Сименон Жорж

Чалавек на лаўцы (на белорусском языке)

Жорж Сiмэнон

Чалавек на лаўцы

Пераклад: Алесь Асташонак

1. ЖОЎТЫЯ ЧАРАВIКI

Забойства здарылася ў панядзелак, 19 кастрычнiка - у швагеркi камiсара Мэгрэ быў якраз дзень нараджэння. Дзiўна, але на набярэжнай Арфэўр даўно заўважылi, што ў панядзелак забойстваў бывае меней, чым у астатнiя днi.

Гэта была першая восеньская справа, расследуючы якую Мэгрэ адчуў наблiжэнне зiмы.

Усю нядзелю лiў дождж, халодны i дробны. Дахi i асфальт заблiшчалi, а потым узняўся жаўтаваты туман, якi, здавалася, украдаўся ў жытло праз аконныя шчылiны.

Стала так холадна, што ў панядзелак ранiцай панi Мэгрэ сказала:

- Трэба закласцi шчылiны лямцам.

Камiсар гадоў ужо пяць сама меней абяцаў жонцы кожную восень зрабiць гэта "ў наступную нядзелю".

Калi ён выйшаў з дому, першы раз надзеўшы гэтай восенню прапахлае нафталiнам палiто - прапанавала жонка, - была ўжо палова дзевятай, але на вулiцы было так змрочна, што ў кватэры яшчэ гарэла святло.

Удзень дождж скончыўся, аднак асфальт не прасыхаў i рабiўся ўсё больш брудны. А гадзiны ў чатыры Парыж зноў ахутаў той самы жаўтаваты туман, у якiм расплывалася святло лiхтароў i вiтрын.

Калi зазванiў тэлефон, у бюро не было нi Люка, нi Жанв'е, нi нават маленькага Лапуэнта. Адказаў Сантонi, карсiканец, новы чалавек у брыгадзе - да гэтага ён працаваў у аддзеле азартных гульняў, потым - у аддзеле нораваў.

- Шэф, вас турбуе iнспектар Нэвэ, з трэцяга раёна, - далажыў Сантонi камiсару. - Хоча пагаварыць асабiста з вамi. Здаецца, справа тэрмiновая.

Мэгрэ ўзяў слухаўку:

- Слухаю, даражэнькi.

- Званю з бiстро на бульвары Сэн-Мартэн. Толькi што знайшлi аднаго тыпа. Зарэзаны.

- На самым бульвары?

- Не, не зусiм. У адным тупiчку.

Нэвэ, якi ўжо даўно працаваў у палiцыi, ведаў, пра што адразу ж падумае Мэгрэ. Такое забойства, асаблiва ў густанаселеных кварталах, - справа следчаму мала калi цiкавая. Найчасцей гэта вынiк п'яных сварак альбо звядзеяне рахункаў сярод шпаны, гiшпанцаў, арабаў. Таму iнспектар таропка дадаў:

- Справа здаецца мне няпростай. Лепей бы вы прыехалi. Гэта памiж вялiкай ювелiрнай крамай i крамкаю штучных кветак.

- Добра. Еду.

Камiсар упершыню паехаў з Сантонi i цяпер нiяк не мог дачакацца, калi ж яны прыедуць на месца - так моцна наадэкалонiўся iнспектар. Каб здацца вышэйшым, нiзкарослы карсiканец насiў чаравiкi на высокiх абцасах, валасы ў яго былi напамаджаныя, на безыменным пальцы жаўцеў буйны брыльянт, напэўна, фальшывы.

На бульвары Сэн-Мартэн стаяў натоўп чалавек трыццаць. Iх стрымлiвалi палiцэйскiя ў накiдках. Нэвэ, якi чакаў камiсара, адчынiў дзверцы машыны.

- Я папрасiў доктара пачакаць вас, - сказаў ён.

Быў той час, калi гэтая частка Вялiкiх бульвараў робiцца найбольш шматлюднай. Вялiкi святлiсты гадзiннiк над ювелiрнай крамай паказваў дваццаць хвiлiн на шостую. Але ў краме штучных кветак, якая выходзiла на вулiцу толькi адной вiтрынаю, было ўжо цёмна. Шкло вiтрыны было такое бруднае, што, здавалася, у краму нiхто нiколi i не заглядваў.

Памiж крамай i крамкаю - вузкi тупiчок, дакладней, неасветлены, якiх багата ў гэтым квартале, праход ва ўнутраны двор.

Нэвэ працiснуўся наперад, вызваляючы дарогу камiсару. Метры за тры-чатыры ад пачатку праходу iх чакалi ў цемрадзi нейкiя людзi. У двух былi лiхтарыкi, але твары можна было разгледзець толькi зблiзу.

Тут было яшчэ халадней, чым на бульвары - дзьмуў скразны вецер. Памiж ног круцiўся, колькi яго нi адштурхоўвалi, нейкi сабака.

На зямлi, ля сырой сцяны, ляжаў чалавек. Адна ягоная рука была закiнута за спiну, а другая, выцягнутая ва ўсю даўжыню, загароджвала амаль увесь праход.

- Мёртвы?

Доктар кiўнуў:

- Смерць, вiдаць, наступiла iмгненна.

Усё роўна як пацвярджаючы гэтыя словы, святло лiхтара прапаўзло па целе забiтага i спынiлася на нажы, усаджаным у спiну. Другi лiхтар асвяцiў паварот твару, адкрытае вока, шчаку, разадраную аб камянi пры падзеннi.

- Хто яго знайшоў?

Адзiн з палiцэйскiх, якi толькi гэтага i чакаў, выступiў наперад.

- Я рабiў абход. Я звычайна зазiраю ва ўсе закуткi, бо ў iх усё i здараецца. I тут убачыў яго. Спярша я падумаў, што ён п'яны.

- Ён быў ужо мёртвы?

- Напэўна. Але цела было яшчэ цёплае.

- Якi гэта быў час?

- Без чвэрцi пяць. Я засвiстаў паставому i пабег званiць у аддзяленне.

- Слухаўку падняў я, - уступiў у размову Жэнэ. - I адразу ж прыбыў на месца. Загадаў выклiкаць доктара. Палiцэйскае аддзяленне было паблiзу.

- Нiхто нiчога не чуў?

- Не ведаю.

Непадалёк вiднелiся невялiкiя дзверы, над якiмi гарэла слабенькая лямпачка.

- Што гэта?

- Дзверы ў кантору ювелiрнай крамы. Iмi рэдка карыстаюцца.

З'явiлiся эксперты, якiх Мэгрэ выклiкаў, выязджаючы з набярэжнай Арфэўр.

- А што там, у канцы двара? - спытаўся Мэгрэ.

- Нiчога. Сцяна. Ёсць дзверы ў дом па вулiцы Мэле, але яны даўно закалочаныя.

Было вiдавочна: чалавека забiлi ўдарам нажа ў спiну, як толькi ён зайшоў у глыб тупiчка. Нехта, праслiзнуўшы ўслед за iм, цiха зрабiў сваю справу.

- Я праверыў кiшэнi i выняў кашалёк.

Нэвэ працягнуў яго Мэгрэ. Адзiн з экспертаў пасвяцiў лiхтарыкам. Кашалёк як кашалёк, не новы, але i не надта заношаны, з добрай скуры. Усярэдзiне - тры паперкi па тысячы франкаў i некалькi па сто, пасведчанне, выдадзенае на iмя Луi Турэ, кладаўшчыка, жыхара Жувiзi (вулiца Таполяў, 37), картка выбаршчыка з тым самым iменем, шматок паперы, на якiм напiсаны алоўкам пяць-шэсць слоў, i старая фатаграфiя маленькай дзяўчынкi.

- Ну што, прыступiм? - спытаўся эксперт.

Мэгрэ кiўнуў. Зазiхацелi блiцы, зашчоўкалi фотаапараты. Эксперты рабiлi свае вымярэннi спакойна, не задавалi нiякiх пытанняў, адчувалася адно, што iм трохi нязручна працаваць у такiм вузкiм праходзе. Натоўп з боку бульвара павялiчваўся, i палiцэйскiя з цяжкасцю стрымлiвалi яго.

Эксперты асцярожна вынялi нож i паклалi яго ў скрыню. Перавярнулi цела на спiну. На твары ў забiтага, чалавека гадоў сарака - пяцiдзесяцi, застыла здзiўленне. Было ў гэтым здзiўленнi штосьцi дзiцячае. Чалавек, напэўна, так i не зразумеў, што з iм здарылася. Нехта, гледзячы на яго, узнервавана хiхiкнуў.

Апрануты ён быў прыстойна: чыстыя цёмны гарнiтур i бэжавае дэмiсезоннае палiто. Але вось на нагах былi жоўтыя чаравiкi, зусiм не па сезоне.

Каб не яны, то на вулiцы гэтага чалавека нiхто i не заўважыў бы, такi ён быў неадметны.

Аднак палiцэйскi, якi знайшоў яго, сказаў:

- Мне здаецца, я яго недзе бачыў...

- Дзе?

- Не памятаю. Але твар мне знаёмы. Ведаеце, часта сустракаеш адных i тых самых людзей, а твары неяк не запамiнаюцца.

Нэвэ пацвердзiў:

- Мне ён таксама некага нагадвае. Магчыма, працаваў тут непадалёк.

Але што магло спатрэбiцца нябозе ў гэтым тупiку?

Мэгрэ паглядзеў на Сантонi. Карсiканец доўга працаваў у палiцыi нораваў i мог запомнiць яго, як аднаго з маньякаў - шукальнiкаў адзiноты. Там iх ведаюць амаль усiх. Часам гэта значныя людзi. Зрэдку iх ловяць, але калi адпускаюць, яны зноў бяруцца за сваё.

Аднак Сантонi пакруцiў галавою.

- Нiколi не бачыў.

Тады Мэгрэ прыняў рашэнне:

- Працягвайце, панове. Калi завезяце яго ў Iнстытут, не распранайце да майго загаду. А мы, Сантонi, паедзем. Паглядзiм на яго сям'ю, калi такая ёсць.

Камiсар быў заiнтрыгаваны: забiты зусiм звычайны, нiчым не прыкметны чалавек...

- У Жувiзi! - загадаў Мэгрэ шафёру.

Яны спынiлiся на момант ля Iталiйскiх варотаў, каб выпiць па куфлi пiва. А калi ў Жувiзi, ля вакзала, пачалi распытваць пра вулiцу Таполяў, дык адказаў iм толькi пяты чалавек:

- Гэта вунь там, у недабудаваным раёне. Як даедзеце, дык глядзiце на шчыткi. Там кожная вулiца носiць назву якогасьцi дрэва, а так яны ўсе аднолькавыя.

Спачатку доўга ехалi ўздоўж сарцiровачнай станцыi, на якой лязгалi, пераязджаючы з аднаго пуцi на другi, вагоны, свiсталi i сiпелi, пускаючы клубы дыму, дзесяткi два паравозаў. Нарэшце дабралiся да патрэбнага раёна. Вузенькiя вулкi i праўда зусiм аднолькавыя, сотнi, можа, тысячы досыць новых домiкаў, пабудаваных па адной мадэлi. Дрэвы, пасадкi якiх давалi назвы вулiцам, яшчэ не паспелi вырасцi, сям-там не было нават ходнiкаў. За аднымi дамамi - пусткi, за iншымi - чэзлыя садкi, у якiх засыхалi апошнiя восеньскiя кветкi.

Дубовая вулiца... Бэзавая... Букавая... Магчыма, калi-небудзь гэты раён будзе падобны на парк, калi толькi ўсе гэтыя дрэнна пабудаваныя дамы не разваляцца, перш чым вырастуць як след дрэвы.

Жанчыны за вокнамi кухняў гатавалi вячэру. На вулiцах пуста. Дзе-нiдзе маленькiя крамы, таксама даволi новыя з выгляду, аднак вiтрыны iх нiчым не вабiлi.

- Налева.

Хвiлiн дзесяць кружылi, пакуль не прачыталi на шчытку патрэбную назву. Але дом праскочылi, бо трыццаць сёмы нумар iшоў чамусьцi адразу ж за дваццаць першым.

Святло гарэла толькi на кухнi, унiзе. Было вiдаць, як за штораю ходзiць мажная жанчына.

- Хадзем, - уздыхнуў Мэгрэ, з цяжкасцю вылазячы з маленькай машыны, i выбiў люльку аб абцас.

Калi ён ступiў на ходнiкi, штора зварухнулася i жанчына прыпала тварам да акна. Выдавала на тое, што прыезд машыны быў ёй падзеяй.

Мэгрэ ступiў на ганак i спынiўся перад пакрытымi лакам сасновымi дзвярыма, з жалезнай ручкаю i сiнiм акенцам. Ён пачаў шукаць кнопку званка, але перш чым знайшоў яе, пачуў голас з-за дзвярэй:

- Хто там?

- Панi Турэ?

- Я.

- Я хацеў бы пагаварыць з вамi.

Але жанчына не рашалася адчынiць дзверы.

- Палiцыя, - цiха дадаў Мэгрэ.

Гаспадыня зняла ланцужок, адсунула засаўку i, агледзеўшы мужчын праз шчылiну прыадчыненых дзвярэй, спыталася:

- А што вам трэба?

- Пагаварыць з вамi.

- Чым вы дакажаце, што вы з палiцыi?

Мэгрэ паказаў палiцэйскi жэтон.

- Добра. Спадзяюся, ён не фальшывы, - сказала панi Турэ, убачыўшы жэтон, i ўпусцiла нечаканых гасцей.

Вузкi калiдор, выбеленыя сцены, пакрытыя лакам дзверы i плiнтусы. Дзверы на кухню заставалiся адчыненыя, жанчына правяла iх у суседнi пакой i запалiла святло.

Мэгрэ разгледзеў гаспадыню. Сорак - сорак пяць гадоў, як i мужу, паўнейшая за яго, але не рыхлая, а шырокая ў касцях. Iмпазантнай не назавеш. Шэрая сукенка i фартух, якi яна машынальна церабiла, яшчэ больш спрошчвалi яе.

Спынiлiся яны ў сталовай. Абсталюнак у вясковым стылi, кожная рэч на сваiм месцы, як на вiтрыне мэблевай крамы. Нiдзе нiчога лiшняга - нi кiнутай люлькi цi пачка цыгарэт, нi шытва цi нават газеты, нiчога такога, што магло б даць хоць нейкае ўяўленне, чым тут людзi жывуць.

Сесцi гаспадыня гасцей не запрасiла, але выразна паглядзела на iхнiя ногi, перасцерагаючы ўсiм сваiм выглядам: "Не запэцкайце лiнолеум!"

- Слухаю вас.

- Вашага мужа зваць Луi Турэ?

Нахмурыўшы бровы i спрабуючы здагадацца, што прывяло сюды палiцыю, яна кiўнула галавою.

- Ён працуе ў Парыжы?

- Памочнiкам дырэктара фiрмы "Каплан i Занэн", на вулiцы Бондзi.

- Ён працаваў калi-небудзь на складзе?

- Працаваў.

- Даўно?

- Некалькi гадоў таму назад. Але ўжо тады ён быў у дырэктара першым памагатым.

- У вас няма яго фатаграфii?

- А нашто яна вам?

- Мне б хацелася ўпэўнiцца...

- У чым? - Падазрона ўзiраючыся ў гасцей, панi Турэ запыталася: - Луi трапiў у аварыю?

Яна машынальна паглядзела на насценны гадзiннiк, якi вiсеў на кухнi, усё роўна як прыкiдвала, дзе цяпер можа быць муж.

- Спярша я павiнен упэўнiцца, цi ён гэта.

- Гляньце на сервант, - сказала яна.

Падышоўшы да серванта, Мэгрэ ўбачыў некалькi фатаграфiй: на адной маладзенькая дзяўчына, на другой - чалавек, - зарэзаны ў тупiку, але маладзейшы, у чорным.

- Вы часам не ведаеце, цi ёсць у вашага мужа ворагi?

- Адкуль яны ў яго могуць быць?

Гаспадыня выйшла на хвiлiнку ў кухню i выключыла газавую гарэлку - на плiце нешта закiпела.

- А якой гадзiне вяртаецца ён звычайна дамоў?

- Ён выязджае з Лiёнскага вакзала ў шэсць дваццаць дзве. Дачка вяртаецца наступным цягнiком, яна пазней заканчвае працаваць. У яе адказная пасада, i...

- Я вымушаны папрасiць вас праехаць з намi ў Парыж.

- Луi памёр? - Яна паглядзела на iх спадылба, позiркам жанчыны, якая не церпiць маны. - Скажыце мне праўду.

- Яго забiлi.

- Дзе?

- У тупiку ля бульвара Сэн-Мартэн.

- Што яму там спатрэбiлася?

- Не ведаю.

- Калi гэта здарылася?

- Мы мяркуем, недзе пасля паловы пятай.

- А палове пятай ён быў яшчэ ў Капланаў. Вы з iмi гаварылi?

- Не, не паспелi. Ды мы й не ведаем яшчэ, дзе ён працуе.

- А хто ж яго забiў?

- Якраз гэта мы i спрабуем высветлiць.

- Ён быў адзiн?

Мэгрэ адчуў раздражненне.

- Цi не лепей вам апрануцца i паехаць разам з намi?

- Што вы з iм зрабiлi?

- Цяпер ён у Iнстытуце судова-медыцынскай экспертызы.

- Гэта морг?

Мэгрэ змаўчаў.

- Як мне папярэдзiць дачку?

- Можаце пакiнуць цыдулку.

Гаспадыня задумалася.

- Не. Мы лепей заедзем да маёй сястры, i я перадам ёй ключ. Яна прыйдзе сюды i дачакаецца Монiкi. Дачку вам таксама трэба ўбачыць?

- Пажадана.

- Дзе ёй лепш сустрэцца з намi?

- У маiм бюро на набярэжнай Арфэўр. Гэта будзе найбольш аператыўна. Колькi ёй гадоў?

- Дваццаць два.

- А вы не маглi б папярэдзiць яе па тэлефоне?

- Па-першае, у нас няма тэлефона, а па-другое, яна ўжо пайшла з працы i едзе на вакзал. Пачакайце мяне.

Яна паднялася наверх па лесвiцы, якая ўся рыпела пад ёю - дом быў пабудаваны з уцэненых матэрыялаў, i дажыць да старасцi яму наўрад цi было наканавана.

Унiз яна спусцiлася ў чорным, напарфумленая. Падышоўшы да машыны, панi Турэ спынiлася, усё роўна як сумнявалася, цi памесцiцца яна ў такiм маленькiм аўтамабiлi. Нехта назiраў за iмi з суседняга акна.

- Сястра жыве за два кварталы адсюль. Няхай шафёр паверне направа, а потым на другую вулiцу налева.

Домiкi сясцёр здавалiся блiзнятамi. Адрознiвалiся яны хiба што колерам шкла ў акенцы на дзвярах: тут яно было жоўтае.

- Я зараз вярнуся, - сказала панi Турэ, выйшаўшы з машыны, аднак затрымалася хвiлiн на пятнаццаць.

Вярнулася яна разам з сястрою, падобнай на яе як дзве кроплi вады i таксама апранутай у чорнае.

- Сястра паедзе з намi. Я думаю, месца хопiць. Яе муж пойдзе да мяне i дачакаецца Монiкi. Сёння ў яго выхадны. Ён кантралёр на чыгунцы.

Мэгрэ сеў побач з шафёрам. Сантонi ледзь уцiснуўся на сядзенне побач з мажнымi жанчынамi. Па дарозе сёстры перашэптвалiся.

Калi яны прыехалi ў Iнстытут судмедэкспертызы, цела Луi Турэ ўжо ляжала на мармуровай плiце. Нябожчыка згодна з загадам Мэгрэ яшчэ не распраналi. Камiсар сам адкiнуў з твару забiтага прасцiну.

Мэгрэ назiраў за сёстрамi. У цемнаце ён прыняў iх за блiзнят. А цяпер, пры яркiм святле, заўважыў, што сястра гады на тры-чатыры маладзейшая.

- Вы яго пазнаяце?

Панi Турэ трымала ў руках насоўку, але не плакала. Сястра трымала яе пад руку.

- Гэта Луi... Нябога... - уздыхнула ўдава. - Цi магла б я падумаць уранку... - Раптам яна заўважыла: - Яму ж нiхто не закрыў вочы...

- Можаце гэта зрабiць.

Сёстры пераглянулiся: а чый гэта абавязак?.. Разважыўшы, панi Турэ з урачыстым выглядам закрыла мужу вочы.

Прашаптаўшы: "Бедны Луi..." - яна звярнула ўвагу на чаравiкi нябожчыка, бачныя з-пад прасцiны, i адразу ж нахмурыла бровы.

- Што гэта?.. Хто надзеў яму гэтыя чаравiкi?

- Яны былi на iм, калi мы яго знайшлi.

- Не можа быць. Луi нiколi не насiў жоўтых чаравiкаў. Прынамсi, за ўсе дваццаць шэсць гадоў, што мы разам жылi. Ён ведаў: я такога колеру не дапусцiла б. Жанна, ты бачыла?

Сястра згодна кiўнула.

- Вы ўсё-такi падумайце, - сказаў Мэгрэ, - цi былi ў яго такiя адзежа i абутак... А можа, гэта не ён?

- А хто ж? Але чаравiкi не ягоныя. Я ж чышчу iх кожны дзень. Магла я запомнiць iх колер?.. Сёння ўранку на iм былi чорныя чаравiкi на двайной падэшве, ён надзяваў iх ца працу.

Мэгрэ адкiнуў прасцiну да канца.

- Палiто ягонае?

- Ягонае.

- А гарнiтур?

- Таксама. А гальштук - не. Ён нiколi не надзеў бы такога яркага гальштука. Гэты ж амаль чырвоны!

- Якi лад жыцця быў у вашага мужа?

- Сама мерны. Сястра можа пацвердзiць. Уранку ён ад'язджаў на працу, сядаў у аўтобус, ехаў да вакзала на цягнiк у восем семнаццаць. На Лiёнскiм вакзале ён спускаўся ў метро i выходзiў на станцыi Сэн-Мартэн.

Супрацоўнiк Iнстытута зрабiў Мэгрэ знак, i камiсар, зразумеўшы яго, падвёў сясцёр да другога стала, на якiм былi раскладзены рэчы, знойдзеныя ў кiшэнях у забiтага.

- Спадзяюся, вы пазнаяце гэтыя рэчы?

На стале ляжалi срэбраны гадзiннiк з ланцужком, насоўка без меткi, пачаты пачак цыгарэт, запальнiчка, ключ i, побач з кашальком, два сiнiя бiлеты.

- Квiткi ў кiно, - адзначыла панi Турэ.

Мэгрэ дадаў, зiрнуўшы на iх:

- Кiнатэатр "Навiны дня", бульвар Бон-Нувэль. Калi я не памыляюся, квiткi сённяшнiя.

- Не можа быць. Ты чуеш, Жанна?

- Цiкава, - адказала сястра.

- Будзьце ласкавы, гляньце, што там у кашальку.

Праверыўшы кашалёк, панi Турэ зноў нахмурыла бровы.

- У Луi не было столькi грошай уранку.

- Вы ўпэўнены?

- Я ж кожную ранiцу правяраю, цi ёсць у яго грошы. Ён нiколi не бярэ з сабою больш як тысячу дзвесце, тысячу трыста.

- Можа, ён сёння атрымаў грошы?

- Ды не, цяпер жа канец месяца.

- Калi ён вяртаўся ўвечары, у яго заўсёды заставалiся грошы?

- За вылiкам тых, што ён плацiў за метро i цыгарэты. А на цягнiк у яго праязны.

Яна не рашалася пакласцi кашалёк сабе ў сумку.

- Напэўна, ён вам яшчэ патрэбны?

- Пакуль што патрэбны.

- Я нiяк не магу зразумець, чаму ў яго гэтыя гальштук i чаравiкi. I чаму, калi ўсё гэта здарылася, ён не быў у сябе ў краме?..

Нiчога не адказаўшы, Мэгрэ папрасiў яе распiсацца на бланках.

- Вы паедзеце дамоў?

- Калi мы зможам забраць цела?

- Напэўна, праз дзень цi два.

- Яго будуць ускрываць?

- Магчыма. Але не абавязкова.

Панi Турэ паглядзела на гадзiннiк.

- Праз дваццаць хвiлiн адыходзiць наш цягнiк, - сказала яна сястры i звярнулася да Мэгрэ: - Цi не маглi б вы давезцi нас да вакзала?

- Ты не будзеш чакаць Монiку? - запыталася ў панi Турэ сястра.

- Яна можа вярнуцца сама.

Вяртаючыся з Лiёнскага вакзала ў палiцыю, Мэгрэ i Сантонi яшчэ раз зiрнулi з машыны сёстрам услед.

- Ведзьма! - прабурчаў Сантонi па дарозе з вакзала на набярэжную Арфэўр. Нябозе, вiдаць, было не надта весела.

- Ва ўсякiм разе, з ёю.

- Што вы думаеце пра гэтыя чаравiкi? Калi б яны былi новыя, можна было б падумаць, што ён купiў iх сёння...

- Наўрад цi. Ён не пасмеў бы. А цiкава, цi падобная на мацi дачка?

Заехалi ў пiўную перакусiць. Мэгрэ патэлефанаваў жонцы i сказаў, што не ведае, калi вернецца.

Калi яны пад'ехалi да камiсарыята, вартавы-палiцэйскi паведамiў Мэгрэ:

- Вас пыталася нейкая дзяўчына. Кажа, што вы яе выклiкалi. Я адправiў яе ў вашае бюро.

- Даўно?

- Хвiлiн дваццаць назад.

Туман зноў змянiўся дажджом, i пыльныя прыступкi лесвiцы стракацелi мокрымi слядамi. Большасць пакояў ужо апусцела. Але ў некаторых яшчэ гарэла святло.

- Мне застацца з вамi? - спытаўся Сантонi.

Мэгрэ кiўнуў. Раз ужо пачаў расследаванне з iм - будзе з iм i працягваць.

У чакальнi сядзела дзяўчына ў блакiтным капялюшыку. Твар з-за слабага святла разгледзець было цяжка. Дзяжурны, якi чытаў вячэрнюю газету, далажыў:

- Гэта да вас, шэф.

- Я ведаю.

Звяртаючыся да дзяўчыны, Мэгрэ запытаўся:

- Панна Монiка? Хадземце, калi ласка, у мой кабiнет.

Мэгрэ запалiў настольную лямпу. Святло ўпала на крэсла, i, калi камiсар прапанаваў дзяўчыне сесцi, то адразу заўважыў сляды слёз на яе твары.

- Дзядзька ўсё мне сказаў.

Мэгрэ загаварыў не адразу, прыгледзеўся да дзяўчыны. Яна, як i мацi, трымала ў руцэ насоўку, але сцiскала яе неяк па-дзiцячы, усё роўна як мяла камяк пластылiну.

- Я думала, што заспею маму ў вас.

- Яна паехала дадому.

- Як яна?..

Ён не ведаў, што адказаць.

- Ваша мацi - мужная жанчына.

Монiка здалася камiсару абаяльнай: непадобная да мацi, праўда, таксама ў целе. На ёй быў вельмi элегантны гарнiтур, што здзiвiла Мэгрэ: пакупка, вiдавочна, была зроблена ў дарагой краме.

- Каму ж спатрэбiлася ягонае жыццё? - Слёзы зноў з'явiлiся ў яе на вачах.

Камiсару чамусьцi здавалася, што яна не зусiм шчырая. Мацi таксама трымалася насцярожана, аднак калi ўлiчыць характар, у якiм Мэгрэ паспеў сёе-тое ўгледзець, то яе можна было зразумець. Панi Турэ здавалася ганебным, што яе мужа зарэзалi ў нейкiм цёмным тупiку. Яна зацiснула жыццё, i сваё, i сваёй сям'i, у строгiя рамкi, i гэтая смерць выходзiла з iх. Ды яшчэ гэтыя жоўтыя чаравiкi i амаль што чырвоны гальштук!

А дачка нiбыта баялася пытанняў.

- Вы добра ведалi бацьку?

- Ну... вядома...

- Вы, пэўна, ведалi яго так, як дзецi ведаюць сваiх бацькоў. А я пытаюся ў вас, цi давяраўся ён вам, цi гаварыў з вамi пра сваё асабiстае жыццё...

- Ён быў добры бацька.

- Ён быў шчаслiвы?

- Напэўна.

- Вы калi-небудзь сустракалiся ў Парыжы?

- Не разумею. Вы маеце на ўвазе на вулiцы?

- Я ведаю, што вы вярталiся дамоў рознымi цягнiкамi. Але вы маглi калi-нiкалi разам абедаць.

- Здаралася.

- Часта?

- Не. Рэдка.

- Вы заходзiлi да яго ў краму?

Дзяўчына вагалася.

- Мы сустракалiся ў рэстарацыi.

- Вы тэлефанавалi яму?

- Нiколi.

- Калi вы абедалi з iм апошнi раз?

- Некалькi месяцаў назад. Да адпачынку.

- Дзе?

- У "Эльзасе". Гэта рэстаранчык на Севастопальскiм бульвары.

- Ваша мацi ведала пра гэта?

- Не памятаю. Думаю, я ёй казала.

- Ваш бацька быў вясёлы чалавек?

- Вясёлы. Ва ўсякiм разе, на маю думку.

- А здароўе ў яго было добрае?

- Ён нiколi не хварэў.

- Сябры ў яго былi?

- Мы бывалi пераважна ў маiх цётак i дзядзькоў.

- Яны жывуць у Жувiзi?

- Так, непадалёк ад нас. Дзядзька Альбэр, муж цёткi Жанны, i сказаў мне, што бацьку забiлi.

- I шмат iх у вас?

- Дзве цёткi i два дзядзькi. Цётка Сэлiна з дзядзькам Жульенам жывуць трохi далей. Дзядзькi абодва чыгуначнiкi.

- Панна Монiка, а цi сустракаецеся вы з якiм-небудзь маладым чалавекам?

Дзяўчына сумелася.

- Не будзем зараз пра гэта. Мне трэба паглядзець на бацьку?

