Алесь Аркуш
Вяртанне
АБЛОКІ
Я за аблокамі сачыў
І кожнаму даваў найменне.
Цвяліў вятрыска далячынь —
Імёнаў паскараў знікненне.
Аблокаў большасць найхутчэй
Знікала ў мройве далягляду.
Як несла іх далоў з вачэй!
Як гнаў вятрыска іх зацята!
Імёны нішчыў ён, але
У небе ўбачыў я аблокі.
І як вятрыска ні шалеў,
Яны трымалі дух высокі.
ДА НЕБА
Здароў, Груган!
Ты — птах, я — чалавек.
Дзе крылы у цябе —
я маю рукі.
Ты не крыўдуй на гэты
несусветны здзек, —
Прабач, я выдумляю
ад пакутлівай дакукі.
Лунай, Груган!
Груган за неба паляліць.
Яму за небам хопіць месца.
А я радзіму буду сніць,
Яна мне кропелькай здаецца.
Ты пачакай мяне, Груган.
Мы разам палялім да неба.
Пачуем велічны арган,
Пабачым — крылы ці патрэбны.
І я здзіўлюся — звыкся сніць —
Воч не стае Радзіму ахапіць!
ПІЛЬНЯ
Бярвенне дарэшты на дошкі звялі, —
Як шчыльна пілоўку у штабелі сцелюць!
Ля пільні ад хвояў кара да зямлі
Прыстала жыўцом, як да новага цела.
Па звычцы чакаюць бярвення дзядзькі:
Працоўныя рукі — нястомныя служкі.
І ляды вядуць, як заўжды, напрасткі —
Да пільні, да гвалту, да дошак, да стружкі.
АДБІТКІ
Люстэрка трымае да ночы адбіткі:
Рахманыя, ветлыя, хіжыя твары.
І маюць яны, нават самы някідкі,
Імёны свае, як расліны ў гербарыі.
А ноччу адбіткі пакінуць люстэрка,
Пасыплюцца долу — заб’юцца ўтрапёна,
Як соліды важкія з бомкай манеркі, —
І профілі згубяць дазвання імёны.
ПУШЧА. СОВЫ
Куды вы ляціце, містэрыі совы?
Па душу ізгоя аморфнай будовы?
Шукаць паратунку за плойай Парыжыў?
А мо куды бліжай?
Куды вас вядзе птах надзьмуты, вучоны,
На крылах якога паўмесяц чырвоны?
Чамусьці азваўся Скарына Францішак:
— У цішу.
УЦЁКІ
Уначы Вурдалак галасіў.
Ў Мёртвым возеры білі званы.
Я з апошніх падманлівых сіл
Пілаваў на сябе кайданы.
Гэта ноч для уцёкаў — як ёсць.
Я не ведаю лепшых замоў:
Абароніц мяне прыгажосць,
Захавае ад скону любоў.
Што мне жахі твае, Вурдалак?
Ты ў памыйныя здрады не ўлез.
Вечарніца, як змоўніцкі знак,
Мне сцяжыну пазначыла ў лес.
Ў Мёртвым возеры білі званы…
ПОЗІРК
Са сквапнага даўняга веку
Апошні скалечаны тур
У вочы глядзіць чалавеку
Праз незваротнасці мур.
Глядзіць нерухома, сіберны.
Навошта тлумачыць, дарма!
Калі абуджаецца зерне,
Шчымліва спявае сурма.
ХРАМ І СЛОВА
Я ніколі у храме не быў,
Я не ведаю храма святога.
Толькі сніў каляровыя сны,
У якіх нараджалася слова.
Нараджалася ў храме — з аблокаў.
Я трываў,
Я трываў —
І заплакаў.
ЯБЛЫКІ
У неба яблыкі ўзляталі,
А з неба падалі каменні.
І людзі з боскім утрапеннем
Глыжы ў садах сваіх збіралі.
Яны дзівіліся, як дзеці,
Яны былі на сёмым небе:
— Гніляк няхай бы трапіў дзесьці…
— Відаць, падзейнічаў малебен.
