёныя, два акны тыя дагледжаны па-зімоваму — заканапачаныя пакуллем шчыліны паміж луткамі і рамамі, закітаваныя шыбы.

Здзівіў ганак: з усяго ён адзін не толькі быў даведзены да ладу, але збудаваны адмыслова, з выдумкай — з наразнымі слупкамі, парэнчамі, лаўкай, быццам гаспадары лічылі, што без усяго можна пражыць, а без добрага ганка — нельга. «Гэта ўжо не гаспадарлівасць, а дзівацтва нейкае», — падумала Вольга. Хоць дзівацтва было не толькі з ганкам. Як, напрыклад, можна жыць без брамы, калі ў двары такое багацце? Паліва ў гэтую суровую ваенную зіму — што хлеб. Нават ёй, Вользе, якая ніколі чужога не брала (дзяржаўнае і пакінутае бежанцамі не лічыла за чужое), нялёгка было б утрымацца ад спакусы, каб побач жыў сусед, у якога не было б брамы і ў двары ляжала б столькі дрэва.

Раз тут усё насцеж, то і зайсці можна ў такі дом, як у краму, не пытаючыся дазволу, без стуку.

Вольга ўвайшла ў калідор, з якога не было дзвярэй у недабудаваную палавіну дома — чарнеў праём, і адтуль пахла хлявом — сенам і гноем. Адчыніла дзверы і трапіла ў жылую частку — прасторную і цёплую кухню. За сталом сядзелі Камандзір і гаспадар, даволі пажылы чалавек, і… выпівалі. На ненакрытым стале стаяла пляшка з мутнаватай вадкасцю, гэтае ж пітво было ў шклянцы, што стаяла перад Камандзірам, перад гаспадаром стаяла конаўка, з кансервавай бляшанкі, у талерцы — квашаная капуста, ляжалі паўбуханкі хлеба і нейкі шавецкі нож.

Вольгу неяк нядобра ўразіў такі іх занятак. Не, не тое, што людзі пілі і закусвалі, а такая звычайнасць паводзін падпольшчыкаў і, здалося ёй, недаравальная неасцярожнасць, поўная супрацьлегласць таму, што яна ўбачыла, пачула і адчула на першай явачнай кватэры: там усё, як кажуць, было на нерве, на самых высокіх пачуццях, кожны жэст і слова набывалі асаблівы сэнс, нават у тым, як яе пачаставалі чаем, было нейкае асаблівае высакародства і таксама пэўны сэнс. А можа, проста пасля таго, высокага, да якога яна душэўна далучылася, яе трохі расчаравала гэтая абрыдлая будзённая карціна, якую яна назірала і да вайны, калі Адась ледзь не штодня прыкладваўся да чаркі, і часта бачыць цяпер: паліцаі, што галодныя сабакі, шныраць, дзе б схапіць на дармаўшчыну гэтай гары. Дык у бобікаў іншага жыцця і быць не можа. А яна ўбачыла іншае жыццё — у Алеся, у Яніны Восіпаўны. Магчыма, што з жаночай салідарнасці Вольга пакрыўдзілася за Яніну: заўсёды вось так — жонка недзе дрыжыць за яго, а муж з чаркай цалуецца.

Але ўсё рассеялася, як толькі яна ўбачыла, якімі вачамі паглядзеў на яе Камандзір, як падняўся насустрач — у вачах яго была тая ж трывога, што і ў Яніны Восіпаўны. Пэўна, у той міг Вольга ўсвядоміла адзін з галоўных законаў канспірацыі: найбольшая бяспека і асцярожнасць — у натуральнасці, звычайнасці абставін і паводзін; каб у настаўніцы ўсё было, як у настаўніцы, а ў гэтага мужыка, як у мужыка, — каб з дзвярэй патыхала хлявом, хлеб рэзалі шавецкім нажом і пілі самагонку з бляшанай конаўкі.

Настрой у Вольгі хутка змяніўся яшчэ і таму, што гэтага чалавека, гаспадара, яна таксама ведала па рынку, — шанцавала ёй у той дзень. Ён не часта з’яўляўся там, але камароўскім гандляркам запомніўся адзін выпадак. Чалавек гэты, інвалід, без нагі, на дзеравяшцы, аднойчы прадаваў боты, і да яго прычапіўся міліцыянер. Абодва разгарачыліся і схапіліся загрудкі. Тады міліцыянер яго арыштаваў — за абразу ўлады і вёў у аддзяленне. Хоць міліцыянер у гандлярак быў сваім хлопцам, нікога з іх не даваў у крыўду, бабы ўсё адно заступіліся за інваліда. Абкружылі іх і ўзнялі вэрхал, пагражалі, што ўсе пойдуць да начальніка. Міліцыянер мусіў дараваць абразу, за што быў узнагароджаны славай добрага чалавека і атрымаў кампенсацыю за адарваны гузік.

Не даўшы Вользе адступіць ад парога, Камандзір нецярпліва спытаў:

— Штотам?

Убачыў, што яна як бы збянтэжылася, зразумеў яе асцярожнасць, пахваліў у думках і тут жа прадставіў старога:

— Гэта наш таварыш. Захар Пятровіч, той самы Віцёк…

— Вот лайдакі, выдумалі, — з усмешкай паківаў галавой гаспадар і таксама падняўся, моцна стукаючы пратэзам па падлозе, узяў ля печы табурэт, паставіў да стала, запрасіў: — Сядай, Вольга, мы табе пагрэцца дамо.

Вольга села і расказала, што адбылося ў Пушкінскім пасёлку і што на гэты конт думае Яніна Восіпаўна, і перасцярогу яе перадала, каб ён не з’яўляўся пакуль.

Камандзір слухаў моўчкі, зрабіўшыся раптам вельмі сур’ёзным, заклапочаным. А Вольга ўслухалася ў свой голас і пачула, што ён дрыжыць. Здзівілася, чаму хвалюецца, расказваючы аб выкананні першага задання, вельмі простага, па сутнасці, звычайнай чалавечай паслугі. Потым зразумела. Усё гэта цяпер, калі яна расказвае, набывала сапраўды асаблівы сэнс — для яе самой. Здавалася, не тады, калі яна ратавала Сашу, і не тады, калі ён адыходзіў, а яна дала згоду на Камандзіраву просьбу, і нават не тады, калі Камандзір даў ёй гэтае заданне і яна пайшла яго выконваць, а менавіта цяпер, расказваючы пра размову з Янінай Восіпаўнай, яна як бы пераступае нейкі парог і ўступае ў новае жыццё, вельмі небяспечнае. Але ці не ад таго яна хвалюецца, радасна хвалюецца, што, ведаючы пра гэтую небяспеку, упершыню не адчувае таго страху, ад якога раней халадзела сэрца і млелі рукі? Жадаючы сказаць яму нешта прыемнае, яна ў заключэнне выгукнула са шчырым захапленнем:

— Якая ў цябе жонка, Камандзір! У такую нават я закахалася.

Андрэй усміхнуўся з удзячнасцю. А стары засмяяўся весела, як маладуха, пажадаў:

— Ах, каб вам добра было!

Ён тым часам дастаў з шуфляды стала вышчарбленую, пажаўцелую ад часу чарку, выцер яе рукавом сваёй зашмальцаванай фланелевай сарочкі і наліў у яе самагонкі, цырымонна паднёс Вользе:

— Проша, пані.

Вольга ўзяла чарку, лізнула і скрывілася:

— Цьфу, брыдота! Што газа нямецкая.

Захар Пятровіч заліўся смехам, сапраўды як хлапчук — Віцёк, ажно слёзы на вачах выступілі.

— Ты паглядзі, Андрэй, ды яна ж панскага роду. Дзе яна расла, такая княжна? Царскі напітак — для яе нямецкая газа. Ах, каб табе добра было! Ды гэта ж бульбовачка наша дарагая.

Вольгу турбавала, што Камандзір, сам вялікі жартаўнік — як ён размаўляў з ёй пры тых сустрэчах! — неяк не адзываецца на жарты. Што яго ўсхвалявала? Ажно на месцы чалавеку не сядзіцца.

Андрэй хадзіў па прасторным пакоі — ад рускай печы да кута, дзе стаялі калода, нізкі табурэцік са скураным сядзеннем і скрынка з шавецкім інструментам. Выходзіць, тыя боты Захар Пятровіч пашыў сам. Аднак ён не толькі шавец, але і цясляр, сталяр, бо на паліцы ляжалі ў лепшым парадку, чым увесь іншы набытак, гэблі, стамескі, віселі на сцяне нажоўкі.

Сочачы за Андрэем, Вольга па-жаночаму хутка і пільна агледзела хату і здзівілася, што ўсё ў доме зроблена не жаночымі рукамі. Нават ложка не было, спалі, напэўна, на лежаку ці на шырокай печы.

Камандзір спыніўся ля стала, сказаў, звяртаючыся да старога:

— Разумееш, Пятровіч, што мяне хвалюе. За тыдзень гэта трэцяя аблава такая, калі ачапляюць цэлы раён. Янініна здагадка супала з маім меркаваннем. Пра тыя аблавы я ёй не гаварыў, аднак бачыш, што яна перадае. Цяпер не сумняваюся: нікога іншага так не лавілі б, каб аўтабатальён узнімаць па трывозе. Толькі радыста! А ён няўлоўны. Ах, каб звязацца нам з гэтым хлопцам ці дзяўчынай! Як гэта нам патрэбна, каб ты ведаў! Сувязь з Масквой.

— Калі яму ёсць што перадаваць, значыцца, ён звязаны з кім трэба.

— Але з кім? З кім?

— Браце ты мой, не адны мы з табой у Мінску. Я табе расказваў, каго сустрэў…

— Я ведаю, што не адны мы. Але як нам аб’яднаць усіх? — А навошта? Каб гітлераўцам лягчэй было нас пералавіць?

Гэта артысту хочацца, каб яго ўсе ведалі. А нам апладысменты цяпер без патрэбы. Лепш у адзіночку.

— Моцна ў табе трымаецца псіхалогія саматужніка.

Захар Пятровіч бяскрыўдна засмяяўся:

— Ты мяне хоць гаршком называй, але ў агонь не стаў.

— Баішся агню? — задзірыста і бадай уедліва пажартаваў Камандзір.

Але інвалід адказаў з бацькоўскай паблажлівасцю:

— Пайшоў ты, Андрэй, да прабабкі. Давай лепей вып’ем.

— Давай, — Андрэй глытнуў са сваёй шклянкі і смешна скрывіўся. — А праўду Вольга сказала — керасінам аддае. У керасінавым бідоне, мабыць, трымаеш, хітруган стары?

— Во стрэмка, каб табе добра было! Як табе жонка дагаджае?

Гэта Вольгу рассмяшыла. Тады і Андрэй хораша засмяяўся — так, як смяяўся пры ранейшых сустрэчах, паказваючы рад белых прыгожых зубоў.

— Ладна, Пятровіч, лічы, што твая самагонка адменная. Будзь здароў, начальнік АХО.

— Нешта ты паніжаеш мяне, быў начальнікам штаба.

— А ты ў нас кожны дзень у новай ролі. А кажаш — не артыст. Яшчэ які артыст!

— Не мянці ты… Закусвай. Ды бяры хлеб. Не шкадуй. Куплю я хлеб. З маёй прафесіяй з голаду не памру.

— Каб ты ведаў, якія дранікі пячэ Вольга. Язык можна пракаўтнуць. Я як пакаштаваў, дык і цяпер пальцы аблізваю.

Вользе была прыемная такая пахвала, хоць і сказаная жартаўліва. Увогуле ёй падабалася ўся іх размова, іх адносіны паміж сабой, простыя і сяброўскія, нягледзячы на розніцу ў гадах і ў становішчы, у адукацыі. Камандзір, калі не афіцэр Чырвонай Арміі, то, напэўна, нейкі савецкі начальнік — па ўсім відаць, па спрыту, як кажуць. А стары — самы просты чалавек, які, не маючы нагі, займаецца, відаць, усім патроху — шые боты, майструе табурэткі. Аднак і такі чалавек пайшоў на ворага. Хіба адно крышачку расчаравала жанчыну: мімавольнае Камандзірава прызнанне, што не маюць яны сувязі з Масквой. А яна была ўпэўненая, што такія людзі абавязкова павінны мець гэтую сувязь. Але заўважыла, як моцна Камандзіру хочацца знайсці радыста, як ён ломіць галаву — каб адшукаць яго. Ажно захацелася памагчы яму. Але як? Гэта што іголку ў сене шукаць.

Змянілася яе ўяўленне аб падпольшчыках ад заўвагі Захара Пятровіча, што не адны яны ў горадзе і што ён сустрэў некага такога, каго нават не захацеў назваць пры ёй. Яна не пакрыўдзілася. Яна адразу згадзілася, што сапраўды не трэба кожнаму з іх ведаць занадта многа, людзей многіх. Чаго чалавек не ведае, таго ён не скажа ні жонцы, ні сябру ненадзейнаму, ні следчаму. Быў момант, калі яна глыбей, чым дзе дагэтуль, адчула небяспеку на той дарозе, па якой пайшла. Нават страх варухнуўся, калі гаспадар нагадаў пра гэтую небяспеку: «Каб гітлераўцам было лягчэй нас пералавіць?» Але, могуць пералавіць. Аднак як проста яны пра гэта гавораць, мужчыны. Так, напэўна, гавораць пра магчымую смерць у баях салдаты. П’юць, ядуць, жартуюць і… пра смерць успамінаюць як пра непазбежнае на вайне. Але ніхто не забывае пра абавязак — пайсці ў бой, у атаку.

Так гаварыў стары інвалід, які пражыў ужо жыццё. Ён пражыў, а яна толькі пачала яго, жыццё… А Яніна Восіпаўна? А Камандзір? Яны дамовіліся, каб мець дзіця. I ўсё адно ідуць у бой.

