Іосіф Бродскі

Снег ідзе, пакідаючы ў меншасці свет...

Вершы

Калядны раманс

Яўгену Рэйну, з любоўю

Плыве ў журбоце беспрычыннай
паміж цаглянага надсаду
караблік зыркай аблачынай
ад Аляксандраўскага саду,
начны ліхтарык нечуваны,
як ружа жоўтая, прыгожы,
над галавой сваіх каханых,
ля ног прахожых.

Плыве ў журбоце беспрычыннай
пчаліны хор прапойцаў смешных.
Глядзіць маркотнымі вачыма
й фатаграфуецца замежнік,
і выязджае на Ардынку
таксоўка, хворая вякамі,
і сталі мёртвыя ў абдымку
з асабнякамі.

Плыве ў журбоце беспрычыннай
спявак маркотны па бульвары,
ля крамкі з газаю айчыннай –
маркотны дворнік круглатвары,
плыве з паненкаю кісейнай
стары каханак-малайчына.
Картэж апоўначы вясельны
плыве ў журбоце беспрычыннай.

Плыве ў імгле замаскварэцкай
плыўца ў няшчасце цяжкі подых,
гучыць гаворкаю габрэйскай
на жоўтых, на маркотных сходах,
і, плывучы ў журбу з мілосці,
каляднаю, нядзельнай госцяй
сумуе пекная дзяўчына
без дай прычыны.

Плыве ўваччу халодны вечар,
дрыжаць сняжынкі на вагоне,
марозны вецер, бледны вецер
апёк чырвоныя далоні;
ў агнёх мядовых далягляды
і пахне смачнаю халвою,
начны пірог нясуць Каляды
над галавою.

Твой Новы год на хвалі сіняй
за плыняй шуму гарадскога
плыве ў журбоце беспрычыннай,
нібы жыццё пачнем нанова,
і будуць зноў святло і слава,
удалы дзень і ўдосталь хлеба,
нібы жыццё хіснула ўправа,
хіснуўшы ўлева.

Пераклад з рускай – Андрэй Хадановіч.

24 снежня 1971 году

V. S.

У Раство, хоць не ўзносім хвалы,
ўсе мы трохі біблійныя магі:
дзеля каўнай бляшанкі халвы
у аблозе трымае прадмагі
плоймай скруткаў нагружаны люд –
кожны сам сабе цар і вярблюд.

Сумкі, торбы, авоські, кулькі,
і гамонка не знае ўгамону;
водар елкі, гарэлкі, траскі,
мандарынаў, хурмы, цынамону;
ды шукаць паміж трактаў дарма
Віфлеемскі, і зоркі няма.

І нашэннікаў сціплых дароў
перапоўнены транспарт хістае
і выплёўвае ў зеўрах двароў,
хоць вядома: пячора пустая –
ні жывёлы, ні ясляў, ні Той,
што ў кароне святла залатой.

Пустата. Ды ўспамін пра яе –
як святло, што ліецца знікуды.
Знаў бы Ірад: чым больш ён злуе,
тым няўхільней калядныя цуды.
Непарыўнасць пасеву й жніва –
падставовая схема Раства.

Цуд бліжэе і ўсюды жыве,
і яднае ў святое застолле
ўсе сталы. Не патрэба ў Растве
хай яшчэ, але добрая воля
ў чалавеках відаць праз грахі.
І не спяць ля агню пастухі.

Валіць снег. Аж расце да гаўбцоў.
Трубы-коміны трубяць дачасна.
Ірад п’е. Бабы туляць мальцоў.
Хто прыйсціме – нікому не ясна.
Мы не ведаем часу й прыкмет.
Ці ж паверыць у прыхадня свет?

Ды калі на дзвярным скавышы
яна выйдзе з туману густога,
у хусціне, нібыта на мшы, –
і Дзіцяці, і Духу Святога
пазнаеш у сабе хараство.
Бачыш зорку і кажаш: Раство.

