Вось ужо чатыры стагоддзі ў замку старажытнага Нясвіжа з’яўляецца прывід маладой жанчыны. Згодна легенды — гэта блукае пакутлівая душа недарэчна загубленай Барбары Радзівіл.

Драматычная паэма Аляксея Дударава напісаная на аснове аднаго з самых рамантычных паданняў пра трагічнае каханне беларускай магнаткі Барбары Радзівіл і польскага караля Жыгімонта.

Аляксей Дудараў

Чорная панна Нясвіжа

Драматычная паэма ў трох частках.

Дзеючыя асобы

Жыгімонт Аўгуст — польскі кароль.

Барбара — магнатка Вялікага княства Літоўскага.

Радзівіл Чорны — нясвіжскі князь, стрыечны брат Барбары.

Радзівіл Руды — ваявода, родны брат Барбары.

Бона Сфорца — польская каралева, маці Жыгімонта Аўгуста.

Мнішак — прыдворны.

Бжэнка.

Чорная Панна.

Частка першая

Смерць

Нясвіж. Лета 1551 года. Палац Радзівілаў.

Уваходзяць князь Радзівіл Чорны, Радзівіл Руды і Мнішак.

Мнішак.

Мяне прыслала каралева Бона
Даведацца, што робіць тут кароль.

Радзівіл Чорны.

Пасля хаўтур сястры ён мне сказаў,
Што хоча нейкі час жыць у Нясвіжы,
Пабыць ля дрэў, што бачылі яе,
I пахадзіць па парку, дзе сцяжынкі
Хаваюць цеплыню яе слядоў.
Вось ужо месяц неўпрыкмет прайшоў,
I боль ва ўсіх суцішыўся, а ён,
Як цень, блукае,
Безупынна плача.

Радзівіл Руды.

Ён п’е віно, а потым горка плача…
Калі ж віно павыцекне слязьмі,
Ён зноўку п’е і зноўку горка плача.

Радзівіл Чорны.

Калі ён слёзы выплача да дна,
Ў Літве не знойдзеш кропелькі віна.

Мнішак.

Скажу па шчырасці: у Кракаве ўсе лічаць,
Што вы знарок трымаеце яго,
I хочаце, каб жыў кароль у княстве,
Каб па Барбары вечна смуткаваў.

Радзівіл Руды.

Не па Барбары, а па каралеве!

Мнішак.

Па каралеве…

Радзівіл Чорны.

Ён мой уладар,
Нашчадак па прамой вялікага Ягайлы,
Што з княства ў Польшчу каралём прыйшоў.
Хоць быў ліцвінам, стаў палякам лепшым.

Радзівіл Руды.

Як караля мы можам затрымаць?
Ён гаспадар Літвы і майго замка…
I муж нашай нябожчыцы-сястры.

Мнішак.

Паўгода Польшча ўжо без караля,
Спачатку ён сядзеў ля ложка хворай,
А потым пахаванне рыхтаваў,
А зараз трызну ладзіць у Нясвіжы.
Бязладдзе ўсюды… Даручыў мне Сойм
Пры вашай дапамозе Жыгімонта
Вярнуць хутчэй у Кракаў на пасад.
Ён каралеву пахаваў… Навошта ж
Праз гэта і краіну ўсю хаваць?
Я буду гаварыць з ім…

Радзівіл Чорны.

Гэта марна.
Ён размаўляе зараз толькі з ёй…

Мнішак.

З кім «з ёй»?

Радзівіл Руды.

З Барбарай! З каралевай…

Мнішак.

Ён, пэўна, звар’яцеў…

Радзівіл Чорны.

Калі сам пан
Ў сваім жыцці кахання слодыч зведаў,
То ведае й чароўны гэты сад.
Хто ў яго трапіў — той ужо вар’ят…
А тут… іх целы разлучыла смерць,
А душы разлучыць ніяк не можа.

Радзівіл Руды.

Вунь ён ідзе… Дзівіцеся.

Мнішак.

Мой Божа!
Адыдзем прэч!

Радзівіл Руды.

Ды ён нас не заўважыць.

Уваходзіць Жыгімонт Аўгуст са свечкай і з чарай віна.

Жыгімонт (гледзячы на свечку). Барб-а-а… Барба… Я ведаю, я ведаю, ты тут… I твая постаць цьмяная мільгае сярод дрэў… не пакідай… не пакідай мяне… Усім на свеце тут кіруе д’ябал… Ці Бог тут пекла нам усім зрабіў… Навошта?! Навошта нас спачатку было злучыць, з’яднаць у адно… так, што я не заўважаў і не адчуваў… не бачыў, дзе ты, а дзе я… У нас былі адны вусны, адны рукі, адзін твар… I гэта ўсё… па-жывому нехта разарваў… разрэзаў… Дзе ты?! Дзе я?! Дзе ты, мая каханая, дзе я, душа мая, забраная мая?.. Ты мёртвая, ды не жывы і я… Душа мая, забраная мая. Сёння па парку бегала маленькая дачка дварэцкага… Бялявае кірпатае дзяўчо… Яна пляскала ў ладкі… і… смяялася… Як званочак… Гэта твой голас, Барба… Ты смяешся над усім светам… Барба-а-а…

Выходзіць са свечкай.

Мнішак.

Аж маё сэрца нават затрымцела.
О, боль які! Якое пачуццё!
Калі ён звар’яцеў — дык розум ёсць вар’яцтва,
Калі ж разумны — дык наш свет вар’ят…
На гэткі покліч нават з таго свету
Хто хочаш вернецца. Як ён кахаў яе!

Радзівіл Чорны.

Ён не кахаў! Ён і цяпер кахае…
Яшчэ мацней… Заўжды перад канцом
Успыхне моцна полымя і… згасне…
Спявае лебедзь гучна і… памрэ…
I разгарыцца лета… перад сцюжай…
Калі ў прыродзе нешта забуяе
Не на дабро… Там смерць ужо гуляе.

Мнішак.

Вы спрабавалі што-небудзь зрабіць?

Радзівіл Чорны.

Спытайце лепей, што не спрабаваў.
Хаваў віно — ды ён яго знаходзіў.
I гаварыў не раз з ім — ён маўчыць.

Радзівіл Руды.

Не раз і сонных зёлак падсыпаў.
Ён зёлкі піў, але не засынаў!

Мнішак.

Не тое каралю вы падавалі,
Галоўны сродак не паспрабавалі.

Радзівіл Руды.

Вы пра жанчын? Ды ён глядзіць праз іх,
Як мы праз шкло… Ён бачыць сваю Барбу…

Мнішак.

Няхай наяве ўбачыць сваю мару…
Хадзі сюды, дзіця маё…

Уваходзіць Бжэнка, вельмі падобная на Барбару Радзівід.

Радзівіл Чорны.

О Божа!
Ці замагільны свет прыйшоў сюды,
Ці сам цяпер я ў свеце замагільным?

Радзівіл Руды.

Барбара, гэта ты?!

Мнішак.

Ідзі, дзіця…

Бжэнка выходзіць.

Радзівіл Чорны.

Што тут было? Ці гэта ўсё трызненне?
Ці прывід ейны у Нясвіж прыйшоў?!
Барбара тут… Сястра наша! Барбара!
Ты прыплыла на заклік караля!

Мнішак. Супакойцеся, князь… Яна такая ж вам сястра і жонка каралю, як я вам — маці. Бжэнка… Дачка дробнага купца… Кракаўская мяшчанка й распусніца. У пятнаццаць год мела чатырох палюбоўнікаў адначасова… Спакусіла свайго духоўніка. Маладых лашчыла за так, са старых брала грошы. I вялікія! Яе змясцілі на выхаванне ў манастыр… Там яе выпадкова ўбачыла каралева Бона. Ведаючы душэўны стан свайго сына, яго каханне да вашай сястры, каб зменшыць яго боль… і пакуты…

Радзівіл Руды. …Яна вырашыла зрабіць каралеве Барбары замену?

Мнішак. Можна сказаць, што так.

Радзівіл Чорны. I замена гэта… кракаўская распусніца?!

Мнішак. Князь Радзівіл! Ды хай бы любая жанчына ў Польшчы, любая графіня, дачка ці жонка гетмана, канцлера, маршалка мела такое падабенства на спачыўшую сястру вашу — даю слова, яна апынулася б у абдымках караля. Хто ж вінаваты, што такі твар, такая постаць, такія валасы, такія вочы дасталіся ну… не самай святой жанчыне каралеўства… Вы толькі зірніце… Хадзі сюды!

Уваходзіць Бжэнка.

Вы толькі зірніце! Каралева не была так падобна на сябе, як гэта істота на яе… Вы хоць толькі ад прывіду пачалі адмахвацца, а я, калі мне паказалі яе ў манастыры, вобзем грымнуўся… Вадой адлівалі… Ну, думаю, аджыла, зноў пачнецца… Не разумею, што вас абражае? Ваша сястра на вябёсах, і гэта… дзяўчо ёй не саперніца… Я зірнуў на караля — мне стала страшна… Калі ён пабудзе ў такім стане яшчэ адзін тыдзень — ён памрэ… Нябожчыкаў кахаць вялікі грэх. Хай спусціцца на зямлю і… вось, калі ласка… кахае копію… Яна верне яго да рэальнага жыцця, і мы не страцім караля.

Радзівіл Руды (аглядае Бжэнку).

Ўсё супадае: вусны, вочы, шыя.

Мнішак.

О, колькі давялося адмываць…

Радзівіл Чорны.

Няўлоўнае бывае падабенства,
А тут непадабенства не відаць.
Хіба вось толькі… гэтая радзімка.

Мнішак.

Тут не адмыеш, трэба габляваць.

Радзівіл Чорны.