Ёй, Вользе, сапраўды пашанцавала ў адзін дзень сустрэцца з такімі вельмі рознымі людзьмі. I яна палюбіла іх, гэтых людзей, пераканаўшыся, што не дзеля сваёй выгады ідуць яны на такую справу. Яны пацвярджалі Сашавы словы. Але, можа, яшчэ больш важна для яе было, што яны паверылі ёй, жыццё сваё даверылі. Як жа яна можа адступіць цяпер? Не, цяпер у яе адна дарога. Разам з імі. На славу ці на смерць. Як у песні пяюць.

X

Вольга не спала. Не магла заснуць. Чуйна ўслухоўвалася ў ноч, лавіла кожны шорах, кожны гук. Менш за ўсё яе трывожылі далёкія стрэлы — іх яна чула неаднойчы. Міма вушэй прапускала свісткі і ляскат паравозаў. А вось загаўкалі сабакі — і яна ўся напружылася, гатовая падхапіцца. У гараджан сабак няма, іх знішчылі па загаду немцаў. Сабакі толькі ў тых, хто палюе на людзей. Але сабакі як устрывожылі, так і супакоілі — брэх не прыбліжаўся. Палохалі іншыя гукі, невыразныя, таемныя, якімі быў напоўнены яе стары дом. Здавалася, нехта цяжка дыхаў за акном, нехта стаіўся на гарышчы і асцярожна поўзаў там, а ў пограбе перасоўваліся з месца на месца бочкі, скрынкі, бутлі.

Зданяў яна не баялася, у дамавікоў не верыла. Увогуле яна нічога не баялася. У мінулыя ночы апошнім часам спала спакойна. Доўга не засынала хіба тады, калі дзень быў напоўнены такімі падзеямі, пра якія ўначы трэба было сур’ёзна падумаць, успомніць усё, што пачула і ўбачыла. Але ў такім выпадку яна думала, а не прыслухоўвалася вось так, калі шастанне і піск мышэй пачынаюць здавацца засадай гестапаўскіх шпіёнаў. Смешна. Навошта ім такая засада? Ім даволі аднаго падазрэння, каб яны прыехалі на машынах і схапілі не толькі вінаватага, яго сям’ю, але і суседзяў, усю вуліцу… Яна, Вольга, ведала гэта і, аднак, засынала без страху ўвесь час пасля таго, як пачала выконваць заданні падпольшчыкаў. Заставалася ўдзвюх са Светкай, нават не запрашала цётку Марылю, каб тая паначавала. Не запрашала таму, што чакала Сашу. Кожную ноч чакала. З-за гэтага часам не спалася. А не з-за страху. Страх яна перамагла, здавалася ёй, назаўсёды яшчэ ў той першы дзень, на першых явачных кватэрах, асабліва ў Захара Пятровіча.

Чым больш яна знаёмілася з падпольшчыкамі, чым глыбей унікала ў работу, тым больш смялела. Ці, можа, проста прывыкала да небяспекі? Чалавек да ўсяго прывыкае.

Работа захапляла. Ды і як можна было не захапляцца, калі ўся яе гандлярская дзейнасць набыла зусім іншы сэнс — тайны. Цяпер яна гандлявала не дзеля сваёй уласнай карысці. Стоячы побач з сяброўкамі, яна глядзела на іх іншымі вачамі, як бы з вышыні, з радасным хваляваннем думала: «Каб вы ведалі, хто я такая і што я раблю!» А над паліцаямі дык проста здзекавалася.

Праўда, цяпер ёй больш прыходзіцца займацца барахлом, што яна не вельмі любіла — хадзіць па дамах і скупліваць рэчы. Але і на прадуктовы рынак не забывалася: трэба ж збыць з выгадай прадукты, якія выменяла, а інакш, каб яна раптам перастала гандляваць, яе паходы ў вёску, якімі так даражылі Захар Пятровіч і Камандзір, маглі б выклікаць непатрэбныя размовы, здагадкі, падазронасць.

Вольга, безумоўна, не здагадвалася, што непрыкметна зрабілася адным з самых дзейных членаў падпольнай групы. Андрэй і хацеў мець такую сувязную. «Толькі сувязь», — паўтараў ён, калі размова ішла пра Вольгу. Але з-за свайго занятку «надомніцы», нястомнасці — за дзень паўгорада абшнырыць, хітрасці і розуму, жаночай прывабнасці, умення падміргнуць, пажартаваць, лёгка пазнаёміцца, дзякуючы сваім шматлікім ранейшым знаёмствам з гараджанамі і асабліва з паліцыяй, Вольга сама сабой, без спецыяльных заданняў, ператварылася ў добрую разведчыцу. Ведала многія гарадскія навіны, дзе што адбылося, дзе што знаходзіцца, і гэтым памагла сваім наладзіць сувязь з іншымі падпольнымі групамі, пра што нават не ведала. Па ўласнай ініцыятыве памірылася з братам, які рабіў на біржы працы, і прыносіла некаторыя звесткі ад яго. Хоць да Казіміра яна «пайшла на паклон» і па іншай прычыне, з-за свайго асабістага: каб у выпадку чаго не пакінуў Светку — усё-такі родны дзядзька, не чужы; ранейшага страху не мела, але не думаць пра гэта не магла, практычна прадугледжвала ўсё — і добрае і благое.

З Камандзірам сустракалася рэдка. У Яніны Восіпаўны ні разу больш не была. Пастаянную сувязь трымала з Захарам Пятровічам; можа, яно само па сабе так атрымлівалася, бо ніхто не забараніў ёй наведвацца ў гэты двор без брамы, у дом без замкоў, наадварот, гаспадар у першы ж дзень запрасіў: «Заходзь, Вольга». Выходзіць, можна зайсці проста так, без задання. I ёй падабалася бываць у гэтым недабудаваным доме. Прастата і натуральнасць старога інваліда, адсутнасць у яго паводзінах усялякай таямнічасці, лішніх напамінкаў пра вайну і небяспеку моцна прыцягвалі. Гэта быў надзіва спакойны чалавек, спакой яго і нейкая незвычайная пераконанасць у неабходнасці і непазбежнасці ўсяго таго, што яны, падпольшчыкі, робяць, перадаваліся Вользе. Безумоўна, яны не маглі не гаварыць паміж сабой пра вайну, але пасля размовы з Захарам Пятровічам ніколі не рабілася страшна, нават нядобрыя думкі не з’яўляліся, як пасля размовы з іншымі людзьмі. Смерць і страх для яго як бы не існавалі, пра іх стары ніколі не гаварыў. Пра вайну ён расказваў або весела, са смяшынкай, або з той сур’ёзнасцю, з якой большасць людзей гавораць пра галоўную сваю працу — у полі, на заводзе. Так Вользін бацька гаварыў пра сваё гарбарства. У інваліда, мабыць, не было такога асноўнага мірнага занятку, магчыма, што чалавек гэты ў душы заставаўся ваенным, таму пра свае цывільныя прафесіі гаварыў з гумарам. Паказваў пашытыя боты і смяяўся: «Ты глядзі, Вольга, ні разу мне не ўдалося пашыць пару ботаў, каб бот на бот быў падобны. Ох і дасць мне заказчык!» Ці раптам глядзеў на дзверы і заліваўся смехам: «Ах, каб табе добра было! Гэта ж я не бачыў, што так перакасіў касяк. Во майстра, дык майстра!»

Пра свае паходы ў арміі Будзённага Захар Пятровіч расказ-ваў ахвотна і весела, з любоўю да Будзённага, да сваіх таварышаў. А пра тое, як страціў нагу, гаварыў так, што Вользе хацелася смяяцца, але непрыстойна смяяцца з бяды, з калецтва.

Перад вайной прыехала да Захара Пятровіча ў госці нявестка з унукам, жонка старэйшага сына — афіцэра. Вельмі спалохалася жанчына вайны. Кінулася на вакзал, але ні ў які цягнік, ні ў пасажырскі, ні ў таварны, не ўціснулася. З нявесткай, каб памагчы ёй несці двухгадовае дзіця, пайшла з Мінска свякруха, жонка Захара Пятровіча. Мелася вярнуцца, але… «Драпанулі мае бабы, відаць, так, што і нямецкія танкі не дагналі іх. Інакш вярнуліся б, шмат хто вярнуўся з мінчан». Пра жонку і нявестку гаварыў са стоеным смуткам, з трывогай, але ўсё адно са смяшынкай. А вось малодшага сына, Віцька, які нядаўна пайшоў у партызаны, стары заўсёды прыгадваў сур’ёзна і па-бацькоўску заклапочана. «Сніў сёння майго Віцька. Лес з ім пілавалі. Такія тонкія сосны спускалі. Да чаго б гэта, Вольга, не ведаеш?» Не верыў ні ў сны, ні ў прыкметы, з іконаў і багоў кпіў, варажбітак, якія хадзілі па дамах, выганяў, але што тычылася Віцька — усяму пачынаў верыць. «Каб ты ведала, што за хлопец мой Віцёк!» «Гэта Віцёк зрабіў. Залатыя рукі ў хлопца».

Пэўна, пра Віцька ён гаварыў не адной Вользе, недарэмна яму і клічку падпольную далі — Віцёк.

Палюбіла Вольга старога дзівака з першых сустрэч і даверылася яму больш, чым каму. У Камандзіра не адважылася больш прасіць, каб дазволіў Сашы прыйсці да яе ці даў яго адрас. А ў Захара Пятровіча папрасіла. I той адразу, нічога не пытаючыся, зразумеў яе, ажно ёй трохі няёмка стала. «Ведаю твайго Салаўя, у нас ён — Салавей. Быў у мяне, начаваў дзве начы. Разумны хлопец. Як Віцёк мой».

Даючы ёй дні праз два адрас, пасміхнуўся: «Любіць Андрэй гуляць у канспірацыю. Навошта яму было разлучаць вас? Майце хоць якую радасць. А канспірацыя — яна такая хітрая штука, што чым прасцей, тым глыбей. Не трэба ў яе гуляць».

Яна ў той жа дзень паляцела на другі край горада, на Каменную вуліцу. Алеся дома не было. Па-жаночаму супакоілася, калі ўбачыла, што кватаруе ён у старых адзінокіх людзей. Сказала ім, каб перадалі, што прыходзіла Вольга, пакруцілася, пакрасавалася перад гаспадарамі, каб даць ім зразумець, што мэта ў яе чыста жаночая, спытала нават: «Дзяўчаты да яго не ходзяць?» — «Што ты, любая! Святы хлопец», — сказала гаспадыня. «Усе яны, цётка, святыя, пакуль матчыну цыцку ссуць, а як не матчыну ўбачаць, куды іх святасць дзяецца».

Старая ажно ўпотай перахрысцілася.

Алесь прыйшоў на другі дзень. Яна паліла ў печы, завіхалася па гаспадарцы. Абняла яго мокрымі рукамі, цалавала на кухні. Ён упікнуў, што так нельга, што яна моцна збянтэжыла яго гаспадароў, яны кінулі яму папрок, што прыходзіла дзеўка, падобная да тых, што нюхаюцца з нямецкімі афіцэрамі. Яна адказала сярдзіта, словамі Захара Пятровіча:

«Не гуляйце вы з Андрэем у канспірацыю. А гаспадарам тваім сказала так таму, што не спадабаліся яны мне. Нейкія… быццам іх з калыскі спалохалі. А я не люблю пужаных!» — «Калі ты сама стала такая смелая?»

Траха не пасварыліся.

Гаспадары такі сапраўды не спадабаліся ёй, і яна, думаючы пра Сашаву бяспеку, расказала пра іх Захару Пятровічу, усё сказала, як было. Інвалід да слёз смяяўся з яе слоў: «А каб табе добра было! Дык, кажаш, як убачаць не матчыну?..» Але заспакоіў: гаспадар кватэры — яго даўні сябра, разам на белякоў хадзілі, рабочы паравозарамонтнага завода, быў членам партыі, але яго выключылі — за жонку, за тое, што ў царкву хадзіла: жанчына яна сумленная, добрая, хоць і набожная.

Хораша Вользе зрабілася ад таго, што Саша жыве не абы ў каго, а як бы знаходзіцца пад аховай такога чалавека, як Захар Пятровіч, упэўненая была, што яго ахова самая надзейная. Праўда, здаралася, што і гэты чалавек здзіўляў і палохаў яе неасцярожнасцю і, здавалася ёй, непатрэбнай рызыкай.

У недабудаванай палавіне хаты стары трымаў казу, мабыць, меў патрэбу, каб у двары было нешта жывое, ды і шклянка малака дорага каштавала. Каза лашчылася да гаспадара, што сабака, але па-сабачаму кідалася да чужых, каб бадануць, Вольгу доўга не падпускала да сябе, пакуль, мабыць, не пераканалася, што жанчына — свой чалавек у доме. Там жа, дзе стаяла каза, захоўвалася сена, складзенае ўздоўж глухой сцяны, пад сенам была наслана падлога. Аднойчы Вольга даглядала казу. Цераз штабель дошак, што адгароджваў корм ад жывёліны, дастала віламі сена; калі паднімала, з сена выпала нешта цяжкое, круглае, пакацілася па падлозе. У хаце стаялі прыцемкі, таму нельга было ўгледзець, што гэта такое. Вольга перагнулася цераз дошкі, узяла рэч у рукі, падняла, паднесла да вачэй і ледзьве не самлела ад нечаканасці і страху. Граната! Круглая, з наразным кажухом. Бачыла такія яшчэ некалі ў ваенным кабінеце школы, ведала, што іх называюць «лімонкамі». Але тыя былі пустыя, разраджаныя, а гэтая ж, безумоўна, баявая, упала, стукнулася аб падлогу, ды і жалезныя вілы яе маглі зачапіць… Значыцца, вось-вось павінна разарвацца. У руцэ ў яе. Што рабіць? Шыбнуць куды? Навокал сцены. У сена? Каб яно загарэлася ад выбуху?