- Вы што маеце на ўвазе?

- Як я зразумела з дзядзькавых слоў, мне трэба будзе апазнаць цела.

- Ваша мацi i цётка зрабiлi ўжо гэта. Але, калi вы хочаце...

- Не. Я ўбачу яго дома.

- Пачакайце яшчэ трохi, панна Монiка. Вам прыходзiлася сустракаць вашага бацьку ў Парыжы ў жоўтых чаравiках?

- У жоўтых чаравiках? - паўтарыла яна задуменна.

- Не зусiм жоўтых, хутчэй бэжавых. У мой час, даруйце за выраз, такi колер называлi "дзiцячым паносам".

- Нешта не памятаю.

- А чырвонага гальштука на iм не заўважылi?

- Не.

- Вы даўно хадзiлi ў кiно?

- Учора пасля абеду.

- У Парыжы?

- У Жувiзi.

- Не буду вас больш затрымлiваць. Думаю, вы зможаце сесцi на цягнiк...

- Праз трыццаць пяць хвiлiн.

Яна паглядзела на гадзiннiк, узнялася, але не пайшла адразу, а затрымалася на iмгненне.

- Да пабачэння, - сказала яна нарэшце.

- Да пабачэння, панна. Дзякую вам.

Мэгрэ праводзiў дзяўчыну i зачынiў за ёю дзверы.

2. ПАННА "IЛЬВIЦА"

Мэгрэ, сам не ведаючы чаму, заўсёды вылучаў участак Вялiкiх бульвараў памiж плошчаю Рэспублiкi i Манмартрам. Уласна кажучы, гэта быў ягоны квартал. Сюды, у кiнатэатр на бульвары Бон-Нувэль, непадалёк ад тупiчка, дзе забiлi Луi Турэ, ён пешшу, пад руку са сваёй жонкаю, заходзiў амаль кожны тыдзень. Побач, якраз насупраць кiнатэатра, была пiўная, дзе ён любiў перакусiць сасiскамi з капустаю.

Далей, у накiрунку да Оперы, бульвары рабiлiся свабаднейшыя, але тут, памiж Сэн-Мартэн i плошчаю Рэспублiкi, яны хутчэй нагадвалi нейкiя змрочныя траншэi, у якiх, бы ў мурашнiку, вiруе жыццё - часам ажно галава кружылася ад усёй гэтай мiтуснi.

Ранiца была шэрая i халодная, але не такая сырая, як напярэдаднi. Мэгрэ выйшаў з дому а палове дзевятай i за чвэрць гадзiны, не спяшаючы, дайшоў да вулiцы Бондзi. Недзе тут, у фiрме "Каплан i Занэн", i працаваў Луi Турэ ўсё сваё жыццё, у тым лiку, мабыць, i ў дзень сваёй гiбелi.

Пошукi патрэбнага нумара прывялi Мэгрэ да старой, занядбанай будынiны. Уваходныя дзверы былi адчынены насцеж, па абодвух баках вiселi розныя шыльдачкi: "Урокi машынапiсу", "Продаж пёраў", "Набiўка матрацаў", "Юрыдычны кансультант", "Дыпламаваная масажыстка".

Кансьержка раскладвала пошту па скрынях.

- Дзе тут фiрма "Каплан i Занэн"? - спытаўся Мэгрэ.

- Шаноўны пан, праз месяц будзе ўжо тры гады, як фiрма перастала iснаваць.

- I вы ўвесь гэты час жылi тут?

- Я жыву тут ужо дваццаць шэсць гадоў.

- А цi ведалi вы Луi Турэ?

- Яшчэ як! А што з iм здарылася, вы не скажаце? Ён не заходзiў да мяне ўжо некалькi месяцаў.

- Ён памёр.

- Божа лiтасцiвы... Такi здаровы мужчына! Што з iм здарылася? Сэрца, мабыць?..

- Яго забiлi ўчора пад вечар ударам нажа ў спiну.

Кансьержка ажно здранцвела.

- Я яшчэ не чытала сёння газет...

Пра гiбель Луi Турэ ў газетах было згадана ўсяго ў некалькiх радках, як пра банальнае здарэнне.

- I хто гэта мог забiць такога добрага чалавека?.. Дваццаць тры гады ён хадзiў мiма майго пакоя пад лесвiцай, праходзiў па чатыры разы на дзень i кожны раз казаў мне што-небудзь прыемнае. Калi пан Каплан закрыў сваю фiрму, пана Луi нiбыта падкасiла...

Кансьержка выцерла слёзы i высмаркалася.

- Пан Каплан яшчэ жывы?

- Я вам магу даць яго адрас. Ён жыве на плошчы Маё. Выдатны чалавек, але зусiм iншы. Яго бацька, напэўна, таксама яшчэ жывы.

- Чым яны гандлявалi?

- Як, вы не ведаеце гэтай фiрмы?!

Яна так здзiвiлася, што можна было падумаць, увесь свет павiнен ведаць фiрму "Каплан i Занэн".

- Я з палiцыi, - растлумачыў Мэгрэ. - Мне трэба ведаць усё, што датычыць пана Турэ.

- Для нас ён быў проста панам Луi. Усе яго так i звалi, многiя нават не ведалi ягонага прозвiшча. Пачакайце, калi ласка, хвiлiнку...

Яна таропка рассоўвала астатяiя лiсты па скрынях, прычынiла дзверцы ў грубцы i накiнула на плечы шаль.

- Пан Луi забiты! Хто б мог падумаць! Такi чалавек... Хадземце. Я пакажу вам дом. Яго павiнны былi знесцi яшчэ тры гады назад i пабудаваць на гэтым месцы кiнатэатр. Жыхароў загадзя папярэдзiлi, я нават з'язджала да сваёй дачкi ў Ньеўр. Таму пан Каплан i закрыў сваю фiрму. А можа, яшчэ i таму, што апошнiя гады справы ў яго былi няважныя: ягоны сын, пан Макс, глядзеў на жыццё зусiм не так, як бацька... Хадземце сюды...

Яны прайшлi ў вялiкi ўнутраны двор, i камiсар убачыў павiльён са шкляным дахам, падобны на вакзальнае памяшканне. Над уваходам можна было яшчэ прачытаць колькi лiтар на аблезлай шыльдзе "Каплан i Занэн".

- Калi я пасялiлася тут, Занэнаў ужо не было. Справы вёў стары Каплан. Ён быў так падобны на Дзеда Мароза, што дзецi на вулiцы спынялiся i глядзелi яму ўслед.

Замок на дзвярах у павiльён быў вырваны. Усярэдзiне - рэзрух. Якi быў гэты свет, дзе яшчэ тры гады назад жыў Луi Турэ, уявiць было цяжка.

Велiзарная зала з разбiтым шкляным дахам, уздоўж сцен, як у фешэнебельнай краме, адна над адной - галерэi; прылаўкi i палiцы былi знятыя, але на сценах яшчэ заставалiся сляды ад iх.

- Кожны раз, калi пан Луi заходзiў да мяне...

- А ён часта гэта рабiў?

- Раз у два-тры месяцы. I заўсёды прыносiў што-небудзь смачнае... Я адчувала, што на душы ў яго цяжка... Памятаю, у пана Каплана працавала да дваццацi ўкладчыц, а то i болей, перад святамi даводзiлася працаваць i ўначы. Пан Каплан вёў аптовы гандаль, прадаваў тавар дробным гандлярам. Чаго толькi ў яго не было! Прыстаўныя бароды, кардонныя свiстулькi, шары, карнавальны серпанцiн, маскi, сувенiры з марскога ўзбярэжжа... Не было як прайсцi праз залу... Часта адзiн толькi пан Луi i мог знайсцi патрэбны тавар...

- Ён быў кладаўшчыком?

- Кладаўшчыком. Ён заўсёды хадзiў у шэрым халаце. Справа, вось у гэтым куце, стаяў за шкляной перагародкаю стол пана Каплана, маладога, бо пасля першага ўдару стары ўжо больш не прыходзiў у краму. З панам Максам сядзела сакратарка, панна Леон, а бухгалтар быў там, на першым паверсе. Нiхто тады i не думаў, што ўсяму гэтаму хутка настане канец. I вось аднаго дня, у кастрычнiку цi ў лiстападзе, не магу сказаць больш дакладна калi, памятаю адно, было ўжо холадна, пан Макс сабраў усiх i аб'явiў, што закрывае фiрму i прадае тавар iншаму аптавiку. Усе тады думалi, што дом будзе знесены i тут пабудуюць кiнатэатр. Усе жыльцы атрымалi паведамленне аб зносе. Многiя выехалi. А iншыя не сталi спяшацца i не памылiлiся: жывуць сабе тут спакойна дагэтуль. Але дом усё-такi прададзены, i новыя ўладальнiкi адмаўляюцца рабiць рамонт. Жыльцы ўсё судзяцца з iмi, сюды ледзь не кожны месяц з суду прыходзяць. Я сама двойчы збiрала рэчы...

- А вы знаёмы з панi Турэ?

- Нiколi не бачыла. Яна жыла ў прыгарадзе, у Жувiзi...

- Яна там i цяпер жыве.

- Вы яе бачылi? Якая яна?

Мэгрэ адно скрывiўся.

- Так я i думала. Пан Луi не меў дома шчасця. Толькi тут ён яго i знаходзiў. I ўдар ён перанёс цяжэй за iншых: ён ужо быў у такiх гадах, калi цяжка мяняць лад жыцця.

- Колькi яму было тады?

- Сорак пяць цi сорак шэсць.

- Вы не ведаеце, чым ён займаўся потым?

- Не. Ён нiколi мне пра гэта не казаў. Вiдаць, цяжка яму бывала. Доўгi час ён зусiм не заходзiў. А аднойчы ўранку я iшла па бульвары - раптам бачу яго на лаўцы. Мяне ажно скаланула. Не такому ж чалавеку, як пан Луi, сядзець на лаўцы ў гэткую пару! Я ўжо хацела падысцi да яго, але падумала, што яму будзе няёмка, i прайшла мiма.

- Праз колькi часу пасля закрыцця фiрмы гэта здарылася?

У павiльёне было вельмi холадна, i кансьержка прапанавала:

- Хочаце зайсцi да мяне пагрэцца?.. А колькi часу прайшло, цяжка сказаць. Вiдаць, гэта было ў канцы зiмы, бо бралася ўжо на цяпло, але дрэвы яшчэ не зазелянелi.

- А калi вы яго зноў убачылi?

- О, прайшло шмат часу!.. У самы разгар лета. Найбольш мяне здзiвiла тое, што на iм былi чаравiкi... колеру дзiцячага паносу... Чаму вы так глядзiце на мяне?

- Так проста. Працягвайце.

- Гэта не ў ягонай звычцы. Я заўсёды бачыла на iм толькi чорныя чаравiкi. Ён зайшоў да мяне i паклаў на стол маленькую скрыначку, белую, з залатой стужкаю - у ёй былi шакаладныя цукеркi. Сеў на гэтае крэсла. Я згатавала яму фiлiжанку кавы, потым збегала ў краму, купiла пляшку кальвадосу, а ён застаўся пасядзець за мяне ля ўвахода.

- Што ён расказваў вам?

- Нiчога асаблiвага. Адчувалася, што яму прыемна дыхаць паветрам нашага дома.

- Так нiчога i не сказаў пра сваё новае жыццё?

- Я запыталася, цi задаволены ён сваiм цяперашнiм жыццём, ён сказаў, што задаволены. Ва ўсякiм разе, ён больш не сядзеў ва ўстанове, бо была ранiца, дзесяць-адзiнаццаць гадзiн. Другi раз ён прыйшоў пасля абеду, i на iм быў вельмi яркi гальштук. Я трохi пасмяялася з яго, што ён стараецца маладзiцца, але ён зусiм не пакрыўдзiўся - пан Луi мала калi сердаваў. Потым я загаварыла пра ягоную дачку - я яе нiколi не бачыла, але ён паказваў мне яе здымак, калi ёй было ўсяго некалькi месяцаў. Нячаста сустракаеш чалавека, якi так ганарыцца сваiм дзiцём. Ён усiм расказваў пра дачку i заўсёды насiў з сабою яе картку.

Мэгрэ згадаў: у кiшэнi ў Турэ нiякiх iншых фатаграфiй Монiкi, апроч здымка зусiм маленькай дзяўчынкi, не знайшлi.

- Што вы яшчэ можаце пра яго сказаць?

- А я i не ведаю. Я ж тут з ранку да вечара, у гэтых мурах... Як Капланы закрылiся ды яшчэ цырульнiк з другога паверха з'ехаў, дык тут зусiм цiха стала. Жыльцы многiя з'ехалi, суды гэтыя пачалiся, архiтэктары сноўдаюцца з планамi iхняга кiнатэатра, а дом патроху развальваецца - вось i ўсё маё тут жыццё...

Але вялiкай горычы ў голасе ў кансьержкi не чулася. Мяркуючы па ўсiм, яна збiралася з'ехаць з гэтага дома апошняя.

- Як гэта здарылася? - спыталася кансьержка. - Ён мучыўся?

Нi панi Турэ, нi Монiка не спыталiся пра гэта.

- Доктар кажа, што не, памёр iмгненна.

- I дзе ж яго забiлi, нябогу?

- Ды зусiм побач. У тупiчку на бульвары Сэн-Мартэн.

- Каля ювелiрнага?

- Так. Нехта падлавiў яго там i ўсадзiў нож у спiну.

Наконт нажа Мэгрэ тэлефанаваў у экспертызу, i яму сказалi, што нож сама звычайны, шырока распаўсюджанай маркi, якi можна купiць практычна ў любой краме. Ён быў новы, адбiткаў пальцаў на iм не выявiлi.

- Бедны пан Луi! Ён так любiў жыццё!

- Ён быў вясёлы чалавек?

- Ва ўсякiм разе, сумным яго назваць было нельга. Не ведаю, як вам растлумачыць. Ён з усiмi быў ветлiвы i ўважлiвы, кожнаму стараўся сказаць што-небудзь прыемнае. I нiколi не iмкнуўся набiць сабе цану.

- А жанчынамi ён цiкавiўся?

- О не, што вы! Хоць мог iх мець колькi хацеў бы. За вылiкам пана Макса i старога бухгалтара ён быў адзiны мужчына ў краме, а нашыя ўпакоўшчыцы дужа цнатлiвымi не выдавалi.

- Ён пiў?

- Шклянку вiна ў дзень, як i ўсе мы. Зрэдку кiлiшак лiкёру.

- А дзе ён абедаў у час перапынку?

- Ён заўсёды палуднаваў на працы. Пакладзе на край стала свой "тармазок", - ён яго ў кавалачак цыраты загортваў, я гэтую цырату як цяпер памятаю, - i есць стоячы. А потым iшоў на двор выпалiць люльку. I зноў за працу. Праўда, iншы раз некуды выходзiў, казаў тады, што ў яго спатканне з дачкою. Але гэта было вельмi рэдка, у самым канцы, калi дачка стала ўжо паненкаю i працавала ў Парыжы. Я пыталася ў яго: "Чаму вы яе нiколi нам не пакажаце? Я б так хацела зiрнуць на яе!" Ён усё абяцаў, што неяк на днях пакажа. Але так i не паказаў. Не ведаю чаму.

- А вы ведаеце, дзе цяпер сакратарка, панна Леон?

- А як жа! У мяне ёсць яе адрас. Яна жыве са сваёй мацi, у яе цяпер свая крамка на вулiцы Клiн'янкур, на Манмартры. Яна, мабыць, зможа расказаць вам больш за мяне. Пан Луi заходзiў i да яе. Неяк мы загаварылi з iм пра яе, i ён сказаў, што яна прадае розныя рэчы для немаўлят. Смешна.

- Што смешна?

- Што яна, старая дзеўка, такое прадае.

Мiма праходзiлi жыльцы i, выбiраючы пошту са скрынак, падазрона пазiралi на Мэгрэ, мяркуючы, мабыць, што гэты таксама прыйшоў з нагоды iхняга высялення.

- Ну, дзякую. Я яшчэ зайду да вас.

- У вас ёсць якая-небудзь здагадка наконт забойцы?

- Нiякай, - прызнаўся камiсар.

- Кашалёк у яго ўкралi?

- Не. I гадзiннiк не ўзялi.

- Ну, тады яго, мабыць, пераблыталi з кiмсьцi iншым.

Каб трапiць на вулiцу Клiн'янкур, Мэгрэ трэба было прайсцi праз увесь горад. Ён зайшоў у бар i патэлефанаваў у камiсарыят.

- Жанв'е слухае.

- Нiчога новага?

- Хлопцы ўсе разышлiся згодна з вашымi загадамi.

Уранку Мэгрэ загадаў сваiм пяцi iнспектарам размеркаваць мiж сабою кварталы Парыжа i абысцi ўсе крамы, каб высветлiць, дзе забойца або ягоны памагаты мог купiць нож. Сантонi атрымаў заданне сабраць iнфармацыю аб Монiцы Турэ.

Калi б у панi Турэ быў тэлефон, Мэгрэ неадкладна пазванiў бы ёй, каб даведацца, цi браў нябожчык з сабою апошнiя тры гады абед, загорнуты ў цырату.

- Жанв'е, прышлi па мяне машыну. Я на вулiцы Бондзi. Буду чакаць насупраць кiнатэатра "Адраджэнне".

Потым камiсар даручыў Жанв'е распытаць у крамах на бульвары Сэн-Мартэн, цi ведаюць там Луi Турэ. Праўда, такое заданне ўжо атрымаў iнспектар Нэвэ, але ў такiх справах, дзе прыходзiцца спадзявацца на шчаслiвы выпадак, лiшняя праверка нiколi не зашкодзiць.

- I дай фота ў газеты. Няхай яны i далей паведамляюць аб справе Турэ як аб сама банальным забойстве.

- Зразумеў. Высылаю машыну.

Было холадна, i, згадаўшы, як кансьержка з нагоды вiзiту Турэ бегала ў краму па кальвадос, Мэгрэ выпiў кiлiшак. Потым, засунуўшы рукi ў кiшэнi, перайшоў цераз бульвар i зазiрнуў у тупiк, дзе забiлi Турэ.

Мабыць, нiхто не звярнуў асаблiвай увагi на газетныя паведамленнi аб забойстве: Мэгрэ вельмi доўга стаяў ля вiтрын ювелiрнай крамы, але нiводны чалавек так i не зазiрнуў у тупiчок пацiкавiцца.

У краме працавалi пяць цi шэсць прадаўцоў. Надта дарагiх вырабаў не было. На большасцi тавараў вiселi этыкеткi "Рэкламная цана". Было багата брыльянтаў, пераважна фальшывых, сустракалiся, напэўна, i сапраўдныя. Заручальныя пярсцёнкi, будзiльнiкi, насценныя гадзiннiкi, не вельмi густоўныя.

Звярнуўшы на камiсара ўвагу, да дзвярэй з ветлiвай усмешкаю падышоў прадавец, збiраючыся запрасiць нерашучага, як ён, напэўна, падумаў, пакупнiка ў краму, але Мэгрэ рушыў далей.

Праз некалькi хвiлiн ён ужо ехаў у службовай машыне на вулiцу Клiн'янкур.

Раён быў цiхi, небагаты. Крама панны Леон, пад шыльдаю "Усё для сама маленькiх", ледзь вiднелася, зацiснутая памiж мясной крамаю i шынком для шафёраў.

Увайшоўшы ў краму, Мэгрэ адразу ж сумеўся: нi тая старая жанчына, што сядзела ў фатэлi з кошкаю на каленях у суседнiм з крамным пакоi, нi гэтая, маладзейшая, што цiха выслiзнула насустрач яму, нiяк не адпавядалi ягонаму ўяўленню аб Капланавай сакратарцы, уяўленню, якое ён паспеў скласцi, пагутарыўшы з кансьержкаю. Вядома, камiсар разумеў, калi кiраваўся сюды, што сустрэне старую панну, аднак не настолькi ж ужо "кiдкую" - сакратаркаю ўсё ж такi жанчына колiсь была.

Але, канечне, гадаць не прыходзiлася: панна Леон - гэтая, маладзейшая.

Яна дужа нагадвала мнiшку. Вельмi ўжо строгая, як на любы погляд, чорная сукенка, твар i рукi здавалiся зусiм бясколернымi, абяскроўленымi. Праўда, на тонкiх вуснах вiднелася нешта накшталт слабенькай усмешкi, якая хоць трохi ажыўляла невыразны твар.

Рысы ўсе былi вельмi незаўважныя, так бы мовiць, нават нейкiя сцёртыя, але за выняткам адной - тоўстага носа, якi так i кiдаўся ў вочы.

Як смешна, падумаў Мэгрэ, што яе завуць Леон*.

* Leonne - iльвiца (фр.).

Вялiкi мясiсты нос рабiў жанчыну i праўда падобнай да iльвiцы ў заапарку у час сну. Але ж якая только гэта iльвiца...

З суседняга пакоя iшло цяпло ад грубкi. Адчувалася адразу, што палiлi тут не шкадуючы. На прылаўку i на палiцах раскладзены пушыстыя распашонкi, пiнеткi з ружовымi цi блакiтнымi банцiкамi, каптурыкi, сукеначкi...

- Што пану трэба?

- Камiсар Мэгрэ, крымiнальны вышук.

Жанчына сумелася.

- Учора забiлi аднаго з вашых былых саслужыўцаў, Луi Турэ...

З усiх жанчын, з якiмi камiсар паспеў сустрэцца па справе Турэ, гэтую раптоўнае паведамленне ўразiла найбольш: яна знерухомела, вусны збялелi.

- Даруйце, што я так знянацку...

Панна Леон моўчкi пакруцiла галавою, паказваючы, што камiсару няма чаго прасiць прабачэння.

У суседнiм пакоi рыпнуў фатэль.

- Каб знайсцi злачынцу, нам трэба сабраць як мага больш звестак аб забiтым...

Панна Леон зноў моўчкi кiўнула.

- Я думаю, вы добра ведалi нябожчыка.

Яе твар нiбыта прасвятлеў.

- Як гэта здарылася? - спыталася яна нарэшце, з цяжкасцю выгаварыўшы словы. Зазiрнуўшы ў суседнi пакой, запыталася: - Не хочаце сесцi?

- А мы не патрывожым вашу мацi?

- Яна зусiм глухая. Ёй будзе нават прыемна паглядзець на iншага чалавека.

Мэгрэ не стаў казаць, што яму не надта хочацца ў перагрэты пакой, i прыняў прапанову.

Цяжка было вызначыць узрост панны Леон. Напэўна, ёй было больш як пяцьдзесят. Мацi выглядала гадоў на восемдзесят. Свой тоўсты нос дачка, напэўна, займела ад бацькi: на сцяне вiсела фатаграфiя мужчыны з такой самай "бульбiнай". Жанчына, бадай, усведамляла сваю непрыгожасць з самага дзяцiнства.

- Я толькi што быў у кансьержкi на вулiцы Бондзi.

- Яна, канечне, не магла паверыць?..

- Не магла. Вiдаць, што яна яго любiла.

- Яго ўсе любiлi. - Панна Леон пачырванела. - Якi ён быў добры! - таропка дадала яна.

- Вы яго часта бачылi?

- Ён прыходзiў да мяне... Нячаста, вядома. Я жыву далёка ад цэнтра, а ён чалавек заняты.

- Вы ведаеце, чым ён займаўся апошнiм часам?

- Я ў яго пра гэта нiколi не пыталася. Па-мойму, ён жыў нябедна. Думаю, пан Луi меў уласную справу - ён мог заявiцца да мяне ў любы час дня.

- А ён не расказваў пра людзей, з якiмi кантактваў?

- Мы пераважна ўспамiналi нашае жыццё ў Капланаў, пана Макса... А жонку яго вы бачылi? - неяк нерашуча запыталася яна.

- Учора ўвечары.

- I што яна вам сказала?

- Яна не разумее, чаму ў яго ў момант смерцi былi нагах жоўтыя чаравiкi. Яна лiчыць, што iх надзеў забойца.

Але панна Леон, як i кансьержка, таксама бачыла яго ў жоўтых чаравiках.

- Ён iх часта надзяваў.

- Ужо тады, калi яшчэ працаваў у Каплана?

- Не, толькi пазней. Прайшло досыць шмат часу, як яго першы раз у iх убачыла.

- А колькi прыблiзна, не скажаце?

- Прыблiзна год.

- Вас здзiвiла, што ён быў у жоўтых чаравiках?

- Здзiвiла. Гэта было не ў яго стылi.

- Што вы тады падумалi?

- Што ён змянiўся.

- Ён i праўда змянiўся?

- Ва ўсякiм разе, ён быў ужо не такi, як раней. Жартаваў iнакш. Нават рагатаў.

- А раней ён смяяўся?

- Цiшэй. У ягоным жыццi з'явiлася штосьцi новае.

- Жанчына?

Мэгрэ разумеў, што пытанне жорсткае, аднак яго трэба было задаць.

- Магчыма.

- Ён дзялiўся з вамi сваёй тайнай?

- Не.

- А за вамi ён нiколi...

- Нiколi! - пачырванеўшы, таропка перапынiла яна. - Клянуся! Я ўпэўнена, што яму гэта нават у галаву не прыйшло б.

Кошка, якая сядзела на каленях у старой, пераскочыла на каленi да Мэгрэ.

- Няхай сядзiць, - сказаў ён панне Леон, калi тая хацела сагнаць кошку.

Старая расчаравана пазiрала на яго. Камiсару захацелася запалiць люльку, але дзе тут запалiш!

- Закрыццё фiрмы Капланаў для вас усiх было цяжкiм ударам?

- Вельмi цяжкiм.

- А для пана Турэ асаблiва?

- Пан Луi быў больш за ўсiх прывязаны да гэтага дома. Там яму ўсё было роднае. Ён жа, зразумейце, пачаў працаваць там кур'ерам з чатырнаццацi гадоў!

- Адкуль ён прыехаў?

- З Бэльвiля. Ён расказваў мне: калi памёр яго бацька, мацi пераехала ў Парыж. Гэта яна прывяла яго да старога Каплана.

- Мацi памерла?

- Даўно ўжо.

Мэгрэ чамусьцi здавалася, што жанчына нешта ўтойвала. Яна глядзела яму ў самыя вочы, аднак камiсар адчуваў у iх нейкi няўлоўны рух.

- Я чуў, што яму было цяжка знайсцi новае месца.

- Хто гэта вам сказаў?

- Мне так здалося са слоў кансьержкi.

- Самi разумееце, як гэта цяжка - знайсцi працу, калi табе ўжо за сорак i няма спецыяльнасцi. Мне самой...

- Прыйшлося шукаць працу?

- Толькi некалькi тыдняў.

- А пан Луi як?

- Ён шукаў нашмат больш.

- Вы гэта дакладна ведаеце?

- Дакладна.

- Ён заходзiў да вас тады?

- Заходзiў.

- Вы яму чым-небудзь дапамаглi?

Цяпер камiсар ужо не сумняваўся, што панна Леон сабрала на чорны дзень сякiя-такiя грошы.

- Чаму вы ў мяне пытаецеся пра гэта?

- Таму, што пакуль я не буду ведаць, якi гэта быў чалавек у апошнiя гады, у мяне няма анiякага шанцу натрапiць на след забойцы.

- Я раскажу вам усё, - сказала яна, падумаўшы. - Але прашу вас, каб усё засталося памiж намi. Галоўнае, каб пра гэта не даведалася жонка.

- Вы яе ведаеце?

- Ён расказваў мне пра яе. Яе швагры ўсе добра ўладкаваныя, у кожнага свой дом.

- У яго таксама.

- Гэта яна прымусiла яго купiць дом i пасялiцца ў Жувiзi, побач з яе сёстрамi.

Голас у панны Леон задрыжаў.

- Ён баяўся сваёй жонкi?

- Проста ён нiкому не мог зрабiць балюча. Калi за некалькi тыдняў да Новага года мы засталiся без працы, ён не захацеў псаваць сваiм родным настрой пад канец года.

- I нiчога iм не сказаў, каб яны па-ранейшаму думалi, што ён у Каплана?

- Ён спадзяваўся знайсцi працу праз некалькi дзён, потым - праз некалькi тыдняў. Але ж гэты дом... Ён купiў яго ў крэдыт i павiнен быў плацiць за яго штогод. Самi разумееце, у якое становiшча трапiў бы ён, калi б не заплацiў тады.

- У каго ён пазычыў?

- У мяне i пана Сэмброна. Гэта наш бухгалтар. Ён ужо не працуе. Жыве адзiн, на набярэжнай Межысэры.

- Як у яго з грашыма?

- Ён ледзьве зводзiць канцы з канцамi.

- Чаму пан Луi не звярнуўся да пана Каплана?

- Той нiчога не даў бы. Такi ўжо ў яго характар. Дарэчы, у дзень закрыцця фiрмы ён выдаў кожнаму канверт з трохмесячнай зарплатай, дык пан Луi пабаяўся з-за жонкi пакiнуць гэтыя грошы пры сабе.

- Яна правярала яго кашалёк?

- Напэўна. Я захоўвала яго грошы ў сябе. Тры месяцы забiраў iх у мяне па частцы, усё роўна як зарплату. Калi гэтыя грошы кончылiся, тады i пазычыў у мяне. Але ён мне ўсё аддаў.

- Калi?

- Месяцаў праз восем-дзевяць.

- Вы доўга яго не бачылi пасля таго, як ён узяў у вас грошы?

- З лютага па жнiвень.

- Вы тады не хвалявалiся?

- Я ведала, што ён прыйдзе. Нават калi i не зможа iх аддаць...

- Ён сказаў вам, што знайшоў новую працу?

- Сказаў.

- Ён быў ужо ў жоўтых чаравiках?

- Угу. Потым ён зрэдку заходзiў да мяне. I кожны раз прыносiў якi-небудзь падарунак, цукеркi маме.

Толькi цяпер Мэгрэ здагадаўся, чаму старая ўвесь час глядзела на яго з расчараваннем. Госцi, напэўна, прыносiлi ёй салодкае, а ён прыйшоў з пустымi рукамi. Наступным разам трэба будзе прыйсцi з цукеркамi, падумаў ён.