Скажы што-небудзь, мілая дзяўчынка.

Бжэнка.

Мне гэты пан забараніў казаць.
Мне можна толькі трошкі паўсміхацца.

Мнішак.

Ды ладна, гавары ўжо.

Бжэнка. I няпраўда, што я такая і гэткая… Самі ж спачатку бедную паненку да ложка зацягнуць, самі ж усю ноч без перадыху спакушаюць, а потым і я ж сама вінаватая. I мяне ж у манастыр! За што? Хіба я магла сілай спакусіць свайго святога айца, калі ён высокі, як вы, пане, ды яшчэ й таўсцейшы… Я яму каюся, а ён мае грудзі цісне… I мне інквізіцыя. I мне манастыр!

Радзівіл Чорны. Даволі.

Бжэнка. Маўчу.

Радзівіл Чорны.

Магутны Бог! Вось два твае стварэнні
Цудоўныя… Адно напоўніў ты
Высакародствам, розумам, пяшчотай,
Ў другім — прытулак бруду і граху.

Мнішак.

На свеце трэба ўсё… ураўнаважыць.
Ні святасць грэх, ні грэх не спляжыць святасць.
Ты, Бжэнка, лепей князю заспявай.

Бжэнка (спявае).

На моры вутачка купалася,
Пакупалася, у бор паляцела,
У барочку шчыранька грагаць стала: —
Дзе ж мае дзетачкі падзяваліся?
Ад майго гняздзечка адчураліся.
Дзе ж мае дзетачкі падзяваліся?
Ад майго гняздзечка адчураліся.

З’яўляецца Жыгімонт.

Жыгімонт (крычыць нема).

Барбара! Любая Барбара!
Каханая! Хадзі! Хадзі сюды!
Я ведаў, што ты вернешся ў Нясвіж…
Я абдыму цябе… Я ў гэта верыў…

Абдымае Бжэнку. Навальнічная бліскавіца. Жыгімонт падае.

Мнішак.

О літасцівы Божа, ён памёр!

Бжэнка.

Ну вось ізноў. Ізноў я вінавата…

Радзівіл Руды (схіляецца).

Цішэй… Заснуў… Заснуў нарэшце ён.

Радзівіл Чорны.

І дзякуй Богу… Доўгім будзе сон…

Выносяць караля.

Мнішак (Бжэнцы).

А ты ідзі цяпер гуляць па парку.
Ды блізка да людзей не падыходзь,
Спявай ціхутка… Можаш і паплакаць,
I застагні, усхліпні мімаходзь.
Хай думаюць, Барбара зноў прыйшла
I ў замку тут прытулак свой звайшла.

Выходзяць.

Частка другая

Каханне

Вільня, 1543 год. Сад перад палацам Барбары Радзівіл. Ноч.

Уваходзіць Барбара.

Барбара.

Баль адшумеў, і ціша навакол.
У чорным небе дрэмле ясны месяц,
Абліты цьмяным срэбрам лес і дол,
I болей не чутно птушыных песень.
Усімі зоркамі мяне цалуе ноч,
Ласкавы ветрык лашчыць, лашчыць грудзі,
I гладзіць цемра мне павейкі воч…
Я зведаю… чаго не зведаць людзям…

З’яўляецца каралевіч Жыгімонт.

Жыгімонт.

А я ўжо зведаў…

Барбара.

Божа!

Жыгімонт.

Я пабачыў…
Што ўбачыць хіба можа толькі Бог.

Барбара.

Як вы пасмелі?!

Жыгімонт.

Гэта абурэнне…
Прымусіла прыстойнасць растаптаць.
Зірнуць на тое, ад чаго аслепнуць
Навекі можна…

Барбара.

Значыць, вы сляпы…
Цяпер кажыце ваша абурэнне,
А потым абурацца буду я…

Жыгімонт.

Як дазваляць, каб цемра цалавала
Такія вусны… Каб вятрыска мог
Брыльянты найкаштоўнейшыя лашчыць?
Ці ноччу вас кахае толькі ноч?
Куды ж глядзяць прыгожыя ліцвіны?

Барбара.

Усё! Даволі! Прэч! Сыдзіце з воч!
А то я закрычаць павінна буду.

Жыгімонт.

Ды вам нашто крычаць? Я закрычу:
Літва! Твая багіня сёння ноччу
Кахала месяц, той кахаў яе.
Я ўбачыў нерэальнае каханне
I з зайздрасці свяціла захінуў
Свінцона-чорнай хмарай.

Барбара.

Ён заходзіць…

Жыгімонт.

Я перамог…

Барбара.

Ну, а цяпер пайшоў…
Да сціплых паннаў ходзяць госці ранкам.

Жыгімонт.

Дык запрасіце, панна, калі ласка,
I я прыйду за некалькі гадзін
Да часу запрашэння і чакаць
Ля брамы буду… Гэта асалода —
Чакаць хвіліны, каб убачыць вас.

Барбара.

Ой, майстра гаварыць…

Жыгімонт.

Зусім не ўмею!
Ні гаварыць, ні на жанчын глядзець.

Барбара.

А што ж цяпер вы робіце?

Жыгімонт.

Малюся.

Барбара.

Я не святая…

Жыгімонт.

I таму вышэй…

Барбара.

Усё… Ідзіце, хлопчык мой…

Жыгімонт.

Бывайце…
Даруйце мне… Я болей не прыйду…

Барбара.

Не прыйдзеце? А як жа запрашэнне? Ці ветліва?

Жыгімонт.

Дык запрашэнне ёсць?!

Барбара.

Прыходзьце заўтра да мяне апоўдні
Не праз акно, вядома, як цяпер.

Жыгімонт.

Ды не, вы што… ды я прыйду праз дзверы.

Барбара.

Вы неяк разгубіліся?

Жыгімонт.

Ага…

Барбара.

Чакаю вас…

Жыгімонт.

Бывайце, мая панна…

Накіроўваецца да выхада.

Барбара.

Скажыце мне, каго я запрасіла.

Жыгімонт.

Я — Жыгімонт.

Выходзіць.

Барбара.

О Божа! Каралевіч!
Я чую грозны голас твой, о лёс.
Ці на дабро ты мне яго прынёс?

Кракаў. Палац на Вавелі. Пакоі каралевы Боны.

Уваходзяць каралева Бона і Мнішак.

Бона.

Што ў Вільні робіцца? I як там каралевіч?

Мнішак.

Жыве, як і належыць маладым.
Вясёлы баль змяняецца банкетам,
Банкет затым змяняецца на баль.
Ды ўсё ж часцей бывае паляванне.

Бона.

Без рызыкі?

Мнішак.

Без рызыкі, вядома.
Зуброў ён лічыць сімвалам і іх
Ніколі не чапае, а касулі,
Ласі, алені, козы, вепрукі…
Для рыцара ці будуць небяспекай?

Бона.

Ён п’е зашмат?

Мнішак.

Не дужа. Нейкі келіх.

Бона.

Ці мае ён жанчын?

Мнішак.

О каралева! У такім узросце…

Бона.

Мне ўсё вядома пра ягоны ўзрост,
Пытаюся: жанчыны ў яго ёсць?

Мнішак.

Так, ёсць ужо.

Бона.

І хто ж яны?

Мнішак.

Яны?.. Гэта яна.
Брыльянт найпершы у Вялікім княстве,
Як каралевіч кажа.

Бона.

Што… брунетка?

Мнішак.

Не, каралева…

Бона.

Ды няўжо бландзінка?

Мнішак.

Незразумела. Валасы ў яе
Нібы святлом пранізаны. Такія
Бываюць, мабыць, толькі у русалак.

Бона.

Або ў вядзьмарак…

Мнішак.

Мусіць, так і ёсць.

Бона.

Яна адна ў яго?

Мнішак. Мая нябожчыца маці, калі добразычлівыя суседзі сказалі, што ў яе мужа (майго, спадзяюся, бацькі) вельмі багата жанчын, сказала мудра і глыбока: «Чым больш, тым менш. Абы адна не завялася».

Бона.

Яна адна ў яго?

Мнішак.

Яна ў яго адна.

Бона.

Відаць, дурная пакаёўка з замка,
Ім аддаюць каханне хлапчукі.

Мнішак.

Ваш сын высакародяы, каралева.
Высакародныя ж кахаюць каралеў
Або нікога.

Бона.

У Вільні каралева?
Там нават роду добрага няма.

Мнішак.

Той род магутны. Гэта Радзівілы.

Бона.

Што? Радзівілы? Хочаш ты сказаць… I хто ж яна?

Мнішак.

Барбара.

Бона.

Не!

Мнішак.

Барбара…
Ён трэці месяц з ёй ужо шчаслівы… ёй вершы піша.

Бона.

Ўсемагутны Бог!
Як ты дазволіў?!
Чорная блуднідаі
Нікчэмнасць!
Ведзьма дзікае Літвы.
Разбэшчаная дрэнь майго дзіцёнка
Спіхнула ў багну бруду і граху.
Яна звяла ў магілу свайго мужа,
Ёй не хапае соцень мужыкоў,
Каб спаталяць юрлівыя жаданні.
I ёй цяпер патрэбны Жыгімонт?!
Я сына ад цябе абараню!
Перад табой сцяна агню паўстане!
Або адыдзеш прэч, або цябе не стане!

Вільня. Спальня Барбары.

Жыгімонт і Барбара на ложы. Ноч.

Жыгімонт.

Ці дзень ці ноч цяпер на белым свеце?

Барбара.

Цяпер на свеце толькі ты і я,
I зоркі ўсе на наша ложа свецяць.

Жыгімонт.

Каханая, каханая мая.

Барбара.