Немаведама колькі часу стаяла нерухома, трымаючы на далоні смерць сваю. Пасля сцяміла, што калі адразу не ўзарвалася, значыцца, тагачаснай небяспекі няма. Асцярожна, як шкляную, паклала гранату на дошкі. Збялелая ўвайшла ў жылую палавіну хаты. Захар Пятровіч адразу, па выглядзе яе, здагадаўся, што здарылася незвычайнае. Глянуў у акно — ці не акружаюць дом гестапаўцы? Не, нікога не чутно.

«Там — граната… у сене…»

«А-а, што б табе добра было! Напалохала. Як жа гэта яна выкацілася?»

Пайшоў туды, да казы. Узяў гранату, падкінуў яе, як мячык, на далоні.

«Не бойся, яна без запалу. Спужалася? — пералез цераз дошкі ў сена, паклікаў Вольгу: — Ходзь сюды, я табе нешта пакажу».

Разгарнуў у куце сена і паказаў «кубло», у якім, як яйкі невядомай вялізнай птушкі, ляжалі такія ж гранаты, мабыць. добрая паўсотня. I парадаваўся, як хлапчук: «Во багацце, Вольга! Каб нашым як занесці? Віцьку майму. Нам тут няма дзе іх прымяніць. А ім там, у лесе, гэта што хлеб».

Незадоўга перад тым Вольга першы раз схадзіла на незвычайнае заданне — да партызан, занесла ім бінты, ёд, іншыя лекі. Праўда, у саміх партызан яна не была, перадала ўсё гэта іх сувязному ў вёсцы ў Рудзенскім раёне, добраму знаёмаму Захара Пятровіча, разам на рыбалку ездзілі на Сяргееўскае возера.

…Ляпнулі дзверы, зарыпелі пад нечымі нагамі настылыя дошкі. Вользе здалося, што ляпнула яе брамка і рыпяць маснічыны яе ганка — так выразна блізка. Белай чайкай зляцела з пасцелі, прыліпла да акна, да другога акна. Цяпер яна не зачыняла аканіц, баялася слепаты і глухаты, здзіўлялася, ад каго некалі зачынялася яе маці — у той ціхі мірны час!

Выйшаўшы на кухню, пачула знаёмы кашаль і крахтанне старога суседа, ды і ўбачыла яго, як ён у чорным кажусе і белых падштаніках вяртаўся з прыбіральні. Падумала пра суседзяў — цяпер ёй не абыякава, што яны за людзі. З гэтым старым маці яе часта сварылася, з-за чаго — ужо немагчыма ўспомніць. Яна, Вольга, застаўшыся адна з дзіцем на пачатку вайны, пастаралася з усімі суседзямі наладзіць добрыя адносіны, гэтым старым у апошні час нават памагае харчамі. Але са смуткам падумала, што ніводнаму з самых блізкіх суседзяў, з якімі мяжуе яе сядзіба, яна не можа даверыцца так, як Бароўскім.

Стаяць босай на падлозе было холадна. Вольга абулася ў валёнкі, накінула на сарочку кажушок. Села ля грубкі. Вырашыла больш не лажыцца, бо ўсё адно не засне. Будзе вартаваць яго сон вось так, седзячы, каб не падхоплівацца на кожны мышыны шорах і хутчэй пачуць сапраўдную небяспеку. А што б яны — Саша і яна — рабілі, каб тыя, у чорных мундзірах, раптам з’явіліся б сюды? Не, аб гэтым лепш не думаць. Аднак тут жа падумала, што на кухні варта выняць зімовую раму, каб акно можна было адчыніць і выскачыць на гарод. А яшчэ падумала, што добра было б папрасіць у Захара Пятровіча пару «лімонак» — Сашу, на выпадак, калі яму прыйдзецца адбівацца. Не сумнявалася, што проста так ён не здасца, будзе адбівацца. Раней ад думкі пра такі няроўны бой яе апанавала б жудасць, цяпер разумела, што гэта адзінае і зусім натуральнае выйсце.

Думкі чапляліся адна за адну.

А можа, і лепш, што Бароўскія не самыя блізкія суседзі? Апошні, хто назваў яе мяшчанкай і нават больш — здрадніцай і шлюхай, дык гэта Лена, не так даўно. Але яна, Вольга, не толькі не пакрыўдзілася за гэтыя словы, яна радавалася, бо размова такая адбылася ў іх пасля… пасля таго, што змяніла яе жыццё.

Яна знала пра Лену ўсё, Захар Пятровіч хваліў Бароўскую, казаў, што добрую сяброўку яна, Вольга, мае. А Лена пра яе не знала нічога, і Вользе гэта падабалася: яна ўпершыню як бы адчувала сваю перавагу над Ленай; выходзіць, яна ў арганізацыі больш засакрэчаная. I пра Сашу Лена не ведала. Прыйшла і спытала, куды дзеўся Алесь, дайшло да Бароўскіх па суседзях, што Ляновічышын кватарант знік.

«А я выгнала яго».

«Завошта?»

«А які з яго наедак? Што ён за мужчына? Толькі іншым перашкаджае. Да мяне, ведаеш, якія заляцаюцца? Афіцэр набіваецца».

Вось тады Лена і выпусціла ў яе такую чаргу, такія слоўцы, якіх яна ў вочы ні ад каго не чула яшчэ. А яна, Вольга, яшчэ больш паддражнівалася, такой выстаўляла сябе, што пабялелая ад гневу Лена кінула ёй страшнае пракляцце і пагрозу: прыйдуць нашы — яе павесяць разам з іншымі здраднікамі. Калі Лена пайшла, ажно самой зрабілася страшна: чаго гэта яна, дурная, нагарадзіла! Раскажа Лена — брыдка людзям у вочы будзе глядзець. Ды і грэх гэта — перад Богам і ўласным дзіцем — так знеслаўляць сябе.

Але, пэўна, Лена не ўсё расказала, бо прыйшла старая Бароўская і папрасіла Вольгу, каб тая ў чарговы паход па вёсках узяла іх Косціка. «Сабрала лепшыя транты, няхай выменяе на які харч, бо зусім сям’я галадае». Вольга ахвотаа ўзяла: усё-такі мужчына побач, абаронца. З бабамі яна не любіла хадзіць, адной бывала страшнавата. Але Косцік той, паганец, усю дарогу задзіраўся, да самага Слуцка, калючы быў, што шыла, слова яму не скажы, здзекаваўся з яе камерцыі, мацюкаў кожнага сустрэчнага немца. Папрасіліся ў нямецкую машыну, узяў іх шафёр, і яна, Вольга, дзякуе ў канцы паездкі, разлічваецца маркамі, а ён, Косцік, на поўны голас: «Кулю табе ў лоб трэба, гітлераўскі пёс. Бач, морду ад’еў на нашых харчах, падла фашысцкая». Вольга ледзьве не самлела ад страху. Добра, што немец — ні слова па-беларуску. Ківае на Косцікавы словы галавой, згаджаецца: «Я, я…»

Не вытрымала яна, уляпіла Косцю «ляшча». «Барэц, маць тваю! Дурань, мякінай набіты». Дык Косця пасля больш за суткі рота не разяўляў, як анямеў. Ажно Вользе страшна зрабілася, каб гэты дурань чаго-небудзь не выкінуў такога, што пасля не расхлябаеш. I выменьваць нічога не выменьваў, усё прыйшлося рабіць ёй, толькі кайстры з просам і ячменем насіў.

На зваротным шляху начавалі ў Валяр’янах. Косця з гаспадарскім сынам, крыху старэйшым за яго, схадзіў на вячоркі — былі Каляды, наладжваліся гулянкі: у вёсцы няма каменданцкага часу і той напружанасці, што тут, у горадзе, дзе пачынаеш баяцца суседа, з якім пражыў побач усё жыццё.

На другі дзень у дарозе Косцік загаварыў, але ўжо зусім інакш, быццам за ноч хлопца падмянілі, — сур’ёзна, паважліва, нават звярнуўся незвычайна, без ранейшага панібрацгва: «Цётка Вольга, у машыну не лезь — я не палезу… Я, канечне, памагу табе паднесці бліжэй да Мінска нашы торбы, а там ужо, калі ласка, ты як-небудзь сама. Я ў горад не пайду».

Вольга ахнула: во звязалася на сваю галаву, яшчэ такой бяды не хапала!

«А куды ж ты пойдзеш?»

Косцік адказаў не адразу:

«У партызаны пайду».

«Дзе ты іх знойдзеш, дурань?»

«Знайду!» — упэўненасць такая ў адказе, паглядзе, што яна на нейкі момант разгубілася: што рабіць? як паводзіць сябе? Паспрабавала прасіць:

«Косцічак, любенькі, што ж ты робіш са мной? Мяне ж маці твая з’есць, што я не ўпільнавала цябе. I сама памрэ ад гора».

Пазмрачнеў, памаўчаў, толькі прастуджаным носам соп.

«Не памрэ. Не ў адной яе дзеці ваююць».

Машыну Вольга не спыняла — баялася, што Косцік не сядзе, адстане ды яшчэ паводзінамі такімі падазронасць у немцаў выкліча, сярод немцаў розныя бываюць, трапляюцца быццам бы і людзі, а іншыя — што звяры.

Спадзявалася, што перадумае Косцік. Цэлы дзень ішлі па слізкай зімовай дарозе з нялёгкімі кайстрамі. На ўгаворы яе Косцік не адказваў, зноў панура маўчаў. А калі спытаў, колькі вёрст засталося да Мінска, Вольга зразумела, што хлопцава рашэнне непахіснае.

«Дзе ты будзеш шукаць іх, партызан тых?»

«У лесе».

«Па такім снезе? Загінеш, як ягнятка з тае казкі. Ваўкі з’ядуць».

«Ну, ты мяне не палохай. Не на таго натрапіла. У горадзе цяпер горшыя ваўкі».

Да Мінска ім не дайсці, калі на машыну не сядуць, прыйдзецца зноў начаваць. I ў гэтую ноч Косця напэўна знікне, і яна не здолее нават сказаць Бароўскім, куды ён пайшоў, у які лес.

«Хочаш, завяду цябе да партызан?»

Косця ажно спыніўся ад нечаканасці.

«Ты? Ты можаш завесці да партызан?»

«Калі папросіш добра».

«Ох, насмяшыла».

Паваліўся на вал счышчанага з дарогі снегу, задрыгаў нагамі, жадаючы паказаць, як яму смешна ад таго, што яна, камароўская гандлярка, ведае, дзе партызаны, хоць, відно было, смяяцца яму не хацелася, не да смеху было, стомленаму, акалеламу, напоўненаму страхам перад невядомасцю, у якую сабраўся ўступіць. Вольга ўсё разумела, але за блазенства такое пакрыўдзілася.

«Паляжы, паляжы, падрыгай нагамі».

Дагнаў яе сур’ёзны, як бы пасталелы, раптам сцяміў-такі, чарцянё, што не жартам яна сказала пра партызан.

«Прабач, Вольга, за ўсё. Думаеш, хто іншы паверыў бы, што ты звязана з партызанамі? Якая ж ты малайчына! А Ленка… толькі многа гаворыць… быццам нас агітаваць трэба? — а ні чорта не знае. Столькі прасіў яе!»

Хітры жук, ведаў, як раўніва яны ставяцца адна да адной, сястра яго і яна, Вольга.

«Але для гэтага нам трэба пайсці на Рудзенск».

«Ды куды хочаш, на край свету пайду за табой».

Сувязны, Мар’ян Сівец, які і пры Саветах, і цяпер, пры немцах, рабіў на чыгунцы, хоць жыў у вёсцы, быў незадаволены, што яна, без згоды Захара Пятровіча, прывяла такога падлетка, так і сказаў: «Партызанам трэба вайскоўцы, афіцэры Чьірвонай Арміі, а не саплякі, такіх у вёсках поўна, толькі пальцам кіўні ім». Ды, на Косцікава шчасце, высветлілася, што Сівец ведае Лену, сустракаўся з ёю ў Захара Пятровіча: магчыма, Лену рыхтавалі для сувязі з ім, але пасля яна, Вольга, лепш падышла для гэтае ролі.

Да Бароўскіх Вольга не адважвалася ісці, пабаялася, што цяжка будзе растлумачыць старой, куды знік яе сын. Праз суседскага хлапчука паклікала Лену. Лена прыбегла задыханая, пабялелая, як сардэчніца, ускочыла ў дом апантана, з парога закрычала: «Дзе Косцік? Куды ты яго дзела?»

Прыйшлося расказаць ёй праўду. I адбылося ў іх тады вялікае прымірэнне. Абдымаліся, цалаваліся, прасілі адна ў адной прабачэння, кляліся ў вечнай дружбе.

Ёй, Вользе, цяпер як бы спакайней ад таго, што недалёка жыве яшчэ адзін чалавек, школьная сяброўка, якой можна ўсё расказаць, з якой можна параіцца, нічога не хаваючы. Раней неяк пашкадавала, што Бароўскія не самыя блізкія суседзі, не праз плот, здавалася, што ў такім разе яны ахоўвалі б адзін аднаго. Але цяпер падумала, што наўрад ці варта выстаўляць дружбу з Бароўскімі на людзі. Лепш трымацца воддаль. Бадай, і да Захара Пятровіча не трэба так часта наведвацца. Не, да старога можна. Ён не баіцца за сябе. А вось за яго, за Сашу… Не трэба, відаць, прыходзіць яму сюды нанач, бо радасці ёй ад гэтага мала. Вяртаецца страх, ад якога яна вызвалілася, ва ўсякім разе, па горадзе і ў вёскі хадзіла без страху. I дома спала спакойна. Не трэба ёй гэты страх, бо ён, што ржаўчына, раз’ядае душу, расслабляе волю.

Задумалася так, што не пачула, калі падняўся з ложка Алесь, прыйшоў да яе на кухню. Уздрыганулася, убачыўшы яго перад сабой, быццам ён знянацку захапіў яе за нечым недазволеным, чаго трэба саромецца.

— Чаму ты сядзіш тут?