- Ён не гаварыў пра сваiх новых знаёмых?

- Якiх новых знаёмых?

- Па працы.

- Не.

- А не казаў, у якiм квартале працуе?

- З усiх вулiц ён згадваў толькi адну - Бондзi. Ён туды часта заходзiў. Паглядзець, цi не разбурылi яшчэ наш дом. Дом стаяў, як i раней, i пан Луi ўсё шкадаваў: мы маглi б яшчэ й дагэтуль працаваць там.

Пазванiлi. У краму ўвайшла жанчына. Панна Леон, выцягнуўшы шыю, паглядзела на яе.

- Не хачу вас болей затрымлiваць, - узняўся Мэгрэ.

- Заўсёды буду вам радая.

- Дзякую.

Мэгрэ ўзяў з прылаўка свой капялюш i выйшаў.

- Куды паедзем, шэф? - спытаўся вадзiцель.

- У блiжэйшы бар.

- Дык тут зусiм побач, насупраць крамы.

Але Мэгрэ было б няёмка, калi б ён адразу ж пасля сустрэчы зайшоў у бар на вачах у панны Леон.

- Праедзем куды-небудзь далей.

Цяпер яму трэба было патэлефанаваць пану Каплан i знайсцi па адраснай кнiзе пана Сэмброна.

А раз ужо дзень пачаўся з кальвадосу, то ён вырашыў выпiць яшчэ кiлiшак.

3. ЯНКА ЎСМЯТКУ

Мэгрэ паабедаў у пiўной "Дэльфiн", за сваiм улюбёным кутнiм столiкам. У яго не было нiякай тэрмiновай справы, i ён мог бы паесцi дома, але хацелася пабыць аднаму. Як заўсёды ў гэты час тут пацягвалi аперытыў iнспектары з набярэжнай Арфэўр. Яны скосу пазiралi на камiсара, а ён глядзеў праз акно на Сену.

Iнспектары моўчкi пераглянулiся. Яны былi з iншага аддзела, але добра ведалi камiсара. Калi паходка ў Мэгрэ рабiлася цяжкая, позiрк - туманны, а выгляд - пануры, усе разумелi, што ён разгадвае нейкую галаваломку. Нехта мог усмiхнуцца, але кожны паважаў яго, бо ведаў: рана цi позна злачынца будзе знойдзены i прызнае сваю вiну.

- Цяляцiна ў вас сёння добрая?

- Вядома, пан Мэгрэ. Хочаце пiва?

- Не. Паўбутэлькi чырвонага бардо.

Ён заказаў вiно толькi таму, што прапанавалi пiва. Калi б яму прапанавалi вiно, ён пэўна папрасiў бы пiва. Мэгрэ быў раздражнёны пасля наведвання Сэмброна.

А было ўсё так.

Спачатку ён патэлефанаваў Максу Каплану, але яму адказалi, што той паехаў у Анцiб, на сваю прыморскую вiлу, i калi вернецца ў Парыж, невядома. Тады Мэгрэ i накiраваўся да Сэмброна, на набярэжную Межысэры. Каб прайсцi ў дом, дзе жыў стары бухгалтар, камiсару прыйшлося працiснуцца памiж клеткамi з выстаўленымi на продаж птушкамi, што займалi амаль усе ходнiкi.

- Дзе жыве пан Сэмброн? - запытаўся ён у кансьержкi.

- На самым версе. Вы не памылiцеся.

Дарэмна ён шукаў лiфт. Яго не было. Прыйшлося ўздымацца пешшу. Дом быў стары i брудны. На апошнiм, сёмым паверсе слаба свяцiла лямпачка. Побач з адзiнымi на пляцоўцы дзвярыма вiсеў шнур. Мэгрэ пацягнуў за яго, i з кватэры пачулася слабае дзiньканне званочка, потым - крокi. Дзверы адчынiлiся, i камiсар убачыў амаль прывiдны твар - неверагодна худы i бледны, зарослы белым шчацiннем. Вочы ў старога слязiлiся.

- Пан Сэмброн?

- Ён самы. Будзьце ласкавы, заходзьце.

Нават такую кароткую фразу ён не змог прамовiць як след: пачаўся прыступ кашлю, якi глуха аддаваўся ў яго ў грудзях.

- Выбачайце. У мяне бранхiт...

У кватэры стаяў нейкi непрыемны саладжавы пах. Чулася, як шыпiць газавая гарэлка, кiпела вада.

- Камiсар Мэгрэ. Крымiнальны вышук.

- Я ведаў, што вы прыйдзеце да мяне. Вы цi хто-небудзь з вашых iнспектараў.

Пасярод стала, накрытага стракатым абрусам, якi цяпер можна было купiць хiба што ў барахольшчыка, ляжала газета, разгорнутая на той самай старонцы, дзе было кароткае паведамленне аб смерцi Турэ. Побач з газетаю стаялi талерка, шклянка з вадою, трохi падфарбаванай вiном, ляжаў невялiкi кавалак хлеба.

- Вы, здаецца, збiралiся абедаць?

- Нiчога, я не спяшаюся.

- Я вас прашу, не звяртайце на мяне ўвагi.

- Цяпер ужо ўсё роўна: маё яйка зварылася ўкрутую.

Усё ж стары пайшоў па яго на кухню. Гарэлка перастала шыпець.

- Сядайце, пан камiсар. Толькi лепш распранiцеся. З-за свайго бранхiту, ён у мяне застарэлы, я мушу залiшне палiць грубку.

Напэўна, ён быў таго ж узросту, што i мацi панны Леон, да таго ж яго нiхто не даглядаў. Можа, сюды нiхто i не заходзiў. Адзiнай радасцю старога ў гэтым жытле мусiў быць вiд з акна на Сену i на кветкавы базар.

З-за прыступаў кашлю, дый з-за таго нават, што стары еў сваё яйка неверагодна марудна, размова з iм доўжылася сама меней паўгадзiны.

Але пра што новае даведаўся ўрэшце Мэгрэ? Стары паўтарыў усё тое, што сказалi ўжо кансьержка i панна Леон.|

Закрыццё фiрмы Капланаў для яго таксама стала катастрофаю, ён нават не стаў шукаць новае месца працы. Праўда, у яго былi сякiя-такiя грошы. Ён збiраў iх гадамi i думаў, гэтага хопiць, каб забяспечыць сабе адзiнокую старасць. Але з-за iнфляцыi яму iх цяпер хапала толькi на тое, каб не памерцi з голаду.

- Добра яшчэ, - сказаў стары, - што ў мяне ёсць дах над галавою. Я жыву тут ужо сорак гадоў.

Ён быў удаўцом, дзяцей не меў, родных не засталося.

Яйка было, магчыма, падумаў Мэгрэ, ягонай адзiнай штодзённай ежаю.

Аднак, калi пан Турэ прыйшоў да яго, ён не вагаючыся пазычыў яму грошы.

- Ён сказаў мне, што для яго гэта пытанне жыцця i смерцi, i я зразумеў, што гэта сапраўды так. Праз некалькi месяцаў ён мне ўсё аддаў.

А калi б Турэ не вярнуўся? На якiя грошы купляў бы тады стары сваё штодзённае яйка? Цi ж не баяўся ён гэтага?..

- Пан Луi да вас часта заходзiў?

- Два цi тры разы. Першы раз, калi прынёс грошы. Ён падарыў мне тады пенкавую люльку.

Стары ўзняўся, каб узяць люльку з палiцы i паказаць яе. Тытунь ён, мабыць, таксама эканомiў.

- А калi вы яго бачылi апошнi раз?

- Тыднi тры назад, на лаўцы на бульвары Бон-Нувэль.

Мабыць, стары бухгалтар прыходзiў у гэты квартал таксама як паломнiк паўспамiнаць мiнулае.

- Вы з iм тады гаварылi?

- Я прысеў побач. Ён хацеў пачаставаць мяне шкляначкай у суседняй кавярне, але я адмовiўся. Памятаю, быў сонечны дзень. Мы пагаманiлi з iм не ўстаючы.

- Скажыце, а на iм былi жоўтыя чаравiкi?

- Не звярнуў увагi.

- Ён не казаў вам, чым займаецца?

Сэмброн пакруцiў галавою. Мэгрэ адчуваў, што стары, як i панна Леон, меў да нябожчыка вельмi цёплае пачуццё. Сiмпатычны, вiдаць, быў чалавек гэты Луi Турэ, - камiсар мiжволi пачынаў шчыра яго шкадаваць, нiбыта ведаў раней, а бачыў жа толькi застылы твар, здзiўлены смерцю.

- Як жа вы развiталiся?

- Мне здалося, што нехта ходзiць вакол крамы i робiць пану Турэ нейкiя знакi.

- Мужчына?

- Мужчына. Сярэднiх гадоў.

- Што ён з сябе ўяўляў?

- Такiя звычайна сядзяць на бульварах на лаўках. Нарэшце ён падсеў да нас, але не загаварыў. Тады я пайшоў. Калi я азiрнуўся, яны гаварылi.

- Па-сяброўску?

- Ва ўсякiм разе, мне здалося, яны не спрачалiся.

Вось i ўсё, пра што даведаўся Мэгрэ.

Калi ён вярнуўся ў камiсарыят, яму пазванiў суддзя Камельё:

- Сёння ўранку пракурор перадаў мне справу Турэ i сказаў, што расследаваннем займаецеся вы. За што-небудзь ужо зачапiлiся? Рабаўнiцтва, я мяркую?

- Магчыма.

- Сям'я патрабуе выдачы цела. Я не магу гэтага дазволiць без вашай згоды.

- Доктар Поль ужо агледзеў труп?

- Я толькi што гаварыў з iм. Нож прайшоў наскрозь i прабiў левы жалудачак сэрца. Смерць была iмгненная.

- Нiякiх iншых раненняў цi слядоў ад удараў?

- Нiякiх.

- Не бачу неабходнасцi замiнаць таму, каб сям'я атрымала цела. Толькi няхай адзежу забiтага адправяць у лабараторыю.

- Добра. Трымайце мяне ў курсе.

Камельё рэдка быў такi мяккi. Прэса амаль нiчога не паведамiла пра забойства, i суддзя меркаваў, што гэта простае рабаўнiцтва. Справа не выклiкала ў яго цiкавасцi, як, вiдаць, не выклiкала i ў iншых.

Мэгрэ падышоў да камiна, дастаў абцугамi вугалёк, запалiў люльку i з гадзiну займаўся нуднай канцыляршчынай: падпiсваў акты, рабiў на iх заўвагi.

- Можна, шэф?

Гэта быў, як заўсёды расфранчаны, наадэкалонены, быццам толькi што выйшаў з цырульнi, Сантонi. "Ад цябе парфумаю, як ад бабы нясе", - казалi яму таварышы.

Сантонi ззяў:

- Я, здаецца, напаў на след.

Мэгрэ паглядзеў на яго затуманенымi вачыма.

- Спачатку хачу далажыць вам, што кантора "Жэбер i Башэлье", дзе служыць наша панна, займаецца перапродажам акцый. Справы там дробязныя. Яны за бясцэнак скупляюць безнадзейныя акцыi, а потым прадаюць iх крыху даражэй. Уся iхняя праца - бадзяцца па дамах, шукаючы дурняў-пакупнiкоў. Панна Турэ сядзiць у канторы толькi ўранку, а пасля абеду шукае клiентаў.

- Зразумела.

- Iх клiенты - пераважна дробныя службоўцы. Iх трэба чым-небудзь уразiць, i тады яны раскашэльваюцца. Сур'ёзных дзялкоў я не бачыў. У абедзенны перапынак я пачакаў, пакуль усе выйдуць, i непрыкметна падышоў да адной сакратаркi не першай маладосцi. Я не памылiўся ў выбары: яна не любiць сваю маладую каляжанку i расказала мне ўсё.

- Ну i што?

- У Монiкi ёсць сябар.

- Хто ён?

- Усё па парадку, шэф. Яны знаёмыя прыблiзна чатыры месяцы. Штодня абедаюць разам у рэстаранчыку на Севастопальскiм бульвары. Ён зусiм малады, яму дзевятнаццаць гадоў, працуе прадаўцом у кнiгарнi на бульвары Сэн-Мiшэль.

Мэгрэ перабiраў свае люлькi, раскладзеныя на стале. Не заўважыўшы, што адна з iх недапаленая, пачаў набiваць iншую.

- Хлопца завуць Альбэр Жарыс. Я вырашыў зiрнуць на яго i пайшоў у рэстаранчык. Там была процьма народу. Нарэшце знайшоў Монiку, яна сядзела за столiкам адна. Сам я сеў насупраць у куце i паабедаў, скажу шчыра, вельмi блага. Дзяўчына здалася мне ўзнерваванай, увесь час паглядала на дзверы.

- Ён так i не прыйшоў?

- Не. Яна расцягвала свой абед, як толькi магла. У такiх установах абслугоўваюць хутка i не любяць марудлiвых наведнiкаў. Урэшце яна выйшла i хвiлiн пятнаццаць чакала яго на вулiцы.

- А потым?

- Яна так выглядала сябра, што нават не заўважыла мяне. Потым пайшла да бульвара Сэн-Мiшэль. Вы ведаеце вялiкую кнiгарню на рагу?

- Ведаю.

- Яна зайшла туды, загаварыла з прадаўцом, пасля падышла да касiра. Выгляд у яе быў расчараваны, i яна пайшла з крамы.

- Ты зноў пайшоў за ёю?

- Я вырашыў, што лепш заняцца яе сябрам. У кнiгарнi я спытаўся ў адмiнiстратара, цi ведае ён пана Альбэра Жарыса. Ён адказаў, што ведае, але Жарыс працуе толькi да абеду. Я быў здзiўлены, i адмiнiстратар растлумачыў мне, што ў iх працуюць пераважна студэнты, а яны не могуць стаяць за прылаўкам увесь дзень.

- Дык ён - студэнт?

- Чакайце. Я пацiкавiўся, цi даўно працуе ён у кнiгарнi. Выявiлася, трохi больш як год. Спачатку ён працаваў поўны дзень. А месяцы тры назад аб'явiў, што слухае лекцыi на юрыдычным факультэце, i перайшоў на паўдня.

- У цябе ёсць яго адрас?

- Ён жыве са сваiмi бацькамi на вулiцы Шацiён, насупраць царквы Монруж. Але я яшчэ не кончыў. Сёння Жарыс не прыйшоў на працу. За ўвесь час, што ён працуе, гэта здарылася з iм два цi тры разы, i кожны раз ён папярэджваў па тэлефоне. А сёння - не.

- А ўчора ён працаваў?

- Працаваў. Я падумаў, што вас зацiкавiць, дзе ён жыве, i паехаў на вулiцу Шацiён. Кватэра дагледжаная. Дома была мацi. Вельмi прыстойная кабета.

- Ты сказаў ёй, што ты з палiцыi?

- Вядома, не. Я сказаў, што я ягоны сябра i што мне трэба тэрмiнова яго знайсцi.

- I яна адаслала цябе ў кнiгарню?

- Угадалi. Яна нi аб чым не падазрае. Ён выйшаў з дому, як звычайна, у пачатку дзевятай. Яна паняцця не мае нi аб якiм юрыдычным факультэце. Бацька працуе ў краме па продажу тканiн. Яны не такiя багатыя, каб iх сын вучыўся ва ўнiверсiтэце.

- Што ты зрабiў далей?

- Зрабiў выгляд, што памылiўся, што, напэўна, у яе сына тое самае прозвiшча, што i ў майго сябра. А пасля папрасiў паказаць яго фатаграфiю. Ёй нават у галаву не прыйшло ў чымсьцi мяне западозрыць. Яна, калi я прыйшоў, якраз прасавала бялiзну, дык больш думала пра тое, каб прас не прапёк прасцiну. А я ўсё яе загаворваў...

Мэгрэ маўчаў, не выяўляючы анiякага захаплення. Па ўсiм адчувалася, што Сантонi ў камiсаравай брыгадзе - пачатковец. Усё, што ён расказваў, нават тон, усё гэта супярэчыла стылю Мэгрэ.

- Адыходзячы, шэф, я непрыкметна...

Мэгрэ працягнуў руку.

- Дай.

Камiсар адразу зразумеў, што Сантонi ўкраў фатаграфiю. Мяркуючы па здымку, Жарыс быў яшчэ зусiм маладзён - худы, нервовы, валасы доўгiя, як у дзяўчыны. Напэўна, падабаецца жанчынам i ведае пра гэта.

- Гэта ўсё?

- Паглядзiм, цi вернецца сёння ўвечары галубок дамоў?

Мэгрэ ўздыхнуў:

- Паглядзiм...

- Вы незадаволены?

Навошта яму нешта тлумачыць?.. Сантонi зрабiў усё так, як зрабiў бы любы пачатковец, чалавек з iншай брыгады. Калi-небудзь ён сам усё зразумее.

- Не думайце, што я ўпусцiў дзяўчыну. Я ведаю, дзе яе знайсцi. А палове шостай, сама позна без чвэрцi шэсць яна вяртаецца ў кантору i здае выручаныя грошы i акцыi. Мне туды iсцi?

Мэгрэ ледзь ужо не крыкнуў, каб ён не лез сам, куды не просяць - аднак стрымаўся. Гэта ўсё-такi было б несправядлiва: iнспектар стараўся як мог.

- Правер, цi вернецца яна на працу i цi паедзе на вакзал.

- Можа, i сябра з'явiцца?

- Можа. Калi ён зазвычай вяртаецца дамоў?

- У сем гадзiн. На вячэру. Ён заўсёды прыходзiць у гэты час дамоў, нават калi пасля куды-небудзь сыходзiць.

- У iх, вiдаць, няма тэлефона?

- Няма.

- А ў кансьержкi ёсць?

- Не думаю. Не такi гэта дом, каб да яго правялi тэлефон. Але я праверу.

Ён пагартаў даведнiк.

- Зазiрнi туды а палове восьмай i папытайся ў кансьержкi, цi вяртаўся ён. А фатаграфiю пакiнь мне.

Раз ужо Сантонi яе прыхапiў, лепш пакiнуць яе тут. Можа, прыдасца.

- Вы застаяцеся тут?

- Не ведаю. Але ты сувязь з аддзяленнем падтрымлiвай.

- Дык чым мне пакуль заняцца? У мяне ёсць яшчэ дзве гадзiны.

- Правер спiсы мэблiраваных пакояў. Магчыма, якi-небудзь запiсаны на iмя Луi Турэ.

- Думаеце, ён здымаў пакой у Парыжы?

- А дзе ж, ты думаеш, ён пакiдаў свае жоўтые чаравiкi i чырвоны гальштук перад тым, як вярнуцца дамоў?

- А сапраўды?..

Дзве гадзiны назад пачалi прадаваць вячэрнiя газеты, у iх быў змешчаны маленькi фотаздымак Луi Турэ з кароткiм, подпiсам: "Луi Турэ, забiты ўчора пасля абеду ў тупiку ля бульвара Сэн-Мартэн. Палiцыя iдзе па магчымым следзе".

Па магчымым следзе... Гэта была няпраўда. Але газеты заўсёды дадаюць што-небудзь ад сябе. Цiкава, зрэшты, што дагэтуль нiхто не патэлефанаваў камiсару, каб атрымаць дадатковыя звесткi. Мэгрэ ўвесь час чакаў такога званка.

Амаль заўсёды ў такiх выпадках нехта заяўляе, што ведаў забiтага або бачыў яго незадоўга да смерцi, цi паведамляе, што заўважыў на месцы злачынства якога-небудзь падазронага чалавека. Звычайна большасць сведчанняў праверкаю не пацвярджаецца. Аднак iншым разам яны дапамагаюць натрапiць на след.

Тры гады Луi Турэ ад'язджаў з Жувiзi адным i тым самым цягнiком i вяртаўся дадому ў адзiн i той самы час. Тры гады ён нязменна браў з сабою свой загорнуты ў кавалачак цыраты абед, як рабiў гэта ўсё сваё жыццё.

Але куды ж ён дзяваўся, прыехаўшы на Лiёнскi вакзал? Вось у чым была тайна.

Першыя месяцы ён хутчэй за ўсё шукаў новае месца. Стаяў, як i многiя iншыя, у чарзе перад рэдакцыямi, каб потым iмклiва кiнуцца па ўказаным у свежым выпуску газеты адрасе. А можа, спрабаваў хадзiць па кватэрах, прадаючы што-небудзь накшталт пыласосаў?..

Але раз яму прыйшлося ўрэшце пазычыць грошы ў панны Леон i старога бухгалтара, то, вiдаць, нiчога ён не знайшоў.

Потым ягоныя сляды губляюцца на многiя месяцы. А яму ж трэба было не толькi штомесяц прыносiць дамоў сваю ранейшую зарплату, а яшчэ i аддаць пазыку.

А ён кожнага разу вяртаўся дамоў, як нi ў чым не бывала, з выглядам чалавека, якi адпрацаваў увесь дзень.

Нi жонка ягоная нiчога не падазравала, нi дачка, нi сёстры, нi швагры-чыгуначнiкi.

Але вось аднаго разу ён раптам з'яўляецца на вулiцы Клiн'янкур у панны Леон, вяртае пазыку i прыносiць мацi цукеркi.

А на нагах у яго новыя i - чамусьцi - жоўтыя чаравiкi. Можа, менавiта ў гэтых жоўтых чаравiках i была адна з прычын, з якой Мэгрэ адчуваў сiмпатыю да забiтага?.. Ён сам у свой час марыў аб жоўтых чаравiках. У днi ягонай маладосцi яны лiчылiся апошнiм крыкам моды.

Аднойчы, неяк неўзабаве пасля жанiцьбы, ён купiў сабе такiя. Дарэчы, ён купляў iх якраз на бульвары Сэн-Мартэн, у краме насупраць тэатра Амбiгю. Калi ён iх набыў, то не рашыўся надзець адразу ж. А калi дома разгарнуў скрутак, жонка засмяялася:

- Ты што, збiраешся iх насiць?

Так ён нiколi iх i не абуў. Жонка сама аднесла iх назад у краму, зманiўшы, што яны малыя.

Луi Турэ таксама купiў сабе незвычайныя чаравiкi - i Мэгрэ надаваў гэтай акалiчнасцi асаблiвы сэнс.

Напэўна, гэтая пакупка была для Турэ сiмвалам ягонага вызвалення ад хатнiх акоў. У жоўтых чаравiках ён адчуваў сябе вольным. Пакуль ён у iх, пакуль не абувае зноў чорных - нiхто, нi жонка, нi дачка, нi радня, не мае над iм нiякае ўлады.

I яшчэ. Таго дня, калi Мэгрэ купiў iх, яму аб'явiлi аб надбаўцы - дзесяць франкаў у месяц. Тады франкi яшчэ былi франкамi, i ён адразу ж адчуў сябе багатым.

Мабыць, тое ж самае здарылася i з Турэ. Ён вярнуў пазыкi, зрабiў падарункi сваiм былым саслужыўцам... Пасля таго пачаў наведваць панну Леон i кансьержку...

Але чаму ён нiколi не казаў нiкому, чым займаецца?..

Кансьержка выпадкова ўбачыла яго ў адзiнаццаць гадзiн ранiцы на лаўцы на бульвары Сэн-Мартэн.

Яна нават не загаварыла з iм, зрабiла выгляд, што не заўважыла яго. Ведама ж, такi чалавек, як пан Турэ, у ягоным узросце, у гэтакi час, калi ўсе, як мурашкi, завiхаюцца на працы, нiбыта апошнi абiбок, развалiўся на лаўцы!

I Сэмброн таксама ўбачыў яго нядаўна на лаўцы. Праўда, гэтым разам у iншым месцы, на бульвары Бон-Нувэль, але ўсё ж - за два крокi ад бульвара Сэн-Мартэн.

Бухгалтар не быў такi далiкатны, як кансьержка. А можа, Турэ яго сам першы прыкмецiў?

Цi меў ён з кiм-небудзь на гэтай лаўцы спатканне?

I хто быў гэты чалавек, якi хадзiў каля лаўкi, нiбыта чакаў нейкага знака?

Сэмброн пра яго амаль нiчога не сказаў. Але адно ягонае меркаванне было вельмi iстотнае: "Ён быў падобны на чалавека, якi прызвычаiўся сядзець на лаўках".

Мабыць, гэта быў чалавек без пэўнага занятку, якi бавiў час на лаўках, разглядаючы ад няма чаго рабiць мiнакоў.

У кожным парыжскiм квартале - свой тып разяватых працiральнiкаў штаноў. Можа, гэта быў пенсiянер? Але на бульвары Сэн-Мартэн пенсiянеры - нячастыя госцi.

Дзве несумяшчальныя рэчы: з аднаго боку - жоўтыя чаравiкi франта, з другога - баўленне часу на лаўцы, занятак чалавека старога або апушчанага.

А нарэшце прыйшоў дзень, калi нехта нячутна пракраўся ўслед за iм у тупiчок i за дзесяць крокаў ад натоўпу на бульвары ўсадзiў яму ў спiну нож. I што, што магло спатрэбiцца Турэ ў гэтым тупiку?..

За акном цямнела, прыйшлося запалiць лямпу. Мэгрэ ўстаў i зняў палiто з вешалкi.

Выходзячы, ён сказаў iнспектарам з суседняга пакоя:

- Я буду праз гадзiну-дзве.

Ён не паехаў на службовай машыне, а сеў у канцы вулiцы на аўтобус i, даехаўшы за некалькi хвiлiн да Севастопальскага бульвара, сышоў.

На вулiцах было людна. Яшчэ зусiм нядаўна ў гэты час хадзiў па iх i Луi Турэ, не ведаючы, магчыма, чым заняцца, перш чым змянiць свае жоўтыя чаравiкi на чорныя i адправiцца на Лiёнскi вакзал.

На другiм баку бульвара Бон-Нувэль Мэгрэ прыкмецiў лаўку.

"Напэўна, гэтая", - падумаў ён.

На лаўцы нiхто не сядзеў.

На рагу Сэн-Мартэн чакалi клiентаў прастытуткi. Iншыя сядзелi ў маленькiм бары, мужчыны побач гулялi ў карты.

I тут камiсар убачыў iнспектара Нэве i зрабiў яму знак. Адна прастытутка вырашыла, што Мэгрэ клiча яе, i ўстала, камiсар спынiў яе маўклiвым жэстам.

Раз ужо Нэвэ апынуўся тут, дык, пэўна, паспеў распытаць усiх: такiх кабетак у сваiм квартале ён ведаў добра.

- Як жыццё? - спытаўся Мэгрэ ў Нэвэ.

- Прыйшлi зiрнуць?

- Ды так, на хвiлiнку.

- А я ўжо з васьмi ранiцы. Апытаў ужо чалавек пяцьсот.

- Даведаўся, дзе ён абедаў?

- Даведаўся.

- Я так i думаў.

- Чаму?

- Турэ быў чалавек звычкi, наўрад цi ён стаў бы кожнага дня хадзiць у iншае месца.

- Вось там, - паказаў Нэвэ рукою на сцiплы рэстаранчык. - Там дагэтуль ляжыць ягоная сурвэтка з нумарам.

- I што табе там расказалi?

- Ён заўсёды сядаў за адзiн i той самы столiк у глыбiнi залы, непадалёк ад стойкi. Яго зазвычай абслугоўвала адна афiцыянтка. Здаравенная такая кабыла, рыжая. Ведаеце, як яна яго называла?.. "Мой дружок..." Яна сама мне пра гэта сказала. Так i пыталася ў яго: "Ну што, мой дружок, будзем сёння есцi?" Сцвярджае, што яму гэта падабалася. Яна часта загаворвала з iм, але ён нiколi да яе не заляцаўся. Яна не раз бачыла яго на бульвары на лаўцы, i кожны раз ён вiтаў яе рукою. I заўсёды гэта было каля трох гадзiн дня, у час яе перапынку. Аднойчы яна сказала яму: "Здаецца, мой дружок, вы працаю не струджаны!" А ён адказаў, што працуе ўначы.

- I яна паверыла?

- Ды яна, здаецца, проста малiлася на яго.

- А газеты яна чытае?

- Я ёй сказаў, што яго забiлi. Паверыць не магла... А ведаеце, рэстаран хоць i сцiплы, але i не дужа танны. А Турэ кожны раз заказваў паўбутэлькi марачнага вiна.

- Цi ёсць яшчэ ў квартале людзi, якiя б ведалi яго?

- Чалавек дзесяць. Адна прастытутка сустракала яго амаль штодня. Першы раз яна паспрабавала завесцi яго да сябе, але ён пачцiва адмовiўся. А потым, калi яна бачыла яго, то крычала: "Дык што, сёння?" Гэта ўвайшло ў iхнюю звычку i вельмi iх весялiла. Калi яна знiкала з клiентам, ён падмiргваў ёй.

- I ён нi разу не быў нi ў адной?

- Не.

- А з якой-небудзь iншай жанчынай яго бачылi?

- Яны - не. Але адзiн з прадаўцоў ювелiрнай крамы бачыў.

- Той самай крамы, каля якой яго забiлi?

- Таго самага. Я там усiм паказваў яго фатаграфiю, i адзiн яго прызнаў. "Ды гэта ж той, што купiў у нас пярсцёнак на тым тыднi!" - адразу ж усклiкнуў ён.

- А жанчына была маладая?

- Не надта. Прадавец не звярнуў на яе асаблiвай увагi. Вырашыў, што гэта муж з жонкаю. Ён толькi заўважыў, што на ёй была гаржэтка з серабрыстага лiса, а на шыi вiсеў ланцужок з пазалочаным медальёнам-чатырохлiстнiкам, рыхтык такiя ж, што прадаюць у iхнай краме.

- Дарагi пярсцёнак?

- Пазалочаны, з падробленым каменем.

- Пра што ж яны гаварылi? Прадавец нiчога не чуў?

- Ён не памятае. Кажа, гаварылi як муж з жонкаю. Нiчога асаблiвага.

- А ён змог бы пазнаць гэтую жанчыну?

