Самым вялікім па памеры вершаваным творам Ф. Багушэвіча з'яўляецца паэма "Кепска будзе!" Твор напісаны ў паслярэформенны час і адлюстроўвае жыццё бяднейшай часткі тагачаснай вёскі, жыццё бязрадаснае і гаротнае.

Францішак Багушэвіч

Кепска будзе!

Як я толькі нарадзіўся -
Бацька сказаў: «Кепска будзе!»
Ну дык жа ж не памыліўся:
Здзекавалісь Бог і людзе.
А чым кепска? - бо на марцы
Я радзіўся (пост праўдзівы,
Цяжкі месяц гаспадарцы.
Як пражыў хто, - будзе жывы).
Пераеўся хлеб да крышкі,
Бульбы толькі як пасеяць,
І прыварку* ані лыжкі,
І скаціна - хоць развеяць;
Ні саломкі, ні то сена,
Хоць бы на раз для скаціны;
А тут дроў ані палена,
А тут яшчэ нарадзіны!
Трэба ж бабе бохан хлеба
І гарэлкі ж трэба пляшку,
Яшчэ ж хрысціць хлопца трэба...
Вот і думай, як сярмяжку
Нясці жыду пад заставу*
Ці прадаць каня, кароўку?
«Сеў, - казаў ён, - я на лаву,
Узяўшыся за галоўку,
І заплакаў, аж заліўся,
Так, як бацьку пахаваўшы...
Кепска зрабіў, што радзіўся,
Кепска будзе, свет пазнаўшы!»
Ці то слова йшло урокам,
Што сказаў у кепскім часе,
Ці хто кінуў такім вокам?..
Ну і доля ж удалася!
І збылося ж бацькі слова!
Вот у тыдзень вязуць гэта
Хрысціць мяне да Макрова
Кумоў двое і кабета.
У Аборках* мост сарвала,
А я ж быў - чуць жывы, слабы.
Рада - ў раду, на тым стала,
Што ахрысцяць з вады бабы.
З Беразіны* жменяй вады
Кума сама зачарпнула,
Паматала сюды-туды.
Трэйчы на мяне лінула.
«Вот і хрэст увесь тут, - кажа, -
І ксёндз хрысце гэтаксама,
Толькі яшчэ чымсь памажа,
А хлопцу ўсё роўна - яма!
Хоць бы жывым хоць давезці,
Каб дарогай не сканала, -
Скажуць - кепска вязла гдзесьці
Або туга спавівала!..»
Гэтак мяне пахрысціўшы,
Вязуць назад ужо да маткі,
Вочы добра пазаліўшы,
Ледзьве уняслі да хаткі.
Закусіўшы тут як трэба,
Пакумаліся, і квіта:
Баба ўзяла бохан хлеба,
Пляшку водкі, торбу жыта;
Разышліся і паснулі.
Матка ж мяне калыхае:
«Люлі, - шэпча, - сынок, люлі...»
А як зваць? - сама не знае.
Вот назаўтра спазарання
Бяжыць матка да кумошкі
Ды пытае: як празванне
Далі сыну? Лёну трошкі
Тут прынесла пры здарэнню,
Трошкі сала, круп са жменю...
А кума ж была праворна:
Хоць што збрэша - не запнецца;
Круце сабе ў сенях жорна,
Трэба ж салгаць! Куды ж дзецца?
«Імя, - кажа, - твайму сыну
Ксёндз хацеў даць па кантычцы,
Думаў ён, можа, з гадзіну,
Узяў ксёнжку, як стаў рыцца,
Дык даў потым з каліндарка»*!
Матка прандзей з хаты ў сені,
Як бы цівун гнаў па карку,
Усё шэпча то імене:
«Аліндарку, Аліндарку!»
Прыляцеўшы так дадому,
За калыску узялася
І зрадзела, як святому,
Што аж слязьмі залілася.
І калыша, і галосе:
Надта імя спадабала,
Надта добрае здалося,
Што такога і не знала!
Вот і клікаць мяне сталі
Скаліндаркай, Аліндаркай...
Ну, як зналі, так і звалі.
Але вот што з гаспадаркай?
Наперш конь здох таго ж лета,
І цялушка, як лань, пала...
Матка ж, ведама, кабета,
Затужыла і запала,
Гадкоў зо тры пацягнула,
Ў марцы й ручанькі згарнула.
(А ўсё ў марцы, трэба ж гэта!
А разумная была кабета!)
З таго гора бацька бедны
Стаў маркотны, як магіла.
Было сядзіць такі бледны...
«Што ж ты гэта нарабіла?!»
Гэтак скажа і заплача.
(Хто ж пачуе, хто забача?)
Потым дай памалу сватаць;
Трэба ж, ведама, жаніцца,
Каб было каму палатаць,
Каб было у што змяніцца,
А так усё памарнела:
Куры, гусі, навет свінне.
І свіння дзяцей паела,
І карова марне гіне...
Увосень давай шукаць пары,
Ды ніводная не хоча;
Аднэй бедны, другой стары,
Трэця, чорт ве - што тароча:
«Аддай, - кажа, - Аліндарку
Куды-кольвек хоць на людзе,
Сядзь на нашу гаспадарку,
Тагды выйду, добра будзе!»
Бацька кідаўсь зо тры тыдні,
Яшчэ горай зажурыўся,
Прадаў сякі-такі злыдні*,
Разлайдачыўся, распіўся
І умёр так пад гародам,
Устраміўшы ў плот галоўку!
Шапку найшлі аж за бродам
І у шапцы залатоўку.
А назаўтра прывёў соцкі
Асэсара, паноў трое.
Труп той зрэзалі на клёцкі...
(А у марцы ж было й тое!)
Мяне цётка, у апеку
Ўзяўшы, трошкі падрасціла
Ды якомусь чалавеку,
Як за сына, адпусціла.
Незадоўга змёрла цётка,
Я стаў круглая сіротка.
Ці гдзе днюю, ці начую,
А ўсё бяду сваю чую!
Пастухі збяруцца ў гаю,
Пяюць песні ля бярозы,
А мне чагось, сам не знаю,
Смутна, цяжка, цякуць слёзы.
Рос я гэтак за вачыма,
Ужо трэйчы спавядаўся,
Калі зімой да айчыма
Ды ураднік заблукаўся.
Я сяджу сабе на печы,
Пляту лапці, ўю аборы,
Ён паказуе праз плечы:
«Што-то сын твой, - кажа, - хворы?»
«То не сын! - айчым той кажа. -
Ўзяў сіротку; дзякуй Богу,
Добры ўдаўся: позна ляжа,
Рана ўстане і адлогу
Не запусце... спагадлівы;
Маю сына, хоць не родны.
Ажаню, як буду жывы,
Будзе Богу й людзям годны!»
«А лет сколькі?» - той пытае.
«Дваццаць, - кажа, - мусіць, мае?»
«А зваць як?» - «Да Каліндарка!..»
Ратнік піша усё шпарка.
Як радзіўся, гдзе хрысціўся?..
Пісаў, пісаў дый паехаў!
Бацька яго угасцілі,
Далі торбачку гарэхаў...
После таго, так не далей,
Як у тыдзень і асэсар
Шусць у хату (і з мадаляй).
«А гдзе, - кажа, - той пасэсар,
Твой Ліндарка, ці як звецца,
Што хаваецца з някруцтва,
Пляцець лапцікі на печцы?..
Ашуканства, баламуцтва!..»