— Ды так… Не спіцца.

— Чаму табе не спіцца?

— Я спала ўдзень, — зманіла яна непераканаўча, бо ён добра ведаў, што ўдзень яна ніколі не клалася.

— Скора раніца, а ты так і не заснула.

— Не, яспала.

— Не спала ты. Я чуў.

— I ты не спаў? — здзівілася яна. Дагэтуль лічыла, што па дыханні яго чуе, спіць ён ці не спіць; сон у яго заўсёды быў трывожны, як у хлапчука, які за дзень многа набегаўся, меў зашмат уражанняў; сёння ён «спаў» спакойна, нячутна і гэтым увёў яе ў зман.

Вольга і пры тым святле, якое даваў водбліск снегу за акном, убачыла, што ён стаіць босы і ў адной сподняй кашулі.

— Не стой так, падлога халодная. На валёнкі, я нагрэла іх.

— Аты?

— На печы мае сохнуць.

Яна аддала яму старыя бацькоўскія растаптаныя валёнкі, накінула на плечы нагрэты яе целам кажух. Валёнкі яна сапраўды ўзяла свае, маленькія, белыя фетравыя, абула іх. Але некаторы час стаяла ў начной сарочцы.

— Сядай побач. Мы накрыемся адным кажухом.

Узрадаваная, хуценька, што мышка, яна нырнула пад кажух, абняла Алеся, прыціснулася да яго і так замерла на нейкі міг, не то жадаючы зліцца з ім, не то прыслухоўваючыся да ўдараў яго сэрца ці, можа, нават імкнучыся пачуць яго думкі. Потым прыпала вуснамі да яго шчакі, прашаптала жаночае, адвечнае:

— Як хораша з табой.

Але ён не выявіў такой жа пяшчоты, ён быў больш стрыманы, чым калі.

— Што цябе трывожыць, Воля, што ты не спіш?

Яна чуць адсунулася ад яго і на кароткі міг задумалася. Сказаць яму, што яе трывожыць? Сказаць, каб ён не прыходзіў сюды, таму што яна баіцца за яго? Не, сказаць такое — гэта ўсё адно што забіць сваё каханне, сваю адзіную радасць.

— Я думала, як мы будзем жыць, калі скончыцца вайна, — і як бы схамянулася — паправілася: — Як я буду жыць.

— Ты баішся?

— Чаго?

— Таго жыцця?

— О не! — Яна зусім шчыра засмяялася. — Калі я сённяшняга жыцця не баюся, то чаго мне баяцца таго! Я радуюся яму. Я цвёрда рашыла, што буду вучыцца. Як ты раіў. Што б ні здарылася — буду вучыцца. Я ляжала і думала, як буду хадзіць у школу. А пасля — у інстытут… А пасля — зноў у школу, але ўжо настаўніцай, я хачу вучыць дзяцей. — Пасля знаёмства з Янінай Восшаўнай яна думала пра гэта неаднойчы. — Верыш, што я магу стаць настаўніцай?

Алесь з удзячнасцю пацалаваў яе.

— Ты ўмееш хораша марыць, прыгожа.

— Я навучылася ў цябе.

Ён уздыхнуў.

— А я, здаецца, развучыўся. Я так рэдка мару цяпер. Нават чытаць не хочацца. Вершы асабліва. Гэта палохае мяне, Воля. Раней для мяне не было большай радасці, як добрая паэзія. Ты ведаеш, я сам пісаў вершы, лічыў сябе паэтам. I радаваўся — як я радаваўся! — што ўмею гэта, што нешта атрымліваецца ў мяне, што буду мець некалі прафесію, якая будзе радаваць многіх людзей. Са школы мае равеснікі рваліся ў ваенныя вучылішчы. Мне ніколі не хацелася стаць ваенным. Я таксама хацеў стаць настаўнікам і… паэтам. А цяпер… забіваю… Але ведаеш, чаму я не магу заснуць, што мяне непакоіць? Што няздатны я на гэта і не здолею вучыцца… Раблю і пакутую… Я забіў іх трох ужо… немцаў, фашыстаў… Ты помніш, як мяне калаціла пасля таго, першага. А пасяя — нічога, асаблівых пакут не было, так хіба… нервы… Ворагі самі шукалі сваёй смерці, яны прыйшлі, каб забіць цябе, мяне, знішчыць наш народ… Яны лютуюць, расстрэльваюць, вешаюць… Кроў за кроў!

Смерць за смерць! — гэта не словы. Гэта сэнс нашага жыцця цяпер. Яны думалі, што могуць скарыць нас… А ты паглядзі, як узнімаецца народ. Ты сама расказвала, што ў кожнай вёсцы толькі і гавораць што пра партызан. А ці тое яшчэ будзе! Гэта яшчэ кветачкі для гітлераўцаў. Ягадкі яны пабачаць. Мы пакажам яшчэ. Як я гэта разумею! Лепш чым хто разумею: чым больш мы іх знішчаем, тым хутчэй прыйдзе наша перамога. Але знаеш, што са мной здарылася? Я атрымаў заданне… Падпольны камітэт вынес прысуд аднаму здрадніку. Смерць! Я павінен выканаць гэты прысуд. Але знаеш што? Знаеш што? Ты толькі, калі ласка, зразумей, нікому іншаму я пра гэта не расказаў бы, толькі табе… табе я магу расказаць усё. Тыя — немцы, прышэльцы, я іх бачыў толькі ў твар, ды і то здалёк, я не знаю, што яны за людзі. Для мяне яны — не людзі. Яны прыйшлі забіць мяне — я забіў іх. А гэта — наш чалавек. Наш… беларус. Можа, было б прасцей, каб незнаёмы… Ато я знаю яго асабіста. Сядзеў за адным сталом… Разумею, што здраднік горш за любога фашыста. Але ўсё адно… усё адно забіць свайго чалавека мне цяжка. Не магу… Я баюся гэтага задання, Воля. Я не магу прыдумаць: як, дзе, калі… Не сплю другую ноч…

I пад цёплым кажухом яго пачало ліхаманіць, і хваляванне перадалося Вользе. Яна падумала, што здрадзіў нехта з падпольнай групы; ад гэтага зрабілася страшна: а раптам ён назаве імя чалавека, якога і яна ведае, з якім сустракалася, давяраючы яму не толькі адно сваё жыццё. А можа здарыцца яшчэ горшае: яны памыліліся і прысудзілі да смерці невінаватага.

— Хто гэта? — шэптам спытала яна.

— Друцька.

— Дру-уцька? — Вольга адчула пэўную палёгку: не хто-небудзь са сваіх — бобік, але і моцна здзівілася: самы рахманы з паліцаяў і самы ціхі, здавалася, саромеецца сваёй пасады, да яе яўна заляцаецца, але ніколі не нахабнічаў, як іншыя, ласкай і пакорай хоча прывабіць; таму яна не стрымала свайго здзіўлення, сказала: — Такі добры…

— Добры? — Алесь скінуў з плячэй кажух, падняўся, нібы вельмі абураны яе словамі. — Ты не знаеш, што гэта за гад. Ціхі, але хітры, як ліс. Нюхае — што сабака. Прадаваў камуністаў, расстрэльваў яўрэяў з гета… У прыгаворы запісаны ўсе яго чорныя справы.

Вольга прыгадала, як тыдзень назад Друцька быў у яе доме і яна частавала яго, а ён усё дапытваўся, куды знік яе пляменнік. Яна сказала, што паехаў да сябе ў вёску, на Капыльшчыну. А паліцай, калі падвыпіў, яшчэ разы два спытаў: «Дык куды, ты кажаш, ён паехаў? У якую вёску?» А яшчэ сказаў так, нібыта між іншым: «Не капыльская ў яго гаворка. Я пры Саветах усю Міншчыну аб’ездзіў». Тады Вольга не звярнула на гэтыя словы ўвагі, занятая іншым: Друцька прапаноўваў з’ездзіць з ім на яго радзіму, у Чэрвеньскі раён. «На кані паедзем, у вазку, як паны. Са мной не прападзеш. Будзеш выменьваць транты пад надзейнай аховай. Ніхто не прычэпіцца. I выменяеш больш чым дзе, ручаюся. Сястра мая паможа. Людзі ў нас нескупыя».

Прываблівая прапанова. I Вольга думала, шго варта параіцца з Захарам Пятровічам, як выкарыстаць паездку з паліцаем: ехаць жа трэба ў нашу партызанскую зону — так называў той раён стары падпольшчык. Ведала, на што спадзяецца паліцэйскі кот, але не баялася, верыла, што гвалтам браць не будзе, не дайшоў яшчэ чалавек да такога бандытызму, бо каб дайшоў, то даўно паспрабаваў бы гэта зрабіць тут, у яе доме, суседзяў не пабаяўся б, ды і не даклічашся суседзяў, хто цяпер кінецца на крык. А Друцька паводзіў сябе так, што Вольга нават удзячная была яму: ён як бы ахоўваў яе ад іншых паліцаяў і немцаў, іншыя наконт іх, яе і Друцькі, адпускалі салёныя жарты, а яна з хітрай сарамлівасцю падтрымлівала гэтыя жарты, ва ўсякім разе, не аспрэчвала, няхай думаюць, што яна жыве з Друцькам, не будуць чапляцца.

Цяпер, успомніўшы, як Друцька дапытваўся пра Алеся, Вольга адчула, што ёй зрабілася холадна і пад кажухом. Прыгадалася другое: іншыя паліцаі яўна баяліся ціхага Друцьку. Усе ўспаміны, як бы падагульненыя, пацвярджалі, што падпольны камітэт не памыліўся. Не, не бязвіннаму вынеслі прысуд.

Але яна разумела Сашу. Яму, летуценніку, паэту, мяккаму, добраму, належыць зрабіць такое!.. Сапраўды, адна справа — немцы, прышэльцы, акупанты, карнікі, тут вайна — хто каго! Але забіць свайго, ды яшчэ знаёмага…

Яна ўжо ведала, што гэта за людзі, падпольшчыкі. Яны, напэўна, захочуць, каб усё было па закону, недарэмна і прыгавор напісалі, напэўна, перад карай трэба будзе прачытаць яго асуджанаму. Дзе? Як? Калі?

— Ну, прастудзішся ж, — папракнула Алеся такім голасам, быццам толькі гэта і турбавала яе. — Залезь пад кажух.

Ён не паслухаўся, толькі спыніўся перад ёй, і Вользе здалося, што і ў змроку яна ўбачыла, які бледны яго твар — што кашуля.

— Не шкадуй яго, Вольга. Гэта вораг. Страшны. Небяспечны. Для ўсіх нас.

— Я не шкадую. Я памагу табе.

— Не! — рашуча запярэчыў Алесь. — Андрэй супроць таго, каб цябе ўцягвалі ў іншыя справы, акрамя сувязі.

XI

У знаёмага паліцая Вольга спытала на рынку, дзе жыве Друцька. Той гадзіны праз дзве прынёс ёй адрас дадому, каб атрымаць за гэта добрую чарку. Ледзь не сілком выпіхнуўшы п’янаватага паліцая, Вольга пайшла да Друцькі.

Ён жыў на Пралетарскай у трохпавярховым доме. Мела на ўвазе, калі паліцая не будзе дома, пакінуць яму пісьмо — запрасіць да сябе, не сумнявалася, што прыйдзе. Але Друцька сам адчыніў ёй, хоць Вольга не адразу пазнала яго, не адразу нават разабралася, хто перад ёй — мужчына ці баба. У доўгім квяцістым халаце, у чорнай шапачцы, у паласатых піжамных штанах, чалавек гэты быццам бы сышоў у цемнаваты калідор з экрана нямецкай кінакарціны, якую яна нядаўна глядзела: так параіў Захар Пятровіч: каб у кіно яна таксама хадзіла і яму расказвала, што там бачыла.

Пазнала Друцьку — не стрымалася, каб не зарагатаць:

— А-а, Хведарка, каб табе добра было! На каго ты падобны?

Паліцай крыху збянтэжыўся, засаромеўся і нейкі момант як бы раздумваў, ці трэба такую госцю запрашаць у пакой. Але тут жа морда яго расплылася ад спакуслівай ухмылкі, і ён гасцінна пакланіўся, як у кіно, рукамі развёў:

— Прашу, прашу, дарагая госця.

З калідора ўвайшлі ў светлы, з двума вокнамі, пакой, і Вольга спынілася, уражаная. Пакой быў загрувашчаны рэчамі. За ўсё сваё жыццё маці яе і сама Вольга, працуючы, што валы, на гародзе, цягаючы вырашчаны ўраджай на рынак і бясконца купляючы рэчы, адзенне, не накапілі і палавіны таго, што было ў паліцыянтавай кватэры. Два сталы, дзве канапы, мяккія і жорсткія крэслы, камод з чырвонага дрэва, шафа люстраная, лепшая за тую, што стаіць у яе і якой ганарылася старая Ляновічыха. Але больш за ўсё кідаліся ў вочы дываны на сценах, два вялікія персідскія, як называлі, квяцістыя дываны, яна, Вольга, на такія даўно зайздросціла, калі ў каго бачыла, даўно марыла набыць хоць адзін такі.

Тут не пазайздросціла, бо адразу падумала, што ўсё гзта не зароблена сумленнем, а нарабавана, можа, у забітых ім людзей, успомніла, што гаварыў Алесь пра Друцьку, завошта яму вынеслі прысуд. А яшчэ падумала па-свойму, па-камароўску: «Во, хапуга, усё на дармаўшчыну стараецца выпіць і закусіць, а сам гэтулькі дабра нацягаў, такім ужо цялём прыкідваўся».

Яму сказала:

— Ну, Хведар, жывеш ты, як князь!

Ён задаволена засмяяўся:

— А чым мы горшыя за князёў? Буду і я князем. Хочаш, і цябе княгіняй зраблю?

— Куды мне, камароўскай бабе! Мне толькі цыбулю прадаваць.