Здаецца мне — я толькі што памерла
I нарадзілася… Мінулае маё
Ляжыць цяпер на могілках далёка.
I там не я… I там не я…

Жыгімонт.

Барбара…

Барбара.

Я толькі-толькі вершы раз дыхнула,
Заплакала… і я яшчэ дзіця.
Жывая мама… Бацька на руках
Мяне ласкава гушкае… А потым
Бягу па парку… Родны мой Нясвіж!
Мая Літва, мае лясы і пушчы…
Я — чыстая… Нічога не было,
Што без цябе… Сплыло… Сплыло… Сплыло…

(Засынае.)

Жыгімонт.

Спі, любая… Хай прыляціць анёл…
Не! Не хачу! Ён будзе любавацца
Тваім празрыстым целам… Толькі змрок
Цябе схавае ад вачэй нясціплых.
Але ж тады не буду бачыць я…
Як мне цябе схаваць, але каб бачыць.
Самому… Трэба ў сэрца увабраць,
З табою зліцца і адзіным стаць.

Засынае. Грукат у дзверы.

Голас Радзівіла Рудога.

Барбара! Барбара! Зараз жа адчыні!

Барбара.

Хто там?

Радзівіл Чорны.

Не прыкідвайся, ты пазнала нас. Адчыні!

Барбара.

Што вам трэба?

Радзівіл Руды.

Нам трэба, каб ты адчыніла дзверы.

Барбара.

Навошта?

Радзівіл Чорны.

Пагаварыць.

Барбара.

Пагаворым заўтра.

Радзівіл Чорны.

Сёння. Толькі сёння.

Радзівіл Руды.

Калі ты не адчыніш сама, клянуся, я ўзламлю дзверы.

Барбара (ціха Жыгімонту).

Ідзі.

Жыгімонт.

Бывай.

Барбара.

Бывай.

Радзівіл Руды.

Барбара!

Жыгімонт выскоквае праз акно. Барбара адчыняе дзверы. Заходзяць Радзівілы.

Барбара.

Што адбылося, каб сярод начы
Ламіцца ўпарта ў дзверы да жанчыны?

Радзівіл Чорны.

Не да жанчыны, Барба! Да сястры!

Радзівіл Руды.

Так, да сястры, што гонар свой згубіла!

Барбара.

Брат мой…

Радзівіл Руды.

Маўчы! Няхай бы толькі свой…
Ты гонар роду збэсціла!

Барбара.

Пра што ты?

Радзівіл Руды.

У княстве сёння кожны дурань знае:
Што ты наложніца! Ты дзеўка Жыгімонта!
Падсцілка каралеўскага сынка!

Жыгімонт (з’яўляецца ў акне і з кінжалам кідаецца на Радзівіла Рудога).

Вы за абразу сплоціце спаўна!

Б’юцца.

Радзівіл Чорны.

Ваша высокасць! Хто ж вас абражае?

Барбара.

Спыніцеся!

Жыгімонт.

Прасіце прабачэння!

Радзівіл Руды.

За што прасіць? Ці я сказаў няпраўду?
Тады чаму вы тут сярод начы?

Б’юцца. Барбара хапае са століка штылет і прыціскае вастрыём да грудзей.

Барбара.

Спыніцеся! Ці я сябе зарэжу!!!
Жыгімонт і Радзівіл Руды апускаюць зброю.
Мой брат… Дазволіць можа гэта
Раўнівы муж… Але ж ты мне не муж!

Радзівіл Руды.

Я і шкадую, што яго няма.
Інакш бы ён абараняў твой гонар!
Абараняў бы гонар Радзівілаў.

Барбара.

Што ж я такога грэшнага зрабіла?
Хіба ў мяне каханкаў не было?
I хіба ты пра іх зусім не ведаў?

Радзівіл Чорны.

Яны былі ніжэйшымі за вас!
Яны заўжды былі для вас як слугі,
Як цацкі, як забава, як капрыз,
Як неабходнасць маладой жанчыны.

Барбара.

I ты на іх увагі не звяртаў?
Глядзеў спакойна, як сястра грашыла?..
Калі ж на гэта ложа ласкай Божай
Ўзышоў вось ён, адразу ж вы прыбеглі?
Каго мой брат забіць тут зараз хоча?
Яго? Забі. Але заб’еш мяне.
Я ў ім уся. Крывінкі нашы разам.
Я зараз побач Бога адчуваю…
Кахаю, мілы брат мой, я кахаю…

Радзівіл Чорны.

Ты нарадзілася, сястра, не для таго,
Каб некаму быць простаю каханкай,
Хай ён хоць каралевіч! Хоць кароль!

Жыгімонт.

Я вас прашу: пакіньце маю жонку.
Прашу, браты, бо я вам дараваў.
Даруй і ты, Барбара, за абразу.
Цябе абразіла братэрская любоў,
А не браты.

Барбара.

Ды я ўжо даравала.

Жыгімонт.

Кажу яшчэ раз! Гэта мая жонка.

Радзівіл Руды.

Калі ўсё так… Тады я на каленях.
Пакорліва прашу мне дараваць,
Хоць вы мяне і закалоць хацелі.

Жыгімонт.

А я й напраўду мог вас закалоць.

Радзівіл Руды.

Што да мяне, скажу вам вельмі шчыра:
Крыві б я каралеўскай не праліў.
А вось яе гатовы быў знічтожыць.
Вы зразумейце…

Жыгімонт.

Я ўсё разумею.

Радзівіл Чорны.

Вы павянчаліся? Паклікаць святара?

Жыгімонт.

Мне ўсё адно.

Барбара.

I мне.

Радзівіл Чорны.

Тады паклічам.

Радзівілы выходзяць. Жыгімонт і Барбара становяцца на калені.

Жыгімонт.

Прымі нас, Уселітасцівы Божа…

Барбара.

Прымі, як непадзельнае — Адно…

Жыгімонт.

Прымі, як непадзельнае — Адно…

Барбара.

Прымі нас, Уселітасцівы Божа…

Жыгімонт.

Адна Душа, адно Жыццё і Кроў.

Барбара.

Ты ёсць Любоў, і мы цяпер — Любоў.

Жыгімонт.

Ты ёсць Любоў, і мы цяпер — Любоў.

Барбара.

Адна Душа, адно Жыццё і Кроў.

З’яўляюцца Радзівілы.

Радзівіл Руды.

Нас ненавідзіць каралева Бона.

Радзівіл Чорны.

Але цяпер у нас… у нас яе карона!

Кракаў. Палац на Вавелі. Пакоі каралевы Боны.

Каралева Бона і Мнішак.

Мнішак.

Вітаю на каленях каралеву.
Вітаю і паведаміць хачу,
Што каралевіч едзе з Вільні ў Кракаў
Па выкліку. Ён хутка будзе тут.

Бона.

У Вільні не змянілася нічога?
Яна не надакучыла яму?

Мнішак.

Хто? Вільня ці…

Бона.

Так, гэтая… Барбара…

Мнішак.

Я засмуціць баюся каралеву,
Ды там хутчэй усё наадварот.
Каб не мазоліць вочы гараджанам,
Ён паміж замкамі зрабіў таемны ход.
I гэтым ходам ходзідь да Барбары.
I кажуць людзі: прынц наш крот і кот.

Бона.

О Божа, каб так нізка апусціцца!

Мнішак.

Яшчэ даруйце…

Бона.

Ну, кажыце, што там…

Мнішак.

Ды гэта толькі плётка можа быць.

Бона.

Заўсёды плётка — маці чыстай праўды.
Што там яшчэ?

Мнішак.

Ды ў горадзе балбочуць,
Што сын ваш абвянчаўся тайна з ёй.
Кажу яшчэ раз: гэта толькі чуткі.

Бона.

Ды ўжо й ад чуткі можна ашалець.

Мнішак.

А вунь і прынц. Я з вашага дазволу
Цяпер пайду.

Бона.

Я дзякую. Бывайце.

Мнішак.

Цалую вашы ногі, каралева…

(Выходзіць.)

Уваходзіць Жыгімонт.

Жыгімонт.

Матуля мілая!

Бона.

О сын мой!

Жыгімонт.

Каралева,
Дазвольце мне абняць вас. Божа мой,
Як сумаваў я там па роднай маці,
Як часта сніў вас.

Бона.

Ты ласкавым стаў
І памужнеў. Цяпер сапраўдны рыцар.
Жыццё у Вільні на карысць пайшло.
Ты — не юнак.

Жыгімонт.

Чаму ж вы гэтак сумна?
Юнак заўсёды робіцца мужчынам,
А вось калі мужчына, як юнак…

Бона. Я не пра тое. Кароль, твой бацька, занядужаў. Лекары кажуць, што заўтра ці пазаўтра трэба чакаць горшага. Надыходзіць час, калі адказнасць за лёс дзяржавы і людзей яе пераходзіць ад бацькі да сына. Да цябе.

Жыгімонт.

Як Бог распарадзіцца. Яго воля.

Бона. Традыцыя нашае дынастыі патрабуе, што кароль павінен узысці на пасад разам з каралевай. Каб сустрэць падрыхтаванымі непазбежнае, я накіравала паслоў да двара Габсбургаў, да імператара Карла…

Жыгімонт. Навошта?

Бона. Прасіць рукі прынцэсы Кацярыны Габсбургскай польскаму каралевічу Жыгімонту… Будучаму каралю Польшчы. Вядома, гэта чыстая фармальнасць, згоду імператара Карла маем даўно. Прызначаны дзень шлюбу.

Жыгімонт.

Калі?

Бона.

Праз месяц. Дай Божа каралю дажыць да гэтае падзеі.

Жыгімонт.

Паслоў вярнуць ніяк ужо не можна?

Бона.

Яны ўжо там. Ці заўтра будуць там.

