Быков Василь

Кошка i мышка (на белорусском языке)

Васiль Быкаў

Кошка i мышка

Мышка ў той день увогуле была сытая, але яна была маладая, цiкаўная i доўга не магла сядзець на адным месцы. Тым болей у яе цёмнай норцы, дзе нiчога не было вiдаць, нiчога не чуваць. А поруч, на падворку - яна ўжо ведала - была процьма цiкавага, асаблiва пад лапухамi, дзе бегалi порсткiя кузуркi, сядзелi, варушачы вусамi, чорныя жукi, а на травяных галiнках круцiлi рожкамi дзiвосныя сьлiмакi ў цьвярдых, скурчаных ракавiнах. Увогуле мышка была далiкатная, добразычлiвая да малых насельнiкаў падворку. Яе таксама нiхто асаблiва ня крыўдзiў, i яна думала, што дужа баяцца там не было чаго. Яна iмкнулася быць аптымiсткай.

Праўда, яна ўжо чула, што недзе там час ад часу паяўляецца страшны мышыны вораг - кот. Але мышцы яшчэ не даводзiлася спатыкаць яго, i яна думала, што i не давядзецца. Навошта кату цiкаваць малую палахлiвую мышку - мабыць, яму лепей мець справу зь вялiкiмi пацукамi. З мышкi якi наедак?

Той раз яна магла б i не вылазiць з норкi, але ўзяла ды вылезла.

На падворку пад лапухамi было цёпла, аж горача, i цiха, - мабыць, жывёлу яшчэ не прыгналi з поля. Побач шорхалася ў пяску квактуха - старая, рабая курыца, якая квохнула разы два, заўважыўшы мышку. Мышка шмыргнула ля яе далей да прызбы i раптам толькi роспачна пiскнула. Аднекуль зьверху на яе пляцнулiся дзьве кiпцюрыстыя лапы - бегчы ўжо не было як. Канечне, то была кошка маладая, юрлiвая, зь белымi прыгожым лапкамi. Мышка сьпярша спалохалася, але тыя лапкi абыходзiлiся зь ёй далiкатна, i тое супакойвала. I мышка падумала, што ўвогуле ёй пашэнцiла - было б куды горш апынуцца ў страшных кiпцюрох ката. А там, можа, i нiчога яшчэ ня здарыцца, - мышка хацела быць аптымiсткай.

I праўда, не ўчынiўшы ёй вялiкага болю, кошка падхапiла мышку зубамi i вынесла на чысты, падмецены падворак. Мышка напружана думала, i ўсё так выходзiла, што кошка палуднаваць ёй не зьбiраецца. Iнакш бы яна пад'ела ў зацiшку, ля лапухоў. На падворку нiкога не было, кошка паклала мышку ў доле. Мабыць, можна было б паспрабаваць уцячы, але мышка не хацела выказваць непаслушэнства i тым злаваць кошку. Яна ўсё спадзявалася на лепшае. Тады кошка далiкатна штурхнула яе лапкай пад бок, нiбы патураючы бегчы. I праўда - мышка пабегла.

Зусiм ужо блiзка было да норкi, як кошка ўсё ж дагнала яе i дужа ўпiлася кiпцюрамi ў хрыбцiну. Мышцы стала дужа балюча, i яна аж перастала дыхаць. Але неўзабаве i супакоiлася, бо кошка ўсё не сьпяшалася яе хрумстаць. Пэўна, то была добрая кошачка, яна толькi хацела пагуляць з мышкай. Тады мышка зьнерухомела i, бы нежывая, перавярнулася лапкамi ўгору. Тое, вiдаць па ўсiм, спадабалася кошцы, якая абедзьвюма лапкамi пачала кiдаць з боку на бок маленькую сымулянтку, бы запрашаючы яе да гульнi. Гуляць мышка ўвогуле любiла, i, хоць цяпер i баялася трохi, але ўсё не магла паверыць у кепскае. Ужо надта лагодна, бяз злосьцi ставiлася да яе ладная кошачка, няўжо гэткая можа зьесьцi рахманую мышку?

Мусiць, мышка магла б яшчэ ўцячы, асаблiва калi ў гэтай гульнi апыналася блiз лапухоў, ды ў яе ўсё не ставала рашучасьцi. Зноў жа, яна была аптымiстка, дагэтуль жа нiчога кепскага зь ёй не здарылася. Але во кошка цi, можа, таму што нагулялася, цi зь якой iншай прычыны, дужа цяўкнула мышку ля шыi - ад болю ў той аж памутнела ўваччу. Кошка тым часам паклала мышку ля ног, азiрнулася па бакох, - падобна, яна адпачывала. Цi можа, разважала, каб пусьцiць мышку? Павiнна была б пусьцiць, бо мышцы было блага, наўрад цi яна цяпер магла б уцячы. Але яна спадзявалася.

Яна верыла ў дабрыню, тым болей ад такой ладнай маладой кошкi, якой яна не зрабiла нiчога кепскага. Нават не раззлавалася на яе. Мышка разумела, што ўвогуле кошкi - ворагi мышак, але ж, мусiць, i кошкi бываюць розныя: злыя i добрыя. Таксама, як i мышы. Яна во, напрыклад, зусiм добрая мышка, нiкому нiякага зла не ўчынiла. Не пакрыўдзiла нiводнае кошкi. Навошта ж кошцы забiваць яе? Каб папалуднаваць? Але ж тое можна зрабiць зь якой iншай мышкай, не абавязкова зь ёю.

Кошка ўсё азiралася па бакох, нiбы чакаючы чаго, а мышка нерухома ляжала ў доле i разважала. Разважала пра справядлiвасьць. Усё ж несправядлiва ўладкаваны сьвет, калi адныя iстоты дужыя i нахабныя, а iншыя слабыя i палахлiвыя. Слабым i палахлiвым жывецца кепска, i мусiць, таму яны дбаюць пра справядлiвасьць, дабрыню i спагаду. Ды дужыя не зважаюць на тое. А i праўда, нашто дужым спагада? Дужым патрэбна яшчэ болей сiлы, бо сiлу сiла дае. А што во рабiць беднай мышцы, у якой цi не зусiм перакушаны карак?

Але ж кошка зусiм ня страшная, нават прыгожая - i пыска, i вусiкi, хаця навошта яна аблiзваецца? Што тое значыць?

I раптам кошка страпянулася, зыркнула касымi вочкамi ў бок недалёкага ганку. Мышка сьцялася ўсiм сваiм маленькiм цельцам - на ганку, пагрозьлiва выгнуўшы хвост, стаяў страшны мардаты кот; мабыць, ён ужо згледзеў наводдаль кошку зь небаракай-мышкай. Кошка, пэўна ж, спалохаўшыся, дужа хапнула зубамi мышку i кiнулася пад лапухi.

Там яна разам прыкончыла бедную мышку, апошняй думкай якой было: добра, што яны ўратавалiся ад ката.

Мышка да канца заставалася аптымiсткай.