— Ды цябе, калі ўбраць, то прыгажэйшая за любую княгіню будзеш. Бачыў я тых княгінь!

«Дзе ты іх бачыў?» — хацела спытаць, але падумала, што лепш не выказваць сумненняў, яшчэ маці некалі вучыла: дурню лепш падтакваць.

Друцька, не вельмі схаваўшыся за шафай, пераадзяваўся.

Каб не бачыць, як ён пераадзяваецца, Вольга адвярнулася і зрабіла выгляд, што разглядае дыван і адмысловую, з наразным прыкладам, паляўнічую стрэльбу, павешаную на ласіныя рогі. Але па-сапраўднаму яе зацікавіла карціна над дываном: маладая, вельмі прыгожая жанчына чытала дзецям кнігу, дзяцей была чарада, чалавек сем, рознага ўзросту, падобных адно на адно, па-святочнаму апранутых: дзяўчаткі ў доўгіх плаццях, са стужкамі ў валасах, а хлопчыкі ў кароткіх штоніках, у белых сарочках, у розных па колеру куртачках.

— Чаму гэта ў цябе Гітлера няма?

— Як няма? А вунь на стале стаіць вызваліцель наш.

— Ты паглядзі, а я і не ўбачыла, — і пахваліла партрэт: — Прыгожы. Вусікі мне яго падабаюцца. I грыўка.

— Вольга! — строга сказаў гаспадар, адным тонам даўшы зразумець, што не тую размову яна пачала.

Друцька выйшаў з-за шафы, ён нацягнуў чорныя штаны, паліцэйскія, абуў боты, скінуў недарэчную шапачку, але застаўся ў халаце, толькі расшпіліў яго, выставіўшы бруднаватую карычневую сарочку.

— Чым жа мне пачаставаць такую дарагую госцю? — з гаспадарскай заклапочанасцю спытаў у самога сябе Друцька, пачухаўшы патыліцу.

Каля стала Вользе ўдарыў у нос нячысты пах мужчынскага жытла; на падлозе ў куце стаялі брудныя каструлі і талеркі. Ад таго, што яе могуць частаваць нечым з такіх вось талерак, Вольга адчула гідлівасць, хоць гідлівай не была: чысціла любы хлеў, магла перавязаць любую гнойную рану.

— Пасля пачастуемся, — сказала яна. — Няма мне сёння калі. Сабаку ногі кормяць, так і мяне. Я да цябе, Хведар, па справе.

Друцька перастаў прыбіраць са стала, паглядзеў на яе, зацікаўлены.

— Ты запрашаў паехаць з табой у сяло, на радзіму тваю. Дык я згодна. Падумала і вырашыла: хто-хто, а Хведар не пакрыўдзіць, чалавек рахманы. А я шмоцця накупляла, трэба памяняць, а то няма ўжо чаго есці.

— Так я і паверыў, што ў цябе няма чаго есці. Можа, корміш каго?

— А як жа! Дывізію салдат кармлю.

Друцька засмяяўся і, узбадзёраны, пацягнуўся, узняўшы рукі, і асцярожна, нячутна, што кот да мышы, ступіў да яе.

— Калі паедзем?

— Каб заўтра.

Ён спыніўся, незадаволена зморшчыўся, задумаўся, усумніўся:

— Не адпусціцьначальнік.

— Цябе? — здзівілася Вольга, што начальнік можа не адпусціць такога чалавека, як ён, Друцька.

Гэтае яе здзіўленне як бы прасвятліла нешта ў Друцькавай памяці. Ён выскаліўся, ляпнуў далоняй пастале.

— Ёсць у мяне козыр! Адпусціць.

— Я ж ведала, што ў цябе адны казыры, — пасміхнулася Вольга і дакранулася рукой да яго пляча, ласкава паглядзела ў вочы. — Толькі ў мяне, Хведзя, яшчэ адна просьба. Заедзем па дарозе да майго дзядзькі пад Рудзенскам.

— Нішто сабе па дарозе! Такі крук!

— Хведзечка, перадалі, што цётка захварэла, лякарствы просіць. Што значыць на добрым кані нейкія лішнія дваццаць вёрст!

— Ну ладна. З табой — куды хочаш паедзем, ты любога ўгаворыш. Награда будзе?

— Будзе, — гулліва засмяялася.

Друцька паспрабаваў абняць яе. Але яна спрытна ўхілілася і гарэзліва паківала пальцам.

— Э-э, спярша трэба зарабіць, — адступаючы да дзвярэй, сказала: — Дык я чакаю цябе заўтра, Хведар. Калі прыедзеш?

— Як развіднее. Каб раней, бо няблізкая дарога.

Праводзячы яе ў калідоры, пахваліўся, паказаўшы на двое іншых дзвярэй:

— Бальшавіцкі начальнік быў з гаркома. А цяпер — мы. У тых пакоях — па двое, а я — адзін.

Ад Друцькі яна пайшла да Захара Пятровіча. Стары інвалід не вельмі спадабаўся ёй у той дзень. Заўсёды паводзіў сябе так, быццам нічога ў свеце не здарылася і найвялікшая падзея ў яго адзінокім сумным жыцці — яе, Вользін, прыход, радасць яго заўсёды была натуральная і шчырая. А тут яўна не ўзрадаваўся яе з’яўленню і быў нечым заклапочаны, хоць і стараўся схаваць свой настрой за звыклыя жарты. Але Вольга адчула, што нешта здарылася. Завагалася: ці варта пачынаць размову? Значную частку справы яна зрабіла сама, можа зрабіць і ўсё іншае. Не, не можа. Ёй вельмі патрэбны гэты дазвол, без яго яна не мае права везці туды паліцая.

Звычайна яна распраналася і адразу рабілася гаспадыняй у доме, і гэта асабліва цешыла старога. На гэты раз яна села каля стала, што госця, не распрануўшыся. I гаспадар сеў напроціў; так сядзяць, калі думаюць, як бы, застаючыся ветлівым, гасцінным, хутчэй выправіць няпрошанага госця. Захар Пятровіч быў у ватоўцы і аблезлай шапцы. Нічога дзіўнага, ён амаль заўсёды так апрануты, калі не шые ботаў. Але Вольга адчула, што ў доме холадна, раніцой не палілася печ, гэта асабліва занепакоіла: значыцца, сапраўды нешта здарылася незвычайнае. Але разважыла, што ў такім разе тым больш трэба сказаць, з чым прыйшла. Бо што стары можа падумаць, калі яна павядзе сябе загадкава: прыйшла, пасядзела і пайшла.

— Адзін паліцай запрашае мяне паехаць з ім на вымянялаўку. Ён едзе да сваякоў, туды некуды… у нашу зону. Дык я падумала: ці не трэба што перадаць Мар’яну? Паліцаю скажу, што гэта дзядзька мой. Я ж і тады хадзіла як пляменніца.

Захар Пятровіч наваліўся грудзьмі на стол і пільна зазірнуў ёй у вочы, так пільна і пранікліва, што Вользе стала ніякавата. і яна ледзь вытрымала яго позірк, ёй здалося: стары зразумеў, што кажа яна не поўную праўду, паўпраўды.

— Як прозвішча паліцыянта?

Няўжо падумаў пра Друцьку? Ведае ж, безумоўна, шго той асуджаны. Ды і дзіўна было б, каб не ведаў. Яна неаднойчы думала, што не Андрэй, а ён, бязногі, галоўны камандзір у падполлі, ва ўсякім разе, нітак да яго цягнецца нямала. Прыходзіцца зманіць. У жыцці яна рабіла гэта нярэдка і проста. А тут адчула, ж нялёгка зманіць гэтаму чалавеку, тым больш што пасля прыйдзецца расказаць праўду.

— Ціханькоў, — прыгадала прозвішча паліцэйскага, якое пачула на рынку.

Захар Пятровіч уздыхнуў.

— Перадаць ёсць што. Чалавека. Але чалавека з паліцэйскім не павязеш.

— Не павязеш, — згадзілася Вольга і паспяшалася выказаць сваю задуму: — Я пра што падумала, дзядзька Захар? Каб гэтыя, — яна кінула ў бок недабудаванай палавіны дома, дзе стаяла каза, — «лімоны» завезці.

— Гранаты? — прашаптаў стары, і вочы ў яго расшырыліся і заблішчалі, што ў хлапчука.

— А што? Мяшок ён мой трэсці не стане, у яго, ведаеце, якія дакументы… Калі яшчэ надарыцца такі выпадак!

— Ах, каб табе добра было! — Захар Пятровіч тоненька засмяяўся і ажно закоўзаў дзеравяшкай па падлозе пад сталом і як бы ўміг пераўтварыўся, зрабіўся такім, як заўсёды: вясёлым, жвавым, па-бацькоўску добрым, даверлівым. Спадабалася яму прыдумка сувязной.

I Вольга адразу ажыла, бо здалося ёй, што сказала свайму кіраўніку самую галоўную праўду, перад якой яе невялічкая мана — дробязь, маладое свавольства перад сталым чалавекам.

— Колькі ты возьмеш?

— Многа, вядома, не возьмеш. Так, каб загарнуць у кофтачкі, у хусткі. У соль пакладу… Дзесятка паўтара хіба… То, можа ж, і гэта хлеб? — спытала яго словамі не вельмі ўпэўнена.

— Канечне ж, хлеб, Волечка, канечне, хлеб. Яны ж перадавалі, што з гранатамі ў іх туга, а ў мяне яны ржавеюць. Во атрымае Віцёк падарачак ад бацькі! — пацёр далоні і радасна засмяяўся, але тут жа асекся, зрабіўся сур’ёзны і зноў насцярожаны. — Чакай. А як жа тут, у горадзе? Падумала? Як іх забраць? Мой дом бобіку лепш не паказваць. Знойдуць самі, але няхай гэта будзе пазней…

— Я іх цяпер забяру.

— Як?

— Насыплю ў кош, а зверху бульбы.

— А каб табе добра было! Насыплю! Так проста! Рызыкоўная ты жанчына, Вольга. А калі спыняць?

— Удзень яны рэдка правяраюць. У мяне дык толькі аднойчы мяшок прымусілі вытрасці.

— Ну, вось бачыш. Не, так нельга. Рызыкаваць табой не маю права. I так трацім многа людзей, — ён зноў уздыхнуў. — Гранаты табе прынясуць.

— Хто?

— Хто-небудзь прынясе.

— Не ўсё адно каму рызыкаваць.

— Не трэба гарачыцца, Волечка. Не трэба гарачыцца. Дай добранька падумаць. Гэта табе не абы-што, са смерцю ў хованкі гуляем.

У Вольгі ёкнула сэрца: перадумаў стары, але не адмаўляе проста, знайшоў прычыну — ніхто гэтых гранат не прынясе; пасля скажа, што «добранька падумаў і — перадумаў».

Але ёй адступаць ужо няма як, трэба ехаць і трэба будзе без яго, Захаркавага, дазволу заехаць да Сіўца… Упарта падумала, што так, можа, нават лепш, менш рызыкі. Няхай пасля караюць яе за самавольства.

Не, не перадумаў Захар Пятровіч. Прайшоўся па прасторнай кухні, стукаючы дзеравяшкай, на печ чамусьці зазірнуў, у вокны паглядзеў, у адно, у другое.

— Запалы возьмеш цяпер, схаваеш далей, куды-небудзь, прабач, у рэйтузы. А гранаты прынясуць.

Выйшаў за дзверы ў недабудаваную палавіну. Вярнуўся з невялікім скруткам, разгарнуў прасмаленую анучу, і Вольга ўбачыла прыгожыя латунныя трубачкі, бліскучыя, новенькія, проста не верылася, што ў такіх цацках — смерць, з імі дзецям бы гуляць.

Захар Пятровіч адлічыў дзесятак, спытаў:

— Хопіць?

— Давайце паўтара.

Уздыхнуў, быццам яму шкада зрабілася гэтых трубачак.

— Усё табе мала. Цяжкі мяшок будзе.

— Не знаю, што тут мала, а што многа. Проста люблю патаргавацца, — Вольга засмяялася.

— Сама ты хоць умееш з імі абыходзіцца? Уставіць запал? Кінуць гранаты?

— Не-эк. Хіба я гранатамі калі гандлявала?

— А каб табе добра было! Во баец! Трэба табе ўмець. Усё можа спатрэбіцца. Я дык усё ўмею. Пашыць боты, змайстраваць раму, пачыніць гадзіннік, разабраць і сабраць нямецкі аўтамат… Хлопцы неяк прынеслі, каб я навучыў карыстацца… вывучыў тэхніку нямецкую. Праўда, за боты ды за рамы, дзіўлюся, як мяне дагэтуль не пабілі заказчыкі. Робяць скідку на маю нагу, — стукнуў пратэзам.

Гаворачы, Захар Пятровіч, не спяшаючыся, зноў паглядзеўшы на вокны, дастаў з-пад ватоўкі, з-за пазухі, «лімонку».

— Во. Глядзі. Во так устаўляем запал. Во так, пад прадахраніцель. А гэта — чака. Карацей кажучы, загваздка. Во так вырвала яе і тады ўжо хутчэй кідай. А сама — носам у зямлю, каб асколкі не дасталі, яны веерам разлятаюцца. Сцяміла? На, павучыся. Толькі чаку не чапай, а то загінем ля ўласнай печы.

Да навукі Вольга была спрытная. Адразу зрабіла ўсё, як паказваў стары, без адзінай памылачкі. Захар Пятровіч пахваліў:

— Табе ружэйным майстрам трэба быць.

Ад гэтай жартаўлівай пахвалы чамусьці балюча сціснулася сэрца: як многа яна магла б пазнаць у жыцці, дарога ж была адкрытая, як многім іншым, а яна прамяняла навуку на гарод і рынак, на тачку з салатай ды цыбуляй.