Жыгімонт.

Тады і я паслом туды паеду.

Бона.

Навошта?

Жыгімонт.

А каб выправіць памылку,
Што ненаўмысна зроблена была.
Бо дурань кожны ў гэтым свеце знае:
Жанаты муж сватоў не пасылае.

Бона.

Дык ты жанаты?

Жыгімонт.

Так.

Бона.

Калі ж
Цябе благаслаўляла я на гэта?
I хто яна?

Жыгімонт.

Барбара…

Бона.

Радзівіл?!
Пачварная літоўская блудніца?!

Жыгімонт.

Ты абражаеш жонку маю, маці.
Мяне таксама. Значыць, і сябе.

Бона.

Якая жонка? Жыгімонт, ты трызвіш!

Жыгімонт.

Я, каралева, абвянчаўся з ёй.

Бона.

Ты абвявчаўся? Без благаславення?

Жыгімонт.

Нас, каралева, Бог благаславіў.
Нас абвянчалі, маці, я жанаты.
Яна мая… мая на ўсё жыццё.

Бона.

Ты пра Радзіму, ты пра Польшчу думаў,
Каго ты на пасад ёй прывядзеш?
Каго?

Жыгімонт.

Яе!

Бона.

Паганую ліцвінку?

Жыгімонт.

Кароль Ягайла быў літоўскім князем.
Ён продак мой, а значыць, я — ліцвін.
Багацце і вышэйшую уладу
Бог шмат каму дае сярод людзей.
Каханне ж — Яго ласка для абраных.

Бона.

На ейным полі пабыло паўкняства!

Жыгімонт.

Ў яе душы нікога не было.
Мне ўсё адно, што кажуць злыя людзі,
Хто быў — тых не было, нікога больш не будзе.

Бона.

Яна цябе, напэўва, апаіла
Чым-небудзь. Гэта зёлкі з іх лясоў!

Жыгімонт.

Я атруціўся, лекараў не трэба!
Дазволь ад шчасця мне памерці.

Бона.

Сын!
Ты разумееш, за табой краіна!

Жыгімонт.

Адна краіна… Там жа ўвесь Сусвет.

Бона.

Спусціся на зямлю!

Жыгімонт.

Навошта, маці?
Шчэ давядзецца быць зямлёю на зямлі!
Размову скончым. Зараз я паеду.
Сватоў да Габсбургаў павінны мы вярнуць.

Бона.

Яны ўжо там! Вярнуць іх немагчыма.
Прынцэса ўжо нявеста для цябе!

Жыгімонт.

Тады я на каленях перад ёй
Скажу: «Ты найцудоўнейшая ў свеце!
I я люблю цябе, як родную сястру,
Ты, можа, прыгажэй, ты лепей за Барбару,
Ды з ёй мая душа, маё жыццё і мары.
Даруй мне, я ні ў чым не вінаваты,
Я не жаніх табе. Прымі мяне як брата».
Бывайце, маці.

(Выходзіць.)

Бона. О, як ён змяніўся, Божа літасцівы! Што гэтая літоўская змяя зрабіла з ім! З ціхага, сціплага, пяшчотнага хлопчыка, які так любіў, калі яго гладзілі па галаве, ён ператварыўся ў нейкую жорсткую, непахісную істоту, якой ніхто… ніхто, апроч гэтай нясвіжскай сучкі, не патрэбны! Яна адабрала яго ў мяне! Яна адабрала яго ў Польшчы! Ён стаў прыгожым… Ён мне нават некага нагадвае… З маленства… Каго? Каго? Не помню… Нешта цёплае… Ласкавае… Жаданае… Ведзьма!!! Ведзьма!! Ведзьма!..

Нясвіж. Парк перад палацам Радзівілаў.

Барбара і Радзівілы.

Радзівіл Чорны.

Навошта Жыгімонт у Кракаў з’ехаў?
Табе вядома?

Барбара.

Захварэў кароль.

Радзівіл Руды.

I ўсё?!

Барбара.

Усё. Паехаў развітацца.

Радзівіл Руды.

А ці не развітаўся ён з табой?

Барбара.

Пра што ты, брат?

Радзівіл Чорны.

Паведамляюць людзі…
Ён з Кракава да Габсбургскай прынцэсы
Раптоўна выехаў.

Барбара.

Нашто?

Радзівіл Чорны.

Прасіць рукі.

Барбара.

Пакінь, мой брат, ды гэта проста смешна.

Радзівіл Руды.

Смех іншым разам і прадвесце слёз.
А калі праўда?

Барбара.

Гэтакая ж праўда,
Як я цяжарная. I вельмі-вельмі хутка
Ад Жыгімовта сына нараджу.
Даўно ўжо ў Вільві чэшуць языкамі.

Радзівіл Руды.

О, калі б так…

Барбара.

Калі б… Было б цудоўна.
Ды толькі Бог нічога не дае…

Радзівіл Чорны.

Так ці не так, а абвяргаць няварта,
Хай чуткі ў Кракаў вецер данясе
Да слыха найяснейшага.

Барбара.

Навошта?

Радзівіл Чорны.

Каб ведалі: нашчадак Жыгімонта
Народзіцца не ў Польшчы, а ў Літве.

Радзівіл Руды.

I яго маці гожая ліцвінка,
А не заморак з Аўстрыі.

Барбара.

Усё!
Мне гэта непрыемна чуць.

Радзівіл Руды.

Барбара!
Ты Жыгімонту верыш?

Барбара.

Ён кахае.
Любоў жа, брат, заўжды вышэй за веру
I за ўсё іншае.

Радзівіл Руды.

Няхай бы так было.
Тут холадна, хадзем, сястра, ў пакоі.

Барбара.

Я пагуляю ў парку яшчэ трошкі.

Радзівіл Чорны.

Чакаем вас.

(Выходзяць.)

Барбара (спявае).

На моры вутачка купалася,
Пакупалася, у бор паляцела,
У барочку шчыранька грачаць стала:
— Дзе ж мае дзетачкі падзяваліся?
Ад майго гняздзечка адчураліся.
Дзе ж мае дзетачкі падзяваліся?
Ад майго гняздзечка адчураліся.

З’яўляецца Мнішак.

Мнішак. О ясная панна! Я вітаю вас і жадаю, каб жыццё вашае было гэткім жа чыстым і звонкім, як ваша песня, але не такім сумным.

Барбара. Дзякую.

Мнішак. Скажыце, цудоўная панна, беднаму вандроўніку, што гэта за краіна?

Барбара. Вы ў Вялікім княстве Літоўскім.

Мнішак. Панна не зразумела. Я хацеў спытацца: не якая гэта краіна, што гэта за дурная краіна? Чаму тут столькі дарог? Адны ростані. Еду гасцінцам на Вільню і раптам тпр-р-р… Адзін шлях проста прама, другі прама і трошкі ўлева, трэці прама і трошкі ўправа, чацвёрты ў левы бок, пяты ў бок правы, шосты назад і ўлева, сёмы назад і ўправа, а восьмым я прыехаў. Стаю, як дурань, і гадаю, а які ж на Вільню? Гэта ж колькі трэба было таптацца па гэтым краі, каб натаптаць столькі дарог. Рымляне зрабілі некалі так, што ўсе дарогі вялі толькі ў Рым… Тут жа ўсе дарогі вядуць к чортавай матары… Дзе я, ласкавая панна?

Барбара. Гэта Нясвіж, да Вільні два дні шляху.

Мнішак. Дзякую магутнаму Богу! Я выехаў з Кракава маладым дзецюком і збіраўся дабрацца да Вільні сівым дзедам. Такая краіна, такая краіна…

Барбара. Вы з Кракава? Што там чутно, скажыце?

Мнішак. Там непагадзь, чароўная панна, непагадзь і ў прыродзе, і ў народзе. Жыгімонт стары доўга памірае, а Жыгімонт малады розуму не мае.

Барбара. Чаму так?

Мнішак. Каралі не павінны доўга паміраць, ад гэтага дзяржава слабее, і ўжо ім зусім не да твару быць закаханымі — ад гэтага дзяржава чмурэе. А ў Польшчы і тое, і гэта. Калі ты надумаўся паміраць, дык памірай на здароўе… Дай народу радасна крыкнуць: «Кароль памёр! Няхай жыве кароль!» Дык не! Каторы год квохча, скрыпіць як… не ведаю што…

Барбара. А ў каго ён закаханы?

Мнішак. Ён закахаўся ў Смерць, а тая круціць хвастом… Ну ты ж кароль! Ды атруціся ты на карысць народа! Для шчасця народнага! Усё адно ж памрэш…

Барбара. Вы казалі, што малады ў некага закаханы…

Мнішак. I гаварыць пра гэта не хачу! Брыдота! Яго маці каралева Бона — італьянка. I паўднёвы тэмперамент усёй Італіі перайшоў да Жыгімонта. Ён з дзяцівства каго бачыць, таго і кахае. Перакахаў усіх фрэйлін яе вялікасці, усіх сваіх выхавальніц і настаўніц… Усе пакаёўкі ў каралеўскім палацы ад яго плакалі… Калі на карову надзець спадніцу — ён пакахае карову. I гэта будучы ўладар Польскай Кароны! Няшчасная краіна!

Барбара. Дык а ў каго ж цяпер ён закаханы?

Мнішак. Цяпер яму, мабыць, надакучылі вытанчаныя полькі і прыгожыя ліцвінкі. Наеўся! Бацька ляжыць на смяротным ложы, а ён едзе сватацца…

Барбара. Да каго?