Зімой дзівіліся нанова:
— Вось гэта, браткі, захаванне,
А што цвярдыя для ўжывання —
То яблык спее адмыслова.
Чакаюць людзі — як умеюць, —
Калі ўжо яблыкі паспеюць.
СІВЫЯ ЛІСТЫ
Гэта роспач пісала, не я,
Гэты ліст напаўзмрочнай парою.
Гэта вецер віхурнага дня
Ліст прыбіў да магілы героя.
Хто яму прачытаў гэты ліст?
І няўжо тыя словы кранулі?
Бо ён жыў невядома калі,
Ў час далёкі: між дзідай і куляй.
Бо сплыло столькі рознай вады,
Неспакойна і сёння герою…
Мне прыходзяць сівыя лісты,
Ды атрамант бярэцца крывёю.
КРЫМКАЧ
Крумкач вяртаўся ва ўчарашні дзень,
Ён абгінаў Зямлю хутчэй яе вярчэння.
Інакш пражыць хацеў судовы дзень,
Каб здрадніцтвы свае схаваць ад пакаленняў…
Жыццё як сон — павекі толькі ўзняў…
Чаргуюцца мясціны: Вільня, Коўна…
З усіх існуючых зямных праяў
Вяртанне ва ўчарашняе найбольш умоўна.
Крумкач вяртаўся — ён у часе знік.
Адразу знікла пачуццё напрамку руху…
У цемрадзі стагоддзяў бразгацеў цягнік,
Дагнаць які не хопіць ні жыцця, ні духу.
ЖЫТА
Я ніколі не бачыў такога жыта:
як лес,
як мора,
як сусвет.
Яно разумнае жыта, яно жыве.
Чую — у жыце плача немаўля.
Я ўрываюся пад шаты калосся.
Бягу — і плач сцёгае па твары.
Спыняюся — і плач знікае.
Дарэмныя мае пошукі.
Марныя мае патугі.
Знямога дзьме сустрэчным вятрыскам.
Я знямогся ўшчэнт.
Ледзь жывы я падаю на дол.
Плач адразу знік.
«Ці не трызнілася мне?» —
зацеплілася думка,
і я спрабую супакоіць сябе.
Ды пошапт калосся свідруе душу.
ЦІШКАВАЕ ПОЛЕ
Дынастыя рахманых вепрукоў
наведвае ў цямрэчы Цішкавае поле,
дзе некалі садзілі людзі бульбу,
дзе засталіся пудзілі з мяхоў,
ў якіх гаспадары прывозілі ўгнаенне.
Шукаюць безупынна і нястомна
свае ўлюбёныя прысмакі, —
штурхаюцца,
бяскрыўдна рохкаюць адзін на аднаго.
Нішто не замінае справе ноччу,
але ўсё роўна асцярога не знікае,
бо ля дарогі засталося гумавае кола
і дзве рыблёўкі ў хмызняку схаваны, —
напэўна вернуцца гаспадары.
СТАРЫ ДУБ
Гайдаюць пругкія галіны,
Сваволяць жалуды-малечы.
Спякотных тыдняў успаміны
Дуб занатоўвае пад вечар.
Забыўся на мясціну гэту
Пяшчотны дождж сівых абшараў.
Ды ведаю, наложыць вета
На сьпёку колішняя хмара.
НЕМАЎЛЯ
На сьнезе знайшлі немаўля —
У неба глядзіць і не плача.
Далонька сьціскае імя —
Адзіную спадчыну.
Марозу яго не працяць,
І снег не пячэ халадэчай.
Гілі ўслед за сонцам ляцяць,
І бачыць іх толькі малеча.
Ніякіх не ведае слоў,
Свабода — дзіцяці калыска.
Існуе ў сусвеце яно
Як снег, як мароз, як вятрыска.
* * *
Шукае лекавыя травы
Сабака брудны, нехлямяжы.
Паміж няіснасцю і явай
Прашкандыбае — зноўку ляжа.
Няўжо не знойдзе і загіне?
Няўжо ў Чырвонай кнізе лекі?
Цвітуць у дворыках вяргіні,
Буяюць флёксы ля аптэкі.