Пра гэта думала, ідучы ад Захара Пятровіча, несучы пад грудзьмі запалы. Зноў думала, як некалі будзе вучыцца. Ажно расхвалявалася, быццам бегла на прыёмны экзамен у інстытут. Ды не доўга прыйшлося памарыць: насустрач прайшлі бела-шэрыя, плямістыя нямецкія грузавікі, і салдаты на адным з іх з рогатам і галёканнем пачалі паказваць на яе пальцамі. У Вольгі памлелі ногі. А раптам грузавік спыніцца і яны абкружаць яе, пачнуць зрываць вопратку, адзенне?

Страх перад немцамі ўзнік зноў, калі збірала малую Светку, каб завесці да брата. Думала, што гэта самае простае, баялася хіба аднаго — свайго развітання з дзіцем. Але за ўвесь час акупацыі — і ўлетку, і ўвосень, і цяпер, зімой, — яна не выводзіла малую далей дома цёткі Марылі, праз тры двары ў іх завулку. Калі не лічыць тых двух ці трох немцаў, што заходзілі да яе з паліцаямі, акупанты не бачылі яе дзіцяці, яно жыло ў сваёй дзяржаве, па сваіх законах. А цяпер ёй трэба пасадзіць яе, захутаную, на саначкі і везці ажно на Старажоўку. Праўда, не па цэнтральных вуліцах, дзе большасць прахожых — немцы, але, можа, гэта яшчэ горш, што вуліцы глухія, ускраінныя, там калі гад які прычэпіцца, дык і абараніць няма каму. Бадай, ніколі за ўсю вайну яна не адчувала так сваю безабароннасць, як цяпер. Не разумела і дзівілася, чаму ёй прыйшло ў галаву завезці дзіця. Колькі разоў хадзіла ў вёскі, аднойчы дзён пяць блукала і ні разу не адводзіла малую да брата, пакідала з Марыляй. Чаму цяпер захацелася абавязкова завезці? Само такое рашэнне палохала, але пераадолець сваё жаданне не магла. Павезла. Трэба было спяшацца, каб пад вечар быць дома — прынясуць гранаты.

Усё прайшло добра. Нават развіталася са Светай лёгка, без душэўнага надрыву. Дзяўчынка хутка пасябравала з пяцігадовай стрыечнай сястрой, і гэта Вольгу парадавала. З Галяй, братавай, яна, тады яшчэ школьніца, дзяўчынка, дружыла, асабліва першы год пасля таго, як Казімір жаніўся. Але пасля маці неўзлюбіла нявестку, заеліся, перасварыліся, яна, падростак, безумоўна, падтрымала маці, хоць ніколі не адчувала да Галі асаблівай непрыязнасці, на брата большую крыўду мела.

Братавая неахвотна прыняла чужое, як яна сказала, дзіця, і гэта Вольгу нядобра кранула. Галя яўна хацела пасварыцца — адпомсціць за даўнія крыўды. Але здарылася дзіўнае: тое, як яна сварылася, ніколечкі не кранула Вольгу, не ўзлавала, наадварот, неяк узбадзёрыла, развесяліла і нават вярнула ранейшую прыязнасць да нявесткі.

Галя сказала:

— Усё лётаеш, усё гандлюеш? Усё з цябе мала? Людзі паміраюць, а ты багацееш. Ох, ненажэрная ў вас вантроба, праклятыя Ляновічы! Скруціце вы галовы. Пакінеце дзяцей сіратамі.

Біла не столькі па ёй, па Вользе, колькі па яе мінулым і па сваім мужу, які пайшоў на службу да гітлераўцаў. I гэта Вользе падабалася. Яна засмяялася і пацалавала здзіўленую Галю. Дадому вярнулася ў добрым гуморы. I рэшту дня думала і хвалявалася хіба пра адно: калі ж прынясуць гранаты?

Іх прынёс упрыцемку ўжо юнак у паліцэйскай форме, якога Вольга не паспела разгледзець.

Сказаў пароль, перадаў з рук у рукі ў цёмнай кухні цяжкую бляшанку і адразу нырнуў у дзверы, быццам баяўся, каб яго не пазналі ці не запомнілі ў твар.

Вольга адкрыла вечка высокага чатырохграннага вядра і адвярнула нос: поўна ванючай мазуты.

Хоць гранаты былі загорнуты ў парусіну, але мазута ўсё адно прасачылася, і Вольга вельмі акуратна і асцярожна, як вялікую каштоўнасць, працерла іх чыстымі анучамі, загарнула кожную паасобку ў купленыя і свае хусткі, сарочкі, кофтачкі, дзе ўсунула ў чаравікі, штук колькі ў торбу з соллю, не пашкадавала і тых рэчаў, якія ніколі не думала выменьваць, упакавала ўсё ў мяшок так, каб ніхто, ні Друцька, ні немцы на пастах, не мог намацаць цвёрдыя прадметы. Увесь мяшок мяккі.

Адну гранату пакінула. Папрактыкавалася ўстаўляць запал, разы два замахнулася — вучылася кідаць. Пасля сама пасміхнулася са сваёй забаўкі: як хлапчук, гуляе са зброяй, як Косця Бароўскі. Успомніла Косцю — вельмі захацеяася пабачыцца з Ленай. Але не пайшла, упікнула сябе: чаму гэта ёй як бы развітацца захацелася?

Гранату, зараджаную, з запалам, паклала ў ложак, пад падушку. Праўда, легчы так пабаялася, пералажыла гранату ў шуфляду туалетнага століка, пад шматкі тканін, далей ад сябе.

Прачнулася, чыркнула запалку, паглядзела на гадзіннік і здзівілася: раніца! Даўно ўжо яна не спала так спакойна і моцна, гадзін сем праспала не прачынаючыся. Прапаліла пліту, не шкадуючы, насмажыла сала, каб хапіла паснедаць і ўзяць на дарогу на дваіх.

XII

Друцька прыехаў дакладна — як толькі развіднела. Увайшоў у дом п’яным гаспадаром, з грукатам адчыніў дзверы, ніколі такім смелым, шумным і вясёлым не з’яўляўся. З парога спытаў:

— Гатова?

— Гатова. Снедаў?

— Снедаў, — але ўбачыў на пліце скавародку з салам, пацягнуў носам апетытны пах — паправіўся: — Ды якое там снеданне. Халасцяцкае. Хлеб і кансерва. Эрзац.

— То сядай, паснедай добра. Няблізкая дарога.

— Як бы там з саней чаго не сцягнулі. — Я прыгледжу.

Вольга хуценька падала на стол гуркі, капусту, хлеб, паставіла скавародку з салам. Выпіць не дала: п’яны Друцька можа залішне асмялець і стане нахабнічаць, а ёй зусім нельга сварыцца з ім. Ён выразна паглядзеў на гаспадыню, але яна зрабіла выгляд, што нічога не разумее, схапіла кажух і хутка выскачыла на вуліцу — вартаваць яго дабро на санях.

Конь стаяў, прывязаны лейцамі за шула варот.

Яна палюбавалася на каня. Гладкі гняды асілак, але не з тых нямецкіх цяжкавозаў, што вязуць, можа, па дзве тоны, але якіх, пэўна, не прымусіш пабегчы трушком. Гэты і павезці нямала можа, і пабяжыць хутка. Відаць, малады; у конях Вольга не вельмі разбіралася, аднак ведала, што толькі малады стаеннік можа так прыгожа выгнуць шыю і так стрыгчы вушамі. На яе, чарцяка, пазірае нядобра. Яна правяла далоняй па яго баку, конь уздрыгнуў і, здаецца, задаволена фыркнуў.

«Ты паслужыш партызанам», — падумала Вольга. Конь ударыў капытом па абледзянелым дашчаным тратуары так, што, мабыць, раструшчыў дошкі, ільдзінкі паляцелі на Вольгу.

— Супакойся, дурань, — сказала яна — Будзеш служыць, каму скажуць.

На кані была адмысловая збруя, раменная, упрыгожаная бляшкамі і званочкамі, якія, аднак, не звінелі.

«У пашане ў свайго начальства Друцька», — падумала Вольга, жадаючы настроіць сябе пэўным чынам; яе бянтэжыла і нават палохала, што не мае яна ўсё яшчэ да паліцая тае нянавісці, каб хацелася забіць яго, хоць і паверыла ўсяму, што расказаў пра гэтага прадажніка Алесь.

Збруя, безумоўна, была нямецкая, а сані нашы, беларускія, бярозавыя, не новыя, але моцныя, толькі задок — драбінка новая і пафарбаваная ў недарэчны колер — у чорны; ніводзін наш чалавек, падумала Вольга, не фарбаваў бы рэч такога ўжытку ў чорнае, толькі немцы могуць. Але тут жа ўсплыў успамін далёкага маленства: у санях, на якіх адвозілі нябожчыкаў на могілкі, таксама нешта было пафарбаванае чорным — не то аглоблі, не то палазы, добра яна не помніла. Ад такога ўспаміну зрабілася неяк няўтульна; апошнім часам яна перастала верыць у многія забабоны, але ўсё адно яе набожнае, камароўскае, дзе верылі ў любыя прыкметы, выхаванне адчувалася.

Рэчы на санях былі накрытыя вялікім кажухом. Вольга ўзняла яго і ўбачыла швейную машыну, разабраны веласіпед, зацярушаны снегам, і ажно тры паўмяшкі, мяккія, з адзеннем, безумоўна.

— Нацягаў, паразіт, — сказала ўголас усё з той жа мэтай — настроіць сябе.

Конь, напэўна, адчуў свайго чалавека, які нічога не возьме з воза, і фыркнуў рахмана, спакойна.

Вольга паляпала яго па загрыўку: з канём трэба падружыць, ён павінен стаць яе памочнікам.

Адчула холад. Здзівілася: гэтак апранутая! Апранулася сапраўды не для паходу з торбамі за плячамі — для паездкі ў санях. Нацягнула старыя лыжныя штаны, якія некаторы час, пасля таго як нарадзіла, былі цесныя, а цяпер зноў нічога — выбегалася, пахудзела, надзела шарсцяную кофтачку, наверх Адасёў летнік, падперазала яго папружкай, а потым ускінула яшчэ матчын кажух стары, зашмальцаваны зверху, але з густой воўнай, цёплы. Холадна, пэўна, ад таго, што толькі ад пліты, разгарачылася. Ды і надвор’е золкае: учора была адліга, капала са стрэх, уначы зашэрхла, мароз слабы, але горад ахутаны туманам, ад якога ажно цяжка дыхаць.

Не падумала, што і холадна, і дыхаецца цяжка — ад хвалявання.

Вярнулася ў дом. Друцька вымакваў хлебам тук на скавародцы. Морда яго блішчала ад тлушчу. А настрой зрабіўся яшчэ больш узнёслы.

— Во гэта заправіўся!

— Шапку хаця б зняў, бязбожнік.

— Мне Бог усё даруе.

Вольга вынесла з залы свой мяшок, старалася несці лёгка. Друцька падхапіўся, каб памагчы. Падняў мяшок — здзівіўся:

— Ух, які цяжкі! Што ты натаптала ў яго?

— Бомбу паклала, — сказала Вольга без усмешкі. — Як думаеш, на бомбу знойдуцца ахвотнікі? Што за яе прасіць? Бульбу, яйкі?..

Паліцай зарагатаў.

— Знойдуцца. Там цяпер усё купяць. Пазаўчора двое танк укралі з завода. Немцы самалёты паднялі, разбамбілі недзе ў лесе за Бараўлянамі гэты танк. Што сабе людзі думаюць? Куды яны гналі гэты танк? У галаве не ўкладваецца. Шалёныя нейкія.

Вольга выйшла следам за ім, прасачыла, як ён прымасціў у санях мяшок. Пасля хутка пайшла ў дом, у сваю спальню, дастала з шуфляды гранату, пакратала чаку — ці моцна трымаецца? — і засунула гранату за пазуху, злева.

Сеўшы ў сані на мяшок з сенам з левага боку, каб на ўхабе не прыціснуцца да Друцькі гранатай, павярнулася да дома і тройчы перахрысцілася.

Друцька, адвязваючы лейцы, убачыў гэтыя яе набожныя рухі і не пасміхнуўся з іх, сам выруліўшы каня на дарогу, з сур’ёзным выразам на твары размашыста і павольна налажыў на сябе крыж.

Прайшоўся крокаў з паўсотні побач з санямі, потым сцёбнуў каня лейцамі і, калі той, фыркнуўшы, пабег, ускочыў у сані, піхнуўшы Вольгу так, што яна хіснулася і прыціснулася гранатай да перакладзіны драбінак, ажно забалела ў баку, спалохалася моцна: ад такіх штуршкоў і ўзарвацца можна!

— Чуць з саней не выбіў, мядзведзь!

— Нічога, не шкляная, не разаб’ешся.

Вользе не спадабалася, што, не паспеўшы яшчэ ад’ехаць, ён загаварыў з ёй, як з абрыдлай жонкай, і, можа, упершыню ў ёй варухнулася тая нянавісць да паліцая, якой не хапала, што і трывожыла яе.

На камароўскіх вуліцах было яшчэ пуста, зрэдку трапляўся пешаход, які спяшаўся на працу на завод ці ва ўстанову нямецкую. Але на Савецкай было ўжо даволі людна, ішло і ехала нямала немцаў, яны ішлі па-гаспадарску, не спяшаючыся, але з надзвычайнай нямецкай пунктуальнасцю: па кожным з тых, хто ішоў на службу, хоць гадзіннікі правярай на любым скрыжаванні. Зрэдку праходзілі легкавыя аўтамашыны, у іх ехалі вышэйшыя акупацыйныя чыны. З-за машын гэтых, пэўна, Друцька трымаўся ля самага тратуара. Праехаць па цэнтральнай вуліцы, каб потым перасекчы яе, трэба было ўсяго нейкія трыста метраў, не больш.

Ехалі павольна, з маўклівай насцярожанасцю, быццам размаўляць тут лічылася непрыстойным. Мабыць, Друцька, ведаючы нораў сваіх гаспадароў, баяўся іх. I недарэмна. Раптам немец у афіцэрскім шынялі, з партфелем, уладна падняў руку. Друцька нацягнуў лейцы і адразу палез рукой пад шынель па дакументы.