- Ён не ўпэўнены. Яна была ў чорным i ў пальчатках. Адну пальчатку забыла на прылаўку. Турэ вярнуўся, а яна чакала яго на вулiцы. Яна вышэйшая за яго. На вулiцы ўзяла яго пад руку, i яны пайшлi да станцыi метро "Рэспублiка".

- Больш нiчога не ўведаў?

- I гэта з'ела ў мяне ўвесь час: я ж пачаў з Манмартра. Але там нiчога не ўведаў. За вылiкам адной драбнiцы. Ведаеце кiёск на вулiцы Акацый, дзе прадаюць пышкi?

- Ведаю. Iх пякуць там пад адкрытым небам, як на кiрмашы.

- Дык вось, прадаўцы пышак памятаюць Турэ. Ён часта купляў у iх, заўсёды па тры штукi i нiколi не еў на вулiцы, а забiраў з сабою. Гэтыя пышкi, як вам вядома, вельмi вялiкiя, ва ўсякiм разе, рэклама сцвярджае, што яны сама вялiкiя ў Парыжы. Наўрад цi пасля сытнага абеду ў рэстарацыi Турэ еў бы iх адзiн. Не еў бы ён iх i на лаўцы - не такi гэта чалавек. Вiдаць, ён браў iх той самай жанчыне. Значыцца, яна жыве недзе непадалёк.

А можа, падумаў Мэгрэ, ён частаваў таго чалавека, якога бачыў бухгалтар Сэмброн?

- Ну што, шэф, казаць далей?

- Вядома.

- Куды вы?

- Хачу зазiрнуць у тупiчок.

Тупiчок быў зусiм побач, i Мэгрэ вырашыў яшчэ раз агледзець месца злачынства.

Час цяпер быў такi самы. Туману сёння не было, але цемната такая ж непраглядная.

А можа, Турэ зайшоў сюды проста да ветру?.. Не, насупраць ёсць прыбiральня...

Нэвэ ўздыхнуў:

- Толькi б знайсцi тую жанчыну...

А камiсару хацелася знайсцi таго чалавека, якi на мiгах прасiў у Турэ дазволу прысесцi побач, пакуль той гаварыў з Сэмбронам.

Камiсар пачаў уважлiва прыглядацца да людзей на лаўках. Ён ведаў, што ў кожнай лаўкi ёсць свае заўсёднiкi, якiя зазвычай прысаджваюцца ў адзiн i той самы час. Праходжыя не зважаюць на iх. Але самi заўсёднiкi добра ведаюць адно аднаго. Камiсар згадаў, як аднойчы панi Мэгрэ, седзячы на лаўцы ў скверы Анвэр, зусiм выпадкова навяла яго на след аднаго забойцы.

Цяпер на адной лаўцы сядзеў якраз вiдавочны заўсёднiк: стары бадзяга з пастаўленай побач пляшкай вiна.

Трохi далей прымасцiлася мажная жанчына, напэўна, правiнцыялка. Чакаючы свайго чалавека, якi зайшоў у прыбiральню, яна выпрастала, каб хоць трохi адпачылi, ногi - па ўсiм вiдаць, апухлыя ад нязвыклае хаданiны па горадзе.

Але гэта, ведама ж, былi зусiм не тыя людзi, якiх трэба было знайсцi.

- На тваiм месцы, - сказаў Мэгрэ, - я меней бы займаўся крамамi, а болей людзьмi на лаўках. Пасядзi, пазнаёмся з заўсёднiкамi.

- Добра, шэф, - зноў уздыхнуў Нэвэ. Такая перспектыва не радавала, хадзiць цiкавей, хоць i ногi ўжо балелi ад гэтых няспынных бадзянняў.

Ён нiколi не паверыў бы, што камiсар з радасцю згадзiўся б апынуцца на ягоным месцы: i хадзiў бы, i сядзеў бы - Мэгрэ з задавальненнем згадваў той час, калi служыў простым iнспектарам.

4. ПАХАВАННЕ

Назаўтра камiсар змарнаваў паўдня: яго выклiкалi на судовае пасяджэнне. Некалькi гадзiн ён праседзеў у змрочным пакойчыку для сведкаў. Нехта забыўся ўключыць атапляльныя батарэi, i спачатку ў пакойчыку стаяў жудасны холад. Потым, калi радыятары нарэшце нагрэлiся, стала невыносна спякотлiва i засмярдзела потам i выпарэннямi мокрае адзежы.

Судзiлi нейкага Рэнэ Лекэра, якi сем месяцаў назад забiў ударам бутэлькi па галаве сваю цётку. Злачынцу было толькi дваццаць два гады, ён быў здаравенны, што грузчык, але выраз твару меў усё роўна як у вiнаватага школьнiка.

I чаму толькi дагэтуль нiхто не дадумаўся хоць трохi палепшыць асвятленне судовае залы? Цьмянае шэраватае святло проста прыгнятала Мэгрэ, якi i так быў - праз марнаванне часу ды недарэчнасць пасяджэння - не ў гуморы.

Адвакат, яшчэ зусiм малады, але ўжо вядомы - дзякуючы сваiм пастаянным нападам на сведкаў ды суддзяў, намагаўся пераканаць усiх, што злачынца прызнаў сваю вiну толькi ў вынiку нацiску на яго i кепскага з iм абыходжання на допыце. Вiдавочная хлусня, i адвакат гэта добра ведаў.

- Можа, пан сведка скажа суддзям, колькi гадзiн доўжыўся першы допыт майго падабароннага? - дэкламаваў ён.

Камiсар чакаў менавiта гэтага пытання.

- Семнаццаць гадзiн, - адказаў ён.

- Семнаццаць гадзiн без ежы?!

- Лекэр адмовiўся ад бутэрбродаў, якiя мы яму прапаноўвалi.

Усiм сваiм выглядам адвакат казаў прысяжным: "Глядзiце, панове! Семнаццаць гадзiн у нябогi ў роце i хлебнай крошкi не было!"

Сам Мэгрэ за ўвесь допыт з'еў толькi два бутэрбороды. А ён жа нiкога не забiваў.

- Пан сведка, - па-ранейшаму надрываўся напорысты абаронца, - цi прызнаяце вы, што сёмага сакавiка, а трэцяй гадзiне ранiцы, вы ўдарылi абвiнавачанага без якiхсьцi на тое падстаў - дзеянняў з яго боку, прычым тады, калi ў бедалагi былi кайданкi на руках?

- Не прызнаю.

- Дык сведка адмаўляе, што ўдарыў абвiнавачанага?

- Быў момант, калi я даў яму поўху: усё роўна як бацька сыну.

Адвакат памылiўся - пачаў не з таго канца. Але ён, вiдаць, клапацiўся толькi пра тое, каб уразiць публiку ды журналiстаў.

Потым, парушаючы ўсе правiлы, ён з'едлiва-саладжава запытаўся ў Мэгрэ:

- А ў вас ёсць сын, пан камiсар?

- Не...

- У вас нiколi не было дзяцей?.. Даруйце, я недачуў, што вы сказалi...

Мэгрэ быў вымушаны паўтарыць на ўвесь голас, што ў яго была дачка, але яна памерла маленькая.

Вось i ўсё. Мэгрэ нарэшце пакiнуў судовую залу i, перш чым вярнуцца ў сваё бюро, выпiў шкляначку каньяку ў буфеце ў Палацы правасуддзя.

Прыйшоўшы ў аддзяленне, Мэгрэ адразу ж запытаўся ў Сантонi, якi займаўся сябрам Монiкi Турэ:

- Нiякiх навiн пра Альбэра Жарыса?

- Нiякiх.

Хлопец так i не прыйшоў дадому. У кнiгарню ён сёння таксама не прыходзiў, не быў i ў рэстарацыi, дзе звычайна абедаў з Монiкай.

Цяпер Сантонi займаўся хлопцам разам з Люка, якi закончыў учора працу па iншым расследаваннi. Яны звязвалiся з усiмi палiцэйскiмi пастамi. Жанв'е ўсё яшчэ шукаў краму, дзе быў набыты нож, якiм забiлi Турэ.

- Нэвэ не званiў?

- Паўгадзiны назад. Сказаў, што пазвонiць у шэсць.

Камiсар стамiўся. Перад вачыма стаялi твары прысяжных, злачынцы, адваката. Навошта яму гэтая цяганiна?

- Лапуэнт нiчога не знайшоў?

Маленькi Лапуэнт абегаў усе мэбляваныя пакоi раёна, каб даведацца, цi не здымаў адзiн з iх Турэ. Павiнен жа ён быў недзе пераабувацца!

Цяпер у кожнага быў свой участак працы.

Памаракаваўшы, Жарыса перадалi Люка, а за Сантонi засталася адна Монiка Турэ. Што, калi Жарыс стане шукаць яе цi захоча што-небудзь паведамiць ёй пра сябе?

Тым часам прыходзiлася разглядаць розныя службовыя паперы, адказваць на непатрэбныя тэлефонныя званкi. Усё ж такi дзiўна: нiхто так i не пазванiў камiсару ў сувязi з забойствам...

- Алё! Мэгрэ слухае.

Гаварыў Нэвэ. Вiдаць, з нейкага бiстро, бо з слухаўкi чулiся гукi музыкi.

- Нiчога асаблiвага, шэф. Знайшоў на лаўках трох чалавек, якiя памятаюць Турэ. Усе паўтараюць адно i тое ж: Турэ быў заўсёды ветлiвы, ахвотна загаворваў з iмi. Адна старая кажа, што зазвычай ён iшоў адсюль да метро "Рэспублiка".

- Яна яго бачыла з кiм-небудзь?

- Яна - не. Але адзiн бадзяга сказаў, што аднаго разу Турэ некага чакаў, а калi той чалавек падышоў, яны разам пайшлi адсюль. Але ён так i не змог апiсаць гэтага чалавека, сказаў адно, што гэта тып, якiх багата...

Заставалася толькi ўздыхнуць.

Пахаванне Турэ было назначана на заўтра. Уранку цела нябожчыка забралi ў Жувiзi.

Мэгрэ патэлефанаваў жонцы i сказаў, што вернецца позна.

Па дарозе ў Жувiзi дзьмуў моцны вецер. Хмары нiзка навiслi над зямлёю, збiралася навальнiца. Шафёр з цяжкасцю знайшоў вулiцу Таполяў. Ва ўсiх вокнах дома Турэ гарэла святло.

Але званок не званiў. Яго, вiдаць, выключылi ў знак жалобы. Нехта ўбачыў, як да дома пад'ехала машына, i дзверы адчынiла жанчына, яшчэ не знаёмая камiсару, гадоў на пяць старэйшая за панi Турэ i вельмi падобная да яе.

- Камiсар Мэгрэ.

Жанчына паклiкала сястру з кухнi:

- Эмiлiя!

- Чую. Запрасi яго ў дом.

Мэгрэ прынялi на кухнi, бо ў сталовай стаяла труна. У вузкiм калiдоры пахла кветкамi i свечкамi.

- Выбачайце, што я вас турбую...

- Пазнаёмцеся: пан Маньен, мой швагер. Кантралёр на чыгунцы.

- Вельмi прыемна.

- Вы ўжо знаёмыя з маёй сястрой Жаннай, а гэта Сэлiна...

Адна Монiка не ўстала, каб павiтацца з Мэгрэ. Яна пiльна ўзiралася ў яго i, напэўна, думала, што камiсар прыехаў дапытваць яе наконт Жарыса, i была скаваная страхам.

- Прысядзьце, калi ласка.

Мэгрэ пакруцiў галавою.

- Хочаце глянуць на яго?

Удаве было прыемна паказаць камiсару, што яна не паскупiлася на аддзелку труны.

- Нiбыта спiць...

Мэгрэ зрабiў усё належнае.

- Ён i зразумець не паспеў, што здарылася, - уздыхнула жанчына. - А як ён любiў жыццё!

Яны цiха выйшлi, i панi Турэ зачынiла дзверы.

- Вы будзеце на пахаваннi, пан камiсар?

- Буду. Таму i прыйшоў.

Монiка па-ранейшаму сядзела нерухомая. Пачуўшы, што сказаў камiсар, яна адразу ж уздыхнула.

- Напэўна, вы i вашы сёстры знаёмыя з усiмi, хто будзе на пахаваннi, а я не ведаю нiкога...

- Разумею! - усклiкнуў Маньен, нiбыта гэтая думка прыйшла i яму самому ў галаву адначасна.

Сваiм пыхлiвым выглядам ён паказваў, што ведае ўсё наперад.

- Я проста папрасiў бы вас паказаць мне на пахаваннi незнаёмых людзей, калi такiя будуць.

- Вы думаеце, прыйдзе забойца?

- Неабавязкова. Але мой абавязак - нiчога не ўпускаць.

- Вы маеце на ўвазе якую-небудзь жанчыну? - спыталася панi Турэ.

I яе твар, i твары сясцёр адразу ж сталi аднолькава злыя.

- Я нiчога не маю на ўвазе. Я шукаю забойцу. Калi заўтра на пахаваннi вы зробiце мне знак, я зразумею.

- Калi заўважым любога незнаёмага?

Мэгрэ кiўнуў, папрасiў прабачэння за клопаты i выйшаў. Маньен правёў яго да дзвярэй.

- Натрапiлi на след? - спытаўся ён тонам, якiм гавораць з доктарам пасля агляду хворага.

- Не.

- I не маеце нiякiх падазрэнняў?

- Нiякiх. Да пабачэння.

У машыне Мэгрэ ўспомнiў, як дваццацiгадовым юнаком ён трапiў упершыню ў сталiцу. Тады яго найбольш уразiў няспынны рух натоўпу, калаўрот сотняў тысяч людзей. Ён з мiжвольнай трывогаю назiраў за тымi, хто, страцiўшы раўнавагу, кiдаўся ў паток i плыў па цячэннi. Але асаблiвае спачуванне выклiкалi ў яго сцiпла i чыста апранутыя людзi. Якiх толькi намаганняў яны не прыклалi, каб застацца на паверхнi i стварыць iлюзiю, што яны жывуць i што гэтае жыццё вартае таго, каб яго пражыць!

Вось i Луi Турэ дваццаць пяць гадоў сядаў кожнае ранiцы ў адзiн i той самы цягнiк, бачыў адны i тыя ж твары, i пад пахаю ў яго быў адзiн i той самы загорнуты ў цырату сняданак; увечары нябога вяртаўся ў сваё жытло, якое Мэгрэ называў у думках "домам трох сясцёр". Хоць сёстры i жылi на суседнiх вулiцах, яны закрывалi нябожчыку далягляд, як вялiзны мур.

- У камiсарыят, шэф? - пытаўся шафёр.

- Не. Дамоў.

Гэтым вечарам ён пайшоў з жонкаю ў кiнатэатр на бульвары Бон-Нувэль, той самы, куды хадзiў i Луi Турэ. Яны двойчы прайшлi мiма таго самага тупiка.

- У цябе кепскi настрой? - спыталася жонка.

- Не.

- Ты за ўвесь вечар i слова не сказаў.

- Ты што?.. А я i не заўважыў.

Уранку на горад абрынулася залева. Лiло як з вядра. Вецер вырываў з рук мiнакоў парасоны.

- Такое надвор'е часта бывае на пахаванне, - заўважыла панi Мэгрэ. Багата сёння клопату?

- Яшчэ не ведаю.

- Надзень галёшы.

Мэгрэ так i зрабiў, але ўсё роўна паспеў добра прамокнуць, перш чым удалося сесцi ў таксоўку. Халодныя кроплi сцякалi з капелюша за каўнер.

- На набярэжную Арфэўр.

Пахаванне адбудзецца ў дзесяць. Мэгрэ з нецярпеннем чакаў, калi прыйдзе Нэвэ. Ён вырашыў узяць яго з сабою: а раптам каго-небудзь пазнае на пахаваннi?..

- Ёсць што новае? - спытаўся камiсар у Сантонi. - Не?.. Складзi спiс Жарысавых сяброў, знаёмых, увогуле, усiх, з кiм ён сустракаўся апошнiя гады.

- Я ўжо пачаў.

- Працягвай.

З'явiўся Нэвэ.

- Надвор'е пахавальнае, - буркнуў iнспектар.

У дзесяць яны былi ўжо перад домам Турэ. У знак жалобы з абодвух бакоў дзвярэй былi нацягнуты чорныя палотнiшчы з серабрыстымi махрамi. Ля ганка, на незаасфальтаваных ходнiках стаялi людзi пад парасонамi. Усяго iх было чалавек пяцьдзесят. Многiя заходзiлi ў дом. Вiднелiся людзi i ў суседнiх дварах.

Спачатку прыбыў катафалк. Потым таропка прайшлi святар i хлопчык, якi нёс крыж.

Нiшто не спыняла парываў ветру, мокрая адзежа прыставала да цела. Труна адразу ж намокла.

- Нiкога не пазнаеш? - запытаўся Мэгрэ ў Нэвэ, калi працэсiя рушыла.

Нэвэ пакруцiў галавою.

Жанчына, якой Турэ падараваў парсцёнак, напэўна, не прыйшла. Праўда, на адной кабеце быў лiсiны каўнер, але камiсар заўважыў яе яшчэ раней, калi яна выходзiла з дома насупраць i замыкала дзверы на ключ. I з прысутных мужчын нiкога нельга было ўявiць заўсёднiкам лавак на бульварах.

I ўсё ж Мэгрэ застаўся на пахаваннi да канца. Камiсар двойчы сустрэў позiрк Монiкi. I кожны раз адчуваў, як сцiскаецца яна ад страху.

На могiлках было па калена гразi: магiлу выкапалi на новым участку, куды яшчэ не праклалi дарожкi.

Калi панi Турэ сустракалася позiркам з камiсарам, яна кожны раз уважлiва аглядвала прысутных, паказваючы, што памятае аб ягонай просьбе. Калi ён падышоў да сям'i, якая выстраiлася ў рад ля магiлы, каб выказаць спачуванне, удава шапнула:

- Я нiкога не заўважыла...

Дождж пазмываў пудру з твараў у жанчын, ва ўсiх пачырванелi насы.

Мэгрэ i Нэвэ пачакалi яшчэ хвiлiнку на могiлках i прайшлi ў шынок насупраць. Камiсар заказаў два грогi. А праз некалькi хвiлiн тут была ўжо добрая палова працэсii. Каб сагрэцца, людзi пераступалi з нагi на нагу.

Мэгрэ пачуў абрывак размовы:

- А пенсiю яна за яго атрымае?

- Не. Ён жа быў простым кладаўшчыком у нейкай краме. Такiм пенсii не даюць. Гэта за шваграмi ягонымi жонкi файна жывуць - чыгуначнiкi ўсё-такi. А пан Луi быў у iх увогуле кiмсьцi накшталт сваяка-бедалагi... Вось так вось...

- Дык што ж жонка з дачкою рабiцьмуць?

- Дачка ж працуе... Пакой, можа, здадуць кватаранту...

- Ну што, Нэвэ, хадзем? - прапанаваў Мэгрэ iнспектару.

З машыны сцякала брудная вада. Залева секла i секла.

У камiсарыяце было сыра i холадна, на падлозе вiднелiся брудныя сляды.

- Нiчога новага, Люка?

- Званiў Лапуэнт. З бiстро на плошчы Рэспублiкi. Ён знайшоў пакой.

- Пакой Турэ?

- Ён так думае. Але гаспадыня не надта гаваркая.

- Выклiкалi яе сюды?

- Не. Можа, вы самi лепш туды сходзiце?

Мэгрэ i праўда думаў пайсцi да Лапуэнта, а не сядзець тут у кабiнеце.

Калi Мэгрэ ўвайшоў у бiстро, ён адразу ж знайшоў Лапуэнта: той сядзеў ля камiна i пiў каву.

- Адзiн грог! - заказаў камiсар.

- Дзе гэты пакой? - запытаўся ён у Лапуэнта.

- За два крокi адсюль. Знайшоў зусiм выпадкова. Дом у спiсах не значыцца.

- Ты не памылiўся?

- Не. На вулiцы Ангулем я ўбачыў аб'яву: "Здаецца пакой". Трохпавярховы дом, без кансьержкi. Я пазванiў i папрасiў паказаць пакой. Гаспадыня ў гадах, колiсь, мусiць, была прыгажуня, але цяпер сiвая, аблезлая, тоўстая. Выйшла да мяне ў халаце. Перш чым упусцiць мяне, запыталася, цi здымаю я пакой сабе асабiста i цi адзiн буду жыць. Пакуль яна са мною перагаворвалася, на другiм паверсе прыадчынiлiся дзверы, i я заўважыў вельмi вабную дзяўчыну.

- Бардэль?

- Не зусiм. Але мне здалося, што гаспадыня з гэтымi справамi знаёмая. Пакуль падымалiся наверх, яна запыталася, як я збiраюся плацiць - штомесяц цi часцей, дзе я працую. Пакой - вокнамi на двор. Абсталюнак неблагi. Праўда, як на мой густ, дык зашмат таннага шоўку i аксамiту. Лялька на канапе. У пакоi пахла яшчэ, так бы мовiць, жанчынаю. Гаспадыня пацiкавiлася, хто мне даў адрас. Я ледзь не прагаварыўся, што даведаўся па аб'яве. Шчыра кажучы, мяне ўвесь час бянтэжыла адна з яе цыцак: яна ўсё выслiзгвала з халата. Я сказаў, што паведамiў мне пра пакой адзiн мой сябра. I што сябра гэты жыве ў яе. Яна запыталася хто. Калi я назваў Турэ, то адразу зразумеў, што яна яго ведае. Яна i з твару змянiлася, i голас стаў iншы. "Не ведаю, кажа, такога!" Як адрэзала. А потым пытаецца, цi няма ў мяне звычкi позна вяртацца дамоў. Было ўжо вiдаць, што вырашыла пазбавiцца ад мяне. Але я прыкiнуўся прасцячком. Кажу: "Можа, мой сябра яшчэ тут? Ён удзень не працуе i позна ўстае". Але яна мне: "Дык вы будзеце здымаць пакой цi не?" Буду, кажу. "Плата наперад". Я дастаў кашалёк i, нiбыта выпадкова, выняў фота Турэ. "А, - кажу, - вось i фота майго сябра". Яна зiрнула i кажа: "Не, мы, вiдаць, адно аднаму не падыдзем". I пайшла да дзвярэй. Я хацеў затрымаць яе, але яна папрасiла пакiнуць яе ў спакоi, у яе, бачыце, абед на плiце можа згарэць. Так i развiталiся... Шэф, ды я проста ўпэўнены, што яна яго ведала! Калi я выйшаў на вулiцу, фiранка зварухнулася: яна назiрала за мною.

- Едзем! - сказаў Мэгрэ.

Хаця дом быў за два крокi адсюль, пад'ехалi на машыне. Гаспадыня, якая выйшла адчынiць дзверы, i цяпер была ў халаце.

- Хто там?

- Палiцыя.

- Што вам трэба? - Зiрнула коса на Лапуэнта. - Так i ведала, што нажыву сабе бяду з гэтым малакасосам.

- Думаю, нам будзе зручней перагаварыць у доме.

- А я i не збiраюся трымаць вас на ганку. Мне ад вас хаваць няма чаго.

- Чаму вы не прызналiся, што пан Турэ быў вашым жыльцом?

- Таму, што гэта яго не датычыцца, - зноў змерыла яна Лапуэнта нядобрым позiркам.

Яна ўвяла iх у невялiкую гасцёўню. Грубка тут была напалена як след. Усюды ляжалi стракатыя падушкi з вышытымi на iх кошачкамi, сэрцамi i скрыпiчнымi ключамi. Вокны былi занавешаны шчыльнымi шторамi, i гаспадыня запалiла святло.

- Дык што вам ад мяне трэба?

Мэгрэ выняў з кiшэнi фатаграфiю Турэ.

- Гэта ён?

- Ён. Вы i без мяне ўсё ведаеце.

- Доўга ён у вас жыў?

- Прыкладна два гады. Можа, трохi болей.

- У вас шмат жыльцоў?

- Вядома. Мне адной дом задужа вялiкi. А ў наш час кватэру знайсцi нялёгка.

- Колькi ж iх у вас?

- Цяпер - тры.

- Але адзiн пакой свабодны?

- Той самы, што я паказвала гэтаму малойчыку. I цяпер шкадую, што не была асцярожлiвая.

- Што вы ведаеце пра пана Турэ?

- Цiхi i сцiплы чалавек. Нiкому не замiнаў. Працаваў уначы...

- А вы ведаеце дзе?

- Я яго нi аб чым не распытвала. Ён сыходзiў увечары i вяртаўся ўранку. Спаў вельмi мала. Я яму часта казала, што трэба спаць болей. Але мне здаецца, што ўсе яны так, хто ўначы працуе, - мала спяць.

- Ён шмат зарабляў?

- А што вас, уласна, цiкавiць?

- Вы ж чытаеце газеты?..

На столiку ляжала разгорнутая ранiшняя газета.

- Бачу, куды вы гняце. Але спярша паабяцайце, што ў мяне не будзе непрыемнасцей. Ведаю я палiцыю...

Мэгрэ падумаў, што кабета павiнна быць у картатэцы аддзела нораваў.

- Я ж не рэкламую сваiх жыльцоў на кожным кроку. Не рэгiстрырую iх. Гэта не злачынства. Але калi вы пачняце выкручваць мне нервы...

- Усё будзе залежаць ад вас.

- Вы абяцаеце?.. Дарэчы, у якiм вы чыне?

- Камiсар Мэгрэ.

- Ого! Зразумела. Гэта сур'ёзней, чым я думала. Мяне турбуюць вашы калегi з нораваў. - Яна адпусцiла ў iхнi адрас такое слоўца, што Мэгрэ з Лапуэнтам пераглянулiся.

- Ну, добра. Ведаю я, што яго забiлi. Але больш - нiчога.

- Як ён назваўся вам?

- Проста - пан Луi.

- Да яго прыходзiла жанчына? Чарнявая, сярэднiх гадоў?

- Прыходзiла. Прыгожая, гадоў сорак, умее сябе трымаць.

- Часта прыходзiла?

- На тыдзень тры цi чатыры разы.

- А прозвiшча яе вы ведаеце?

- Я называла яе панi Антуанэт.

- Вы, я бачу, прывыклi называць людзей па iменi.

- Я не цiкаўная.

- Яна, калi прыходзiла, надоўга заставалася ў яго?

- На колькi трэба.

- На паўдня?

- Як калi. Iншым разам - на гадзiну-дзве.

- А ўранку прыходзiла?

- Можа, калi i прыходзiла, я не помню.

- Вы яе адрас ведаеце?

- Нiколi не пыталася.

- Iншыя вашы жыльцы - жанчыны?

- Пан Луi быў адзiны мужчына.

- Ён з iмi меў зносiны?

- Любоўныя? Такiх не было. Мне здаецца, ён да гэтага не быў ахвотнiк. Можа, калi б захацеў...

- Але ён заходзiў да iх?

- Яны, бывала, заходзiлi да яго папрасiць запалак, цыгарэт цi газету.

- I ўсё?

- Ну, яны гаманiлi пра сёе-тое. Часам ён нават гуляў у карты з Люсiль.

- Яна наверсе?

- Не. Бадзяецца недзе днi ўжо два. З ёй гэта здараецца. Мабыць, знайшла сабе некага. Але памятаеце, што вы мне абяцалi? Каб нi ў мяне, нi ў маiх жыльцоў не было нiякiх непрыемнасцей.

Мэгрэ хацеў быў сказаць, што нiчога не абяцаў, але змаўчаў.

- А апрача гэтай кабеты, нiхто да яго не прыходзiў?

- Нядаўна нехта пра яго пытаўся, разы са два.

- Маладзiца?

- Ага. Яна не стала падымацца наверх. Папрасiла перадаць, што чакае ўнiзе.

- Яна назвалася?

- Монiкай. Яна засталася ў калiдоры, нават у гасцёўню не прайшла.

- Ён спусцiўся да яе?

- Першы раз пра нешта з ёю пашаптаўся, i яна пайшла. А другiм разам i трэцiм выйшаў з ёю.

- Не сказаў вам, калi вярнуўся, што за яна?

- Спытаўся толькi, цi спадабалася яна мне.

- I што вы адказалi?

- Сказала, што цiкавая, як зазвычай у яе ўзросце, але што праз некалькi гадоў гэта будзе сапраўдная кабыла.

- А хто яшчэ прыходзiў?

- Вы не хочаце сесцi?

- Дзякую. Не хачу пэцкаць вам падушкi - змок да нiткi. Надта ў вас ужо чыста.

- Стараюся як магу. Дык чакайце... Дайце ўспомнiць... Прыходзiў адзiн чалавек. Малады. Не назваўся. Я перадала пану Луi, што яго чакаюць унiзе. Пан Луi, здалося, расхваляваўся i папрасiў мяне правесцi госця наверх. Гэты маладзён прабыў у яго хвiлiн дзесяць.

- Даўно гэта было?

- У сярэдзiне жнiўня. Памятаю, была спякота i процьма мух.

- Ён прыходзiў яшчэ калi-небудзь?

- Неяк разам прыходзiлi, усё роўна як на вулiцы сустрэлiся. Разам паднялiся наверх, але хлопец хутка выйшаў.

- Усё?

- Мне здаецца, я i так нагаварыла пад самую завязку. Думаю, вам таксама цiкава падняцца наверх?

- Вядома.

- Пан Луi займаў пакой насупраць таго, якi я паказвала вашаму памочнiку. Вокны выходзяць на вулiцу.

- Правядзiце нас, калi ласка.

Уздыхнуўшы, гаспадыня з цяжкасцю стала ўздымацца наверх.

- Не забывайцеся, што абяцалi.

Мэгрэ пацiснуў плячыма.

- Калi пакрыўдзiце мяне, я заяўлю на судзе, што вы манiце.

Скрозь шчылiну прыадчыненых дзвярэй, мiма якiх яны праходзiлi, камiсар заўважыў маладую жанчыну, зусiм голую, з махнатым ручнiком у руках.

Павярнуўшыся да яе, гаспадыня сказала:

- Не бойся, Iвета, гэта не з нораваў!