Мнішак. Да Кацярыны Габсбургскай! Цьфу! Паверце, яснавяльможная панна, там няма на што глядзець, ды хіба яго зразумееш? Для яго іншым разам пакаёўка — каралева, каралева — пакаёўка. Закахаўся! Піша вершы! Захацелася аўстрыячкі! Дзе ж гэта бачна, каб жаніх сам… сам паехаў прасіць рукі… Кажа, стану на калені перад ёй і буду стаяць да таго часу, пакуль не дасць згоду быць маёй жонкай.

Барбара. Вы гэта самі чулі?

Мнішак. Гэта чулі ўсе прыдворныя і ведае ўся Польшча. Каралева Бона залівалася слязьмі, маліла не рабіць гэтага, бо вяселле з хаўтурамі ніхто не ладзіць адначасова, ды хіба маладога жарабка зацугляеш? Паехаў! Чароўная панна! Калі да вас будуць сватацца, не давайце згоды італьянцу. Народзіцца сын ці дачка з тэмпераментам Жыгімонта, і ўсё жыццё будзеце пакутаваць з імі. Трэба ехаць далей. Два дні, кажаце, да Вільні?

Барбара. Два дні.

Мнішак. Неяк даеду. Вам не даводзілася, чароўная пана, рабіць у жыцці тое, што вы ніколі не збіраліся рабіць? Мне давялося… За Бярэсцем на дарогу з ляснога гушчару выйшаў кудлаты сівы вяшчун. Пытаецца: «Ці не мае пан жадане мець сродак, каб марудна-марудна памерці?» Я кажу: «Такі сродак я маю, бо гэта маё ўласнае жыццё, і я тое і раблю ад нараджэння, што марудна паміраю». Кажа: «Калі жыццё ваша параўнаць са свечкай, то пасля таго, як гэта вып’еце, застанецца малюсенькі агарачак. Праз паўгода згаснеце ціха, непрыкметна і без пакут. Ніхто не ведае часу свайго, а вы будзеце ведаць». I ведаеце, чароўная панна, я купіў. Я аддаў гэтаму ведзьмаку ўсе грошы, што браў на дарогу, вось за гэтую бутэлечку. Зараз праклінаю сам сябе: нашто мне гэтая атрута? Далібог, ачмурэнне нейкае найшло… Не збіраюся ні сам піць, ні векага частаваць… Бачылі дурня? Ад Бярэсця еду галодным, бо не маю за што купіць кавалка хлеба… ці жменю аўса для каня. А яшчэ да Вільні два дні…

Барбара.

Вунь стайня, адвядзіце туды коней,
Пасля прыходзьце да мяне ў палац.
Мы разам павячэраем, і вы
Раскажаце пра Кракаў падрабязна.

Мнішак.

О, дзякуй вам! Чым толькі адплаціць
Змагу я панне за такую ласку? Ну, не атрутай жа…

Барбара.

Не, шчыраю размовай. Чакаю вас.
Мнішак кланяецца і выходзіць.
Не веру, а бывае…
Калі ў вадзе чысцюткай, як сляза,
Жыве хвароба страшная. I мёдам
Салодкім можна проста атруціць…
Каханы мой! Няўжо ўсё гэта праўда?!
Няўжо цяпер душой ты не са мной?
Ад усяго я ў гэтым свеце збегла,
Альбо з табою ў рай, альбо адной у пекла.

Кракаў. Каралеўскі палац. Пакоі каралевы Боны.

Уваходзяць каралева Бона і Радзівілы.

Радзівіл Чорны.

Мы дзякуем вам шчыра, каралева,
Што вы ў такі для вас нялёгкі час
Змаглі прыняць нас.

Бона.

Слухаю.

Радзівіл Чорны.

Кароль як?

Бона.

Надзеі, князь, ужо зусім няма,
Наш уладар паўстане перад Богам
Не сёння заўтра.

Радзівіл Чорны.

Літасцівы Бог!
Прымі свайго пакорлівага служку
Ласкава. I занадта не судзі.

Бона.

Я слухаю.

Радзівіл Чорны.

У Кракаў нас прыслалі
Два абавязкі: перад сваім родам
I перад каралеўскаю сям’ёй.

Бона

Я слухаю.

Радзівіл Чорны.

Адкрыць я тайну мушу.
Наша сястра і сын ваш Жыгімонт
Каханнем моцна звязаны.

Бона

Няўжо?

Радзівіл Чорны.

Паверце, я хацеў гэта спыніць. Сястра яму не пара.

Бона

Гэта праўда.

Радзівіл Руды.

Але яна й не цацка для забавы.
Род Радзівілаў — самы годны род
Ў Вялікім княстве.

Радзівіл Чорны.

Я зрабіў усё.
Усё, што толькі мог, каб перашкодзіць
Ім сустракацца.

Бона.

Ну і урэшце што?

Радзівіл Чорны.

Ды іх нядаўна тайна павянчалі!

Бона.

Што, гэта праўда?

Радзівіл Чорны.

Праўда, каралева.
Я з тым плябанам сам размову меў!
Ён іх вянчаў па просьбе Жыгімонта.

Радзівіл Руды.

Ці па загаду.

Бона

Гэта можа быць.
Ды толькі ўсё, што робяць па-зладзейску,
Употайкі, цішком — не трэба Богу,
А значыць, непатрэбна будзе ўсім!
Я гэты шлюб ніколі не прызнаю.
I Польшча не прызнае! I касцёл!
Бо з прынцам можна ўпотайкі кахацца,
Ды толькі нельга ўпотайкі вянчацца.
Ён не жаўнер, а будучы кароль,
I жэніцца ён з Габсбургскай прынцэсай.

Радзівіл Руды.

Яна чакае ад яго дзіця.

Бона (паказвае Радзівілам аркуш).

Вось спіс каханкаў вашае сястры,
Усіх каханкаў пасля смерці мужа,
Калі ў ім праўды толькі напалову…
Што напалову! Толькі адна чвэрць.
Ёй пазайздросціць можа куртызанка.

Радзівіл Чорны.

Няпоўны спіс. Дадайце свайго сына,
Ён у яе не першым быў, але
Ён у яе апошні, каралева!
Апошні самы!

Бона.

У яе гады
Занадта рана ў гэтым ставіць кропку.
Яшчэ ўсё будзе.

Радзівіл Руды.

Не, ужо не будзе.
Ёй без яго не жыць. Яна памрэ!

Бона.

Каб ад кахання людзі паміралі,
Ўсе гарады даўно б пустымі сталі.

Радзівіл Чорны.

Каханне проста не даецца людзям,
Адзін агнём гарыць, другі яго астудзіць.
Шчаслівы той, хто некалі кахаў,
Бо ад яго дабрэйшым свет наш стаў.
А спіс складалі, каралева, людзі.
Галоўны спіс яшчэ у Бога будзе.

Радзівіл Руды.

I можа, нехта, што тут свята жыў…
Больш за Барбару нават награшыў.
I не паперка будзе! Цэлы стос!
Блудніцы ж дараваў Ісус Хрыстос.

Бона. Я штодня чытаю Святое Пісанне… Хрыстос сапраўды дараваў Марыі Магдаліне. Але пасля гэтага яна ўсё жыццё плакала, клялася і маліла Бога ёй дараваць, а не села на каралеўскі пасад, каб быць для людзей прыкладам высакароднай жанчыны і маці народа,

Радзівіл Руды. Сястра не хоча быць каралевай. Яна хоча кахаць і быць каханай.

Бона. А сын мой хоча ці не хоча, а павінен быць каралём Польшчы! I побач з ім будзе жанчына, якую ні ў чым… ні ў чым не змогуць папракнуць ні Бог, ні людзі. З вышэйшых асоб, асоб царскага роду людзі бяруць прыклад ва ўсім. Вы жадаеце, каб маладыя жанчыны Кароны жылі па прыкладу сястры вашае? Думаю, што вы гэтага не жадаеце.

Радзівіл Чорны. Мне даражэй той, хто сваю хворую душу вылечыў…

Бона. Вы пра сваю сястру?

Радзівіл Чорны.…А не той, хто здаровую душу прымусіў захварэць… А ў асоб царскага роду гэта часцей за ўсё і бывае.

Бона. Князь!

Радзівіл Чорны.

Цнатлівасць часам на пасад садзіцца.
А пройдзе час, і ўжо сядзіць блудніца.
Сястра народзіць сына Жыгімонта,
Пра гэта ведаюць і ў Польшчы і ў Літве.

Радзівіл Руды.

Хай сын ваш жэніцца, але няхай і знае,
Што у яго ў Літве нашчадак падрастае.

Радзівіл Чорны.

Цалуем вашы рукі, каралева…
Радзівілы кланяюцца і выходзяць.

Бона.

Ліцвіны каралеве пагражаюць,
I зброяй лічаць грэшную сястру,
Яна ў жыцці кахала шмат мужчын,
Ну, а ў мяне быў толькі родны сын,
Жывая краска на стаптанай пожні,
Ён у мяне і першы, і апошні.

(Гукае.)

Пан Мнішак!

З’яўляецца Мнішак.

Мнішак.

Я слухаю ўсім сэрцам каралеву.

Бона.

Ну, як адбыўся ваш ваяж у Вільню?

Мнішак. О, найяснейшая каралева, гэтым разам я толькі змог дабрацца да Нясвіжа. Нейкі літоўскі вядзьмар з пушчы прымусіў мяне купіць у яго бутэлечку атруты. Нашто яна мне была?! Даю слова гонару, ён зачараваў мяне, і я, зачараваны, аддаў яму ўсе грошы, што браў з сабой на дарогу… Усе сто дукатаў!

Бона. Колькі?