— Я маю дакумент, гер афіцэр. Я — іст паліцыянт. Паліцыст. Іх іст аўсвайс.

«I гэта канец? — падумала Вольга, здалося ёй, без асаблівага страху, але з горкай злосцю на сябе. — Не праехалі і вярсты — і канец усяму твайму плану?»

Аб тым, каб выкарыстаць сваю зброю тут, на вуліцы, не з’явілася і думкі. Уліпла па-дурному — так табе і трэба, маўляў. Хіба мільганула маленькае, як далёкі агеньчык, суцяшэнне: Друцьку таксама не адкруціцца ад кары за яе гранаты, хто паверыць, што гэта не яго гранаты…

Немца не цікавілі Друцькавы дакументы. Нават не паглядзеў іх. Ён падняў Друцькаў чорны кажух, якім той накрыў мяшкі. Вользе здалося, што немец ведае, што ў яе мяшку.

«Няўжо здрада?» — ужо з жудасцю падумала Вольга, успомніла юнака ў паліцэйскай форме, які прынёс гранаты: гэта было самае страшнае — што здрадзіў той, каму даверыўся Захар Пятровіч.

Не, мяшкі немец не чапаў, і Вольга сцяміла, што страх яе дарэмны: дзіўна было б, каб, ведаючы, што ў мяшку, ён адзін, не дастаўшы рэвальвера нават, праводзіў такую аперацыю.

Афіцэр акуратна склаў кажух, ускінуў на тую руку, якой трымаў партфель, і, паківаўшы пальцам Друцьку, сказаў цэлую прамову. Па тону і жэстах Вольга амаль усё зразумела: немец не лаяў, спакойна і паблажліва сароміў служку новага парадку, што ў той час, калі вялікая армія замярзае ў рускіх снягах і яны, немцы, абвясцілі збор цёплых рэчаў, ён, паліцай, такім цёплым ледэрмантэль (слова гэтае паўтараў колькі разоў) накрывае мяшкі. Як можна! Гэта ж здзек са сваіх дабрадзеяў. Так, ва ўсякім разе, Вольга пераклала апошнюю фразу, і ёй зрабілася амаль смешна ад таго, што не яна ўліпла — Друцька ўліп, атрымаў ад гаспадара вымову.

Яна сказала:

— Данке, пан афіцэр, данке.

— О, фрау фэрштанд? Гут, гут. Фрау — клюгер копф, — хваліў ён і ўважліва прыглядаўся да яе кажуха. Вольга зноў сцялася: здзярэ кажух. Кажуха ёй не шкада, але вылезе, што скула, граната пад пінжаком. Не, яе аблезлы, зашмальцаваны кажух спагадліваму пану даспадобы не прыйшоўся, ён зноў пахваліў яе і вымавіў Друцьку, што той маласвядомы паліцэйскі, што яго трэба выхоўваць. I пайшоў з партфелем і кажухом.

Друцька дрыжачымі рукамі схаваў свае пасведчанні, аўсвайсы, крута і злосна павярнуў каня і ўехаў у першы завулак ля каталіцкіх могілак, каб і сотню метраў, што заставаліся да Даўгабродскай, не ехаць па небяспечнай Гітлерштрасэ.

Паліцай панура маўчаў, толькі соп цяжка, быццам яму залажыла нос. Лаяць немца не адважыўся, нават адзін на адзін з Вольгай у бязлюдным завулку за могілкамі, хоць у душы яго, безумоўна, кіпела.

Вольга бачыла гзта і таксама маўчала. Ды і не да Друцькі ёй было, не да яго перажыванняў. Здарэнне гэтае ўпершыню прымусіла падумаць, што не тое яна робіць, не так, і вельмі можа здарыцца — не дасягне сваёй мэты, што не мела яна права прымаць такое рашэнне.

Друцька не вьпрымаў, упікнуў:

— Лёгка дзякаваць за чужы кажух.

— А ты чакаў, пакуль ён палезе ў мяшкі? — са злосцю спытала Вольга. — Нябось там у цябе даражэйшае за кажух?

— Кажух такі таксама не валяецца на дарозе.

— Для яго той кажух усё адно што на дарозе ляжаў.

— Ім таксама не дазваляюць так…

— Вернемся — паскардзішся.

— На каго? — хмыкнуў Друцька з яе наіўнасці.

— I каму?! — са злосцю шпільнула яна.

Такая яе злосць, мабыць, спалохала паліцая, ён скоса зірнуў на спадарожніцу і пачаў адступаць:

— А, чорт з ім, з кажухом. Не ў ім шчасце. Чаго не здараецца на вайне! А немцы — яны таксама розныя. Добрыя. I скупыя, прагныя… Як і ўсе мы. Ты ж пра свой мяшок перш-наперш падумала, таму спяшалася хутчэй адкупіцца маім кажухом.

Вольга слухала яго няўважліва, яна думала пра сваё.

Калі праязджалі недалёка ад Захара Пятровіча, ёй ажно забалела сэрца, што яна абманула такога чалавека, не сказала ўсяе праўды, ніколі, бадай, не перажывала так праз тое, што некага падманвала; маці, здаралася, ашуквала — і нічога, не перажывала. Але там былі дробязі. А тут жыццё пастаўлена на кон. А жыццё яе цяпер патрэбна не толькі ёй і маленькай Светцы. Усведамленне сваёй патрэбнасці людзям — ды якім людзям! — Радзіме (некалі туманнае для яе разуменне Радзімы цяпер пашырылася, прасвятлілася і разам з тым зрабілася вельмі канкрэтным, як самае блізкае, дарагое, увайшло ў розум, у сэрца ўсім тым сваім сэнсам, пра які неаднойчы гаварыў Саша), — гэтае ўсведамленне напаўняла жыццё нязвыклай, трапяткой і хвалюючай радасцю, таму яшчэ мацней хацелася жыць — па-новаму жыць.

Як малой дзяўчынцы, ёй захацелася неверагоднага: каб Захар Пятровіч, як добры чараўнік, сустрэў вунь за тым домам спыніў каня і ссадзіў яе з саней, забраў мяшок. Няхай бы пасля добранька вылаяў, папругай адсцёбаў — яна з удзячнасцю пацалавала б яго рукі.

Вольга баялася кантрольнага паста ў Красным Урочышчы, там вартавыя ўжо заглядвалі ў яе мяшок, калі яна вярталася з Рудзенска, прыйшлося адкупіцца пляшкай самагонкі і кавалкам сала. Дарэмна яна паспадзявалася на Друцьку, дарэмна пабаялася, каб ён сам не выпіў і не пачаў прыставаць; трэба было захапіць шнапс, які і купляла для такой мэты — для чарговага свайго паходу за горад.

З бункера, над якім узнімаўся празрысты дымок — сухімі дрывамі палілі, — выйшлі немец і паліцай.

Вольга сцялася, засунула руку пад кажух, памацала гранату, хоць упэўненасці было вельмі мала, што яна здолее, у выпадку чаго, скарыстаць сваю зброю. Як? Куды кінуць? I што гэта дасць? Куды пасля дзецца самой?

Ды Друцька, які пасля здарэння з кажухом сядзеў, што на памінках, раптам весела варухнуўся, нацягваючы лейцы, падаўся наперад, стаў на мяшок каленьмі, крокаў, можа, яшчэ за сорак да шлагбаума закрычаў:

— Здарова, Лявон!

— Хайль, Хведар! — адказаў вартавы, паліцыянт.

Немец безуважна пасунуўся назад да бункера, перасмыкаючыся ад холаду.

— Куды? — спытаўДруцьку знаёмы.

— Да сваіх. Во! Нявесту паказаць хачу.

— Жэнішся? Ну, даеш, Хведзька! Не губляешся нідзе! — падышоў да саней, заглянуў Вользе ў твар, ухваліў: — З морды нішто сабе. Чакай! Ды я ж яе ведаю! Гандлярка! Па сабе Хведзька выбраў.

Гэтае апошняе абразіла Вольгу, але яна змаўчала: не варта задзірацца, ды і дасціпнасць яе як бы замерзла. Паліцай засмяяўся, падняў шлагбаум, пажадаў шчаслівай дарогі, пасля ўслед крыкнуў салёную мужчынскую параду.

Друцька, быццам бы засаромлены, колькі хвілін памаўчаў. Саскочыў з саней, нокаючы, шпарка прайшоўся збоку, паслізнуўся, паваліўся на сані, галавой Вользе на прыпол, ажно дрыгануў у паветры нагамі, спалохаў каня, той ірвануў галопам.

— Тпру-у, халера! А то выкінеш з саней! Во ляціш, як дадому!

Адчувалася, што ў Друцькі адразу ўзняўся настрой, пасля паста ён адчуў сваю ўпэўненасць, павесялеў, яму хацелася падурэць, пасмяяцца, на словах спыняў каня, а на самай справе падганяў яго — тузаннем за лейцы, дрыганнем нагамі, рогатам.

Пасля, калі іх абагнаў грузавік, схамянуўся, сеў на ранейшае месца, побач з Вольгай, зрабіўся сур’ёзны, нясмела абняў яе за плечы.

Вольга перасмыкнулася, сцялася, бо здалося, што да яе пацягнулася рука мерцвяка, зрабілася агідна ад Друцькавай блізкасці, ад пары, што вырывалася з яго рота.

— А ведаеш, Вольга, я не дзеля жарту сказаў пра жаніцьбу. Я праўда хачу жаніцца. I ты падабаешся мне. Выходзь за мяне замуж. Мне цяпер во як патрэбна такая жонка, як ты. Каб такая гаспадыня.

«Не ведаеш ты, якая нявеста цябе чакае», — падумала Вольга з нянавісцю, але і са страхам, зусім незнаёмым — пэўна, ад такон цеснай сувязі з асуджаным.

Сказала з папрокам:

— Што гэта ты чаўпеш, Хведар? У мяне муж на фронце.

— Не вернецца твой франтавік. Хіба толькі, калі не будзе дурнем, пяройдзе да немцаў. Калі сам здасца, то адпусцяць.

З большым смугкам, чым калі раней, з болем і нават з адчуваннем сваёй віны перад ім, што з’яўлялася рэдка, Вольга падумала пра мужа, але тут жа парадавалася сваёй упэўненасці, што Адась ніколі не здасца ў палон, не здрадзіць, не зганьбіць свайго імя.

«Ён вернецца! А вось ты не вернешся!» — падумала ўжо з адной нянавісцю да Друцькі. А ён, не шкадуючы фарбаў, маляваў, як бы яны жылі, каб яна згадзілася стаць яго жонкай.

Вольга слухала адным вухам. Яна думала пра свой план. Яшчэ ўчора ўвечары, калі абдумвала ўсё да драбніц, каторы раз, план гэты здаваўся бездакорным.

Яна вельмі спалохалася, каб прыгавор Друцьку выканаў Саша, можа, таму, што сам ён прызнаўся, як цяжка яму гэта — забіць знаёмага чалавека. Разумела, што рызыка намнога павялічваецца, калі няма ўпэўненасці, для Сашы гэта можа скончыцца правалам, смерцю. Тады ж, у тую ноч, рашыла памагчы яму, хоць ён і пярэчыў, узяць сабе гэтае заданне. Доўга думала, як ажыццявіць прысуд? Забіць самой? Адчувала, што не здолее зрабіць гэта. I надумала: праз Сіўца здаць Друцьку партызанам, няхай яны пакараюць; там, у лесе, гэта сапраўды будзе кара, па ўсіх законах, а не забойства з-за вугла. Гэта сумленна перад таварышамі і, здавалася, проста. Сівец пацвердзіць. Яе могуць упікнуць, палаяць за анархічнасць, як называе гэта Захар Пятровіч, але не перастануць давяраць. А ў анархічнасці стары папракаў нават Андрэя, якога яна лічыла камандзірам усёй групы.

Чаму ж раптам толькі сёння, калі ад’ехалі ўжо, з’явілася сумненне, што яна робіць не тое, што трэба? Збянтэжыў выпадак з кажухом? Не, пры чым тут кажух!

Яна думала, як пасгавіцца да яе задумы Сівец. Немалады ўжо чалавек. Жонка. Дачка. Вёска. Суседзі побач. Гарнізона, праўда, у вёсцы няма, але ўсё ж… Ці захоча Сівец брацца за такую справу — здаць паліцая партызанам? Хутчэй за ўсё, што не.

Друцька спяшаецца, мяркуе, безумоўна, да ночы даехаць да свайго Чэрвеньскага раёна, дзень ужо не кароткі, канец лютага. Угаварыць яго паначаваць у Сіўца яна ўгаворыць. Але ці блізка яны, партызаны, каб Сівец мог паспець за ноч прывесці іх? Ды яшчэ невядома, як самі партызаны паставяцца да гэтага? Могуць сказаць: вы там, у горадзе, асудзілі, вы і карайце. Каму гэта хочацца браць на душу расстрэл чалавека? Яна ж не захацела, каб гэта зрабіў Саша. I Саша пакутаваў ад такога задання.

Супакойвала сябе: калі не выйдзе, як задумала, нічога ж асаблівага не здарыцца, ад кары Друцька не ўратуецца, бо вернуцца ж яны назад у Мінск праз якія тры дні. I паездка будзе недарэмная — партызаны атрымаюць гранаты. А калі вернуцца, яна прыдумае нешта іншае. Не, тады яна ва ўсім прызнаецца Захару Пятровічу, параіцца з ім. Дарэмна пабаялася, што ён перашкодзіць здзейсніць яе задуму, стары добры, разважлівы, зразумеў бы яе, зразумеў бы Сашу і нешта прыдумаў бы абавязкова, можа, ухваліў бы яе план, але, напэўна, дадаў бы нешта такое, што засцерагала б ад памылкі. Даў жа дазвол, каб яна заехала да Сіўца з паліцаем, завезла гранаты.