5. СЯРЖАНТАВА ЎДАВА

Велiзарная шафа з люстрам займала амаль увесь пакой. Гэтай масiўнай мэблi з арэхавага дрэва было, напэўна, гадоў пяцьдзесят сама меней. Яе куплялi няйначай як на аўкцыёне.

На стале, накрытым цыратаю, стаяла клетка з канарэйкаю. Можа, падумаў камiсар, Турэ купiў яе на набярэжнай Межысэры, калi наведваў старога бухгалтара?..

- Гэта ягоная канарэйка?

- Ягоная. Ён прынёс яе з год назад. Але яго падманулi: падсунулi замест самца самку, яна не спявае.

- А хто тут прыбiраў?

- Я здаю пакоi з мэбляю i бялiзнаю, але прыбiральшчыцы няма. Некалi былi пакаёўкi, але з iмi шмат клопату. Дый жывуць у мяне пераважна жанчыны...

- Пан Луi сам прыбiраў?

- Ён запраўляў ложак, выцiраў пыл. Раз на тыдзень, дзеля яго, я мыла тут падлогу.

Камiсар адчуваў, што для Турэ гэты пакой быў прытулкам душы. Усё, што ён прыносiў сюды, мела не простае пабытовае прызначэнне - яно падбiралася з асабiстым, нават патаемным густам.

У шафе не было гарнiтура, але затое ў iм стаялi тры пары жоўтых чаравiкаў. На столiку ляжаў трохi экстравагантны, як для Турэ, капялюш, амаль новы, вiдаць, набыты iм з пратэсту. I, мабыць, з таго ж пратэсту куплены былi стракаты халат i чырвоныя пантофлi.

- А пан Турэ не хадзiў на скачкi?

- Не думаю. Пра гэта ён мне нiчога не казаў.

- А ён часта з вамi гаварыў?

- Часцей на хаду. Але iншы раз заходзiў у гасцёўню i мы гаманiлi.

- Ён быў вясёлы чалавек?

- Жыццю ён радаваўся.

Усё ў пакоi было на сваiм месцы, нiдзе нi пылiнкi. У адной шафе Мэгрэ знайшоў пачатую бутэльку партвейну i два келiхi. На вешалцы вiсеў плашч: натуральна, не мог жа Турэ вяртацца ў Жувiзi мокры, калi ўдзень iшоў дождж?

Было нямала кнiг. Яны стаялi ў рад на куфры: танныя выданнi, раманы плашча i шпагi, два-тры дэтэктывы. Вiдаць, дэтэктывы яму не спадабалiся i ён перастаў iх чытаць.

Крэсла стаяла ля акна. Побач маленькi столiк. На iм - фатаграфiя жанчыны гадоў сарака з цёмнымi валасамi ў чорным. Напэўна, гэта быў здымак тае жанчыны, пра якую казаў прадавец з ювелiрнай крамы. На iм яна - такая ж мажная. Такiх кабет у пэўным асяроддзi лiчаць прыгожымi.

- Гэта яна прыходзiла?

- Яна.

У шуфлядзе стала камiсар знайшоў яшчэ некалькi здымкаў. На адным з iх Турэ быў у сваiм "экстравагантным" капелюшы.

Нiякiх iншых асабiстых рэчаў, апрача дзвюх пар шкарпэтак i некалькiх гальштукаў, у пакоi не было - нi кашуль, нi трусоў, нi папер, нi лiстоў нiчога.

Мэгрэ прыставiў крэсла да шафы i, зусiм як у дзяцiнстве, калi шукаў схаваныя ад яго бацькамi рэчы, стаў на яго, каб зазiрнуць на самы верх шафы. Там быў густы слой пылу, якi, аднак, не паспеў яшчэ асесцi на квадраце памерам прыблiзна з канверт. Вiдаць, на гэтым месцы зусiм нядаўна нешта ляжала. Але камiсар нiчога не сказаў гаспадынi, якая ўважлiва назiрала за iм.

- У яго быў ключ ад пакоя?

- Не. Калi ён выходзiў, то пакiдаў ключ мне.

- Iншыя жыльцы таксама пакiдаюць вам ключ?

- Не. Але пан Луi казаў, што ён усё губляе i няхай лепш ключ застаецца ў мяне. Мне гэта зусiм не замiнала: ён жа нiколi не вяртаўся нi ўвечары, нi ўначы.

Мэгрэ выняў з рамкi фатаграфiю жанчыны i паклаў яе ў кiшэню. Потым напаiў канарэйку, пахадзiў яшчэ трохi па пакоi.

- Я, можа, яшчэ прыйду да вас.

- Не стану прапаноўваць вам шкляначку, - сказала гаспадыня ўнiзе. - Вы, напэўна, спяшаецеся?

- У вас ёсць тэлефон? Дайце мне, калi ласка, нумар. Можа, мне прыйдзецца пазванiць, каб што-небудзь запытаць.

- Басцiлiя 22-51.

- Ваша iмя?

- Марыета. Марыета Жыбон.

- Дзякуй.

- Усё?

- Пакуль што ўсё.

Лапуэнт i Мэгрэ нырнулi ў машыну. Дождж усё лiў i лiў.

- Збочвай за рог i спынiся, - загадаў камiсар шафёру i дадаў - Лапуэнту: Зараз ты вернешся да гэтай кабеткi. Я забыў у пакоi люльку.

Мэгрэ нiколi i нiдзе не забываў люлькi. Да таго ж, у яго iх заўсёды было з сабою дзве.

- Наўмысна?

- Вядома. Пасакачы з гэтай Марыетай колькi хвiлiн i вяртайся сюды, паказаў Мэгрэ на невялiкi бар i, выйшаўшы з машыны, рушыў да тэлефоннай будкi.

- Люка, гэта ты?.. Аддай адразу ж загад, каб праслухоўвалi нумар Басцiлiя 22-51.

Прытулiўшыся да стойкi бара, Мэгрэ пацiху пацягваў кальвадос i разглядваў фатаграфiю жанчыны. Яго зусiм не здзiвiла, што каханкаю Турэ была жанчына таго ж тыпу, што i ягоная жонка. Але якi ў яе характар? Можа, i ён такi?..

- Вось ваша люлька, шэф.

- Яна не гаварыла па тэлефоне, калi ты зайшоў?

- Не заўважыў. З ёю былi дзве жанчыны.

- Можаш iсцi абедаць. Убачымся ў аддзяленнi.

Мэгрэ назваў шафёру адрас панны Леон. Па дарозе спынiлiся ў кандытарскай, дзе ён купiў скрыначку шакаладных цукерак.

Выйшаўшы перад крамаю панны Леон з машыны, Мэгрэ схаваў цукеркi пад палiто, каб не прамоклi - дождж усё лiў ды лiў.

Камiсар адчуваў сябе нiякавата ў сваiм грубым, змоклым палiто сярод лёгкiх, прыгожых, пушыстых дзiцячых строяў.

- Вашай мацi, - сказаў ён панне Леон, сарамлiва выцягваючы з-пад палiто скрыначку з цукеркамi.

- О, вы падумалi пра яе! Можа, вы ёй самi аддадзiце?

Аднак Мэгрэ палiчыў лепшым застацца ў крамным пакоi, куды хоць трохi трапляла паветра з вулiцы: мо толькi таму, што ён апынуўся тут з дажджу, але яму здалося, што сёння грубка ў памяшканнi напалена яшчэ больш.

- Прабачце, я да вас на хвiлiнку. Я толькi хацеў бы паказаць вам гэтую фатаграфiю.

Ледзь зiрнуўшы на яе, панна Леон усклiкнула:

- Ды гэта ж панi Машэр!

Гэта быў ужо нейкi поспех!

Значыцца, гэтую жанчыну ведалi ў асяроддзi Луi Турэ. Так Мэгрэ думаў раней, i цяпер гэта пацвердзiлася. Такi чалавек, як Турэ, не стаў бы заводзiць знаёмства з выпадковай жанчынаю.

- Адкуль вы яе ведаеце?

- Яна працавала ў Капланаў. Нядоўга. Недзе з паўгода. А чаму вы паказалi яе фатаграфiю?

- Гэта была сяброўка пана Луi.

- А!..

Мэгрэ разумеў, што жанчыне гэта цяжка пачуць, але iнакш нельга.

- У той час, калi яны абое працавалi ў Капланаў, вы нiчога памiж iмi не заўважылi?

- Магу паклясцiся, што нiчога памiж iмi тады не было... Яна працавала на ўпакоўцы - там было дзесяць цi нават пятнаццаць жанчын... Ведаю, што яна была замужам за палiцэйскiм.

- Чаму яна звольнiлася?

- Здаецца, ёй прышлося аперыравацца.

- Вялiкi вам дзякуй. Прабачце, што зноў вас патурбаваў.

- Што вы, зусiм вы мяне не патурбавалi. Скажыце толькi, калi ласка... Пан Луi, ён што, сапраўды меў нешта з гэтай жанчынай?

- Яна прыходзiла да яго ў пакой, якi ён здымаў у Парыжы.

- Я ўпэўнена, што памiж iмi нiчога не было. Яны проста сябравалi.

- Магчыма.

- Калi засталася дакументацыя фiрмы, я дапамагу вам знайсцi адрас гэтай жанчыны. Але ж я не ведаю, што з ёю стала, з дакументацыяй.

- Раз яна была жонкаю палiцэйскага, адрас мы знойдзем. Вы сказалi, яе прозвiшча Машэр?

- А iмя, калi я не памыляюся, - Антуанэта.

- Дзякую, панна Леон. Да пабачэння.

- Да пабачэння.

Мэгрэ спiнаю адчуваў, што жанчына разгублена глядзела яму ўслед.

- У мунiцыпальную палiцыю, - загадаў камiсар шафёру.

У мунiцыпальнай палiцыi Мэгрэ адразу ж накiраваўся ў аддзел кадраў. Праз некалькi хвiлiн яму паведамiлi, што палiцэйскi па прозвiшчы Машэр сапраўды служыў тут сяржантам, але яго забiлi два гады назад у вулiчнай бойцы. Пражываў у той час на вулiцы Даменiль. Удава атрымлiвае пенсiю. Дзяцей няма.

Мэгрэ запiсаў адрас. I, пазванiўшы ў аддзяленне, выклiкаў да тэлефона Люка.

- Ну як, гаспадыня нiкому не званiла?

- Не яшчэ.

- А ёй?

- Ёй - не. Званiлi адной з жанчын, Вользе, наконт прымеркi сукенкi.

Мэгрэ вырашыў паабедаць пазней. Ён выпiў у бары шклянку аперытыву i зноў сеў у машыну.

- На вулiцу Даменiль.

Ехаць прыйшлося доўга. Будынак быў бедны, стары.

- Скажыце, калi ласка, дзе жыве панi Машэр? - спытаўся ён у кансьержкi.

- На пятым паверсе, налева.

Лiфт падымаўся рыўкамi - здавалася, зараз спынiцца мiж паверхамi.

Вельмi чысты дыванчык перад дзвярыма, зiхоткая медная ручка. Мэгрэ пазванiў. Недзе ў глыбiнi кватэры пачулiся крокi.

- Хвiлiнку! - Жанчына, мабыць, надзявала сукенку. Напэўна, гаспадыня была не з такiх, што сустракаюць гасцей у халаце.

Адчынiўшы дзверы, яна моўчкi паглядзела на Мэгрэ.

- Камiсар Мэгрэ.

- Праходзьце.

Было вiдаць, што прыход такога госця ўсхваляваў жанчыну.

Яна была такая, якой i ўяўляў яе сабе Мэгрэ: высокая, мажная, спакойная. Акуратна прычасаныя валасы, строгая сукенка, усе гузiкi зашпiленыя.

Паркет ззяў.

- Я вам тут напэцкаю...

- Нiчога страшнага.

Абсталюнак прыкладна такi ж, што i ў доме Турэ. Амаль такiя ж забаўкi на палiчках. Фатаграфiя палiцэйскага, да рамкi прымацаваны медаль.

- Я прыйшоў пагаварыць з вамi пра пана Луi.

- Я гэтага чакала.

Яна не заплакала, хоць твар у яе быў маркотны.

- Сядайце, калi ласка.

- Дзякую. Вы былi блiзкiмi сябрамi, цi ж не так?

- Ён быў вельмi добры да мяне.

- I толькi?

- Магчыма, кахаў мяне. Ён жа нiколi не быў шчаслiвы ў сям'i.

- Ваша знаёмства пачалося з таго часу, як вы працавалi ў Капланаў?

- Што вы?.. Тады быў яшчэ жывы мой муж.

- I Турэ нават не спрабаваў зблiзiцца з вамi?

- Ён глядзеў на мяне гэтаксама ж, як i на любую iншую жанчыну з нашага аддзела.

- Значыцца, вы сустрэлiся зноў пасля закрыцця фiрмы?

- Так. Месяцаў праз восем-дзевяць пасля смерцi мужа.

- Выпадкова?

- Выпадкова. Мне прыйшлося шукаць працу - вы ж разумееце, на пенсiю ўдавы не пражывеш. Суседка пазнаёмiла мяне з дырэктарам кiнатэатра, i я ўладкавалася бiлецёркаю. Пры жыццi мужа я не працавала, хiба што кароткi час у Капланаў... Скажыце, газеты не будуць пiсаць пра мяне?

- Не. Можаце не баяцца.

- Дырэктар такi строгi, я магу страцiць месца... Дык вось, у кiнатэатры мы з панам Луi i сустрэлiся... Неяк на ранiшнiм сеансе. Ён прыйшоў на фiльм "Вакол свету за восемдзесят дзён"... Я яго пазнала, калi паказвала, дзе сесцi. Ён таксама пазнаў мяне. Нiякай асаблiвай размовы тады памiж намi не было, але з тае пары ён стаў часта прыходзiць да нас i заўсёды на ранiшнiя сеансы. Аднаго разу прапанаваў мне схадзiць з iм у кавярню. Я згадзiлася.

- Ён тады ўжо здымаў пакой на вулiцы Ангулем?

- Думаю, здымаў.

- Ён казаў, што нiдзе не працуе?

- Не. Сказаў толькi, што ўдзень заўсёды вольны.

- I вы так i не даведалiся, чым ён займаўся?

- Не. Я нiколi б не стала ў яго пра гэта пытацца.

- А пра жонку цi дачку ён расказваў?

- Шмат.

- Што менавiта?

- Ведаеце, цяжка перадаць... Калi чалавек няшчасны ў сям'i, ён пра гэта часта загаворвае... Жонка яго праз сясцёр зневажала. У сясцёр мужы добра ўладкаваныя, бясплатны праезд усёй сям'i, пенсiя... Яны ўсе папракалi Луi за тое, што ён не iмкнецца знайсцi што-небудзь лепшае за месца кладаўшчыка...

- Куды ж вы, прабачце, хадзiлi ўдваiх?

- Амаль заўсёды ў адну i тую ж кавярню на вулiцы Сэнт-Антуан. Мы маглi гаварыць гадзiнамi.

- Вы любiце пышкi?

- Адкуль вы ведаеце?

- Я ведаю, што пан Луi купляў iх вам на вулiцы Акацый.

- Гэта было пазней, калi...

- Калi вы сталi хадзiць да яго ў пакой?

- Тады. Ён хацеў, каб я бывала там. Ён называў гэты пакой сваiм закуткам... Вельмi ганарыўся iм...

- Ён не казаў вам, чаму ён зняў гэты пакой?

- Яму хацелася мець свой кут, хоць бы на некалькi гадзiн у дзень.

- Ён купляў вам каштоўнасцi?

- Пярсцёнак, зусiм нядаўна. - Жанчына паказала пярсцёнак на руцэ. - Ён быў такi добры, такi чулы! Яму была патрэбная падтрымка. Я ведаю, што вы думаеце пра мяне, але перш за ўсё я была яму сябрам, адзiным сябрам.

- А сюды ён прыходзiў?

- Нiколi. З-за кансьержкi i суседзяў. Мяне б тады ўвесь дом абгаворваў.

- Вы бачылi яго ў панядзелак?

- Мы прабылi разам прыкладна гадзiну.

- У якi час?

- Адразу пасля абеду. Я якраз хадзiла па крамах.

- А як вы сустрэлiся?

- Я назначыла яму спатканне.

- Па тэлефоне?

- Не. Я яму нiколi не званiла. Мы, калi развiтвалiся, заўсёды дамаўлялiся аб наступнай сустрэчы.

- Дык дзе ж вы сустрэлiся ў панядзелак?

- Як звычайна, у нашай кавярне. Праўда, мы сустракалiся з iм i ў кавярне на рагу Сэн-Мартэн, i ў кавярне на Вялiкiх бульварах, але рэдка.

- Ён прыйшоў своечасова?

- Ён нiколi не спазняўся. У той дзень было холадна, а ў мяне крыху балела горла, i мы вырашылi пайсцi ў кiно.

- На бульвары Бон-Нувэль?

- Вы, я бачу, многае ведаеце.

- Калi вы развiталiся?

- Каля чатырох. За паўгадзiны да смерцi.

- Ён павiнен быў з кiм-небудзь сустрэцца?

- Ён мне нiчога не сказаў.

- Ён гаварыў з вамi пра людзей, з якiмi бачыўся?

Яна пакруцiла галавою i падышла да серванта.

- Можна, я прапаную вам шклянку? Праўда, у мяне толькi вермут. Даўно стаiць - я ж не п'ю.

Мэгрэ не змог адмовiць ёй. Вермут купляў, напэўна, яшчэ сяржант, такi быў на дне бутэлькi асадак.

- Калi я прачытала ў газеце, то адразу ледзь не пабегла да вас. Мой муж часта пра вас расказваў. Я i фатаграфiю вашу часта бачыла. Так што адразу пазнала вас.

- Цi думаў ён развесцiся, каб ажанiцца з вамi?

- Ён дужа баяўся жонкi.

- А дачкi?

- Яе ён вельмi любiў. Дзеля яе ён што хочаце зрабiў бы. Але мне здаецца, яна ў чымсьцi расчаравала яго...

- Чаму вы так думаеце?

- Проста мне так здавалася. Ён часта быў сумны пасля сустрэч з ёю.

Але i сама яна была не надта вясёлая: гаварыла нейкiм вялым, манатонным голасам. Можа, яна прыходзiла да Турэ больш, каб прыбраць у пакоi?.. Ва ўсякiм разе, Мэгрэ нiяк не мог уявiць яе ў ложку з каханкам. Яна больш бачылася яму ў паўзмроку за столiкам кавярнi, у цiхай, лагоднай размове.

- Ён ашчаджаў грошы?

- Не надта. Як на разуменне простага чалавека, дык ён многае сабе дазваляў. Калi б я згадзiлася, ён бы мне багата чаго накупiў.

- А вы як-небудзь сустракалi яго выпадкова, калi ён сядзеў на лаўцы?

- На лаўцы?.. - збянтэжылася жанчына. Памаўчаўшы, яна згадала: - Адзiн раз, неяк уранку, калi iшла ў краму. Ён размаўляў з нейкiм хударлявым чалавекам, дзiвачлiвым.

- А чым ён вас здзiвiў?

- Ён быў падобны на клоўна, толькi без грыму. Праўда, я разгледзець яго не магла, але ўсё ж заўважыла: чаравiкi на iм былi стаптаныя i штаны абтрапаныя.

- Вы спыталiся потым у пана Луi, што гэта за чалавек?

- Канечне. Ён адказаў, што на лаўках якiх толькi тыпаў не сустрэнеш i што яму цiкава пагаманiць з незвычайнымi людзьмi.

- Вам хацелася прыйсцi на пахаванне?

- Я пабаялася. Праз дзень-два схаджу да яго на магiлу...

Развiтаўшыся з панi Машэр, Мэгрэ паехаў адразу дахаты, сказаўшы шафёру, каб той забраў яго праз гадзiну.

За абедам жонка прыглядалася да Мэгрэ пiльней як зазвычай.

- Што з табою? - нарэшце спыталася яна.

- Нiчога...

- Не ведаю... Нешта ты на сябе не падобны...

- А на каго ж тады?

- На каго хочаш, толькi не на Мэгрэ.

Камiсар засмяяўся. I праўда, апошнiм часам ён столькi думаў пра гэтага нябогу Луi Турэ, што непрыкметна для сябе пачаў нават трымаць сябе так, як мог бы трымаць сябе нябожчык. Нават выраз твару, мiмiка ў яго змянiлiся.

- Змянi гарнiтур, - прапанавала жонка.

- Навошта? Усё роўна змокну.

I ўсё ж камiсар паслухаўся жонку...

Прыехаўшы ў камiсарыят, Мэгрэ зайшоў у аддзел нораваў.

- Ты ведаеш такую Марыету, цi Мары Жыбон? - спытаўся ён у iнспектара. Не?.. Будзь ласкавы, правер па картатэцы.

- Маладая?

- Гадоў пяцьдзесят.

Iнспектар узяў скрыначку з пажаўцелымi i запыленымi карткамi. Доўга шукаць не прыйшлося.

- Нарадзiлася ў Сэн-Мало, у картатэцы ўжо адзiнаццаць гадоў. Тры арышты. Усе да вайны*. Два - за абкраданне клiента.

* Аповесць напiсана ў 1952 годзе.

- Сядзела?

- Адпусцiлi. За адсутнасцю доказаў.

- Што яшчэ?

- Чакайце. Пагляджу ў другой скрынi...

Iмя яе траплялася яшчэ на некалькiх картках, але ўсе яны былi даваенныя.

- Да вайны была масажысткаю ў салоне на вулiцы Марцiр. Жыла з нейкiм Наталi, асуджаным за забойства. Я згадваю гэтую справу. Iх было трое. Яны забiлi хлопца з iншай банды каля тытунёвай будкi на вулiцы Фантэн. Так i не ўдалося разабрацца, хто парнуў нажом. Вось i далi ўсiм траiм па дзесяць гадоў.

- Гэты Наталi цяпер на волi?

- Памёр.

Гэтыя факты нiчога не давалi Мэгрэ, адно пацвярджалi ягоныя здагадкi адносна мiнулага панi Жыбон.

- А чым яна цяпер займаецца? - спытаўся камiсар.

- Не ведаю. Можа, памерла.

- Не, жывая яшчэ.

- Значыцца, завязала. Вярнулася, можа, на радзiму i прыкiнулася там самавiтай дамаю.

- Не, яна ўсё яшчэ ў Парыжы. I здае мэблiраваныя пакоi на вулiцы Ангулем. Неафiцыйна. I, заўважце, у доме амаль што адны дзеўкi.

Iнспектар зацiкавiўся.

- Аднак я не думаю, што яны прымаюць у гэтых нумарах.

- Мы б ведалi, - запэўнiў iнспектар.

- Паназiрайце, галубкi, за гэтым домам. Можа, суседзi што-небудзь падкажуць. Мае хлопцы могуць не пазнаць вашых добрых знаёмых.

- Зробiм усё як след.

Прыйшоўшы ў свой кабiнет, Мэгрэ не паспеў i сесцi, як увайшоў Люка.

- Што новага?

- Па тэлефоне яна не званiла нiкому. Але сёння ўранку да нас звярнулася адна старая, якая жыве са сваiм пляменнiкам на вулiцы Гэй-Люсака. Яна выходзiла з дому, а калi вярнулася, дык выявiла, што з буфета знiкла каўбаса, якая дзве гадзiны назад была яшчэ на месцы. Тады яна ўзяла стары рэвальвер мужа, з якiм той ваяваў яшчэ ў першую сусветную, i абшукала кватэру. I знайшла пад пляменнiкавым ложкам хлебныя крошкi i насоўку. Чужую, не пляменнiка!

- Чым гэты пляменнiк займаецца?

- Студэнт. Працуе рассыльным у кнiгарнi на бульвары Сэн-Мiшэль.

- Цiкава... Дык, значыцца, цётка выклiкала палiцыю?

- Яна патэлефанавала нам, i я адразу паслаў Леруа ў кнiгарню распытаць гэтага хлопца. Ён затросся, а потым дык нават заплакаў.

- Жарыс - ягоны сябра?

- Так. Жарыс папрасiў у яго прытулку.

- З якой прычыны?

- Ён нiбыта пасварыўся з бацькамi, а бацька ў яго такi жорсткi, што нават забiць можа.

- I колькi гэта ён пражыў пад ложкам?

- Адзiн дзень i адну ноч. Першую ноч ён сноўдаўся па горадзе. Прынамсi, так ён расказваў сябру. Я папярэдзiў усе пасты. Вiдаць, зноў бадзяецца.

- Грошы ў яго ёсць?

- Гэты хлопец не ведае.

- Вакзальныя пасты напагатове?

- Вядома.

Цiкава, падумаў Мэгрэ, а што цяпер адбываецца ў Жувiзi? Удава з дачкою i з сёстрамi са шваграмi, напэўна, паабедалi i разважаюць цяпер наконт будучынi панi Турэ i Монiкi...

Швагры, глытнуўшы па кiлiшку, сядзяць цяпер, мабыць, у фатэлях i паляць цыгары. I ўдаве, бадай, чарачку паднеслi - каб узняць тонус.

Цi згадваюць яны нябожчыка? Наўрад цi. Абмяркоўваюць, хутчэй за ўсё, пахаванне. Адзначылi ж, мусiць, што, нягледзячы на залеву, народу сабралася багата?.. Цi ўцямiлi хоць, што гэта перш за ўсё пашана да нябожчыка, якога самi яны так зневажалi?..

Камiсару хацелася б апынуцца цяпер там, асаблiва ж - убачыць Монiку i шчыра пагутарыць з ёю сам-насам. Але дзе ж там пагутарыш сам-насам ды шчыра!..

I выклiкаць яе афiцыйна ў палiцыю няварта было яшчэ.

Падумаўшы, Мэгрэ набраў нумар службовага тэлефона Монiкi Турэ.

- Скажыце, калi ласка, панна Турэ сёння на працы?

- Яна пайшла па сямейных справах, але заўтра... Выбачайце, а хто гэта?

Мэгрэ павесiў слухаўку.

- Сантонi тут?

- Не бачыў з самае ранiцы.

- Пакiнь яму цыдулку, каб заўтра ўранку забраў панну Турэ з працы, як толькi яна прыйдзе ў сваю кантору, i прывёў да мяне. I каб зрабiў гэта далiкатна!

- Прывёў сюды?

- Але, да мяне ў бюро.

- Што яшчэ?

- Больш нiчога! Дайце папрацаваць.

Сыты ён ужо сёння па горла i Луi Турэ, i ягонай сям'ёю, i ягонай жанчынаю! Каб не пачуццё службовага абавязку, ён кiнуў бы зараз жа ўсе свае справы i пайшоў бы ў кiно.

Ён працаваў да сямi гадзiн з такiм iмпэтам, быццам ад ягонай працы залежаў лёс свету. Ён закончыў i давёў да ладу афармленне раней пачатых спраў, тых, што тыднямi, а некаторыя i месяцамi чакалi сваёй чаргi, i нават тых, што практычна не мелi нiякае важнасцi.

Нарэшце ён пайшоў з бюро з пачырванелымi ад доўгага i напружанага чытання-пiсання вачыма.

I тут яму здалося, нiбыта нешта вакол яго перамянiлася. Спачатку ён не мог зразумець, што менавiта. Нарэшце працягнуў руку - i зразумеў: перастаў iсцi дождж.

Камiсар адчуў, што яму ўжо яго не хапае.

6. ЖАБРАКI

Монiка Турэ сядзела ў "клетцы" - так Мэгрэ называў прыёмную. Камiсар даваў ёй "настояцца" - многiя ў гэтай чакальнi гублялi ўпэўненасць.

- Што яна там робiць? - спытаўся Мэгрэ ў Сантонi.

- Нiчога.

- Як у яе настрой?

- Маўчыць. Змрочная.

Iдучы на ранiшнi рапарт, Мэгрэ мiмаходзь зiрнуў на дзяўчыну. Праз паўгадзiны, калi ён вяртаўся ў кабiнет, яна сядзела ў той самай паставе.

З зашклёнай чакальнi было добра вiдаць калiдор аддзялення. Сноўдалi туды-назад iнспектары з пульхнымi папкамi. Правялi арыштаванага ў кайданках, потым - нейкую заплаканую жанчыну. Аднак на дзяўчыну, здавалася, нiшто не дзейнiчала. Яна захоўвала поўны спакой, хоць за гэты час у кабiнет да Мэгрэ выклiкалi ўжо ўсiх наведнiкаў.

Праслухоўванне тэлефона Марыеты Жыбон нiчога не дало: анiводнага званка. Можа, яна што-небудзь западозрыла?

Назiраючы за домам, iнспектар з аддзела нораваў таксама нiчога не заўважыў.

- А Жарыса ўчора ў шэсць гадзiн вечара бачыў на рагу плошчы Клiшы i вулiцы Бацiньёль адзiн палiцэйскi. Жарыс выходзiў з бiстро. Схапiць яго палiцэйскi не паспеў, Жарыс знiк у натоўпе. Больш яго ў гэтым квартале не бачылi, колькi нi пiльнавалi.

Як сказаў уладальнiк бiстро, гэты клiент нiкому не тэлефанаваў, але з'еў пяць яек укрутую з булачкамi i выпiў тры кубкi кавы. Даўно, напэўна, нябога не еў як след.

Затым камiсара запрасiў да сябе суддзя Камельё.

- Нiчога новага? - спытаўся ён.

- Спадзяюся накрыць забойцу ў блiжэйшыя днi.

- Забойства з мэтаю абрабавання?

- Думаю, што так.

Нарэшце Мэгрэ атрымаў лiст з фiрмы, дзе быў зроблены нож, якiм забiлi Турэ. Фiрма паведамляла: па нумары на дзяржаннi ўдалося высветлiць, што нож з вялiкай партыi тавару, прададзенай аптавiку ў Марселi.

Выходзiць, марна пяць iнспектараў ажно тры днi апытвалi ледзь не ўсiх парыжскiх гандляроў нажамi. Жанв'е мала не закалацiла.