СТАЛЁВАЯ РЫБА
Рыба губляе луску —
Сталь дамагаецца цела.
Па металёвым пяску
Рыба знямогла ляцела.
Чуеш — як скрыгат расце,
Воды стаўбурацца ў гудзе?
Безліч смяротных асцей
Рэчцы патрапілі ў грудзі.
Бачыш — хвалюецца сталь,
Срэбныя воды ўскіпаюць?
Чайка і хлопчык-вудаль
Марна ратунку гукаюць.
На металёвым пяску
След пісягом застаецца.
Рыба, згубіўшы луску,
Блешняй сама абярнецца.
МАТЧЫНАЕ ХВАЛЯВАННЕ
Доўгі вятрыска люляе бярозу,
Дужы вятрыска люляе рабіну.
Шолахі вабяць паволі да роздуму:
Як там адзінаму сыну?
ВЯРТАННЕ
Маці
Са сталага твару
згаліў я касмічную змору.
І вочы вандроўніка зеўраць
нібыта парэзы.
Яшчэ не аціхла ў вушах
завыванне матораў,
А я ўжо бягу да цябе,
барадаты гарэза.
НЕВЕРАГОДНАЕ ЗДАРЭННЕ
Купка хлопцаў растала таемна
Адвячоркам ля ног вербалоза.
Як у кніжках Станіслава Лема,
Адбывалася метамарфоза.
Тая сцежка, дзе хлопцы пасталі,
Ваўкалакаў не ведала, пэўна:
Як анёлы, там людзі ляталі
І саюз ашчаджалі крэўны.
Ўсё квітнела, спявала, бруіла…
Кожны гмах — як стварэнне прыроды.
Дабрыню невядомая сіла
Выкрасала паміж электродаў.
Колькі цудаў яны прыкмячалі:
Трактар жвавенька рухалі промні!
Каб не лыпаць дарэмна вачамі,
Падзялілі — каму што запомніць.
Як будуюць — цікавіўся першы.
Як лятаюць — наступнага клопат.
Я складаў іншамоўныя вершы,
Пераймаў цудадзейны вопыт.
ТРАСКА
У кансероўцы зварухнулася траска.
І плаўнікі запрацавалі, што вінты.
У плаўнях морквы і лаўровага ліста
Яна ўсплывала са статычнае вады.
Марудзіць час… лятуць вякі…
Траска ўсплывае — новы мацярык.
Ня ведаюць спакою маракі.
Лунае акіянам рыбін крык.
НАФТАПРАВОД
Паток ільсняны халепнай цячэ.
Прыборны зрок пільнуе абмяленне.
Хада падземная ўяўляецца лягчэй,
Калі хавае ноч свае праменні.
Нябачная, няспынная рака
Слухмяна круціць колы механізмаў:
Бульдозера, дарожнага катка
І сродкаў трансагенства і турызму.
Паток ільсняны рухае прагрэс.
Старэнькі драндулецік-небарака
Спрабуе ля калонкі А-Зэ-эС
Шлях паліва ўявіць да бензабака.
ВОЎК
Я заплюшчваю вочы і бачу ваўка.
Ведаю: ён мой вораг.
— Каб ты спарахнеў! — крычу што ёсць моцы. —
Каб ты захлынуўся крывёю сваіх ахвяраў!
Я паслабляю павекі — гляджу.
Воўк не зьнік, але, нібыта спужаўшыся,
адбег на бяспечную адлегласць.
— Каб ты спарахнеў! — крычу яшчэ мацней
і, раз’ятраны, подбегам набліжаюся да яго.
Я трызню помстай!
Я вар’яцею ад злосці!
Воўк валюхаста пабег мне насустрач.
Ад гэтага я раз’юшваюся ўдвая.
Я сам раблюся падобным да ваўка.
Няхай! Няхай да д’ябла! Няхай да ваўкалака!
Бо шэры — мой вораг! Я трызьню помстай!
Яшчэ імгненне — і я пашкамутаю гэтую погань!
Побач прабег куртаты сабачка.
Цяжка дыхаючы, я спыняюся, заплюшчваю вочы
і бачу Ваўка.