Мнішак. Дзвесце. Ну дык вось: узяўшы мае трыста дукатаў, ён аддаў мне малюпасенькую бутэлечку. Калі яе выпіць, роўна праз шэсць месяцаў, дзень у дзень, гадзіна ў гадзіну, аддасі Богу душу… Вы чулі? Ну, ці варта было за гэтую дрэнь аддаваць чатырыста дукатаў? Дапусцім, я з’ехаў з глузду і выпіў гэтае зелле. Чакаю, каб роўна праз шэсць месяцаў, гадзіна ў гадзіну, аддаць канцы. А калі мне раней камень на галаву зваліцца ці ліхаманка якая прычэпіцца, і я памру раней… За што ж тады я аддаў свае пяцьсот дукатаў?! Калі Бог хоча пакараць чалавека — перш-наперш пазбавіць розуму… Я ехаў галодны, а, уяўляеце, як бы я мог пагуляць за гэтыя шэсцьсот дукатаў? Дзякуй Богу, я неяк дабраўся да Нясвіжа, і сястра нясвіжскага князя (дай Бог ёй дабра і усялякай радасці), даведаўшыся, што я па дурноце сваёй згубіў семсот дукатаў, ласкава прыняла мяне, накарміла, напаіла і нават дала грошай на дарогу.

Бона. Колькі?

Мнішак. Два дукаты. Але што… што гэтыя два дукаты ў параўнанні з тымі васьмістамі, што гэты пушчанскі змей выцыганіў з мяне. Больш таго, ад’язджаючы, я забыўся ў ласкавай панны гэтую гадасць, гэтую атруту на стале… Не дай Бог яна вып’е яе!

Бона. Хіба вы не папярэдзілі яе?

Мнішак. Як можна, найяснейшая каралева, як можна! Канечне, папярэдзіў. Усё расказаў. I пра шэсць месяцаў, і пра тое, што аддаў за бутэлечку аж дзевяцьсот дукатаў гэтаму ваўкалаку з пушчы.

Бона (падае кашэль). Вось тысяча дукатаў. Наперад будзьце разумнейшымі, калі сустракаеце чараўнікоў. I пра гэта… не варта нікому расказваць…

Мнішак. О, што вы, каралева?! Як можна. Хіба сабе я вораг? Хіба я хачу, каб над маёй дурнотай насміхаліся людзі? Слова говару, я пра гэта забыўся і ніколі не ўспомню. Нават на споведзі.

Бона.

Няхай мне падрыхтуюць экіпаж.

Мнішак.

Куды паедзе каралева?

Бона.

У Вільню!

Вільня. Палац Барбары Радзівіл.

Уваходзіць Барбара.

Барбара.

Паехаў ты, і добрае усё
З табою з Вільні з’ехала таксама.
Змрок надышоў, і холадна паўсюль.
Завялі ружы, і камін не грэе,
I сад ля замка сумны. I пусцее.
Цябе я, любы, ўдзень і ўночы сню,
Балюча слухаць пра цябе хлусню.
Пачуй здалёку голас сэрца мой,
Прыйдзі. Прыйдзі хутчэй! I супакой.

Уваходзяць Радзівілы.

Радзівіл Чорны.

Мы з Кракава.

Барбара.

I што там?

Радзівіл Руды. Жыгімонт, парушыўшы ўсе межы прыстойнасці… сам… сам паехаў сватацца да Габсбургаў!

Барбара.

Гэта няпраўда!

Радзівіл Чорны.

Праўда! Пра гэта пляткарыць уся Польшча!

Радзівіл Руды.

Ён каралеве-маці гаварыў:
Прынцэса найцудоўнейшая ў свеце!
Яе ён любіць! Будзе на каленях
Прасіць яе рукі. Бо ён кахае!
Цябе учора. Сёння ўжо яе!

Барбара.

Няпраўда гэта.

Радзівіл Руды.

Праўда!

Барбара.

Сэрцам чую…
Ён мне не здрадзіў… Ён душою тут.

Радзівіл Руды.

Было б найлепш, калі б ён быў тут целам.
Ты… не цяжарная? Нам шчыра адкажы.

Барбара.

Мы ўжо раней пра гэта гаварылі.

Радзівіл Руды.

Ты ўпэўнена?

Барбара.

Мне не дванаццаць год.

Радзівіл Чорны.

Але чаму?

Барбара.

Не ведаю! Напэўна,
Бог у жыцці не дасць яму дзяцей.

Радзівіл Чорны.

Дык што, карона будзе без нашчадка?

Радзівіл Руды.

Барбара… ты павінна нарадзіць…

Барбара.

Ды як?

Радзівіл Руды.

Як хочаш. У яго
Дзіця ў Вялікім княстве застанецца.
А ў Кракаве ніводная прынцэса
Яму яго ніколі не народзіць.
Барбара… Ты павінна нарадзіць!

Барбара.

Ды ад яго дзіця ў мяне не будзе!

Радзівіл Руды.

Было б дзіця… Няхай не ад яго…

Барбара.

А ад каго… яшчэ?.. Што ты гаворыш!?
Мне, значыць, трэба з некім… Божа мойі
Я, мабыць, сплю цяпер… Але так брыдка.
Што зараз я прачнуся…

Радзівіл Чорны.

Пачакай!
Даўным-даўно чароўная Юдзіф,
Ратуючы народ ад асірыйцаў,
Сама пайшла на ложа Алаферна,
Прыспала ваяводу і мячом,
Яго ж мячом адсекла галаву.
Пазбавіла свой горад ад чужынцаў.
Табе ж не трэба будзе забіваць.
А толькі даць жыццё! I даць Літве надзею!

Радзівіл Руды.

Мы столькі часу стогнем пад Каронай,
З часоў Ягайлы. А твой родны сын…
Узыдзе на пасад! I будзе ён ліцвін!
I княства наша стане каралеўствам.

Барбара.

Пакінь мяне!

Радзівіл Руды.

Здараецца такое…
На трыста год адзіны толькі раз,
Ліцвіны пра цябе складуць паданні.

Барбара.

Як я пачварва здрадзіла каханню?!
Куды мяне ты клічаш, родны брат?
Ды ты вар’ят! Вар’ят! Вар’ят! Вар’ят.
Ты з д’яблам пад руку цяпер ідзеш,
Сястру сваю, як дзеўку, прадаеш!

Радзівіл Руды.

Твой абавязак…

Барбара.

Ён — мой абавязак!

Радзівіл Руды.

Твая Радзіма…

Барбара.

I Радзіма ён!
Брат! Бацька! Бог! Увесь-увесь Сусвет!
Сыдзіце з воч! Нямілы белы свет!..

Радзівіл Чорны.

Ты супакойся і падумай добра…

Радзівіл Руды.

На свеце можна ўсім ахвяраваць,
Калі Радзіму трэба ратаваць.

Радзівіл Чорны.

Бывай, сястра…

(Выходзяць.)

Барбара.

Бывай, о людзі, людзі!
Шануюць тых, хто і ў граху, і ў брудзе.
Калі ж ты вырашыў на светлы шлях звярнуць,
Імкнуцца зноўку ў пекла зацягнуць.
Прыйдзі, каханы мой, прыйдзі хутчэй!
Мне страшна! Я хачу тваіх вачэй.

Уваходзіць каралева Бона ў чорным вэлюме.

Адкуль вы тут?
Бона падымае вэлюм.
О Божа! Каралева…

Барбара апускаецца на калені.

Бона. Устаньце, дзіця маё… Гэта не вы, а я павінна апусціцца на калені і маліцца… Маліцца таму высокаму пачуццю, якое даў вам Бог ці то ва ўзнагароду, ці на выпрабаванне.

Барбара. О, светлая каралева…

Бона. Мой сын кахае вас… Кахае глыбока, шчыра, самаахвярна… Кахае так, як не могуць… і не павінны кахаць намеснікі Бога на зямлі… Яго душа разрываецца паміж вамі і святым абавязкам дзяржаўнага мужа перад Айчынай… Перад Польшчай… Венцаносныя асобы ніколі не зведаюць шчасця з тым, каго кахаюць… Дзеля карысці дзяржавы яны мусяць цярпець… цярпець на сваім ложы… нялюбых, нямілых… і мець ад іх дзяцей… Вы ж ведаеце, колькі намаганняў, колькі часу патрэбна, каб з’явіўся нашчадак прастола… Ва ўсіх каралеўствах гэта страшная праблема… I ведаеце чаму? Каля трона не жыве каханне… А без кахання дзеці цяжка нараджаюцца… Ой, як цяжка… Паверце, я гэта ведаю… А калі і народзіцца, дык хваравіты, кволы, худасочны… Па ўсёй Еўропе на пасадах сядзяць убогія… Тыя, хто народжаны не ад кахання… I яны змушаны дзеля дзяржаўных інтарэсаў нараджаць сваіх дзяцей з нялюбымі… Выраджэнне, заняпад…

Барбара. Гэта праўда, што каралевіч Жыгімонт сам… сам паехаў да Габсбургскай прынцэсы Кацярыны?

Бона. Гэта праўда.

Барбара. Гэта праўда… даруйце, каралева, гэта праўда, што ён збіраецца стаяць перад ёй на каленях і казаць, што яна найцудоўнейшая ў свеце і што ён яе любіць…

Бона. Праўда, дзіця маё… Я магу пакляспдся на Бібліі… Тым, хто служыць народу, сваёй Айчыне, амаль ніколі не даводзіцца казаць тое, што ён думае, і рабіць тое, што хоча… Абавязак… Лёс…

Барбара. Чым я магу аддзячыць сваю каралеву за той гонар, які…

Бона (перапыняе). Мой тайны візіт да вас — гэта клопат пра будучага караля Польшчы, пра свайго сына… I ў гэтым я таксама магу паклясціся на Бібліі…

Барбара. Я слухаю сваю каралеву і зраблю ўсё, што яна мне загадае…

Бона. О, даруйце мне, мая прыгожая дзяўчынка… Я ехала ў Вільню, спадзеючыся сустрэць халодную драпежніцу, якая шукае сваёй выгады… а сустрэла… Вы кахаеце каралевіча?