А я ж ехаць меў па дровы,
Бацька клікнуў, іду ў хату...
А асэсар - той - здаровы!..
Лясь мне ў морду, потым тату.
Я ж узяў яго за грудзі
І піхнуў лыбом у дзверы.
Ён як раўкне: «Гэй вы, людзі,
Тут разбой! Прыміце меры!..
Тут рыштант, брадзяга скрыты, -
Вот і лэб калісь быў брыты, -
Вяжы ўсіх, нараджайся!..»
Мяне лясь! «Ты хто? Сазнайся!..» -
«Скаліндар, - кажу, - сірота!..»
Пацягнулі па дарозе,
Завязалі і варота,
Мы ж спыніліся ў астрозе...

Астрог, братцы, паглядзеўшы
Мімаходам, выглядае,
І нічога: шык, не еўшы,
І ў астрозе не бывае,
Але лепшы ў хаце голад,
У дарозе велькі холад,
Найцяжэйша праца ў полі,
Як у той астрожнай долі!
Відзеў пташку я у клетца,
Як галоўкай потым б'ецца,
Аж скрыдэлкам затрапоча -
І сканае... жыць не хоча.
Раз лісіцу, адкапаўшы,
Прывязалі мы да кола:
Стала ж грызці што папаўшы,
Сабе бруха распарола,
Растрыбушылась на часці,
Каб не жыць так, хоць прапасці.
Нашто - гадзіну, мядзянку,
Пусці ў шклянае начынне, -
Сама сябе без прастанку
Будзе жаліць, покі згіне!..
Як ужо ж скаціна тая
Або гадзіна праклята
І та цану волі знае,
Што ж для нашага-то брата,
Меўшы розум не скацінны,
Як знаць волю мы павінны?..
А ў астрозе ж няма волі,
Ні ў чом няма і ніколі!
У жалезе тыя дзверы,
Пры дзвярах стаяць жаўнеры,
А народ усё сярдзіты -
Так як бы яшчэ не сыты
Людскіх слёзаў, мукі, енку;
Не гавораць памаленьку,
А ўсё зыкам, а ўсё з лайкай,
А ўсё з боем, ўсё з нагайкай.