- Нiчога, - супакоiў яго камiсар, - звяжыся з Марселем, няхай пашукаюць. Потым захапi Моэрса з лабараторыi i схадзi з iм на вулiцу Ангулем. Няхай Моэрс здыме ўсе адбiткi пальцаў, якiя толькi знойдзе ў пакоi Турэ. Асаблiва ўважлiва трэба агледзець верх шафы.

А Монiка ўсё чакала. Час ад часу Мэгрэ пасылаў каго-небудзь зiрнуць на яе. Дзяўчына па-ранейшаму сядзела моўчкi, нiчога не рабiла i заставалася зусiм спакойная. Камiсар дзiвiўся: пасядзеўшы гадзiну ў "клетцы", мала хто не пачынаў нервавацца.

Нарэшце, калi прайшло паўтары гадзiны, Мэгрэ загадаў запрасiць яе. Ён сустрэў дзяўчыну стоячы i папрасiў прабачэння.

- Мне хацелася б пагаварыць з вамi грунтоўна, i я быў вымушаны вырашыць спешныя справы. Сядайце, калi ласка.

Дзяўчына села, паправiла прычоску, акуратна паклала сумку на каленi.

Мэгрэ сеў за стол, узяў у рот люльку, але перш чым чыркнуць запалкаю, запытаўся:

- Дазволiце?

- Дыму я не баюся, бацька палiў i дзядзькi таксама.

Мiнулы раз яна была ўзнерваваная, устрывожаная.

- Панна Монiка, вы вельмi любiце сваю мацi?

Мэгрэ збiраўся пачаць допыт "з музыкай": паступова i непрыкметна завесцi дзяўчыну ў тупiк, каб змусiць сказаць праўду. Аднак першы ж яе адказ збянтэжыў камiсара.

- Не, - сказала яна зусiм спакойна.

- Вы хочаце сказаць, што не ладзiце з ёю?

- Я яе ненавiджу.

- А чаму, вы можаце сказаць?

Яна пацiснула плячыма.

- Вы ж былi ў нас дома. Бачылi яе.

- Дакладней можна?

- Яна думае толькi пра сябе, пра сваё становiшча ў грамадстве, пра сваю старасць. Злуецца, што выйшла замуж не так удала, як сёстры, i што ёй прыходзiцца рабiць выгляд, што яна жыве не горш.

- А бацьку вы любiлi?

Яна маўчала, i Мэгрэ перапытаў.

- Я думаю, - адказала яна, - не вельмi прыемна гаварыць пра гэта цяпер.

- I яго вы не надта любiлi?

- Яго можна было толькi пашкадаваць.

- Што вы маеце на ўвазе?

- Ён нiчога не рабiў, каб палепшыць сваё становiшча.

- У чым палепшыць?

- Ва ўсiм. - I тут яна загаварыла з iмпэтам: - Я вось дык толькi i думаю пра тое, каб палепшыць нашае так званае жыццё. Мне яно абрыдла. У мяне адна мэта - з'ехаць.

- Выйсцi замуж?

- Выйсцi не выйсцi, але з'ехаць.

- I вы гэта збiралiся зрабiць у блiжэйшым часе?

- На днях.

- А з бацькамi вы раiлiся?

- А навошта?

- Значыцца, вы з'ехалi б, не сказаўшы нi слова?

- А чаму не? Што б гэта ў iхнiм жыццi змянiла?

Мэгрэ было ўсё цiкавей слухаць дзяўчыну. Ён нават забыўся на сваю люльку, i яму прыйшлося запальваць яе два разы.

- Скажыце, а калi вы даведалiся, што бацька не працуе болей у Капланаў? спытаўся ён раптам.

Мэгрэ чакаў, што дзяўчына расхвалюецца, але тая, вiдаць, падрыхтавалася да падобных пытанняў. Iнакш растлумачыць яе поўны спакой нiяк было нельга.

- Гады тры назад. Не памятаю дакладна. У студзенi цi лютым.

Фiрму, згадаў Мэгрэ, закрылi ў кастрычнiку.

- А як вы даведалiся?

- Выпадкова. Неяк пад вечар я разносiла квiткi...

- Вы ўжо тады працавалi на вулiцы Рывалi?

- Я пайшла працаваць туды ў васемнаццаць. Дык вось, мне трэба было якраз у той самы дом, у двары якога была бацькава кантора. Было ўжо цёмна, а святло ў ёй не гарэла. Я спыталася ў кансьержкi, у чым прычына, i тая сказала, што фiрма Капланаў закрылася.

- I, вярнуўшыся дамоў, вы нiчога не сказалi мацi?

- Нiчога.

- Чаму?

- Не хацела яго выдаваць. Ён пазбягаў сцэн. А тут пачалiся б такiя разборы...

- Ён баяўся мацi?

- Хутчэй, хацеў, каб яна не чапала яго.

У голасе дзяўчыны чулася пагарда.

- А ў бацькi вы спыталiся, дзе ён цяпер робiць?

- Не.

- Дык вы высачылi яго?

- Высачыла. Назаўтра паехала ў Парыж раней за яго, сказала, што ў мяне тэрмiновая праца, а на вакзале дачакалася ягонага цягнiка. I пайшла ўслед за iм.

- Што ж ён рабiў у той дзень?

- Хадзiў па розных установах. Папалуднаваў булкаю. Потым спынiўся каля дошкi аб'яў. I я ўсё зразумела: ён шукаў працу.

- Але ж ён кожны месяц, як i раней, прыносiў у дом зарплату?

- I мяне гэта вельмi дзiвiла. Я ўсё чакала, калi ён нарэшце прыйдзе дамоў без грошай. А ён замест гэтага неяк нават аб'явiў мацi, што запатрабаваў у Каплана надбаўкi i той яе даў!

- Калi гэта было?

- Прыкладна праз паўгода. У жнiўнi.

- I вы вырашылi, што бацька знайшоў працу?

- Але мне ўсё-такi хацелася праверыць, i я зноў дзень сачыла за iм. А ён i не думаў iсцi нi на якую працу: гуляў па скверы, сядзеў на лаўцы. Я вырашыла, што ў яго выхадны. Праз тыдзень я зноў прасачыла за iм. Тады ён i заўважыў мяне - на Вялiкiх бульварах, калi сядзеў на лаўцы. Ён збляднеў, але, доўга не думаючы, сам падышоў да мяне.

- Ён зразумеў, што вы сачылi за iм?

- Не думаю. Напэўна, вырашыў, што гэта выпадковасць. Была спякота, i ён запрасiў мяне выпiць кавы з марожаным на тэрасе.

- Што ён вам сказаў?

- Што фiрмы Капланаў больш няма, што ён застаўся без працы, але не кажа нiчога мацi, каб не турбаваць яе, бо ўпэўнены, што хутка знойдзе новую працу.

- Ён тады ўжо быў у жоўтых чаравiках?

- Не, я ўбачыла iх на iм пазней, калi ён сказаў мне, што знайшоў працу. Ён дадаў тады яшчэ, што ўсё было цяжэй, чым ён думаў, але цяпер усё выдатна, ён займаецца страхаваннем i ў яго багата вольнага часу.

- А чаму ён не сказаў пра гэта мацi?

- Яна пагарджае людзьмi, якiя, каб зарабiць сабе на жыццё, ходзяць па кватэрах i нешта там прапануюць. Для яе гэта ўсё бадзягi, жабракi. Калi б ён сказаў ёй такое, яна б яго са свету зжыла. I ўсё праз сясцёр...

- Ваша мацi, гляджу, дужа да iх прыслухоўваецца.

- Яна нi ў чым не хоча здацца горшай за iх.

- А вы яму паверылi?

- Спачатку.

- А потым?

- А потым засумнявалася.

- Чаму?

- Надта ўжо добра ён зарабляў.

- Надта?

- Не ведаю, што для вас - "надта". Праз некалькi месяцаў ён сказаў мацi, што яму зноў павялiчылi зарплату, бо прызначылi памочнiкам дырэктара. Мацi пачала спрачацца: яна хацела, каб ён не пiсаўся больш у пашпарце кладаўшчыком - яна гэтага заўсёды саромелася. Яна адчувала прынiжанасць праз тое, што ейны муж - кладаўшчык! А ён адказаў, што не варта мiтусiцца з-за такой драбнiцы, былi б адно грошы.

- У гэты момант вы з бацькам, мабыць, пераглянулiся?

- Ён заўсёды, калi быў упэўнены, што мацi не бачыць, пераглядваўся са мною. З таго часу ён пачаў падкладваць мне ў сумку грошы. Уранку, калi-нiкалi.

- Каб заплацiць за вашае маўчанне?

- Не, чаму? Проста яму падабалася дапамагаць мне.

- Вы казалi, час ад часу ён запрашаў вас абедаць.

- Запрашаў. Шэптам прызначаў спатканне i частаваў у рэстарацыi сама дарагiмi стравамi. Ён мяне i ў кiно запрашаў.

- I ўвесь гэты час вы сустракалi яго ў Парыжы ў жоўтых чаравiках?

- Заўсёды. Я спыталася ў яго, дзе ён пераабуваецца, i ён сказаў, што здымае для сваiх спраў пакой у Парыжы.

- Ён вам даў адрас?

- Не адразу. Прайшло яшчэ багата часу.

- У вас ужо быў якi-небудзь сябра?

- Не.

- А калi вы пазнаёмiлiся з Альбэрам Жарысам?

Яна не запнулася, не пачырванела. Вiдаць, яна i да гэтага пытання падрыхтавалася.

- Месяцаў пяць назад.

- Вы яго, прабачце, кахаеце?

- Мы павiнны разам з'ехаць.

- Каб ажанiцца?

- Тады, калi можна будзе. Пакуль яму яшчэ толькi дзевятнаццаць i ён не можа ажанiцца без згоды бацькоў.

- А бацькi яе не даюць?

- I не дадуць.

- Чаму?

- Дык у яго ж яшчэ нiчога няма: нi працы нармальнай, нi адукацыi. Бацькi ж толькi пра гэта i думаюць. Як мая мацi.

- I куды ж вы збiраецеся ехаць?

- У Паўднёвую Амерыку. Я ўжо падала заяву на вiзу.

- У вас ёсць грошы?

- Трохi. Мацi пакiдае мне частку майго заробку.

- Калi вы першы раз папрасiлi грошай у бацькi?

На нейкi момант яна пiльна ўгледзелася ў Мэгрэ, потым уздыхнула.

- Дык вы i гэта ведаеце?

Але адразу ж перастала вагацца.

- Я так i думала, што ведаеце. Таму i кажу праўду. Я не думаю, што вы сподлiчаеце i перакажаце ўсё мацi. Хiба толькi калi вы такi ж, як i яна.

- Я нiчога не збiраюся расказваць вашай мацi.

- Зрэшты, гэта нiчога б i не змянiла.

- Вы хочаце сказаць, што з'едзеце нягледзячы нi на што?

- I вельмi хутка.

- Дык як вы ўведалi бацькаў парыжскi адрас?

Цяпер яна ўжо вiдавочна завагалася, але ўсё-такi сказала праўду:

- Альбэр знайшоў ягоны пакой.

- Высачыў?

- Высачыў. Мы ўсё гадалi, як гэта бацька так добра зарабляе. I вырашылi дазнацца. Альбэр меркаваў, што бацька займаецца нелегальнымi фiнансавымi аперацыямi.

- А чаму гэта так вас цiкавiла?

- Ён павiнен быў шмат зарабляць.

- Вы разлiчвалi, што ён дасць вам грошай?

- Толькi на аплату парахода ў Амерыку.

- А вы разумееце, як гэта называецца?.. Вымаганне.

- Я лiчу, што гэта натуральна, калi бацька...

- Карацей, дружок ваш, Альбэр, пачаў сачыць за бацькам...

- Толькi тры днi.

- I што ён выявiў?

- А вы што-небудзь таксама выявiлi?

- Я ў вас пытаюся.

- Па-першае, ён выявiў, што бацька здымае пакой у доме на вулiцы Ангулем, па-другое, што бацька не займаўся нiякiм страхаваннем, а бавiў час пераважна на лаўках у скверах Вялiкiх бульвараў. Па-трэцяе...

- Што - па-трэцяе?..

- Што бацька мае каханку.

- I як вы да гэтага паставiлiся, да трэцяга?

- Я думала, што яна прыгожая i маладая. А яна была зусiм не лепшая за мацi, нават падобная на яе.

- Вы яе бачылi?

- Альбэр паказаў мне, дзе яны зазвычай сустракалiся.

- На вулiцы Сэнт-Антуан?

- Ага. У кавярне. Я прайшла мiма нiбыта выпадкова i толькi зiрнула. Я не мела часу разгледзець яе, але пэўнае ўяўленне склала. З ёю, мабыць, не весялей, чым з мацi.

- А потым вы пайшлi на вулiцу Ангулем?

- Потым туды.

- I бацька даў вам грошы?

- Даў.

- Вы пагражалi яму, што выдадзiце мацi?

- Не. Я проста сказала, што згубiла канверт з укладамi клiентаў i што, калi я iх не знайду, мяне выганяць з працы i нават аддадуць пад суд.

- Як ён павёў сябе з вамi?

- Ён саромеўся. Я заўважыла на столiку фатаграфiю, узяла яе i спытала, хто гэта. Ён адказаў, што гэта сяброўка дзяцiнства, якую ён выпадкова сустрэў.

- Вам не здаецца, што вы... - абурана пачаў Мэгрэ.

- Не. Не здаецца. Я змагаюся, - перапынiла яна.

- З кiм?

- З усiм светам. Я не хачу скончыць, як мацi, у затхлым жабрацкiм доме.

- Альбэр таксама заходзiў да вашага бацькi?

- Я пра гэта нiчога не ведаю.

- Вы, мiлая мая, манiце.

Яна ўгледзелася ў камiсара, потым апусцiла галаву ў знак згоды.

- Чаму вы, калi гаворка заходзiць пра Альбэра, хлусiце?

- Таму, што з тае пары, як забiлi бацьку, я адчуваю, што Альбэру будуць чынiць непрыемнасцi.

- А вы ведаеце, што ён паспеў знiкнуць?

- Ён мне званiў.

- Калi?

- Перад тым, як знiк. Два днi назад.

- Ён сказаў вам, куды ён дзенецца?

- Не. Ён быў вельмi ўсхваляваны. Ён перакананы, што яго абвiнавацяць у забойстве.

- Чаму?

- Таму што ён заходзiў на вулiцу Ангулем.

- Калi вы зразумелi, што мы напалi на ягоны след?

- Калi ваш iнспектар сустрэўся з гэтай пляткаркаю, Блянш. Яна мяне ненавiдзiць. Потым выхвалялася ў аддзеле, што нагаварыла дастаткова, каб збiць з мяне, як яна сказала, пыху. Я хацела падбадзёрыць Альбэра. Сказала яму, што не трэба хавацца: гэтым адно навядзеш на сябе падазрэнне.

- Але ён не паслухаўся?

- Не. Ён быў такi напалоханы, што нават слова па тэлефоне сказаць не мог.

- А якiя ў вас ёсць доказы, што ён сапраўды не забiў вашага бацьку?

- А навошта яму было яго забiваць?

Гэтым разам яна i праўда была зусiм спакойная.

- Мы ж з Альбэрам пры жаданнi маглi атрымаць ад яго любыя грошы.

- А калi б бацька адмовiўся?

- Ён не змог бы. Альбэру трэба было адно: сказаць, што ён раскажа ўсё маёй мацi. Я ведаю, кiм вы мяне лiчыце. Але калi б вы пражылi лепшыя гады ў Жувiзi, ды яшчэ ў такiм доме, як наш...

- Вы бачылi бацьку ў дзень смерцi?

- Не.

- Альбэр таксама не?

- Я амаль упэўнена. Мы ў той дзень, як звычайна, разам абедалi i пра бацьку нават не загаварылi.

- Вы ведалi, куды звычайна бацька хаваў свае грошы? Наколькi я зразумеў, вашая мацi мела звычку правяраць увечары ягоны кашалёк.

- Яна заўсёды гэта рабiла.

- Чаму?

- Таму што аднойчы, гадоў дзесяць назад, мацi знайшла на ягонай насоўцы сляды губной памады. Я добра запомнiла гэты выпадак. Бацькi тады яшчэ не надта зважалi на мяне. А яна вусны не фарбуе. Бацька кляўся, што адной жанчыне ў яго на працы стала блага i ён змачыў насоўку шкiпiнарам i правёў ёй па вуснах, таму i сляды.

- Напэўна, ён казаў праўду.

- Але мацi не паверыла.

- Выходзiць, ваш бацька не мог вярнуцца дамоў маючы ў кiшэнi грошай больш, чым магло быць, калi ён працаваў у Капланаў?

- Грошы ён хаваў у сваiм пакоi на вулiцы Ангулем.

- На версе шафы?

- А вы адкуль гэта ведаеце?

- А вы?

- Аднаго разу, калi я прыйшла да яго папрасiць грошай, ён залез на крэсла i дастаў з шафы жоўты канверт. У iм былi тысячафранкавыя бiлеты.

- I шмат?

- Вялiкi пачак.

- Альбэр пра гэта ведаў?

- Ведаў. Але я ўпэўнена, што не ён забiў бацьку. Ды ён бы нажом i ўдарыць не мог.

- Адкуль такая ўпэўненасць?

- Неяк ён парэзаў сабе сцiзорыкам палец, дык ледзь не самлеў, як кроў убачыў.

- Вы, прабачце, жывяце з iм?

Яна пацiснула плячыма.

- Няўжо вы думаеце, што ў наш час...

- Дзе вы сустракаецеся?

- А дзе прыйдзецца. У Парыжы хапае месцаў для гэтага. Вы, можа, скажаце, што палiцыя пра гэта нiчога не ведае?

- Ну што ж. Падсумуем гутарку. Па-першае, зусiм вiдавочна, што вы шантажыравалi бацьку. Згодны?

Яна змаўчала.

- Па-другое, колькi за iм нi сачылi, так i не ўведалi, як жа ён зарабляе грошы.

- А мы i не надта старалiся ўведаць.

- Разумею. Вас цiкавiў вынiк.

Монiка неяк спачувальна ўсмiхнулася. Яна, канечне, лiчыла Мэгрэ прасцяком.

- Цяпер вы ведаеце ўсё, - сказала яна, збiраючыся ўстаць. - Заўважце, я не разыгрывала з сябе святую. А што вы думаеце пра мяне, дык мне гэта ўсё роўна.

Але нешта ўсё-такi ўтрымлiвала яе.

- Вы нiчога не раскажаце мацi?

- Вам жа ўсё роўна, вы ж вырашылi з'ехаць.

- Па-першае, я ж не заўтра паеду, па-другое, я б не хацела сцэн.

- Разумею.

- Альбэр - непаўналетнi, i бацькi могуць...

- Я хацеў бы пагаварыць з iм.

- Калi б гэта залежала ад мяне, то ён прыйшоў бы сюды сёння ж. Але ён дурань. Сядзiць цяпер у якой-небудзь бярлозе i калоцiцца.

- Нешта вы не дужа захоплена пра яго гаворыце.

- А я нiчым асаблiва не захапляюся. Вы папярэдзiлi маё начальства, што выклiкалi мяне?

- Я патэлефанаваў да вас i сказаў, што трэба выканаць розныя фармальнасцi.

- Калi яны мяне чакаюць?

- Я часу не ўдакладняў.

- Мне можна iсцi?

- Я вас не затрымлiваю.

- Але загадаеце якому-небудзь iнспектару, каб ён пайшоў следам за мною?

Мэгрэ ледзь не засмяяўся, аднак сказаў сур'ёзна:

- Магчыма.

- Марная праца.

- Дзякую за папярэджанне.

Але, калi яна выйшла, Мэгрэ сапраўды аддаў Жанв'е на ўсякi выпадак загад прасачыць за ёю.

Неўзабаве Мэгрэ ўспомнiў, што забыўся задаць Монiцы адно важнае пытанне: хто, ён цi яна, захоўваў у сябе грошы на параход у Амерыку? Калi Альбэр, дык у яго цяпер ёсць грошы i, адпаведна, больш магчымасцей знiкнуць. Калi грошы ў Монiкi, тады яму, можа, i паесцi няма на што.

Мэгрэ пачакаў яшчэ нейкi час, потым патэлефанаваў Монiцы на працу:

- Я хацеў бы пагаварыць з паннай Монiкай Турэ.

- Хвiлiнку. Яна толькi што вярнулася.

- Алё! - адгукнулася Монiка.

- Не радуйцеся. Гэта не Альбэр. Камiсар Мэгрэ. Я забыўся задаць вам адно пытанне. Грошы ў вас цi ў яго?

Яна зразумела адразу.

- У мяне.

- Дзе?

- Тут. Адна шуфляда ў маiм стале замыкаецца на ключ.

- У Альбэра ёсць з сабою грошы?

- Наўрад цi багата.

- Дзякую.

Не паспеў камiсар пакласцi слухаўку, як яму патэлефанаваў Лапуэнт.

- Ты з вулiцы Ангулем? - здзiвiўся Мэгрэ.

- Не з дому, а з бiстро на рагу.

- Ну што там?

- Уяўляеце, шэф, у пакоi Турэ дужа дбайна прыбралi: падлогу i ўсю мэблю так нацёрлi, што ажно зiхацяць, пыл усюды выцерты.

- А верх шафы?

- Таксама. Я так i чытаў у гаспадынiных вачах: "Што, з'елi?" Яна сказала, што ўчора прыходзiла прыбiральшчыца, а вы не аддалi нiякiх загадаў, так што яна вырашыла падрыхтаваць пакой да засялення новага жыльца.

Гэта быў добры шчаўчок па носе. Трэба было раней пра гэта падумаць.

- А дзе Моэрс?

- Ён яшчэ там. Шукае сляды, але нiчога не можа знайсцi. Прыбiральшчыца добра папрацавала. Мне вяртацца ў аддзяленне?

- Чакай. Высветлi iмя i адрас прыбiральшчыцы i распытай яе, якiя i ад каго яна атрымала ўказаннi i хто быў у пакоi, калi яна прыбiрала.

- Будзе зроблена.

- Моэрс можа вяртацца. А, яшчэ: хто дзяжурыць з нораваў?

- Дзюмансэль.

- Няхай папросiць, каб узмацнiлi пост i прасачылi за тымi, хто выходзiць з дому.

- Яны не надта збiраюцца выходзiць. Адна гуляе ўвесь час голая па лесвiцы, а другая ўсё нiяк не намыецца: у ванну - з ванны, у ванну - з ванны... Ну а трэцяй ужо некалькi дзён як няма.

- Ну, зрабi што трэба i вяртайся.

Мэгрэ выйшаў да свайго начальнiка, але па дарозе яго перанялi i вярнулi назад: Нэвэ прывёў нейкага чалавека i хоча неадкладна паказаць яго.

Нэвэ стаяў у прыёмнай. Ён быў вельмi ўзбуджаны. Побач з iм сядзеў на крэсле нейкi надзiва цiкавы тып: маленькi, кволы, няпэўнага ўзросту, смешны. Мэгрэ адразу ж падумаў, што ён яго некалi бачыў i нават ведаў.

Камiсар прапанаваў Нэвэ:

- Можа, ты спачатку мне ў кабiнеце што-небудзь растлумачыш?

- Не мае сэнсу. Да таго ж яго i на момант аднаго пакiнуць нельга: уцячэ.

Толькi цяпер Мэгрэ заўважыў, што на руках у чалавека кайданкi.

Камiсар адчынiў дзверы кабiнета i ўпусцiў арыштаванага. Той трохi накульгваў. Ад яго несла спiртным. Нэвэ зачынiў кабiнет на ключ i толькi тады зняў з чалавека кайданкi.

- Не пазнаяце, начальнiк?

Рот у затрыманага расцягваўся ледзь не да вушэй. Гледзячы на яго, так i хацелася засмяяцца.

Сумненняў не было; чалавек гэты не быў яму незнаёмы. I тут мiльганула: ды ён жа на клоўна падобны! А нехта казаў яму нядаўна пра чалавека, падобнага на клоўна, якога... Гэта ж панi Машэр бачыла яго з Турэ на лаўцы!

- Сядай.

Чалавек адказаў як заўсёднiк палiцэйскiх аддзяленняў:

- Дзякую, начальнiк.

7. КЛОЎН

Iнспектар Нэвэ быў настолькi ўзбуджаны сваiм поспехам, што прадстаўляў арыштаванага так, нiбыта аб'яўляў нумар у цырку:

- Джэф Шрамэк уласнай персонаю, або Клоўн Фрэд, цi Акрабат, нарадзiўся ў Рыксвiры, у вярхоўi Рэйна, шэсцьдзесят тры гады назад.

- Згадваеце, начальнiк?

Нават арыштаваны, ён не пераставаў крыўляцца. У яго быццам патрэба такая была: выклiкаць сваiм выглядам i гаворкаю смех.

Мэгрэ пазванiў па ўнутраным тэлефоне:

- Прынясiце мне, калi ласка, дасье Джэфа Шрамэка.

Камiсар успомнiў: гадоў пятнаццаць назад гэты смешны чалавечак прагрымеў на ўсю краiну.

Гэта здарылася на пачатку вясны, у канцы дня. На Вялiкiх бульварах было людна, так што гледачоў тады ў гэтага клоўна-аматара хапiла.

Нехта заўважыў, што ў акне высокага дома насупраць перамяшчалася святло лiхтарыка. Паднялi трывогу, прымчалася палiцыя, людзi, як заўсёды, збiлiся ў натоўп, хоць большасць, вядома, нават i не пачула яшчэ, што ж тут такое здарылася. А чакала iх мiж тым неверагоднае двухгадзiннае прадстаўленне з камiчнымi i драматычнымi нумарамi ўперамешку. Сабралася столькi людзей, што палiцыя вымушана была паставiць загароды.

Калi злодзей зразумеў, што яго ловяць, ён адчынiў акно - i папоўз уверх па фасадзе, трымаючыся за вадасцёкавую трубу! Яму ўдалося дабрацца да карнiза наступнага паверха. Але там у акне з'явiўся палiцэйскi, i злодзей папоўз вышэй. Жанчыны ўнiзе крычалi ад жаху.

Гэта была адна з сама фантастычных пагонь у гiсторыi французскай палiцыi. Злодзей пацяшаў публiку больш за любога цыркача. Палiцэйскiя бегалi ўсярэдзiне будынка i, падымаючыся з паверха на паверх, адчынялi вокны, а ўцякач узбiраўся ўсё вышэй i вышэй.

Нарэшце яму ўдалося дасягнуць даху, такога стромкага, што палiцэйскiя адмовiлiся штурмаваць яго. А ён, не ведаючы нiякага страху, пераскокваў з даху на дах, пакуль не дабраўся такiм чынам да вулiцы Дзiдро, дзе i знiк раптам у акенцы на гары.

Хвiлiн праз пятнаццаць яго ўбачылi на iншым даху. "Вунь ён!" - крычалi людзi ўнiзе, паказваючы рукою.

Нiхто не ведаў, цi ёсць у яго зброя i што ён зрабiў, але па натоўпе пайшла пагалоска, што ён забiў некалькi чалавек.

А ўжо калi прыехалi пажарныя, расставiлi свае высачэзныя лесвiцы i накiравалi на дахi святло фар, натоўп завiшчаў.

Нарэшце злодзея ўдалося схапiць на даху дома недзе на вулiцы Гранж-Батэльер. Потым газеты пiсалi, што ў гэты момант у яго нават дыханне было роўнае! Ён смяяўся з няўклюдных палiцэйскiх. I калi яго ўпiхвалi ў "варанок", вывернуўся, як вуж, i знiк у натоўпе.

Газеты яшчэ тыдзень смакавалi ўсялякiя акалiчнасцi пагонi за "Акрабатам" гэтак празвалi Шрамэка. Нарэшце яго ўзялi, але зусiм выпадкова, на скачках.

Яшчэ падлеткам Шрамэк пачаў выступаць у цырку, якi ездзiў па Эльзасе i Германii. Потым ён асеў у Парыжы i выступаў на кiрмашах, за вылiкам таго часу, якi бавiў у турмах за крадзяжы.

- Вырашыў на старасцi гадоў прыладзiцца ў маiм квартале, - сказаў Нэвэ.

- Я ўжо даўно нiякiмi глупствамi не займаюся, - запэўнiў камiсара Шрамэк.

Нэвэ расказаў, як i чаму затрымаў ён Шрамэка.

- Зайшоў я ў бар на вулiцы Бландэль, гэта за два крокi ад нашага бульвара. Там збiраюцца аматары конных скачак. Называецца ён "У Фернана". Гэтага Фернана я добра ведаю, ён былы жакей. Я паказаў яму фотакартку Турэ, i ён яго пазнаў. Сказаў, што Турэ прыходзiў да яго разы са тры з адным з ягоных клiентаў, Клоўнам Фрэдам. Я здзiвiўся, бо думаў, што Акрабат даўно ўжо памёр цi сядзiць у турме, а ён, выяўляецца, прыходзiць да гэтага Фернана кожны вечар выпiць кiлiшак i паставiць на якога-небудзь каня. Але вось ужо некалькi дзён не заходзiў. З панядзелка. Цi быў ён тады адзiн, цi з Турэ, Фернан не памятае. Тут я i вырашыў узяць яго за шкiрку. Фернан назваў мне iмя жанчыны, з якою Фрэд жыве ўжо некалькi гадоў. Былая прадаўшчыца зелянiны Франсуаза Бiду. Але толькi сёння я атрымаў яе адрас: набярэжная Вальмi, насупраць канала. Галубок схаваўся ў спальнi - ён не пакiдаў яе з самага панядзелка. Я адразу ж надзеў на яго кайданкi i прывёў сюды.

- Я ўжо не такi спрытны, як раней, - жартаўлiва пракаменцiраваў Шрамэк.

Мэгрэ ўзiраўся ў затрыманага.

З гадамi Шрамэк, вiдаць, пачаў далучацца да тае пароды людзей, якiя могуць дзень пры днi сядзець на лаўках, нiчога не робячы. I вось цяпер нiбыта пашарэў, што тыя плiты ходнiкаў, якiя так часта i падоўгу свiдраваў сваiм абыякавым позiркам нiкому не патрэбнага чалавека.