* * *
Сьвет наш не ведае райскіх мясцін,
Мусіць, яны толькі ў кнігах ды песнях
Клічуць вандроўнікаў мройным узлессем.
Свет наш не ведае райскіх мясцін.
Прывіднай зьнічкаю думка ўваскрэсне:
Досыць рабіць пісягі каляін, —
Свет наш не ведае райскіх мясцін,
Мусіць, яны толькі ў кнігах ды песнях.
Зьнічка хвіліну трымціць…
ВАБІК
Забі пярун мяне, — я чую
Выразна сумны голас твой!
Наперадзе чарот сцяной.
Праз чараты на кліч прастую,
Бо голас — ТВОЙ!
Хаваюць неба чараціны.
Хапаюцца за ногі балаціны.
А голас кліча, мкне чароўны
І працінае мне душу.
Марудна як! Хай парашут
Мяне на голас выкіроўваў.
Я захліснуў бы парашут!
Сцяну апошнюю патрушчыў.
Насупраць — праз лагчыну — пушча,
Дзе пад кашлатаю ялінай
Дзмуў паляўнічы ў чараціну.
* * *
Даўно не спаў, як ў жаўнерскім ложку.
Дакучлівая стома цвеліць толькі.
Тваіх вачэй маўклівыя валошкі
Запаланілі зырка наваколле.
Ашчадна захаваю сум блакітны
Углыбіні чысцюткага ўспаміну.
Як Свіслач, вопратку гранітную
За тлумным горадам я скіну.
КАМЕТНАЯ СВАБОДА
Гавораць: двайчы не ўвайсці ў адну раку.
Лухта! Я ўвайшоў у тыя ж воды.
Трымаў, як скарб, ў руцэ тваю руку
Праз год вандровак і свабоды.
Праз галактычныя прасцягі чую спеў.
Мацнее сіла прыцягнення з кожным годам.
Я толькі сёння раптам зразумеў,
Якая ты, каметная свабода.
ТАБЕ
Бягуць успаміны, як хвалі,
На бераг з адзінай сасной.
І дзён маіх стынуць каралі
Без пацеркі зыркай тваёй.
Ўсё роўна тваёй зараніцы
Я вершамі буду маліцца.
ЧАС ЧАКАННЯ ЛІСТОЎ
Набліжаецца час чакання лістоў —
Назапашвай цярпенне.
Адшукай у кахання пяшчоту са слоў.
Першы ліст не збавенне.
Зноў на сэрца ляцяць і ляцяць матылі…
Першы ліст не збавенне.
І на гэтай найлепшай зямлі на Зямлі
Я не ведаю снення.
Зараніцы пачуцці свае даручу.
Страціў час вымярэнне!
Я да скрыні паштовай на крылах лячу…
Соты ліст не збавенне.
* * *
Вэнэра пацеркай мігціць,
У аскетычны космас запрашае.
Камэты срэбнаколерная ніць
Тчэ немаўлятам стужкавыя шалі.
У цемры нараджаецца жыццё.
Сусьвет — нібыта казачна-умоўны,
Чаканьне, як паўночнае ліццё
Расплаўленага месяца у чоўны.
* * *
Раней я баяўся
цемры,
жудасна-таямнічай,
халоднай
і бязлітаснай.
Ашуканы,
я баяўся цемры,
але час ператварыў
пудзіла боязі
у аскепак
безабароннай з’явы.
Пануюць ліхтары.
Слепяць фары.
Палохаюць вогнішчы.
СЯРГЕЮ ПАЛУЯНУ
Вы клікалі мяне — восья прыйшоў,
З воч паздзіраў усім павязкі.
Але, як матылі, з усіх куткоў
Вы паляцелі на святло,
а не на краскі.
ХАЛЕПА
Вандроўнік маўчаў,
ён быў дзіўны вандроўнік,
Сядзеў і маўчаў, як нямко.
На вуліцы халепа смеціла слотай —
Найбольш пад акном у святло.
Які ж ты вандроўнік —
мармоль засцянковы,
Калі назапасіць гісторый не змог.