У дзядзінец нас як пхнулі,
Дзвярмі тымі як грукнулі,
Дык і свет мне тым закрыўся,
Як бы у труну забіўся...
Зараз старшы ўзяў за плечы,
Хляснуў трэйчы, так, без рэчы,
Ключы кінуў: «У халодну!»
І аблаяў матку родну.
Нас піхнулі, як у яму,
Ў цёмну хату чварагранну*,
Далі хлеба, вады меру
І запёрлі, як за веру
У цямніцах калісь гэта
Замыкаліся ад света.
Цёмна, зімна... Прытуліцца
Няма куды! А каганец,
Як бы губка, толькі тліцца...
Заспявалі мы ражанец*.
Пяём, плачым, аж галосім,
Божай ласкі - Праўды просім!
Ў такім енку, са слязамі
І паснулі у той яме!
Абудзіўся я з здзівення:
Глядзіць ў шчэлачку праменне!
Я падумаў: ласка ж Божа
І сюды пралезці можа?
Аглядаюся вакола,
Як бы шукаў і тут Бога.
Мне зрабілася васола,
Не баюся я нікога,
Зноў ражанец: «Bóg ucieczką»*
Бляю сабе, як авечка,
Калі бразць ключом у дзверы,
І крычыць хтось: «Гэй, вы, зверы,
Вы, бунтоўнікі, паскуды,
Выбірайцеся адсюды!
Тут важнейшым трэба сесці,
Вас у вобшчу здадзім гдзесьці!..»
Павялі нас аж на гору...
Па якомусь калідору...
Дзверы, дзверы, ў дзверах дзюрка,
І у каждай жа хвігурка
Як бы тая ж выглядае,
Гдзе ні глянеш, усё ж тая:
Блішчаць вочы, твар, як гліна,
І абросшы, як скаціна...
У турме, як у тым гробе,
Ў адну твар усіх паробе!
Ішлі, ішлі гэтак з гоні.
А смрод такі, што ад воні
Мне аж дух у грудзях спёрла,
Як бы цісне хто за горла.
Тут нам хату паказалі,
Упусцілі, развязалі,
Вады далі, трохі хлеба
І запёрлі зноў як трэба.
Тут народу шмат сядзела.
Глянуў я - душа самлела:
Як падушкі, у іх твары,
Ў хаце пуста, толькі нары.
Ляжаць усе, з нас рагочуць,
Навет мейсца даць не хочуць.
«Давай, - кажа, - хоць на пляшку;
А не даўшы, дык парашку
Цёнгле* ты выносіць мусіш,
А ўжо хлеба, дык не ўкусіш, -
Мы табе наб'ём аскому,
Покі вернешся дадому!»
Я спалохаўся, баюся.
«Войча наш!» - кажу, малюся...
Бог даў спомніць: залатоўка
Гдзесь была ў кашулі ўшыта,
Што дала калісь жыдоўка,
Што падвёз у млын ёй жыта.
Прэндка сарваў тую лату,
Кінуў злоты той на хату...
І не ўгледзеў, як хапілі,
Толькі відзеў - водку пілі.
Тагды сталі нас пытацца,
Ці застаўся хто у хатца?
Адкуль, за што пасадзілі,
Па якіх турмах хадзілі?
Іншы вуча, на пытанне
Даць якое паказанне:
«Кажы, - кажуць, - знаць не знаю,
Чый я ёсць, з якога краю.
Малым быўшы, сляпых вадзіў;
А падросшы, і сам брадзіў;
Не прыпісаны да сказкі*,
І так жыву з Божай ласкі.
Бог мой бацька, зямля матка;
Знаць не знаю» - уся гадка!
Так да марца сядзім ціха,
Не чуваць дабра, ні ліха,
А у марцы шлюць бумагу,
Каб дастаўлена брадзягу,
Супраціўніка уласці,
Улажэння першай часці,
Што мянуецца «Ліндарам»
Ды йшчэ б'ецца з асэсарам,
Ды каб быў ў ланцуг закуты,
На нагах каб былі путы,
Праважацелі каб срогі*,
Каб не сходзілі з дарогі,
А каб проста да начала...
І ці мала там пісана?!

Вот назаўтра рана-рана
Нам адзежка наша дана;
Паскідалі мы сярмягі,
Салдат узяў дзве бумагі,
Нас звязалі - і ў дарогу!..
Я падумаў: «Дзякуй Богу!
Хоць нас слоначка сагрэе!
Вецерчык на нас павее!
Можа, дожджык срыбны змоча!
Можа, пташка засвяргоча?..»
Аж заплакаў я, зрадзеўшы!
От, здаецца б, і не еўшы
Быў бы сыты на свабодзе,
Як той кролік у гародзе.
Тут, здаецца, і сканаў бы,
За свабоду жыццё б даў бы!