Барбара. Мне добра тады… калі яму добра… Калі яго вочы свецяцца радасцю. Я… адчуваю сябе на нябёсах… Бог не даў мне дзетак, але я ведаю, як іх любяць. Маці памрэ, калі гэта спатрэбіцца яе дзіцяці.

Бона. Вы кахаеце.

Барбара. Вы прыехалі загадаць мне, каб я больш не бачылася з каралевічам?

Бона. Не. Гэткай пакуты ні ён, ні вы не здолееце стрываць. Я прашу вас прыбыць да двара яго каралеўскай мосці.

Барбара. Навошта?

Бона. Каб стаць маёй фрэйлінай.

Барбара. А яго высокасць ажэніцца з аўстрыйскай прынцэсай?

Бона. Так.

Барбара. Але ж… мы з яго высокасцю павянчаныя…

Бона. Святая царква ніколі не прызнае гэты шлюб… Як жанчына, як маці, я прызнаю… Уся Польшча не прызнае! Душа Жыгімонта разарвецца паміж вамі і Польшчай… Пашкадуйце яго, Барбара…

Барбара. Што… мне… рабіць?

Бона. Даць згоду быць маёй фрэйлінай. Вы будзеце штодзень бачыць караля, ён будзе бачыць вас… А я здолею паклапаціцца пра вашае дзіця.

Барбара. Я не маю дзяцей…

Бона. Я пра таго, хто будзе…

Барбара. У мяне дзяцей не будзе…

Бона. Вы ўпэўнены?

Барбара. Мне не дванаццаць год.

Бона. Я ўсё адно чакаю вас. Бывайце. (Выходзіць.)

Барбара (адна).

Я — фрэйліна… Я — фрэйліна… Быць побач.
I быць далёка ад цябе… О, не!
Такой пакуты не знайсці і ў пекле,
Я — побач, побач, іншая ж цябе
Цалуе, лашчыць.
Божа! Божа! Божа!
Пякельны жах з маёй душы здымі,
Даруй ты мне… і грэшную прымі…
Баль адшумеў, і ціша навакол,
У чорным небе дрэмле ясны месяц,
Абліты цьмяным срэбрам лес і дол,
I болей не чутно птушыных песень.
Усімі зоркамі мяне цалуе ноч,
Ласкавы ветрык лашчыць, лашчыць грудзі,
I гладзіць цемра мне павейкі воч…
Я зведаю… чаго не зведаць людзям.

Адкаркоўвае бутэлечку, што пакінуў Мнішак, і выпівае.

Кракаў. Каралеўскі палац.

Жыгімонт і Бона.

Бона.

У Польшчы яшчэ слёзы не прасохлі
Пасля нядаўняй смерці караля,
А ты ірвешся ў Вільню?

Жыгімонт.

Так, да жонкі.

Бона.

Яе ніхто ніколі не прызнае
Як тваю жонку. Гетман гаварыў,
Што лепш на троне бачыць Сулеймана,
Скарыцца туркам, чым тваёй…

Жыгімонт.

Маўчыце!
Я ад яе не адступлюся, нават
Хай будзе свет увесь супроць яе!

Бона.

Сенатары і біскупы даводзяць,
Што ты абразіў іх, абразіў Польшчу,
Што ганьба — выбар твой для іх усіх…

Жыгімонт.

Я ў жонкі ім яе не прапаную!
Не прымушаю іх яе любіць.
Але Барбара будзе каралевай,
Таму што муж яе цяпер — кароль!

Бона.

Я не прыеду на каранаванне.

Жыгімонт.

Згадайце, што гаворыцца ў Пісанні:
«Ад бацькі, маці трэба адысці
I ўсёй душой да жонкі прырасці».
I гэта для людзей любога звання,
Грэх страшны быць з жанчынай без кахання.

Бона.

Ды ад цябе адвернецца ўся Польшча!

Жыгімонт.

Я адвярнуся ад яе і сам!
Мне Польшча без Барбары не патрэбна!
Хай ведае і канцлер, і сенат,
Усе, хто пасылае ёй праклёны,
Я лепей адракуся ад кароны,
Чым ад яе. I з’еду у Літву.
А Польшча караля хай выбірае
З тых, у каго душы няма, хто не кахае…
Хто мне не вораг, той яе прызнае.
А не прызнаюць нелюдзі і злыдні!
Каранаванне будзе праз два тыдні.
Бывайце, каралева.

Выходзіць.

Бона.

Ён за яе да смерці будзе біцца,
Выйсця няма. Даводзіцца… скарыцца.
О жорсткі лёс! Няслава ўсёй Кароне.
О страшны сон! Ліцвінка ўжо на троне.
Пан Мнішак!

Уваходзіць Мнішак.

Мнішак. Слухаю, мая каралева…

Бона. Вам належыць неадкладна выехаць у Літву і выправіць сваю памылку.

Мнішак. Якую памылку, каралева?

Бона. Мне сасніўся нядобры сон… Як быццам пушчанскае зелле, якое вы незнарок пакінулі ў Нясвіжы, выпіла маленькая дзяўчынка…

Мнішак. Калі каралева сніла сон?

Бона. Сёння ноччу.

Мнішак. Сны ў ноч на нядзелю ніколі не спраўджваюцца.

Бона. Тым не менш у мяне неспакойна на душы… Выязджайде зараз жа.

Мнішак. Я паеду зараз жа, забяру гэтую бутэлечку і дзе-небудзь закапаю яе ў лесе.

Бона. Грэх закопваць смяротнае зелле ў зямлю. Прывязіце яе сюды…

Мнішак. Слухаю, каралева…

Нясвіж. Палац Радзівілаў.

Жыгімонт і Радзівілы.

Жыгімонт.

Я толькі з Вільні. Мне сказалі ў замку…
Барбара пераехала да вас?

Радзівіл Чорны.

Так, тут яна, ды бачыць вас не хоча.

Радзівіл Руды.

Я не хачу, каб бачыліся вы.

Радзівіл Чорны.

Даруйце нам, даруйце нашу дзёрзкасць.

Жыгімонт.

Я вам ужо аднойчы дараваў,
Хай будзе так. I гэты раз дарую.
Дзе мая жонка?

Радзівіл Руды.

Я вас не пушчу!

Жыгімонт.

Я ваш кароль.

Радзівіл Руды.

Яна — мая сястра,
Якая з вашай ласкі захварэла.

Жыгімонт.

Што з ёю?

Радзівіл Руды.

Ды цяжэй няма хваробы,
Калі душу параніць.

Жыгімонт.

Дзе яна?

Радзівіл Чорны.

Ваша вялікасць, я прашу…

Жыгімонт.

Мне што,
Паклікаць стражнікаў, каб вас яны звязалі?
Барбара дзе?!

Уваходзіць Барбара.

Барбара.

Пакіньце нас, прашу…

Радзівілы выходзяць.

Жыгімонт.

Барбара, любая!

Барбара.

Скажыце мне, кароль…
Як ваша найкаштоўнае здароўе?

Жыгімонт.

Ужо цудоўна!

Барбара.

Я надзвычай рада.
Калі ваш шлюб?

Жыгімонт.

Ды роўна праз два тыдні.

Барбара.

Мне загадаеце да Вавеля прыбыць?

Жыгімонт.

Малю! Прашу! Прашу і загадаю,
Бо я на гэта трошкі права маю.

Барбара.

Вядома, мой кароль…

Жыгімонт.

Вы нездаровы?

Барбара.

Так… Глупства… Пройдзе…

Жыгімонт.

Лекараў прыслаць?

Барбара.

Не трэба, мой кароль, я… я прыеду
На цырымонію…

Жыгімонт.

Я гэта добра ведаў.
Бо як жа можна нарадзіць дзіцяці,
Калі няма ці бацькі, ці то маці.
I не бывае ў свеце шлюбных фэстаў,
Калі жаніх памёр альбо няма нявесты…

Барбара.

Якой нявесты?

Жыгімонт.

Вам напраўду дрэнна…
У ложак хуценька! Мне жонка не патрэбна
Нядужая. А ў Польшчы каралева
Павінна быць прыгожай і здаровай.
У хуткім часе будуць нас каранаваць,
А гэты здзек не проста так стрымаць.

Барбара.

Мяне? Каранаваць?

Жыгімонт.

Каго ж яшчэ?
Вы — мая жонка. Значыць, каралева.

Барбара.

Дык вы не жэніцеся?

Жыгімонт.

З кім жа мне жаніцца?
Калі вы здольная яшчэ раз нарадзіцца,
Тады яшчэ раз ажанюся я.

Барбара.

Ці не казалі вы, што любіце прынцэсу?

Жыгімонт.

Казаў. Люблю, як родную сястру.

Барбара.

Лепш за яе нідзе на белым свеце…

Жыгімонт.

I прыгажэй не будзе і няма,
Ды гэтага ніколі я не ўбачу,
Бо ў сэрцы вы.

Барбара.

Яе вы цалавалі?

Жыгімонт.

Яна сама мяне пацалавала
I пажадала шчасця мне і вам:
«Жывіце доўга, смерць сустрэньце разам.
Каханне Бог вам даў, дык не згубіце часам».

Барбара.

Я — грэшніца!

Жыгімонт.

Што з вамі, каралева?
Я вас пакрыўдзіў, можа, незнарок?

Барбара.

Я — грэшніца, я — грэшніца, о Божа!
За самую пачварную хлусню
Страшней недагавораная праўда.

Жыгімонт.