Праз халепу месяц сляпіўся замовай
Як новы вандроўнік ступіў на парог.
А потым яшчэ і яшчэ, як навала,
І цесна зрабілася ў хаце
са шкла і металу.
Гарбатай усіх частаваў —
і чатыры фаеркі няспынна
Выключна займаліся вырабам кіпеню…
— Ты дзіўна падобны на Анцева сына, —
Прамовіў з гасцей нехта ў спіну мне.
І болей ні гуку, у цішу закуты.
Я сціснуў далонямі вушы — пакута.
ЧОРНЫЯ ПТУШКІ
Чорныя птушкі фарбуюць нябёсы
Ў жудасны колер.
Голае поле. Дарога. Калёсы.
Вецер у коле.
Чорныя птушкі фарбуюць нябёсы…
Птушак няволяць —
Гоняць, як хмару, птушыныя лёсы.
Вецер у коле.
Чорныя птушкі фарбуюць нябёсы…
Цьмяна у полі.
Пругкія крылы, як вострыя лёзы.
Вецер у коле.
Чорныя птушкі ўсадзілі ў нябёсы
Крылы.
Даволі!
Ўпалі на глебу чырвоныя сьлёзы…
Вусьцішна ў полі.
НАТОЎП
Натоўп рухаецца па шляху, брукаваным
жывымі чалавечымі галовамі.
На адзіным дрэве
ўскрай бясконцай людской плыні
пугачом
сядзіць вірлавокі дзядзька.
— Хадынка нібыта, Хадынка нібыта… —
бесперапынна мармыча ён.
Ці ён папярэджвае, ці ён пытаецца?
Натоўп моўчкі абмінае дзівака.
Каб неяк прыхаваць пачатак і канец,
масянжовы месяц спрабуе захінуць
залатое сонца. Але сонца паглынае
цемру, і натоўп —
як на далоні. Толькі дзе той пачатак,
дзе той канец? Углядайся да зьнямогі,
а калі стомішся, то шлях, брукаваны
чалавечымі галовамі, здзівіць
бязлюддзем.
ДЫСКУСІЯ
«Я з Вамі не згаджаюся, выкладчы», —
І яйка курыцу вучыла,
Нягледзячы на розум матчын.
І непісьменны ведаў больш магістра.
Я за траісты
Саюз сумлення, ведаў, апантанасці.
Хапае і ў маіх развагах таннасці.
Затое некалі панурыцца
І слухаць міратворныя сівыя байкі.
А што калі зарэзаная курыца
Нам несла залатыя яйкі?
НА ВЕЧАРЫ ПАЭЗІІ
Анатолю Сысу
О, колькі нас вояў
Мянціць языкамі,
І то калі ў гэтым
Няма небяспекі.
— Ты сам паспрабуй.
…І стаю перад вамі,
І вусны дранцвеюць,
І шэпты, як здзекі.
З чаго распачаць
Мне размову, каб словы
Прытулак знаходзілі —
Ў душах сагрэцца?
Якія узрушаць
Жыццёвыя сховы,
Каб грукала слова
Аб сэрца да сэрца?
Хвіліны маўчання
Даўжэй за гадзіны.
З чаго распачаць?..
Пачынаю з Радзімы.
ДЭЛЕГАТ
Сто тысяч людзей дэлегата
Сем дзён выбіраюць на Сойм.
Сто тысяч пытанняў узнята.
(Багата прыкрыюць крысом.)
Дзве тысячы кандыдатаў
Люд вынес на суд грамады.
З іх кожны прамоўца выдатны
І вораг нішчымнай вады.
З іх кожны грамадзкі руплівец…
А гэты глядзіць немаўлём.
Хто ў позірк паверыў шчымлівы?
Хто праўду заблытаў жыццём?
Я САМ УБЫЧЫЎ
Не пазычай мне сваіх воч,
Я сам убачыў, не дзіця,
Сусветаў бездань — калі ноч,
А калі дзень — мяжу жыцця.
Яшчэ я ўбачыў птушкі след,
Што на шляхах вятроў, аблок,
І як займаецца сусвет,
Дзе панаваў мярцвячы змрок.