Не спяшаючыся, папыхваючы люлькаю, Мэгрэ пачаў праглядваць пульхную жоўтую папку - гiсторыю ўзаемадачыненняў Шрамэка i правасуддзя.

Настаў сама зручны час для допытаў: ад дванаццацi да дзвюх. Усе пайшлi на абед, нiхто не бегае па калiдорах, сцiхлi тэлефоны.

- Схадзi паабедай, - сказаў камiсар iнспектару. - Ты, напэўна, галодны, а можаш мне яшчэ сёння спатрэбiцца.

Нэвэ выйшаў без асаблiвага жадання: ведама ж, яму б хацелася пабыць на допыце.

Затрыманы праводзiў яго ўхмылкаю.

Мэгрэ запалiў новую люльку, паклаў руку на дасье i, гледзячы Шрамэку ў вочы, цiха сказаў:

- А зараз пагаворым!

Аднак перш чым пачаць допыт, Мэгрэ замкнуў дзверы на ключ, паглядзеў на акно.

- Не турбуйцеся, - зноў ухмыльнуўся Шрамэк. - Я ўжо па карнiзах не хадок.

- Думаю, ты здагадаўся, чаму цябе забралi?

- А што тут здагадвацца? Заўсёды забiраюць адных i тых самых. Даўнавата я ў вас не быў. Трэба асвяжыць успамiны.

- Твайго дружка Луi забiлi. Толькi не прыкiдвайся, што нiчога не ведаеш. Ты выдатна разумееш, што мы маем усе падставы абвiнавацiць цябе.

- Будзе яшчэ адна судовая памылка.

Мэгрэ зняў слухаўку.

- Злучыце мяне з барам "У Фернана" на вулiцы Бландэль... Пан Фернан?.. Гаворыць камiсар Мэгрэ. Я хацеў бы навесцi даведкi адносна вашага клiента Джэфа Шрамэка... Так, Акрабата... Рабiў буйныя стаўкi?.. Што?.. Разумею... А апошнiм часам?.. У суботу?.. Дзякую... Не. Пакуль дастаткова.

Мэгрэ выглядаў задаволеным, а вось Шрамэк устрывожыўся.

- Хочаш, паўтару табе, што ён сказаў?

- Мала што кажуць!

- Усё сваё жыццё ты гуляеш на скачках i прайграеш.

- Калi б урад забаранiў скачкi, гэтага б не здаралася.

- Вось ужо шмат гадоў, як ты купляеш у Фернана квiткi на стаўкi.

- Фернан - афiцыйны букмекер.

- Але, каб рабiць стаўкi, трэба мець грошы. I вось што цяпер высвятляецца: яшчэ два з паловаю гады назад твае стаўкi былi маленькiя, ты прайграваў, i Фернан паiў цябе ў крэдыт.

- Ён не павiнен быў гэтага рабiць. Ён мяне заахвочваў, i я прыходзiў зноў.

- Але вось ужо два з паловаю гады ты ставiш буйныя сумы. Зноў прайграеш, а праз некалькi дзён зноў на канi!

- I што гэта даказвае?

- У мiнулую суботу ты зноў паставiў буйную суму.

- А што вы скажаце пра багацеяў, якiя ставяць мiльён на аднаго каня?

- Адкуль у цябе грошы?

- У мяне жонка працуе.

- Кiм?

- Прыбiральшчыцай.

- Смяешся з мяне?

- Пан Мэгрэ, я б сабе такога нiколi ў жыццi не дазволiў!

- Хочаш пацягнуць час?

- Самi разумееце, мне спяшаць няма куды.

- А я табе ўсё-такi скажу: дрэнныя твае справы. Некалькi чалавек бачылi цябе з панам Луi, справай якога мы цяпер займаемся.

- Добры быў чалавек.

- Можа быць. Але яшчэ два з паловаю гады назад, два з паловаю, Джэф, ён не меў працы i клаў зубы на палiцу.

- Ведаю я гэтую палiцу! - уздыхнуў Джэф. - Сам на яе зубы клаў - не раз.

- Ты, напэўна, жыў за кошт Франсуазы, а Турэ пазычаў у сяброў.

- Яшчэ адзiн доказ таго, што свет не без добрых людзей.

Мэгрэ не надта зважаў на блазенства Шрамэка, а расстаўляў спакваля свае непрыкметныя на пачатку пасткi.

- I вось аднаго дня вы раптам разбагацелi. Расследаванне дакладна ўстановiць гэтую дату.

- У мяне на даты дрэнная памяць.

- I вось з таго часу ты то робiш буйныя стаўкi, то п'еш у крэдыт. Вы, зразумее i дурань, добра засвоiлi спосаб здабычы грошай, але не пастаянны. Мы зоймемся гэтым пытаннем пазней.

- Шкада. Я б хацеў адразу ж уведаць, што гэта за спосаб.

- Хутка ты перастанеш смяяцца. Паўтараю, у суботу ў цябе былi вялiкiя грошы, але ты спусцiў iх за некалькi гадзiн. А ў панядзелак у тупiку на бульвары Сэн-Мартэн забiлi твайго падзельнiка.

- Для мяне гэта вялiкая страта.

- Ты ведаеш, што такое суд прысяжных?

- Да яго я яшчэ не даходзiў.

- Дык вось, прысяжныя - людзi, з якiмi няварта жартаваць, асаблiва такому чалавеку, як ты, з такой судовай анкетаю. Ты маеш усе шанцы, што яны прызнаюць цябе адзiным чалавекам, якi ведаў, чым займаўся пан Луi, дзе хадзiў, i давядуць, што забiць яго было ў тваiх iнтарэсах.

- Значыцца, яны будуць iдыётамi.

- Вось i ўсё, што я хацеў табе сказаць. Цяпер палова першай. Пакуль што мы тут удвух. У гадзiну дня вернецца суддзя Камельё, i я яго сюды запрашу.

- Гэта такi нiзенькi, чарнявы, з вусамi шчоткаю?

- Ён самы.

- Сустракалiся некалi. Злы дзядзька. Напэўна, пастарэў... Скажыце, калi ласка, а маладзейшага вы не знойдзеце?

- Ты маеш амаль гадзiну.

Шрамэк уздыхнуў.

- Цыгарэты ў вас не будзе?

Мэгрэ адчынiў шуфляду i працягнуў яму пачак i запалкi.

- А выпiць у вас што-небудзь ёсць?

- Гаварыць будзеш?

- Яшчэ не ведаю. Я ўсё думаю, цi ёсць у мяне што-небудзь такое, каб вам распавесцi.

Мэгрэ падышоў да дзвярэй i крыкнуў:

- Люка! Будзь ласкавы, схадзi на набярэжную Вальмi i прывядзi сюды панi Франсуазу Бiду. Яна жыве...

- Не трэба, камiсар! - адразу ж закруцiўся Акрабат на крэсле.

- Гаварыць будзеш?

- Мне б хоць калiва глынуць...

- Чакай, Люка, мы тут яшчэ сёе-тое высветлiм... Дык ты, Шрамэк, жонкi баiшся?

- Вы ж абяцалi мне глыточак?

Мэгрэ выняў пляшку каньяку, налiў крыху ў шклянку.

- Дык я адзiн буду пiць?

- Расказвай.

- Задавайце пытаннi. Заўважце, што я, як кажуць адвакаты, не спрабую парушаць следства.

- Дзе ты пазнаёмiўся з Турэ?

- На лаўцы бульвара Бон-Нувэль.

- Як?

- Ну, як зазвычай знаёмяцца на лаўках. Пагаманiлi пра надвор'е...

- Гэта было гады два з паловаю назад?

- Прыкладна. Я гэты дзень у календары не адзначаў. А потым зноў сустрэлiся на гэтай самай лаўцы. Ён, вiдаць, быў рады, што ёсць з кiм пагаварыць.

- Ён сказаў, што застаўся без працы?

- З часам ён мне ўсё распавёў: i як працаваў дваццаць пяць гадоў на адным месцы, i як закрылi раптам фiрму, i як баяўся прызнацца жонцы, што застаўся без працы, як падманваў яе, што працуе ў той самай фiрме. Жонка ў яго, дарэчы, паганая. Здаецца, ён мне першаму ўсё гэта i расказаў. Яму нават лягчэй стала.

- Ён ведаў, хто ты такi?

- Я сказаў, што працаваў раней у цырку.

- А потым?

- А што вас, уласна кажучы, цiкавiць?

- Усё.

- Перш чым гаварыць далей, зазiрнiце, калi ласка, яшчэ раз у мае справы, падлiчыце мае ходкi. Я б хацеў прыкiнуць, цi не вышлюць мяне ў Гвiяну*. Нешта не цягне туды...

* Гвiяна Французская - заморскi дэпартамент Францыi. Месца катаргi.

Мэгрэ паглядзеў.

- Калi ты не забiваў, то можаш сесцi яшчэ два разы.

- Я так i думаў. Толькi не быў упэўнены, што нашы разлiкi супадуць.

- Крадзёж?

- Трохi больш складаней.

- Хто прыдумаў?

- Ён, вядома. Я не такi разумны. А яшчэ крыху плiснеце?

- Пасля.

- О, мне доўга расказваць, прыйдзецца спяшаць.

Мэгрэ налiў глыток.

- Па сутнасцi, усё пачалося з лаўкi...

- Што ты маеш на ўвазе?

- А тое, што, бавячы ўвесь час на адной i той самай лаўцы, пан Луi пачаў назiраць, што ж наўкол адбываецца. Вы ведаеце краму дажджавiкоў на бульвары?

- Ведаю.

- Дык вось, лаўка, на якой пан Луi зазвычай сядзеў, была якраз насупраць гэтай крамы. Так што ён мiжволi ўведаў усе iхнiя парадкi, звычкi прадаўцоў... Тут яму i прыйшла ў галаву думка. Калi днямi няма чаго рабiць, дык усялякiя планы самi па сабе з'яўляюцца, няхай сабе i невыканальныя. Ну, ён мне аднойчы i распавёў, каб забавiць час хiба што: народу ў краме заўсёды поўна, дажджавiкоў гэтых самых - процьма, усюды навешаны-навалены, i на першым, i на другiх паверхах, а злева ад крамы, як амаль заўсёды ў гэтым квартале, тупiчок, праходнiк. Намаляваць?

- Не зараз. Расказвай.

- Дзiўная, кажа мне, справа: як гэта нiхто яшчэ не абакраў гэтую краму? Гэта ж так проста!

- Уяўляю, як ты тады напяўся!

- Ведама ж, зацiкавiўся. У абед, кажа ён мне, выходзяць апошнiя пакупнiкi, i прадаўцы iдуць есцi. Гаспадар таксама. Гэты адыходзiць апошнi i зачыняе дзверы. I калi хто-небудзь з наведнiкаў застанецца ўсярэдзiне?.. Думаеце, немагчыма?.. Я i сам так думаў. Але ж ён ужо добра ведаў, што, перад тым як пайсцi на абед, прадаўцы нiколi нiчога не правяраюць. А дажджавiкоў - процьма. Кемiце?.. Схавацца ў iх - вось i ўся работа.

- Гаспадар цябе зачыняе, ты бярэш касу, а потым ламаеш дзверы?

- Навошта ламаць, начальнiк? Тут i пачынаецца фокус. Нават калi мяне i накрыюць у краме, дык не будзе нiякiх доказаў, што я нешта ўзяў. Я ўзяў касу, так?.. А потым пашкандыбаў у прыбiральню. Там пад пралеваю - невялiкае акенца - у тупiчок. Праз яго не кожны шчанюк пралезе, але ўжо пакет з грашыма прасунуць можна. Тут Луi нiбыта выпадкова заходзiць у двор, падбiрае пакет i робiць ногi. А я зноў хаваюся сярод дажджавiкоў i спакойна чакаю, калi ўсе прысунуцца назад. Толькi люду пабольшае - я спакойна выходжу, як i ўвайшоў.

- Гршы вы падзялiлi?

- Па-брацку. Цяжэй за ўсё было ўгаварыць яго. Ён казаў, што прыдумаў гэта ўсё дзеля забавы. Спярша, як я яму прапанаваў, ён аж узвiўся. Што яго змусiла згадзiцца, дык гэта думка пра тое, што рана цi позна давядзецца здавацца жонцы. Да таго ж у задумы былi шматлiкiя перавагi. Вось, да прыкладу, павяжуць мяне. Але ж няма нi ўзлому, нi пералязання праз сцяну - справа-чысцяк. Калi я не памыляюся, дык дадуць на два гады меней. Га?..

- Мы яшчэ Кодэкс паглядзiм.

- Ну, вось я вам усё i распавёў. Добра мы з Луi папрацавалi, i я нi аб чым не шкадую. Дажджавiкi дазволiлi нам працягнуць месяцы тры. Як па праўдзе, дык я сваю долю хутка спалiў - на конях. Але Луi мяне падтрымлiваў. Ну, а калi грошы скончылiся, знайшлi другую лаўку.

- I падрыхтавалi новы варыянт?

- Спосаб знайшлi, i мяняць яго не было нiякiх падстаў. Цяпер, калi вы ведаеце яго, можаце пакорпацца ў архiвах i знайсцi назвы ўсiх крамаў, дзе я працаваў. Другi быў прадавец электратавараў на тым самым бульвары, трохi далей. Усюды атрымлiвалася адно i тое ж, бо ў гэтым квартале акенцы ўсiх прыбiральняў выходзяць або ў тупiчок, або ва ўнутраны двор. Аднаго разу мяне накрыла ў шафе прадаўшчыца. Я прыкiнуўся п'яным упокат. Яна паклiкала гаспадара, i мяне выштурхалi, толькi напалохалi палiцыяй. Дык скажыце мне зараз, навошта мне было забiваць Луi? Мы ж кенты. Я нават з Франсуазай яго пазнаёмiў, каб супакоiць яе, бо яна ўсё распытвала, дзе я шляюся. Луi прынёс ёй скрынку шакаладу, i яна ўпэўнiлася, што гэта выхаваны чалавек.

- Вы пракруцiлi яшчэ адзiн варыянцiк на тым тыднi?

- Паглядзiце ў газетах: крама адзежы на Манмартры.

- Думаю, што Луi забiлi ў тупiчку, калi ён правяраў акенца ювелiрнай крамы?

- Мажлiва. Мясцiны Луi заўсёды сам аглядаў. Ён усё запамiнаў лепш за мяне. А потым, людзi заўсёды косяцца на такiх, як я. I мне даводзiлася выфранчвацца, але на мяне ўсё роўна глядзелi з падазрэннем.

- Дык хто ж яго забiў?

- Вы ў мяне пытаецеся?

- Каму было трэба яго забiць?

- Не ведаю. Можа, жонцы?

- А ёй навошта?

- Злая яна... Можа, уведала, што ён ужо два гады як падманвае яе i мае каханку...

- Ты ведаеш яго каханку?

- Ён нас не знаёмiў, але гаварыў пра яе, i я яе бачыў здалёк. Ён яе кахаў... Яму хацелася цяпла. Нам жа ўсiм яго хочацца?.. Вось у мяне Франсуаза. I ў вас таксама хто-небудзь ёсць. Яны ладзiлi, хадзiлi разам у кiно, сустракалiся ў кавярне.

- Яна пра ўсё ведала?

- Не, канечне.

- А хто ведаў?

- Перш за ўсё я.

- Ну вядома!

- I, можа, дачка. Вельмi ўжо ён з-за яе перажываў, усё баяўся, што яна старэе i робiцца падобная да мацi. Яна ўсё грошы з яго выцягвала.

- Ты бываў у яго на вулiцы Ангулем?

- Нiколi.

- А ведаеш гэты дом?

- Ён мне яго паказваў.

- Дык чаму ж ты да яго хоць раз не зайшоў?

- А навошта яму псаваць замалёўку? Гаспадыня лiчыла яго дужа прыстойным панам. Калi б яна мяне ўбачыла...

- А калi я табе скажу, што ў ягоным пакоi знайшлi адбiткi тваiх пальцаў?

- Туфта.

Шрамэк быў зусiм спакойны, хiба што раз-пораз пазiраў на пляшку.

- Хто яшчэ мог ведаць пра вашыя справы?

- Паслухайце, пане камiсар, я не дужа важны чалавек, але стукачом нiколi не быў.

- Хочаш, каб у забойстве абвiнавацiлi цябе?

- Гэта ўжо занадта.

- Дык хто яшчэ ведаў?

- Дружок дачкi. А гэта такi малойчык, за якога я не прысягну, што ён не вiнаваты: днямi высочваў Луi, двойчы патрабаваў грошай. Можа, гэта дачка яго падбухторвала. А Луi ажно калацiўся, гэтак баяўся, што смаркач раскажа ўсё жонцы цi лiст ананiмны напiша.

- А ты яго ведаеш?

- Не. Ведаю толькi, што зусiм маладзён i зранку працуе ў нейкай кнiгарнi. Апошнiм часам Луi ўсё роўна як чакаў бяды. Казаў, што далей так працягвацца не можа, што жонка пра ўсё даведаецца. Але ўсё роўна я, як даведаўся, што яго забiлi, дык сам ледзь не грымнуўся.

- Колькi ў яго магло быць грошай з сабою?

- Не ведаю, колькi было з сабою, але за два днi да таго мы добра хапнулi.

- Ён меў звычку насiць грошы з сабою?

- У кiшэнi, бывала, насiў. Але трымаў iх у сваiм пакоi. Сама смешнае ў iм было тое, што калi яму трэба было ўвечары вяртацца дамоў, дык ён iшоў на вулiцу Ангулем i мяняў чаравiкi i гальштук. Аднаго разу забыўся i толькi на вакзале ўцямiў, дык прыйшлося ляцець назад. А дома сказаў, што спазнiўся, бо на працы затрымаўся.

- Чаму ты з аўторка не выходзiў з дому?

- А што б вы зрабiлi на маiм месцы? Я як прачытаў у газеце пра гэта, у аўторак уранку, дык адразу прыкiнуў, колькi людзей бачылi мяне з Луi. А калi хто-небудзь паведамiў бы вам? Такiх, як я, заўсёды падазраюць.

- А ты не думаў з'ехаць з Парыжа?

- Не. Думаў, хопiць таго, што зашыўся ў сваю нару, можа, забудуцца на мяне. А сёння ўранку як пачуў голас iнспектара, дык адразу зразумеў, што накрылi.

- А Франсуаза ведае, у чым справа?

- Не.

- Дык адкуль, яна думае, грошы ў цябе бяруцца?

- Па-першае, яна iх толькi частку бачыць, гэта ўжо што пасля скачак застанецца. А па-другое, яна думае, што я па-ранейшаму абчышчаю кiшэнi ў метро.

- Дык ты i гэтым займаўся?

- Вы ж не будзеце, камiсар, настойваць, каб я вам адказваў i на гэтае пытанне? Вам не хочацца пiць?

Мэгрэ налiў яму апошнi глыток.

- Усё выклаў? Ты ўпэўнены?

- Як у тым, што вас бачу.

Мэгрэ адчынiў дзверы i паклiкаў Люка.

- Адвядзi яго ў камеру. I надзень на ўсякi выпадак кайданкi.

Але калi Акрабат павярнуў да яго свой нiбыта гумовы, з дзiўнай, да вушэй, усмешкаю твар, камiсар пашкадаваў яго:

- Няхай там будуць з iм ласкавейшыя.

- Дзякую, пан камiсар. Толькi не кажыце Франсуазе, што я на скачках прайграваў столькi грошай, а то яна мне перадач не будзе насiць.

Мэгрэ надзеў палiто, узяў капялюш - вырашыў пайсцi перакусiць. Ён спускаўся па лесвiцы, як раптам пачуў унiзе нейкую валтузню.

Нейкi маладзён з раскудлачанымi валасамi вырываўся з рук бамбiзы-сяржанта. У палiцэйскага была разадрана шчака.

- Супакоiшся ты цi не, вош малая? - цыкнуў на маладзёна сяржант. - А то я табе зараз увалю!

Мэгрэ перагнуўся цераз парэнчы i ўбачыў, што сяржант прывёў Альбэра Жарыса.

- Адпусцiце мяне! - крычаў Жарыс. - Я ж вам кажу, што пайду сам!

Сустрэўшыся з Мэгрэ, палiцэйскi далажыў:

- Я яго толькi што затрымаў на мосце Сэн-Мiшэль. Я яго адразу ж прызнаў. Хацеў уцячы.

- Няпраўда! Ён манiць!

Жарыс задыхаўся, твар у яго пачырванеў, вочы блiшчалi.

Сяржант трымаў яго за каўнер палiто.

- Скажыце, каб ён мяне адпусцiў!

Ён хацеў ударыць палiцэйскага нагою, але прамахнуўся.

- Я ж сказаў, што хачу бачыць камiсара Мэгрэ. Я сюды сам iшоў, сам!

Адзежа на iм была падраная, штаны запэцканыя. Пад вачыма - сiнякi.

- Я камiсар Мэгрэ.

- Тады загадайце, каб ён адпусцiў мяне.

- Можаш яго адпусцiць, прыяцель.

- Як хочаце, але...

- Ён бiў мяне, - задыхаўся Жарыс. - Усё роўна як я нейкi... нейкi...

Раз'юшаны, ён i слова не мог знайсцi.

Мэгрэ мiжволi ўсмiхнуўся, зiрнуўшы на разадраную шчаку сяржанта.

- А мне здалося, наадварот, што гэта ты яго...

У вачах у юнака блiснуў злы агеньчык.

- Так яму i трэба!

8. МОНIЧЫНА ТАЙНА

- Ну, сядай, прахiндзей.

- Я не прахiндзей! - абурыўся Жарыс. Голас у яго зрываўся. - Не думаў я, што камiсар Мэгрэ абражае людзей, не выслухаўшы iх.

- Ты еў што-небудзь сёння?

- Я не галодны.

Гэта адказвала ў iм упартасць маладзёна.

Мэгрэ зняў слухаўку.

- Алё! Пiўная "Дэльфiн"?.. Дайце мне пана Жазэфа. Алё?.. Пан Жазэф?.. Мэгрэ. Прынясi мне, калi ласка, бутэрбродаў. Шэсць. З вяндлiнаю... Для мяне. Чакай...

- З вяндлiнаю цi з сырам?

- Мне ўсё роўна. З вяндлiнаю.

- Пiва цi вiна?

- Вады, калi можна. Мне вельмi хочацца пiць.

- Жазэф, шэсць бутэрбродаў з вяндлiнаю i чатыры пiва... Чакай... Прынясi яшчэ два вялiкiя кубкi кавы. I хутчэй, добра?

Паклаўшы слухаўку, Мэгрэ пачаў набiраць другi нумар, прыглядаючыся да Жарыса.

Юнак быў худы, бледны, нервовы. Было вiдаць, што каву ён пiў нашмат часцей, чым еў мяса. Але як на жаночы густ, дык быў прывабны.

Жарыс таксама разглядваў Мэгрэ - спадылба.

- Алё! Аддзел вышуку?.. Аддайце загад не шукаць болей Альбэра Жарыса.

Мэгрэ моўчкi пачаў перакладваць свае люлькi на стале. Пастукалi ў дзверы.

- Уваходзьце!

Вярнуўся Нэвэ.

- Выбачайце, я хацеў бы даведацца...

- Можаш iсцi. Дзякую.

Мэгрэ пачаў хадзiць па пакоi. Ён чакаў афiцыянта. Каб прабавiць неяк час, патэлефанаваў яшчэ раз, гэтым разам жонцы:

- Я палуднаваць не прыйду.

- Я так i думала. Ты ведаеш, якi ўжо час?

- Не.

Жонка адно засмяялася: абед даўно мiнуў.

- Я прыйшоў да вас, каб сказаць... - пачаў быў Жарыс, але Мэгрэ адразу ж перапынiў яго:

- Чакай.

Сёння гэта быў ужо трэцi допыт. Трэба было сабрацца з думкамi.

Страшэнна хацелася пiць.

Камiсар мiжволi паглядзеў туды ж, куды глядзеў цяпер Жарыс, i пачырванеў, як школьнiк: позiрк ягоны спынiўся на пляшцы з каньяком, якiм ён, так бы мовiць, частаваў Шрамэка. Ва ўсёй гэтай мiтуснi ён забыўся прыбраць каньяк са стала. Маўклiвы папрок хлопца непрыемна закрануў Мэгрэ: гэта ж трэба было такой недарэчнай прамашкаю пагоршыць у вачах затрыманага ўяўленне аб камiсары палiцыi!.. Ён хацеў быў усё растлумачыць, але змаўчаў - проста ўстаў i паставiў каньяк назад у шафу.

Зноў пастукалi ў дзверы. Гэта быў афiцыянт.

- Заходзь, Жазэф. Пастаў паднос сюды.

Калi афiцыянт выйшаў, Мэгрэ прапанаваў Жарысу:

- Перакусiм.

Жарыс еў з вялiкiм апетытам, хоць i казаў зусiм нядаўна, што зусiм не галодны. Але па-ранейшаму паглядваў спадылба на камiсара. Праўда, пасля другой шклянкi пiва ён трохi пацяплеў.

- Ну як, лепей?

- Дзякую. Але чаму вы назвалi мяне прахiндзеем?

- Да гэтага мы яшчэ вернемся.

- Гэта праўда, што я сюды сам iшоў.

- А чаму ты вырашыў гэта зрабiць?

- Мне абрыдла хавацца.

- А чаму ты хаваўся?

- Каб не арыштавалi.

- А за што цябе арыштоўваць?

- Самi ведаеце.

- Я не ведаю.

- Таму, што я сябра Монiкi.

- Ты быў упэўнены, што мы гэта ведаем?

- Пра гэта вельмi проста даведацца.

- I мы б цябе арыштавалi толькi за тое, што ты яе сябар?

- Вы хочаце як мага болей выцягнуць з мяне. Думаеце, што я пачну манiць, блытацца i вы мяне на чым-небудзь зловiце.

- Ты, я гляджу, дэтэктываў начытаўся...

- Я праглядаю газеты. I ведаю, як вы дамагаецеся прызнання.

Мэгрэ сам сабе вылаяўся: далося iм усiм гэтае непаразуменне з поўхаю, якую ён заляпiў Рэне Лекэру!.. Мiж тым сёння ўранку ён атрымаў ад асуджанага на смерць Лекэра лiст з турмы. Прыгнечаны, забойца прасiў камiсара наведаць яго. Можна было б паказаць Жарысу гэты лiст i ўсё расказаць, аднак Мэгрэ зноў не стаў нiчога тлумачыць затрыманаму i прадоўжыў допыт. Калi ўжо гэты маладзён дапячэ яго з той поўхаю, то ён яму Лекэраў лiст пакажа.

- Дык чаму ж прыйшоў сюды?

- Каб заявiць, што я не забойца.

Мэгрэ распалiў люльку, дапiў пацiху пiва. З-за дажджу на вулiцы пацямнела. Ён запалiў лямпу.

- Ты разумееш, што значыць твой уласны прыход да нас?

- Што вы хочаце сказаць?

- Ты вырашыў, што мы збiраемся цябе арыштаваць. Значыцца, у нас ёсць на тое падставы. Якiя?

- Вы ж былi на вулiцы Ангулем?

- Адкуль ты ведаеш?

- Гаспадыня ж, напэўна, сказала, што я прыходзiў да яго.

- I што, за гэта цябе трэба арыштоўваць?

- Вы дапытвалi Монiку.

- I ты баiшся, што яна прагаварылася?

- Я б здзiвiўся, калi б яна ў вас не загаварыла.

- А чаму ты пачаў з таго, што схаваўся ў сябра пад ложкам?

- Вы i гэта ведаеце.

- Адказвай.

- Я не падумаў. Я баяўся. Баяўся, што мяне будуць бiць i я прызнаюся ў тым, чаго не рабiў.

- Меней бы ты, хлопча, баяўся... Чаму ж ты тады ўсё-ткi, раз баяўся, вылез з-пад ложка?

- Там нельга было болей заставацца. Сябрава цётка ўвесь час па кватэры хадзiла. Дзверы адчыненыя, у хаце скразняк. Я прастыў, а тут нават чыхнуць страшна. Нi ўстаць, нi паварушыцца...

- I ўсё?

- Есцi хацелася.

- I што ж ты стаў рабiць, як выбраўся з кватэры?

- Бадзяўся па вулiцах. Уначы спаў на рынку на мяшках з гароднiнай гадзiну-другую. Двойчы падыходзiў да моста Сэн-Мiшэль i глядзеў на ваш будынак. Убачыў, як Монiка выходзiла ад вас. Я пайшоў на вулiцу Ангулем, там стаяў чалавек, па ўсiм было вiдаць, назiраў за домам. Ваш, напэўна.

- А чаму мы маглi меркаваць, што ты мог забiць Турэ?

- А вы што, не ведаеце, што я ў яго пазычыў грошы?

- Пазычыў?

- Ну, папрасiў, калi вам так болей падабаецца.

- Папрасiў?

- Што вы хочаце сказаць?

- Ёсць розныя спосабы прасiць. Мiж iншым, ёсць i такi, калi чалавек, якога просяць, пастаўлены ў такiя ўмовы, што не можа адмовiць. А называецца гэта шантаж.

Камiсар замаўчаў i ўгледзеўся Жарысу ў самыя вочы.

- Адказвай.

- Я нiчога б не сказаў панi Турэ.

- Але ж пана Турэ ты гэтым прыпалохаў?

- Ён i так бы даў грошы.

- Але даў таму, што баяўся тваёй пагрозы.

- Не ведаю. Вы мяне блытаеце вашымi пытаннямi... Памiраю, хачу спаць...

- Выпi кавы.

Жарыс выпiў i разгублена ўтаропiўся ў Мэгрэ.

- Колькi разоў ты быў у пана Турэ?

- Толькi два разы.

- Монiка пра гэта ведала?

- А што яна вам сказала?

- Цяпер не мае значэння, што што яна сказала. Важна, скажаш ты.

- Яна ведала.

- Што ты яму сказаў?

- Каму?

- Пану Турэ! - не стрымаў свайго раздражнення Мэгрэ.