Пераклад з рускай – Марыйка Мартысевіч.

Калядная зорка

Халоднай парою ў мясцовасці, звыклай хутчэй да пары
спякотнае, схільнай да плоскасці болей, чым да гары,
Дзіця ў свет прыйшло, Збаўца свету ад ночы самой;
мяло, як толькі ў пустэльні можа месці зімой.
Яму ўсё было велізарным: грудзі матчыны, жоўты шар
каганца, тры цары – Мельхіёр, Бальтазар, Каспар;
дарункі іх, дбайна ўцягнутыя ў стойла вала.
Ён быў адно толькі кропкай. І кропкаю зорка была.
Уважліва, не міргаючы, цераз густую сінь
на Таго, хто ляжаў у яслях, з найвышэйшых вышынь,
з іншага краю Сусвету, з другога яго канца,
зорка глядзела ў пячору. І гэта быў позірк Айца.

Пераклад з рускай – Марыйка Мартысевіч.

Калядная зорка

Сцюдзёнай парою ў месцах, знаёмых хутчэй з парой
гарачаю, з роўнай паверхняю болей, чым з гарой,
Дзіця, што выбавіць свет, у пячоры на свет прыйшло;
мяло, як толькі зімою ў пустыні месці магло.
Было Яму ўсё завялікае: валы, іх дыханне; твар
і грудзі матулі; цары – Мельхіёр, Бальтазар, Каспар –
і іх падарункі, падцягнутыя да святла.
Ён быў усяго толькі кропкай. І зорка кропкай была.
Уважліва й неадрыўна з-за рэдкіх аблок
на яслі і немаўлятка, што ў іх ляжала, здалёк,
з глыбіняў Сусвету, з іншай мяжы быцця,
зорка гладзела ў пячору. Бацька глядзеў на Дзіця.

Пераклад з рускай – Вера Бурлак.

Уцёкі ў Егіпет

У лёху (які-ніякі, а дах!
Вярнейшы за гмах а простых кутах!)
У лёху ўтульна траім было.
Саломаю, зрэб’ем пахла цяпло.
Агонь унутры быў, а звонку – змрок.
У змроку завея малола пясок.
І, згадваючы пра яе памол,
храплі знепакоена мул і вол.
Марыя шаптала, агонь гудзеў,
Язэп задуменна ў агонь глядзеў.
Дзіця, замалое для іншых спраў,
драмала і сніла, як вол араў.
Яшчэ адзін дзень прамінуў і знік,
забраўшы трывогі і страхі, зык
раз’ятранай Ірадавай арды, –
і цэлым стагоддзем бліжэй гады.
Спакойна было ў тую ноч траім.
Праз дзверы ў прахон выпараўся дым,
каб іх не трывожыць, і толькі мул
у сне (або вол) сам сабе ўздыхнуў.
Глядзела зорка цераз парог.
Адзіным з траіх, хто напраўду мог
ведаць, што позірк той азначаў,
быў Немаўлёнак. Ды ён маўчаў.

Пераклад з рускай – Вера Бурлак.

Снег ідзе, пакідаючы ў меншасці свет...

Снег ідзе, пакідаючы ў меншасці свет.
Пінкертонам да ранку раздолле,
і сябе выкрываеш, бо знойдзены след –
непадробны і твой, як ніколі.
Цішыня, але светла над кожным жытлом,
і ты бачыш сваімі вачамі
кожны зорны аскепачак, поўны святлом,
нібы лодачка – уцекачамі.
Не аслепні, глядзі! Ты і сам уцякач,
сучын сын, парушальнік закону,
прайдзісвет. За душой – ні халеры, прабач.
Пара з рота, бы профіль дракона.
Памаліся, як Той, з Назарэту, пра шлях
валацугаў далёкіх і блізкіх,
аб калядных дарах, самазваных царах
і пра ўсіх немаўлят у калысках.

Пераклад з рускай – Андрэй Хадановіч.