Скаўроначкі Бога хваляць,
А пастушкі агонь паляць,
А і слоначка прыгрэла,
Аж мне ў душы паяснела.
Да палудня ішлі гэтак,
Пры дарозе шмат і кветак:
То пралескі, то сасонка,
Выгравае Божа слонка!
Так пад вечар ў мейсцы сталі,
У халоднай начавалі, -
Было позна. Заўтра зрання,
Якраз у дзень Звеставання*,
Клічуць мяне да дапросу
(Задаваць-то ужо чосу!).
Той судзебнік маладзенькі,
Такі быстры, хоць маленькі,
Ўсё пытаецца ды піша
І нагой усё калыша.
Як спытаўся мяне, хто я?
Я і спомніў сабе тое,
Як вучыў там той з астрога:
«Знаць не знаю я нічога!»
І старога тут клікнулі,
Папыталіся, раскулі
І дадому павярнулі.
А мне кажа: «Ты, брадзяжка,
Сакрыў званне, будзе цяжка:
Сорак розаг, потым роты!
Скажы лепей - адкуль, хто ты?»
А ўсё піша, піша, піша
І нагой усё калыша.
Пісаў, пісаў, даў другому
І сам пайшоў кудысь з дому.
Мяне зноў жа да астрогу,
Толькі цяпер, дзякуй Богу,
Адзінокі я застаўся.
Айчым плакаў, як жагнаўся.
«Помні, - кажа, - мяне, сыну,
А я хіба што сам згіну,
А цябе вярну да вёскі,
Хіба б ужо гнеў быў Боскі
Або б Праўда гдзесьці змёрла!
Вырву цябе ім із горла:
Бог паможа, проці сілы
Праўда выйдзе, як з магілы!»
Сказаў гэта, пакланіўся
Ды ізноў слязьмі заліўся.
І мне стала ў вачах цьмяна,
Зашчымела ў сэрцы рана,
Як бы штосьці адарвала,
Сам не знаю, што мне стала?
Калі гляну, ачунеўшы, -
Я ў шпіталі, захварэўшы...
Галава мая абрыта,
Твар вадой ці чым абліты,
А піць хочацца... здаецца,
Рэчку б выпіў, каб пры рэчцэ!
Так я праляжаў тры тыдні,
Прадаў усе свае злыдні;
Надта есці стаў памногу
І паправіўсь, дзякуй Богу!
Я ж тут ляжу, і ні рэчы,
Што там стары гаспадара.
А ён торбу ўзяў на плечы,
Па начальству просьбы жара!
Трэйчы Вільню, сем раз Ліду
Ён адведаў. Трэба ж ведаць, -
Прысягнуў, покі я выйду,
Навет дома не абедаць!
Раздабыў усе паперы,
Запісаў мяне у сказку...
Што і бацька б, можа, шчэры
Не зрабіў такую ласку.
Так увосень, ў замарозкі
Прывялі мяне да вёскі,
Пазбіралі шмат суседаў!..
Кожны гаварыў, што ведаў:
Як я тут, калі радзіўся,
Як і бацька мой жаніўся...
Паказалі усё чыста,
І што імя мне Каліста,
Што завуць мяне Ліндарка,
Так, на смех, што чыста гол,
Як ліндар, што на фальварку:
Весь маёнтак - ён ды вол.
Асэсар быў ужо новы,
Чалавечак так, нічога,
Якісь ціхі, нездаровы
І цярплівы... хваліць Бога!
Пасля таго праз паўгоду
Ў марцы ж мяне на свабоду,
Дзякуй Богу, адпусцілі
У той дзень, як і хрысцілі.

Каментары

У паэме адлюстраваныя падзеі пачатку шасцідзесятых гадоў мінулага стагоддзя.

Прыварак - мука лепшага гатунку, грачаная, гарохавая, бабовая, а найчасцей ячная для прыгатавання розных страў.

Пад заставу - пад заклад.

Аборкі - вёска пад Маладзечнам каля Палачанаў са слынным старажытным драўляным касцёлам, рэшткі якога захаваліся дагэтуль (пабудаваны ў 1443 г., перабудаваны ў 1773 г.).

Беразіна - рэчка ў Аборках.

З каліндарка - з календара.

Злыдні - дробныя гаспадарчыя рэчы, транты.

Чварагранну - чатырохкутную.

Ражанец - ружанец, пацеры.

Bóg ucieczką (польск.) - Бог маё сховішча, мой ратунак; пачатковыя словы каталіцкай малітвы.

Цёнгле - заўсёды.

Сказка - рэвізская сказка; спіс асоб падатковага стану, які складаўся пры рэвізіі-перапісе.

Срогі - строгі, суровы.

Звеставанне - веснавое свята 25 сакавіка (н. ст.).