- Што нам патрэбны грошы.

- Навошта?

- Каб паехаць у Амерыку.

- I як ён адрэагаваў?

- Сказаў урэшце, што гэта найлепшае выйсце.

Допыт нешта не ладзiўся. Жарыс, мабыць, лiчыў, што Мэгрэ ведае болей, чым ведаў на самай справе. Трэба было павесцi допыт больш асцярожна.

- Ты думаў жанiцца з Монiкай?

- Думаў. Але пан Турэ разумеў, што гэта нерэальна. Я непаўналетнi. I нават калi б мае бацькi згадзiлiся, дык панi Турэ адмовiла б: я ж усё сваё нашу з сабою. Пан Турэ мне сам параiў нават не спрабаваць знаёмiцца з ёю.

- А ты яму прызнаўся, што ты з Монiкай ужо кахаўся?

Жарыс пачырванеў.

- Я сказаў яму толькi, што яна цяжарная.

Дык вось у чым сакрэт! Мэгрэ выгляду не падаў, але здзiвiўся: як жа ён сам не падумаў пра такую паваротку?

- Колькi месяцаў?

- Трохi болей як два.

- Вы былi ў доктара?

- Яна адна хадзiла.

Мэгрэ адкiнуўся ў крэсле, набiў тытунём новую люльку.

- Што ж ты збiраўся рабiць у Амерыцы?

- Што прыйдзецца. Я працы не баюся. Мог бы стаць каўбоем.

- Каўбоем? - усмiхнуўся сам сабе Мэгрэ: ён згадаў тых асiлкаў, якiх бачыў на ранча Арызоны i Тэхаса.

- Я мог бы працаваць на залатых капальнях. Словам, як-небудзь я б ужо выкруцiўся.

- I ажанiўся б з Монiкай?

- Яна i так мая жонка. Хiба што мы не распiсаныя...

- Як сябе паводзiў пан Турэ, калi даведаўся, што Монiка цяжарная?

- Не паверыў... Нават заплакаў... Але я пакляўся, што намеры ў мяне...

- ...самыя добрыя. I што ён тады сказаў?

- Абяцаў дапамагчы. Грошай у яго пры сабе не было. Ён даў мне крыху.

- Дзе яны?

- У Монiкi. Яна хавае iх у сваiм стале на працы.

- А астатнiя?

- Астатнiя ён абяцаў даць у аўторак. Ён збiраўся атрымаць вялiкiя грошы.

- Ад каго?

- Не ведаю.

- Ён не сказаў, адкуль яны раптам возьмуцца?

- А я i не пытаўся.

- Чаму?

- Ён бы ўсё роўна не адкрыўся. Ён нiдзе не працуе. Я так i не змог зразумець, як ён зарабляе. Мабыць, яны ўдвух гэтымi справамi займалiся.

- З кампаньёнам, значыцца? Ты яго бачыў?

- Адзiн раз, на бульвары.

- Худы, падобны на клоўна?

- Ну.

- Дык вось, яму я i налiў каньяку, якi ты бачыў. Гэты чалавек сядзеў тут незадоўга да цябе.

- Тады вы ўсё ведаеце.

- Я хачу ведаць i тое, што ведаеш ты.

- А я нiчога i не ведаю.

- Дык чым, ты думаеш, яны б маглi займацца?

- Можа, выцiскаюць з каго-небудзь грошы.

- Дык ты i сам вырашыў выцiснуць iх з яго?

- Грошы патрэбныя нам на дзiця.

Мэгрэ зняў слухаўку:

- Люка? Зайдзi да мяне на хвiлiнку.

Калi Люка прыйшоў, Мэгрэ сказаў:

- Пазнаёмся: Альбэр Жарыс. Ведаеш, ён i Монiка Турэ чакаюць дзiця. Ты зараз заедзеш па яе i зводзiш да доктара. Да якога яна сама захоча. Калi не ведае, да якога, звадзi да доктара прэфектуры. Я б хацеў ведаць, колькi месяцаў яна цяжарная.

- А калi яна адмовiцца?

- Тады скажы, што я буду вымушаны арыштаваць яе разам з дружком. Вазьмi машыну i адразу ж, як толькi доктар агледзiць яе, патэлефануй мне.

- Навошта вы гэта робiце? - запытаўся Жарыс, як толькi iнспектар выйшаў.

- Таму што я павiнен усё праверыць.

- Вы мне не верыце?

- Веру.

- Значыць, ёй не верыце?

Тут, якраз у час, пачуўся тэлефонны званок, i Мэгрэ змог ухiлiцца ад адказу. Тэлефонная размова не мела нiякага дачынення да справы Турэ, але камiсар расцягнуў яе як мог, замест таго каб адказаць, як зазвычай, коратка.

Калi ён нарэшце павесiў слухаўку, то, нiбыта забыўся, на чым яны спынiлiся, пачаў задаваць Жарысу новыя пытаннi.

- Што ж вы збiраецеся рабiць?

- Калi вы ўпэўнены ў тым, што я нiкога не забiваў...

- Я заўсёды быў у гэтым упэўнены. Бачыш, забiць чалавека не так ужо проста. Ды яшчэ нажом у спiну. I зусiм ужо цяжка зрабiць гэта так, каб ён нават не крыкнуў.

- Я няздольны на гэта?

- Вядома.

Хлопец амаль што пакрыўдзiўся. Ведама ж, ён лiчыў сябе здатным стаць каўбоем цi золатакапальнiкам!

- Ты паедзеш да панi Турэ?

- Думаю, што прыйдзецца.

Мэгрэ сам сабе ўсмiхнуўся: уявiў, як гэты маладзён, дранцвеючы ад страху, уваходзiць у дом да панi Турэ i ўсё ёй выкладвае.

- Думаеш, яна згодзiцца мець такога зяця?

- Не ведаю.

- Ну, а цяпер прызнавайся, у чым яшчэ ты падманваў пана Турэ?

- Што вы маеце на ўвазе?

- Ты прасiў грошы на параход у Амерыку, а выдаткоўваў iх у Парыжы. Аплачваў мэблiраваныя пакоi, у якiх вы з Монiкай сустракалiся. А яны ж не бясплатныя. Ты ж i працаваць перастаў пасля абеду, каб з ёй сустракацца.

- Мы мала расходвалi...

- Ты ведаеш, дзе Турэ хаваў грошы?

- На версе шафы, - адказаў Жарыс без ваганняў.

- Менавiта там ён i браў грошы, якiя даваў табе?

- Там. Але я ведаў, куды ён iх хавае, яшчэ раней, ад Монiкi.

- У панядзелак ты не хадзiў на вулiцу Ангулем?

- Не. Гэта лёгка праверыць. Спытайцеся ў гаспадынi. Я мусiў прыйсцi да яго ў аўторак у пяць гадзiн вечара.

- Калi ж вы думалi знiкнуць?

- Параход адплывае праз тры днi. За гэты час мы б атрымалi вiзы. Я ўжо падаў прашэнне.

- Я заўсёды думаў, што непаўналетнiм патрэбны дазвол бацькоў.

- Я падрабiў бацькаў подпiс.

Запала маўчанне. Першы раз за ўвесь час Жарыс папрасiў:

- Можна мне запалiць?

Мэгрэ кiўнуў.

Цяпер, пасля кавы, камiсару раптам вельмi захацелася глынуць каньяку, але ж цi мог ён пайсцi ды зноў дастаць гэтую пляшку з шафы?..

- Вы мяне па-ранейшаму лiчыце прахiндзеем?

- А ты сам як думаеш?

- Я не мог не зрабiць гэтага.

- Табе было б прыемна, калi б такое зрабiў твой сын?

- Я выхаваю свайго сына iнакш, i яму не прыйдзецца...

Тэлефонны званок зноў перапынiў iхнюю размову.

- Гэта вы, шэф?

Мэгрэ нахмурыўся, пачуўся голас Нэвэ, якому ён нiчога не даручаў.

- Я знайшоў усю iхнюю скарбнiцу!

- Што ты кажаш? - Камiсар паглядзеў на Жарыса. - Чакай. Я перайду на другi апарат. - Ён прайшоў у суседнi пакой, папрасiўшы на ўсякi выпадак паглядзець за Жарысам. - Ну што там у цябе? Дзе ты?

- У бiстро на набярэжнай Вальмi. Я заходзiў у дом да Франсуазы.

- Навошта?

- Захацеў паглядзець, што там у яе робiцца ў доме. Вырашыў праверыць: як жа гэта так - Акрабат iдзе на пасадку i пакiдае яе нi з чым?.. Ён жа жыве з ёю ўжо дзесяць гадоў i, як мне казалi, дужа яе цэнiць. Мне пашэнцiла, Франсуаза была дома.

Мэгрэ слухаў, чакаючы навiны, але незадаволены. Ён вельмi не любiў, калi iнспектары занадта ўжо "бралi на сябе", асаблiва калi яны былi, як Нэвэ, не з ягонай брыгады.

- Ты сказаў ёй, што Шрамэк арыштаваны?

- Нельга было?

- Працягвай.

- Кабета вырашыла, што яго злавiлi, калi ён выцягваў кашалёк. Яна ўсчала гвалт, але я абшукаў кватэру. Нiчога не знайшоў, пакуль не прыгледзеўся да вялiкага жалезнага ложка ў спальнi, з такiмi меднымi шарамi на сценках. Адкруцiў гэтыя шары i знайшоў у адной спiнцы дзвесце тысяч франкаў, згорнутых у трубачкi! Франсуаза вачам не паверыла. Як залямантуе: "Мець такiя грошы i прымушаць мяне прыбiраць пад'езды! У рай ён ужо пэўна не трапiць. Няхай толькi вернецца!" Кляла як магла. Я пераканаў яе, што ён хаваў гэтыя грошы на той выпадак, калi з iм што здарыцца... Дык вось, ён не мог спусцiць адразу такую буйную суму, паспеў прайграць толькi частку. А ў мiнулую суботу яны дзялiлi, мабыць, здабычу. I, калi падзялiлi яе пароўну, то ў Турэ таксама былi вялiкiя грошы. Усё.

- Дзякую.

- Што мне рабiць з грашыма?

- Ты iх забраў?

- На ўсякi выпадак. Не мог жа я iх там пакiнуць.

- Звярнiся да свайго камiсара. Трэба абшукаць кватэру згодна з парадкам.

- Я ж...

- Не хапала яшчэ, каб нас абвiнавацiлi, што мы самi падкiнулi грошы!

- Выбачайце, я ж хацеў...

Мэгрэ кiнуў слухаўку i звярнуўся да iнспектара Таранса, якi сядзеў у гэтым, куды камiсар перайшоў, пакоi:

- Ты цяпер заняты?

- Нiчога тэрмiновага.

- Тады зайдзi да камiсара Антуана. Папрасi яго праверыць даныя па ўсiх крадзяжах у крамах на Вялiкiх бульварах прыкладна за два апошнiя гады, крадзяжах у час абедзеннага перапынку.

Мэгрэ вярнуўся ў свой кабiнет i адпусцiў iнспектара, якi пiльнаваў юнака.

- Я б не ўцёк, - з крыўдаю сказаў Жарыс.

- Магчыма. Але ты мог бы зазiрнуць у папкi. Мог бы?

- Мог. Але што вы збiраецеся рабiць са мною?

- Чакай.

Мэгрэ зiрнуў на гадзiннiк i прыкiнуў, што Монiка з Люка павiнны ўжо быць у чакальнi ў доктара.

- Вы пагарджаеце мною?

Камiсар пацiснуў плячыма.

- Мне нi разу не пашанцавала ў жыццi.

- У чым?

- Нi разу не ўдалося вырвацца.

- Адкуль?

- Я бачу, вы мяне не разумееце. - У голасе ў Жарыса нарастала раздражненне. - Калi б вам давялося вырасцi ў доме, дзе толькi i гаварылi што пра грошы... А мацi трэсцiся пачынала пад канец месяца...

- У мяне не было мацi...

Хлопец змоўк.

Мэгрэ пастаяў ля акна, спiнаю да затрыманага, пазiраючы на кроплi дажджу, што сцякалi па шкле. Потым, пахадзiўшы па пакоi, рашуча адчынiў шафу. Спаласнуўшы шклянку, налiў каньяку.

- Ты, я думаю, - запытаўся ён у Жарыса, - не хочаш пiць?

- Дзякую. Не.

Аднак Мэгрэ i сам не стаў пiць, паставiў шклянку назад у шафу.

Хлопец ледзь трымаўся, каб не заснуць. Шчокi ў яго пачырванелi, павекi прыпухлi. Ён пачынаў ужо пагойдвацца.

- Калi-небудзь, можа, з цябе ўсё-такi выйдзе чалавек, - задуменна сказаў ён, гледзячы на Жарыса.

Пачулiся крокi ў калiдоры. Два чалавекi: мужчына i жанчына.

Мэгрэ адразу здагадаўся, што гэта Люка i Монiка. Трэба было вырашыць: прымаць дзяўчыну ў кабiнеце або ў суседнiм пакоi.

Убачыўшы Жарыса, Монiка сутаргава прыцiснула да сябе сумку, застыла i раз'ятрана зiрнула на камiсара.

- Ты звадзiў яе да доктара? - спытаўся Мэгрэ.

- Спачатку яна не хацела, але я...

- Вынiкi?

Жарыс адразу ўскочыў, гатовы кiнуцца дзяўчыне ў ногi i прасiць прабачэння.

- Зусiм яна не цяжарная. I нiколi ёю не была.

Жарыс не верыў сваiм вушам. Напэўна, цяпер ён лiчыў камiсара сама жорсткiм з людзей.

Тым часам Мэгрэ зачынiў дзверы i прапанаваў дзяўчыне сесцi.

- Што вы можаце на гэта сказаць?

- Я думала...

- Вы думалi...

- А што вы пра гэта можаце сказаць. Вы ж не жанчына.

Павярнуўшыся да Жарыса, яна сказала:

- Клянуся табе, я сапраўды думала, што зацяжарала.

Мэгрэ запытаўся як мага спакайней:

- I як доўга вы так думалi?

- Некалькi дзён.

- А потым?

- А потым не хацела расчароўваць Альбэра.

- Расчароўваць?

Камiсар падмiргнуў Люка, i яны выйшлi ўдвух з кабiнета, пакiнуўшы Монiку i Жарыса сам-насам.

- Як толькi я сказаў, - пачаў Люка, - што нам трэба схадзiць да доктара, яна адразу ж закруцiлася... Але я перадаў ёй тое, што вы сказалi...

Мэгрэ не слухаў: ён ужо ўсё зразумеў.

Вярнуўся Таранс.

- Даныя яшчэ зводзяць. Спiс будзе доўгi. А Антуан са сваёй брыгадаю якраз два гады шукае, хто ж гэта так спраўна абчышчае крамы...

Мэгрэ падышоў да дзвярэй свайго кабiнета, прыслухаўся. Жарыс i Монiка маўчалi.

Камiсар зайшоў да свайго начальнiка i далажыў яму ўсе навiны, пабываў у iншых кабiнетах, пагаманiў з калегамi.

Калi ён вярнуўся ў свой кабiнет, Жарыс i Монiка сядзелi на тых самых крэслах i на той самай адлегласцi. Твар у дзяўчыны быў такi ж суровы, як у мацi i яе цётак. Калi яе позiрк спыняўся на Жарысе, вочы напаўнялiся нянавiсцю i пагардаю.

Жарыс выглядаў прыгнечаным. Вочы ў яго яшчэ больш пачырванелi.

- Я адпускаю вас, - сказаў Мэгрэ, сядаючы ў крэсла.

- У газетах пра ўсё гэта будзе? - спыталася Монiка.

- Я iм нiчога такога паведамляць не збiраюся.

- А мацi раскажаце?

- Можна абысцiся i без мацi.

- А майму начальству?

Калi Мэгрэ адказаў, што не, яна рэзка ўстала i накiравалася да дзвярэй, не зважаючы ўжо на Жарыса. Узяўшыся за ручку, спыталася ў камiсара:

- Вы ўсё гэта наўмысна зрабiлi?

- Наўмысна. Ты, Альбэр, таксама вольны.

Але Жарыс нават не зварухнуўся.

- Што ж ты не бяжыш за ёю?

Монiка была ўжо на лесвiцы.

- Вы думаеце, трэба бегчы?

- Што яна табе сказала?

- Назвала мяне iдыётам.

- I ўсё?

- Яшчэ забаранiла мне размаўляць з ёю.

- Ну, а ты?

- Я не ведаю.

- Можаш iсцi.

- Што мне сказаць бацькам?

- Што хочаш. Яны i так будуць рады, што ты знайшоўся.

- Вы думаеце?

Прыйшлося яго крыху падштурхнуць.

- Ну, iдзi, iдзi...

- Скажыце, я не прахiндзей?.. - Жарыс з наiўнасцю маладзёна зазiраў камiсару ў самыя вочы.

- Ты дурань. Яна сказала праўду.

- Дзякую, - разгублена прамармытаў хлопец, азiраючыся.

Толькi цяпер, застаўшыся адзiн, Мэгрэ змог урэшце выпiць даўно налiты каньяк.

9. СУДДЗЯ КАМЕЛЬЁ НЕРВУЕЦЦА

- Гэта вы, Мэгрэ?

- Я, пан суддзя.

Так звычайна пачыналася штодзённая размова па тэлефоне, i, калi побач быў якi-небудзь супрацоўнiк, Мэгрэ па-змоўнiцку падмiргваў яму. З суддзёй камiсар заўсёды гаварыў мякчэй.

- Як справа Турэ?

- Усё выдатна.

- А вам не здаецца, што яна зацягнулася?

- Забойствы з абрабаваннем - гiсторыi заўсёды заблытаныя.

- А вы ўпэўнены, што Турэ забiлi менавiта з гэтай мэтаю?

- Вы ж самi казалi, што ўсё вiдаць голым вокам.

- Вы верыце паказанням Шрамэка?

- Я ўпэўнены, што ён сказаў праўду.

- Хто ж тады, па-вашаму, забойца?

- Той, каму былi патрэбны ягоныя грошы.

- Пастарайцеся, аднак, не зацягваць расследавання.

- Абавязкова, пан суддзя.

Але камiсар, здавалася, зусiм не спяшаўся закончыць справу, а больш займаўся дзвюма iншымi.

Панi Турэ, Монiка, Жарыс, якi цяпер па-ранейшаму працаваў поўны дзень у кнiгарнi, цяпер былi нiбыта забытыя. Можна было падумаць, што камiсар iх нiколi i не ведаў.

Справу Шрамэка аб абрабаваннi крамаў ён перадаў камiсару Антуану, i той дапытваў Акрабата амаль штодня.

Праўда, у Марселi працягвалi пошукi, i не толькi ў горадзе, але i ў наваколлi. Правяралi крымiнальнiкаў, асаблiва тых, хто наведваў апошнiм часам Парыж.

Тры чалавекi i ўдзень, i ўначы назiралi за домам на вулiцы Ангулем. Пастаянна праслухоўваўся тэлефон.

Аднак вынiкаў не было.

Праязджаючы неяк па вулiцы Клiн'янкур, Мэгрэ зноў зайшоў да панны Леон, узяўшы яе мацi торт. Але казаць закаханай у Турэ жанчыне, чым жа займаўся апошнiя гады нябожчык, не стаў.

Аднак калi панна Леон запыталася, цi ведае ўжо камiсар хоць тое, чаму забiлi Турэ, Мэгрэ адказаў:

- За грошы.

- У яго iх было так шмат? - здзiвiлася жанчына.

- Аж вельмi.

- Гаротны чалавек!.. Загiнуць тады, калi ўрэшце зажыў па-людску...

Да пана Сэмброна, старога бухгалтара, саслужыўца Турэ, Мэгрэ не заходзiў, але сустрэў яго неяк выпадкова каля кветкавага базара, i яны абмянялiся пачцiвымi паклонамi.

Насталi халады, скончылiся дажджы. Панi Жыбон, гаспадыня дома на вулiцы Ангулем, новых жыльцоў не знайшла, i пакой Турэ заставаўся пусты. Тры жанчыны, пастаянныя жыхаркi дома, заўважыўшы, што за домам сочаць, выходзiлi цяпер толькi ў рэстарацыю цi краму.

- Чым жа тады яны займаюцца? - спытаўся Мэгрэ ў Жанв'е.

- Спяць, гуляюць у карты, раскладваюць пасьянс, - адказаў Жанв'е. - Адна, як угледзiць мяне з акна, дык язык паказвае. А ўчора ўзяла, павярнулася да мяне заднiцай ды падняла халат!

Аднойчы ўранку камiсару патэлефанавалi з Марселя. Размова была доўгая. Пасля яе Мэгрэ адразу ж падняўся ў картатэку i прабыў там прыкладна гадзiну. Потым спусцiўся ў архiў - i там затрымаўся на добрую гадзiну.

Было прыблiзна адзiнаццаць, калi камiсар сеў у машыну.

- Ну вулiцу Ангулем.

За домам назiраў Лапуэнт.

- Усе там?

- Не, адна выйшла. Вiдаць, у краму.

Камiсар нацiснуў на званок у дзвярах. Зварухнулася фiранка. Неўзабаве гаспадыня адчынiла дзверы. Як заўсёды, яна была ў халаце i ў пантофлях.

- Што гэта? Сам шэф уласнай персонаю? Вашым малойчыкам яшчэ не надакучыла бадзяцца ў нас пад вокнамi?

- Арлета дома?

- Паклiкаць яе?

- Не, дзякую. Я лепш сам падымуся.

Гаспадыня засталася ў калiдоры - усхваляваная, глядзела ўслед камiсару.

Падняўшыся на другi паверх, Мэгрэ пастукаў у дзверы.

- Калi ласка!

Арлета, як i ўсе тут заўсёды, ляжала ў халаце на непрыбраным ложку i чытала нейкi танны раманчык.

- Гэта вы?

- Я. - Мэгрэ паклаў капялюш на куфар i прысеў на крэсла.

- Хiба гэтая гiсторыя яшчэ не скончылася? - здзiвiлася Арлета.

- Яна скончыцца, калi мы знойдзем забойцу.

- А вы ўсё яшчэ не знайшлi? Думала, вы хiтрэйшыя. Спадзяюся, нiчога страшнага, што я ў халаце?

- Нiчога.

- Вы да ўсяго павiнны былi прывыкнуць, - усмiхнулася дзяўчына. Не падымаючыся з ложка, яна пасунулася блiжэй да камiсара, i ў яе агалiлiся грудзi. Мэгрэ зрабiў выгляд, што нiчога не заўважае.

- Гэта ўсё, чым вы можаце адказаць? - стрэлiла Арлета.

- На што?

- На тое, што бачыце.

Мэгрэ змаўчаў.

- Хочаце? - Дзяўчына паднесла руку да крыса халата.

- Дзякую.

- Дзякую - хочаце?

- Дзякую - не.

- Што з вас возьмеш: пенсiянер...

- Табе не абрыдла замалёўвацца?

Яна закрыла халатам грудзi i прысела.

- Што вы ад мяне хочаце?

- Твае бацькi ўсё яшчэ думаюць, што ты працуеш у краме?

- Вас гэта хвалюе?

- Ведалi б яны, чым ты займаешся...

- Вы iм гэта хочаце распавесцi?

- Мажлiва.

Цяпер яна ўжо занепакоiлася.

- Вы што, ездзiлi ў Клермон-Феран? Бачылi бацькоў?

- Яшчэ не.

Раптам Арлета ўскочыла з ложка, кiнулася да дзвярэй i адчынiла iх. Там стаяла гаспадыня.

- Дык ты падслухоўваеш?

- Я хацела ўвайсцi.

- Пакiнь мяне ў спакоi! Не стой тут, чуеш?

Мэгрэ i не паварушыўся.

Дзяўчына вярнулася i села на ложак.

- Вы жывяце тут ужо год, - распачаў Мэгрэ. - Бавiце ў гэтым доме амаль увесь час i ведаеце пра ўсё, што тут адбываецца. Цi бываў тут адзiн чалавек, якi прыходзiў раней досыць часта, але пасля смерцi пана Луi нагою сюды не ступiў?

Зрэнкi ў дзяўчыны, здавалася, звузiлiся. Яна яшчэ раз падышла да дзвярэй, прыслухалася. Але за дзвярыма нiкога не было.

- Ва ўсякiм разе, ён прыходзiў не да мяне.

- А да каго?

- Самi ведаеце. Думаю, мне трэба апрануцца.

- Навошта?

- Пасля гэтай размовы мне лепш тут не затрымлiвацца.

Яна скiнула з сябе халат, гэтым разам ужо не думаючы спакушаць камiсара, надзела трусы, лiфчык i падышла да шафы.

- Мне трэба было ведаць, што скончыцца гэтым... А вы, напэўна, вялiкi спец?

- Гэта мой хлеб - знаходзiць злачынцаў.

- Дык вы яго знайшлi?

Яна надзела сукенку i цяпер хуткiмi рухамi фарбавала вусны.

- Не яшчэ.

- Вы ведаеце, хто ён?

- Вы мне скажаце гэта.

- Вы ўпэўнены?

Мэгрэ выняў з кiшэнi партманет i дастаў з яго фатаграфiю чалавека гадоў трыццацi, са шрамам на левай скронi.

Арлета зiрнула на фатаграфiю, аднак нiчога не сказала.

- Гэта ён?

- Вы ж ведаеце.

- Я памыляюся?

- Куды мне дзецца, пакуль вы яго арыштуеце?

- Наш iнспектар знойдзе вам надзейнае месца. Што вы ведаеце пра Марка?

- Каханак гаспадынi. Можа, тут не трэба гаварыць пра гэта?

- Дзе ён цяпер?

Не адказаўшы, яна згэмтала рэчы ў валiзу. Вiдаць было, што яна дужа спяшаецца выйсцi з гэтага дома.

- Мы прадоўжым гаворку на вулiцы, - сказала яна, сабраўшыся.

Камiсар узяў валiзу.

- А вы галантны кавалер!

Яны спусцiлiся ўнiз. Дзверы ў гасцёўню былi адчыненыя. Гаспадыня замерла на парозе.

- Ты куды? - з трывогаю запыталася яна ў Арлеты.

- Туды, куды павядзе камiсар.

- Вы яе арыштавалi?

Больш гаспадыня нi пра што не запыталася. Праводзiўшы Мэгрэ з Арлетаю позiркам, яна падышла да акна i адсунула штору.

Мэгрэ ўпiхнуў валiзу ў машыну i сказаў Лапуэнту:

- Я прышлю каго-небудзь на змену. Прыходзь адразу ў бар на плошчы Рэспублiкi.

- Добра, шэф.

Потым Мэгрэ аддаў загад шафёру i пайшоў з Арлетаю.

- Дзе цяпер Марка? - запытаўся камiсар у яе ўжо ў бары, заказаўшы два аперытывы.

- Не ведаю. Калi вы прыйшлi да нас упершыню, гаспадыня папрасiла мяне пазванiць яму i сказаць, каб ён болей не прыходзiў i не званiў ёй, пакуль яна сама не акажацца.

- Калi i адкуль вы яму званiлi?

- Праз паўгадзiны пасля таго, як вы пайшлi, з рэстарацыi на бульвары Вальтэра.

- Вы гаварылi з iм асабiста?

- Не. Я патэлефанавала Фелiксу, афiцыянту з бара "Покер Дас" на вулiцы Дуэ.

- Марка не аказваўся?

- Не. Яна страшэнна нервуецца. Яна старэйшая за яго гадоў на дваццаць i падазрае, што ён падгульвае.

- Грошы ў яго?

- Не ведаю. Але ён прыходзiў таго дня, калi забiлi пана Луi.

- А якой гадзiне?

- Каля пяцi. Яны зачынiлiся ў яе ў пакоi.

- А гаспадыня заходзiла ў пакой Турэ?

- Магчыма. Я не звярнула ўвагi. Ён прабыў у яе прыкладна гадзiну i пайшоў, я чула.

- Хто-небудзь з вас звязваўся з iм пасля па просьбе гаспадынi?

- Не. Яна чакала, што за намi будуць сачыць.

- I што тэлефон могуць праслухоўваць, таксама падазравала?

- Яна аб усiм здагадалася, калi вы пакiнулi люльку. Ёй палец у рот не кладзi. Я яе не надта люблю, але ўсё-такi мне яе шкада. Яна шалее праз яго. Гэта ўжо хвароба.

Калi прыйшоў Лапуэнт, яны ўжо спакойна гаманiлi аб нейкiх драбнiцах. Ён сеў, не падымаючы вачэй на дзяўчыну, - яна ж разглядвала яго, усмiхаючыся.

- Зараз ты адвядзеш гэтую прыгажуню ў якi-небудзь цiхi гатэль i здымеш два сумежныя пакоi. Шукай непадалёк. Калi ўладкуешся, патэлефануй. Глядзi, каб яна нi з кiм не сустракалася i не выходзiла з нумара.

Калi Лапуэнт з Арлетаю выйшлi з бара, камiсар усмiхнуўся: нельга было зразумець, хто каго вядзе, гэтак Лапуэнт заглядваўся на дзяўчыну.

Мiнулi два днi.

Афiцыянт Фелiкс з бара на вулiцы Дуэ раптам знiк. Знайшлi яго на кватэры ў сябра. Ён вытрымаў доўгi начны допыт, але ўранку прызнаўся, што ведае Марка, i сказаў, дзе яго шукаць.

Марка ўцёк з Парыжа i хаваўся ў начлежным рыбацкiм доме.

Ён двойчы стрэлiў, перш чым яго схапiлi, але нiкога не паранiў. Грошы Турэ ён хаваў у поясе, якi яму пашыла Марыета Жыбон.

Ужо ўвечары таго дня, напiсаўшы рапарт суддзю Камельё, Мэгрэ згадаў дома пра Арлету з Лапуэнтам i ляпнуў сябе па лобе.

- От чорт, забыўся!

- Што-небудзь важнае? - запыталася панi Мэгрэ.

- А, думаю, што не. Ужо позна, i лепей паправiць гэтую справу ўранку, усмiхнуўся ён.