А калі ўсё адбудзецца па яе плану, яна яшчэ перад вясковай паліцыяй падыме лямант: перанялі на дарозе бандыты, забралі і каня, і Хведара Друцьку. Шукайце! Ратуйце! Памажыце! Няхай шукаюць ветру ў полі.

Перасекшы Магілёўскую шашу, павярнулі ў Новы Двор. Ехалі па полі. Туман не рассейваўся, і наваколле ахутвала белая каламуць. Паганы туман, у ім чалавек замярзае горш, чым у моцны мароз: Вользе ў кажусе было холадна. А Друцька застаўся ў адным шынялі. Не вытрымаў, вылаяў-такі свайго «дабрадзея»:

— Забраў кажух, каб яго халера ўзяла. Тылавы пацук нейкі, зараза, інтэндант паршывы. У каго ты канфіскуеш цёплыя рэчы? У сваіх? Каб па-чалавечаму сказаў, я табе воз назбіраў бы гэтых кажухоў.

Друцька перадаў Вользе лейцы, саскочыў з саней. — Ты прагані, а я прабягу, а то да касцей праняло. Узваліўся на сані, моцна задыханы, зноў упаў на яе ногі, прыняў крысо кажуха, як бы жадаючы заглянуць у патаемнае месца.

— Пагрэла б ты мяне.

— Дзе? На снезе? Адмарозіш апошняе, што маеш. Пацярпі да цёплай пасцелі. Да мяккай пасцелькі…

Жартавала, а зубы ляскалі ад брыдкасці і набожнага страху: пяшчоты і жарты са смяротнікам! Грэх, мабыць?

Трэці ці чацвёрты раз Друцька бег за санямі, калі ехалі па лесе. Паабапал дарогі стаялі сосны, пад імі сіратліва гнулася ляшчына. У Вольгі раптам бліснула думка: стаць на калені і шпурнуць насустрач паліцаю, калі ён будзе даганяць, «цацку»: на, лаві, пажартуеш апошні раз. Так проста. Азірнулася. Друцька адстаў далёка. Скінула пальчаткі, выцягнула з-за пазухі гранату, яна была цёплая, быццам усяродку ўжо гарэў смяртэльны агонь. Спалохау яе гэты агонь. А калі ўзарвуцца і тыя, што ў мяшку? Хуценька схавала гранату. Але ўпікнула сябе: «Баязліўка, чыстымі рукамі хочаш ваяваць! Каб брудную работу іншыя рабілі».

За Каралішчавічамі дарога вывела да чыгункі. Яе трэба было перасекчы. Пераезд не ахоўваўся, без шлагбаума, але праходзіў ля самай будкі пуцявога абходчыка, паўз плот агародчыка і паўз глухую сцяну стандартнай чырвонай будыніны. Снег на насыпе сышоў, на чыгунцы раней, чым дзе, адчуваецца надыход вясны. Ад сцягнутага палазамі пяску растаў снег і на адхоне ўз’езда на пуць.

Друцька, руплівы гаспадар, саскочыў з саней, каб даць каню палёгку. Вольга таксама пашкадавала каня, яшчэ здзівілася з сябе: такая непаседа, вяртуха, яна за колькі гадзін ні разу не вылезла з саней, сапраўды як тая баба з байкі, ужо і ногі анямелі. Ды і конь прыпыніўся перад пясчанай дарогай, як бы даючы зразумець, што яму сапраўды-такі цяжка, даўно ўзмакрэў, ажно клочча пены падала з-пад нарытнікаў.

Вольга выбралася з саней. На пуці спынілася, паглядзела на бліскучыя рэйкі, што беглі ў невядомую далеч. Як кожнага чалавека, які няшмат ездзіў, яе вабіла гэтая далеч, з маленства здавалася: там, дзе канчаюцца рэйкі, пачынаецца новая краіна, у якой людзі жывуць зусім інакш, не па-нашаму.

Друцька выпусціў лейцы і пачакаў яе за пераездам.

— Далёка да твайго дзядзькі яшчэ?

— Не, недалёка. Во праедзем Міханавічы, пасля Бардзілаўку, а потым збочым на Пярэжыр.

— Нічога сабе недалёка!

— Не ты ж сані цягнеш. Конь. А лейцамі дык я больш круціла, чым ты. I ніколькі не стамілася. Хочаш, станцаваць магу.

— Ты б інакш павесяліла.

— Дарагой платы ты захацеў.

— Я? Платы? Ад цябе? Наадварот, я цябе хачу азалаціць. Я ж, як бачыш, па-добраму. Сватаюся па ўсіх законах.

У пуцявой будцы ляпнулі дзверы, і малады высокі голас закрычаў:

— Эй, вы! Стойце!

Яны павярнуліся. Да іх ішлі двое: адзін у форме нямецкага салдата, без зброі, другі высокі і худы, у круглых акулярах, у цывільнай напратцы — у доўгім чорным паліто, у шэрай каракулевай шапцы-стаўбуну, якая рабіла яго яшчэ вышэйшым; акулярык гэты на дзве галавы ўзвышаўся над салдатам.

Друцька ступіў ім насустрач. Але другі злосна крыкнуў:

— Каня спыні, разява!

Вольга не спалохалася, нават не падумала нічога такога, пра што думала перад кантрольным пастом у Мінску. Ніякай трывогі не ўявіла. Паслухмяна кінулася, каб дагнаць каня.

Конь прайшоў ад чыгункі крокаў сто. Яна баялася тпрукаць, каб конь не пабег, такое з коньмі часта здараецца. Але гэты вучоны: пачуў, што за ім бягуць, і спыніўся сам.

Вольга стаяла ля саней і глядзела, як яны падыходзяць — ахоўнікі і яе спадарожнік.

Друцька знізу ўгору заглядваў у твар пад акуляры доўгаму і нешта горача даводзіў. Дастаў з-за пазухі свае паперы, працягнуў немцу, але той перадаў іх тлумачу. Чуваць было, як доўгі сваім танклявым, як бы дзявочым голасам хораша лапоча па-нямецку — перакладае.

Яны наблізіліся. У тлумача не толькі голас, але і твар быў дзявочы ці дзіцячы, сапраўды, нягледзячы на такі ненатуральны рост, гэта быў яшчэ хлапчук, гадоў хіба семнаццаць. Але ў яго нядобра, вельмі злосна крывіліся вусны і пальцы сціскаліся ў кулакі, быццам ён з натугай стрымліваў сябе, каб не тыцкнуць кулаком у Друцькаў твар.

Друцька абураўся:

— Сваім не верыце? Такім дакументам! Ты паглядзі, кім падпісана маё пасведчанне!

— Калі ты паліцэйскі, то ведаеш, што дакументы ў бандытаў заўсёды ў парадку, — ужо больш лагодна сказаў юнак і паслужліва пераклаў немцу свае словы.

Той ухваліў:

— О,яволь.

Вольга падумала: «Дзе гэта ён, паганец, так па-нямецку навучыўся? Выцягнуўся, што чорт за вушы цягнуў. Каланча! Можа, памагчы Хведару?»

Не, не хацелася чамусьці ёй ні прасіць, ні даказваць нешта, ні тым больш усміхацца ці жартаваць — пускаць у дзеянне свае чары. Яна не то не адчувала яшчэ пагрозы, не то верыла, што яе можна адхіліць.

Немец, прайшоўшы каля каня, чамусьці пільна агледзеў хамут, памацаў лямец. Перакладчык падняў мяшок з сенам, на якім яны сядзелі, і неяк грэбліва, зняважліва выкінуў яго з саней, ад чаго Друцька ажно пабялеў. Але Вольгу гэта мала кранула.

Немец абышоў вакол каня і ішоў да яе. Яна адступіла крокі на тры з дарогі ў снег, падумаўшы: ці не хоча ён абшукваць яе? Не, немец паказаў пальцамі на мяшкі і швейную машыну.

— Што ў мяшку? — спытаў акулярык.

— Я ж табе сказаў, што ў мяшках. Барахло. Едзем да сваіх, каб пажаніцца, — Друцька паспрабаваў усміхнуцца. — Трэба ж падарункі.

— Развяжы.

— Так табе хочацца патрэсці мае мяшкі? Эх, ты! Анцілігентны хлопец! Свайму не верыш.

Перакладчык пачырванеў, і вусны яго скрывіліся ўжо не злосна, а неяк пакрыўджана.

— Ён табе нажом зараз папора іх. Не ламайся.

Немец здзівіўся, што апошніх слоў тлумач не перадаў, і цярпліва чакаў, і той пачаў нешта гаварыць, хоць Вольга зразумела: не тое, што сказаў, перакладае.

Друцька рашуча ўскочыў на сані, быццам намерваўся гаварыць прамову.

— Які развязваць?

— Любы.

«Калі ён пачне развязваць мой мяшок, я кіну гранату», — падумала Вольга, без страху, са спакоем, які здзівіў самую яе, толькі адно трошкі занепакоіла: куды ж лепш кінуць? Вырашыла — у сані, пад ногі Друцьку. Для размаху яшчэ адступіла крокі на тры. Пра тое, куды схаваецца сама, не падумала.

Друцька схапіў свой паўмяшок, зубамі развязаў вузел на аборцы, бо пальцы не гнуліся — ад холаду ці хвалявання. Перавярнуў мяшок і злосна вытрас усё, што было ў ім, на сані.

На міг Вольга нават забылася на гранату, ашаломленая: з мяшка высыгталіся дзіцячыя штонікі, сарочкі, кофтачкі, панчошкі і чаравічкі, многа чаравікаў, пар, можа, дваццаць, самых розных, белых, чырвоных, чорных, са стаптанымі абцасікамі, аблузанымі насочкамі…

— Ну, во бачыш, што тут. Жыдоўскія лахманы. Эршысен юдэ. Пух-пух. — тлумачыў сам немцу. — Юдзянятам на тым свеце яны не патрэбны.

Вольгу як апаліла страшным агнём. «Ах ты, гад! Што ж ты рабіў, сабака! Якая табе кара трэба за гэта?»

Хлопец пераклаў Друцькавы словы — і немец засмяяўся. Ён, з кім яна толькі што сядзела побач у санях, таксама выскаліў зубы. I гліст гэты, кобра двухвокая, сапляк, таксама захіхікаў лісліва, агідненька.

«З чаго яны смяюцца? Са смерці дзяцей? Яны смяюцца са смерці дзяцей?»

I перад яе вачамі стала Светка, забітая гэтымі… Маленькія валёначкі, у якіх адвезла яе да брата… Там, на санях, у кучы абутку такія ж валёначкі. Адна пара…

Дзіцячы плач, енк зазвінеў у вушах. Але ў гэтым страшным хоры яна чула выразна Светчын голас. Стала страшна, што яна не ажыццявіць свой план. Колькі яшчэ трэба чакаць?.. Хіба можа яна ехаць з гэтым лютым ворагам далей, сядзець у адных санях?!

А гэтыя?.. Застануцца тут, каб смяяцца са смерці дзяцей? Не! Караць іх трэба адразу! Усіх!

Не было ўжо сілы, якая б спыніла яе. Не было часу на развагу: што будзе з ёй? Куды схаваць галаву, як вучыў Захар Пятровіч? Яна асцярожна дастала гранату з-за пазухі, узняла над галавой. Хрыпла крыкнула:

— Ану, гады!

Тады яны звярнулі на яе ўвагу.

Немец адразу ўпаў на сані. Збялелы акулярык закрыў твар далонямі, быццам галоўны яго клопат — прыкрыць свае хворыя вочы. А Друцька застыў на санях з разяўленым ротам, з растапыранымі рукамі, глядзеў на яе, тужыўся ўсміхнуцца, можа, не адразу сцяміў, што над ім павісла смерць, можа, хацеў пераканацца, што жанчына жартуе.

Вольга не шыбанула гранату яму пад ногі. Сарваўшы кальцо, яна нахілілася і як бы закаціла гранату пад сані.

Выбуху яна не пачула і агню не ўгледзела. Але ўбачыла, як падкінула ў паветры сані і як яшчэ вышэй, што цыркач на сетцы, падскочыў Друцька. А конь ірвануў з месца. Вольга нават паспела падумаць: добра, што каня не зачапіла, на кані яна хутчэй уцячэ адгэтуль.

У твар ёй шуганула не гарачым, а халодным — ледзянымі пырскамі. Потым нешта моцна ўдарыла ў грудзі. Ад удару яна ўпала ў снег і, напэўна, на кароткі час страціла прытомнасць. Прыйшла да памяці — пачула шум. быццам гудзеў у навальніцу бор ці ішоў цягнік, і як бы далёкае ржанне. Узняла галаву і ўбачыла, што зусім блізка ад яе галава да галавы нерухома ляжаць Друцька і доўгі тлумач. I Вольга амаль заспакоена падумала, што ўсё добра — яна сама выканала прысуд, яна пакарала іх… Не трэба будзе прасіць Сіўца. Цяпер ні Камандзір, ні Захар Пятровіч не ўпікнуць яе… Усё добра… Толькі трэба дагнаць каня… Дзе ён там іржэ? Насілу павярнула галаву. Конь без саней. але з аглоблямі, ахутаны вогненна-чырвонай парай, сутаргава біўся ў снезе збоку ад дарогі. Снег вакол яго дыміўся. Ці то чырвоны туман у яе вачах? Ці не кроў залівае вочы? Яна правяла далоняй па твары. Крыві не было. Гэта вельмі парадавала: твар ёй не пасекла. I яна ўсё бачыць — слупы, ельнік уздоўж чыгункі… Чаму ж такі туман над канём? Каня стала вельмі шкада. Як жаласліва ён іржэ…

— Я памагу табе, конік. Я памагу…

Яна сабрала апошнія сілы і паспрабавала ўстаць. Але тады не толькі пара над канём — шэрае хмарнае неба зрабілася чырвоным і раптам абвалілася — усё агромністае неба — на яе адну…

1975