Черный Кузьма

На папялiшчы (на белорусском языке)

Кузьма Чорны

На папялiшчы

Зоры пабялелi, i на ўсходзе неба запалавела. Ясна вызначылiся панурыя абрысы чорных асмалкаў. Старана неба, супрацьлеглая ўсходу, успыхвала як бы белым туманам, i зямля ўздрыгвалася. Але гук сюды не даходзiў. Стаяла вялiкая цiшыня, i павявала духам адзiноты.

Адзiнокая чалавечая постаць стаяла на дарозе, паабапал якой чарнелiся печышчы, тырчалi асмалкi, i адусюль тхнула гарэласцю. Развiднялася паволi. Добра вiдзён стаў абгарэлы конскi труп у абвугленым бярвеннi. Адзiнокi чалавек паволi азiраўся. Ён быў высокi i трымаў у руках аўтаматычную вiнтоўку. На галаве шапка з аўчыны, i торба цераз плячо. Льга было заўважыць, што ён вачыма шукае чагосьцi навокал сябе.

Вялiкае пажарышча ўжо астыла. Бадай што да самага далягляду чарнелiся абсмаленыя сады i вялiкiя дрэвы, i ўсюды ляжалi сцены чорным асмаллем. I толькi наводдалек вiдны былi дзве хаты з вокнамi i стрэхамi, i з камiноў у iх iшоў дым. А тут, блiжэй, захавалася ад агню дробная будынiна з адным акенцам.

- Гэтая варывенька праз нейкi цуд тут асталася, - разважлiва мармытнуў сам сабе чалавек, i на твары яго, як i раней, не зварухнулася пячаць застылага холаду. У яго вiселi доўгiя вусы, i твар быў абветраны. Было яму з выгляду год пад пяцьдзесят. Ён не ведаў, куды iсцi; у кожным разе, у такой няпэўнасцi была ўся яго пастава. Раптам ён як бы ажывiўся. Нейкая постаць паднялася аднекуль з асмалкаў i рушыла проста да яго. Гэта была жанчына. Падтрымлiваючы пад барадою незавязаныя рагi хусткi, яна шпарка падышла да незнаёмага ёй чалавека. На твары яе была напiсана вялiкая скруха. З выразнымi нотамi надзеi ў голасе яна запытала:

- А я гляджу, хто гэта стаiць тут. Цi далёка куды?

- Я сюды прыйшоў, - адказаў ён, гледзячы на яе iмклiвую паставу.

Здавалася, што яна прагне або пачуць штосьцi, або расказаць аб нечым.

- Але вы доўга стаiце на адным месцы. Я ўсё глядзела на вас.

- Бо я тут нiчога не ўбачыў таго, да чаго iшоў, можа, пяцьсот кiламетраў.

Твар яго раптам пацямнеў i перасмыкнуўся ўсiмi сваiмi рысамi.

- А ты не тутэйшая, што я цябе не ведаю?

- На гэтым месцы я жыву больш года. Унь у той варывеньцы.

- А дзе ж твой дом?

- Ужо даўно няма дома. I дзяцей няма, i мужа няма. I нiкога ўжо няма. Усё з'еў немец. Дзецi памерлi ад такога жыцця. Мужа забiлi немцы. Я асталася адна i прыблыталася была сюды.

- А хто яшчэ жыве ў той варывеньцы?

- Нейкi хлопец яшчэ жыве. Косцiк.

- Косцiк? - устрапянуўся чалавек. - А колькi яму год?

- Год дванаццаць.

- Чарнявы?

- Чарнявы.

- Шрам на пераноссi?

- Але.

Чалавек змянiўся ў твары.

- Дома ён цяпер?

- Не. Пайшоў яшчэ ўчора на работу. Хлеб зарабляе.

Чалавек змоўк i сцяў губы. Было падобна, што ён не хоча больш нi пытаць, нi слухаць.

- Нiчога. Ён здаровы i дужы, - сказала здагадлiвая жанчына.

Твар у чалавека ажыў, i вельмi шпарка чалавек выказаў цэлы струмень слоў. Гэта быў парыў раптоўнага ўздыму яго душы.