І цуды дробныя — наўзбоч,
Не патрабуюць адкрыцця.
Не пазычай мне сваіх воч,
Я сам убачыў, не дзіця.
МЯНТУЗ
У сонных водах рэчкі Гайна
Жыццё віруе разнастайна.
Міфалагічныя істоты
Мянтуз пакінуў без работы.
Як вадзянік, людзей пужае,
Лятае ноччу на кажане.
Сарвецца — плёх — буйныя хвалі
На строме рэчку абганялі.
А рыбакам замест улову
Заблытаў лёскі адмыслова.
Гучней за музыку «Дып папал»
Раўлі гурбою — ну і д’ябал!
ГОСЬЦЯ
Ты ўвайшла нечакана, ікліва.
Я пісаў і нічога не чуў:
Ад гранёнага слова шчаслівы,
І ад роспачы слёзы ўваччу.
Ты ўвайшла і як сябру сказала:
— Добры дзень, кандыдыт на Парнас!
Ты прабач, на хвілінку з вакзала…
Ну як справы? Відаць, ужо ас?!
Прыгадала было здарэнне,
Толькі ў ім я сябе не пазнаў.
— Вось прывезла літроўку варэння,
Гэта вішні, як ты заказаў.
І пайшла, і як воблака знікла,
Нават дзверы не рыпнулі ўслед.
Толькі білі гадзіннікі звыкла
Ды літроўку разглядваў буфет.
Хто яна, таямнічая госьця?
Я не ўспомню, не ўспомню ніяк!
Гэта сон, гэта мне падалося…
Слоік вішняў — пакутлівы знак.
У КАЛГАСЕ
Не лясы тачыце, а косы…
У горадзе іншае лета.
Кіруе студэнтамі босы
Дзед Жычка. Яфрэйтар кабетаў.
Навука сялянскага быту
Даецца, не так, каб адразу…
Ваду ліе з конаўкі Рыта,
Як стромкую рэчку Каўказа.
Дзед Жычка у новай фуражцы
(Са службы вярнуўся Камосін)
На фоне будынкаў фуражных
Заслухаўся спевам калосся.
ПАЭТКА-ДЗЯЎЧЫНА
У таршэра сталёвая лапа.
У таршчэра прыватнае вока.
Невялічкая штучная малпа,
Як анёлак, аблётвае цокаль.
Акуляры, стаміўшыся дужа,
Утаропяцца з гэтай прычыны.
Спадзяюся, цудоўнага мужа
Адшукае паэта-дзяўчына.
НА ПАЛЯВАННІ
Бусел — балотны каморнік —
Мерае багну рупліва.
Шчыльны трыснёг ледзьве горне
Вецер — стары і сварлівы.
Порсткі сабака дзядзькі Ягора
Раптам замёр, быццам стодка з фарфору.
КРАІНА ВЯЛІКАГА МАТЫЛЯ
Вусені на гусенічным ходзе
соўгаюцца па здратаванай глебе.
Брыдка.
Паўсцістыя, пачварныя,
яны ведаюць выйсце:
кожны шукае
краіну Вялікага Матыля.
Калі ўзыходзіць сонца,
варушацца на ўсход,
калі хаваецца —
назад варочаюцца,
паўсцістыя, пачварныя.
Як ноч — ад стомы дранцвенне.
У сне народзяцца крылы.
ХІЖЫ ЛАНЦУГ
Жаўнеры набліжаюцца
спрактыкаваным ланцугом,
Стваламі карабінаў размыкаюць вецце,
Раструшчваюць, нібыта яйкі ў гнёздах, росы,
Жахлівым крокам вымяраюць лёс ахвяры.
Якога Марса служкі вурдалачаць?
Каго шукаюць здані ў нашым лесе?
Стагоддзі пераблыталі, няйначай.
Іх песня,
Як сабачы брэх, мурашыць спіну.
Выццём пазатыкалі сабе вушы,
Не чуюць дрэва, птушку, чалавека,
І толькі рулі касавурацца, як зрэнкі.