Я ўсё вам расказаў! Ды не, яшчэ не ўсё!
Яна падаравала вам пярсцёнак.
Ён цудадзейны! Гоіць добра раны!

Барбара.

Я — грэшніца… Даруй мне, мой каханы.

Падае на рукі Жыгімонту.

Жыгімонт.

Сюды, сюды! Ёй дрэнна! Памажыце.

Выносіць Барбару на руках. З’яўляецца Мнішак.

Мнішак. Каралева сказала, што бачыла свой сон у ноч перад нядзеляй. Самай занюханай знахарцы вядома, што гэтыя сны спраўджваюцца толькі да апоўдня, у тую ж нядзелю, перад якой быў сон. Калі ён спраўдзіўся, дык беднай дзяўчынцы нічым не дапаможаш — хай яна будзе свае апошнія паўгода шчаслівай. Калі да апоўдня маю бутэлечку ніхто не чапаў, дык сон каралевы быў пустым і нічога нікому не пагражае. I ў тым выпадку, і ў тым няма сэнсу шукаць гэтую бутэлечку. Гары яна гарам! Але ж каралева запатрабавала, каб я яе абавязкова прывёз. Дык што з таго? На гэтай зямлі столькі атруты, столькі гадасці, знайду я што-небудзь і для каралевы. Тады чаго ж я сюды прыязджаў? Нясвіж! Палац Радзівілаў. Файныя мясцівы… Чаму б не прыехаць?

Кракаў. Кафедральны сабор.

Жыгімонт і Барбара у каранацыйных уборах.

Жыгімонт.

Прымі нас, Уселітасцівы Божа…

Барбара.

Прымі як непадзельнае — Адво…

Жыгімонт.

Прымі як непадзельнае — Адно…

Барбара.

Прымі нас, Уселітасцівы Божа…

Жыгімонт.

Адна Душа, адно Жыццё і Кроў…

Барбара.

Бог ёсць Любоў, і мы цяпер — Любоў…

Жыгімонт.

Бог ёсць Любоў, і мы цяпер — Любоў…

Барбара.

Адна Душа, адно Жыццё і Кроў…
Няхай Твой грозны гнеў нікога не кране,
Даруй усім, і ўжо апошняй мне.

Жыгімонт.

Барбара, што з табой?

Барбара.

Бывай, мой любы…

Жыгімонт.

Чаму бывай?

Барбара.

Я — грэшніца…

Жыгімонт.

Ніхто…
Няма нікога без граху на свеце,
Каханне наша ўсё нам даравала.

Барбара.

Я злу паверыла і грэшнай болей стала,
I не зямны, нябёсаў строгі суд
Абвесціць справядлівы свой прысуд…
Мой любы, ты даруй мне…

Жыгімонт.

Я кахаю…
I не аддам!

Барбара.

I мне не трэба раю…
Ніколі ад цябе не адыду.
Нават тады, калі ў нябыт сыду…

Частка трэцяя

Вечнасць

Нясвіж. Лета 1551 года. Парк перад палацам Радзівілаў.

Ноч. Мнішак і Радзвілы.

Мнішак.

А каралю з Нясвіжа трэба з’ехаць.
I тэрмінова.

Радзівіл Чорны.

А чаму?

Мнішак.

Чаму?
Мы трошкі загуляліся з чарцямі,
I пратапталі сцежку на той свет.
Яна па гэтай сцежцы і прыходзіць,
I па Нясвіжы ходзіць, ходзіць, ходзіць…

Радзівіл Руды.

Ды хто яна?

Мнішак.

Сястра ваша! Барбара!
Я тыдзень па начах ужо не сплю
I Бога, хоць не веру, а малю,
Каб заступіўся. Чуеце? Ізноў
Рыданні, стогны, плач у вашым парку.

Радзівіл Руды.

Ды гэта вецер…

Мнішак.

Гэтак галасіць
Не можа вецер! Гэта здань Барбары…
Яе кароль так клікаў апантана.
Яна і прыляцела… нечакана…

Радзівіл Чорны.

А мо дзіця якое ў парку плача?..

Мнішак.

Квязь, не і не! Я сёння сам убачыў!

Радзівіл Руды.

Каго?

Мнішак.

Каго-каго! Каго ж яшчэ? Барбару…
У тым баку… Вунь там. Паміж трох ліп.

Радзівіл Руды.

То, можа, гэта Бжэнка?

Мнішак.

Не, не Бжэнка!
Яна была са мной… каля мяне…
А тая… калыхалася ў паветры!
Ў адзенні чорным і… плыла між дрэў!
Калі дзяўчо ад жаху закрычала,
Дык тая ўсхліпнула вось так во… і прапала.
Па мне й цяпер цячэ халодны пот,
I сэрца закацілася ў жывот.

Радзівіл Чорны.

Дзе ўсе было?

Мнішак.

Вунь там вунь.

Радзівіл Руды.

Пакажыце.

Выходзяць. З’яўляецца Жыгімонт.

Жыгімонт.

Заснуць бы так, каб не прачнуцца зноў,
Бог ёсць Любоў… Бог ёсць Любоў…
Сысці ў нябыт, як бы прыйсці дамоў,
Бог ёсць Любоў… Бог ёсць Любоў…
I ў спёку холадна, аж стыне ў сэрцы кроў,
Бог ёсць Любоў… Бог ёсць Любоў…
Пакута вечная, як кара ўсіх багоў,
Бог ёсць Любоў… Бог ёсць Любоў…

З’яўляецца Бжэнка.

Бжэнка. Ваша вялікасць! Я прашу вас: адпусціце мяне! Мне страшна… Лепей ужо ў манастыр! Лепей куды заўгодна… толькі не тут… Я… Я не магу… Я баюся! Яна мяне задушыць, а за што? Хіба я вінаватая, што падобная на яе?.. Я ёй нічога дрэннага не зрабіла… Мне страшна… Мне страшна, калі вы гледзіце на мяне… Мне страшна, калі вы датыкаецеся да мяне… Мне страшна, калі вы цалуеце мяне… Мне здаецца, што мяне цалуе… нябожчык… Мярцвяк!

Уваходзіць Радзівіл Руды.

Радзівіл Руды.

Ваша вялікасць! Мнішак утапіўся!
Ён нешта страшнае заўважыў
Сярод дрэў
I бегчы кінуўся…
Там сажалка… Ён скочыў!
I каменем на дно. Ўсё, не дастаць.

Выходзіць.

Бжэнка.

Я жыць хачу!!! Не саграшу ніколі!
Маліцца буду вечна за яе!
Я выйду замуж, калі нехта возьме!
За што?! За што? За што ёй помсціць мне?
Я перад ёй ні ў чым не вінавата! Я не сама…
Мяне сюды прывезлі! I загадалі, каб любіла вас…
Замест яе… Не давядзі Гасподзь! Любіць вас…
Лепей брыдкая пачвара,
Любы страшыдла, чымсьці вы, кароль!
Адпусціце мяне…

Жыгімонт. Супакойся, дзяўчынка… Заўтра цябе адвязуць да бацькі ў Кракаў…

Бжэнка. Не! Я пайду сёння… Пешкі пайду… Гэта дурное месца! Гэта Нясвіж! Калі я застануся тут хоць яшчэ на адну ноч… Яна мяне задушыць… Адпусціце… Я прашу вас, адпусціце мяне… зараз…

Жыгімонт. Як хочаш… Я загадаю, каб табе далі грошай…

Бжэнка. Не трэба!

Жыгімонт. Як хочаш. Бывай.

Бжэнка. Дзякуй, ваша вялікасць… Хай вас Бог прылашчыць у вашым адчаі і горы… Дазвольце руку пацалаваць… свайму каралю… Толькі як каралю…

Цалуе руку Жыгімонта.

Жыгімонт. Праспявай мне на развітанне і… бывай.

Бжэнка (спявае і адначасова адыходзіць).

На моры вутачка купалася,
Пакупалася, у бор паляцела,
У барочку шчыранька грагаць стала:
— Дзе ж мае дзетачкі падзяваліся?
Ад свайго гняздзечка адчураліся.
Дзе ж мае дзетачкі падзяваліся?
Ад свайго гняздзечка адчураліся.

З’яўляецца Чорная Панна.

Чорная Панна.

Хадзі сюды, хадзі сюды, каханы…

Жыгімонт.

Памерла ты, і я з табой забраны,
Журба — мая дзяржава, мой прастол,
Змрок на душы, як у асеннім лесе.

Чорная Панна.

Баль адшумеў, і ціша навакол.

Жыгімонт.

Каханая…

Чорная Панна.

У чорным небе дрэмле ясны месяц.

Жыгімонт.

Барба-а-а…

Чорная Панна.

Абліты цьмяным срэбрам лес і дол.

Жыгімонт.

Любая…

Чорная Панна.

I болей не чутно птушыных песень.

Жыгімонт.

Родная…

Чорная Панна.

Усімі зоркамі мяне цалуе ноч.

Жыгімонт.

Адзіная…

Чорная Панна.

Ласкавы ветрык лашчыць, лашчыць грудзі…

Жыгімонт.

Не пакідай мяне…

Чорная Панна.

I гладзіць цемра мне павейкі воч.

Жыгімонт.

Не пакідай…

Чорная Панна.

Я зведаю… чаго не зведаць людзям.

Жыгімонт.

Не пакідай…

Знікаюць у цемры.

Ад аўтара

Літоўская прыгажуня Барбара Радзівіл была каранавана як каралева Польшчы ў снежні 1550 года. Роўна праз паўгода, 8 мая 1551 года, яна памерла. Пахавана ў Віленскім саборы. З яе партрэта быў намаляваны абраз Маткі Боскай Вастрабрамскай — вечны помнік вялікаму Каханню…

1998