- Дык ты ведаеш яго, гэтага Косцiка? Ты, можа, кожны дзень яго бачыш? О, як ён радзiўся, якая была мне радасць! Тут я сабе i дом паставiў новы. Дваццаць пяць год таму тут было голае поле. Тут за гэтыя годы цэлае мястэчка выбудавалася. Якiя дамы стаялi ў людзей! Мы садоў колькi панасаджвалi!.. Унь мой дом быў, дзе тое шула асмаленае тырчыць.

- Адкуль жа вы iдзяце? - абазвалася жанчына.

- У Германiю везлi, а я ўцёк. Тры разы я ўцякаў. Лавiлi. Страляць хацелi. Мне шанцавала. У атрад да партызан прыбiўся. I вось прыйшоў следам за фронтам.

- А цi далёка ўжо немцы?

- Мусiць, далёка. I наша войска ўжо ўсё наперадзе.

- Косцiк зараз павiнен iсцi, - сказала жанчына. Паволi яна пайшла ў сваю варыўню.

Чалавек зноў адзiн стаяў на дарозе. I зноў яго твар стаў шэры i халодны. Як бы ён сам стараўся сцiшыць свае парывы i iмкненнi. Жанчыны ўжо не было. I Косцiк нiдзе не iшоў. Чалавечая постаць узвышалася адна сярод чорных асмалкаў. Гэта было чорнае пекла. Пустэча. I зноў постаць з'явiлася на дарозе. Гэта было падобна да мужчыны. Нагавiцы. Боты. Ватоўка. Брудныя вусы пад носам. I на галаве хустка. З носа цякло. Вачыма ён глядзеў, як жывёлiна ў разнiцы на нож. Падняўшы рукi ўгору, ён шпарка iшоў проста на чалавека. Голас хрыпаты, захалоджаны:

- Капут. Смерць. Я не ваюю. Я кiнуў зброю. Я астаўся. Я шукаю добрага сэрца. Я да сваiх дзяцей хачу. Я астаўся на полi бою. Злiтуйся, чалавек.

Гэты немец гаварыў ламанай расейскай мовай. Дрэнна гаварыў, i не ўсё дайшло да вушэй чалавека. Але выгляд яго! Гэта была просьба i гора. Бяда. Пошукi ратунку.

Зноў чалавечы твар ажыў i паяснеў. Чалавек не вытрымаў. Яго ж самога душыла гэтая абсмаленая пустэча! "Чаму ж так доўга Косцiк не iдзе?" Душа яго рвалася. Ён гатоў быў абняць гэтага абарванага i змерзлага немца.

- Хадзем у тую варыўню, там будзем разам грэцца i есцi што-небудзь.

Поплеч яны зрабiлi некалькi крокаў. Жанчына стаяла ля дзвярэй у варыўню i сказала да чалавека:

- Дык цi не немец гэта з табою iдзе? Ён ужо ўчора звечара прыходзiў. I раптам загаласiла: - А дзеткi ж мае! Ужо i мне жыць няма як! Нашто мне жыць, калi вас няма! Немец, што ты нарабiў! Нашто ты спалiў маiх дзяцей!

Валасы яе лезлi з-пад хусткi. Твар у яе дрыжаў, вочы сталi вялiкiя i страшныя. Яна падняла абкуродымленую цаглiну i кiнула немцу ў грудзi.

- Гэта Гiтлер, - сказаў немец. - Я не...

- I сам ты Гiтлер, - крыкнула жанчына i кiнула ў немца другую цаглiну.

Чалавек уздрыгануўся. Вусы яго зварухнулiся i твар акамянеў. Здавалася, што душа яго заныла навек.

- Косцiк! - крыкнула раптам жанчына.

Хлапчук з вострымi прыўзнятымi плячыма iшоў сюды, да людзей.

Твар у чалавека перасмыкнуўся. Хлапчук стаў сярод чорных асмалкаў i як анямеў, спынiўшы позiрк на чалавеку з аўтаматычнай вiнтоўкай. Немец раптам падняў рукi ўгору i штосьцi замармытаў. Хлапчук не зводзiў воч з чалавека. Жанчына зноў загаласiла:

- А гэта ж, мусiць, твой бацька! А ты ж яго ўспамiнаў часта!

Твар у чалавека заварушыўся. Шпарка зрабiў ён некалькi крокаў ад немца, падняў вiнтоўку i стрэлiў. Немец упаў i не паварушыўся. Чалавек абхапiў хлапчука рукой за плечы i шпарка выйшаў з iм на дарогу.

1944