Жаўнеры сунуліся хіжым ланцугом,
Спявалі птушкі, размаўлялі дрэвы,
Заходзілася плпчам немаўля…
РАСПЛАТА
У люстэркі лістоты
глядзіцца сонца.
Зняважыў злачынца дрэва
Абразай ілжывых слоў,
У сьпіну нібыта стрэліў,
І словы атруцілі дол.
Як трызніла дрэва сутоннямі!
Як моташна лісце гуло!
Наўкольныя парасткі кволыя
Ня ўзнімуцца ўжо на крыло.
Не трэба ні шроту, ні пораху —
Люстэркі на дрэве зіхцяць…
Нацэліла зброю на ворага,
І полымя бег не суняць.
ІНДУСТРЫЯЛЬНА-ХІМІЧНЫ ДЖАЗ
Найбольш сур’ёзная абстаноўка склалася ў г. Наваполацку, дзе валавы выкід шкодных рэчываў самы высокі сярод гарадоў рэспублікі…
Зноў людзкія адбіткі заганныя,
Як музыкі, ў нябёсах лятаюць —
Працінаюць пякельную ноч.
Нараджаюць мелодыі танныя:
Дзьмуць у комінаў доўгія пальцы,
Дзьмуць да чырвані пацерак-воч.
Іх музычны імпэт без падману —
Не жартуюць браты-блюзняры.
Уздымаюцца клубы туману,
Тлум цярушыцца на ліхтары.
Што паперныя столі і дахі!
Тлум укрые таксама і нас.
Тлумны час, як заўсёды, не ў час.
І мацнеюць мелодыі жаху,
І цярушацца пёрамі птахаў —
Вар’яцее атрутны джаз.
ЗДРАДНІК
Хто хаваецца ў лесе днямі?
— Гэта зраднік, — адказвае сыч. —
На скарэлым шынельным лямцы
У кустоўі, як мёртвы, ляжыць.
Тое месца абходзяць звяры.
Толькі хмарай над ім камары.
Ён баіцца, аднак, зварухнуцца,
Ён чакае цямнейшай начы:
Каб да твані паўзці — дацягнуцца,
Каб у багну ад нас уцячы.
А РАПТАМ…
Што калі раптам нашчадак,
Крануўшы таемнасці ключык,
Праз процьмы мінулых стагоддзяў
Нат' кволую думку агучыць?
* * *
Жоўкнуць пачуцці, паштоўкі, надзеі.
Восень не ведае збою.
Толькі сапраўднае, шчырае спее
І узыходзіць вясною.
МАСТАК
Усе яго малюнкі на
зрэзе воласа.
Якая вытанчанасць!
Якое майстэрства!
Ён Майстар з вялікай літары.
— Ён Гулівер у краіне
волатаў, — кажа адзін.
— Ён Гулівер у краіне
малеч, — кажа другі.
КАРЦІНА
Я марна шукаў яе ў сённяшнім свеце,
Міналі, здаецца, стагоддзі.
Яна, як жывая, жыла на партрэце.
Сказалі: карціна у Лодзі.
У Лодзі сказалі: карціна ў Парыжы.
Ў Парыжы не чулі ніколі.
Дзядуля сівы падказаў: у Нясвіжы
Жыве яна з месяц, мо болей.
Вярнулася ўрэшце… заўсёды я верыў…
Няхай на партрэце, няхай праз стагоддзі…
Шырэй рашчыніце пудовыя дзверы —
Я да людзей панясу Багародзіцу.
* * *
Алесю Гаруну
Паэт з такімі сумнымі вачыма,
Аб чым ты мусіў гаварыць?
Куды нас мусіў клікаць ты? —
У край любові, дабрыні? —
Магчыма.
Паэт з такімі сумнымі вачыма,
Што аб любові ведаў ты?
Дзе дабрыня, дзе бруд людзкі
Ты сэрцам адчуваў сваім? —
Магчыма.
Паэт з такімі сумнымі вачыма,
Як здолеў папярэдзіць з нематы,
Што пустазелле на любоў
Няздатна?
Я чую спеў твой, як і ты
Заўсёды чуў святы матыў, —
Дакладна!